ілю́зія, ‑і, ж.

Скажонае ўяўленне, уражанне, заснаванае на падмане пачуццяў; прыняцце ўяўнага за сапраўднае. Аптычная ілюзія. □ Ілюзія руху была настолькі вялікая, што ад хуткасці зацінала дыханне. Мележ. У сляпым жа палёце не відаць лініі далягляду, зрок не правярае самаадчування, і лётчыку часамі здаецца, што самалёт ідзе з наборам вышыні або хіліцца набок. Гэта ілюзіі. Алешка. // Уражанне, бачнасць чаго‑н. Наяўнасць у пакоі некалькіх люстраў — вялікае трумо, люстра ў шафе і вялікі трэльяж каля ложка на начным століку, а таксама мноства крыштальных рэчаў — стваралі ў пакоі ілюзію празрыстасці. Рамановіч. Ілюзія мацярынства была такой моцнай, што часам і сама яна [Таццяна] цвёрда верыла, што Віця — яе сын. Шамякін. // Памылковае ўяўленне аб чым‑н.; надзея на што‑н., пазбаўленая рэальных падстаў. Народніцкія ілюзіі. Цешыць сябе ілюзіямі. Паддавацца ілюзіям. □ Так былі развеяны марныя ілюзіі добрага і дастойнага чалавека, нібыта ён пісьменнік. Лужанін.

[Фр. illusion — зманлівае ўяўленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свя́тасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць святога. Набожныя людзі вераць у святасць царквы. □ Грубы адказ стражнікаў абражаў святасць мацярынства і таптаў элементарную гуманнасць. У. Калеснік.

2. Прадмет захаплення, чыстаты. «Якія.. [дзяўчаты] розныя! — паволі набліжаючыся, падумаў я. — Гэта — простая, ёмкая, моцная, так і карціць з ёю пажартаваць. А тая — нейкая сама святасць. З той хочацца марыць». Ваданосаў. Сваю нявольніцкую душу.. [Тварыцкі] любіць, яна ў яго стала гарманічнай, ён узвёў яе на пастамент святасці і рад. Чорны. // Рысы незвычайнасць уласцівыя святому (у 2, 3 знач.). [У касцёле] толькі каляровыя вітражы ў мараканскім духу ды статуя мадонны з дзіцём на руках, без аніякіх адзнак святасці ці царкоўнасці. В. Вольскі. Дзе бог, там і распуста, — Пад крыльцам божым бруд ямчэй хаваць. Святошы ўмеюць шырму святасці сагнаць Даволі густа. Корбан. Праўда, у Цельшыне было многа такіх палешукоў, як, напрыклад, дзед Мікіта, да якіх святасць пс падыходзіла ніякім чынам. Колас. // Надзвычайная чыстата, дабрата і пад. Жонка была прыгожая, добрая, але не кахала яго [Загорскага]. Чыстая да святасці, святая да бязглуздасці. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АКУШЭ́РСТВА (ад франц. accoucher дапамагаць пры родах),

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае фізіял. і паталаг. працэсы ў арганізме жанчыны ў час цяжарнасці, родаў і ў пасляродавым перыядзе, распрацоўвае і ўкараняе ў практыку метады родадапамогі, прафілактыкі і лячэння ўскладненняў цяжарнасці і родаў, хвароб плода і нованароджанага. Разам з гінекалогіяй складае адзіную мед. дысцыпліну.

Элементы навук. акушэрства вядомы са стараж. часоў (працы Гіпакрата, 460—370 да н.э., Авіцэны, 980—1037, і інш.). У 16 ст. адкрыта першая школа павітух пры Парыжскім шпіталі, у 17—18 ст. распрацаваны аперацыі накладання акушэрскіх шчыпцоў (англ. вучоны П.​Чэмберлен), павароту плода (вучоныя франц. А.​Парэ, англ. У.​Смелі). Заснавальніку акушэрства ў Расіі Н.​М.​Амбодзік-Максімовічу належыць першы арыгінальны дапаможнік па акушэрству (1784—86). У канцы 19—пач. 20 ст. рус. акушэр В.​В.​Строганаў распрацаваў метад лячэння эклампсіі, які атрымаў сусветнае прызнанне. Значны ўклад у акушэрскую навуку і практыку зрабілі А.​Я.​Красоўскі, У.​Ф.​Снегіроў, І.​П.​Лазарэвіч, М.​М.​Фенаменаў, Д.​А.​Абуладзе.

На Беларусі навук. акушэрства пачало развівацца пасля арганізацыі Гродзенскай мед. акадэміі (1775—81). Станаўленню сучаснага акушэрства садзейнічалі працы І.​М.​Старавойтава, М.​Л.​Выдрына (аперацыйнае акушэрства, ахова плода і нованароджанага), Л.​С.​Персіянінава (таксікозы цяжарных, гіпаксія плода і нованароджанага), Н.​Ф.​Лызікава, В.​С.​Ракуця, В.​Ц.​Камінскай (перынатальная ахова плода і нованароджанага), І.​С.​Лягенчанкі, В.​Р.​Лінкевіч (гіпаксія нованароджанага, акушэрская эмбрыялогія), Г.​І.​Герасімовіча (кесарава сячэнне), І.​У.​Дуды (фізіялогія і паталогія скарачальнай дзейнасці маткі), Л.​Я.​Супрун (праблемы імуналогіі), Г.​А.​Лукашэвіча (пасляродавая інфекцыя). Навук. праца вядзецца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ аховы мацярынства і дзяцінства, на кафедрах акушэрства і гінекалогіі мед. ін-таў. Асн. кірункі даследаванняў: невыношванне цяжарнасці (заўчасныя роды), анамаліі родавай дзейнасці, родавы траўматызм маці і плода, пасляродавыя захворванні, перынатальная ахова плода і нованароджанага, асаблівасці генерацыйнай функцыі жанчын ва ўмовах павышанай радыяцыі ў сувязі з вынікамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). Акушэрска-гінекалагічная дапамога парадзіхам аказваецца ў радзільных дамах, жаночых кансультацыях, аддзяленнях гар., абл., раённых і інш. бальніц.

Акушэрства ветэрынарнае — галіна ветэрынарыі, якая вывучае фізіялогію і паталогію палавых працэсаў і асемянення с.-г. жывёл, цяжарнасць, роды і пасляродавы перыяд, а таксама хваробы нованароджаных, распрацоўвае метады дыягностыкі, тэрапіі і прафілактыкі бясплоднасці ў с.-г. жывёл. Праблемы акушэрства вет. даследуюць у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, бел. н.-д. ін-тах эксперым. ветэрынарыі, жывёлагадоўлі, ВНУ.

Літ.:

Акушерство. М., 1987;

Ветеринарное акушерство и гинекология. 5 изд. М., 1980.

І.​У.​Дуда.

т. 1, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАНАДАЎСТВА АБ ШЛЮБЕ І СЯМ’І.

Складаецца з нарматыўных актаў, якія рэгулююць адносіны паміж грамадзянамі на аснове шлюбу, замацоўваюць правы і абавязкі членаў сям’і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і нормамі міжнар. права, забяспечваюць ахову мацярынства і бацькоўства, законных правоў і інтарэсаў дзяцей, спрыяльных умоў для развіцця і станаўлення кожнага дзіцяці. Асн. заканадаўчы акт, у якім сістэматызаваны нормы сямейнага права, — Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, прыняты 9.7.1999 і ўведзены ў дзеянне 1.9.1999. Ён складаецца з 7 раздзелаў (241 артыкул).

У раздзеле «Агульныя палажэнні» сфармуляваны задачы заканадаўства аб шлюбе і сям’і, умацавання сям’і як натуральнай і асн. ячэйкі грамадства на прынцыпах агульначалавечай маралі, роўнасці, павагі і ўзаемадапамогі членаў сям’і. Раздзел «Шлюб» вызначае парадак і ўмовы ўзяцця шлюбу, заключэння шлюбнага дагавора, правы і абавязкі мужа і жонкі, парадак спынення шлюбных адносін, парадак і вынікі ўстанаўлення паходжання дзяцей ад бацькоў, якія знаходзяцца або не знаходзяцца ў шлюбе паміж сабой. Раздзел «Сям’я» ўстанаўлівае падставы ўзнікнення правоў і абавязкаў сям’і, адказнасць за выхаванне дзяцей, асабістыя немаёмасныя праваадносіны ў сям’і (вызначэнне прозвішча, грамадзянства, месца жыхарства дзяцей, выхаванне, забеспячэнне абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, догляду і нагляду за імі), маёмасныя праваадносіны бацькоў і дзяцей (кіраванне справамі і маёмасцю непаўналетніх і непрацаздольных дарослых дзяцей, парадак выплаты або спагнання аліментаў, падставы спынення аліментных абавязацельстваў); вызначае парадак і прававыя вынікі ўсынаўлення дзіцяці, мэты і вынікі ўстанаўлення апекі і апякунства, пытанні выхавання дзяцей у прыёмнай сям’і, патранатнага выхавання дзяцей — выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў. У раздзеле «Ахова дзяцінства» абвяшчаецца роўнасць і прыярытэт правоў дзяцей, вызначаюцца сац. (права на жыццё, годныя ўмовы жыцця, абарону здароўя, правы на адукацыю і працу, адпачынак і вольны час) і матэрыяльныя (на матэрыяльнае забеспячэнне, на жыллё) правы дзяцей. У раздзеле «Акты грамадзянскага стану» вызначаюцца парадак рэгістрацыі нараджэння, заключэння шлюбу, устанаўлення бацькоўства, усынаўлення, смерці, змены імя і інш. У спец. раздзеле ўстанаўліваецца парадак прымянення заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і ў адносінах да замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, а таксама парадак прымянення заканадаўства аб шлюбе і сям’і замежных дзяржаў і адпаведных міжнар. дагавораў.

У выпадку адсутнасці ў Кодэксе аб шлюбе і сям’і парадку рэгулявання асобных відаў сямейных адносін выкарыстоўваюцца нормы Грамадз. кодэкса Рэспублікі Беларусь. Нарматыўныя акты па пытаннях шлюбных і сямейных адносін могуць прымаць Прэзідэнт, Урад і інш. органы дзярж. кіравання. 17.1.2001 прыняты дэкрэт Прэзідэнта «Аб некаторых пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі і афармлення скасавання шлюбу». Указам Прэзідэнта ад 21.1.1998 зацверджаны «Асноўныя напрамкі дзяржаўнай сямейнай палітыкі Рэспублікі Беларусь». Пастановамі Савета Міністраў ад 28.10.1999 зацверджаны палажэнні: аб органах апекі і апякунства ў Рэспубліцы Беларусь, аб парадку кіравання маёмасцю падапечных, аб прыёмнай сям’і. Пленум Вярх. суда Рэспублікі Беларусь прыняў пастановы «Аб судовай практыцы па справах аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў» (26.9.2002), «Аб судовай практыцы па справах аб усынаўленні (удачарэнні)» (20.12.2000) і інш. Міністэрствамі адукацыі і фінансаў зацверджана «Інструкцыя аб парадку пакрыцця расходаў на ўтрыманне дзяцей, якія змешчаны ў дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы на дзяржаўнае забеспячэнне, а таксама ў апякунскую, прыёмную сям’ю» (кастр. 2002). Нормы, якія рэгулююць сямейныя адносіны, ёсць у міжнар. канвенцыях аб спагнанні за мяжой аліментаў (у Рэспубліцы Беларусь уведзена ў дзеянне 28.9.1996), аб абароне дзяцей і супрацоўніцтве ў адносінах міжнар. ўсынаўлення (у Беларусі ўведзена ў дзеянне 1.11.2003) і інш.

Літ.:

Иванов В.С. Основы права Республики Беларусь. Мн., 1998;

Пенкрат В.И. Семейное право Мн., 1998;

Функ Я.И. Брачный договор: Имуществ. отношения супругов, их участие в хозяйств. обществах и товариществах. 2 изд. Мн., 2003.

А.​А.​Папова.

т. 18, кн. 2, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЫЦЫ́НА (лац. medicina ад medeor лячу),

сістэма навуковых ведаў і практычных прыёмаў, накіраваных на зберажэнне і ўмацаванне здароўя людзей, папярэджанне, распазнаванне і лячэнне хвароб, падтрыманне актыўнага даўгалецця; састаўная ч. аховы здароўя. Вывучае будову, працэсы жыццядзейнасці арганізма ў норме і паталогіі, уплыў фактараў прыроднага і сац. асяроддзя на здароўе і хваробы чалавека; выкарыстоўвае біял., мех., хім., фіз., псіхал. фактары для зберажэння і ўмацавання здароўя. На стан і ўзровень развіцця М., змест і метады мед. дзейнасці ўплываюць матэрыяльныя ўмовы жыцця грамадства, узровень развіцця эканомікі, агульны ўзровень культуры, дасягненні навукі і тэхнікі. Праблемы здароўя звязаны са згубнымі прывычкамі людзей (алкагалізм, курэнне, ужыванне наркотыкаў, таксічных рэчываў і інш.). Найважнейшы кірунак дзейнасці М. — фарміраванне здаровага ладу жыцця. М. падзяляецца на 3 групы дысцыплін: медыка-біялагічныя (анатомія, біяфізіка, біяхімія, вірусалогія, генетыка медыцынская, гісталогія, паразіталогія, паталагічная анатомія, паталагічная фізіялогія, таксікалогія, фармакалогія, фізіялогія), клінічныя (акушэрства, анкалогія, артапедыя, афтальмалогія, венералогія, гастраэнтэралогія, гематалогія, герыятрыя, дэрматалогія, інфекцыйныя хваробы чалавека, курарталогія, лячэбная фізічная культура, неўрапаталогія, нейрахірургія, нефралогія, педыятрыя, псіхіятрыя, радыялогія медыцынская, рэаніматалогія, стаматалогія, траўматалогія, уралогія, эндакрыналогія і інш.) і гігіенічныя (гігіена, мікрабіялогія, эпідэміялогія і інш.). Асобна вылучаюць навукова-практычныя комплексы мэтавага прызначэння: ваенная медыцына, касмічная медыцына, спартыўная медыцына і інш.

Звесткі пра М. вядомы з глыбокай старажытнасці. Ужо ў першабытным грамадстве людзі ўжывалі лекі расл., жывёльнага, мінер. паходжання, умелі памагаць пры родах, раненнях, рабілі некат. аперацыі (нават трэпанацыю чэрапа). У часы язычніцтва лекарамі пераважна былі вешчуны, знахары, жрацы. Асновы народнай медыцыны мелі эмпірычны і стыхійна-матэрыяліст. характар. Багатая мед. спадчына Стараж. Кітая і Індыі. Дасягненні М. ў Стараж. Грэцыі абагульніў Гіпакрат (5 ст. да н.э.). У сярэдневяковай Еўропе М. падпарадкоўвалася царкве, знаходзілася пад уплывам схаластыкі, што тармазіла яе развіццё. У эпоху Адраджэння ў М. ўмацаваліся клінічны і эксперым. метады, развівалася анатомія (А.Везалій) і інш. У 17 ст. У.Гарвей распрацаваў вучэнне аб кровазвароце, М.Мальпігі — аб кровазвароце ў капілярах. З 18 ст. развіваўся даследчы кірунак у М. У 19 ст. распрацаваны метады фіз. дыягностыкі, заснаваны тэорыя клетачнай паталогіі (Р.Вірхаў) асновы бактэрыялогіі і імуналогіі (Л.Пастэр, І.І.Мечнікаў), ваенна-палявой хірургіі (М.І.Пірагоў), удасканалены хірург. аперацыі (М.В.Скліфасоўскі, М.​А.​Вельямінаў), вучэнне пра ролю нерв. сістэмы пры хваробах (С.​Ч.​Боткін) і інш. У 20 ст. распрацаваны вучэнне пра вышэйшую нерв. дзейнасць (І.П.Паўлаў), фізіял., гігіенічныя і біял. асновы тэрапіі, сувязь арганізма з навакольным асяроддзем (Боткін, Р.​А.​Захар’ін, А.​А.​Астравумаў), пра вітаміны, хіміятэрапеўтычныя сродкі. Укаранёны ў практыку гіпатэрмія, пераліванне крыві, трансплантацыя і інш.

На Беларусі ў 15—16 ст. ствараліся шпіталі ў Брэсце (у 1495 і 1508), Мінску (1513), Мазыры (1516), аптэкі. Працы Ф.Скарыны, С.Буднага, Сімяона Полацкага фарміравалі навук. мед.-біял. думку (гл. Медыцынская адукацыя). У склад навук. устаноў Беларусі, якія займаюцца пытаннямі М. (1999), уваходзяць 14 НДІ і 2 навук.-практычныя цэнтры, у т. л. Анкалогіі і медыцынскай радыялогіі НДІ, Аховы мацярынства і дзяцінства Беларускі НДІ, Кардыялогіі Беларускі НДІ і інш., дзе працуюць больш за 3 тыс. навук. супрацоўнікаў, у т. л. 339 д-роў мед. навук, 1356 канд. мед. навук. Бел. вучоныя зрабілі значны ўклад у развіццё М.: І.​А.​Бірыла распрацаваў методыку ажыўлення хворых унутрыартэрыяльным уліваннем крыві, І.С.Лягенчанка, Л.С.Персіянінаў — метады ажыўлення нованароджаных пры асфіксіі, А.Я.Пракапчук — лячэнне чырв. ваўчанкі, І.М.Стальмашонак — аперацыі пластыкі стрававода, Т.В.Бірыч — лячэнне хвароб вачэй кіслародам, М.Я.Саўчанка — аперацыйнае аднаўленне інервацыі ўнутр. органаў, А.​У.​Шот — пратэзаванне клапанаў сэрца, Ц.Е.Гніларыбаў — трансплантацыю эндакрынных залоз і тканак і інш. У канцы 1990-х г. навук. даследаванні па М. выконваліся па 9 дзярж. навук.-тэхн. праграмах: анкалогія, кардыялогія, інфекц. хваробы, стаматалогія і хірургія сківіц і твару, рэабілітацыя, дыягнастычныя і лячэбныя тэхналогіі, дзеці Беларусі, навакольнае асяроддзе, а таксама па 19 асобных навук.-тэхн. праектах. У Мінскім мед. ін-це распрацаваны уніфікаваныя схемы медыкаментознай тэрапіі вострага інфаркту міякарда, прафілактыкі і лячэння плацэнтарнай недастатковасці антыаксідантным комплексам вітамінаў, хірург. лячэння язвенай язвавай хваробы страўніка і інш., у Віцебскім — доследныя ўзоры магн. сепаратараў крыві і інш.; у Гродзенскім — метады кансервацыі біяпластычных тканак для трансплантацыі, у Гомельскім — вывучаны ўплыў злучанага ўздзеяння на арганізм радыенуклідаў і хім. злучэнняў у дародавы і пасляродавы перыяды. У Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў створаны паўаўтааналізатар электралітаў крыві і інш. біял. вадкасцей, фізіятэрапеўт. апаратура, вывучаны ўплыў цяжкіх металаў і мікраэлементаў на здароўе дзяцей.

Літ.:

Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;

История медицины. М., 1981;

Грицкевич В.П. С факелом Гиппократа. Мн., 1987.

Э.​А.​Вальчук.

т. 10, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТОРЫЯ АХОВЫ ЗДАРОЎЯ НА БЕЛАРУСІ.

З часоў глыбокай старажытнасці чалавек эмпірычна набываў вопыт па ахове здароўя, у т. л. агульнагігіенічныя веды і навыкі мед. дапамогі. Народная медыцына, што спрадвеку існавала на Беларусі, апрача загавораў і інш. магічных дзеянняў выкарыстоўвала для лячэння хвароб розныя травы, карані, сродкі жывёльнага і мінеральнага паходжання, водныя, сонечныя і паветраныя працэдуры. Лячэбную дапамогу аказвалі кастаправы, бабкі-павітухі і інш. З 10—12 ст. нар. медыцына ўзбагачалася вопытам антычнай і арабскай медыцыны, ведамі з суседніх дзяржаў. Апрача традыцыйных знахароў, ведуноў, валхвоў, у Полацку, Тураве, Пінску і інш. гарадах паявіліся лекары-манахі, пры манастырах — шпіталі. У часы пашырэння эпідэмічных хвароб наладжваліся заставы-каранціны. У 14—16 ст. у гарадах Беларусі ўводзілі санітарны нагляд, выкарыстоўвалі сродкі дэзінфекцыі (камфара, воцат, сера і інш.), будавалі лазні, масцілі вуліцы, паляпшалі водазабеспячэнне. Хірургічную дапамогу насельніцтву аказвалі цырульнікі, лабезнікі і інш. Напр., у 15—18 ст. у Брэсце было 28—32 цырульнікі, у Слоніме і Слуцку — па 5—7; у Вільні, Брэсце, Мінску, Полацку, Гродне яны аб’ядноўваліся ў цэхі. Развівалася шпітальная справа (напр., у 1495—1508 у Брэсце існавалі 4 шпіталі). Звычайна шпіталі адкрывалі магістраты, феадалы, манастыры, з 17 ст. яны пераважна існавалі пры касцёлах. Звесткі пра дзейнасць аптэк на Беларусі вядомы з 1550; з пач. 17 ст. аптэкі працавалі ў Слоніме, Гродне, Пінску, Глыбокім, пазней — у Заслаўі (1669), Ружанах (1687), Нясвіжы (1688), Навагрудку (1721) і інш. Пры дварах буйных магнатаў працавалі дактары медыцыны (Ф.​Скарына, 1512; Цынгер, 1667—70; А.​Аспеўскі, 1684). Дыпламаваныя дактары працавалі ў гарадах і паветах: Андрэй (Кобрынскі павет, 1546), М.​Кракоўскі, Ф.​Любельскі, Л.​Слуцкі (Слуцк, 1580), М.​Броцкі (Полацк, 1668), С.​Л.​Бізіо (Нясвіж, 1768—72), Ж.​Э.​Жылібер (Гродна, 18 ст.) і інш. У працах бел. асветнікаў С.​Буднага, Л.​Зізанія (16 ст.), Сімяона Полацкага (17 ст.) выказаны погляды аб пазнанні ў галіне медыцыны і спосабах лячэння асобных хвароб. Ф.​Скарына ў сваіх кнігах таксама закранаў мед. тэмы. У 1525—1625 у Вял. княстве Літоўскім надрукавана 5 кніг па медыцыне. У 1775 у Гродне арганізавана першая на тэр. ВКЛ мед. акадэмія (у 1781 пераведзена ў Вільню), з 1792 у Гродне выдаваўся штотыднёвы мед. часопіс «Pismo tygodniowe medyczne».

Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў Магілёўскай і Полацкай губ. у 1781, у Віцебску і Мінску ў 1796 утвораны прыказы грамадскай апекі, якія адкрывалі і ўтрымлівалі бальніцы, сіроцкія дамы, шпіталі, лазарэты. У 19 ст. ўведзены пасады павятовых урачоў, павялічылася колькасць аптэк. У 1869 на тэр. Беларусі функцыянавала 15 казённых і 70 ваен. аптэк. З пач. 1870-х г. для барацьбы з эпідэміямі ствараліся пастаянныя санітарныя камісіі і камітэты (у Мінску з 1891), таварыствы барацьбы з заразнымі хваробамі (у Мінску з 1897), губернскія і павятовыя ўрачэбна-санітарныя саветы (з 1908), губернскія медыка-санітарныя бюро (з 1909). З 1860-х г. у губернскіх гарадах пачалі арганізоўвацца навук. ўрачэбныя таварыствы: Гродна (1859), Магілёў (1862), Мінск (1862), Віцебск (1874), Бабруйск (1902), Брэст (1903), Гомель (1910). Першыя з’езды ўрачоў адбыліся ў Гродзенскай (1892), Віцебскай (1899), Мінскай (1908, 1911, 1914), Магілёўскай (1907) губернях. У 2-й пал. 19 ст. адкрываліся ведамасныя, дабрачынныя і прыватныя мед. ўстановы, лячэбніцы Чырв. Крыжа. Ствараліся і ведамасныя ўстановы пры прадпрыемствах (напр., у 1865 адкрыта бальніца пры Слонімскай суконнай фабрыцы). Пры фабрыках пачалі адкрывацца прыёмныя пакоі на 1—2 ложкі, дзе працавалі ўрачы, фельчары (Гродна, 1900), фабрычныя амбулаторыі (Мінск, 1903). У 1903 і 1910 у Мінску адкрыты першыя дзіцячыя мед. ўстановы. У 1913 на Беларусі было 297 аптэк (на 1 аптэку прыпадала ад 26 да 40 тыс. жыхароў у гарадах і ад 50 да 70 тыс. на вёсцы). З увядзеннем у 1911 у зах. губернях земстваў на Беларусі пачалі стварацца земскія павятовыя ўчасткі. Земствамі адкрыты бальніцы ў Добрушы, Смаргоні, Слоніме. У 1912 прыняты закон аб страхаванні рабочых, ствараліся бальнічныя касы. У 1913 у бальніцах усіх ведамстваў (за выключэннем ваеннага і турэмнага) налічваўся 5141 ложак.

Да 1914 на Беларусі працавала 877 урачоў, на аднаго ўрача ў гарадах прыпадала ад 1600 (Віленская губ.) да 2800 (Віцебская) жыхароў; у паветах — ад 19 600 (Гродзенская губ.) да 32 900 (Магілёўская). Цэнтрамі падрыхтоўкі ўрачоў былі Віленская вышэйшая мед. школа і Пецярбургская медыка-хірургічная акадэмія. Павітух рыхтавалі Віленская мед. школа, Пецярбургскі і Маскоўскі інстытуты павітух. Індывідуальную падрыхтоўку фельчараў праводзілі ў бальніцах прыказаў грамадскай апекі. Спецыялістаў з сярэдняй мед. адукацыяй рыхтавалі ў асноўным на тэр. Беларусі: школы павітух у Магілёве, Гродне, Вільні, школы фельчараў у Магілёве, Віцебску. Сясцёр міласэрнасці з 1890 рыхтавалі ў Мінску; у 1904 у Мінску адкрылася школа павітух, у 1907 — зубаўрачэбная, у 1908 — прыватная фельчарска-акушэрская школы. Навук. мед. дзейнасць абмяжоўвалася апісаннем медыка-тапаграфічных характарыстык гарадоў, іх сан. стану, захваральнасці насельніцтва, школьнай гігіены, прафілактыкі захворванняў, вывучэннем шляхоў распаўсюджвання інфекцый (халеры, дыфтэрыі і інш.), паталогіі цяжарнасці і пасляродавых ускладненняў, туберкулёзу і інш. актуальных на той час кірункаў практычнай медыцыны. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на Беларусі працавалі высокакваліфікаваныя ўрачы М.​П.​Айзенштат, Э.​Э.​Асмут, Ф.​А.​Банчкоўскі, Ч.​Л.​Грабавецкі, А.​М.​Долгаў, Л.​С.​Каган, Б.​А.​Кадыгробаў, Я.​У.​Клумаў, Ф.​К.​Кодзіс, С.​А.​Ліпінскі, О.​В.​Федаровіч, Р.​К.​Яноўскі і інш. У 1-ю сусв. вайну шэраг мед. устаноў скараціўся; у вялікіх гарадах яны былі ператвораны ў лазарэты і шпіталі. Большасць урачоў і фельчараў мабілізавана ў армію, санітарныя і проціэпідэмічныя мерапрыемствы ажыццяўляліся ў адпаведнасці з ваен. патрэбамі. У ходзе вайны санітарны стан значна пагоршыўся, рэгістраваліся вялікія ўспышкі інфекцыйных хвароб (напр., халеры, тыфу). У 1917 адбыліся з’езды ўрачоў Віцебскай, Мінскай (май), Магілёўскай (чэрвень) губерняў. Пасля вызвалення Беларусі ад германскіх акупацыйных войск (восень 1918—вясна 1919) і ад польскіх інтэрвентаў (сярэдзіна 1920) мед. дапамога паступова набывала дзярж. характар. З часу стварэння Беларускай ССР (1.1.1919) медыка-санітарнай справай кіраваў Камісарыят аховы здароўя (камісар І.​І.​Пузыроў). У лютым 1919 створаны Савет аховы дзяцей. У 1919 прыняты дэкрэты: аб нацыяналізацыі аптэк (29 студзеня), мед. устаноў (12 лютага), зубаўрачэбных матэрыялаў і сродкаў (18 лютага), аб барацьбе з сыпным тыфам (21 лютага), аб абавязковым воспапрышчэпліванні (13 чэрвеня). Ствараліся санітарна-проціэпідэмічныя камісіі (Мінск, 1921), ізаляцыйныя прапускныя пункты і проціэпідэмічныя атрады (1921—22), якія праводзілі проціэпідэмічныя мерапрыемствы. У 1921 заснаваны Віцебскі санітарна-бактэрыялагічны інстытут, адкрыты дамы санітарнай асветы ў Гомелі (1920), Віцебску, Мінску (1921), Магілёве (1922), санітарная станцыя ў Гомелі (1922). З 1922 у БССР адменена плата за мед. паслугі на сельскіх участках, для чырвонаармейцаў і іх сем’яў, беспрацоўных, членаў прафсаюзаў, бяднейшага насельніцтва па даведках сац. забеспячэння; бясплатным стала лячэнне інфекцыйных, венерычных, псіхічных захворванняў. Адкрыты процітуберкулёзны санаторый (1920, Сасноўка), у Мінску — процітуберкулёзны (1921) і венералагічны (1923) дыспансеры, бальніцы ў Гомелі (1920) і Мінску (1924). У 1920-я г. функцыянавалі дамы адпачынку, прафілактычныя ўстановы па ахове мацярынства і дзяцінства, яслі; у Гомелі адкрыты радзільны дом (1925). У 1927 дзейнічала 19 дзіцячых кансультацый, 15 кансультацый для цяжарных, 73 дзіцячыя дамы. З 1926 перад паступленнем дзяцей у школу дыспансеры праводзілі мед. агляды.

У перыяд нэпа існаваў дэцэнтралізаваны прынцып фінансавання аховы здароўя на аснове выкарыстання мясц. бюджэту, страхавых узносаў, платы за лячэнне і лякарствы, ахвяраванняў і сродкаў грамадскіх арганізацый. За кошт страхавога фонду забяспечвалася да 3% фінансавання аховы здароўя. У 1925—26 страхавы фонд складаў 46%, у 1926—27—44% бюджэту Наркамата аховы здароўя БССР. У 1924 створаны акруговыя ўрачэбна-кантрольныя камісіі, якія займаліся пытаннямі сацыяльна-працоўнай экспертызы застрахаваных, мерапрыемствамі па ахове працы і вывучэнні прафес. захворванняў. З 1926 у Мінску функцыянавалі клініка прафес. захворванняў і кабінеты па барацьбе з прафшкоднасцямі. Бел. таварыства Чырв. Крыжа на ўласныя сродкі ўтрымлівала мед. ўстановы, вяло барацьбу з сац. хваробамі, займалася аздараўленнем дзяцей і інш. У 1927 яно адкрыла школу мед. сясцёр, у 1928 аб’явіла збор сродкаў на санітарны самалёт. У 1924 дзейнічалі 43 гарадскія гаспадарча-разліковыя, 72 сельскія арандаваныя аптэкі. Усяго ў рэспубліцы ў 1928 было 158 аптэк. У 1926—28 арганізаваны 4 пастаянныя і перасовачныя венералагічныя пункты, 2 сельскія туберкулёзныя дыспансеры, вочны дыспансер па барацьбе з трахомай. У 1926 набыты першы сан. аўтамабіль.

Адкрыліся НДІ: Мінскі Пастэраўскі (1924), Бел. санітарна-бактэрыялагічны (1926), Бел. туберкулёзу (1928) і інш. На рус. і бел. мовах выдаваліся часопісы «Беларуская медыцынская думка» (1924—29) і «Бюлетэнь Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа» (1926—29). Працавалі мед. таварыствы ў Мінску (з 1922), Гомелі (1923), Магілёве (1925), Віцебску (1926). Праводзіліся з’езды ўрачоў: зубных (1928), отарыналарынголагаў (1928), хірургаў і акушэраў-гінеколагаў (1929). У 1930-я г. зацвердзілася адзіная дзярж. медыцына. СНК БССР прыняў шэраг пастаноў, у т. л. аб мед. дапамозе, стане аховы здароўя і падрыхтоўцы мед. кадраў. Адкрываліся пункты першай мед. дапамогі на прадпрыемствах, МТС, торфараспрацоўках, гар. амбулаторыі (у 1940 іх было 295). Уведзены ўчастковы прынцып мед. абслугоўвання (1938), спецыялізаваная амбулаторная дапамога (1940), брыгадныя формы працы (1941). У Мінску адкрыты анкалагічны (1939) і рэўматалагічны (1938) дыспансеры; павялічвалася колькасць гар. зубаўрачэбных кабінетаў (у 1930 іх было 120, у 1938—233), арганізавана сан. авіяцыя (Мінск, 1935). Колькасць станцый хуткай дапамогі павялічылася з 10 у 1934 да 89 у 1940, колькасць бальніц з 157 на 6344 ложкі (1930) да 450 на 22 633 ложкі (1940). Адкрыты Барысаўскі санаторый з электралячэбніцай (1934), Бабруйская курортная лячэбніца з бальнеалагічным аддзяленнем (1936). У 1939 у БССР было 299 аптэк, 218 аптэчных пунктаў, 7 аптэчных складоў. У 1934 зацверджана Палажэнне аб дзярж. сан. інспекцыі, у 1941 пачаўся грамадскі рух за сан. культуру і добраўпарадкаванне. У 1940 на Беларусі было 12 жаночых кансультацый у гарадах, 1 — на вёсцы, дзіцячых — адпаведна 40 і 6, дзіцяча-жаночых — 64 і 25; дзіцячых дыспансераў 17, дзіцячых бальніц 14, дзіцячых санаторыяў 12.

У 1940 на Беларусі дзейнічала 35 мед. школ: 23 па падрыхтоўцы мед. сясцёр, 4 — фельчараў-акушэраў, 2 — фельчараў, 3 — фармацэўтаў, 2 — медлабарантаў, зубаўрачэбная школа. Забеспячэнне сярэднім мед. персаналам складала 17,3 на 10 тыс. насельніцтва. Мед. факультэт БДУ у 1930 пераўтвораны ў Мінскі мед. інстытут. Адкрыты інстытуты: аховы мацярынства і дзяцінства (Мінск, 1931), Бел. ўдасканалення ўрачоў, скурна-венералагічны, пералівання крыві і гематалогіі (Мінск, 1932). У Віцебску ў 1934 арганізавана бальніца-інстытут (у 1938 пераўтворана ў інстытут). У пач. 1941 упершыню 25 урачоў атрымалі званне «Заслужаны ўрач БССР». З 1940 працавала рэсп. навук. мед. бібліятэка, адзінае Усебел. мед. таварыства. Вясной 1941 пачалася арганізацыя Інстытута тэарэтычнай і клінічнай медыцыны АН Беларусі. У 1938—41 выдаваўся «Медыцынскі часопіс БССР». З 1939 Бел. таварыства Чырвонага Крыжа праводзіла падрыхтоўку медсясцёр запасу, удзельнічала ў санітарным забеспячэнні ваенных устаноў, арганізацыі сан. цягнікоў і інш.

Па-іншаму вялося мед. абслугоўванне насельніцтва Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы. У пач. 1920-х г. створаны Вярхоўны Надзвычайны камісарыят па барацьбе з эпідэміямі, арганізаваны пункты прышчэплівання і дэзінфекцыі, эпідэмічныя бальніцы, пазней пераўтвораныя ў дзяржаўныя. Напр., у Навагрудскім ваяводстве было 16, у Палескім — 20 бальніц. З 1920 уведзена абавязковае мед. страхаванне. З 1921 пры ваяводскіх упраўленнях існавалі аддзелы грамадскага здароўя, пры павятовых староствах — пасады павятовых урачоў. Аптэчная справа была прыватнай, існавалі таксама ведамасныя і сельскія аптэкі, аптэчныя пункты. Каля 85% сродкаў, прадугледжаных на ахову здароўя, ішло на папярэджанне захворванняў. Вялася барацьба з сац. хваробамі (трахома, туберкулёз, венерычныя хваробы). Першасную мед. дапамогу аказвалі ў амбулаторыях і пры бальніцах. Сельская медыцына захавала земскую сістэму арганізацыі мед. дапамогі (гарадскія, павятовыя, сеймікавыя бальніцы мясц. самакіравання). У 1928 у грамадскіх бальніцах уведзены прынцыпы самаакупнасці за кошт аплаты лячэння. У 1932 сфарміраваны аддзелы працы, апекі і здароўя пры ваяводскіх упраўленнях на чале з урачом. Фінансаванне аховы здароўя ажыццяўлялася за кошт тэр. самакіравання (52,2%), грамадскіх арганізацый (37,3%), дзярж. бюджэту (10,5%). З 1936 існаваў інстытут сямейнага ўрача. Пасля ўваходжання Зах. Беларусі ў склад БССР (17.9.1939) пачала фарміравацца дзярж. сістэма аховы здароўя (бясплатная і агульнадаступная мед. дапамога). У 2 разы павялічылася колькасць амбулаторных устаноў, у 3,8 — бальнічных. На працягу 1940 колькасць урачоў павялічылася ўдвая, працавалі 6 процітыфозных і 4 процітрахомныя атрады, процімалярыйныя экспедыцыі; арганізавана 18 міжраённых, 29 раённых санітарна-эпідэміялагічных станцый, 2 дамы і 2 пункты сан. асветы. У 1940 у зах. абласцях БССР былі 10 404 бальнічныя ложкі, 375 паліклінік і ўрачэбных амбулаторый, 75 жаночых і дзіцячых кансультацый, 1464 урачы. У пач. 1941 у Гродне і Пінску адкрыты фельчарска-акушэрскія, у Баранавічах, Слоніме, Беластоку — медсястрынскія школы. Усяго на Беларусі ў пач. 1941 дзейнічала 514 бальнічных устаноў на 29 628 ложкаў, 5214 урачоў усіх спецыяльнасцей (5,7 на 10 тыс. насельніцтва).

У пач. Вял. Айч. вайны на тэр. Беларусі было разгорнута 20 эвакашпіталяў, дзейнічала 40 сан. дружын, арганізаваны 24 эвакапункты па прыёме і эвакуацыі мірнага насельніцтва. Пры паліклініках ствараліся пункты першай мед. дапамогі. На акупіраванай тэрыторыі дзейнічалі адм. мед. органы і лячэбныя ўстановы, але сетка іх скарацілася, пагоршылася матэрыяльна-тэхнічная база, мед. дапамога была платная. Адзначаліся масавыя ўспышкі сыпнога і брушнога тыфу, дызентэрыі і інш. інфекцый. Санітарна-проціэпідэмічныя мерапрыемствы мелі абмежаваны характар. На акупіраванай тэрыторыі праводзілася падрыхтоўка сярэдняга мед. персаналу (Баранавічы, 1942—43; Мінск, 1943). Урачы выконвалі свае прафес. абавязкі, а таксама займаліся падпольна-патрыятычнай дзейнасцю: аказвалі амбулаторную і шпітальную дапамогу партызанам, перадавалі ім медыкаменты, перавязачныя матэрыялы, мед. інструментарый (напр., падп. група мед. работнікаў Я.​У.​Клумава ў Мінску). Сярод удзельнікаў антыфаш. падп. руху было 267 урачоў і студэнтаў мед. інстытутаў, 116 мед. сясцёр, акушэрак, навучэнцаў мед. школ, 42 фармацэўты, аптэчныя работнікі, 28 фельчараў і інш.

Для мед. забеспячэння партыз. фарміраванняў у першы перыяд вайны (жнівень 1941—сакавік 1943) спарадычна ствараліся сан. часці і шпіталі. У 2-й пал. 1942—43 ствараліся органы кіравання медыка-санітарнай службай партыз. фарміраванняў. Бел. штаб партыз. руху (БШПР) і яго санітарны аддзел (нач. І.​А.​Інсараў) адшуквалі ўрачоў з Беларусі, эвакуіраваных у сав. тыл, і накіроўвалі іх і інш. мед. работнікаў у партыз. атрады; праводзілася таксама дадатковае абучэнне персаналу. Пазней пры Цэнтр. і Бел. штабах партыз. руху заснаваны санітарныя аддзелы, якія аказвалі мед. дапамогу бел. партызанам. На момант злучэння з арміяй (1944) у складзе партыз. фарміраванняў рэспублікі было 580 урачоў, 2133 сярэднія мед. работнікі. На адну партыз. брыгаду прыпадала 2,7 урача і 10 сярэдніх мед. работнікаў, на 1 партыз. атрад — менш як 1 урач і 1 мед. работнік. Партыз. ўрачы праводзілі хірургічныя аперацыі, аказвалі дапамогу параненым і хворым. Паводле звестак БШПР, 78,4% параненых і 99,5% хворых партызан вярталіся ў строй. У партыз. атрадах ажыццяўляўся мед. нагляд за асабовым саставам, за выбарам месцаў размяшчэння, водазабеспячэннем і інш., пры неабходнасці накладаўся каранцін. Вялася санітарна-асветная работа.

Мед. служба партыз. атрадаў аказвала медыка-санітарную дапамогу мясц. насельніцтву партыз. зон, праводзіліся прафілактычныя і санітарна-гігіенічныя мерапрыемствы. У партыз. брыгадах арганізоўваліся шпіталі (на 15—20 ложкаў, а ў злучэннях — да 100 ложкаў). Праводзіліся проціэпідэмічныя мерапрыемствы, цяжка параненых эвакуіравалі самалётамі ў шпіталі і спецыялізаваныя ўстановы ў сав. тыле. Для прыёму мясц. насельніцтва партыз. зон арганізоўваліся бальніцы і мед. пункты. За ўвесь перыяд партыз. руху мед. дапамога аказана 135 тыс. чал. цывільнага насельніцтва (на іх прыпадала 15—20% усіх амбулаторных наведванняў у партыз. лячэбныя ўстановы). Начальнікі санітарнай службы партыз. злучэнняў: С.​М.​Швец (Мінскага), М.​М.​Герасіменка (Беластоцкага), М.​П.​Кніга (Магілёўскага), М.​І.​Варановіч (Пінскага), В.​П.​Лапцейка (Палескага); начальнікі санітарнай службы брыгад: Р.​П.​Арцем’ева, П.​П.​Гуськоў, І.​Л.​Друян, Н.​А.​Жураўская, В.​У.​Забродскі, М.​С.​Завадская, С.​Т.​Ільін, І.​Б.​Кардаш, Р.​А.​Краснапёрка, І.​К.​Крук, М.​Л.​Лагуцін, М.​М.​Мшыхін, М.​В.​Паўлавец, Дз.​С.​Рыдлеўскі, Я.​С.​Сает, Ф.​С.​Сальнікаў, Р.​А.​Сырнікаў, К.​П.​Чэпік і інш. У барацьбе з ворагам загінулі 350 мед. работнікаў-партызан. 12—14.5.1945 у Мінску адбыўся з’езд урачоў-партызан Беларусі.

За час нямецка-фаш. акупацыі ўстановы і прадпрыемствы аховы здароўя Беларусі панеслі цяжкія страты, якія склалі 610,6 млн. руб.; цалкам было разбурана 1377, пашкоджана 810 будынкаў амбулаторый і бальніц, загінула больш за 2 тыс. мед. работнікаў. У выніку распаўсюджвання эпідэмічных хвароб у 1944 прыняты пастановы аб мерапрыемствах па прафілактыцы сыпнога тыфу, па барацьбе са скурна-венералагічнымі захворваннямі і інш. Дзейнічала надзвычайная проціэпідэмічная камісія. У 1947 адкрыліся першыя медыка-санітарныя часці, з 1950 адкрываліся ўрачэбна-фізкультурныя дыспансеры, з 1951 уводзіўся ўчасткова-цэхавы прынцып абслугоўвання рабочых. Адкрываліся спецыялізаваныя стацыянарныя аддзяленні (нейрахірургічнае, уралагічнае, дзіцячай хірургіі, траўматалагічнае ў Мінску, 1950-я г.), стаматалагічныя паліклінікі (1953). Да 1950 у параўнанні з 1940 захваральнасць на брушны і сыпны тыф знізілася у 4, дызентэрыю ў 10, ганарэю і сіфіліс у 5 разоў. Да 1950 сетка мед. устаноў і кадравы патэнцыял сістэмы аховы здароўя аднавіліся. Наркамат (у 1946 пераўтвораны ў Міністэрства) аховы здароўя ўключаў 15 упраўленняў і аддзелаў. У 1948—51 праведзена аб’яднанне бальніц і паліклінік, у гарадах зацверджаны ўчасткова-тэр. прынцып мед. абслугоўвання (тэрапеўтычныя, педыятрычныя ўчасткі). Паляпшалася кадравае забеспячэнне медыкамі ў сельскай мясцовасці, дзе адкрывалі новыя мед. ўстановы (з 1952 укаранёны дыспансерны метад). Пашыралася сетка падрыхтоўкі мед. работнікаў: у 1958 адкрыты Гродзенскі, у 1990 Гомельскі мед. інстытуты. Паслядыпломную падрыхтоўку ажыццяўляў Бел. інстытут удасканалення ўрачоў, у 1955 дзейнічала 21 мед. вучылішча, курсы павышэння кваліфікацыі мед. вучылішчаў (Бабруйск, 1956; Пінск, 1959; Мінск, 1979). На працягу 1945—65 пабудавана 19 гарадскіх і абласных, 64 раённыя, 5 дзіцячых, 7 інфекцыйных, 7 туберкулёзных і псіхіятрычных бальніц, 13 радзільных дамоў. У 1969 адкрыты цэнтр дзіцячай хірургіі ў Мінску. У 1960-я г. праведзена ўзбуйненне раённых бальніц (забеспячэнне ложкамі павялічылася да 200—300), яны атрымалі статус цэнтр. раённых бальніц з правам кіравання ўстановамі аховы здароўя раёна. Абласныя бальніцы сталі цэнтрамі спецыялізаванай урачэбнай дапамогі.

З 1950-х г. пачаў афармляцца прынцып удзелу грамадскасці ў вырашэнні задач аховы здароўя: саветы садзеяння мед. установам (1957), рух за санітарную культуру і добраўпарадкаванне (1957), канферэнцыі санітарнага актыву (1958), школы здароўя, акцыі медыка-генетычнай асветы да Сусв. дня здароўя. Вялася прафілактыка супраць поліяміэліту, дзіцячых інфекцый, гепатыту, менінгіту, воспы; адкрываліся інфекцыйныя кабінеты. Процітуберкулёзныя мерапрыемствы, вакцынацыя нованароджаных, хіміяпрафілактыка, туберкуліндыягностыка, санаторнае лячэнне і інш. спрыялі зніжэнню захваральнасці на туберкулёз (136,6 на 100 тыс. насельніцтва ў 1960, 29,8 — у 1990). Вял. ролю ў гэтым адыграў НДІ туберкулёзу (з 1988 НДІ фтызіятрыі і пульманалогіі) і рэсп. навукова-практычнае аб’яднанне «Фтызіятрыя» (1988).

У канцы 1950-х г. аптэчная і санітарна-гасп. службы аб’яднаны, у 1964 арганізавана рэсп. аб’яднанне «Медтэхніка» (з 1988 навукова-практычнае аб’яднанне). Абласныя аптэчныя ўпраўленні, якія з 1964 падпарадкоўваліся абл. аддзелам аховы здароўя, з 1972 сталі самастойнымі. У 1988 створана НВА «Фармацыя». Пашыралася рэсп. фармацэўтычная прамысловасць (напр., у 1964 у Барысаве адкрыта фармацэўтычная фабрыка). З 1960-х г. у раённых цэнтрах адкрываліся цэнтр. аптэкі, што паляпшала даступнасць аптэчных устаноў. У 1980-х г. бальнічныя аптэкі ўзбуйняліся і пераводзіліся з бюджэту на гасп. разлік.

Паводле пастановы Савета Міністраў ад 26.12.1961 пачалося фарміраванне адзінай службы хуткай і неадкладнай мед. дапамогі, ствараліся спецыялізаваныя ўрачэбныя брыгады (кардыялагічныя, траўматалагічныя, рэанімацыйныя, неўралагічныя і інш.). За 1960—85 колькасць станцый хуткай і неадкладнай мед. дапамогі павялічылася з 10 да 202. У выніку рэалізацыі прынцыпу пераважнага мед. абслугоўвання працуючых, створаны профпаталагічныя (1961), алергалагічная (1970) службы; сфарміравана цэхавая служба (у 1960 было 50, у 1985—570 цэхавых участкаў), прафілактычнымі аглядамі ахоплена 98,8% працуючых. У 1985 дзейнічала 98 санаторыяў-прафілакторыяў, 235 дыетсталовых.

Развівалася донарства, служба пералівання крыві, адкрываліся станцыі пералівання крыві (у 1975 іх было 17, у 1990—20), гематалагічныя аддзяленні. З 1982 у Бел. НДІ пералівання крыві і гематалогіі адкрыты цэнтры імуналагічнага тыпавання органаў і тканак і інш. Развівалася сетка профільных стаматалагічных кабінетаў і паліклінік (у 1960 іх было адпаведна 990 і 16, у 1990—1001 і 64), да 1990 санацыяй поласці рота ахоплена 80% дзяцей. Пашыралася платная стаматалагічная дапамога (у 1988 было 70 стаматалагічных кааператываў). У 1980-х г. ствараліся дзённыя стацыянары і аддзяленні прафілактыкі ў паліклініках, паэтапна ўводзілася ўсеагульная дыспансерызацыя (з 1983), пашыраўся ахоп дыспансерным назіраннем, адкрываліся дыягнастычныя цэнтры (напр., у Мінску, 1989). Пастаянна павялічваліся дзярж. асігнаванні на ахову здароўя (1960—134,4; 1970—293,4; 1980—498,2; 1990—1075,8 млн. руб.). Да фінансавання аховы здароўя прыцягваліся сродкі калгасаў і саўгасаў, прамысл. прадпрыемстваў, камуністычных суботнікаў. У канцы 1980-х г. у ахову здароўя ўкаранёны гасп. разлік.

З 1960-х г. фарміраваліся і спецыялізаваныя мед. службы (кардыярэўматалагічная, кардыяхірургічная, аддзяленні для хворых на інфаркт міякарда і інш.). У канцы 1970 — пач. 80-х г. хворых, якія перанеслі інфаркт міякарда, пасля бальніцы сталі адразу накіроўваць для рэабілітацыі ў санаторыі («Крыніца», «Лётцы», «Буг»), У 1977 заснаваны Бел. НДІ кардыялогіі. Створаны рэсп. цэнтр сардэчна-сасудзістай хірургіі (1980), кардыялагічныя дыспансеры (Магілёў, 1981; Гродна, 1984). З 1970-х г. процівалляковыя дыспансеры пераўтвараліся ў эндакрыналагічныя. У 1979 адкрыты першы наркалагічны дыспансер (Магілёў), да 1990 іх было на Беларусі 17.

Развівалася анкалагічная служба: у 1960 адкрыты Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі. Калі ў 1961 працавалі 74 урачы-анколагі, то ў 1987 іх было 266. Ва ўсіх анкалагічных дыспансерах да 1970 адкрыты патагісталагічныя, цыталагічныя, біяхімічныя лабараторыі, эндаскапічныя і інш. кабінеты. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1987 адкрыты рэсп. дзіцячы спецыялізаваны дыспансер (у 1988 пераўтвораны ў паліклінічнае аддзяленне НДІ радыяцыйнай медыцыны ў Мінску). Філіялы НДІ радыяцыйнай медыцыны адкрыты ў Гомелі (1989) і Магілёве (1990), з 2003 інстытут размяшчаецца ў Гомелі. Арганізавана таксама НВА «Радыяцыйная медыцына» пры Мін-ве аховы здароўя.

Пашырылася сетка траўматалагічных устаноў і аддзяленняў, адкрыты спецыялізаваныя школы-інтэрнаты (1968), арганізаваны цэнтр спінальнай траўмы (1987, Мінск) і інш. Фарміраваліся спецыялізаваныя ўрачэбна-працоўныя экспертныя камісіі (першыя ў 1971), аддзяленні аднаўленчага лячэння і мед. рэабілітацыі (1980-я г.).

У складзе АН БССР створаны інстытуты: мікрабіялогіі (1975), біяхіміі (1985), радыебіялогіі (1987). Укаранёны ў практыку навуковыя дасягненні: у 1976 — 18 вынаходстваў і 667 рацпрапаноў, у 1985 адпаведна 70 і 1183. Выкарыстоўваецца вылічальная і камп’ютэрная тэхніка, з 1970 вядзецца навук. арганізацыя працы. Пашыралася матэрыяльнае забеспячэнне аховы здароўя (за 1955—75 колькасць рэнтгенапаратаў павялічылася ў 3, фізіятэрапеўтычных лабараторый у 1,6 раза; з 1980-х г. укараняецца ультрагукавое даследаванне і камп’ютэрная тамаграфія). Да 1972 званне Героя Сацыяліст. Працы прысвоена 4 урачам, засл. ўрача рэспублікі — 442, засл. работніка аховы здароўя — 30.

На Беларусі створана дзярж. сістэма аховы мацярынства і дзяцінства, павялічылася сетка дашкольных устаноў (у 1960 іх было 1373; у 1990—5349). Пасляродавы адпачынак маці павялічаны да 3 гадоў, прадугледжаны льготы ў працоўным заканадаўстве, зменены тэрміны выдачы лістоў непрацаздольнасці па цяжарнасці і родах і інш. З канца 1980-х г. забяспечвалася пераважнае фінансаванне ўстаноў аховы мацярынства і дзяцінства, устойліва зніжалася дзіцячая смяротнасць (у 1990 у параўнанні з 1960 паменшала з 34,9 да 11,9 на 1 тыс. народжаных). Расла колькасць жаночых кансультацый, ранняе ўзяцце на ўлік цяжарных (у 1960—51,8%; у 1988—83% жанчын). У 1973 працавалі 34 спецыялізаваныя кабінеты па выяўленні і лячэнні бясплоднасці. У 1980-я г. ствараліся кансультацыі «Шлюб і сям’я», у Мінску адкрыты філіял НДІ мед. генетыкі АМН СССР, у 1989 пераўтвораны у НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў; у 1986 — рэсп. цэнтр па ахове здароўя маці і дзіцяці. Знізіўся ўзровень мацярынскай смяротнасці (у 1990 у параўнанні з 1980 паменшыўся з 29,1 да 21,8 на 100 тыс.).

Санітарна-эпідэміялагічнае абслугоўванне забяспечвалі Гал. санітарна-эпідэміялагічнае ўпраўленне (1968), рэсп. санітарна-эпідэміялагічная станцыя (СЭС), 6 абл. і 154 раённыя СЭС (у 1990 пераўтвораны ў цэнтры гігіены і эпідэміялогіі). Адкрыты рэсп. дом санасветы (1967), у 1988 абл. і гар. дамы санасветы рэарганізаваны ў цэнтры здароўя. У 1970 дзейнічалі 1, у 1990 — 3 дэзінфекцыйныя станцыі. Санітарна-эпідэміялагічная служба стала фактычна самастойнай. Створаны спецыялізаваныя тэр. мед. аб’яднанні «Гігіена і эпідэміялогія».

Наладжваліся кантакты з замежнымі краінамі: працавала мед. секцыя Бел. т-ва дружбы народаў (з 1959), рэсп. камітэт руху «Урачы за прадухіленне ядзернай вайны» (з 1984).

т. 18, кн. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАГРАФІЯ

Першыя на Беларусі даследаванні па этнаграфіі, статыстыцы і рассяленні насельніцтва пачаліся ў 18 ст. Этнаграфічныя асаблівасці Беларусі ў канцы 18 ст. даследавала экспедыцыя Рас. АН пад кіраўніцтвам І.​І.​Ляпёхіна. У 19 ст. крыніцай звестак пра колькасць і дынаміку насельніцтва былі даныя рэвізій (рэвізскіх сказак), найб. дакладнымі лічаць звесткі рэвізій 1834, 1850, 1859, штогадовыя справаздачы губернатараў (зберагаюцца ў архівах, часткова апублікаваныя), даследаванні афіцэраў Генеральнага штаба. З 1857 губ. статыстычныя камітэты пачалі складаць штогадовыя ведамасці пра колькасць і склад насельніцтва па губернях, паветах, гарадах. У сярэдзіне 19 ст. складзены заўвагі да карт, апублікаваных у шматтомным выданні «Ваенна-гістарычны агляд Расійскай імперыі» (1843—52), дзе побач з інш. пытаннямі вывучалася насельніцтва ў яго сувязі з гаспадаркай. У 1860-я г. апублікаваны «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, складзеныя афіцэрамі Генеральнага штаба», у якіх грунтоўна разглядалася насельніцтва Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Смаленскай губ. У 2-й пал. 19 ст. дэмаграфічнымі даследаваннямі на тэр. Беларусі займаліся Паўночна-Заходні аддзел Рус. геаграфічнага т-ва (засн. ў 1867 у Вільні, для збору інфармацыі залучаў выкладчыкаў нар. вучылішчаў), сацыяльныя медыкі-гігіеністы А.​А.​Бекарэвіч, Л.​І.​Галынец, В.​В.​Кошалеў і інш. У 1920-я г. дэмаграфічныя даследаванні ў БССР пашырыліся, аналізаваліся матэрыялы перапісаў 1923, 1926. У 1923—28 праблемамі агульнай і мед. дэмаграфіі займаўся спецыяліст у галіне сац. гігіены і сан. статыстыкі Б.​Я.​Смулевіч (яго найб. вядомая манаграфія «Захворванне і смяротнасць насельніцтва гарадоў і мястэчак БССР», 1928). Асаблівасці натуральнага руху насельніцтва рэспублікі вывучаў статыстык Д.​М.​Паслаўскі, пытанні сям’і і шлюбу — С.​Я.​Вальфсон. У перыяд рэпрэсій 1930-40-х г. і Вял. Айч. вайны дэмаграфічныя даследаванні перапыніліся, адноўлены пасля перапісу 1959.

З 1963 у Вылічальным цэнтры пры Дзяржплане (пазней НДІ эканоміка-матэматычных метадаў планавання, цяпер НДІ Мін-ва эканомікі) праводзіліся дэмаграфічныя даследаванні пад кіраўніцтвам А.​А.​Ракава. У розныя гады тут працавалі А.​У.​Багдановіч, Л.​І.​Маськоў, А.​М.​Мацвеева, А.​Н.​Пешкава, С.​А.​Польскі, Я.​І.​Рубін, Л.​І.​Спіжанкоў, Л.​Я.​Ціханава, Л.​П.​Шахоцька і інш. Распрацоўвалася сістэма дэмаграфічных мадэлей і матэм. праграм для прагназіравання насельніцтва ў асобных рэгіёнах, абгрунтоўваліся асн. перадумовы і складаліся прагнозы насельніцтва рэспублікі, абласцей, гарадоў і раёнаў, вывучаліся праблемы суадносін эканам. развіцця і дэмаграфічных працэсаў, палітыкі народанасельніцтва, сацыяльна-эканам. аспекты нараджальнасці, смяротнасці і працягласці жыцця насельніцтва, яго старэнне, міграцыі. Вывучаліся праблемы вял. і малых гарадоў, сельскага насельніцтва і працэсаў урбанізацыі ў рэспубліцы. Аналізаваліся погляды розных школ сучаснай дэмаграфіі ў розных краінах. У 1969 апублікавана праца А.​А.​Ракава «Насельніцтва БССР», выдаюцца зб-кі «Праблемы народанасельніцтва і працоўных рэсурсаў» (1970—76). У 1960—70-я г. ў Ін-це эканомікі АН Беларусі вывучаліся уплыў сац.-эканам. фактараў на міграцыю насельніцтва (А.​Н.​Пешкава), сістэмы гар. паселішчаў БССР метадамі матэм. статыстыкі (Г.​Ц.​Максімаў); на кафедры палітэканоміі Бел. політэхнічнага ін-та — праблемы развіцця сям’і, занятасці жанчын і нараджальнасці (І.​В.​Насонава, З.​М.​Юк); у БДУ — шлюбу і сям’і (М.​Р.​Юркевіч), тэр. даследаванні праблем народанасельніцтва і працоўных рэсурсаў БССР (Б.​А.​Манак). Бел. медыкі-гігіеністы даследавалі асобныя праблемы дэмаграфіі і агульныя пытанні ўзнаўлення насельніцтва (А.​П.​Скалыжэнка), дзіцячую і перынатальную смяротнасць (М.​К.​Зубрыцкі); этнографы — праблемы міграцыі (Г.​А.​Каспяровіч). У 1980-я г. група дэмографаў на чале з А.​А.​Ракавым перайшла ў Ін-т эканомікі, пазней у Ін-т сацыялогіі АН Беларусі.

У сярэдзіне 1990-х г. створаны аддзел дэмаграфіі ў НДІ статыстыкі пры Мін-ве статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь (заг. аддзела Л.​П.​Шахоцька). Тут даследуюцца праблемы: дэмаграфічнае прагназіраванне, тэндэнцыі смяротнасці і працягласці жыцця, нараджальнасць і развіццё сям’і, праблемы дэмаграфічнай бяспекі, уплыў Чарнобыльскай катастрофы на дэмаграфічныя працэсы, распрацоўка дэмаграфічнай палітыкі, падрыхтоўка праграмы і аналіз вынікаў перапісу насельніцтва 1999, пытанні міграцыі, шлюбнасці, нац. і моўнай структуры насельніцтва, адукацыйны ўзровень насельніцтва, метадалагічныя пытанні пабудовы табліц шлюбнасці, смяротнасці насельніцтва і інш. (А.​У.​Бурачэўская, В.​А.​Крашэўская, Дз.​М.​Кудзелка, Л.​Ф.​Ляшковіч, А.​А.​Рубанава, В.​У.​Філіпава). Выдаюцца зб-кі прац ін-та «Актуальная статыстыка» (1999—2002). У 1990-я г. дэмаграфічнымі даследаваннямі займаліся таксама ў НДІ Мін-ва эканомікі (Г.​І.​Хмяльніцкая, Н.​М.​Прывалава), НДІ працы Мін-ва працы (Л.​М.​Анісаў, С.​С.​Ткачэнка), на геагр. ф-це БДУ (К.​А.​Анціпава, І.​В.​Загорац, Б.​А.​Манак, Л.​Дз.​Мельнікава). У Ін-це мацярынства і дзяцінства вывучаюцца мед. праблемы дзіцячай смяротнасці, уплыў вынікаў Чарнобыльскай катастрофы на здароўе дзяцей (І.​А.​Ваніловіч). У Бел. дзярж. эканам. ун-це на кафедры статыстыкі вывучаюцца статыстычныя праблемы дзіцячай смяротнасці, гендэрныя праблемы (Н.​У.​Агабекава, Л.​І.​Карпенка). Этнадэмаграфічнымі даследаваннямі займаюцца: па г. Мінску Н.​Г.​Бялкоўская, па Віцебскай вобл. М.​І.​Бобрык; праблемамі гар. паселішчаў Брэсцкай вобл. — К.​К.​Красоўскі, дэмаграфічнага развіцця Гомельскай вобл. ў сувязі з вынікам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС — А.​Г.​Злотнікаў.

Літ.:

Вольфсон С.Н. Социология брака и семьи. Мн., 1929;

Раков А.А. Население БССР. Мн., 1969;

Яго ж. Белоруссия в демографическом измерении. Мн., 1974;

Яго ж. Демографические основы народохозяйствемного планирования Мн., 1990;

Пешкова А.Н. Миграция населения Белорусской ССР. Мн., 1970;

Юркевич Н.Г. Советская семья, функции и условия стабильности. Мн., 1970;

Юк З.М. Труд женщины и семья. Мн., 1975;

Польский С.А. Демографические проблемы развития. Мн., 1976;

Шахотько Л.П. Воспроизводство населения Белорусской ССР. Мн., 1985;

Яе ж. Население Республики Беларусь в конце XX века. Мн., 1996;

Яе ж. Экономическая демография. Перепись населения. Мн., 2002;

Демографическое развитие и трудовые ресурсы БССР. Мн., 1988;

Трудовой потенциал Белорусской ССР в условиях интенсификации. Мн., 1988;

Манак Б.А., Антипова Е.А. Экономико-географический анализ демографической ситуации и размещения населения на территории Республики Беларусь. Мн., 1999;

Тенденции заболеваемости, смертности и продолжительности жизни населения Республики Беларусь. Мн., 2003;

Трудовая миграция в СНГ: социальные и экономические эффекты. М., 2003.

Л.​П.​Шахоцька.

т. 18, кн. 2, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭМА АХОВЫ ЗДАРОЎЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

У 1990—2000-я г. фінансаванне аховы здароўя Беларусі ажыццяўлялася з бюджэту (1996—5,5% валавога ўнутранага прадукту, 2000—3,7%, 2003—4,8%). У 1997 уведзена добраахвотнае мед. страхаванне, платныя паслугі (у 2003 склалі 5,8% бюджэту). З 2002 ахова здароўя фінансуецца ў разліку на 1 жыхара (у 2002—112,8, у 2003—159,3 тыс. руб.). Капітальнае будаўніцтва і рэканструкцыя мед. устаноў фінансуецца з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (і пад яго кантролем), зацверджана дзярж. праграма ўмацавання матэрыяльна-тэхн. базы аховы здароўя (2002). Распрацаваны і рэалізуюцца дзярж. праграмы: «Здароўе народа» на 1999—2005; «Дзеці Беларусі» на 2001—05; развіцця першаснай медыка-сан. дапамогі на 2003—07; па прадухіленні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў на 2001—05; па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2001—05 і на перыяд да 2010; «Цукровы дыябет» на 2004—08; развіцця спецыялізаванай мед. дапамогі на 2004—07 і інш. У 1990-я г. стан здароўя насельніцтва Беларусі пагоршыўся: узровень першаснай захваральнасці вырас на 13,1%, агульнай — на 23,9%. Сярод прычын смерці першае месца займаюць хваробы сістэмы кровазвароту (54%), 2-е — новаўтварэнні (13,2%), 3-е — траўмы і атручэнні (11,7%). Да 1998 адзначаўся рост захварэлых на актыўныя формы туберкулёзу (54,9 на 100 тыс. насельніцтва), да 2002 ён знізіўся да 45 на 100 тыс. насельніцтва. Адзначаецца таксама зніжэнне ўзроўню захваральнасці на інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам.

Працягваецца працэс рэфармавання падрыхтоўкі мед. кадраў. Адкрыты новыя факультэты ў мед. ін-тах: сястрынскі (1991) і медыка-псіхалагічны (1993) у Гродзенскім; ваенна-мед. (1995) у Мінскім; урачоў-лабарантаў (1997) у Гомельскім. У 1992 у Мінскім мед. ін-це сан.-гігіенічны факультэт пераўтвораны ў медыка-прафілактычны. Пры Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі арганізаваны факультэт сац. медыцыны, арганізацыі і кіравання аховай здароўя; у Віцебскім мед. ун-це — удасканалення ўрачоў; у акадэміі МУС — падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі судова-мед. экспертаў. Мед. ін-ты Беларусі прайшлі акрэдытаванне на статус універсітэтаў (Віцебскі, 1998; Гродзенскі, 1999; Мінскі, 2000; Гомельскі, 2003). Бел. ін-т удасканалення ўрачоў атрымаў статус акадэміі (2000).

На грамадскіх пачатках створана Бел. акадэмія мед. навук (1997, прэзідэнт І.​М.​Грышын). У 2002 падрыхтавана 1246 урачоў, 5017 фельчараў і акушэрак, мед. сясцёр, лабарантаў, памочнікаў сан. урачоў і фармацэўтаў; ва ўсіх ведамствах працавала 44 812 урачоў (45,3 на 10 тыс. насельніцтва; гл. табл. 1). З 1991 фарміруюцца мед. ўстановы прыватнай формы ўласнасці. У 2002 дзейнічалі 224 амбулаторна-паліклінічныя ўстановы, разлічаныя на 3787 наведванняў за змену, у іх працавалі 1261 урач, у т. л. 733 сумяшчальнікаў (без зубных урачоў), 781 сярэдні мед. работнік (разам з зубнымі ўрачамі), у т. л. 164 сумяшчальнікі. Колькасць наведванняў да ўрачоў розных спецыяльнасцей склала 642 829, да стаматолагаў — 297 002.

Навукова-практычныя і тэарэт. пытанні аховы здароўя і медыцыны распрацоўваюць, акрамя мед. ун-таў і Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, 9 НДІ і 5 Рэсп. навукова-практ. цэнтраў Мін-ва аховы здароўя. У сістэме аховы здароўя ў 2003 працавалі 345 дактароў і 1253 канд. мед. навук. Вучоныя мед. НДІ у 1990—2003 распрацоўвалі і вырашалі актуальныя праблемы: кардыялогіі (метады ранняй дыягностыкі і лячэння ішэмічнай хваробы сэрца, біякіравальная тэрапія з выкарыстаннем электронікі і матэм. метадаў, стварэнне пратэзаў клапана сэрца, аперацыі аортакаранарнага шунціравання і інш.); пульманалогіі, неўралогіі; педыятрыі (лячэнне неанатальнай паталогіі, дыскрэтна-хвалевая тэорыя родавай дзейнасці і інш.); хірургіі (напр., метады рэплантацыі ампутаваных канечнасцей з выкарыстаннем мікрахірургічнай тэхнікі); дзіцячай хірургіі (напр., метады хірургічнага лячэння прыроджаных анамалій мочапалавых органаў); траўматалогіі і артапедыі; нейрахірургіі (напр., хірургічнае і камбінаванае лячэнне мазгавых інсультаў); уралогіі (ураанкалогія, метады лячэння пухлін мачавога пузыра і нырак з дапамогай гіпертэрміі); анкалогіі (пухлінныя маркёры і фотадынамічная тэорыя раку, ранняя дыягностыка і хірургічнае комплекснае лячэнне раку шчытападобнай залозы). Вывучаліся таксама пытанні афтальмалогіі (мікрахірургія вока на аснове лазернай тэхнікі, мадыфікацыя трансплантацыі рагавіцы і інш.); атарыналарынгалогіі, стаматалогіі, гематалогіі (аперацыі па перасадцы касцявога мозга); мед. генетыкі (скрынінг на заганы развіцця і храмасомныя захворванні плода, праграма да- і пасляродавай ДНК-дыягностыкі спадчынных захворванняў і інш.).

Больш за 20 навук. устаноў нац. АН Беларусі на пач. 21 ст. распрацоўваюць праблемы, звязаныя з патрэбамі практычнай аховы здароўя. У 2004 у мед. навуцы працуюць 358 дактароў мед. навук, 1294 кандыдаты мед. навук, у практычнай медыцыне каля 200 кандыдатаў мед. навук. Колькасць аспірантаў па мед. спецыяльнасцях з 1990 па 2002 вырасла ў 2,5 раза. З мэтай узмацнення каардынацыі навук. даследаванняў у галіне медыцыны ў 1995 на Беларусі на базе Нац. АН Беларусі створана Аддзяленне медыка-біялагічных навук, рэарганізаванае ў 2003 у Аддзяленне мед. навук. Створана таксама секцыя мед. навук Савета па каардынацыі фундаментальных і прыкладных даследаванняў пры Нац. АН Беларусі. Прыярытэтныя кірункі навук. даследаванняў: механізмы рэгуляцыі фізіялагічных функцый у норме і паталогіі, тэарэт. асновы кіравання кампенсаторна-аднаўленчымі працэсамі, этыялогія і малекулярныя асновы ўзнікнення паталагічных станаў чалавека, стварэнне новых лячэбных і дыягнастычных тэхналогій, дзеянне фактараў сучасных экасістэм і спосабу жыцця на фізіялагічны статус і здароўе чалавека, заканамернасці ўздзеяння на арганізм малых доз іанізавальных выпрамяненняў, радыеэкалогія чалавека. Прыярытэтныя кірункі ў стварэнні і развіцці высокіх тэхналогій, перспектыўных вытворчасцей, якія маюць дачыненне да медыцыны: хімічны і біялагічны сінтэз фармацэўтычных сродкаў, біялагічна актыўных злучэнняў і харчовых дабавак і інш. За перыяд з 1945 па 1985 лаўрэатамі Дзярж. прэміі СССР сталі 9 бел. вучоных-медыкаў, Дзярж. прэміі Беларусі — больш за 90. Выдаюцца часопісы «Здравоохранение», «Вопросы организации и информатизации», «Медицина», «Врачебный вестник», газета «Медицинский вестник».

Лячэбна-прафілактычная дапамога ў 1990-я г. ўдасканальвалася шляхам пераважнага развіцця першаснай медыка-сан. дапамогі, увядзення інстытута ўрача агульнай практыкі, падтрымкі спецыялізаванай урачэбнай дапамогі, забеспячэння рацыянальнага выкарыстання ложкавага фонду і рэсурсаў, развіцця новых арганізацыйных форм стацыянарнай і амбулаторна-паліклінічнай дапамогі, стварэння 4-узроўневай сістэмы лячэбна-прафілактычнага абслугоўвання, скарачэння сеткі ўчастковых бальніц і фельчарска-акушэрскіх пунктаў на вёсцы, адкрыцця амбулаторый і фарміравання ўрачэбных акруг у сельскай мясцовасці. Сучасная сетка лячэбна-прафілактычных устаноў Беларусі забяспечвае даступную мед. дапамогу (гл. табл. 2). Захавалася тэндэнцыя росту колькасці самаст. паліклінік і амбулаторый (на 31,4%; у т. л. ў сельскай мясцовасці на 31%), вырасла магутнасць амбулаторна-паліклінічных устаноў (на 22,4%), павялічылася колькасць стаматалагічных паліклінік (на 21,8%). Захавана ведамасная медыцына (чыгуначная, грамадзянскай авіяцыі і інш.). У сельскай мясцовасці павялічылася колькасць амбулаторый, што дало магчымасць знізіць звяртанне да спецыялістаў да 30%, выклік хуткай дапамогі па месцы жыхарства да 50%, шпіталізацыю на 20%. Для рацыянальнага выкарыстання ложкавага фонду за кошт закрыцця ўчастковых бальніц зменшылася колькасць ложкаў у бальніцах на 13,9% павялічылася занятасць і абарот ложкаў, пашыраецца адкрыццё дзённых стацыянараў у паліклініках. Далейшае развіццё атрымала спецыялізаваная ўрачэбная дапамога. За апошнія 10 гадоў колькасць лячэбна-прафілактычных устаноў, якія маюць гастраэнтэралагічныя аддзяленні (кабінеты), вырасла ў 2,2 раза, пульманалагічныя — у 1,6, эндакрыналагічныя — у 1,2, гемадыялізу і мед. рэабілітацыі — у 2 разы. У 1993 адкрыты першыя аддзяленні і бальніца сястрынскага догляду, у 1994 — хоспіс у Мінску. Сфарміравана герыятрычная служба (1996). Адкрыты спелеалячэбніца (1997), аддзяленне сардэчна-сасудзістай хірургіі (1998, Гомель), аперацыйна-рэанімацыйны модуль (2000, Мінск); навукова-практычныя цэнтры: «Дыябетычная ступня» (1997), лазернай тэрапіі ў афтальмалогіі (1997), вострай нырачнай недастатковасці (1999), прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў (2000).

З 1990-х г. развіваецца служба мед. рэабілітацыі. Укараняюцца новыя метады дыягностыкі і лячэння: лапараскапічныя, відэаторакаскапічныя; артраскапія і эндапратэзаванне, дыстанцыйная літатрыпсія, аперацыі на сэрцы і сасудах і інш. У краіну паступіла 8 камп’ютэрных тамографаў, 3 устаноўкі ядзерна-магнітнага рэзанансу, 5 гамакамер.

З мэтай прадухілення наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС ажыццяўлялася дзярж. праграма мінімізацыі наступстваў аварыі, арганізаваны спецдыспансерызацыя і санаторнае аздараўленне дзяцей з забруджаных тэрыторый. Наладжаны санітарна-радыяцыйны кантроль і маніторынг. Адкрыты філіял НДІ радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі ў Віцебску. У Магілёве такі філіял рэарганізаваны ў 1996 у Бел. НДІ экалагічнай і прафесійнай паталогіі, адкрыты дыспансер радыяцыйнай медыцыны. У 2003 у Гомелі пабудаваны цэнтр радыяцыйнай медыцыны, а Мінскі НДІ радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі і яго філіялы ў Віцебску і Магілёве пераведзены ў Гомель, дзе створаны Рэсп. навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. За 1996—2000 на праграму ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС выдзелена 30 млрд. долараў, мед. назіраннем ахоплена 99% пацярпелых.

Ахова мацярынства і дзяцінства — прыярытэтны кірунак сучаснай медыцыны Беларусі. Створана дзярж. сістэма аховы мацярынства і дзяцінства з шырокай сеткай жаночых і дзіцячых устаноў, прыняты заканадаўчыя акты і нац. праграмы па прафілактыцы генетычных наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, «Дзеці Чарнобыля», «Дзеці-сіроты», «Дзеці Беларусі» (2000), па развіцці сац. абслугоўвання сям’і і дзяцей, індустрыі дзіцячага харчавання і інш. Аказваецца сацыяльная падтрымка маці і дзіцяці: дапамога цяжарным пры своечасовым (да 12 тыдняў) звяртанні да ўрача, бясплатная лекавая дапамога дзецям ва ўзросце да 6 і дзецям да 15 гадоў, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях, дзецям-інвалідам. У мнагадзетных і малазабяспечаных сем’ях дзецям да 2 гадоў прадастаўляецца бясплатнае харчаванне і інш. Работнікі сістэмы аховы здароўя дзяцей і падлеткаў удзельнічаюць у прафесійнай арыентацыі моладзі з улікам мед. проціпаказанняў, сочаць за ўзроўнем фізкультурна-аздараўленчай работы, выкананнем патрабаванняў агульнай і школьнай гігіены, выяўленнем ранніх адхіленняў у фіз. развіцці, ажыццяўляюць дыспансерызацыю дзяцей і падлеткаў, накіраванне іх на абследаванне і лячэнне і інш. Стацыянарную дапамогу дзецям у 1990-я г. аказвалі 24 дзіцячыя бальніцы агульнага профілю. Укаранёны перынатальная дыягностыка прыроджаных заган развіцця (1991), мед. назіранне вучняў паводле прынцыпу адзінага педыятра (1993), 3-узроўневая сістэма перынатальнай дапамогі (1997). Падлеткавая служба перайшла ў сістэму педыятрыі. Адкрыты спецыялізаваныя мед. ўстановы: цэнтры планавання сям’і і рэпрадукцыі з метадам экстракарпаральнага апладнення (1995), гемадыялізу для дзяцей, мамалагічны, цэнтры развіцця дзяцей (усе ў 1996). Разгорнута 6245 ложкаў для цяжарных і парадзіх (з улікам радзільных дамоў і радзільных аддзяленняў). Для дзяцей, хворых на туберкулёз, у Мінску, Гомельскай і Магілёўскай абласцях адкрыты лячэбныя аддзяленні. Санаторна-курортнае лячэнне праводзіцца ў 19 дзіцячых санаторыях (2600 ложкаў).

На пач. 2003 г. амбулаторна-паліклінічную дапамогу дзецям аказвала 381 дзіцячая паліклініка. Спецыялізаваную мед. дапамогу дзецям аказвалі дзіцячыя хірургі, стаматолагі, неўрапатолагі, афтальмолагі, псіхіятры, санітарныя ўрачы па гігіене дзяцей і падлеткаў, спецыялісты-генетыкі, отарыналарынголагі і інш. У сувязі са змяншэннем дзіцячага насельніцтва колькасць пасад участковых педыятраў зменшылася з 2191 у 1990 да 1983 у 2002, а колькасць дзяцей на ўчастку з 73 5 да 604. У 2002 працавалі 311 жаночых кансультацый, акушэрска-гінекалагічных аддзяленняў і кабінетаў, 10 кансультацый «Шлюб і сям’я», 6 кабінетаў па мед. генетыцы, колькасць акушэраў-гінеколагаў павялічылася з 2080 у 1990 да 2517 у 2002.

Санітарна-проціэпідэмічную дапамогу насельніцтву Беларусі ў 1990-я г. забяспечвалі Аддзел гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Мін-ва аховы здароўя, Рэсп. цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, 6 абл., 144 гар., раённыя і ведамасныя цэнтры, Мінская і Гомельская дэзінфекцыйныя станцыі. З 1992 у 9 гарадах краіны ажыццяўляецца маніторынг здароўя насельніцтва ў сувязі са станам навакольнага асяроддзя. У Мінску, Віцебску, Гродне адкрыты кансультацыйныя цэнтры (хранічных вірусных гепатытаў, нейраінфекцый і інш.). Праблемамі ўмацавання здароўя і фарміравання здаровага ладу жыцця ў 1990-я г. займаліся цэнтры здароўя (у 2002 рэарганізаваны ў аддзяленні цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі і грамадскага здароўя). З 1998 працуюць рэсп. і абл. цэнтры СНІДу (у 2002 аб’яднаны з цэнтрамі гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя). Санітарна-проціэпідэміялагічная служба Беларусі дзейнічае ў адпаведнасці з законам «Аб санітарна-эпідэміялагічным забеспячэнні насельніцтва» (2003) і ажыццяўляе дзярж. нагляд (ахову навакольнага асяроддзя, аздараўленне ўмоў працы, быту і адпачынку), арганізацыю і правядзенне санаторна-аздараўленчых і проціэпідэмічных мерапрыемстваў, а таксама па папярэджанні і ліквідацыі інфекцыйных, прафесійных і інш. захворванняў. Навукова-даследчае і метадычнае кіраўніцтва, распрацоўку санітарных норм і правіл ажыццяўляюць НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Мін-ва аховы здароўя і навукова-практычны цэнтр гігіены, 10 кафедраў мед. ун-таў і Бел. мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі.

Санаторна-курортную дапамогу насельніцтву Беларусі аказваюць санаторыі Мін-ва аховы здароўя, санаторныя аб’яднанні «Белпрафсаюзкурорт», «Белаграздраўніца», «Брэстаграздраўніца», санаторыі і санаторыі-прафілакторыі мін-ваў і ведамстваў (гл. табл. 3). З 1997 існуе дзярж. сістэма арганізацыі санаторна-курортнай дапамогі. Створаны Рэсп. цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Работу па санаторна-курортнай дапамозе каардынуе Рэсп. міжведамасны савет па пытаннях аздараўлення і санаторна-куротнага лячэння. На Беларусі функцыянуе 13 санаторных аддзяленняў мед. рэабілітацыі на 535 ложкаў (2004).

Аптэчнай справай кіруе рэсп. унітарнае прадпрыемства «Фармацыя» (мае 6 аптэчных складоў). У 1996 створаны дзярж. канцэрн «Белбіяфарм», які ўзначальвае работу прадпрыемстваў фармацэўтычнай прамысловасці (5 заводаў і 4 прадпрыемствы розных форм уласнасці, якія выпускаюць 381 найменне лекавых сродкаў). Фармацэўтычную прадукцыю вырабляюць: акц. т-ва «Белмедпрэпараты», Барысаўскі, Нясвіжскі, Гродзенскі з-ды медпрэпаратаў і інш. Пашыраецца сетка аптэк недзярж. форм уласнасці (16% аптэк і 63% аптэчных кіёскаў). Існуюць дзярж. гасп.-разліковыя, самастойныя аптэкі (у т. л. цэнтр., раённыя), пры лячэбна-прафілактычных установах, бальнічных стацыянарах і г.д. У аптэках адкрыты фітааддзелы (1992), аддзелы таварнага крэдыту (1994—96). З 1994 праводзяцца міжнар. спецыялізаваныя выстаўкі вытворцаў мед. тэхнікі і медыкаментаў. Ва ўсіх аптэках устаноўлены адзіны парадак захоўвання і рэалізацыі лекавых сродкаў; даводзіцца пералік прэпаратаў, на атрыманне якіх патрэбны спец. дазвол (напр., наркатычныя сродкі). Заканадаўствам Беларусі прадугледжаны льготныя формы абслугоўвання некаторых катэгорый насельніцтва. Павялічваецца колькасць прадпрыемстваў, якія вырабляюць мед. тэхніку (у 1994 іх было 40, у 1999—100). Асвоена вытворчасць дыялізатараў (1992), апаратаў лазернай каагуляцыі (1995), аднаразовых шпрыцаў (1997), сістэм камп’ютэрнай рэнтгенаграфіі (1999). Прынята дзярж. праграма развіцця фармацэўтычнай прамысловасці (1999). У 2002 на Беларусі працавала 7017 правізараў і фармацэўтаў.

На Беларусі ліквідаваны многія небяспечныя інфекцыйныя хваробы (напр., натуральная воспа, малярыя, поліяміэліт). На Беларусі самая нізкая сярод краін СНД дзіцячая смяротнасць. З 1996 яна знізілася з 13,3 на 1 тыс. нованароджаных да 7,6 у 2003. Мацярынская смяротнасць — 21,4 на 100 тыс. (у 1990—21,8). Колькасць абортаў знізілася з 247 тыс. у 1990 да 89,9 тыс. у 2002.

У 1990-я г. створаны новыя грамадскія арганізацыі-асацыяцыі: «Новыя тэхналогіі ў медыцыне» (1992), урачоў (1992), сярэдніх мед. работнікаў (1996), сацыял-гігіеністаў і арганізатараў аховы здароўя (1998). Адбыліся 4 з’езды сацыял-гігіеністаў і арганізатараў аховы здароўя, першыя з’езды сярэдніх медработнікаў (1994, Гродна), урачоў (1998, Мінск); прыняты Кодэкс урачэбнай этыкі (1998). У 1991 Бел. т-ва Чырвонага Крыжа (назва з 1994) стала недзярж. добраахвотнай арганізацыяй. Т-ва працуе па праграмах: «Служба міласэрнасці» (медыка-сац. дапамога адзінокім састарэлым грамадзянам, ажыццяўляе прыём у 115 медыка-сац. цэнтрах), «Служба катастроф» (падрыхтоўка добраахвотнікаў на выпадак экстрэмальных сітуацый), «Служба пошуку» (пошук асоб і месцаў пахаванняў прапаўшых без вестак); удзельнічае ў праграмах «Донарства» (бязвыплатны донарскі рух), «Бежанцы» (медыка-санітарная дапамога бежанцам), «Супрацоўніцтва» (міжнар. супрацоўніцтва, пашырэнне ведаў па гуманітарным праве), Міжнар. праграме гуманітарнай дапамогі і рэабілітацыі «Чарнобыль»; працуе таксама па праграме «Маладзёжны рух» (уцягванне ў свой рух моладзі, медыка-санітарная падрыхтоўка па пытаннях прафілактыкі захворванняў і прапагандзе здаровага ладу жыцця). У 2000 на Беларусі функцыянавала 117 цэнтраў т-ва, у т. л. Дом міласэрнасці ў Пінску, працавала 400 медсясцёр. Бел. т-ва прызнана 168-м членам Міжнар. руху «Чырвонага Крыжа» і «Чырвонага Паўмесяца».

У галіне міжнароднага супрацоўніцтва па ахове здароўя на мяжы 20—21 ст. з некаторых фондаў і пад эгідай Сусв. арганізацыі аховы здароўя прыцягваюцца сродкі з-за мяжы на пэўныя праграмы: праект «Сасакова—Чарнобыль» (выдзелены дыягнастычны комплекс дзіцячаму хірург. цэнтру ў Мінску коштам 10 млн. ням. марак); на развіццё дзіцячай анкалагічнай клінікі ў Мінску (Аўстрыя выдзеліла 2,4 млн. аўстрыйскіх шылінгаў); на міжнар. праект па шчытападобнай залозе Еўрап. бюро Сусв. арганізацыі аховы здароўя (400 тыс. долараў). У 1994 на Беларусі адкрыта прадстаўніцтва Сусв. арганізацыі аховы здароўя (САЗ). У 1995—97 Еўрап. бюро САЗ супрацоўнічала з Рэспублікай Беларусь па мінімізацыі мед. аспектаў наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, ахове мацярынства і дзяцінства (натуральнае выкормліванне), барацьбе са СНІДам і інфекцыйнымі захворваннямі, па інтэграванай праграме прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў. Ажыццяўлялася таксама міжнар. супрацоўніцтва з дабрачыннай арганізацыяй «Дзіцячае сэрца» (Мемфіс, ЗША), з САЗ па інфекцыях, якія перадаюцца палавым шляхам (3 праграмы), па праблемах алергічнай паталогіі ў дзяцей (Рас. акадэмія мед. навук, інстытут педыятрыі). Пагадненнем паміж Швейцарскім упраўленнем па развіцці і супрацоўніцтве і Брагінскім раёнам па рэалізацыі праекта «Здароўе маці і дзіцяці» прадугледжана пастаўка абсталявання для бальніц і амбулаторый, абучэнне персаналу. Грамадская арганізацыя «Беларускі зялёны крыж» устанаўлівае ў Брагінскай раённай бальніцы аўтаматызаваную сістэму кіравання «Мініклініка».

У міжнар. супрацоўніцтве асаблівая ўвага аддаецца сувязям з САЗ. З Еўрап. бюро САЗ работа вядзецца па пытаннях фінансавання аховы здароўя, аховы навакольнага асяроддзя, туберкулёзу і інш. на аснове 2-гадовага плана (2002—03) і працягнута на 2004—05. Развіваецца супрацоўніцтва з Міжнар. агенцтвам па атамнай энергіі (МАГАТЭ) па рэалізацыі праекта «Стварэнне сістэмы гарантыі якасці (кантролю якасці) для рэнтгенаўскіх камп’ютэрных тамографаў у Рэспубліцы Беларусь». Ажыццяўляюцца міжнар. праекты «Развіццё і ўмацаванне службаў і арганізацый, якія займаюцца прафілактыкай ВІЧ і лячэннем наркаманіі сярод спажыўцоў наркотыкаў», «Прафілактыка і лячэнне ВІЧ/СНІД у Беларусі», «Вывучэнне раку і іншых захворванняў шчытападобнай залозы на Беларусі пасля Чарнобыльскай аварыі» і інш.). Сумесна з Канадскай асацыяцыяй даследчых ін-таў выконваецца міжнар. праект «Комплексная клініка-псіхалагічная ацэнка стану здароўя дзяцей перад паступленнем у школу». Завяршаецца рэалізацыя першай стадыі бел.-амер. праекта «Медыцынская дапамога дзецям, пацярпелым ад катастрофы на ЧАЭС, шляхам развіцця і ўкаранення тэлемедыцыны».

Літ.:

Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;

Короткевич А.Т. Наука в Белоруссии на современном этапе. Мн., 1985;

Сергеева Г.Г. БССР в научном сотрудничестве Советского Союза и социалистических стран (1945—85 гг.). Мн., 1986;

Гурин В.Н., Семененя И.Н. Развитие медико-биологических наук в Республике Беларусь // 70 лет Нац. академии наук Беларуси: Док. и материалы юбилейных торжеств. Мн., 2000;

Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;

Тищенко Е.М. История здравоохранения Беларуси в XX веке. Гродно, 2001;

Национальный реестр правовых активов Республики Беларусь. 2002, №2;

Здравоохранение в Республике Беларусь: Офиц. стат. сб. Мн., 1990—2003.

Э.​А.​Вальчук, І.​М.​Семяненя.


Табліца 1
Медыцынскія кадры ў Беларусі (па ўсіх ведамствах)
1970 1980 1990 2000 2002
Урачы ўсіх спецыяльнасцей 23 384 32 674 41 393 45 456 44 812
на 10 тыс. жыхароў 25,8 33,8 40,5 45,5 45,3
у тым ліку:
тэрапеўтаў 4481 7600 10 727 12 212 11 876
на 10 тыс. жыхароў 4,95 3,87 10,50 12,2 12,0
хірургаў 2169 3453 4825 6169 6173
на 10 тыс. жыхароў 2,40 3,57 4,72 6,2 6,2
акушэраў-гінеколагаў 1309 1936 2265 2645 2680
на 10 тыс. жыхароў 1,45 2,0 2,22 2,6 2,7
педыятраў 2643 3836 5088 4252 4072
на 10 тыс. жыхароў 2,92 3,97 4,98 4,3 4,1
афтальмолагаў 517 652 802 944 952
на 10 тыс. жыхароў 0,57 0,68 0,79 0,9 1,0
неўрапатолагаў 636 942 1105 1432 1446
на 10 тыс. жыхароў 0,70 0,98 1,08 1,4 1,5
отарыналарынголагаў 597 717 761 821 822
на 10 тыс. жыхароў 0,66 0,74 0,74 0,8 0,8
фтызіятраў 888 784 598 550 541
на 10 тыс. жыхароў 0,98 0,81 0,59 0,6 0,5
стаматолагаў 889 1724 3239 4485 4374
на 10 тыс. жыхароў 0,98 1,78 3,17 4,5 4,4
правізараў (сістэма Мін-ва аховы здароўя) 1560 2420 3261 3088 2828
фармацэўтаў (сістэма Мін-ва аховы здароўя) 3784 5197 6133 4571 4189
Колькасць сярэдняга мед. персаналу няма
звестак
94 130 119 880 122 641 123 485
на 10 тыс. жыхароў -’’- 97,4 117,6 122,8 124,8

Табліца 2
Сетка амбулаторна-паліклінічных і спецыялізаваных устаноў Беларусі (сістэма Міністэрства аховы здароўя)
Колькасць 1970 1980 1990 2000 2002
Паліклінічных аддзяленняў, бальніц і радзільных дамоў 929 808 767 688 643
Самастойных паліклінік і амбулаторый, 260 269 435 572 604
у т. л. ў сельскай мясцовасці 204 204 319 418 447
Стаматалагічных паліклінік 25 48 64 78 78
Дзіцячых паліклінік 274 324 381 357 345
Станцый пералівання крыві 17 17 20 20 20
Станцый хуткай мед. дапамогі 194 194 200 198 197
Санэпідстанцый і санэпідаддзяленняў бальніц 147 153 154 151 151
Фельчарска-акушэрскіх пунктаў 2824 3003 3012 2848 2743
Зубапратэзных майстэрняў (кабінетаў) 201 209 231 233 230
Дэзстанцый няма звестак 2 4 3 2
Аптэк 1124 1192 1247 няма звестак 1386
Аптэчных пунктаў 3196 3026 3196 -’’- 1293
Процітуберкулёзных дыспансераў (кабінетаў) 207 149 148 162 162
Анкалагічных дыспансераў і кабінетаў 41 81 119 155 162
Дэрматавенералагічных дыспансераў і кабінетаў 189 158 162 188 182
Псіханеўралагічных дыспансераў і кабінетаў 58 136 141 163 160
Эндакрыналагічных дыспансераў і кабінетаў 51 148 188 234 231
Урачэбна-фізкультурных дыспансераў і кабінетаў 37 38 45 15 8
Наркалагічных дыспансераў і кабінетаў няма звестак 129 141 146 150
Кардыялагічных дыспансераў і кабінетаў -’’- 159 144 156 164
Аднаўленчага лячэння (рэабілітацыі) няма звестак 65 98 191 197
Кансультацый па мед. генетыцы -’’- няма звестак 4 7 6
Кансультацый «Шлюб і сям’я» -’’- няма звестак 7 8 10
Траўматалагічных дыспансераў і кабінетаў 23 57 165 198 200

Табліца 3
Санаторыі, дамы адпачынку, пансіянаты
(усе ведамствы)
Установа 1990 2000 2002
Санаторыі і пансіянаты з лячэннем 53 66 69
месцаў у іх, тыс. 13,2 15,8 17,5
абслужана асоб, тыс. 152,2 238,0 259,2
Дзіцячыя санаторыі, пансіянаты 22 25 27
месцаў у іх, тыс. 3,9 4,2 4,8
абслужана асоб, тыс. 25,2 44,7 52,0
Санаторыі-прафілакторыі 119 108 92
месцаў у іх, тыс. 12,0 13,4 11,2
абслужана асоб, тыс. 173,7 161,2 143,0
Дамы і пансіянаты адпачынку 13 11 9
месцаў у іх, тыс. 3,3 1,2 1,6
абслужана асоб, тыс. 58,8 17,9 30,0
Базы і інш. арганізацыі адпачынку 184 133 155
месцаў у іх, тыс. 13,6 15,0 13,5
абслужана асоб, тыс. 58,4 157,7 224,6
Рэнтген-аперацыйнае аддзяленне эндаваскулярнай хірургіі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Кардыялогія». 2004.
Брэсцкая цэнтральная гарадская бальніца. 2004.
Мінскі Дом міласэрнасці (хоспіс). 2004.
Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. Гомель, 2004.

т. 18, кн. 2, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВЫ, СВАБОДЫ І АБАВЯЗКІ ГРАМАДЗЯН

Сістэма правоў, свабод і абавязкаў з’яўляецца нарматыўнай сферай узаемадзеяння людзей, неабходнай умовай забеспячэння нармальнага функцыянавання індывіда, грамадства і дзяржавы. Яна акрэслівае асобе магчымасці яе паводзін, вызначае яе свабоду і тыя межы свабоды, якія ўстанаўлівае дзяржава без фактычнага ўмяшання ў гэтую сферу. Прынята, што правы і свабоды чалавека маюць натуральную прыроду паходжання, індывід набывае іх не ад дзяржавы, а ў сілу свайго нараджэння. У адрозненне ад гэтага правы і свабоды грамадзяніна прадвызначаны яго прыналежнасцю да дзяржавы і яе народа. Забеспячэнне правоў і свабод грамадзян, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законах і міжнар. абавязацельствах, абвешчана вышэйшай мэтай дзяржавы. Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі складаюць аснову прававога статуса грамадзян Беларусі. Яны разглядаюцца ў якасці найважнейшых, асн. правоў, свабод і абавязкаў, маюць універсальны, агульны для ўсіх грамадзян характар, валодаюць вышэйшай юрыд. сілай і з’яўляюцца базай для ўсіх астатніх (звычайных) правоў і абавязкаў. Абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нац. бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону. Канстытуцыя не толькі абвяшчае правы і свабоды грамадзян, але і замацоўвае гарантыі іх рэалізацыі (прыналежнасць улады народу, клопаты аб задавальненні матэрыяльных і духоўных патрэбнасцей людзей і інш.). Паводле сферы свайго праяўлення і рэальнага функцыянавання ў розных сферах жыцця адрозніваюць асабістыя, паліт., сац.-эканам. і культ. правы і свабоды грамадзян.

Асабістыя правы і свабоды ўключаюць: права на жыццё; свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы; права на асабістае жыццё; недатыкальнасць жылля; свабоду перамяшчэння і выбару месца жыхарства; права на вызначэнне адносін да рэлігіі; свабоду меркаванняў і перакананняў; права на ўступленне ў шлюб і стварэнне сям’і; права на нац. прыналежнасць, карыстанне роднай мовай; права на суд. абарону; права на юрыд. дапамогу; права на абарону міжнар. арганізацыяй. Канстытуцыя замацоўвае права кожнага чалавека на жыццё і абавязак дзяржавы забяспечваць абарону чалавечага жыцця ад любых супрацьпраўных замахаў. Яна дапускае прымяненне смяротнай кары як выключнай меры пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі паводле прыгавору суда. У адпаведнасці з заключэннем Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь ад 11.3.2004 гэтая норма дазваляе Прэзідэнту і Парламенту прыняць рашэнне пра аб’яўленне мараторыя на прымяненне смяротнай кары або пра поўную адмену гэтага. віду пакарання. Кожны грамадзянін мае права на абарону ад грамадска небяспечнага замаху. Абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам (учыненне злачынства, дачыненне да тэрарызму або іншых небяспечных гвалтоўных злачынстваў, кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй, арганізаванай групай або прыналежнасць да яе і інш.). Асоба, узятая пад варту, мае права на судовую праверку законнасці яе затрымання або арышту. Ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму да яго годнасці абыходжанню ці пакаранню, а таксама без яго згоды падвяргацца мед. або іншым доследам. Кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у т. л. ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і інш. паведамленняў, на яго гонар і годнасць, а таксама тайны ўкладаў, інфармацыі аб стане здароўя, тайны галасавання, споведзі і інш. Грамадзянін мае права патрабаваць на судзе абвяржэння звестак, якія знеслаўляюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Гарантуецца недатыкальнасць жылля і інш. законных уладанняў грамадзян. Ніхто не мае права без законнай падставы ўвайсці ў жыллё і інш. законнае ўладанне грамадзяніна супраць яго волі. Аб’ектам ніякіх абмежаванняў не можа быць права грамадзяніна свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад, акрамя тых, якія прадугледжаны заканадаўствам. Кожны чалавек мае права асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у выкананні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам, забяспечваць рэліг. і маральнае выхаванне сваіх дзяцей у адпаведнасці з перакананнем. Адным са сродкаў рэалізацыі свабоды поглядаў і перакананняў з’яўляецца выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі (СМІ), удзел у сходах і інш. грамадскіх мерапрыемствах, накіраванне зваротаў у дзярж. і грамадскія органы, службовым асобам, удзел у перадвыбарчай агітацыі і г.д. Любы прымус чалавека да адкрытага выказвання або адмовы ад сваіх поглядаў лічыцца проціпраўным. Не дапускаюцца манапалізацыя СМІ дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама стварэнне і фінансаванне арганізацый, устаноў, органаў або пасад, у задачы якіх уваходзіць ажыццяўленне цэнзуры масавай інфармацыі.

Пад абаронай дзяржавы знаходзяцца шлюб, сям’я, мацярынства і бацькоўства. Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні. Дзіця не павінна падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якія могуць прычыніць шкоду яго фіз., разумоваму або маральнаму развіццю. Дзяржава гарантуе павагу правоў асоб, якія адносяць сябе да нац. меншасцей; забараняецца патрабаваць ад грамадзяніна ўказання яго нац. прыналежнасці ні вусна, ні пісьмова. Знявага нацыянальнай годнасці караецца паводле закона. Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін, выхавання і навучання. Грамадзянам гарантуецца абарона іх правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны. На канстытуцыйным узроўні прадугледжана права карыстацца ў любы момант юрыд. дапамогай адвакатаў і інш. сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзярж. органах, органах мясц. кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі, а таксама звяртацца ў міжнар. арганізацыі з мэтай абароны сваіх правоў і свабод, калі вычарпаны ўсе наяўныя ўнутрыдзярж. сродкі прававой абароны.

Да палітычных правоў і свабод грамадзяніна адносяцца: права кіравання справамі дзяржавы; права выбіраць і быць выбраным; права на звяртанне ў дзярж. органы; свабода аб’яднанняў; свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання; свабода друку і інфармацыі; права на роўны доступ да любых пасад у дзярж. органах. Непасрэдны ўдзел грамадзян у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы забяспечваецца правядзеннем рэферэндумаў, абмеркаваннем праектаў законаў і пытанняў рэсп. і мясц. значэння, рэсп. і мясц. сходаў, іншымі вызначанымі законам спосабамі. Права на свабоду аб’яднанняў рэалізуецца праз магчымасць стварэння і ўдзелу грамадзян у дзейнасці паліт. партый, грамадскіх рухаў і грамадскіх арганізацый. Для забеспячэння аб’ектыўнасці і непрадузятасці суддзі, пракурорскія работнікі, супрацоўнікі органаў унутр. спраў, Камітэта дзярж. кантролю, органаў бяспекі, ваеннаслужачыя не могуць быць членамі палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца паліт. мэт. Грамадзянам гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб паліт., эканам., культ. і міжнар. жыцці, аб стане навакольнага асяроддзя. Нарматыўныя акты Прэзідэнта, Парламента, Урада, іншых дзярж. органаў публікуюцца ў афіц. выданнях і ў друку, даводзяцца да ўсеагульнага ведама інш. прадугледжаным законам спосабам. Дзярж. органы, грамадскія аб’яднанні, службовыя асобы абавязаны даць грамадзяніну магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, якія закранаюць яго правы і законныя інтарэсы. Карыстанне інфармацыяй можа быць абмежавана заканадаўствам з мэтай абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў. Грамадзянам гарантуецца роўны, без якой-небудзь дыскрымінацыі доступ да любых пасад у дзярж. органах, незалежна ад расы, рэлігіі, мовы, паліт. перакананняў, нац., сац. паходжання або маёмаснага становішча.

Сацыяльна-эканамічныя і культурныя правы ўключаюць: права на працу; на справядлівую долю ўзнагароджання ў эканам. выніках працы; на адпачынак; права ўласнасці; на жыллё; на абарону здароўя; на спрыяльнае навакольнае асяроддзе; на адукацыю; на сац. забеспячэнне; на ўдзел у культурным жыцці. Права на працу разглядаецца як найб. годны спосаб самасцвярджэння чалавека і ўключае права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафес. падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы. Прымушэнне да працы ў любой форме не дапускаецца, за выключэннем работы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда ці ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы. Дзяржава стварае ўмовы для поўнай занятасці насельніцтва. У выпадку незанятасці асобы па не залежных ад яе прычынах ёй гарантуецца навучанне новым спецыяльнасцям і павышэнне кваліфікацыі з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама дапамога па беспрацоўі ў адпаведнасці з законам. Свае эканам. і сац. інтарэсы грамадзяне могуць абараняць рознымі спосабамі (зварот у суд, аб’яднанне ў прафсаюзы, заключэнне калект. дагавораў, забастоўкі). Канстытуцыйна замацаванае права працоўных на адпачынак дазваляе абмежаваць рабочы час работнікаў і стварыць ім неабходныя ўмовы для аднаўлення сіл і рацыянальнага выкарыстання свабоднага часу. Для тых, хто працуе па найме, гэта права забяспечваецца ўстанаўленнем рабочага тыдня, які не перавышае 40 гадзін, скарочанай працягласцю работы ў начны час, прадастаўленнем штогадовых аплатных водпускаў, дзён штотыднёвага адпачынку. Закон ахоўвае недатыкальнасць уласнасці грамадзян і права яе атрымання ў спадчыну. Уласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай. Уласнік мае права паводле свайго меркавання ўчыняць у адносінах да сваёй маёмасці любыя дзеянні, якія не супярэчаць закону і не ўшчамляюць правы і інтарэсы іншых асоб, у т. л. адчужаць сваю маёмасць іншым асобам, перадаваць ім, застаючыся ўласнікам, свае правамоцтвы валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю. Прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры захаванні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці, а таксама згодна з пастановай суда. Права грамадзяніна на жыллё рэалізуецца шляхам набыцця дзярж. (грамадскага) жылля ва ўласнасць, а таксама кааператыўнага і індывід. жыллёвага будаўніцтва, недапушчальнасцю адвольнага пазбаўлення яго жылля. Грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сац. абароне, жыллё прадастаўляецца дзяржавай і мясц. самакіраваннем бясплатна або па даступнай для іх аплаце ў адпаведнасці з заканадаўствам. Права на ахову здароўя забяспечваецца стварэннем даступнага для ўсіх грамадзян мед. абслугоўвання, бясплатным лячэннем у дзярж. установах аховы здароўя, за выключэннем вызначаных урадам відаў мед. дапамогі, развіццём фіз. культуры і спорту, магчымасцю карыстацца аздараўленчымі ўстановамі, удасканальваннем аховы працы. З мэтай абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, працы і адпачынку дзяржава ажыццяўляе кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, меры па іх аднаўленні і аздараўленні навакольнага асяроддзя і прадухіленні экалагічна шкоднай дзейнасці, ліквідацыі вынікаў аварый, катастроф, стыхійных бедстваў. Гарантыяй рэалізацыі права на адукацыю з’яўляецца даступнасць і бясплатнасць сярэдняй і прафес.-тэхн. адукацыі, даступнасць у адпаведнасці са здольнасцямі кожнага сярэдняй спец. і вышэйшай адукацыі ў дзярж. або недзярж. навуч. установах, выдзяленне дзярж. сродкаў на ўтрыманне і матэрыяльнае забеспячэнне навуч. устаноў, прадастаўленне дзярж. стыпендый і льгот навучэнцам і студэнтам, бясплатная выдача школьных падручнікаў, агульнадаступнасць бібліятэк і інш. Дзейным заканадаўствам прадугледжваюцца розныя віды дзярж. сац. страхавання работнікаў, устанаўліваюцца нормы і парадак пенсіённага забеспячэння (пенсіі па ўзросце, па інваліднасці, у выпадку страты працаздольнасці, страты карміцеля, дапамогі па часовай непрацаздольнасці, па цяжарнасці і родах, сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, па догляду інвалідаў I групы, на дзяцей ва ўзросце да 16 галоў і інш.). Дзяржава праяўляе асаблівы клопат аб ветэранах вайны і працы, а таксама аб асобах, якія страцілі здароўе пры абароне дзярж. і грамадскіх інтарэсаў. З мэтай рэалізацыі права займацца культ. дзейнасцю дзярж. органы павінны ствараць неабходныя ўмовы для далучэння грамадзян да каштоўнасцей нац. і сусв. культуры, развіваць сетку культ.-асв. устаноў, забяспечваць падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў, ствараць гарантыі і стымулы маст., навук., тэхн. творчасці, захавання традыц. бел. культуры (фальклор, нар. промыслы, рамёствы), развіццё культуры нац. меншасцей і этн. груп. Законам абараняецца права інтэлектуальнай уласнасці (творы навукі, л-ры і мастацтва, выканаўчая дзейнасць артыстаў, радыё- і тэлеперадачы, вынаходствы, прамысл. ўзоры, таварныя знакі і інш.).

Канстытуцыйныя абавязкі чалавека і грамадзяніна прадугледжваюць неабходнасць: выконваць Канстытуцыю, законы і паважаць нац. традыцыі; паважаць годнасць, правы і свабоды інш. асоб; берагчы гісторыка-культ., духоўную спадчыну і інш. нац. каштоўнасці; ахоўваць прыроду; прымаць удзел у фінансаванні дзярж. расходаў; абараняць Айчыну. Патрабаванне выконваць Канстытуцыю, законы і інш. нарматыўныя акты распаўсюджваецца як на грамадзян Рэспублікі Беларусь, так і на замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія знаходзяцца на тэр. Беларусі і павінны з павагай ставіцца да звычаяў і традыцый яе народа. Канстытуцыйныя абавязкі таксама, як і правы, канкрэтызуюцца ў галіновым заканадаўстве, якое ўстанаўлівае розныя віды прававой адказнасці — дысцыплінарнай, грамадз.-прававой, адм.-прававой, крымін.-прававой. Агульны, універсальны характар носіць канстытуцыйная норма аб павазе годнасці і правоў інш. асоб. На ўсіх, хто знаходзіцца на тэр. Беларусі, распаўсюджваецца абавязак берагчы гісторыка-культ. спадчыну і інш. каштоўнасці, якія маюць вялікія духоўныя і эстэт. вартасці і ахоўваюцца дзяржавай. За невыкананне абавязкаў па ахове і выкарыстанні гісторыка-культ. спадчыны, знішчэнне або прычыненне шкоды нац. каштоўнасцям, парушэнне правіл іх увозу і вывазу вінаватыя прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам. Розныя меры адказнасці грамадзян, арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў, звязаных з негатыўным уздзеяннем на навакольнае асяроддзе, устаноўлены за невыкананне патрабавання аб ахове прыроды (пашкоджанне і забруджанне зямель, атмасфернага паветра, вады і інш.). Адным з важнейшых абавязкаў грамадзян з’яўляецца выплата імі агульнадзярж. падаткаў, пошлін і інш. плацяжоў (падаходны падатак, падатак на дабаўленую вартасць, на прыбытак і даходы, на нерухомасць, за карыстанне прыроднымі рэсурсамі і інш.) і мясц. падаткаў (зямельны, падатак з пабудоў і інш.). Канстытуцыйным і свяшчэнным абавязкам грамадзяніна з’яўляецца абарона Рэспублікі Беларусь. З мэтай падрыхтоўкі насельніцтва да абароны бел. дзяржавы, забеспячэння камплектавання Узбр. Сіл і інш. вайск. фарміраванняў устанаўліваецца ўсеагульны воінскі абавязак. Парадак праходжання вайск. службы, падставы і ўмовы вызвалення ад вайск. службы ці замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам. Ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў.

Асн. Закон Рэспублікі Беларусь устанаўлівае, што дзяржава абавязваецца прымаць усе даступныя ёй меры, накіраваныя на стварэнне ўнутр. і міжнар. парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод сваіх грамадзян. Дзярж. органы, службовыя асобы нясуць адказнасць за дзеянні, якія парушаюць правы і свабоды асобы. Ажыццяўленне гарантаваных дзяржавай правоў і свабод асобы можа быць прыпынена толькі ва ўмовах надзвычайнага або ваеннага становішча ў парадку і межах, вызначаных Канстытуцыяй і законам.

т. 18, кн. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНАЎЛЕННЕ, РАЗВІЦЦЁ І КАДЫФІКАЦЫЯ ЗАКАНАДАЎСТВА НА БЕЛАРУСІ

СТАРАЖЫТНАЕ ПРАВА.

У стараж. бел. княствах (Полацкім, Турава-Пінскім, Віцебскім, Новагародскім і інш.) дзейнічала пераважна звычаёвае права — сістэма няпісаных правіл паводзін людзей, што абапіралася на даўнасць і агульнапрынятасць ужывання. Звычаёвым правам рэгуляваліся маёмасныя і сямейныя праваадносіны, правы і абавязкі насельніцтва, сістэма органаў улады і інш., у т. л. парадак уступлення на трон князя, які на ўсеагульным вечы прысягаў верна служыць дзяржаве і дзейнічаць у адпаведнасці з мясц. звычаёвым правам. Умовы ўступлення князя на трон афармляліся граматай (калі ён займаў яго па спадчыне) або дагаворам (калі быў запрошаны на княжанне з інш. княства ці «чужой» зямлі).

Першыя пісаныя заканад. акты — Руская праўда і міжнар. дагаворы стараж. бел. княстваў з інш. дзяржавамі. Адным з першых пісаных дагавораў, які дайшоў да нашага часу, лічыцца дагавор 1229, заключаны Смаленскім, Віцебскім і Полацкім княствамі з Рыгай і Гоцкім берагам аб добрасуседскіх адносінах і свабодным гандлі па ўсёй Зах. Дзвіне і Балтыйскім узбярэжжы. Падобныя дагаворы заключаліся ў 1264, 1265, 1338 і інш. Гал. мэтай дагавораў у 13—15 ст. было ўстанаўленне і захаванне міру, рэгуляванне свабоды гандл. і дыпламат. зносін. Добрасуседскія адносіны замацоўваліся ў шэрагу дагаворных грамат з Псковам і Вял. Ноўгарадам Так, у 1471 Ноўгарад, імкнучыся захаваць сваю незалежнасць ад Масквы, заключыў дагавор з ВКЛ аб ваен. дапамозе і інш. На працягу стагоддзяў міжнар. дагаворы заключаліся з Маскоўскай дзяржавай. Асобнае месца ў дагаворным праве належыць васальным граматам, што замацоўвалі падпарадкаванне невял. княстваў больш магутным дзяржавам, якія часам не ўваходзілі ў склад дзяржавы-сюзерэна, але былі ў саюзе з ёй.

ЗАКАНАДАЎСТВА ВКЛ І РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ.

У працэсе ўтварэння ВКЛ складвалася ўласнае агульназемскае (агульнадзярж.) права, прымалася значная колькасць нарматыўных актаў — прывілеяў (грамат). У зборах дакументаў і матэрыялаў археаграфічных камісій (Віленскай, Пецярбургскай, Кіеўскай) надрукаваны розныя віды грамат: дагаворныя, даравальныя, устаўныя, ільготныя, ахоўныя, судныя, пазыўныя і інш. Граматы заканад. характару называліся звычайна «лістами» або «прывілеями». Яны ахоплівалі тэр. ўсёй краіны ці адрасаваліся прывілеяванаму саслоўю (т.зв. агульназемскія граматы); ахоплівалі асобныя землі, адм.-тэр. адзінкі і адрасаваліся ўсяму насельніцтву гэтых зямель (т.зв. абласныя граматы); выдаваліся асобным гарадам, пераважна на магдэбургскае права (т.зв. гарадскія граматы), пэўным установам (напр., цэрквам, манастырам) або асобным сац. і саслоўным групам насельніцтва (сялянам, духавенству, мяшчанам), нац. групам (татарам, яўрэям), а таксама прыватным асобам (падараванні зямельных угоддзяў ці промыслаў, наданні тытулаў, шляхецтва і інш.).

У ліку першых грамат агульнадзярж. характару былі граматы вял. князя Альгерда, выдадзеныя ў 1359, і граматы вял. князя Ягайлы, выдадзеныя ў 1387. Гарадзельская унія 1413 замацавана сумеснай граматай Ягайлы і Вітаўта. У грамаце ад 6.5.1434, выдадзенай вял. князем Жыгімонтам Кейстутавічам, пацвярджалася роўнасць правоў правасл. феадалаў з феадаламі-католікамі; усім феадалам гарантавалася права валодання маёнткамі, карыстання гербамі і інш. знакамі шляхецтва, а таксама асабістая свабода і недатыкальнасць асобы шляхціца.

Важным этапам у развіцці дзярж. заканадаўства была грамата Казіміра ад 2.5.1447, якая мела ярка акрэслены канстытуцыйны характар. У ёй вял. князь ВКЛ абяцаў ахоўваць тэр. цэласнасць дзяржавы і не даваць зямель і пасад іншаземцам. Грамата адрасавалася не толькі шляхце, але і гарадскому насельніцтву. Прынцыпы недатыкальнасці асобы і яе маёмасці, адказнасці за віну ў судовым парадку пашыраліся і на простых людзей. Адной з найб. прагрэсіўных норм канстытуцыйнага характару было дэклараванне права князям, рыцарам, шляхціцам, баярам свабодна выязджаць за межы дзяржавы, за выключэннем непрыяцельскіх зямель. Адначасова грамата заканадаўча афармляла права феадалаў судзіць сваіх залежных (падданых) людзей.

Агульназемская грамата 1492 замацоўвала асновы грамадскага і дзярж. ладу ВКЛ, суверэнітэт дзяржавы, вяршэнства Рады і інш. У гісторыка-прававой л-ры яна атрымала назву «малая феадальная канстытуцыя». Грамата замацавала асн. прынцыпы міжнар. палітыкі ВКЛ: падтрымліваць добрасуседскія адносіны з інш. дзяржавамі, прытрымлівацца заключаных пагадненняў аб міры, саюзах, канфедэрацыях, не парушаць раней заключаных дагавораў. Грамата гарантавала, што ўсе дзярж. пытанні і судовыя пастановы, вырашаныя з панамі-радай, вял. князь не мог «змяняць, выпраўляць або перапарадкоўваць»; што ўсе пасады ў дзяржаве будуць давацца са згоды Рады толькі ўраджэнцам ВКЛ; забараняла пазбаўляць службоўцаў пасад без вызначэння віны. Нормы граматы паклалі пачатак барацьбы са злоўжываннямі асоб мясц. адміністрацыі: ім забаранялася вымагаць у падначаленых і насельніцтва што-небудзь звыш вызначанага законам, браць хабары.

Важным законам, які таксама меў канстытуцыйны характар, стала грамата Жыгімонта 1 Старога, выдадзеная ў 1506. У ёй больш дэталізавана абагульняліся і паўтараліся палажэнні папярэдніх агульназемскіх грамат; пацвярджаліся ўсе правы і вольнасці, дадзеныя гарадам, цэрквам, духоўным і свецкім феадалам, мяшчанам і інш. жыхарам краіны. Князь абавязваўся не раздрабняць дзярж. землі і вяртаць незаконна адабраныя, дэкларавалася права падданых падаваць чалабітныя і скаргі.

Наступныя агульназемскія граматы (1529, 1547, 1551, 1563 і інш.) у асн. пацвярджалі і паўтаралі раней выдадзеныя прывілеі, хаця мелі і новыя прававыя нормы, у іх ліку нарматыўна-прававыя акты: устава аб маёнтках дзярж. злачынцаў (1509), грамата аб уладзе і правах гетмана ў перыяд паходу з войскам (1507), закон аб спакушэнні ва іудзейства (1540) і інш.

Першыя абласныя граматы, якія замацоўвалі аўтаномныя правы асобных зямель (найчасцей былых стараж. княстваў) у складзе дзяржавы, выдаваліся пераважна ў 14 ст. пры ўваходзе гэтых зямель у склад ВКЛ і потым пацвярджаліся наступнымі князямі. Да нашага часу дайшлі больш познія пацвярджальныя граматы (Полацкай зямлі 1511, 1547, 1580, 1634; Віцебскай зямлі 1503, 1509, 1561; Смаленскай зямлі 1505 і інш.). У іх рэгламентаваліся ўзаемаадносіны гэтых зямель з цэнтр. уладай, правы і абавязкі насельніцтва. Адначасова яны мелі сілу і значэнне мясц. законаў, бо рэгулявалі ўнутранае грамадскае жыццё. Валасныя граматы (гаспадарскія лісты, выракі, уставы) даваліся вял. князем жыхарам пэўных валасцей, як правіла, у адказ на іх скаргі адносна самавольства мясц. адміністрацыі і парушэння старадаўніх правоў. Найчасцей яны рэгламентавалі сял. павіннасці перад дзяржавай і мясц. адміністрацыяй. Гарады ў ВКЛ на падставе гарадскіх грамат набывалі самакіраванне на ўзор магдэбургскага права. Першымі атрымалі такія граматы Вільня (1387), Брэст (1390), Гродна (1391). На працягу 15—17 ст. правы на самакіраванне паводле магдэбургскага права атрымалі каля 60 гарадоў, у т. л. Слуцк, Полацк, Мінск, Браслаў, Ваўкавыск, Навагрудак, Слонім, Магілёў, Нясвіж, Пінск, Віцебск, Орша, Капыль. Граматы грунтаваліся на ўласным звычаёвым праве горада, рэгламентавалі парадак утварэння і кампетэнцыю органаў гар. кіравання — магістратаў у складзе войта (галавы горада), лент-войта (яго намесніка), радцаў, бурмістраў і лаўнікаў. Горад вызваляўся з-пад улады мясц. адміністрацыі — намеснікаў, старостаў і інш., меў пэўныя льготы і ўласны суд. Войта, як правіла, прызначала вярх. ўлада пажыццёва. Колькасць членаў гар. рады (радцаў) залежала ад памеру горада. Кожная грамата змяшчала пэўныя гандл. льготы для гараджан, рэгламентавала права горада на пэўную колькасць кірмашоў на год. Гораду давалася права на зямельную ўласнасць унутры горада і вакол яго. Гараджанам дазвалялася будаваць і атрымліваць прыбыткі з гасціных дамоў, крамніц, важніц, васкабойняў, млыноў, лазняў і інш. Першай спробай кадыфікацыі крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства быў прыняты на сойме 29.2.1468 Судзебнік Казіміра, у аснову якога пакладзена звычаёвае права стараж. бел. княстваў.

У пач. 16 ст. створана спец. камісія для кадыфікацыі заканадаўства. Першы звод законаў — Статут 1529, які складаўся з 13 раздзелаў і 244 артыкулаў. Галоўнае, што адрознівала яго ад падобных заканад. актаў інш. дзяржаў, гэта канстытуцыйная накіраванасць і ўласная кадыфікацыя. Першыя 3 раздзелы Статута ўключалі ў асн. нормы канстытуцыйнага характару, хаця яны меліся і ў інш. раздзелах. Раздзелы 4-ы і 5-ы змяшчалі ў асн. нормы спадчыннага і шлюбна-сямейнага права, 6-ы — судова-працэсуальнага, 7-ы — крымін., 8-ы — зямельнага, 9-ы — адм. (ляснога і паляўнічага), 10-ы — грамадз., 11—13-ы — крымін. і крымін.-працэсуальнага права. Статут замацаваў асновы грамадска-паліт. ладу дзяржавы, парадак утварэння, склад і паўнамоцтвы некаторых дзярж. і суд. органаў, прававое становішча розных катэгорый насельніцтва і інш. У ім выкладаліся шматлікія канстытуцыйныя нормы, найважнейшымі з іх былі тыя, што абмяжоўвалі ўладу вял. князя (усе справы ў дзяржаве ён павінен быў вырашаць са згоды паноў-рады і «дзеля агульнай карысці»), абавязвалі яго захоўваць тэр. цэласнасць дзяржавы, прытрымлівацца законаў і звычаяў.

Новы статут ВКЛ, які быў уведзены ў дзеянне з 1.3.1566, меў 14 раздзелаў і 367 артыкулаў. У яго былі ўключаны 3 прывілеі: Віленскія 1563, 1565 і Бельскі 1564. У ім былі нормы ўсіх галін тагачаснага права: канстытуцыйнага, грамадз. (у т. л. абавязацельнага, залогавага, зямельнага, апякунскага, спадчыннага), шлюбна-сямейнага, адм., крымін., судова-працэсуальнага і інш. Статут больш дакладна і поўна рэгламентаваў дзейнасць вышэйшых органаў дзяржавы (вял. князя і Рады), канчаткова замацаваў заканад. функцыю сойма (вызначаў яго склад і кампетэнцыю, парадак абрання павятовых дэпутатаў на сойм, дзейнасць павятовых соймікаў); рэгламентаваў дзейнасць новых падкаморскіх і земскіх судоў.

Пасля прыняцця Статута 1566 у ВКЛ працягваліся рэформы (судовая, зямельная, ваенная і інш.), удасканальваўся дзярж.-паліт. лад. У 1569 ВКЛ і каралеўства Польшча аб’ядналіся ў канфедэрацыю — Рэч Паспалітую. У сувязі з гэтым узнікла неабходнасць рэфармавання заканадаўства, утворана новая статутавая камісія з паноў-рады, павятовай шляхты, службовых асоб, юрыстаў, духавенства (па 5 ад каталіцкага і правасл.). Работу камісіі ўзначальвалі высокакваліфікаваныя правазнаўцы — канцлер ВКЛ А.​Б.​Валовіч і падканцлер Л.​І.​Сапега. Трэці Статут ВКЛ 1588 у параўнанні з папярэднімі меў не толькі большы аб’ём (488 артыкулаў, размешчаных у 14 раздзелах), але і больш дасканалую сістэму размяшчэння прававога матэрыялу. Па сутнасці, Статут з’яўляўся канстытуцыяй дзяржавы, бо яго першыя 3 раздзелы ў асн. былі прысвечаны нормам канстытуцыйнага права. У першую чаргу ён замацоўваў такія важныя канстытуцыйныя прынцыпы, як суверэнітэт дзяржавы і народа, роўнасць усіх свабодных людзей перад законам, іх правы на ўласнасць, на ахову жыцця, гонару, маёмасці, на суд. абарону і інш. Абвяшчалася права свабоднага выезду шляхты за межы дзяржавы, недатыкальнасць асобы, права прадстаўніцтва ў органах дзярж. улады і кіравання. Статут замацаваў прынцып падзелу ўлады: заканадаўчая ўлада належала сойму, выканаўчая — вял. князю і панам-радзе, судовая — новым, створаным у выніку судовай рэформы судовым органам. Аб юрыдычнай дзейнасці Статута 1588 сведчыць тое, што ён дзейнічаў амаль да сярэдзіны 19 ст.

На соймах Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. прымаліся шматлікія нарматыўныя акты. Адны з іх тычыліся ўсёй дзяржавы, іншыя толькі Польшчы ці ВКЛ. Пры абранні на каралеўскі трон у 1573 Генрыка Валезы (Валуа) былі распрацаваны Генрыкавы артыкулы як асн. канстытуцыйны акт Рэчы Паспалітай. Але яны ўпершыню падпісаны 30.5.1576 пры каранацыі Стафана Баторыя, а потым падпісваліся ўсімі выбарнымі манархамі. У іх абвяшчалася: свабоднае абранне караля, свабода хрысц. веравызнання, абавязак склікаць агульны (вальны) сойм раз у 2 гады не больш чым на 6 тыдняў. Кароль не валодаў ні заканад., ні выканаўчай, ні суд. уладай; пры каралю меўся пастаянны савет з 16 сенатараў-рэзідэнтаў. Без згоды сойма забаранялася ўстанаўліваць новыя падаткі і пошліны. Прадугледжвалася, што калі кароль будзе дзейнічаць насуперак праву і сваім абавязкам, то шляхта можа адмовіцца ад падпарадкавання і выступіць супраць манарха. У 1768 сойм Рэчы Паспалітай прыняў Кардынальныя правы, паводле якіх захоўвалася выбарнасць караля, канфедэратыўны характар дзяржавы і феадальны лад. У студз. 1791 былі прыняты новыя Кардынальныя правы, у якіх выкладзены асн. прынцыпы канстытуцыйнага ладу дзяржавы. Рэч Паспалітая абвяшчалася дзяржавай, у якой вяршэнства належыць закону, прынятаму соймам, рэгламентаваліся свабода слова і друку, свабода рэліг. культаў, вечная унія ВКЛ і Польшчы і інш.

Канстытуцыя Рэчы Паспалітай, выдадзеная 3.5.1791, упершыню абвяшчала, што ўлада ў дзяржаве зыходзіць ад народа; кароль займае сваю пасаду як з Божай ласкі, так і па волі народа. Народ сам забяспечвае абарону дзяржавы і захаванне суверэнітэту, а ўсе грамадзяне з’яўляюцца абаронцамі цэласнасці дзяржавы і нар. свабод. Канстытуцыя 1791 прадугледжвала ператварэнне Рэчы Паспалітай з канфедэрацыі ў федэратыўную дзяржаву. Упершыню ўтвараўся адзіны ўрад усёй Рэчы Паспалітай — Стража правоў (законаў). Ён складаўся з караля (старшыні ўрада), прымаса (галавы каталіцкай царквы і адначасова старшыні адукац. і навук. камісіі) і 5 міністраў, якіх прызначаў кароль з вышэйшых службовых асоб Польшчы і ВКЛ. Абвяшчаўся падзел улады на заканад., выканаўчую і судовую. Сойм станавіўся пастаянна дзеючым заканад. органам, адмянялася ліберум вета і інш.

ЗАКАНАДАЎСТВА Ў ПЕРЫЯД РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ.

Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі працягваў дзейнічаць Статут 1588. Адначасова ў дзеянне ўводзіліся заканад. акты Рас. імперыі: «Даравальная грамата дваранству» (1785), «Даравальная грамата гарадам» (1785, у сувязі са скасаваннем магдэбургскага права на Беларусі), «Статут добрапрыстойнасці» (1782), «Установа для кіравання губерняў» (1775), «Настаўленне губернатарам» (1764) і інш. Прымаліся і спец. заканад. акты адносна кіравання губернямі, змен у адм.-тэр. падзеле і інш. Указам ад 23.6.1794 была ўведзена «мяжа аселасці» для яўрэяў, якая ўключала бел. і частку ўкр. губерняў. У 1826 у сувязі з работай кадыфікацыйнай камісіі М.​Спяранскага па падрыхтоўцы Збору законаў Рас. імперыі пачалася праца па падрыхтоўцы Збору мясц. законаў зах. губерняў пад кіраўніцтвам бел. вучонага-юрыста І.​Даніловіча, якая ў асн. завершана ў 1834 (дапрацоўка некаторых раздзелаў вялася да 1837). Аднак падрыхтаваны праект не быў уведзены ў дзеянне. У 1840 канчаткова адменена дзеянне Статута 1588 і інш. законаў часоў ВКЛ.

На Беларусі пачало дзейнічаць агульнарас. заканадаўства. У 1845 зацверджана, а з 1846 уведзена ў дзеянне «Улажэнне аб пакараннях крымінальных і папраўчых», паводле якога памешчыкі захоўвалі права суда над сялянамі, а суды мелі права ўжываць самыя жорсткія пакаранні (сялян і мяшчан маглі караць катаржнымі работамі, біццём розгамі, пугамі, палкамі). 19.2.1861 прыняты маніфест аб вызваленні сялян ад прыгонніцтва, агульныя і мясц. палажэнні, а таксама інш. заканад. акты адносна правядзення сял. рэформы (выдадзена 17 актаў). 27.11.1864 прыняты 4 Судовыя ўставы аб суд. рэформе, 16.6.1870 — Гарадавое палажэнне аб гар. рэформе і інш. Але на Беларусі ўсе гэтыя нарматыўна-прававыя акты ўводзіліся ў дзеянне, як правіла, пазней, з пэўнымі агаворкамі і выключэннямі. Гарадавое палажэнне ўведзена ў 1875. Пачатак земскай рэформы 1864 на Беларусі пакладзены Палажэннем ад 2.4.1903, пазней указам ад 14.3.1911 у трох усходніх бел. губернях (Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай) уведзена Палажэнне аб земствах з некаторымі папраўкамі і зменамі. Важнымі заканад. актамі сталі царскі Маніфест ад 6.8.1905 аб утварэнні Дзярж. думы, Маніфест ад 17.10.1905 «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку» і інш. заканад. акты, прынятыя ў час 1-й рус. рэвалюцыі. Паводле палажэння аб выбарах у Дзярж. думу бел. губерні атрымалі права выбіраць дэпутатаў (Віленская, Гродзенская і Магілёўская — па 7 дэпутатаў, Віцебская — 6, Мінская — 9). На падставе ўказа ад 9.11.1906, законаў ад 14.7.1910 і 29.6.1911 у Рас. імперыі пачалася т.зв. сталыпінская рэформа, накіраваная на развіццё фермерскіх сял. гаспадарак. У час 1-й сусв. вайны быў прыняты шэраг рас. надзвычайных законаў. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пачалі дзейнічаць пастановы Часовага рас. ўрада. Паступова адбываўся працэс ліквідацыі рас. дзярж.-прававой сістэмы і адраджэння бел. дзяржаўнасці, нац. права і заканадаўства.

ЗАКАНАДАЎСТВА Ў БССР.

Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі 1.1.1919 апублікаваў Маніфест аб абвяшчэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У ім гаварылася, што ўся ўлада ў Беларусі належыць Саветам рабочых, сял., батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў; усе землі памешчыкаў і манастыроў, усе лясы, нетры зямлі, чыгункі, фабрыкі, заводы, банкі, шляхі зносін, паштовыя, тэлегр. і тэлеф. сеткі абвяшчаліся ўласнасцю рабочых і бяднейшых сялян Беларусі; устанаўліваўся 8-гадзінны рабочы дзень; прац. ўсіх нацыянальнасцей прызнаваліся раўнапраўнымі. I Усебел. з’езд Саветаў 3.2.1919 зацвердзіў першую Канстытуцыю БССР. Вышэйшым органам дзярж. улады БССР абвяшчаўся Усебел. з’езд Саветаў. У перыяд паміж яго з’ездамі ўся паўната ўлады належала ЦВК БССР. Заканад. паўнамоцтвы меў таксама Прэзідыум ЦВК і Вял. Прэзідыум ЦВК (урад БССР). У лют. 1919 Прэзідыум ЦВК зацвердзіў Палажэнне аб выбарах у валасныя і сельскія Саветы.

Пасля стварэння 27.2.1919 Літоўска-Беларускай ССР (Літбел) на тэр. адзінай рэспублікі захоўвалі сілу дэкрэты і пастановы БССР і Літ. ССР. Заканад. акты РСФСР пашыраліся на тэр. Літбела спец. пастановамі ўрада. 31.7.1920 на пасяджэнні Мінскага губ. ВРК і ЦК КП(б) Літвы і Беларусі з удзелам прадстаўнікоў прафсаюзаў і інш. грамадскіх арг-цый прынята «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», якая аб’явіла аднаўленне БССР на асновах, устаноўленых Маніфестам 1919. Аснову федэратыўных узаемаадносін Сав. Беларусі з РСФСР складалі прынцыпы раўнапраўя, добраахвотнасці, захавання дзярж. і нац. суверэнітэту абедзвюх рэспублік. Да склікання Усебел. з’езда Саветаў вышэйшую ўладу ў рэспубліцы выконваў Ваенна-рэв. камітэт БССР. II Усебел. з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі БССР 1919, паводле якіх утвараўся Савет Народных Камісараў (СНК) рэспублікі як вышэйшы орган дзярж. кіравання; прыняў пастанову аб надзяленні зямлёй батракоў, беззямельных і малазямельных сялян.

Працоўныя адносіны ў БССР рэгуляваліся Кодэксам законаў аб працы РСФСР 1918, які ўстанавіў 8-гадзінны рабочы дзень для дарослых і 6-гадзінны для падлеткаў і асоб, занятых на работах са шкоднымі ўмовамі працы, забараніў звышурочныя работы, вызначыў абавязковую прац. павіннасць для ўсіх працаздольных грамадзян ва ўзросце ад 16 да 50 гадоў. Сямейныя адносіны рэгуляваліся Кодэксам законаў аб актах грамадз. стану, сямейным і апякунскім праве РСФСР 1918. У барацьбе са злачыннасцю судова-следчыя органы БССР карысталіся кіруючымі асновамі па крымін. праве РСФСР 1919. Заканад. органы БССР выдавалі і свае заканад. акты з улікам мясц. умоў. У першыя гады сав. улады на тэр. БССР дзейнічалі Грамадз. і Крымін. кодэксы РСФСР, Кодэкс законаў аб працы РСФСР, Крымін.-працэсуальны кодэкс РСФСР (усе 1922). 15.4.1923 ЦВК БССР увёў у дзеянне новы Крымін.-працэсуальны кодэкс БССР. Асаблівасці землекарыстання на Беларусі выклікалі неабходнасць распрацаваць Зямельны кодэкс БССР, які 29.3.1923 зацверджаны ЦВК БССР і з 15.4.1923 уведзены ў дзеянне. На тэр. Віцебскай і Гомельскай губ. дзейнічаў Зямельны кодэкс РСФСР 1922. Пасля вяртання гэтых тэр. БССР у 1924 паўстала неабходнасць распрацаваць адзіны Зямельны кодэкс. Прэзідыум ЦВК БССР 21.2.1925 зацвердзіў новы Зямельны кодэкс БССР і ўвёў яго ў дзеянне з 1.4.1925.

У сувязі з зацвярджэннем 31.1.1924 Канстытуцыі СССР Надзвычайны VI Усебел. з’езд Саветаў (13—16.3.1924) даручыў ЦВК БССР падрыхтаваць праект новай Канстытуцыі БССР, які ў лют. 1925 разгледжаны і ўхвалены на 4-й сесіі ЦВК БССР. 11.4.1927 8-ы Усебел. з’езд Саветаў зацвердзіў новую Канстытуцыю БССР. Яна вызначала, што Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка — сацыяліст. дзяржава дыктатуры пралетарыяту, якая ажыццяўляе свае задачы на аснове саюзу рабочых і сялян. Асн. сродкі вытворчасці — зямля, лясы, нетры, воды, фабрыкі і заводы, чыгуначны, водны і паветраны транспарт, сродкі сувязі — абвяшчаліся ўласнасцю дзяржавы. Замацоўваліся суверэнныя правы рэспублікі: самаст. прымаць канстытуцыю і ўносіць у яе змены, вырашаць пытанні аб змене граніц БССР, ствараць вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, прымаць у грамадзянства БССР. Канстытуцыя вызначала выключную кампетэнцыю ўсебел. з’ездаў Саветаў, парадак утварэння, дзейнасць і паўнамоцтвы ЦВК БССР, яго Прэзідыума і СНК рэспублікі, сістэму мясц. органаў улады і кіравання, выбарчую сістэму; асн. правы і свабоды грамадзян. У студз. 1930 СНК БССР прыняў пастанову аб пераводзе на гасп. разлік усіх дзярж. прамысл. прадпрыемстваў. Узмацніліся заканад. меры па абмежаванні, а потым і выцясненні прыватнага капіталу з нар. гаспадаркі. У Грамадз. кодэкс унесены змены, якія расшырылі маёмасныя правы грамадзян. Нормы Грамадз. працэсуальнага кодэкса прыводзіліся ў адпаведнасць з законамі Саюза ССР. 27.7.1929 ЦВК і СНК БССР прынялі новы Кодэкс аб працы БССР, які пашыраў паўнамоцтвы прафсаюзаў у галіне кантролю за захаваннем працоўнага заканадаўства. 27.1.1927 ЦВК БССР зацвердзіў Кодэкс законаў аб шлюбе, сям’і і апецы БССР і ўвёў яго ў дзеянне з 1.3.1927. У галіне зямельнага заканадаўства, адпаведна з агульнасаюзнымі законамі, устанаўліваліся льготы калгасам і саўгасам у правядзенні землеўпарадкавання, абмяжоўвалася здача зямлі ў арэнду, прадугледжвалася дапамога бядняцкім і серадняцкім гаспадаркам. У перыяд масавай калектывізацыі землекарыстанне рэгулявалася Прыкладным статутам с.-г. арцелі, зацверджаным СНК СССР і Прэзідыумам ЦВК СССР 1.3.1930. У студз. 1927 ЦВК БССР зацвердзіў Водна-меліярацыйны кодэкс БССР (уведзены ў дзеянне з 8.3.1928). Крымін. заканадаўства прыведзена ў адпаведнасць з агульнасаюзнымі актамі. 23.9.1928 ЦВК БССР зацвердзіў Крымін. кодэкс БССР (уведзены ў дзеянне з 15.11.1928). З прыняццем у 1924 Асноў крымін. судаводства Саюза ССР і саюзных рэспублік і Палажэння аб судовым ладзе БССР (пастанова ЦВК і СНК БССР ад 10.11.1027) у Крымін.-працэсуальны кодэкс (КПК) 1923 унесены значныя змены, якія павышалі ролю пракурора ў крымін. працэсе, дапускалі ўдзел грамадскіх абвінаваўцаў і абаронцаў. 2.7.1926 ІДВК БССР зацвердзіў Папраўча-працоўны кодэкс БССР (уведзены ў дзеянне з 15.11.1926). У прац. заканадаўстве ўдасканальваліся палажэнні, якія рэгулявалі нарміраванне працы і заработнай платы, у 1933 канкрэтызавана палажэнне аб перадачы прафсаюзам функцый аховы працы і сац. страхавання. Крымін. заканадаўства ўзмацняла адказнасць за выпуск няякаснай прадукцыі, злоснае хуліганства, парушэнне правоў маці і дзіцяці, за ўцягванне непаўналетніх у злачынную дзейнасць і інш. Устанаўлівалася крымін. адказнасць за здраду Радзіме (шпіянаж, выдача ваен. ці дзярж. тайны, пераход на бок ворага, уцёкі за мяжу і інш.). У 1933—35 унесены змены ў крымін.-працэсуальнае заканадаўства.

19.2.1937 Надзвычайны Усебел. з’езд Саветаў зацвердзіў новую Канстытуцыю БССР. У ёй прыняцце рэсп. законаў аднесена выключна да кампетэнцыі Вярх. Савета БССР — вышэйшага органа дзярж. улады ў рэспубліцы. Да кампетэнцыі Саюза ССР аднесены ўстанаўленне асноў заканадаўства ў галіне асветы, аховы здароўя, працы, прыняцце законаў аб судовым ладзе, крымін. і грамадзянскага кодэксаў. Да ведання рэспублікі аднесена ўстанаўленне парадку землекарыстання і заканадаўства аб працы.

Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР СНК БССР прыняў пастановы аб нацыяналізацыі ў Зах. Беларусі фабрык, заводаў, гандл. прадпрыемстваў і інш. З прыняццем закона аб судовым ладзе СССР 1938 унесены змены ў ГПК БССР, у прыватнасці, устанаўлівалася, што ўсе грамадз. справы павінны разглядацца ў нар. судах з удзелам нар. засядацеляў. Зямельнае заканадаўства прадугледжвала меры па ахове калгасных зямель ад разбазарвання, удасканальванні правіл буд-ва, эксплуатацыі і аховы водна-меліярацыйных сістэм і збудаванняў. Унесены змены ў прац. заканадаўстве: уведзены прац. кніжкі; вызначаны новы рэжым рабочага часу; забаронена скасоўваць прац. адносіны па жаданні работнікаў і інш. Расшырана сфера крымін. адказнасці і ўзмоцнена пакаранне за шэраг злачынстваў.

У 1944—46 СНК БССР прыняў шэраг пастаноў па пытаннях росшуку і размеркавання грамадскай маёмасці, аднаўлення і развіцця ўсіх форм кааперацыі, арганізацыі дагаворных гасп. сувязей, абавязковых паставак с.-г. прадукцыі. Зямельнае і калгаснае заканадаўства забяспечвала аднаўленне парушаных у час акупацыі зямельных адносін, рацыянальнае выкарыстанне зямлі, матэрыяльную дапамогу калгаснай вытворчасці, строгі рэжым вядзення фін. гаспадаркі ў калгасах і арганізацыю калгаснага гандлю. Прац. заканадаўства ваенных гадоў дазваляла кіраўнікам прадпрыемстваў устанаўліваць звышурочныя работы ад 1 да 3 гадзін у дзень, прадугледжвала часовую мабілізацыю незанятага працаздольнага гар. насельніцтва для работы на вытв-сці і буд-ве, уводзіла ваен. становішча на транспарце. Адпаведныя нарматыўныя акты Саюза ССР цалкам пашыраліся і на тэр. БССР па меры яе вызвалення. Унесены змены ў сямейнае заканадаўства: ураўноўваліся ў правах усыноўленыя з дзецьмі ўсынавіцеля, павялічана дзярж. дапамога цяжарным жанчынам, мнагадзетным і адзінокім маці, узмоцнена ахова мацярынства і дзяцінства. Юрыд. значэнне прызнавалася толькі за зарэгістраваным шлюбам, уведзены судовы парадак яго скасавання. Грамадз. заканадаўства прадугледжвала расшырэнне і ўдасканаленне дагаворных сувязей паміж гасп. арг-цыямі, развіццё мясц. прамысловасці, умацаванне планавых асноў у капітальным буд-ве. У 1950 прыняты нарматыўныя акты па аб’яднанні невялікіх калгасаў, зменены прававыя інстытуты, што датычылі забеспячэння нар. гаспадаркі кадрамі, умацавання прац. дысцыпліны, узмацнення аховы працы. З 1947 адноўлена практыка заключэння калектыўных дагавораў паміж адміністрацыяй і ФЗМК прафсаюзаў. У сямейным заканадаўстве ўдасканальваліся нормы, якія рэгулявалі парадак узяцця і скасавання шлюбу, спагнання аліментаў на ўтрыманне дзяцей, аховы мацярынства і дзяцінства. У крымін. заканадаўстве развіваліся 2 узаемазвязаныя тэндэнцыі: узмацненне адказнасці за найб. цяжкія злачынствы і звужэнне сферы крымін. пакарання за дзеянні, якія страцілі грамадскую небяспеку.

З 1950-х г. больш інтэнсіўна абнаўлялася і кадыфікавалася заканадаўства Беларусі. Пачаткам гэтага працэсу паслужыў закон Вярх. Савета СССР ад 11.2.1957 «Аб аднясенні да ведання саюзных рэспублік прыняцця грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага кодэксаў». Былі распрацаваны і прыняты Закон «Аб судовым ладзе Беларускай ССР» (ліст. 1959), Крымін. і Крымін.-працэсуальны кодэксы БССР (снеж. 1960). Вярх. Савет БССР у чэрв. 1964 прыняў Грамадз. і Грамадз. працэсуальны кодэксы БССР, зацвердзіў Зямельны (снеж. 1970) і Водны (снеж. 1972) кодэксы Беларускай ССР, Кодэкс аб шлюбе і сям’і БССР (чэрв. 1969) і Папраўча-працоўны кодэкс БССР (ліп. 1971), прыняты законы: аб ахове прыроды (1961); аб сельскім, пасялковым Савеце дэпутатаў працоўных (1968); аб ахове помнікаў культуры (1969); аб ахове здароўя (1970); аб раённым Савеце дэпутатаў працоўных і аб гарадскім, раённым у горадзе Савеце дэпутатаў працоўных (1971); аб дзярж. натарыяце (1974), аб нар. адукацыі (1974). З мэтай далейшага ўдасканалення і сістэматызацыі дзеючага заканадаўства ЦК КПБ, Прэзідыум Вярх. Савета БССР і Савет Міністраў БССР прынялі 1.11.1976 пастанову «Аб падрыхтоўцы і выданні Збору законаў Беларускай ССР». Пазачарговая сесія Вярх. Савета БССР 14.4.1978 прыняла новую Канстытуцыю БССР, якая цалкам адпавядала агульнасаюзнай Канстытуцыі 1977.

Да асн. рэсп. заканад. актаў 1980-х г. адносяцца Законы «Аб выбарах раённых (гарадскіх) народных судоў Беларускай ССР» (1981), «Аб парадку адклікання народных суддзяў і народных засядацеляў раённых (гарадскіх) народных судоў Беларускай ССР» (1981), «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету» (1981), «Аб ахове атмасфернага паветра» (1981), «Аб народным абмеркаванні важных пытанняў дзяржаўнага жыцця Беларускай ССР» (1988), «Аб выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларускай ССР» (1988), «Аб выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Беларускай ССР» (1989). У 1983 прыняты Жыллёвы кодэкс БССР, у 1984 — Кодэкс Беларускай ССР аб адміністрацыйных правапарушэннях.

ЗАКАНАДАЎСТВА Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ.

27.7.1990 Вярх. Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. У ёй падкрэслівалася, што дзярж. суверэнітэт абвяшчаецца ў імя найвышэйшай мэты — свабоднага развіцця і дабрабыту кожнага грамадзяніна краіны. 27.2. 1991 Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь прыняты закон «Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Беларускай ССР», у якім абвяшчалася, што народ — носьбіт суверэнітэту і адзіная крыніца дзярж. улады ў краіне. 19.9.1991 Вярх. Савет прыняў закон аб перайменаванні Беларускай ССР у Рэспубліку Беларусь (скарочана — Беларусь).

Пасля абвяшчэння незалежнасці ў краіне актывізаваўся працэс заканатворчасці, накіраваны на ажыўленне гасп. дзейнасці, рэфармавання дзярж. апарату. Прыняты законы: «Аб банках і банкаўскай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (14.12.1990), «Аб арэндзе» (12.12.1990), «Аб прадпрыемствах» (14.12.1990), «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы» (18.2.1991), «Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь» (28.5.1991), «Аб прыярытэтным сацыяльна-культурным і эканамічным развіцці сяла і аграпрамысловага комплексу» (29.5.1991), «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» (30.5.1991), «Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь» (16.4.1992), «Аб каштоўных паперах і фондавых біржах» (12.3.1992), «Аб таварных біржах» (13.3.1992), «Аб акцыянерных таварыствах, таварыствах з абмежаванай адказнасцю і таварыствах з дадатковай адказнасцю» (9.12.1992), «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (19.1.1993). Гэтымі законамі поруч з дзярж. прызнавалася і прыватная ўласнасць, дазвалялася прадпрымальніцкая дзейнасць, але не дапускалася неабмежаваная прыватызацыя вытворчых фондаў. Са снеж. 1991 пачалі фарміравацца асновы новай падатковай палітыкі краіны, замацаваныя ў законах «Аб падатках на дадатковую вартасць», «Аб падаходным падатку з фізічных асоб», «Аб падатках на даходы і прыбытак», «Аб падатку за карыстанне прыроднымі рэсурсамі (экалагічны падатак)», «Аб падатку на нерухомасць». У 1992 прыняты закон «Аб дзяржаўнай пошліне».

Новае сац.-культурнае заканадаўства адлюстравана ў законах: «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, што пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» (22.2.1991), «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» (4.6.1991), «Аб адукацыі» (29.10.1991), «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» (11.11.1991), «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» (30.10.1992), «Аб ветэранах», (17.4.1992), «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (13.11.1992), «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (26.11.1992), «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь» (11.11.1992), «Аб ахове здароўя» (18.6.1993), «Аб фізічнай культуры і спорце» (18.6.1993). Дэмакратызацыя паліт. жыцця ў краіне ажыццяўлялася праз законы «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь» (13.2.1991), «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» (20.2.1991), «Аб міліцыі» (26.2.1991), «Аб рэферэндуме (народным галасаванні) у Рэспубліцы Беларусь» (13.6.1991), «Аб прафесійных саюзах» (22.4.1992), «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» (17.12.1992), «Аб адвакатуры» (15.6.1993). Рэарганізацыя дзярж. апарата пачата законам «Аб некаторых змяненнях у сістэме органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь» (25.8.1991). У сак. 1992 пачало дзейнічаць Мін-ва абароны краіны. У маі 1992 Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову «Аб перападпарадкаванні фарміраванняў Узброеных Сіл, якія дыслацыруюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрству абароны». У ліст. 1992 Вярх. Савет прыняў законы: «Аб абароне», «Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь», «Аб пагранічных войсках Рэспублікі Беларусь», «Аб воінскім абавязку і воінскай службе», «Аб статусе ваеннаслужачых», якія склалі прававую базу фарміравання і функцыянавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У кастр. 1991 Камітэт дзярж. бяспекі падначалены Вярх. Савету. 13.3.1992 Вярх. Савет прыняў закон «Аб Кантрольнай палаце Рэспублікі Беларусь», якім істотна ўзмоцнена кантрольная функцыя парламента краіны. Законам «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» (29.1.1993) пашыраліся магчымасці пракурорскага нагляду. 23.4.1992 Вярх. Савет прыняў пастанову «Аб канцэпцыі судова-прававой рэформы», у якой прадугледжвалася істотная перабудова сістэмы праваахоўных органаў. Неўзабаве пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь пачалася праца над праектам новай Канстытуцыі. Быў вывучаны вопыт канстытуцыйнага будаўніцтва большасці сучасных дэмакр. дзяржаў. 15.3.1994 Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прынята Вярх. Саветам. Беларусь абвяшчалася унітарнай дэмакр. сац. прававой дзяржавай. Замацоўваліся правы і свабоды асобы, прадугледжаныя ў міжнар. пактах аб правах асобы. Упершыню Беларусь стала прэзідэнцкай рэспублікай з выразна акрэсленым раздзяленнем улад — заканадаўчай, выканаўчай і судовай. Адначасова вылучаліся кантрольна-наглядныя органы дзяржавы — Канстытуцыйны суд, Кантрольная палата і Пракуратура. Вышэйшым прадстаўнічым і заканад. органам дзярж. улады абвяшчаўся Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь. У яго кампетэнцыю ўваходзіла прыняцце і змяненне Канстытуцыі, прыняцце законаў і пастаноў, ажыццяўленне кантролю за іх выкананнем, тлумачэнне Канстытуцыі і законаў.

Істотныя змены і дапаўненні ў Канстытуцыю 1994 унесены ў выніку правядзення рэсп. рэферэндуму 24.11.1996. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996. Канстытуцыя адлюстроўвае новы сац.-эканам. і паліт. этап развіцця грамадства і дзяржавы: замацаванне поўнага дзярж. суверэнітэту, далейшае адраджэнне бел. нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей усіх форм уласнасці. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, пашырана кола правоў і свабод, замацаваны іх гарантыі і формы абароны. У 1994—96 Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь прыняты шэраг законаў з улікам палажэнняў Канстытуцыі 1994: «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь», «Аб грамадскіх аб’яднаннях», «Аб палітычных партыях», «Аб дзяржаўных сакрэтах», «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь», «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь», «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь», «Аб бежанцах», «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь», «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі», «Аб зваротах грамадзян», «Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь», «Аб навуковай дзейнасці», «Аб дзяржаўнай падтрымцы малога прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь» і інш. Прыняццем гэтых законаў завяршыўся першы этап станаўлення заканадаўства незалежнай Беларусі. Другі этап пачаўся пасля прыняцця на рэсп. рэферэндуме 1996 новай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Найб. значнай з’явай гэтага этапа развіцця бел. заканадаўства з’явілася яго кадыфікацыя. На працягу 1997—2000 Нац. сход Рэспублікі Беларусь прыняў 18 кодэксаў, у т. л. Мытны кодэкс, Грамадз. кодэкс, Грамадз. працэсуальны кодэкс, Крымін. кодэкс, Крымін.-працэсуальны кодэкс, Прац. кодэкс, Кодэкс аб шлюбе і сям’і, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, Паветраны кодэкс, Жыллёвы кодэкс, Крымін.-выканаўчы кодэкс, Банкаўскі кодэкс, Выбарчы кодэкс і інш. Законы, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта, пастановы Урада Рэспублікі Беларусь у 1997—2003 накіраваны на развіццё нар. гаспадаркі ў рэчышчы рыначнай эканомікі, сац. абароны насельніцтва краіны, трывалага правапарадку, эфектыўнай дзейнасці дзярж. апарату: «Аб спрошчанай сістэме падаткаабкладання для суб’ектаў малога прадпрымальніцтва», «Аб экспартным кантролі», «Аб сумесным домаўладанні», «Аб дзяржаўным прагназіраванні і праграмах сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь», «Аб знешняй працоўнай міграцыі», «Аб энергазберажэнні», «Аб свабодных эканамічных зонах», «Аб дзяржаўным рэгуляванні знешнегандлёвай дзейнасці», «Аб чыгуначным транспарце», «Аб цэнаўтварэнні», «Аб фінансава-прамысловых групах», «Аб мерах па абароне эканамічных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь пры ажыццяўленні знешняга гандлю», «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці і банкруцтве», «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», «Аб магістральным трубаправодным транспарце», «Аб спажывецкай кааперацыі (спажывецкіх таварыствах, іх саюзах) у Рэспубліцы Беларусь», «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй», «Аб асабістых падсобных гаспадарках грамадзян», «Аб натуральных манаполіях», «Аб дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў, маёмасці і крыніц грашовых сродкаў», «Аб газазабеспячэнні», «Аб гандлёва-прамысловай палаце», «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі» і інш. Сац. абарона насельніцтва і забеспячэнне грамадскага парадку рэгуляваліся законамі «Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека», «Аб мерах барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй», «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» (усе 1997), «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва», «Аб абароне насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару», «Аб дзяржаўнай ахове», «Аб іміграцыі» (усе 1998), «Аб пражытачным мінімуме ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб псіхіятрычнай дапамозе і гарантыях правоў грамадзян пры яе аказанні», «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь», «Аб дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартах», «Аб турызме», «Аб творчых саюзах і творчых работніках» (усе 1999), «Аб прамысловай бяспецы небяспечных вытворчых аб’ектаў», «Аб сацыяльным абслугоўванні», «Аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам» (усе 2000), «Аб перавозцы небяспечных грузаў», «Аб пахаванні і пахавальнай справе», «Аб ахове азонавага слоя», «Аб зброі» (усе 2001), «Аб барацьбе з тэрарызмам», «Аб дэмаграфічнай бяспецы Рэспублікі Беларусь», «Аб абароне правоў спажыўцоў», «Аб наркалагічных сродках, псіхатропных рэчывах і іх прэкурсорах», «Аб надзвычайным становішчы», «Аб устанаўленні і парадку павышэння памеру мінімальнай заработнай платы», «Аб дарожным руху» (усе 2002), «Аб ваенным становішчы», «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэннях непаўналетніх», «Аб прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі», «Аб якасці і бяспечнасці харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў для жыцця і здароўя чалавека» (усе 2003). Гуманізм дзярж. палітыкі ў адносінах да грамадзян, якія здзейснілі крымінальныя правапарушэнні, адлюстраваны ў законах аб амністыях 2000 і 2002.

Заканадаўча вызначаны прававы статус адпаведных дзярж. органаў, у т. л. адказнасць за належнае выкананне дадзеных ім правоў і ўскладзеных на іх абавязкаў: законы «Аб дзяржаўнай статыстыцы», «Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» (абодва 1997), «Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь», «Аб Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў», «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь», «Аб гаспадарчых судах Рэспублікі Беларусь», «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь», «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (усе 1998), «Аб дзяржаўнай абароне суддзяў, службовых асоб праваахоўных і кантралюючых органаў» (1999), «Аб Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь» (2000), «Аб органах фінансавых расследаванняў Рэспублікі Беларусь», «Аб аварыйна-выратавальных службах і статусе выратавальніка» (абодва 2001), «Аб органах і падраздзяленнях па надзвычайных становішчах Рэспублікі Беларусь» (2002), «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах», «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі» (абодва 2000), «Аб статусе сталіцы Рэспублікі Беларусь — горада Мінск», «Аб зацвярджэнні ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь» (абодва 2002) і інш.

У заканадаўстве гэтага перыяду прыярытэтнае значэнне мелі нормы міжнар. права. З 1997 Нац. сход Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў шэраг міжнар. дагавораў і пагадненняў аб далучэнні да іх, у т. л. «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Венскай канвенцыі аб праве дагавораў паміж дзяржавамі або паміж міжнароднымі арганізацыямі» (9.11.1990), «Аб ратыфікацыі Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы» (24.12.1999), «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Канвенцыі аб статусе бежанцаў і Пратакола, які датычыцца статуса бежанцаў» (4.5.2001), «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Факультатыўнага пратакола да Канвенцыі аб правах дзіцяці, які датычыцца гандлю дзецьмі, дзіцячай прастытуцыі і дзіцячай парнаграфіі» (3.12.2001), «Аб правапераемнасці Рэспублікі Беларусь у адносінах некаторых міжнародных дагавораў аб прававой дапамозе» (1.11.2002) і інш.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь выдаў шэраг указаў, якія прадугледжвалі істотнае ўдасканальванне законапраектнай дзейнасці. Так, указам ад 28.7.1997 «Аб стварэнні Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» прадугледжвалася стварэнне спец. дзярж. органа, асн. задача якога — фарміраванне адзінай законапраектнай дзейнасці. Указам ад 4.3.1998 «Аб некаторых пытаннях законапраектнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» вызначаны патрабаванні да парадку распрацоўкі законапраектаў, да іх узгаднення і працэдуры ўнясення ў парламент. Указам ад 23.6.1998 зацверджана Палажэнне аб парадку разгляду Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь праектаў прававых актаў. У адпаведнасці з Указам ад 20.7.1998 «Аб Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь», дэкрэтам Прэзідэнта ад 10.12.1998 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб афіцыйным апублікаванні і ўступленні ў сілу прававых актаў Рэспублікі Беларусь» прававыя акты, уключаныя ў Нац. рэестр, падлягаюць апублікаванню ў выданні Нац. рэестра, якому нададзены статус афіцыйнага. Уся дзейнасць па вядзенні Нац. рэестра прававых актаў, яго выданне даручаны Нац. цэнтру прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Важная роля ва ўдасканаленні нарматворчай дзейнасці належыць Закону «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» (2000), у якім вызначаны віды нарматыўных прававых актаў, іх іерархія, парадак планавання нарматворчасці, ажыццяўлення заканад. ініцыятывы, прыняцця нарматыўных прававых актаў, набыцця і страты імі юрыд. сілы. Сфарміравалася практыка планавання заканад. дзейнасці. Штогадовыя планы падрыхтоўкі законапраектаў зацвярджаюцца ўказамі Прэзідэнта. З 2001 распрацоўваюцца дзярж. праграмы падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь на больш доўгія тэрміны. Каб пазбегнуць унутраных супярэчнасцей і. дубліравання, прадугледжана экспертыза заканадаўчых актаў. Усе законапраекты, што паступаюць у Палату прадстаўнікоў Нац. сходу, праходзяць экспертызу ў Нац. цэнтры законапраектнай дзейнасці, а нарматыўныя акты ўрада, міністэрстваў і інш. органаў дзярж. кіравання — у Мін-ве юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 19.1. 1999 выдаў указ «Аб фарміраванні і выданні Збору законаў Рэспублікі Беларусь». Ён павінен быць поўным сістэматызаваным зборам заканад. актаў Рэспублікі Беларусь. З мэтай удасканальвання нарматворчага працэсу Указам Прэзідэнта краіны ад 10.4.2002 ухвалена Канцэпцыя ўдасканальвання заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Асн. задача канцэпцыі — павышэнне эфектыўнасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін з мэтай абароны правоў і свабод асобы, дзярж. суверэнітэту, нац. інтарэсаў і бяспекі; прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з агульнапрызнанымі прынцыпамі норм міжнар. права, ажыццяўленне прававой інтэграцыі нац. заканадаўства з заканадаўствам Рас. Федэрацыі, дзяржаў-удзельніц Еўразійскай эканам. супольнасці і СНД.

Кр.:

Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 1—5. СПб., 1846—53;

Статут Великого княжества Литовского 1529 года. Мн., 1960;

Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР. Т. 3. 1938—1975 гг. Мн., 1976;

Конституция Белорусской Советской Социалистической Республики. Мн., 1978;

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь: 1994 г. (са змяненнямі і дапаўненнямі): Прынята на рэсп. рэферэндуме 24 лістап. 1996 г. Мн., 1997;

Сборник действующих нормативных актов Президента Республики Беларусь: 1994—1998. Мн., 1999;

Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года. Мн., 2003.

Літ.:

Ясинский М. Уставные земские грамоты Литовско-Белорусского государства. Киев, 1889;

Пичета В.И. Белоруссия и Литва в XV—XVI вв. Мн., 1961;

История государства и права Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76;

Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI — первой половины XVII в. Мн., 1984;

Юхо І.А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991;

Вішнеўскі А.Ф., Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. Мн., 1998;

Доўнар Т.І. Помнікі права Беларусі феадальнага перыяду. Мн., 2001;

Яе ж. Развіццё асноўных інстытутаў грамадзянскага і крымінальнага права Беларусі ў XV—XVI ст. Мн., 2000;

Дагаворы і граматы як крыніцы беларускага права. Мн., 2000;

Василевич Г.А. Нормативные правовые акты государственных органов Республики Беларусь: Мн., 2001.

Т.​І.​Доўнар (старажытнае права, заканадаўства ў часы ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі), У.​А.​Кучынскі (заканадаўства БССР і Рэспублікі Беларусь).

т. 18, кн. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)