БУГА́ (Būga) Казімерас (6.11.1879, в. Пажыеге Зарасайскага р-на, Літва — 2.12.1924),

літоўскі мовазнавец. Праф. Пермскага (1918), Томскага (1919) і Ковенскага (1922) ун-таў. Даследаваў слав.-балтыйскія моўныя сувязі (у т. л. літоўска-беларускія) і балт. міфалогію; запісваў фальклор; вывучаў літ. геагр. назвы і ўласныя імёны, узаемаадносіны літоўцаў і беларусаў («Літоўска-беларускія ўзаемаадносіны і іх старажытнасць», 1925). Сабраў вял. картатэку (каля 500 тыс. картак), якая пакладзена ў аснову акад. слоўніка літоўскай мовы. Аўтар працы «Мова і старажытнасць» (1922).

Тв.:

Rinktiniai raštai. T. 1—3. Vilnius, 1958—62.

т. 3, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЫ́КА Аляксандр Мікалаевіч (н. 18.3.1935, в. Селішча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мовазнавец. Чл.-кар. АН Беларусі (1994), д-р філал. н. (1981), праф. (1992). Скончыў БДУ (1959). З 1965 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе мову помнікаў стараж. бел. л-ры, старабел. графіку, арфаграфію, фанетыку, марфалогію, лексікалогію і інш.: «Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы» (1970), «Даўнія запазычанні беларускай мовы» (1972), «Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст.» (1980). Аўтар «Слоўніка іншамоўных слоў» (1993), рэдактар і сааўт. «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—14, 1982—96).

А.М.Булыка.

т. 3, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ЕР (Hujer) Олдржых (25.11.1880, Пацержыцы, Чэхія — 4.6.1942),

чэшскі мовазнавец. Член Чэш. каралеўскага навук. т-ва, Чэш. АН (1924). Праф. Карлава ун-та ў Празе (1924). Даследаваў слав. мовазнаўства і гісторыю чэш. мовы дапісьмовага перыяду: «Славянскае іменнае скланенне» (1910), «Развіццё чэхаславацкай мовы» (1934). У працы «Уводзіны ў гісторыю чэшскай мовы» (3-е выд., 1946) разглядаў праблемы адносін слав. моў да балцкіх, працэс вылучэння праслав. мовы з індаеўрапейскай, асн. рысы фанетыкі, граматыкі і слоўнікавага складу агульнаіндаеўрап. мовы. Адзін з заснавальнікаў (1922) і рэдактараў час. «Slavia» («Славія»).

Р.​М.​Малько.

т. 5, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РСКІ Мікалай Іванавіч (4.6.1905, в. Свінка Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 5.7.1972),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1950), праф. (1962). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1937). Настаўнічаў, выкладаў у БДУ, з 1944 у Мінскім пед. ін-це. Даследаваў пытанні бел., рус. і слав. мовазнаўства. Аўтар «Параўнальнай граматыкі рускай і беларускай моў» (1962; 2-е выд. 1972). Сааўтар шэрагу падручнікаў і дапаможнікаў для сярэдніх і вышэйшых навуч. устаноў («Беларуская мова», ч. 1—2, 1961—62; «Руская мова», ч. 1—2, 1962—65, і інш.).

І.​К.​Германовіч.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРЭ́МБСКІ (Otrębski) Ян Шчэпан (8.12.1889, г. Піліца Катавіцкага ваяв., Польшча — 25.4.1971),

польскі мовазнавец. Акад. Польскай акадэміі ведаў у Кракаве (1934). Д-р філасофіі. Скончыў Варшаўскі ун-т. У 1921—45 праф. Віленскага, у 1945—60 Пазнанскага ун-таў. Даследаваў пытанні індаеўрап. мовазнаўства. Сярод прац «Славяна-літоўскія паралелі» (1930—35), «Індаеўрапейскія даследаванні» (1939), «Славяне» (1947), «Славянабалтыйская моўная роднасць» (1954). Аўтар арт. «Этнічная праблема Палесся», «Славізацыя літоўскіх водных і мясцовых назваў», «Нарыс (народных беларускіх) гаворак Віленскай губерні», пра геагр. назвы («Гродна», «Вільня», «Вілія», «Русь»), па этымалогіі паасобных бел. слоў.

І.​І.​Лучыц-Федарэц.

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАНО́ВІЧ Анатоль Васілевіч (28.8.1888, в. Луначарскае Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобласці — 2.8.1969),

бел. і рус. мовазнавец. Скончыў Варшаўскі ун-т (1913). Настаўнічаў, з 1926 выкладаў бел. мову ў БДУ. Удзельнічаў у распрацоўцы бел. арфаграфіі (сакратар Арфаграфічнай камісіі, потым Камісіі бел. літ. мовы ў Інбелкульце). На пач. 1930-х г. звольнены з працы і пад пагрозай арышту ў 1934 пакінуў Беларусь. Працаваў у пед. ін-тах Расіі і Украіны. Аўтар падручніка «Беларуская мова» (1927), «Самавучыцеля па беларускай мове» (у рукапісе), артыкулаў па пытаннях бел. і рус. моў.

т. 2, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́СПЕРСЕН (Jespersen) Енс Ота Хары (16.7.1860, г. Рандэрс, Данія — 30.4.1943),

дацкі мовазнавец. Праф. англ. мовы ў Капенгагенскім ун-це (з 1893). Аўтар падручніка англ. мовы (1895; 19 выданняў), у аснову якога пакладзена жывая размоўная мова. Сваё разуменне граматыкі як жывога цэлага, што ўвесь час развіваецца, адлюстраваў у працы «Філасофія граматыкі» (1924). Аўтар «тэорыі прагрэсу» ў мове, паводле якой усе моўныя змены накіраваны на аблягчэнне ўмоў камунікацыі, а таму — прагрэсіўныя. Стварыў праект міжнар. штучнай мовы — навіяль. Працы Е. паўплывалі на развіццё мовазнаўства 20 ст.

Тв.:

Рус. пер. — Философия грамматики. М., 1958.

т. 6, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́БАЎ Аляксандр Васілевіч (н. 13.12.1936, г. Махачкала, Дагестан),

бел. мовазнавец. Акад. Міжнар. акадэміі інфарматызацыі (1996). Д-р філал. н., праф. (1986). Скончыў Маскоўскі ун-т (1964). З 1965 працуе ў Мінскім дзярж. лінгвістычным ун-це (з 1995 прарэктар). Вывучае праблемы лінгвістыкі тэксту, камп’ютэрнай лінгвістыкі, штучнага інтэлекту, камп’ютэрнага навучання. Аўтар прац «Апрацоўка на АС ЭВМ тэкстаў натуральных моў» (1977), «Праблемы нараджэння тэксту» (ч. 1—2, 1987—89); сааўтар кніг «ЭВМ аналізуе тэкст: Кніга для настаўніка» (1989), «Асновы лінгвістычнай інфарматыкі» (ч. 1—3, 1991—93), «Лінгвістычная інфарматыка» (1995) і інш.

Т.​Я.​Жэбіт.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАРО́ЎСКІ Яўген Міхайлавіч (н. 26.8.1930, в. Савані Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1965). Скончыў БДУ (1954). З 1957 у БелТА, з 1962 у БДУ. Даследуе бел. дыялекталогію, стылістыку, культуру мовы, бел.-польск. моўнае ўзаемадзеянне. Аўтар прац «Беларускі правапіс» (1965), «Беларуская мова. Арфаграфія» (1972), адзін з аўтараў (з Е.​С.​Мяцельскай) «Слоўніка беларускай народнай фразеалогіі» (1972), вуч. дапаможнікаў «Беларуская дыялекталогія. Хрэстаматыя» (1979), «Беларуская мова» (2-е выд., 1993).

Тв.:

Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985;

Сучасная беларуская мова. 2 выд. Мн., 1995 (у сааўт.).

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛЁЎ Ігар Аляксеевіч (17.3.1928, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 2.10.1994),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1978), праф. (1979). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1953). Настаўнічаў, з 1966 выкладаў у Бел. пед. ун-це. Аўтар манаграфіі «Часціцы ў сучасных усходнеславянскіх мовах» (1976). Навук. артыкулы ў галіне ўсх.-слав. марфалогіі і фразеалогіі, па праблемах рус.-бел. моўнага ўзаемадзеяння: «Аб выкарыстанні выдзяляльна-абмежавальных часціц у сучасных усходнеславянскіх мовах» (1971) і інш. Складальнік «Фразеалагічнага слоўніка рускай мовы» (1985), «Руска-беларускага фразеалагічнага слоўніка» (1991), сааўтар вучэбных дапаможнікаў для пед. ін-таў.

І.​К.​Германовіч.

т. 8, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)