СКЛЕРАДЭРМІ́Я, дэрматасклероз,

пашкоджанне скуры, якое характарызуецца яе дыфузным або абмежаваным ушчыльненнем з далейшым развіццём фіброзу і атрафіі пашкоджаных участкаў.

Адрозніваюць ачаговую (пашкоджваецца толькі скура) і сістэмную С. (пашкоджваецца скура, слізістыя абалонкі, унутр. органы). Пры ачаговай С. вылучаюць 3 стадыі: ацёкавая эрытэма (пачырваненне скуры), склероз (скура шчыльная, колеру слановай косці) і атрафія са стратай валасоў. Лячэнне комплекснае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 14, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

уро́кі, ‑аў; адз. урок, ‑у, м.

Разм. Паводле забабонных уяўленняў — няшчасце, хвароба, пашкоджанне, выкліканыя благім вокам ці дрэнным словам. [Удава Сымоніха] баіцца ўрокаў, хаця на яе ніхто надта не ўглядаецца. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мікратра́ўма

(ад мікра- + траўма)

мед. нязначнае пашкоджанне скуры або слізістай абалонкі (укол, парэз, сіняк, драпіна).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гістапратэ́ктары

(ад гіста + пратэктар)

лекавыя прэпараты, якія зніжаюць пашкоджанне слізістай страўніка фізічнымі і хімічнымі фактарамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

РАСЦЯЖЭ́ННЕ, дысторсія (ад лац. distorsio скрыўленне, выварочванне) у медыцыне,

пашкоджанне мяккіх тканак (мышцаў, звязак, сухажылляў, нерваў) пад уплывам сілы, якая расцягвае іх, але не парушае анат. цэласнасці тканкі. Узнікае пры рухах з празмернай амплітудай (напр., у спартсменаў пры кіданні снарада). Часцей бывае Р. звязак галёнкаступнёвага і каленнага суставаў; у цяжкіх выпадках ацёк, кровазліццё і балючасць. Пры Р. рухі ў суставе абмежаваныя.

т. 13, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРА́ТА ў грамадзянскім праве,

выяўленая ў грашовай форме шкода, якая нанесена адной асобе проціпраўнымі дзеяннямі другой. Пад С. разумеюцца: выдаткі, якія асоба, чыё права парушана, зрабіла або павінна была зрабіць для аднаўлення парушанага права, страта або пашкоджанне яе маёмасці (рэальная шкода); неатрыманыя даходы, якія асоба магла атрымаць пры звычайных умовах грамадзянскага абарачэння, калі б яе права не было парушана (упушчаная выгада).

т. 15, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шо́лудзі, ‑яў; адз. няма.

1. Заразнае скурнае захворванне, пры якім на скуры пад валасамі з’яўляюцца гнойныя струпы. // Струпы, сып.

2. Заразнае захворванне раслін, у выніку якога адбываецца пашкоджанне верхніх тканак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЛЕЙКАПЛАКІ́Я (ад грэч. leucos белы + plakion плітка, пласцінка),

пашкоджанне слізістай абалонкі чалавека ў выніку працяглага ўздзеяння раздражняльнікаў (алкаголь, тытунь, зубныя пратэзы і інш.). Адносіцца да перадпухлінных хвароб. Найчасцей хварэюць мужчыны. Выяўляецца ачагамі шаравата-белага колеру на слізістых абалонках языка, шчок, геніталіяў з нязначнымі ўшчыльненнямі; пры працяглым існаванні адбываецца патаўшчэнне слізістай абалонкі, сасочкавыя разрастанні, магчымы пераход у плоскаклетачны рак. Лячэнне тэрапеўтычнае, хірургічнае, прамянёвая тэрапія.

Н.​З.​Ягоўдзік.

т. 9, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРЫФІКА́ЦЫЯ (ад лац. scarifico драпаю, надразаю) насення, механічнае паверхневае пашкоджанне насення; прыём падрыхтоўкі яго да сяўбы. Ужываюць для насення бабовых траў, дрэвавых і кустовых парод, якія маюць цвёрдую, вільгаценепранікальную абалонку. Пасля С. насенне лепш убірае вільгаць, хутчэй набракае і прарастае. Праводзяць не раней як за 1 мес. перад сяўбой пераціраннем насення з пяском, жалезным пілавіннем і інш. Для прамысл. С. выкарыстоўваюць спец. машыны-скарыфікатары.

т. 14, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛЕРО́МА (ад грэч. sklērōma ушчыльненне),

хранічнае інфекцыйнае захворванне з утварэннем у сценках верхніх дыхальных шляхоў (пераважна носа) гранулём. Узбуджальнік — клебсіела (палачка Валковіча-Фрыша). Інфекцыя перадаецца кропельным або кантактна-бытавым шляхам.

Прыкметы: сухасць у носе і глотцы, закладванне сліззю і коркамі, непраходнасць дыхальных шляхоў, бывае пашкоджанне слёзных шляхоў, слыхавых праходаў, зроку. Другасныя змены пры С. — хранічны бранхіт, пнеўмасклероз і інш. Лячэнне: тэрапеўт., хірург., прамянёвае.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)