У Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля чыг. ст. Камунары. Пластавы паклад звязаны з верхнемелавымі адкладамі. Вылучаюцца 3 участкі: Высокае, Камунары Заходнія і Камунары Усходнія. Мергель шэры з рознымі адценнямі, шчыльны, вязкі, месцамі з лінзамі глін, тонкадысперсны, ніжэй па разрэзе пераходзіць у белы чысты мел. Разведаныя запасы 385,5 млн.т, перспектыўныя 75,9 млн.т. Агульная магутнасць карыснай тоўшчы 18,7—29 м, ускрышы (супескі, пяскі, гліны) 1,6—20,9 м. Мергель і мел прыдатныя на выраб партландцэменту. Радовішча распрацоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАР’Е́Р НАДЗЕ́І,
радовішча абліцовачнага каменю ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл., за 2,5 км на Пд ад в. Глушкавічы. Паклад прымеркаваны да дапалеазойскіх парод паўн.ч. Украінскага крышт. шчыта. Карысныя выкапні — мігматыты ад светла-шэрага да цёмна-шэрага колеру, палоскавыя, дробна- і сярэднезярністыя, складзеныя з плагіяклазаў, мікраклінаў, слюд, амфіболаў. Разведаныя запасы 3,4 млн.м³, перспектыўныя 3,3 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 32—42 м, ускрышы (пяскі, супескі, выветраныя мігматыты) 0,6—12 м. Мігматытавыя абліцовачныя пліткі выкарыстоўваюцца ў буд-ве. Распрацоўваецца дзярж. прадпрыемствам «Граніт».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШАЛІ́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ У Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Кашалі. Паклад у выглядзе 6 лінзаў звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага зледзянення. Пясчана-жвіровая парода шэрая, бураватая, з праслойкамі і лінзамі розназярністых пяскоў, месцамі гліністая; жвіру больш за 5 мм у ёй 24—30%. Пяскі-адсевы сярэдне- і буйназярністыя, палевашпатава-кварцавыя. Разведаныя запасы 18,3 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—23,5 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,2—5,7 м. Пяскі і жвір прыдатныя на выраб бетону, у дарожным буд-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН.
У Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., паміж вёскамі Лукомль, Зара, Ротна, Стражэвічы, Багатыр, пас. Асавец. Пластавы паклад звязаны з лімнагляцыяльнымі адкладамі часу адступання паазерскага ледавіка. Гліны шчыльныя, тлустыя, вязкія, пластычныя і высокапластычныя, месцамі з тонкімі праслойкамі пылаватага пяску і супеску. Разведаныя запасы 27,1 млн.м³, перспектыўныя 67 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 14,1—29,9 м, ускрышы (торф, пяскі) 0,2—6,9 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы, дрэнажных труб, цэменту і керамзітавага жвіру. Распрацоўваецца Новалукомскім з-дам керамзітавага жвіру і Мінскім з-дам будматэрыялаў.
У Мінскім і Лагойскім р-нах Мінскай вобл., паміж вёскамі Вяча, Бяларучы, Карбачоўка, Галіца. Пластападобны паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага зледзянення. Пясчана-жвіровы матэрыял ад шаравата-жоўтых да бураватых адценняў, месцамі гліністы, абжалезнены. Пяскі палевашпатавакварцавыя, розназярністыя, залягаюць у разрэзе вышэй за жвір. Разведаныя запасы 57,1 млн.м³, перспектыўныя 41,7 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,3—32,8 м, ускрышы (супескі, пяскі гліністыя) 0,2—12,5 м. Пясчана-жвіровая сумесь і пяскі прыдатныя для дарожнага буд-ва, вытв-сці бетону і буд. раствораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВО́К,
радовішча мелу ў Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл., паміж вёскамі Глушнева і Зуі. Пластавы паклад звязаны з адкладамі туронскага яруса (верхні мел). Мел белы, шаравата-белы, слаба сцэментаваны, участкамі трэшчынаваты, у верхняй ч. забруджаны абломкава-гліністым матэрыялам, у ніжняй ч. пласта з праслоямі мергелю. Паверхня няроўная, закарставаная. Разведаныя запасы 13,6 млн.т. Магутнасць карыснай тоўшчы (ускрытая) 4,7—13,5 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0,5—10,6 м. Мел прыдатны на выраб вапны, вапнавання кіслых глеб, мінер. падкормкі для с.-г. жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ У Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., за 6 км на ПдЗ ад г.п. Радашковічы. Пластавы паклад звязаны з ледавіковымі адкладамі сожскага гарызонту. Складаецца з 4 участкаў. Жвірова-пясчаны матэрыял жаўтавата-шэры, месцамі слаба гліністы з лінзамі і праслоямі супескаў і пяскоў. Пясок у сумесі палевашпатава-кварцавы, розназярністы. Разведаныя запасы 21,8 млн.м³, перспектыўныя 4,2 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 7,7—38 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0,2—8 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны для дарожнага буд-ва, вытв-сці бетону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАШО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКУ́ І ЖВІРО́ВА-ПЯСЧА́НАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ.
У Полацкім р-не Віцебскай вобл., каля в. Канашы. Пластавы паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі паазерскага ледавіка. Пяскі і жвірова-пясчаны матэрыял жаўтавата- і буравата-шэрыя, месцамі гліністыя, абжалезненыя. Жвір і галька ў пясках трапляюцца ў россыпе і ў выглядзе лінзаў і гнёздаў. Пяскі пераважна дробна- і сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя. Разведаныя запасы 9,47 млн.м³, перспектыўныя 1,13 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,2—27,3 м, ускрышы (торф, пяскі, супескі) 0,2—6,8 м. Пяскі і жвір прыдатныя на выраб бетону, буд. раствораў, у дарожным буд-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАНСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГАРУ́ЧЫХ СЛА́НЦАЎ У Любанскім р-не Мінскай вобл. і Глускім р-не Магілёўскай вобл. Пластавы паклад залягае ў тоўшчы глініста-мергельных адкладаў фаменскага яруса (верхні дэвон). Гаручыя сланцы карычнявата-шэрага колеру, моцныя, з вуглавата-ступеньчатым і паўракавістым зломам, з шаўкавістым бляскам. Характэрна гарызантальная, мікралінзападобная і тонкапалосая слаістасць. Магутнасць пласта 0,5—1,65 м, глыб. залягання 260—641 м. Сярэдняя цеплыня згарання 5—9,1 МДж/кг, попельнасць 71,8%. На пл. 630 км² запасы гаручых сланцаў каля 900 млн.т. Гаручыя сланцы прыдатныя як комплексная энерга-хіміка-тэхнал. сыравіна з выкарыстаннем попелу ў якасці буд. матэрыялу.