Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
ПРАГІМНА́ЗІЯ (ад лац. pro замест + гімназія),
няпоўная сярэдняя навуч. ўстанова ў Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Узнікненне П выклікана недахопам сродкаў на ўтварэнне неабходнай колькасці поўных гімназій. Ствараліся ў адпаведнасці са статутам гімназій і прагімназій (1864), у мясцовасцях, дзе не было гімназій, адкрываліся П. з класічным або рэальным курсам. Мелі 4 класы (пазней у некат. мужчынскіх П. — 6 класаў). Навуч. планы і праграмы П. адпавядалі 4 малодшым класам гімназіі Выкладаліся: закон Божы, рус., франц. і ням. мовы, гісторыя, прыродазнаўства, геаграфія, матэматыка, чарчэнне, чыстапісанне, маляванне. У жаночых П. даваліся навыкі і рукадзелля, у мужчынскіх — лац. і да 1901 грэч. мовы. Выпускнікоў П. прымалі ў наступны клас гімназіі без экзаменаў. З 1866 П. рыхтавалі і настаўнікаў прыходскіх вучылішчаў. На Беларусі першыя П. адкрыты як эксперымент у 1860 у Свіслачы і Маладзечне. У сярэдзіне 1860-х г. закрыты, а замест іх створаны настаўніцкія семінарыі. Пасля рэарганізацыі павятовых вучылішчаў у 1865—66 школы ў Брэсце, Гомелі і Бабруйску пераўтвораны ў 5-класныя рэальныя П. (у 1866—71 атрымалі статус класічных з выкладаннем лац. і грэч. моў). У 1865 у бел. П. 123 выхаванцы, у 1876—600, у 1879—746, у 1881—826, у 1890—568. З пачаткам 1-й сусв. вайны і акупацыяй ням. войскамі часткі тэр. Беларусі некат. П. закрыты, частка эвакуіравана. У 1916 засталіся 22 П. У 1917—18 П. скасаваны.
Літ.:
Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЮ́НАК,
выява, зробленая ад рукі з дапамогай графічных сродкаў (лініі, штрыха, колеравай плямы), якімі дасягаюцца пластычная мадэліроўка, танальныя і святлоценявыя эфекты; адна з найважнейшых і шырока развітых галін выяўленчага мастацтва. Спалучэнне лінейна-пластычных элементаў фарміруе структуру і прасторавыя адносіны форм, таму М. складае аснову ўсіх відаў маст. адлюстравання на плоскасці (графіка, жывапіс, рэльеф). Як самаст. галіна маст. творчасці адносіцца да графікі (станковы М.). Выкарыстоўваецца і як дапаможны сродак для стварэння жывапісных, графічных, скульпт., арх., дэкар. твораў (кардон, накід, эскіз, эцюд). На аснове М. развіваюцца гравюра і літаграфія. М. адрозніваюць паводле метаду, тэхнікі і характару малявання, тэм і жанраў, прызначэння. Выконваюцца сухімі (вугаль, італьян. аловак, свінцовы ці сярэбраны штыфт, сангіна, графіт) і вадкімі (туш, бістр, сепія, чарніла) фарбавальнымі рэчывамі. У якасці асновы выкарыстоўваюць паперу (у старажытнасці папірус, пергамент). Сродкамі для стварэння ўласна М. могуць служыць акварэль, гуаш, пастэль, соус, туш (як і для жывапісных твораў). М. — аснова маст. адукацыі (маляванне з натуры, вучэбнае маляванне і інш.).
Вытокі М. ў першабытным мастацтве (прадрапаныя на косці, камені ці намаляваныя на сценах пячор палеалітычныя выявы жывёл). З 4 ст. да н.э. ў краінах Д. Усходу развіваецца тонкі каліграфічны М. У Еўропе ў часы антычнасці і сярэднявечча М. быў пераважна дапаможным сродкам для стварэння жывапісных твораў. Як самаст. від творчасці склаўся ў эпоху Адраджэння (Г.Гольбейн, А.Дзюрэр, Ф.Клуэ, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Я.Тынтарэта і інш.). Сярод найб. выдатных майстроў 17—18 ст. А.Вато, Ф.Гвардзі, К.Ларэн, Н.Пусэн, П.П.Рубенс, Рэмбрант, У.Хогарт, 19—20 ст. В. ван Гог, Ф.Гоя, Э.Дэга, Э.Дэлакруа, А.Матыс, А.Менцэль, П.Пікасо, Сюй Бэйхун, Ж.А.Энгр і інш.; у Расіі — К.Брулоў, А.Венецыянаў, А.Кіпрэнскі, В.Сяроў, М.Урубель, У.Фаворскі, А.Ягораў і інш.
На Беларусі ў першабытным мастацтве вядомы як арнаментыка на касцяных, каменных, метал., гліняных вырабах. У сярэднявеччы спецыфіка М. найб. яскрава выявілася ў ілюстраванні рукапісаў і друкаваных кніг, у прорысях для абразоў і фрэсак. Зберагліся М. падрыхтоўчыя Б.Радзівіла да арх. планаў, А. ван Вестэрфельда да шпалер (17—18 ст.). Вял. ролю ў развіцці М. адыгралі Віленская маст. школа і Полацкі езуіцкі калегіум. У 19 — пач. 20 ст. ў галіне М. працавалі І.Аляшкевіч, С.Богуш-Сестранцэвіч, В.Ваньковіч, Г.Вейсенгоф, Я.Дамель, Ф.Рушчыц, Н.Сілівановіч, у 1920—50-я г. — М.Аксельрод, А.Астаповіч, В.Букаты, С.Герус, П.Гуткоўскі, М.Гуціеў, В.Дваракоўскі, Я.Драздовіч, Я.Зайцаў, Б.Звінагродскі, Г.Змудзінскі, С.Раманаў, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, М.Тарасікаў, А.Тычына і інш. Сярод майстроў М. 1960—90-х г. В.Александровіч, Л.Асецкі, В.Баранаў, М. і У.Басалыгі, У.Вішнеўскі, А.Дзямарын, П.Драчоў, Я.Жылін, М.Карпук, А.Кашкурэвіч, Я.Кулік, М.Купава, А.Г.Лось, Л.Марчанка, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, У.Савіч, М Селяшчук, Р.Сітніца, Г.Скрыпнічэнка, В.Славук, В.Шаранговіч і інш.
В.Я.Буйвал.
Да арт.Малюнак. В. ван Гог. Sorrow. 1882.Да арт.Малюнак. А.Кашкурэвіч. Паляванне ў Вялікім княстве Літоўскім. 1986.Да арт.Малюнак. В.Баранаў. Восеньскія пабудовы. 1991—92.Да арт.Малюнак. А.Паслядовіч. Рыба і сеткі. 1976.Да арт.Малюнак. М.Урубель. Аўтапартрэт. 1904.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́ЛЬНЫЯ НАВУЧА́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
сярэднія навучальныя ўстановы з практычнай накіраванасцю ў навучанні. У адрозненне ад класічнай адукацыі ў Р.н.у гад. ўвага звяртаецца на вывучэнне прадметаў прыродазнаўчанавук. і матэм. цыклаў. Узніклі ў Германіі (у 1706 у г. Гале). У 19 ст. сфарміраваліся розныя тыпы рэальных школ з перавагай агульнаадук. і прафес. кірункаў. Р.н.ў. або рэальныя аддзяленні пры сярэдніх школах, існуюць у сістэмах адукацыі некат, краін Еўропы і Азіі.
У канцы 18 ст. ў Рэчы Паспалітай, у т. л. на Беларусі, у навуч, праграмах акруговых і падакруговых вучылішчаў меліся «карысныя для практычнага жыцця прадметы» (тэарэт. і практычная фізіка і хімія, агародніцтва, земляробства, гігіена, архітэктура, мастацтва і рамёствы). Большасць гэтых прадметаў увайшла ў школьныя статуты 1803 і 1828 у Рас. імперыі. У 1-й трэці 19 ст. ў некат. прыватных пансіёнах ставілася мэта «распаўсюджвання тэхнічных, непасрэдна карысных для прамысловай дзейнасці, ведаў». 29.3.1839 зацверджана Палажэнне аб рэальных класах пры навуч. установах Мін-ванар. асветы «для часовага выкладання тэхнічных навук». У рэальных класах павятовых вучылішчаў і гімназій выкладаліся: практычная хімія і механіка, маляванне, чарчэнне і інш. У 1840 у Варшаве заснавана 1-я ў Рас. імперыі рэальная 7-класная гімназія. У 1850-я г. амаль у кожнай навуч. акрузе меліся гімназіі, дзе вышэйшыя З класы былі падзелены на класічнае і рэальнае аддзяленні. У адпаведнасці са статутам ад 19.11.1864 ствараліся рэальныя гімназіі і прагімназіі. Мэта іх дзейнасці — разам з класічнымі гімназіямі даваць агульную адукацыю і рыхтаваць для паступлення ў вышэйшыя спец.навуч. ўстановы. У іх выкладаліся: Закон Божы, рус. мова і славеснасць, гісторыя, геаграфія і чыстапісанне. Дадаткова больш часу вылучалася на матэматыку, прыродазнаўства, хімію, фізіку, касмаграфію, нямецкую і франц. мовы, маляванне і чарчэнне. Пасведчанне аб заканчэнні курса ўлічвалася пры паступленні толькі ў вышэйшыя тэхн. ўстановы. У рэальнай прагімназіі тыя ж прадметы выкладаліся ў меншым аб’ёме.
На Беларусі ў 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. дзейнічалі Пінская рэальная 7-класная гімназія, Бабруйская, Брэсцкая і Гомельская рэальныя 5-класныя прагімназіі. У 1871—72 рэальныя гімназіі пераўтвораны ў рэальныя вучылішчы, якім у 1888 нададзены статус агульнаадук. сярэдніх навуч. устаноў. Курс навучання — 6 класаў і падрыхтоўчы клас. Р.н.ў. мелі 2—5 кл. У 1—4-х кл. давалася агульная адукацыя, у 5—6-х кл., якія падзяляліся на асноўнае і камерцыйнае аддзяленні, выкладаліся спец. прадметы. У некат. Р.н.у уводзіўся дадатковы 7-ы клас з 3 разрадамі: агульны (рыхтаваў да паступлення ў вышэйшыя тэхн. ўстановы), механіка-тэхн. і хіміка-тэхнічны (давалі сярэднюю тэхн. адукацыю). Пры вучылішчах ствараліся пансіёны, дадаткова вывучаліся англ., італьян. і навагрэч. мовы. Першыя рэальныя вучылішчы адкрыты ў Пінску (1872), Мінску (1880), Магілёве (1885). У 1890-х г. у рэальных вучылішчах скасавана камерцыйнае аддзяленне (ствараліся асобныя камерцыйныя школы, напр., у Мінску ў 1901). У пач. 20 ст. выпускнікі рэальных вучылішчаў атрымалі права паступаць на фізіка-матэм. і мед. ф-ты ун-таў. У 1915 было 10 рэальных вучылішчаў (3 прыватныя) у Беластоку, Вільні, Віцебску, Гродне, Дзвінску, Мінску, Магілёве, Пінску, Слоніме, Рагачове. Скасаваны ў 1915—18.
Літ.:
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі. Са старажытных часоў да 1917 г.Мн., 1985;
Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус.Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС,
сярэдняя ваенна-навуч. ўстанова закрытага тыпу ў г. Полацк у 1835—1918. Засн. для падрыхтоўкі да вайск. службы дваранскіх дзяцей з Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, Віленскай, Гродзенскай і Смаленскай губ. Размяшчаўся ў будынку, дзе раней знаходзіліся Полацкая езуіцкая акадэмія і Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. Быў разлічаны на 400 навучэнцаў, прымаліся хлопчыкі ва ўзросце 9—11 гадоў. Складаўся з 4 рот (грэнадзёрская, неранжырная, 2 мушкецёрскія), якія ўтваралі батальён. Меў 2 падрыхтоўчыя і 4 агульныя класы, у 1857 уведзены 5-ы агульнаадук. клас і 2-гадовыя спец. класы, пасля заканчэння якіх кадэты атрымлівалі чын афіцэра. Выкладаліся: рус., франц. і ням. мовы, арыфметыка, алгебра, геаграфія, гісторыя, чыстапісанне, маляванне, чарчэнне, закон Божы; у спец. класах дадаткова — тактыка, артылерыя, ваен. гісторыя і фартыфікацыя. У 1859—63 спец. класы падрыхтавалі 172 афіцэры. У 1865 корпус рэарганізаваны ў ваен. гімназію, якая ў 1882 зноў пераўтворана ў кадэцкі корпус з 7-гадовым курсам навучання. У пач. 1-й сусв. вайны эвакуіраваны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 рэарганізаваны ў гімназію ваен. ведамства. У 1919—20 на базе П.к.к. і інш. эвакуіраваных кадэцкіх карпусоў былі створаны Крымскі (у Арэандзе) і Феадасійскі кадэцкія карпусы. За час існавання П.к.к. падрыхтаваў больш за 3 тыс. афіцэраў. Сярод іх Д.Д.Бохан, браты Кірпічовы і Манцэвічы, Р.І.Кандраценка, Н.Н. і М.Н. Кайгародавы і інш.
Дьяков В.А. Деятели русского и польского освободительного движения в царской армии 1856—1865 гг.: (Биобиблиогр. словарь). М., 1965;
Лукашэвіч А.М. Арганізацыя вучэбнага працэсу ў кадэцкіх карпусах на тэрыторыі Беларусі ў 30-х — пачатку 50-х гг. XIX ст. // Весн. БДУ. Сер. 4. 1998. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫПІ́НСКІ (Аляксандр Феліксавіч) (1811, в. Кукавячына Віцебскага р-на — 1900?),
бел. і польскі паэт, фалькларыст, графік, кнігавыдавец. Скончыў Віцебскую гімназію. У 1829—30 вучыўся ў школе прапаршчыкаў у Дынабургу (цяпер Даўгаўпілс, Латвія), дзе блізка сышоўся з В.Кюхельбекерам. Удзельнік паўстання 1830—31. З 1832 у Парыжы, зблізіўся з А.Міцкевічам, абраны чл.Франц. акадэміі прам-сці, сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю. Выдаў фалькларыстычна-этнагр. даследаванне «Беларусь» (Парыж, 1840), у якім упершыню ў гісторыі беларусістыкі сістэматызаваў вусную творчасць бел. народа па жанрах і тэматыцы. У кнізе змешчана вял. колькасць абрадавых твораў, даюцца апісанні і характарыстыка абрадаў, звесткі па гісторыі л-ры і муз. культуры Віцебшчыны, апублікаваны нар.рэліг. песні кніжнага паходжання, макаранічныя бел.-польскія мініяцюры Ф.Рысінскага(?), уласныя творы, стылізаваныя пад нар. песні. З 1846 у Лондане, дзе займаўся выдавецкай і творчай дзейнасцю, выкладаў мовы, матэматыку і маляванне. Сам афармляў уласныя кнігі, выявіў выключныя здольнасці да маст. фатаграфіі, стаў адным з піянераў фотамастацтва. У 1852 разам з І.Яцкоўскім заснаваў вольную друкарню, у якой выдаў свае паэт. кнігі на польскай мове з уласнымі ілюстрацыямі («Паэтычныя творы», 1853; «Сяржант-філосаф...», 1854) і бел.рамант. баладу «Нячысцік» (1853, адна з першых у бел. л-ры, у аснову яе пакладзены фалькл. ўзоры). З кастр. 1852 у ёй друкавалася эмігранцкая газ. «Demokrata Polski» («Польскі дэмакрат»). У 1859, пасля царскай амністыі, вярнуўся на радзіму. Працаваў над гісторыяй бел. л-ры, стварыў шэраг біяграфій пісьменнікаў-беларусаў: Я.Баршчэўскага, Г.Марцінкевіча, В.Рэута, Ф.Рысінскага, Т.Заблоцкага (не захаваліся). Перапісваўся з А.Плугам, у 1860 пакінуў вершаваны і празаічны запісы на бел. і польскай мовах у «Альбоме» А.І.Вярыгі-Дарэўскага. У творчасці Р. пераважала маральна-этычная праблематыка. Яго паэзіі ўласціва фалькл.-рамант. скіраванасць у спалучэнні з дыдактычнасцю і сентыменталісцкім стылем. Беларусь разглядаў як правінцыю Польшчы.
Літ.:
Пачынальнікі. Мн., 1977;
Штэйнер І. Аляксандр Рыпінскі (1810—1900) // Беларуская літаратура. Мн., 1985. Вып. 13;
Піятуховіч М. Рукапісы А.Рыпінскага // Шляхам гадоў. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ма́рыць, ма́ру, ма́рыш, ма́рыць; незак.
Аддавацца марам. Калі туман плыве над логам, Рассейваючы кроплі рос, Стаю пад-сонцам я і мару.Панчанка.— Вось так, вось так, — прыгаворвае пані Мар’я, малюючы. — І трэба, Малец, не глядзець, не марыць, а рабіць сваё...Брыль.// Думаць аб ажыццяўленні чаго‑н. вельмі жаданага, імкнуцца ў думках да чаго‑н. З дзіцячых гадоў Мікола любіў маляванне, і сам ён употай марыў аб мастацкай школе.Якімовіч.Тварык .. [Ірынкі] засв[я]ціўся — яна марыла аб спатканні з братам.Чорны.
2.перан. Даводзіць да поўнага знясіленая; мардаваць, мучыць. [Чэрскую] страшылі на допытах, білі, марылі голадам, і, нічога не дазнаўшыся, праз чатыры месяцы выпусцілі з турмы.Галавач.
3.перан. Даводзіць да знямогі. Нязручна ж у адзежыне ў хаце сядзець, бо так жа морыць цяпло, аж дрымотна становіцца.Лынькоў.Віктар прысеў на прызбу, угрэўся, і яго пачаў марыць сон.Асіпенка.
4.Спец. Трымаць драўніну ў вадзе, у спецыяльным растворы для надання ёй цёмнага колеру і моцнасці. Марыць дуб.// Фарбаваць драўніну марылкай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эцю́д, ‑а, М ‑дзе, м.
1. У выяўленчым мастацтве — твор, які выконваецца з натуры, з’яўляецца першапачатковым накідам, эскізам, часткай кампазіцыйнага цэлага. Пісаць эцюд. □ Каля дзесятка менш значных эцюдаў і эскізаў былі выстаўлены ў мастацкім магазіне, што таксама гарантавала пэўныя шансы.Васілевіч.//толькімн. (эцю́ды, ‑аў). Маляванне фарбамі з натуры для практыкавання, загатоўкі эскізаў. Пайсці на эцюды.
2. У музыцы — твор віртуознага характару для аднаго інструмента, а таксама высокамастацкае сачыненне для канцэртнага выканання. Фартэп’янныя эцюды Ліста. □ Кожны ўдзельнік выканаў адзін твор Баха, тры віртуозныя эцюды.«ЛіМ».
3. Практыкаванне (звычайна імправізацыйнага характару), якое служыць для развіцця і ўдасканальвання тэхнікі артыстычнага майстэрства ў студыі, кіно і пад. — Пакажы які-небудзь эцюд. — А што гэта такое? — пытаюся. Смяюцца. — Ну, якую-небудзь сцэнку з жыцця.Сяргейчык.
4. Невялікі твор навуковага, крытычнага і пад. характару, прысвечаны якому‑н. асобнаму пытанню. Якраз у гэты час, у перыяд актыўнай публіцыстычнай дзейнасці, пісьменнік ад празаічных эцюдаў пераходзіць да апавяданняў.Каваленка.
5. Шахматнае (шашачнае) заданне, якое заключаецца ў тым, каб выйграць або зрабіць нічыю пры пэўнай пазіцыі з невялікай колькасцю фігур. Шахматны эцюд. Шашачны эцюд. □ У эцюдзе выдатнага савецкага майстра Л. Кубеля галоўнай дзеючай асобаю быў ферзь белых.«Маладосць».
[Фр. étude.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДРАЗДО́ВІЧ (Язэп Нарцызавіч) (13.10.1888, б. засценак Пунькі, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 15.8.1954),
бел. мастак, скульптар, этнограф, фалькларыст, археолаг, пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў нац.гіст. жывапісу. Скончыў Віленскую школу рысавання (1908). Выкладаў маляванне ў бел. школах. Заснавальнік маст. студыі пры Віленскай бел. гімназіі (1927). Прадстаўнік рамант. кірунку ў бел. мастацтве. У пейзажах (графічная серыя «Старажытная будоўля на Беларусі», 1910 — пач. 20-х г.), «Вёска Стадолішча», 1919), тэматычных кампазіцыях «Усяслаў Чарадзей у парубе пад палатамі кіеўскага князя» (1923), «Усяслаў Чарадзей пад Гародняй», «Песня Баяна» (1940-я г.), партрэтах Ф.Багушэвіча, Я.Пачопкі, полацкіх і смаленскіх князёў асн. ўвагу аддае адлюстраванню праз паэтызаваныя, сімвалічныя вобразы стараж.бел. гісторыі. Шэраг работ прысвечаны Ф.Скарыне («Францыск Скарына. Развітанне з родным Полацкам, або У свет па навуку», «Са свету з навукай», «Друкарня Францішка Скарыны ў Вільні ў 1525 годзе» (1927—1-я пал. 40-х г.). У 2-й пал. 1920-х г. стварыў графічныя серыі, прысвечаныя стараж. замкавай архітэктуры Беларусі і Літвы («Мір», «Крэва», «Ліда» і інш.). Этнаграфічнае і гіст.-краязнаўчае значэнне маюць замалёўкі сял. тыпажоў, узораў нар. дойлідства, прылад працы і прадметаў побыту, адзення. Асобную групу складаюць творы з сімволіка-алегарычнымі вобразамі («Мужык з панам цягаецца», 1935, «Пагоня», 1927, «Дух цемры», 1932, і інш.). Касмічная тэма прадстаўлена серыямі «Жыццё на Марсе» (1931), «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы» (абедзве 1932), творамі «Пейзаж» (1930-я, г.), «Трывень» (1932—33), «Космас» (1940), «Артаполіс» (1934—35) і інш., у якіх спалучаецца гуманіст. зямны пачатак з наіўным бачаннем ірэальнага. Прымаў удзел у афармленні час. «Саха» (1912—15), «Рунь» (1920) і інш., кніг «Беларускі каляндар на 1910 год», «Курганная кветка» К.Буйло (1914), «Школьны спеўнік» А.Грыневіча (1920), «Лемантар» (1919), уласнай кнігі «Вар’ят без вар’яцтва, або Вялікая шышка» (1923, псеўд. Я.Нарцызаў), брашуры «Нябесныя бегі» (1931). Маляваў насценныя дываны. У аснову іх кампазіцыі паклаў раслінныя, зааморфныя, арх.-сюжэтныя матывы. Стварыў партрэты-барэльефы А.Грыневіча, Я.Пачопкі, М.Машары, маці (пач. 1930-х г.), бюст Ф.Скарыны, «Плач Гарыславы» (1920-я г.). Працаваў у галіне плаката. Запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў нар. лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны. Праводзіў археал. даследаванні, вёў археал. дзённікі «Дзісенская дагістарычная старына». У Мінску помнік Д., яго імем названы Германовіцкі музей мастацтва і этнаграфіі (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.).
Тв.:
Дзённік // Маладосць. 1991. № 5—12.
Літ.:
Ліс А.С. Вечны вандроўнік. Мн., 1984;
Язэп Драздовіч: [Фотаальбом] // Аўтар тэксту Т.В.Габрусь. Мн., 1993;
Язэп Дроздович: «Меня еще поищут...» // Нёман. 1997. № 1.
М.Л.Цыбульскі.
Я.Н.Драздовіч.Я.Драздовіч. Пейзаж. 1930-я г.Я.Драздовіч. Космас. 1940.Я.Драздовіч. Вёска Стадолішча. 1919. Пяро, туш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВЮ́РА (франц. gravure),
1) друкаваны адбітак на паперы (ці падобным матэрыяле) з пласціны (дошкі), на якую нанесены малюнак.
2) Від мастацтва графікі, што аб’ядноўвае разнастайныя спосабы ручной апрацоўкі «дошак» і друкавання з іх адбіткаў.
Спецыфічная асаблівасць гравюры — яе тыражнасць (магчымасць атрымаць значную колькасць раўнацэнных адбіткаў). Існуюць гравюра пукатая (часцей на дрэве — дрэварыт ці лінолеуме — лінагравюра) і паглыбленая (часцей на метале — афорт). Нярэдка да яе адносяць і літаграфію («плоская» гравюра). Асн. віды гравюры на метале (медзь, цынк): разцовая, сухая іголка, пункцірная манера, мецца-тынта, афорт, акватынта, мяккі лак, лавіс (маляванне кіслатой на дошцы). Шматколерныя гравюры друкуюцца з некалькіх дошак (на кожную кладуць пэўную фарбу) ці з адной пафарбаванай дошкі. Часта выкарыстоўваецца мяшаная тэхніка (дадаецца пластык, арган. шкло). Разам са станковымі гравюрамі (эстампамі) пашырана кніжная гравюра (ілюстрацыя). Гравюры належыць вял. роля ў мастацтве кнігі, карыкатуры і лубка.
Узнікненне гравюры звязана з рамёствамі, дзе былі працэсы гравіравання: разьба, набойка, ювелірная справа і інш. Гравюра на дрэве вядома ў Кітаі з 6—7 ст., у Зах. Еўропе — на мяжы 14—15 ст.Найб. значныя еўрап. Майстры 15—18 ст.: А.Дзюрэр, Ж.Кало, Рэмбрант, Дж.Піранезі, Ф.Гоя і інш. На 17—19 ст. прыпадае росквіт яп. ксілаграфіі (К.Хакусай, Хіросіге). Сярод рус. гравёраў 18—20 ст. вылучаюцца А.Зубаў, М.Махаеў, С.Галакціёнаў, А.Ухтомскі, В.Матэ, Г.Астравумава-Лебедзева, А.Краўчанка, У.Фаворскі і інш.
На Беларусі гравюра ўзнікла ў пач. 16 ст. з развіццём кнігадрукавання (гравюра ў выданнях Ф.Скарыны). У 16—18 ст. значнага ўзроўню дасягнула станковая («абразная») гравюра на дрэве: партрэт, пейзаж, гравюра-тэзіс, лубок. У тэхніцы дрэварыту працавалі П.Мсціславец, Грынь Іванавіч, Ф.Ангілейка, В.Вашчанка, П.Комар і інш. У 2-й пал. 16 ст. паявілася разцовая гравюра на метале (медзярыт) у творах Т.Макоўскага. У канцы 17 ст. ўзнікла акватынта. У пач. 19 ст. асвоена тэхніка літаграфіі (творы Ю.Азямблоўскага, Н.Орды, Я.Дамеля). У 20 ст. актыўна развіваюцца ўсе тэхнікі гравюры. У 1920-я г.найб. пашырана ксілаграфія (А.Астаповіч, З.Гарбавец, Я.Мінін, А.Тычына, С.Юдовін). У даваен. час у тэхніцы гравюры на дрэве працавалі І.Гембіцкі, М.Сеўрук, у тэхніцы афорту — Б.Малкін, Х.Тыбер, лінагравюры — Я.Горыд, літаграфіі — А.Малярэвіч, Ф.Фогт. Сярод сучасных майстроў гравюры: у тэхніцы афорту — Л.Асецкі, І.Вішнеўскі, А.Кашкурэвіч, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч; літаграфіі — А.Дзямарын, Г. і Н.Паплаўскія, В.Шаранговіч; лінагравюры — С.Герус, А.Лось, Шаранговіч; ксілаграфіі — А.Зайцаў; розных тэхніках — У.Савіч, М.Купава, А.Лапіцкая, М.Селяшчук, В.Славук, Л.Марчанка, Ю.Герасіменка, А.Шэвераў і інш.
Літ.:
Турова В.В. Что такое гравюра. [3 изд.]. М., 1986;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;
Яго ж. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
А.М.Пікулік, В.Ф.Шматаў.
Да арт.Гравюра. А.Кашкурэвіч. Ілюстрацыя да трагедыі І.В.Гётэ «Фауст». 1976. Сухая іголка.Да арт.Гравюра. К.Хакусай. Каляровая гравюра на дрэве з серыі «36 відаў Фудзі». 1823—29.Да арт.Гравюра. В.Славук. Ілюстрацыя да беларускай народнай казкі «Удовін сын». 1977. Цынкаграфія.Да арт.Гравюра. Рэмбрант. Св. Іеранім пад дрэвам. Афорт і сухая іголка.