КАКО́ШНІК у архітэктуры, паўкруглая ці кілепадобная несапраўдная закамара, якая мае толькі дэкар. значэнне. Найб. характэрны для рус. культавага дойлідства 16—17 ст. Іх размяшчалі ярусамі каля асновы шатроў і барабанаў купалоў культавых будынкаў. На Беларусі ўпершыню выкарыстаны ў 12 ст. ў Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царкве. Быў пашыраны ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры псеўдарускага стылю. Імітацыі К. выкарыстоўвалі таксама ў грамадз. архітэктуры для аздаблення фасадаў, завяршэння аконных праёмаў і інш.

С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ Храбры

(? — 1036),

старажытнарускі князь тмутараканскі (з 988) і чарнігаўскі (з 1023). Сын вял. кіеўскага кн. Уладзіміра Святаславіча і полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны. У 1016 змагаўся з хазарамі, у 1022 заваяваў касогаў. У 1024 нанёс паражэнне брату — кн. Яраславу Мудраму і стаў незалежным уладаром усх. ч. Кіеўскай Русі да р.Дняпро, што пацверджана дагаворам 1026 паміж братамі. У 1031 разам з Яраславам зрабіў ваен. паход на Польшчу. Пасля смерці М.У. яго ўладанні адышлі да Яраслава Мудрага.

т. 10, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ТА,

рака ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 424 км². Выцякае з воз. Набіста пад назвай Хараброўка (пасля в. Шчоўна называецца Вята), на невял. працягу цячэ па паўн. ускраіне гідралаг. заказніка Балота Мох. Верхняе цячэнне ў межах Браслаўскай грады, сярэдняе і ніжняе на ПнЗ Полацкай нізіны. На вадазборы шмат азёр (агульная пл. 36 км²). Асн. прыток Голчыца (справа). Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, у сярэднім — трапецападобная. Рэчышча ад вытоку на працягу 14 км каналізаванае.

т. 4, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДО́ЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 18—20 ст. Утвораны пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Уваходзіў з 1776 у склад Полацкай губерні, з 1796 — Беларускай губерні, з 1802 — Віцебскай губерні. Цэнтр — г. Гарадок. Пл. 3107,3 кв. вярсты, нас. 112 033 чал. (1897). Падзяляўся на 21 воласць (1897). У студз.лют. 1919 у складзе БССР, пасля ў складзе Віцебскай губ. адышоў да РСФСР. 15.2.1923 павет скасаваны, яго тэр. падзелена паміж Полацкім, Невельскім і Веліжскім пав. Віцебскай губ.

т. 5, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЭ́ЙДЭЛЬ (Іван) (Іаган Георг; ? — пасля 1787),

бел. архітэктар. У 1764—67 кіраваў буд-вам Рундальскага палаца (узведзены ў 1736—40 у стылі барока каля г. Баўска, Латвія, арх. В.​Растрэлі). У 1777—86 Магілёўскі губернскі архітэктар. У 1778—84 пад яго кіраўніцтвам ажыццёўлена забудова гал. плошчы горада — Губернатарскай. У 1774—75 стварыў праект будынка павятовых устаноў для гарадоў Магілёўскай губ.: Оршы, Рагачова і Мсціслава (узведзены ў 1780). Распрацаваў тыпавыя праекты правіянцкага склада, правіянцкай і саляной крам для гарадоў Магілёўскай і Полацкай губерняў.

т. 7, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́КАЛАЧ,

старажытны горад Полацкай зямлі. Упамінаецца ў Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1127, у Іпацьеўскім — пад 1128: «Новгородци придоша со Мстиславичем со Всеволодом к Неколочю» (у Іпацьеўскім летапісе к Неклочю). Да гэтага часу Н. не лакалізаваны. На мысе Гарадзішча на воз. Некалач (у Лепельскім р-не Віцебскай вобл. каля в. Бор) рэшткаў стараж. населенага месца не выяўлена. Мяркуюць, што названы ў летапісах геагр. пункт — воз. Некалач, на Пн ад Полацка, адкуль бярэ пачатак р. Палата (Невельскі р-н Пскоўскай вобл. Расіі).

Г.​М.​Семянчук.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́ВІЦА,

рака ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Галбіца (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 38 км. Пл. вадазбору 211 км². Пачынаецца за 1 км на ПдЗ ад в. Кролікі, вусце на Пд ад в. Рымкі. Цячэ па паўд.-зах. частцы Полацкай нізіны. Даліна ў верхнім цячэнні на працягу 10—12 км слабавыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 500—700 м. Каля в. Кундры ад ракі адыходзіць канал, па якім частка сцёку перакідваецца ў р. Лучайка. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае.

т. 12, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУ́ЛА,

князь у Полацкай зямлі ў 12 ст. Пра яго сведчыць імя па бацьку Усяслава Мікуліча, лагожскага (лагойскага) князя ў 1180. Даследчыкі мяркуюць, што М. мог быць сынам ізяслаўскага (заслаўскага) кн. Валодшы і валодаць удзелам у Ізяслаўскім (Заслаўскім) княстве (А.​М.​Рапаў) або быць сынам мінскага кн. Глеба Усяславіча (В.​Л.​Насевіч). На думку Э.​М.​Загарульскага, М. мог быць сынам не названага па імю брата лагожскага кн. Брачыслава, сынам ці ўнукам Глеба Усяславіча або гэта хрысціянскае імя Усевалада Глебавіча.

т. 10, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

адм.-тэр. адзінка Пскоўскай губерні ў 1772—76. Цэнтр — г. Полацк. Паводле ўказа ад 29.12.1773 падзялялася на Невельскі, Полацкі і Себежскі пав. Плошча — 1 067 422 дзесяціны. У 6 парафіях (Бешанковіцкай, Дзісенскай, Друйскай, Невельскай, Полацкай, Себежскай) было 421 сяло, 4699 вёсак і 5 мястэчак, у якіх пражывала 224 459 душ абодвух полаў падатковага насельніцтва. На тэр. правінцыі было 16 старостваў з 33 487 сялянамі абодвух полаў, Полацкая эканомія (1471 дым, 17 567 сялян, 102 405 дзес. зямлі).

Я.​К.​Анішчанка.

т. 12, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНАЕ МЕЖАВА́ННЕ,

суцэльнае вымярэнне, здымка, картаграфаванне і апісанне адм. адзінак, зямельных уладанняў («дач»), угоддзяў, падатковага насельніцтва ў Расійскай імперыі ў 1760-я г. — сярэдзіне 19 ст. У ходзе генеральнага межавання вырашаліся задачы: межавыя, землеўпарадкавальныя, статыстычныя, картаграфічныя, зямельна-падліковыя. На Беларусі праведзена толькі на землях, далучаных да Рас. імперыі паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) — у Магілёўскай (1783—84) і Полацкай (1784—85) губернях. Межавая дакументацыя абвяшчалася адзінай законнай падставай землеўладання, чым скасоўваліся ўсе папярэднія прывілеі і граматы на зямлю. Матэрыялы генеральнага межавання — каштоўная гіст. крыніца.

т. 5, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)