РАМЕ́НСКА-БО́РШАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура славянскіх плямён 8—10 ст., распаўсюджаная ў басейнах рэк Дзясна, Сейм, Сула, Псёл, Ворскла. Назва ад паселішчаў каля г. Рамны (Сумская вобл., Украіна) і с. Боршава (Варонежская вобл., Расія). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбалоўствам, бортніцтвам, рамесніцтвам; жыло на гарадзішчах і селішчах у чатырохвугольных аднакамерных паўзямлянках слупавой і зрубнай канструкцый з глінабітнымі печамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне; рэшткі крэмацыі змяшчаліся ў ляпных гаршках пад курганнымі насыпамі (сустракаюцца і бескурганныя пахаванні). Кераміка ляпная, арнаментаваная грабеньчатым штампам, насечкамі, наколамі. Знойдзены земляробчыя прылады працы, сякеры, косы, нажы; упрыгожанні — бронзавыя і сярэбраныя бранзалеты, шыйныя грыўні, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, пацеркі. Помнікі канца 1-га тыс. н.э., падобныя да помнікаў Р.-Б.к., сустракаюцца на Пд і ПдУ Беларусі: Мазырскае гарадзішча Кімбараўка, матэрыялы гарадзішча і селішча Чаплін, селішчы Калочын і Насовічы, селішча і курганны могільнік Ходасавічы, курганны могільнік Вароніна, частка матэрыялаў гарадзішчаў Чачэрск і Гомель. Частка даследчыкаў лічыць, што Р.-Б.к. паходзіць ад пражскай культуры, а бел. помнікі звязаны з летапіснымі радзімічамі.

А.​А.​Макушнікаў.

т. 13, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКІ́,

курганны могільнік крывічоў (8—9 ст.), гарадзішча жал. веку і селішча 11—12 ст. каля в. Баркі Полацкага р-на. На могільніку даследавана 9 курганоў, у т. л. доўгі. Пахавальны абрад — трупаспаленне пад насыпам на грунце. У шэрагу выпадкаў рэшткі крэмацыі змешчаны ў ямцы, накрытай гаршком. Знойдзены ўпрыгожанні (бронзавыя падвескі, грыўня, бранзалеты, шкляныя пацеркі і інш.), ляпныя гаршкі. Доўгі курган — пусты (кенатаф).

т. 2, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАДЗЕ́НІКІ,

вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Навагрудак—Ліда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на Пн ад г. Навагрудак, 169 км ад Гродна, 30 км ад чыг. ст. Наваельня. 378 ж., 147 двароў (1998). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі курганны могільнік (10—11 ст.).

т. 9, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎПЕ́НЬ,

вёска ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на З ад г.п. Лоеў, 93 км ад Гомеля, 67 км ад чыг. ст. Рэчыца. 534 ж., 199 двароў (1998). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі гарадзішча мілаградскай і зарубінецкай культур і курганны могільнік.

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПО́ЛЛЕ,

вёска ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПдЗ ад г. Бялынічы, 66 км ад Магілёва, 20 км ад чыг. ст. Друць. 433 ж., 157 двароў (1997). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, дом быта, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі стараж. селішча і курганны могільнік.

т. 6, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСЯ́ТА,

вёска ў Клічаўскім р-не Магілёўскай вобл., на. р. Нясета. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на З ад г.п. Клічаў, 102 км ад Магілёва, 4 км ад чыг. ст. Нясета. 766 ж., 295 двароў (2000). Спіртзавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі курганны могільнік дрыгавічоў 11—13 ст.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУ́ЛІЧЫ,

вёска ў Брагінскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на ПнЗ ад г.п. Брагін, 133 км ад Гомеля, 19 км ад чыг. ст. Хойнікі. 228 ж., 90 двароў (1999). Сярэдняя школа, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі курганны могільнік (10—12 ст.).

т. 10, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАРЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Брагінскім раёне Гомельскай вобл., на р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 38 км на ПдУ ад Брагіна, 168 км ад Гомеля, 14 км ад чыг. ст. Ёлча. 462 ж., 199 двароў (1995). Сярэдняя школа, б-ка, клуб, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Каля вёскі гарадзішча і бескурганны могільнік мілаградскай і зарубінецкай культур.

т. 2, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́НІНА,

археалагічныя помнікі (2 селішчы, бескурганны могільнік) ранняга жалезнага веку каля в. Вароніна Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. На селішчах знойдзены фрагменты грубаляпной і чорнаглянцаванай керамікі зарубінецкай культуры і ляпной керамікі сярэднявечча. На могільніку пахавальны абрад — трупаспаленне; рэшткі крэмацыі змешчаны ў прадаўгаватых або круглых ямах. Пахавальны інвентар — драцяныя фібулы, бронзавыя шпількі, спіралепадобныя бранзалеты, жал. кольцы, нажы, спражкі і інш., гліняныя, пераважна глянцаваныя, пасудзіны розных форм.

т. 4, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЗІ́ЛАВІЧЫ,

курганны могільнік радзімічаў 10—12 ст. каля в. Гадзілавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. 124 насыпы (было каля 400). Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Сярод знаходак бронзавыя паясныя кольцы, нажы, крэсівы, упрыгожанні (бронзавыя прамянёвыя скроневыя кольцы, шкляныя бочачкападобныя залачоныя, пасярэбраныя і зонныя пацеркі, медныя пярсцёнкі, падвескі, бранзалеты), фрагменты ганчарнага посуду. На думку Г.​Ф.​Салаўёвай, група мужчынскіх пахаванняў — некропаль дружыннікаў. Побач з могільнікам існавала паселішча эпохі Кіеўскай Русі.

т. 4, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)