БРАЗІ́ЛЬСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е, Бразільскае нагор’е,

на У Паўд. Амерыкі, паміж Амазонскай, Лаплацкай нізінамі і Атлантычным ак., пераважна ў Бразіліі, паўд. ўскраіна — ва Уругваі, паўд.-зах. — у Парагваі і Аргенціне. Пл. каля 5 млн. км². Пераважаюць выш. 500—1000 м над узр. м. Значна прыўзнята на У і ПдУ над узбярэжжам Атлантычнага ак. (г. Бандэйра, 2890 м), дзе ўтварае складана-расчлянёную горную краіну з шэрагам хрыбтоў: Сера-ду-Мар, Сера-да-Мантыкейра і інш. На Пн і З паката нахілена да суседніх нізін.

Уяўляе сабой выступы крышт. асновы Паўд.-Амер. платформы (Бразільскі шчыт), складзеныя з гнейсаў, гранітаў і крышт. сланцаў, якія на У месцамі выходзяць на паверхню, а на астатняй тэр. ўкрыты адкладамі палеазою і мезазою. Радовішчы поліметалаў, золата, жал. і марганцавых рудаў, баксітаў, рэдкіх металаў, алмазаў і інш. У рэльефе — прыўзнятыя раўніны і плато выш. 250—300 м на Пн і 800—900 м у цэнтры, над якімі ўзвышаюцца глыбавыя масівы і сталовыя, пераважна пясчанікавыя, узвышшы. Месцамі ў прагінах і ўпадзінах платформы — раўнінныя ўчасткі, у сярэднім цячэнні р. Парана — лававае плато. Клімат пераважна трапічны з вільготным (летам) і сухім (зімой) перыядамі. Сярэдняя т-ра студз. зменьваецца з ПдЗ на ПнУ ад 22 да 29 °C, ліп. — ад 12 да 25 °C. Ападкаў ад 500 мм за год на ПнУ да 1400—2000 мм у цэнтры і на У. Рэкі належаць пераважна да бас. Амазонкі, Параны, Сан-Франсіску, мнагаводныя, шмат парогаў і вадаспадаў. На ПнЗ вільготныя вечназялёныя і лістападныя лясы, у цэнтры — хмызняковая саванна (кампас серадас), на ПнУ — засухаўстойлівае рэдкалессе (каатынга), на У — вільготныя трапічныя вечназялёныя і летнезялёныя лясы, на Пд — хвойныя араўкарыевыя і мяшаныя лясы, хмызняковая саванна (кампас лімпас).

т. 3, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМУ́РСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

на Пд Д. Усходу Расійскай Федэрацыі. Утворана 20.10.1932. Пл. 363,7 тыс. км². Нас. 1049,1 тыс. чал. (1994), гарадскога 65%. Цэнтр — г. Благавешчанск. Буйныя гарады: Белагорск, Райчыхінск, Зея, Шыманоўск, Свабодны, Тында.

Прырода. Большая ч. тэр. гарыстая. На Пн Станавы хр. (выш. да 2312 м), на Пд ад яго горны ланцуг хрыбтоў Янкан, Тукурынгра, Сактахан, Джагды; каля ​2/3 тэр. займаюць Зейска-Бурэінская і Амурска-Зейская раўніны. Карысныя выкапні: буры і каменны вугаль, золата, жал. руды, кварцавыя пяскі, кааліны, буд. матэрыялы. Ёсць мінер. крыніцы. Клімат мусонны ўмеранага пояса. Зіма халодная, сухая, маласнежная. Лета гарачае і дажджлівае. Сярэдняя т-ра студз. ад -24 °C да -33 °C, ліп. 18—21 °C. Ападкаў каля 850 мм за год. Гал. рака — Амур і яго прытокі Зея з Селемджой, Бурэя і інш. Глебы пераважна бурыя лясныя, на Пд — чарназёмападобныя. 65% тэр. пад лесам. Пашыраны хвойныя і мяшаныя лясы маньчжурскага тыпу (мангольскі дуб, карэйскі кедр, амурскі аксаміт, ліяны — вінаград, лімоннік, актынідыя), у тайзе лістоўніца, у гарах зараснікі кедравага сланіку і горная тундра. Водзяцца вавёрка, мядзведзь, собаль, кабарга, лось, дзік, ізюбр, казуля, з птушак — глушэц, дзікуша, блакітная сарока і інш.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (золата, буры і каменны вугаль), машынабудаванне (вытв-сць кавальска-прэсавага, элеватарнага, святлотэхн. абсталявання, электрапрылад, рачных і марскіх суднаў, с.-г. машын і інш.); вытв-сць буд. матэрыялаў; харч. прам-сць. Зейская ГЭС. Райчыхікская ДРЭС. Амурская вобласць — асноўны с.-г. раён Д. Усходу. Сельская гаспадарка збожжаважывёлагадоўчага кірунку. Пасевы збожжавых (пшаніца, авёс, ячмень), соі. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Пчалярства. На Пн — аленегадоўля, зверагадоўля. Пушны промысел. Па тэр. Амурскай вобласці праходзяць Транссібірская і Байкала-Амурская чыг. магістралі. Суднаходства па Амуры, Зеі і Бурэі.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 1, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 14.1.1929. Пл. 21,8 тыс. км². Нас. 1253 тыс. чал., гарадскога 82% (1997). Цэнтр — г. Іванава.

Прырода. На Пн І.в. размешчана спадзіста-хвалістая, месцамі забалочаная раўніна, парэзаная далінамі рэк і яроў (Унжанская ніз.). З ПнЗ на ПдУ працягваецца марэнная града (выш. да 196 м), якая на Пд пераходзіць у пясчаную раўніну (Балахнінская нізіна, Лухскае Палессе). На З заходзіць край Юр’еўскага Аполля. Карысныя выкапні: торф, буд матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -12 °C, ліп. 19 °C Гадавая колькасць ападкаў 500—600 мм. Гал. рэкі: Волга (з прытокамі Унжа, Немда, Мера) і Клязьма (з прытокамі Нерль, Увадзь, Цеза, Лух). Больш за 200 азёр; 2,9% тэр. займаюць балоты. У межах вобласці частка Горкаўскага вадасх. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, у паніжэннях падзоліста-глеевыя і балотныя, у далінах лугавыя забалочаныя, на ПдЗ урадлівыя дзярновыя чарназёмныя. Пад лесам каля 40% тэр. (хвойныя і мяшаныя).

Гаспадарка. І.в. — буйнейшы ў Расіі рэгіён тэкст. прам-сці (баваўняная, ільняная, шаўковая, шарсцяная). Развіты маш.-буд. (абсталяванне для тэкст. прам-сці, станкі, буд.-дарожная тэхніка, торфаздабыўныя машыны), нафтахім. і хім. (кіслоты, фарбавальнікі), харчовая, лясная, дрэваапр. прам-сці. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Маст. промыслы (палехская і холуйская мініяцюры). Камсамольская і Іванаўская ЦЭЦ. С.-г. ўгоддзі займаюць 840 тыс га, пад ворывам 595 тыс. га. Пасевы жыта, пшаніцы, аўса, грэчкі. Вырошчваюць бульбу, агародніну, кармавыя і тэхн. культуры, на Пн і У лён-даўгунец. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Свінагадоўля, птушкагадоўля, племянная конегадоўля, рыбагадоўля. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Аляксандраў—Іванава—Кінеіпма, Яраслаўль—Іванава—Ноўкі, аўтадарога Кастрама—Іванава—Юр’евец. Газаправод Саратаў—Ніжні Ноўгарад—Чарапавец. Суднаходства па рэках Волга, Цеза, Клязьма. Курорты: Зялёны Гарадок, Аболсунава, Плёс.

В.​М.​Корзун.

т. 7, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-ЗАХО́ДНЯЕ АДГАЛІНАВА́ННЕ БЕЛАРУ́СКАЙ ГРАДЫ́,

сістэма ўзвышшаў у паласе краявых ледавіковых утварэнняў на З Беларусі; фізіка-геагр. раён Заходне-Беларускай правінцыі. Займае цэнтр. ч. Гродзенскай, паўн.-ўсх. ч. Брэсцкай абл., заходзіць на тэр. Польшчы. Мяжуе з Нёманскай нізінай, Капыльскай градой, Баранавіцкай і Прыбугскай раўнінамі. Працягваецца з 3 на У на 200 км, з Пн на Пд на 15—100 км, пл. 10,2 тыс. км². Пераважаюць выш. 200—300 м над узр. м., найб. 323 м (Замкавая гара).

Складаецца з сярэдняўзгорыстых і буйнаўзгорыстых узвышшаў (Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, гл. адпаведныя арт.), падзеленых папярочнымі, часам скразнымі далінамі, лагчынамі, ярамі. Рэльеф утвораны пераважна з адкладаў дняпроўскага і сожскага ледавікоў, магутнасцю 150—235 м. Інтэнсіўна праяўлены гляцыядыслакацыі, трапляюцца адорвені мелавых і неагенавых парод. Марэнныя грады чаргуюцца з платопадобнымі ўчасткамі, месцамі перакрытымі лёсападобнымі пародамі, магутнасцю 2—5 м. На ўскраінах узвышшаў дробна- і сярэдняўзгорысты рэльеф са спадзістымі схіламі, які пераходзіць у плоскія зандравыя раўніны. У цэнтр. ч. ўзвышшаў пераважае градава-ўзгорысты і буйнаўзгорысты рэльеф з купалападобнымі вяршынямі, завалуненымі схіламі і забалочанымі міжузгорыстымі катлавінамі. Глыб. расчлянення 30—50 м/км². Развіта плоскасная і лінейная эрозія, трапляюцца суфазійныя формы рэльефу. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, мел, мел і мергель цэментныя, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Гідраграфічная сетка прадстаўлена на крайнім ПнЗ р.Нёман, на астатняй тэрыторыі яго прытокамі; Моўчадзь, Шчара з Мышанкай, Сэрвач, Зальвянка, Рось, Свіслач і інш. Найб. воз. Свіцязь. Глебы дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя, дзярнова-палева-падзолістыя, тарфяна-балотныя, дзярновыя перагнойна-карбанатныя, алювіяльныя і інш. Пад лесам 27,5% тэр. Мяшаныя дубровы і ельнікі, хваёва-дубовыя лясы, баравыя хвойнікі, на забалочаных мясцінах алешнікі. Пад ворывам каля 40% тэрыторыі. Заказнікі: Навагрудскі, Свіцязянскі, Слонімскі.

Г.​П.​Рудава.

т. 12, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНЫ́Я ЗО́НЫ,

прыродныя зоны сушы экватарыяльнага, субэкватарыяльных, трапічных, субтрапічных і ўмераных паясоў геаграфічных, у прыродных ландшафтах якіх пераважае лясная расліннасць. Размешчаны пераважна ў Паўн. паўшар’і, звычайна ва ўмовах дастатковага або залішняга ўвільгатнення. У экватарыяльным поясе і набліжаных да яго рэгіёнах субэкватарыяльных паясоў ва ўмовах гарачага клімату з залішнім увільгатненнем і адсутнасцю сезоннай рытмічнасці знаходзяцца зоны гілеяў (вільготных вечназялёных экватарыяльных лясоў) на ападзоленых латэрытах, чырв.-жоўтых латэрытных і балотных трапічных глебах і субэкватарыяльных лясоў на ападзоленых і чырв. латэрытах, чырв.-бурых і чырв.-карычневых глебах. У найб. вільготных (больш за 1000 мм ападкаў за год) раёнах трапічных паясоў, дзе сезонная рытмічнасць больш выяўленая, размешчаны зоны трапічных лясоў на ападзоленых латэрытах і латэрытных глебах. У гэтых зонах адрозніваюць падзоны вечназялёных пастаянна вільготных (гл. Вільготныя трапічныя лясы) і лістападна-вечназялёных сезонна вільготных (з засушлівым перыядам) лясоў. Л.з. субтрапічных паясоў знаходзяцца ў паласе зах. пераносу паветр. мас, з летнім трапічным і зімовым умераным кліматычнымі рэжымамі. У раёнах з залішнім на працягу года ўвільгатненнем пашыраны падзоны гемігілеяў з вечназялёнымі або летнезялёнымі шыракалістымі лясамі на бурых лясных, жаўта- і чырваназёмных глебах; у зах. частках мацерыкоў (пераважна з зімовым увільгатненнем) — невял. па плошчы падзоны цвердалістых міжземнаморскіх летне-сухіх лясоў і хмызнякоў на карычневых, бурых лясных і жаўтазёмных глебах, на У (з летнім увільгатненнем) — мусонных лістападна-вечназялёных мяшаных субтрапічных лясоў на чырвана- і жаўтазёмах. Найб. плошчу займаюць Л.з. ўмеранага пояса Паўн. паўшар’я. У іх складзе адрозніваюць 3 падзоны, якія паслядоўна змяняюцца з Пн на Пд у Еўразіі і з ПнУ на ПдЗ у Паўн. Амерыцы і часта разглядаюцца як асобныя зоны: таежная зона, мяшаных лясоў зона, шыракалістых лясоў зона. З-за недахопу цяпла зімой вегетацыя раслін запавольваецца ці спыняецца. Лясы хвойныя і лістападныя, растуць на мярзлотна-таежных, падзолістых, дзярнова-падзолістых, бурых або шэрых лясных глебах. Ва ўмераных шыротах Паўд. паўшар’я ва ўмовах акіянічнага клімату пераважаюць мяшаныя лясы з хвойнымі, лістападнымі і вечназялёнымі відамі раслін на бурых лясных глебах. Беларусь знаходзіцца ў зоне мяшаных лясоў, флора і фауна якіх найб. збераглася ў Белавежскай пушчы і Бярэзінскім біясферным запаведніку.

П.​І.​Лабанок.

т. 9, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОП-МУ́ЗЫКА (англ. pop music ад popular music папулярная агульнадаступная музыка),

паняцце, якое ахоплівае розныя стылі і жанры масавай муз. культуры 20 ст.; сучасная музыка, якая не адносіцца да катэгорый джаза, класічнай музыкі. Часам яе атаясамліваюць з лёгкай музыкай, эстраднай музыкай. Тэрмін «П.-м.» з’явіўся ў 1950-я г., першапачаткова ўжываўся для абазначэння рок-музыкі. Зараз да П.-м. адносяць усе з’явы камерцыйнай муз.-забаўляльнай «індустрыі», у т. л. шлягер (пашыраны з 1910-х г.). Уключае музыку стыляў рознага паходжання: «кантры» і «вестэрн», дыска, шансон, мяшаныя стылі (джаз-рок і інш.), элементы мюзік-хола, камерцыйны джаз, аўтарскую песню, а таксама рок-музыку (лічыцца і самастойным муз. кірункам) і інш. Тэматыка П.-м. шматпланавая: ад перадачы ідэалізаваных пачуццяў, адчування эмацыянальна-псіхал. камфорту (шлягер) да пратэстных тэндэнцый, сац. крытыкі (рок-музыка).

Складанасць вызначэння П.-м. як з’явы культуры звязана з яе сац. роляй, якая перавышае эстэт. каштоўнасць. Яе асн. прынцып — стварэнне стылявых стэрэатыпаў (у т. л. з элементамі фальклору, класічнай музыкі, джаза), якія аблягчаюць успрыняцце і забяспечваюць камерцыйны поспех. П.-м. звязана з разгалінаванай сістэмай музычна-забаўляльных паслуг, з шоу-бізнесам. Распаўсюджваецца таксама праз грамзапіс, аудыёкасеты і дыскі. Некат. кампазіцыі існуюць толькі ў выглядзе гуказапісаў.

У бел. П.-м. доўгі час панаваў жанр эстраднай песні, шлягера. Сярод кампазітараў у гэтай галіне працавалі і працуюць: У.​Буднік, А.​Елісеенкаў, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў, І.​Лучанок, У.​Мулявін, У.​Прохараў, В.​Раінчык, Ю.​Семяняка, Э.​Ханок і інш., сярод выканаўцаў В.​Вуячыч, Т.​Раеўская, Н.​Багуслаўская, Э.​Міцуль, А.​Падгайскі, В.​Кучынскі, Я.​Еўдакімаў, Я.​Паплаўская і А.​Ціхановіч, І.​Афанасьева, М.​Скорыкаў, І.​Дарафеева, В.​Дайнэка, Л.​Ялінская, І.​Абалян і інш. Папулярызацыі П.-м. садзейнічае Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М.Фінберга. Праводзяцца міжнар. муз. фестывалі «Славянскі кірмаш», «Залаты шлягер». У галіне сучаснай аўтарскай песні вылучаюцца А.​Шадзько, а таксама Э.​Акулін, З.​Бартосік, Б. і Г. Вайханскія, Данчык, А.​Казанцава, А.​Камоцкі, А.​Мельнікаў, В.​Цярэшчанка, В.​Шалкевіч і інш.

А.​А.​Карпілава.

т. 12, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКЕ́СТР (ад грэч. orchēstra пляцоўка перад сцэнай у стараж.-грэч. тэатры),

калектыў інструменталістаў для сумеснага выканання створанай для яго музыкі. Аркестры бываюць мяшаныя, якія ўключаюць інструменты розных груп (сімфанічны, эстрадны) і аднародныя (струнны, духавы, ударных інструментаў). Паводле функцыі вылучаюць аркестры оперныя, ваенныя, эстрадныя і інш. Вышэйшы тып — сімфанічны аркестр — малы і вялікі. Рухомасцю складу адрозніваецца камерны аркестр, які не заўсёды можна дакладна адмежаваць ад камернага ансамбля. Асаблівы тып — аркестр народных інструментаў.

Вял. інстр. ансамблі вядомы ў антычнасці, сярэднявеччы, у эпоху Адраджэння (літ. крыніцы 16 ст. сведчаць, што падобныя ансамблі існавалі і на Беларусі), аднак іх вызначалі спарадычнасць дзеяння і нестабільнасць складу. Рэгулярныя аркестры паявіліся на мяжы 16—17 ст. з узнікненнем оперы, араторыі, кантаты, у якіх на аркестры ўскладалася функцыя суправаджэння вак. партый. Тыпы аркестраў, іх прызначэнне гістарычна мяняліся ў залежнасці ад развіцця муз. інструментаў і выканальніцтва, эвалюцыі арк. мыслення кампазітараў, ідэйна-стыліст. тэндэнцый.

Звесткі пра аркестры на Беларусі сягаюць у 16 ст. («літоўская капэла»), У 18 ст. вядомы розныя тыпы аркестраў: т.зв. «янычарская музыка» (Шклоў, Нясвіж, Гродна), рагавая музыка (Нясвіж, Шклоў), «хатняя музыка» (Горы-Горкі, Гродна, Нясвіж), духавыя, а таксама малыя сімф. аркестры раннекласічнага складу — капэлы (гл. Прыгонныя аркестры і капэлы). Вядома пра існаванне «касцельнай музыкі» ў 18 — 1-й пал. 19 ст. ў Гродне, Слоніме, Мінску, Пінску, Нясвіжы, Будславе і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст. прыкметную ролю ў грамадска-культ. жыцці адыгрывалі сімф. і духавыя аркестры, у т. л. ў Мінску (гл. Мінскі гарадскі аркестр), Віцебску, Слуцку, Гродне. У 1919—21 створаны сімф. аркестры ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве на базе нар. кансерваторый, муз. школ, пазней муз. тэхнікумаў і драм. т-раў. Прафесійныя аркестры ў Беларусі (1995): Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё, сімфанічныя аркестры Дзярж. т-ра оперы і балета Дзярж. т-ра муз. камедыі, Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь, Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, мінскі духавы аркестр «Няміга» і інш.

Літ.:

Барсова И.А. Книга об оркестре. 2 изд. М., 1978.

І.​Дз.​Назіна.

т. 1, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛА́С (грэч. Atlas),

Атласкія горы, горная сістэма на ПнЗ Афрыкі, у Марока, Алжыры і Тунісе. Даўж. каля 2000 км. Сярэдняя выш. 2000—2500 м, найб. 4165 м (г. Тубкаль). Паўночны хрыбет Эр-Рыф і Тэль-Атлас утвораны альпійскай складкавасцю. Паралельныя складкава-глыбавыя хрыбты найб. высокай цэнтр. часткі (Сярэдні Атлас, Высокі Атлас, Антыатлас і інш.) узніклі ў перыяд герцынскага арагенезу, ім характэрны альпійскія формы рэльефу. На З ад Сярэдняга Атласа ступенямі спускаецца плато Мараканская Месета. Паміж хрыбтамі Тэль-Атлас і Сахарскі Атлас ляжаць Высокае плато і раўніны Алжырскай Месеты, далей на У — Туніскі хрыбет.

Складзены Атлас пераважна з вапнякоў, мергеляў, стракатых глін; трапляюцца стараж. вулканічныя пароды. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: жал., поліметал. руды, нафта, фасфарыты, каменная соль. Клімат субтрапічны міжземнаморскі на Пн і паўпустынны ў астатніх раёнах. У ніжнім поясе гор сярэдняя т-ра студз. 10—12 °C на Пн, ва ўнутр. раёнах 4—6 °C. Сярэдняя т-ра ліп. каля 25 °C (максімум 40 °C на ўнутр. раўнінах). Ападкаў на б.ч. тэр. 400—600 мм за год, найб. колькасць на паўн. і зах. схілах Высокага Атласа — 2000—2500 мм, на Пд менш за 300 мм. З гор пачынаюцца рэкі Дра і Шэліф. Шматлікія сухія рэчышчы (уэды, вадзі). У міжгорных упадзінах салёныя азёры — себхі (Шот-эш-Шэргі, Шот-эль-Ходна, Захрэз-Гарбі і інш.). На ўзбярэжжы на карычневых глебах зараснікі вечназялёных цвердалістых хмызнякоў тыпу маквісу (мірт, сунічнае дрэва, дрок, алеандр, аліва і інш.). У сухіх унутр. раёнах на Пд і ў зоне субтрапічных паўпустыняў — разрэджаная злакавая расліннасць (кавыль, трава альфа), зараснікі палыну, спарты на шэра-карычневых, моцна друзаватых глебах. У Атласе рэзка выяўлена вышынная пояснасць. Паўн. і зах. схілы да выш 800—1200 м укрыты вечназялёнымі хмызнякамі і дрэвамі (каменны і коркавы дуб), да выш. 1700 ммяшаныя лясы з вечназялёнымі, летнезялёнымі шыракалістымі (дуб, клён) і хваёвымі дрэвамі, да 2200 м — хвойныя лясы (атласкі кедр) на горна-лясных бурых глебах, вышэй — ядлоўцы. На вяршынях — плямы горна-лугавой і горна-стэпавай расліннасці. Жывёльны свет: малпы, антылопы, шакалы, гіены, дробныя грызуны; паўзуны (змеі, яшчаркі і вараны, чарапахі); скарпіёны, фалангі, скалапендры. Шмат пералётных птушак, з драпежных — арлы і ястрабы. Ландшафты паўн. раёнаў моцна зменены чалавекам.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Горы Атлас.

т. 2, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

форма арганізацыі вытв-сці на аснове цэнтралізацыі капіталу шляхам продажу акцый. Дае магчымасць аб’яднаць дробныя капіталы акцыянераў для вырашэння маштабных вытв.-гасп. праблем (буд-ва чыгунак, буйных прадпрыемстваў і інш.), аператыўна манеўраваць сродкамі, дэмакратызаваць капітал, зацікавіць акцыянераў у павелічэнні прыбытку. Бываюць адкрытыя акцыянерныя таварыствы (акцыі свабодна прадаюцца і купляюцца) і закрытыя (акцыі размяркоўваюцца толькі сярод заснавальнікаў). Акцыянернае таварыства — юрыд. асоба, мае свой статут. Вышэйшы орган — агульны сход акцыянераў, бягучымі справамі кіруе праўленне (савет дырэктараў). Маёмасць фарміруецца за кошт укладаў акцыянераў (уласны капітал), назапашанага прыбытку, а таксама за кошт крэдытаў банка (пазыковыя сродкі) і выпуску аблігацый. Па абавязацельствах акцыянернае таварыства адказвае толькі сваёй маёмасцю (абмежаваная адказнасць), акцыянеры — толькі коштам іх акцый. Удзел акцыянераў у кіраванні акцыянернага таварыства абмежаваны. Вырашальная роля ў прыняцці рашэнняў належыць уладальніку кантрольнага пакета (51%) акцый. Але ва ўмовах распылення акцый сярод. вял. колькасці акцыянераў для атрымання большасці галасоў фактычна дастаткова 15—20% акцый.

Першыя акцыянерныя таварыствы ўзніклі ў 1600 у Англіі і ў 1602 у Нідэрландах, дзякуючы сваім перавагам сталі асн. формай прадпрымальніцкай дзейнасці сярэдніх і буйных прадпрыемстваў. У Расіі да рэформы 1861 было 120 акцыянерных таварыстваў, да 1914 — 2235 (дамінуючае становішча займалі ў фабр.-заводскай прам-сці).

На Беларусі ў 1913 было 20 акцыянерных таварыстваў, у 1914 ім належалі 34 буйныя прадпрыемствы: ільнопрадзільныя ф-кі ў Віцебску («Дзвіна») і ў Высачанах (Аршанскі р-н), віцебскі трамвай, з-д сухой перагонкі драўніны ў Выдрыцы (Аршанскі р-н), запалкавая ф-ка «Прагрэс-Вулкан» у Пінску, Гродзенская тытунёвая, Дубровенская тэкстыльная ф-кі і інш. Доля акцыянерных таварыстваў у аб’ёме валавой прадукцыі ў 1914 складала 14,8%. У перыяд новай эканам. палітыкі ў БССР ствараліся дзярж. (пры ўдзеле некалькіх гасп. наркаматаў), мяшаныя (дзярж.-каап. і дзярж.-прыватныя), каап. і прыватныя акцыянерныя таварыствы. У розных галінах дзейнічалі Белкамунбанк, Бел. т-ва с.-г. крэдыту, Дзяржгандальбел, Віцебскгандаль, Палесгандаль, Хлебапрадукт. У 1923—28 зарэгістравана 20 прыватных акцыянерных таварыстваў. У канцы 1920-х г. яны рэарганізаваны ў буйныя дзярж. прадпрыемствы. Зноў пачалі ўзнікаць з пач. 1990-х г. з фарміраваннем рыначнай эканомікі, пераважна на базе дзярж. прадпрыемстваў з удзелам сродкаў працоўных калектываў. Як акцыянерныя таварыствы ўзнікаюць і камерцыйныя банкі, біржы і інш. рыначныя структуры. На на Беларусі зарэгістравана 1021 акцыянернае таварыства, у т. л. 780 закрытых.

Л.​А.​Лобан.

т. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТРУМЕНТО́ЎКА,

выкладанне муз. твора для выканання аркестрам ці інстр. ансамблем. Да арк. музыкі выкарыстоўваюць і тэрмін аркестроўка. І. ўвасабляецца ў партытуры, дзе запісаны партыі ўсіх інструментаў і галасоў муз. твора. Тэрмін «І.» часта пашыраюць і на сферу хар. шматгалосай музыкі (т.зв. харавая І.). Асн. прынцыпы І.: збалансаванае спалучэнне кантрастных груп інструментаў; функцыян. трактоўка арк. груп і іх узаемаадносіны; стварэнне мелодыка-тэматычных, рытмавых, гарманічных пластоў арк. фактуры, выкарыстанне педалей, фонаў, контрапунктычных утварэнняў; тэхніка перадачы і перапляцення арк. галасоў (інстр. ліній); верт. складанне і гарыз. развіццё шматпланавай арк. тканіны.

Развіццё І. пачалося з зацвярджэннем гамафоннага стылю муз. пісьма (гл. Гамафонія). Важную ролю ва ўсведамленні драматург. ролі тэмбраў адыграў оперны т-р (16—17 ст.). У 18—19 ст. сфарміраваўся класічны склад сімфанічнага аркестра, чаму садзейнічала творчасць Л.​Бетховена, І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, якія імкнуліся пераадолець абмежаванасць тагачаснага інструментарыя, павялічыць і ўдасканаліць сімф. аркестр. На базе класічнага аркестра 19 ст. склаўся народжаны ідэямі муз. рамантызму і імпрэсіянізму сімф. аркестр 20 ст., які задавальняе маст. патрэбы кампазітараў розных кірункаў і індывідуальнасцей.

Гіст. развіццё арк. музыкі суправаджалася пошукамі новых тэмбравых спалучэнняў, удасканаленнем інструментарыя і стварэннем новых інструментаў для ўзмацнення маляўнічасці, выразнасці музыкі. Разам з выкарыстаннем «чыстых» (сольных) тэмбраў як носьбітаў тэмы (лейтматыву) кампазітары пачалі выкарыстоўваць мяшаныя тэмбры. У залежнасці ад маст. задумы і творчай індывідуальнасці кампазітара І. (аркестроўка) можа быць (з улікам пераважнай тэндэнцыі) акустычна ўраўнаважанай (больш блізкая венскім класікам; асн. ўвага аддаецца дынамічнай збалансаванасці гучання, арган. спалучэнню гарызанталі і вертыкалі) ці тэмбральна-каларыстычнай (больш блізкая рамантыкам і імпрэсіяністам; пераважае характарыстычнасць тэмбраў, выяўленчасць, маляўнічасць гучання). У бел. музыцы да першай больш схіляюцца А.​Багатыроў, Я.​Цікоцкі, да другой — Г.​Вагнер, Я.​Глебаў, С.​Картэс, А.​Мдывані, Дз.​Смольскі. Курс І. выкладаюць у кансерваторыях і інш. спец. муз. навуч. установах.

Літ.:

Геварт Ф.О. Новый курс инструментовки: Пер. с фр. 2 изд. М.;

Лейпциг, 1913;

Римский-Корсаков Н.А. Основы оркестровки // Полн. собр. соч. Лит. произв. и переписка. М., 1959. Т.З;

Берлиоз Г. Большой трактат о современной инструментовке и оркестровке: Пер. с фр. [4 ] 1—2. М., 1972;

Витачек Ф.Е. Очерки по искусству оркестровки XIX в. М., 1979.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 7, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)