АМЁБІЯЗ, амёбная дызентэрыя,
хвароба чалавека, якая выклікаецца паразітаваннем у яго арганізме дызентэрыйнай амёбы (Entamoeda histolytica) і характарызуецца язвавым пашкоджаннем тоўстага кішэчніка. Цысты ўзбуджальніка выдзяляюцца ў навакольнае асяроддзе з калам, у вадзе могуць захоўваць жыццяздольнасць да 8 месяцаў; трапляюць у арганізм праз брудныя рукі, прадметы ўжытку, забруджаную агародніну, ваду. Інкубацыйны перыяд да 1,5 месяца. Хвароба пачынаецца слабасцю, зніжэннем апетыту, болямі ў жываце. Надворак пачашчаецца да 5—15 разоў за суткі, вадкі, са сліззю і крывёй. Развіваюцца з’явы інтаксікацыі. Без лячэння магчымы пераход у хранічную форму з ускладненнямі (разрывы кішак і абсцэсы ў печані і мозгу). Лячэнне толькі ў стацыянары з наступным наглядам урача.
т. 1, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎДЫЯМЕ́ТРЫЯ (ад лац. audire чуць + ...метрыя),
акуметрыя, вызначэнне вастрыні слыху. Найб. просты метад аўдыяметрыі — даследаванне слыху шэптам, гутарковай мовай (вызначаецца адлегласць, на якой паддоследны здольны пачуць словы) і камертонам (вызначаецца час, на працягу якога хворы чуе паступова затухальнае гучанне камертона). Пры даследаванні аўдыяметрам па змене вышыні (ад 100 да 10 000 герц) і сілы гуку вызначаюць іх мінім. інтэнсіўнасць, пры якой гук ледзьве чутны (парог успрымання). Вынікі аўдыяметрыі запісваюцца ў выглядзе аўдыяграмы. Найб. дакладны спосаб — даследаванне з рэгістрацыяй слыхавых выкліканых патэнцыялаў (СВП) — біятокаў, што ўзбуджаюцца ў галаўным мозгу пры раздражненні вуха гукавымі сігналамі. СВП выяўляюцца пры камп’ютэрнай апрацоўцы даных, атрыманых шматразовым паўторам гукавых стымулаў.
В.А.Быстрэнін.
т. 2, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МА (ад грэч. kōma глыбокі сон) у медыцыне, небяспечны для жыцця стан, які характарызуецца стратай свядомасці, рэзкім аслабленнем або адсутнасцю рэакцыі на знешнія раздражненні, згасаннем рэфлексаў да поўнага іх знікнення, парушэннем глыбіні і частаты дыхання, змяненнем тонусу сасудаў, частым або запаволеным пульсам, парушэннем тэмпературнай рэгуляцыі. Развіваецца з прычыны глыбокага тармажэння ў кары галаўнога мозга, распаўсюджаннем яго на падкорку і інш. аддзелы ц. н. с., пры парушэннях кровазвароту, запаленнях (энцэфаліт, менінгіт, малярыя) у галаўным мозгу, траўмах галавы, пры атручэннях, гепатыце, дыябеце цукровым, урэміі. Этыялогія і класіфікацыя К. (паводле М.К.Багалепава, 1950, 1962) уключае больш за 30 відаў К.
А.М.Петрыкаў.
т. 8, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАФІЛЯ́РЫІ,
лічынкі паразітычных круглых чарвей падкл. філярыін. Больш за 600 відаў. Жывуць у крывяносных і лімфатычных сасудах, галаўным і спінным мозгу, інш. тканках дэфінітыўнага гаспадара. Калі насякомыя — прамежкавыя гаспадары — (камары родаў Aedes, Culex, Mansonia і інш., мошкі роду Simulium) смокчуць кроў, М. пранікаюць у іх кішэчнік, потым у поласць цела, дзе і адбываецца развіццё. Дасягнуўшы інвазійнай стадыі, М. трапляюць у арганізм дэфінітыўнага гаспадара і дасягаюць палавой спеласці. Гельмінтозы людзей, выкліканыя М. вухерэрыя Банкрафта (Wuchereria bancrofti), анхацэрка вольвулюс (Onchocerca volvulus) і бругія малайская (Brugia malayi), найб. небяспечныя; пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы, Афрыцы, на астравах Ціхага ак.
т. 10, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫТ,
інфекцыйная хвароба коней, якая характарызуецца ліхаманкай, запаленнем падсківічных лімфавузлоў і слізістых абалонак носа і глоткі. Пашыраны ўсюды, найб. у краінах з умераным і халодным кліматам. Хварэюць пераважна маладыя (да 5 гадоў) жывёлы ў халодны перыяд. Узбуджальнік — мытны стрэптакок, які перадаецца з выдзяленнямі хворых і бактэрыяносьбітаў (перахварэлых і здаровых). Заражэнне адбываецца праз страўнікава-кішачны тракт, радзей аэрагенным ці палавым шляхам. Формы цячэння: тыповая (т-ра да 41 °C, слізіста-гнойныя выдзяленні з носа, кашаль, балючае ацяканне падсківічных лімфавузлоў, іх нагнаенне і ўскрыццё), метастатычная, або ўскладненая (абсцэсы таксама ў інш. лімфавузлах, мозгу, суставах, унутр. органах), генітальная (запаляюцца палавыя органы і блізкія да іх лімфавузлы), абартыўная (лёгкая, без нагнаенняў).
т. 11, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
метатала́мус
(ад мета- + таламус)
задняя частка прамежкавага мозгу ў пазваночных.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
рэхаэнцэфалагра́фія
(ад рэха + энцэфалаграфія)
метад ультрагукавой дыягностыкі захворванняў галаўнога мозгу.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ва́дкасць, ‑і, ж.
1. Рэчыва, якое мае ўласцівасць цячы і набываць форму той пасудзіны, у якой яно знаходзіцца. Бутэлька з вадкасцю.
2. Уласцівасць вадкага.
•••
Бардоская вадкасць — хімічны сродак, які выкарыстоўваецца для барацьбы з грыбковымі і бактэрыяльнымі хваробамі раслін.
Спіннамазгавая вадкасць — вадкасць, якая напаўняе ў пазваночных жывёл і ў чалавека поласці спіннога і галаўнога мозгу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раздражне́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. раздражняць — раздражніць (у 1 знач.). // Рэакцыя арганізма або асобнага органа на ўздзеянне раздражняльніка. Раздражненне ў кары галаўнога мозгу. Раздражненне скуры.
2. Стан злоснага ўзбуджэння; пачуццё незадаволенасці, злосці. Старшы сержант з раздражненнем падумаў, што праз аднаго такога можа на вучэннях праваліцца ўвесь узвод. Мележ. Шматлікія пасяджэнні выклікалі ў .. [Алеся] звычайна раздражненне. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
электраэнцэфалагра́ма
(ад электра- + энцэфалаграма)
графічнае адлюстраванне біятокаў галаўнога мозгу, зробленае электраэнцэфалографам.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)