ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ ІНЖЫНЕ́РЫЯ, генная інжынерыя,

раздзел малекулярнай біялогіі, звязаны з мэтанакіраваным канструяваннем новых спалучэнняў генаў, якіх няма ў прыродзе. Узнікла ў 1972 (П.​Берг, ЗША). Разам з клетачнай інжынерыяй ляжыць у аснове сучаснай біятэхналогіі. Генетычная інжынерыя засн. на даставанні з клетак якога-небудзь арганізма гена (які кадзіруе неабходны прадукт) або групы генаў і злучэнні іх са спец. малекуламі ДНК (т.зв. вектарамі), здольнымі пранікаць у клеткі інш. арганізма (пераважна мікраарганізмаў) і размнажацца ў іх. Гал. значэнне пры генетычнай інжынерыі маюць ферменты — рэкстрыктазы, кожны з якіх рассякае малекулу ДНК на фрагменты ў вызначаных месцах, і ДНК-лігазы, што сшываюць малекулы ДНК у адзінае цэлае. Пасля выдзялення і вывучэння такіх ферментаў стала магчыма стварэнне штучных генет. структур. Рэкамбінантная малекула ДНК мае форму кальца, дзе размешчаны ген (гены) — аб’ект генет. маніпуляцый і вектар (фрагмент ДНК, які забяспечвае размнажэнне ДНК і сінтэз канчатковых прадуктаў жыццядзейнасці генет. сістэмы — бялкоў). Генетычная інжынерыя адкрывае новыя шляхі вырашэння некат. праблем генетыкі, медыцыны, сельскай гаспадаркі. З дапамогай генетычнай інжынерыі атрыманы шэраг біялагічна актыўных злучэнняў: інсулін і інтэрферон чалавека, авальбумін, калаген і інш. пептыдныя гармоны.

Э.​В.​Крупнова.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛО́ГІЯ БЫЦЦЯ́,

адно з асноўных паняццяў каталіцкай філасофіі — тамізму, паводле якога Бог і ўсё ім створанае знаходзяцца ў суадносінах з агульным для іх быццём. Фама Аквінскі ўзвёў аналогію быцця ў фундаментальны прынцып гэтай дактрыны і распрацаваў яго філас. змест. У 20 ст. ўклад у распрацоўку аналогіі быцця, вызначэнне сфер і магчымасцяў выкарыстання зрабілі Э.​Пшывара, Ф. Ван Стэенберген, Б.​Лакебрынк, К.​Ранер. Сутнасць аналогіі быцця ў тым, што паміж Богам і яго тварэннямі існуюць першапачатковыя адносіны падабенства ў адрозненнях і адрозненні ў падабенстве. Таму адносіны аналогіі могуць пераважаць толькі там, дзе няма ні поўнага падабенства, ні поўнага адрознення, а спалучаюцца адно з адным. Першасным, вызначальным прызнаецца падабенства, першакрыніца якога — стварэнне Богам сусвету і ўсяго, што ў ім існуе. Гэта дае магчымасць філас.-тэалагічнымі сродкамі абгрунтоўваць быццё Бога як першакрыніцу створанага сусвету розных падабенстваў, сярод якіх самае набліжанае да творчай магутнасці стваральніка — творчая дзейнасць чалавека. Але яе нельга атаясамліваць з творчым актам стварэння, бо яна толькі набліжаецца да яго паводле падабенства (аналогіі).

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕТРАПАДО́БНЫЯ (Acipenseriformes),

атрад храстковых рыб. Вядомы з ніжняй юры, сучасныя прадстаўнікі — з верхняга мелу. 2 сям.: асятровыя (Acipenseridae) і весланосыя (Polycdontidea). 25 відаў у Паўн. паўшар’і. У рэках Беларусі вельмі рэдка трапляецца сцерлядзь, раней на нераст заходзілі асетр балтыйскі і асетр рускі, рабіліся спробы вырошчвання гібрыда сцерлядзі і бялугі — бесцера.

Даўж. ад 27 см да 9 м, маса да 2 т (бялуга). На целе 5 радоў рамбічных касцяных пласцінак (жучак) або скура голая. Хваставы плаўнік неаднолькава лопасцевы (гетэрацэркальны), аснова верхняй лопасці ўкрыта ганоіднай рамбічнай луской. Рыла выцягнутае, з вусікамі. Рот высоўны, ніжні, без зубоў. Аснова восевага шкілета — пруткая хорда (целаў у пазванкоў няма). Унутраны шкілет храстковы, на галаве скураныя косці. Прамяні шчэлепнай перапонкі адсутнічаюць. У сэрцы ёсць артэрыяльны конус, у кішэчніку — спіральны клапан. Каштоўныя прамысл. рыбы. У нізоўях вял. рэк, дзе жывуць асетрападобныя, дзейнічаюць рыбагадавальнікі, якія штогод выпускаюць у вадаёмы малявак рыб. Некаторыя віды занесены ў Чырв. кнігі МСАП, інш. краін, сцерлядзь — у Чырв. кнігу Беларусі.

Да арт. Асетрападобныя: асетр рускі (зверху); асетр балтыйскі.

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛІСТЫ́МЛЯНЕ (ад стараж.-яўрэйскага — пеліштым),

старажытны народ, які насяляў паўд. частку ўсх. ўзбярэжжа Міжземнага мора. Упершыню згадваюцца ў егіп. крыніцах 13 ст. да н.э. Лічаць, што Ф. — выхадцы з Крыта ці М.​Азіі. Уваходзілі ў склад «народаў мора», якія ўварваліся ў М.​Азію і Паўн. Сірыю, знішчылі Хецкае царства і Угарыт (каля 1200 да н.э.) і напалі на Егіпет. Выбітыя егіп. войскамі, яны захапілі паўд.-зах. частку Ханаана, якая пазней атрымала назву Палесціна (ад біблейскага Пелешэт — край Ф.), дзе ўтварылі саюз гарадоў-дзяржаў. Прынеслі ў гэты раён культуру жалеза, сталі манапалістамі ў вытв-сці жал. калясніц і зброі. У 12—10 ст. да н.э. мелі пераважны ўплыў у Палесціне, вялі ўпартыя войны з іудзеямі. У 8 ст. да н.э. заваяваны асірыйскім царом Тыглатпаласарам III, у канцы 7 ст. да н.э. — вавілонскім царом Навухаданосарам II, у канцы 6 ст. да н.э. — персамі. Элінізацыя Ф. пачалася з паходаў Аляксандра Македонскага і цалкам завяршылася да пачатку н.э. Пра мову Ф. дакладных звестак няма. Знойдзеныя пры раскопках надпісы на пячатках пакуль не дэшыфраваны.

А.Г. Зельскі.

т. 16, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

накукава́цца, ‑кукуюся, ‑кукуешся, ‑кукуецца; зак.

Разм.

1. Многа пакукаваць. Гнёзд чужых на выбар: ёсць дзе прыстроіць сваё патомства, ды і накукавацца можна ўволю. Якімовіч.

2. перан. Зазнаць гора з якой‑н. прычыны. Ну, думаю сабе, фельчара няма, накукуюся я з ёю [свіннёй]. Стаховіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Наўдое ’капрызнае’: Зусім наўдое стала дзіця, як захварэла (маст., Сцяшк. Сл.). Да наўди (гл.), значэнне узнікла на базе на́ўды ’няма нічога добрага, няма чым хваліцца’ (Гарэц.), не наўды ’не бяда’ (Яруш.), адкуль без адмоўя наўды магло быць асэнсавана як прыметнік м. р. адз. л., ад якога быў утвораны прыметнік н. р. адз. л. са значэннем ’дрэнны, слабы’, параўн. процілеглае развіццё семантыкі ’добры, удалы’ — наўда дзяўчына, дзе назоўнік можа успрымацца як прыметнік ж. р. адз. л.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паме́г ’хмызняк’ (Яшк.). Няясна; паралеляў у іншых слав. мовах няма. Магчыма, з омег, вомег, вобмег (гл.), дзе о‑ можа ўспрымацца як прыстаўка і магло быць заменена на по-. Вомег ’балігалоў’ часта расце па берагах рэк сумесна з хмызняком, таму тут мог адбыцца перанос па сумежнасці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АПТЫ́ЧНЫ РЭЗАНА́ТАР,

сістэма люстраных адбівальных паверхняў, у якой узбуджаюцца і падтрымліваюцца стаячыя ці бягучыя электрамагнітныя хвалі аптычнага дыяпазону. У адрозненне ад аб’ёмнага рэзанатара аптычны з’яўляецца адкрытым (няма бакавых сценак). Аптычны рэзанатар — адзін з важнейшых элементаў лазера. Асн. характарыстыка аптычнага рэзанатара — дыхтоўнасць (вызначае страты светлавой энергіі і характарызуе рэзанансныя ўласцівасці).

Прасцейшы аптычны рэзанатар — інтэрферометр Фабры—Перо, які складаецца з 2 плоскіх строга паралельных люстэркаў, што знаходзяцца на адлегласці L, значна большай за даўжыню хвалі λ. Калі паміж люстэркамі ўздоўж восі рэзанатара распаўсюджваецца плоская светлавая хваля, то ў выніку адбіцця ад люстэркаў і інтэрферэнцыі адбітых хваляў утвараецца стаячая хваля. Умова рэзанансу: L = q∙λ/2. дзе q — падоўжны індэкс ваганняў (колькасць паўхваляў, што ўкладаюцца ўздоўж восі аптычнага рэзанатара). У лазернай тэхніцы выкарыстоўваюцца канфакальныя рэзанатары, утвораныя сферычнымі люстэркамі, якія разнесены на адлегласць, роўную радыусу іх крывізны, а таксама кальцавыя аптычныя рэзанатары, што складаюцца з 3 і болей плоскіх або сферычных люстэркаў. У аптычным рэзанатары са сферычнымі люстэркамі ўзбуджаюцца таксама незалежныя бягучыя насустрач адна адной хвалі.

Літ.:

Ананьев Ю.А. Оптические резонаторы и проблема расходимости лазерного излучения. М., 1979.

В.​В.​Валяўка.

Схема аптычнага рэзанатара.
Віды аптычных рэзанатараў: 1 — плоскі лінейны; 2 — сферычны лінейны; 3 — плоскі кальцавы; 4 — сферычны кальцавы.

т. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

знайсці́, знайду́, зно́йдзеш, зно́йдзе; знайшо́ў, -шла́, -ло́; знайдзі́; зно́йдзены; зак.

1. каго-што. Заўважыўшы, узяць; выявіць у выніку пошукаў, назіранняў, роздумаў і пад.

З. грыб.

З. грошы на дарозе.

З. згубленую рэч.

З. выхад з цяжкага становішча.

З. новы спосаб рашэння задачы.

З. апраўданне чаму-н.

2. каго-што. Заспець, убачыць, выявіць дзе-н. ці ў якім-н. стане.

Не з. дома сябра.

З. каго-н. ляжачым хворым.

3. каго-што ў кім-чым. Зазнаць, сустрэць што-н. з боку каго-, чаго-н.

З. ў чым-н. суцяшэнне.

Я не знайшоў у гэтым нічога асаблівага.

З. добрага дарадчыка ў кім-н.

4. каго-што або з дадан. Прыйсці да высновы, палічыць, прызнаць, склаўшы думку пра каго-, што-н.

З., што таварыш праў.

З. неабходным паведаміць аб прыездзе.

Урач знайшоў яго здаровым.

5. прош. знайшо́ў (незак. цяпер. знахо́дзіць) з займ. ва ўскосн. скл. або з прысл. і з інф. Ужыв. пры іранічных адносінах да каго-, чаго-н. (разм.).

Знайшоў чаму радавацца (няма чаму радавацца). Знайшлі з-за чаго сварыцца (няма з-за чаго сварыцца). Знайшоў дурня (выражэнне нязгоды з кім-, чым-н., адмаўлення ад чаго-н.).

◊

Знайсці сабе смерць (магілу) дзе (высок.) — памерці, загінуць дзе-н.

Знайсці сябе — зразумець сваё прызванне, прызначэнне, правільна вызначыць свае інтарэсы, схільнасці.

|| незак. знахо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць; наз. знахо́джанне, -я, н. (паводле 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

і́рад, ‑а, М ‑дзе, м.

Лаянк. Мучыцель, кат. — Божа мой, божа! За што мне такая кара! Лепш бы я малою памерла, чым жыць з такім ірадам, з такім п’яніцам. Колас. — Што ім трэба, ірадам? Чаму ім няма спакою ад таго, што людзі мірна жывуць? Шамякін.

[Па імені цара Іудзеі Ірада, які паказваецца ў евангеллі вельмі жорсткім.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)