ракета, траекторыя палёту якой складаецца з актыўнага і пасіўнага адрэзкаў шляху. На актыўным участку ракета рухаецца з дапамогай рухавіка і накіроўваецца спец. сістэмай кіравання, на пасіўным — па балістычнай крывой, як свабодна кінутае цела.
Да балістычных ракет адносяцца баявыя ракеты (у т. л. міжкантынентальныя), касмічныя (у т. л. ракеты-носьбіты), доследныя ракеты і інш. Бываюць адна- і шматступеньчатыя, кіроўныя і некіроўныя. Баявыя ракеты паводле прызначэння падзяляюцца на тактычныя, аператыўна-тактычныя і стратэгічныя. Аснашчаюцца ядз. або няядз. боегалоўкамі і рознымі сродкамі пераадолення проціракетнай абароны. Першыя баявыя балістычныя ракеты Фау-2 выкарыстаны Германіяй у 1944 у 2-ю сусв. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМУЛЯТЫЎНЫ ЭФЕ́КТ, кумуляцыя (ад лац. cumulatio збіранне),
канцэнтрацыя дзеяння выбуху ў адным пэўным напрамку. Дасягаецца стварэннем у зарадах выбуховых рэчываў канічнай, сферычнай або інш. кумулятыўнай выемкі, накіраванай у бок аб’екта паражэння.
К.э. значна павялічваецца пры пакрыцці (абліцоўцы) выемкі метал. абалонкай. Пры ініцыіраванні выбуху паток прадуктаў дэтанацыі ўтварае высокаскарасны (да 10—15 км/с) кумулятыўны струмень, у якім ціск, шчыльнасць рэчыва і энергія значна вышэйшыя, чым у звычайных зарадаў. Гэта забяспечвае накіраванасць выбуху і высокую прабіўную сілу кумулятыўнага струменя. Выкарыстоўваецца ў выбуховай справе (у дэтанатарах, прасаваных аманітах, адкрытых зарадах) і ваен. справе — у кумулятыўных боепрыпасах (артыл. снарадах, мінах, авіяц. бомбах, баявых частках ракет і інш.), прызначаных пераважна для паражэння браніраваных цэлей і абарончых збудаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЎЛЕНД (Cleveland),
горад на ПнУ ЗША, у штаце Агайо, порт на паўд. беразе воз. Эры. Засн. ў 1796. 492,9 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 2,8 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны гандлёва-фін. і культ. цэнтр краіны. Адзін з буйнейшых у ЗША цэнтраў чорнай і каляровай металургіі, металаапрацоўкі, машынабудавання. Найб. развіта аўтамаб. і ваен.прам-сць. Вытв-сць штампаваных дэталей, буд. канструкцый, станкоў і інструментаў, кампанентаў для ракет і самалётаў, прамысл. і быт. электрапрылад, дарожна-буд. машын, абсталявання для горнай, харч., паліграф. прам-сці, кантрольна-вымяральных прылад, рознага прамысл. абсталявання. Прадпрыемствы хім., паліграф., харч. прам-сці. Метрапалітэн. 8 ун-таў і каледжаў. Музеі. Тэатры, у т. л. адзін з старэйшых у краіне. У К. працуе некалькі арг-цый бел. эміграцыі.
Літ.:
Кушнер В., Сяргеева Г. Беларусы ў Кліўлендзе // Бел.гіст.часоп. 1993. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОЕПРЫПА́СЫ,
састаўная частка ўзбраення, прызначаная для паражэння жывой сілы і тэхнікі, разбурэння збудаванняў (умацаванняў) і выканання спец. задач (асвятлення, задымлення і інш.). Да боепрыпасаў адносяць артыл. выстралы, рэактыўныя снарады, боегалоўкіракет і тарпедаў, патроны да стралк. зброі, гранаты, авіяц.бомбы, інж. і марскія міны, фугасы, дымавыя шашкі і інш. Боепрыпасы дасылаюцца да цэляў з дапамогай агнястрэльнай зброі (кулі, снарады, міны і інш.), рухавікоў (рэактыўныя снарады, тарпеды), скідваннем з вышыні (авіяц. бомбы) або кіданнем уручную (ручныя гранаты). Некаторыя боепрыпасы ўстанаўліваюцца на мясцовасці або ў вадзе (міны, фугасы). Паводле прызначэння адрозніваюць боепрыпасы асн. (для паражэння цэляў), спец. (для асвятлення, задымлення, распаўсюджвання агітацыйнай л-ры і інш.), дапаможныя (вучэбныя, халастыя, для спец. выпрабаванняў); паводле характару забеспячэння — са звычайным выбуховым рэчывам, ядзерныя боепрыпасы, аб’ёмнага выбуху, хім. (асколачна-хім.) і інш. Частка боепрыпасаў расходуецца на баявую падрыхтоўку войскаў. Захоўваюцца боепрыпасы ў спец. абсталяваных сховішчах і складах, якія строга ахоўваюцца, большасць з іх з’яўляюцца часткай баз ваенных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА,
метад атрымання інфармацыі аб Зямлі, інш. планетах Сонечнай сістэмы, нябесных целах, туманнасцях і розных касм. з’явах пры дапамозе здымачных сістэм. Заснавана на вымярэнні і рэгістрацыі ўласнага ці адбітага эл.-магн. выпрамянення Зямлі (гл.Аэракасмічныя метады). Здымачныя сістэмы звычайна размешчаны на ШСЗ, касм. станцыях і караблях. Першыя здымкі з космасу атрыманы ў 1946 з ракет, у 1960 з ШСЗ, у 1961 з касм. карабля (Г.С.Цітовым). Здымкі зямной паверхні, атрыманыя шляхам К.з., маюць вял. аглядальнасць (маштаб іх 1:1 000 000—1:10 000 000), даюць магчымасць вывучаць асн. структурныя, рэгіянальныя, занальныя і глабальныя асаблівасці атмасферы, літасферы, гідрасферы, біясферы і ландшафты планеты. К.з. праводзіцца з геасінхронных (выш. 150—950 км) або з геастацыянарных (36 тыс.км) арбіт. Выкарыстоўваюць розныя віды К.з.: фатаграфічную, фотатэлевізійную, інфрачырвоную, радыёлакацыйную, лазерную, спектраметрычную, геафізічную і інш. Шырока выкарыстоўваецца шматзанальная здымка. Вывучэнне Зямлі з дапамогай К.з. спрыяла развіццю касмічнага землязнаўства.
Ф.Е.Шалькевіч.
Да арт.Касмічная здымка. Фрагмент касмічнага здымка паўвострава Камчатка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́БЕРТ ((Oberth) Герман) (25.6.1894, г. Сібіў, Румынія — 28.12.1989),
нямецкі вучоны, адзін са стваральнікаў ракетнай тэхнікі і касманаўтыкі. Вучыўся ва ун-тах Мюнхена (1913—14, 1919—20), Гётынгена (1920—21) і інш. У 1925—38 праф. фізікі і матэматыкі ў Румыніі. Праводзіў эксперым. работы па ракетнай тэхніцы ў Вене (1938—40) і Дрэздэне (1940—41). У 1941—43 у ням.ваен. даследчым цэнтры ў Пенемюндзе. У 1955—58 у ЗША. З 1958 у ФРГ. Распрацаваў шэраг пытанняў тэорыі палёту ракет і выкарыстання іх для даследавання атмасферы. Аўтар фундаментальнай працы па праблемах касманаўтыкі «Ракета ў міжпланетную прастору» (1923, Берлін—Мюнхен). Адзін з заснавальнікаў Ням.т-ва ракетнай тэхнікі і касм. палёту (з 1963 імя О.). У 1951 т-ва заснавала медаль О., які прысуджаецца за фундаментальныя даследаванні і выдатныя заслугі ў галіне ракетнай тэхнікі і касманаўтыкі.
Тв.:
Рус.пер. — Мои работы по астронавтике // Из истории астронавтики и ракетной техники. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗААТМАСФЕ́РНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраноміі, які даследуе касм. аб’екты пры дапамозе апаратуры, выведзенай за межы зямной атмасферы.
Празрыстасць атмасферы Зямлі абмежавана 2 вузкімі спектральнымі ўчасткамі ў дыяпазонах бачнага святла і радыёхваль. Выпрамяненне інш. частот ад касм. аб’ектаў паглынаецца атмасферай. Значныя перашкоды для наземных назіранняў абумоўлены таксама воблакамі, рухам паветр. мас, запыленасцю, пераламленнем святла на тэрмічных неаднароднасцях і інш. Уплыў атмасферы на назіранні зводзіцца да нуля на вышыні 34 км. П.а. дала магчымасць праводзіць даследаванні ва ўсім дыяпазоне эл.-магн. хваль, у т. л. ў рэнтгенаўскім і гама-дыяпазонах. Атрыманы ультрафіялетавыя спектры многіх зорак, высакаякасныя дэталёвыя фатаграфіі Сонца; у інфрачырв. частцы спектра некаторых халодных зорак выяўлены палосы вады. Даследаванні праводзяцца з дапамогай стратастатаў, ракет, ШСЗ, касм. станцый, а таксама ў абсерваторыях, размешчаных на ШСЗ (напр., з 1990 на арбіце працуе касм. тэлескоп Хабла — рэфлектар з дыяметрам люстэрка 2,4 м; вышыня 600 км над Зямлёй; ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
штука́р, ‑а, м.
1. Артыст, які паказвае фокусы. А Зай — наш малайчына, Артыст, штукар і хлус, З лясной кінакарціны Пакручвае ўжо вус.Вітка.
2. Той, хто вырабляе розныя складаныя мудрагелістыя рэчы; майстар, вынаходца. Да .. святла ракет далучыўся пажар эшалона.. — Ну, штукары, так сказаць, ну, малайцы! Няўжо ж гэта тое, што я майстраваў? — тупаў дзядзька Кандрат.Брыль.Выйшаў пан, залюбаваўся новым палацам. — Ну, — кажа да Янкі, — бачу, штукар ты не горшы за мяне.Якімовіч.
3. Той, хто схільны да выдумак, хітрыкаў, махлярства; выдумшчык, жартаўнік. У крайняй ад шляху [хаце] жыў стары Пракоп, па прозвішчу Смык, славуты на ўсю ваколіцу каваль. Выдумшчык і штукар, любімец васілішкаўскай моладзі.Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДЫНАМІ́ЧНАЕ ПРАГРАМАВА́ННЕ,
раздзел матэматыкі, прысвечаны тэорыі і метадам рашэння мнагакрокавых задач аптымальнага кіравання. Грунтуецца на прынцыпе аптымальнасці, прапанаваным у 1950-я г.амер. матэматыкам Р.Белманам. У матэм. тэорыі кіроўных працэсаў строгае абгрунтаванне атрымана Л.С.Пантрагіным і інш. Выкарыстоўваецца ў аперацый даследаванні, у задачах аптымальнага планавання (напр., аб аптымальнасці размеркавання рэсурсаў, замены абсталявання), пры рашэнні многіх тэхн. праблем (у задачах кіравання паслядоўнымі хім. працэсамі, аптымальнага праектавання пракладкі дарог, аптымальных памераў ступеней ракет).
У Д.п. для кіроўных працэсаў сярод магчымых кіраванняў выбіраецца тое, якое вядзе да экстрэмальнага значэння мэтавай функцыі. Мнагакрокавасць вынікае з рэальнага працякання працэсаў або ўводзіцца штучна для расчлянення зыходнага працэсу прыняцця рашэння (у т. л. неперарыўнага) на асобныя этапы (крокі), якія выконваюцца ў розныя моманты часу. Гал. асаблівасць Д.п. — магчымасць рашаць усе аднатыпныя задачы пры любых пачатковых умовах (напр., вызначэнне аптымальнага рэжыму палёту самалёта ў зменлівых умовах надвор’я). На Беларусі праблемы Д.п. распрацоўваюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел.дзярж.эканам. ун-це.
Літ.:
Беллман Р. Динамическое программирование: Пер. с англ.М., 1960;
Хедли Дж. Нелинейное и динамическое программирование: Пер. с англ.М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́ННЫЯ БОЕПРЫПА́СЫ,
разнавіднасць ядз. боепрыпасаў з павышаным выхадам нейтроннага выпрамянення; зброя масавага знішчэння. Асн. частка энергіі Н.б. вылучаецца за кошт рэакцыі сінтэзу ядзер дэйтэрыю і трытыю; колькасць энергіі, што атрымліваецца ў выніку дзялення цяжкіх ядраў у дэтанатары, дастатковая для пачатку рэакцыі сінтэзу. Кампаненты (дэйтэрый і трытый) уваходзяць у састаў зарада ў выглядзе цвёрдага рэчыва (гідрыду металу) або знаходзяцца ў сціснутым газападобным стане. Пры выбуху Н.б. на ўтварэнне пранікальнай радыяцыі траціцца да 70% энергіі за кошт змяншэння затрат на інш. паражальныя фактары (ударная хваля, светлавое выпрамяненне і інш.). На аднолькавай адлегласці ад эпіцэнтра выбуху доза пранікальнай радыяцыі ў Н.б. у 5—10 разоў большая, чым у ядз. боепрыпасаў той жа магутнасці. Выкарыстоўваюцца ў артыл. снарадах, бомбах, баявых частках ракет і інш.Вытв-сць Н.б. пачалася ў ЗША і некаторых інш. краінах у пач. 1980-х г.
П.В.Сычоў, І.У.Мацвееў.
Да арт.Нейтронныя боепрыпасы. Схема нейтроннага снарада «пушачнага» тыпу: 1 — корпус з сістэмай утрымання плазмы ў зоне рэакцыі; 2 — сумесь дэйтэрыю і трытыю; 3 — адбівальнік нейтронаў; 4 — зарад плутонію 239; 5 — зарад выбуховага рэчыва; 6 — дэтанатар; 7 — крыніца нейтронаў.