ДАКРЫЯЦЫСТЫ́Т (ад грэч. dakryon сляза + цыстыт),

запаленне слёзнага мяшка вока. Бывае хранічны і востры. Прычына Д.: звужэнне ці поўнае закрыццё слёзна-насавога канала, затрымка адтоку слёзнай вадкасці з поласці слёзнага мяшка і развіццё ў ім патагенных мікробаў. Д. у нованароджаных бывае пры закрытым прасвеце слёзна-насавога канала зародкавай перапонкай. Прыкметы: слёзацячэнне і гнойныя выдзяленні ў кан’юнктывальнай поласці; пры націсканні на вобласць слёзнага мяшка са слёзных кропак выдзяляецца слізістая ці гнойная вадкасць. Лячэнне хірургічнае, у нованароджаных — масаж, прамыванне антысептычнымі растворамі пад ціскам ці зандзіраванне металічным зондам слёзна-насавога канала.

Л.​М.​Марчанка.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАЗВАРО́Т,

рух лімфы ў лімфатычнай сістэме. За суткі ў чалавека з крыватоку крывацёку ў міжтканкавыя поласці фільтруецца каля 20 л вадкасці, у выглядзе лімфы вяртаецца 2—4 л, 50—100% бялкоў плазмы крыві, вугляводы, ліпіды і інш. Л. забяспечваецца: наяўнасцю клапанаў у лімфатычных сасудах, што перашкаджаюць зваротнаму току лімфы; фазнымі рытмічнымі скарачэннямі (з частатой 10—20 за мін) сценак некаторых лімфатычных сасудаў; скарачэннем гладкамышачных капсул лімфатычных вузлоў; адмоўным ціскам у грудной поласці; скарачэннем мускулатуры; гідрастатычным і анкатычным ціскам тканкавай вадкасці. Рэгулюецца вегетатыўнай нерв. сістэмай.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

аспіра́цыя, ‑і, ж.

1. Высысанне вадкасці або паветра з якой‑н. хворай поласці цела. // Пранікненне ў дыхальныя шляхі чаго‑н. пабочнага.

2. Спец. Абяспыльванне вытворчых памяшканняў шляхам высысання пылу. Цэнтральная аспірацыя.

[Лац. aspiratio — дыханне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапо́на, ‑ы, ж.

Тое, што стрымлівае доступ куды‑н. І вось земснарад зварухнуў перапону, Што воды трымала ў апошнія дні. Калачынскі.

•••

Грудабрушная перапона — мускульная перагародка, якая раздзяляе грудную і брушную поласці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эпітэ́лій, ‑я, м.

Спец.

1. Тканка чалавека і жывёл, якая пакрывае паверхню цела, высцілае сценкі поласцей і ўнутраных полых органаў.

2. Покрыва з танкасценных клетак, якое высцілае некаторыя ўнутраныя поласці раслін.

[Ад грэч. épi — на, над, пры і thēlē — сасок.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слі́на, -ы, ж.

Цягучая вадкасць, якая выдзяляецца ў поласці рота чалавека і жывёлы і садзейнічае змочванню і пераварванню ежы.

Глытаць сліну — з зайздрасцю, з прагнасцю глядзець на што-н. смачнае, прывабнае, але недаступнае.

Пырскаць слінай — гаварыць узрушана, з гневам, абурэннем і пад.

|| прым. слі́нны, -ая, -ае.

Слінныя залозы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ЖАЛУ́ДАЧКІ ГАЛАЎНО́ГА МО́ЗГА,

поласці ўнутры галаўнога мозга, дзе размешчаны сасудзістыя спляценні, што выпрацоўваюць цэрэбраспінальную вадкасць. Яна запаўняе Ж.г.м., потым па ліквораправодных шляхах выходзіць на аснову мозга і распаўсюджваецца па вонкавай паверхні галаўнога і спіннога мозга. Усяго Ж.г.м. — 4, поласці іх сазлучаныя. Пры паталогіі (вентрыкуліты, менінгаэнцэфаліты, кровазліцці, пухліны і інш.) парушаецца цыркуляцыя цэрэбраспінальнай вадкасці з частковай ці поўнай аклюзіяй ліквораправоднай сістэмы. Прыкметы: моцны галаўны боль, моташнасць, ірвота, галавакружэнне, павышаны артэрыяльны ціск і тэмпература цела, вокарухальныя і вестыбулярныя парушэнні. У цяжкіх выпадках — сімптомы ўшчымлення ствала галаўнога мозга, прыступы дэцэрэбрацыйнай рыгіднасці і інш.

Г.​Дз.​Сітнік.

т. 6, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРАНЫЯ МЯШКІ́ ў жывёл,

паветраносныя поласці, спалучаныя з дыхальнымі шляхамі, ротавай поласцю або страваводам, дзе газаабмен не адбываецца. Да П.м. належаць галасавыя мяшкі бясхвостых земнаводных, лёгачныя вырасты паўзуноў. У птушак сістэма П.м. (5 пар), аб’ём якіх мяняецца пры дыханні, прызначана для аэрацыі лёгкіх (асабліва ў час палёту), тэрмарэгуляцыі арганізма, змены шчыльнасці цела пры плаванні і ныранні. Вырасты П.м. заходзяць і ў поласці касцей (пнеўматызацыя шкілета). У млекакормячых П.м. характэрны для некат. няпарнакапытных, даманаў, самцоў паласатага цюленя і маржа, кашалота. У раслін узнікаюць у зернях пылку пры разыходжанні слаёў экзіны (у многіх ветраапыляльных раслін, пераважна хвойных).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ПАТ,

вадкасць, што прасочваецца з дробных крывяносных сасудаў у тканкі ці поласці цела пры запаленнях (эксудат), ацёках (трансудат). Змяшчае бялок, лейкацыты, часта — мікробы, якія выклікаюць запаленчы працэс. Пры своечасовым і правільным лячэнні выпат поўнасцю расходзіцца.

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫПТАРХІ́ЗМ (ад крыпта... + грэч. orchis яечка),

затрымка (рэтэнцыя) яечка ў працэсе апускання яго з брушной поласці ў машонку ва ўнутрывантробным перыядзе. Праяўляецца адсутнасцю ў машонцы аднаго ці абодвух яечак. Бывае сапраўдны і несапраўдны. Пры сапраўдным К. яечка знаходзіцца ў брушной поласці (абдамінальная форма), пахвінным канале (пахвінная, або інгвінальная, форма) ці за яго межамі каля вонкавага пахвіннага кольца (высокая машоначная форма); асн. прычына — парушэнне ўнутрывантробнага развіцця плода. Найчасцей бывае несапраўдны К. (псеўдарэтэнцыя, яечка мігрыруе) — нармальна апушчанае яечка доўга ці перыядычна знаходзіцца па-за машонкай пад уплывам скарачэння мышцы, што паднімае яго. Лячэнне К. кансерватыўнае (у эндакрынолага) і хірургічнае, пры заганах развіцця (гіпаплазіі) яечак, адсутнасці другасных палавых прыкмет — пажыццёвая гармонатэрапія пасля 15—16 гадоў.

т. 8, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)