МЮО́НІЙ, мезоній,

вадародападобная сістэма, якая складаецца з дадатнага мюона (μ​+) і электрона. Хім. сімвал Mu. Мае хім. ўласцівасці, аналагічныя ўласцівасцям атама вадароду.

Утвараецца ў ортастане са спінам 1 (спіны μ​+ і электрона паралельныя) ці ў парастане са спінам 0 (спіны антыпаралельныя), рознасць энергій паміж якімі роўная 3∙10​−6 эВ; паміж імі магчымы пераходы з выпрамяненнем частаты 4463,16 МГц. Актыўна ўступае ў хім. рэакцыі, характэрныя для атама вадароду. Скорасць рэакцыі вызначаецца па частаце прэцэсіі спіна ў магн. полі (гл. Мезонная хімія).

т. 11, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАНО́МЕТР (ад піра... + грэч. anō наверсе + метр),

прылада для вымярэння сумарнай і рассеянай сонечнай радыяцыі. Пабудаваны на тэрмаэлектрычным прынцыпе. Прыёмнай паверхняй П. з’яўляецца тэрмабатарэя. Рознасць тэмператур спаяў тэрмабатарэі, якая прыводзіць да ўзнікнення электрарухаючай сілы, ствараецца розным па радыяцыйных уласцівасцях пакрыццём цотных і няцотных спаяў тэрмабатарэі. Сіла току, якая ў ёй узнікае, прапарцыянальная інтэнсіўнасці радыяцыі і вымяраецца гальванометрам. Тэрмабатарэя ахавана ад дзеяння даўгахвалевай радыяцыі, ветру і ападкаў шкляным каўпаком. Для вымярэння рассеянай радыяцыі выкарыстоўваецца экран, які зацяняе П. ад уздзеяння прамой радыяцыі.

т. 12, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЛІК,

лік, які можа быць выражаны як дзель двух цэлых лікаў. Кожны Р.л. выражаецца канечным дзесятковым дробам ці бясконцым перыядычным дробам.

Для Р.л. натуральным чынам вызначаны аперацыі складання, адымання, множання і дзялення (акрамя дзялення на 0), г.зн., што мноства Р.л. утварае алг. поле (гл. Поле ў матэматыцы). Поле Р.л. — найменшае поле, якое ўтрымлівае ўсе цэлыя лікі. Кожны ірацыянальны лік можа быць размешчаны паміж двума Р.Л. (значэнні па недахопу і па лішку), рознасць паміж якімі можа быць як пажадана малой. Гл. таксама Дроб у арыфметыцы.

т. 13, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПРАПЕЛІ́Т (ад грэч. sapros гнілы + pēlos глей, гразь),

выкапнёвы вугаль пераважна з прадуктаў ператварэння рэшткаў ніжэйшых раслін і жывёльных арганізмаў. Паводле саставу, ступені раскладання і ператварэння зыходнага матэрыялу вылучаюць уласна С. і гуміта-С. (пераходная рознасць паміж уласна С. і сапрагумалітамі). Паводле саставу адрозніваюць С.: кенель-богхеды, касьяніт-богхеды і чарамхіты. Колер цёмна-карычневы, шаравата-чорны. Аднародныя, масіўныя, цвёрдыя, вязкія. Выхад лятучых кампанентаў 55—70%. Складаюць праслоі (лінзы) у пластах гумалітаў, якія зведалі буравугальную або пач. этапы кам.-вуг. стадыі метамарфізму. Каштоўная хім. сыравіна. Трапляецца на многіх буравугальных радовішчах.

т. 14, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́БНАСЦЬ СРО́ДКАЎ ВЫМЯРЭ́ННЯЎ,

несупадзенне значэння фіз. велічыні, знойдзенага з дапамогай сродку вымярэнняў, з сапраўдным яе значэннем.

Бываюць Х.с.в. абсалютныя (рознасць паміж паказаннямі сродкаў вымярэнняў і сапраўдным значэннем велічыні) і адносныя (адносіны абсалютных хібнасцей да адпаведных сапраўдных значэнняў). Для кожнага тыпу сродкаў вымярэнняў устаноўлены межы дапушчальных хібнасцей. Ёсць сістэматычныя Х.с.в., якія не мяняюцца або мяняюцца заканамерна (напр., з-за няправільна нанесеных метак на шкале прылады) і выпадковыя (напр., што ўзнікаюць ад трэння рухомых частак прылады). Хібнасць мер — вынік несупадзення намінальнага значэння меры з сапраўдным значэннем узнаўляльнай ёю фіз. велічыні.

т. 17, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

біно́м

(ад бі- + гр. nome = частка)

сума або рознасць двух алгебраічных выразаў, двухчлен;

б. Ньютана — формула, якая ўяўляе сабой ступень некаторага двухчлена ў выглядзе сумы (параўн. маном, паліном).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПЛАСТЫ́ЧНАСЦЬ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,

уласцівасць пароды неабарачальна дэфармавацца без мікраскапічных парушэнняў суцэльнасці пад уздзеяннем мех. нагрузкі; яна павялічваецца з ростам т-ры і ціску. Найб. пластычныя горныя пароды — гліны, графіт, каменная соль і інш. Пад ціскам 0,98—1,96 МПа граніт і дыябаз робяцца пластычнымі. Пластычнасць гліністых парод залежыць ад вільготнасці пароды, дысперснасці, мінер. саставу і інш., характарызуецца межамі пластычнасці (верхняй — мяжа цякучасці і ніжняй — мяжа раскочвання) і лікам пластычнасці (рознасць вільготнасці верхняй і ніжняй мяжы). У інж.-геал. практыцы грунты паводле ліку пластычнасці падзяляюць на групы: гліны (>17), суглінкі (17—7), супескі (7—0), пяскі (0).

т. 12, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРАЎНЕ́ННЕ ЧА́СУ,

рознасць паміж сярэднім і сапраўдным сонечным часам. Роўная рознасці прамых узыходжанняў сапраўднага і т.зв. сярэдняга Сонца.

У.ч. абумоўлена тым, што сапраўдны сонечны час нераўнамерны з прычыны нераўнамернасці руху Зямлі па арбіце і нахілу экліптыкі да экватара. На працягу года мяняецца ад +14 мін 22 с да -16 мін 24 с. Пры дапамозе У.ч. вызначаюць сярэдні мясцовы час. Значэнні У.ч. на кожны дзень даюцца ў астр. штогодніках і календарах.

Графік ураўнення часу: 1, 2 — складальныя ўраўнення часу. вызначальныя нераўнамернасцю руху Зямлі па арбіце і нахілам экліптыкі да экватара. адпаведна; 3 — ураўненне часу.

т. 16, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІСК,

фізічная велічыня, што характарызуе напружаны стан суцэльнага асяроддзя або інтэнсіўнасць нармальных (перпендыкулярных да паверхні сіл), з якімі адно цела дзейнічае на паверхню другога; адзін з асн. параметраў стану вадкасці і газу.

Пры раўнамерным размеркаванні нармальнай сілы F на паверхні Ц. p на любую частку паверхні роўны p = F/S, дзе S — плошча гэтай часткі; пры нераўнамерным размеркаванні велічыня F/S вызначае сярэдні Ц. на дадзеную плошчу. Рознасць Ц. вымяраюць манометрамі, абс. (у прыватнасці атм.) — барометрамі, хуткапераменлівы — разнастайнымі эл. датчыкамі. Адзінка Ц. ў СІ — паскаль, пазасістэмныя адзінкі — міліметр вадзянога слупа і міліметр ртутнага слупа.

т. 17, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ПУСКІ,

рознасць (дапушчальныя адхіленні) паміж найбольшымі і найменшымі гранічнымі значэннямі (памерамі) якога-небудзь параметра (геам., мех., фізіка-хім. і інш.).

У машынабудаванні прыпята сістэма Д. і пасадак, якая забяспечвае ўзаемазамяняльнасць дэталей і вузлоў, дазваляе ажыццяўляць злучэнні з рухомымі. нерухомымі і пераходнымі пасадкамі. Д. ўстанаўліваюцца на намінальныя памеры вала і адтуліны, а таксама дэталей іншых формаў (напр., абмежаваных 2 паралельнымі плоскасцямі). У сістэме адтуліны ніжняе гранічнае адхіленне памеру адтуліны роўна 0, а розныя пасадкі атрымліваюць зменай Д. вала; у сістэме вала верхняе гранічнае адхіленне памеру вала роўна 0, а розныя пасадкі атрымліваюць зменай Д. адтуліны. Д. рэгламентуюцца класамі дакладнасці. У будаўніцтве сістэма Д. вызначаецца будаўнічымі нормамі і правіламі.

т. 6, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)