Існаваў у 16 ст. ў сутоку рэк Зах. Дзвіна і Тураўлянка (Полацкі р-н Віцебскай вобл.). Пабудаваны ў 1563 паводле загаду Івана IV Грознага з каменю і дрэва. Квадратны ў плане замак меў 4 вуглавыя вежы і пятую вежу-браму з боку Тураўлянкі, цераз якую быў перакінуты драўляны мост на палях. Вежы з боку Тураўлянкі былі чацверыковыя, крытыя ў 2 схілы, з боку Зах. Дзвіны — гранёныя або круглыя, з шатровым крыццём. Вежы мелі 3 баявыя ярусы: сярэдні з амбразурамі для гармат, ніжні і верхні з байніцамі для ручной агнястрэльнай зброі. Вуглавыя вежы стаялі на высокіх паўкруглых падмурках, сцены якіх былі прарэзаны круглымі байніцамі. Драўляная забудова замка была шчыльная. Сярод прамавугольных у плане жылых дамоў, накрытых 2-схільнымі дахамі, вылучаліся 2 збудаванні з купальнымі завяршэннямі, якія, верагодна, мелі культавае значэнне. 4.9.1579 да замка падышоў атрад войска ВКЛ пад камандаваннем кн. К.Лукомскага. Рускія спешна пакінулі Т.з. без бою. Заняўшы замак, Лукомскі загадаў страляць з усіх гармат. У выніку ўзнік пажар, які знішчыў замак. У 1579 С.Пахалавіцкі выканаў малюнак Т.з., паводле якога пазней зроблена гравюра.
Ю.А.Якімовіч.
Тураўлянскі замак. Гравюра Д.Б.Кавалеры 1580 паводле малюнка С.Пахалавіцкага 1579.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЕ́ЛЮБСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры готыкі ў в. Уселюб Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1-й пал. 15 ст. па фундацыі Яна Няміры — канюшага вял.кн. Вітаўта. Асн. аб’ём амаль квадратны ў плане, накрыты 2-схільным дахам. Сцены ўзведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі з гладкай цэглы на вапнава-пясчанай рошчыне. Падмуркі складзены з неапрацаваных вял. і сярэдніх валуноў. Першапачаткова было 1-стаўповае збудаванне, з У закончанае прэсбітэрыем і гранёнай апсідай. У паўн. сцяне прэсбітэрыя быў уваход у сакрыстыю, перакрытую зорчатымі скляпеннямі. Сцены ўмацаваны контрфорсамі. Інтэр’еры асвятляліся аконнымі праёмамі спічастай формы. У тоўшчы сцяны вітыя ўсходы вялі на хоры і паддашак. Усх. і зах. фасады завяршаліся франтонамі. Над уваходам — крыж, выкладзены з перапаленай цэглы. У 2-й пал. 16 ст. скляпенні ў касцёле абваліліся. У 1576—1642 храм перароблены пад кальвінскі збор. Надбудаваны верх апсіды, асн. аб’ём перакрыты драўлянай столлю, у прэсбітэрыі адноўлены скляпенні. У 18—19 ст. да гал. фасада прыбудавана 3-ярусная вежа. У 1986 пажарам знішчаны завяршэнні вежы, дах і сістэма перакрыццяў асн. аб’ёму, прэсбітэрыя і паўн. сакрыстыі. У 1988 храм адрамантаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМА́ЙСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры пач. 17—18 ст. Пабудаваны ў 1603—06 у в. Камаі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. У стылявой трактоўцы касцёла спалучаны прыёмы і формы абарончага дойлідства, готыкі і рэнесансу.
Напачатку меў падоўжна-восевую кампазіцыю, быў 3-нефавы, 4 слуповы, перакрыты крыжовымі і зорчатымі скляпеннямі (захаваліся ў апсідзе). Пасля пажару ў сярэдзіне 17 ст. слупы разабраны, асн. памяшканне перакрыта драўляным люстраным скляпеннем. У 1778 да паўд. сцяны прыбудавана вял. прамавугольная ў плане капліца з крыптай, перакрытай цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі.
Мураваны 2-вежавы квадратны ў плане храм з вял. паўцыркульнай апсідай, сакрысціяй і хорамі над бабінцам. Гал. фасад асн. аб’ёму завершаны трохвугольным шчытом, раскрапаваны ў верхняй частцы 4 плоскімі арачнымі нішамі з байніцамі, фланкіраваны 2 магутнымі цыліндрычнымі вежамі (выш. 16 м, дыям. 6 м) з байніцамі. Усе скляпенні касцёла размаляваны арнаментамі ў тэхніцы грызайль. Захаваліся арган 18 ст., аздоблены разнымі па дрэве гірляндамі кветак, скульпт. выявамі анёлаў і муз. інструментаў, 4 разныя драўляныя алтары. Дэкаратыўна аформлены цэнтр. 2-ярусны алтар 2-й пал. 18 ст., у аснове якога 4 калоны карынфскага ордэра. Захаваўся алтарны абраз «Маці Божая з дзіцем» (17 ст.) у сярэбраным чаканным абкладзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁСАВАЕ ПЛАТО́, Лёсавая раўніна. У сярэдняй частцы бас.р. Хуанхэ, у Кітаі. Абмежавана хр. Тайханшань, Цыньлін і ўсх. адгор’ямі Наньшаня. Пл. каля 430 тыс.км². Пераважаюць вышыні 1200—1500 м. У межах Л.п. ёсць асобныя хрыбты (Люпаньшань, Люйляншань, Утайшань і інш.), грэбні якіх месцамі дасягаюць 2500 м. У геал. адносінах — упадзіна, запоўненая тоўшчай мезазойскіх адкладаў, перакрытых лёсамі. Магутнасць лёсаў 100—200 м, на Пн да 250 м. Л.п. амаль поўнасцю разбурана эрозіяй (сетка яроў дасягае 5—6 км на квадратны кіламетр пры глыб. 100—150 м). Клімат умераны з сухой халоднай зімой і гарачым летам. Сярэдняя т-растудз. ад -4 °C да -8 °C, ліп. 22—24 °C. Ападкаў ад 500 мм за год на У да 250 мм на ПнЗ; большасць іх выпадае ў час летняга мусону (ліп.—вер.), звычайна ў выглядзе ліўняў, якія стымулююць эрозію. Рэкі цякуць у глыбокіх цяснінах і выносяць вял. колькасць наносаў. Лёсавыя глебы высокаўрадлівыя, але ў большасці змыты. Значныя тэр. ўзараны, схілы выш. да 1000 м тэрасаваныя. Вырошчваюць бавоўнік, проса, гаалян, пшаніцу. На непрыдатных землях захавалася прыродная расліннасць (стэпы і лесастэпы). Радовішчы каменнага вугалю, жалезнай руды, нафты, гаручых сланцаў, гіпсу, солі. Л.п. густа населена (асабліва даліна р. Вэйхэ). Буйныя гарады — Сіянь, Таюань, Ланьчжоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ЦАРКВА́.
Будаўніцтва вялося ў пач. 12 ст. (паводле меркавання Э.М.Загарульскага, паміж 1069 і 1073) на правым беразе р. Свіслач у раёне сучаснай пл. 8 Сакавіка ў Мінску (тэр.Мінскага замка); па невядомых прычынах не было скончана. Помнік даследавалі В.Р.Тарасенка (1949—51), Г.В.Штыхаў (1976). Мураваны храм пачалі будаваць з бутавага каменю пасля моцнага пажару, які знішчыў забудову дзядзінца горада і, верагодна, драўляную царкву, якая тут была раней. На яе месцы былі зроблены падмуркі, ніжнія ч. апсід, паўд. і зах. сцен. Паводле плана падмуркаў меркавалася паставіць кампактны 4-слуповы крыжова-купальны храм, амаль квадратны ў плане, з 3 паўавальнымі апсідамі. На ўнутр. сценах храма захавалася абліцоўка з добра апрацаваных плітак, вырабленых з наздраватага даламіту. На ПнУ ад царквы выяўлены яма для прыгатавання вапны (пл. 25 м²) і пляцоўка майстэрні, дзе абчэсвалі пліткі. Царква не мае аналагаў у стараж.-рус.манум. буд-ве. Амаль праз стагоддзе пасля спынення буд-ва царквы на яе месцы ўзнік хрысц. могільнік знатных гараджан. Выяўлена 21 пахаванне 13 ст. ў дамавінах скрынкавага тыпу з вял. хваёвых дошак на шыпах без цвікоў. Некат. векі дамавін абкладзены бяростай. У 1967 за 30 м ад падмуркаў М.з.ц. пабудаваны яе муляж. Самі падмуркі знаходзяцца ў некранутым выглядзе на глыбіні 0,5—2,1 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ЦАРКВА́.
Існавала ў 14—19 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 14—16 ст. на тэр. дзядзінца (гл. ў арт.Навагрудскія замкі). У час даследавання ў 1924 выяўлены падмурак, рэшткі сцен і падкупальных слупоў. Першапачатковы храм быў бясстоўпны, у плане амаль квадратны; з усх. боку меў невял. закругленую апсіду, з зах. — прытвор. Падмуркі выш. 2 м узведзены з валуноў на вапнава-пясчаным растворы. Сцены таўшчынёй да 1,2 м з цэглы. Рэшткі сцен усх. часткі храма пабудаваны ў вендскай, зах. сцяна і прытвор — у гатычнай тэхніках муроўкі. Па перыметры храма закладзены драўляныя брусы. У сярэдзіне — 2-й пал. 14 ст. храм рэканструяваны: узведзены 4 цагляныя крыжападобныя ў плане стаўпы, на якія, верагодна, апіраўся барабан з купалам; зроблены паўн.-ўсх. прытвор і набрана новая цагляная падлога, пад якой выяўлены 2 скляпы. У такім выглядзе помнік уяўляў сабой сінтэз усх.слав. дойлідства з раманскім і гатычным стылямі. У 2-й пал. 17 ст. царква перабудавана пад касцёл у стылі барока. Аб’ём падоўжаны на З, павялічана апсіда (новая даўж. будынка 34 м), над паўд. сцяной пабудавана вежа складанай канфігурацыі; фасады дэкарыраваны фігурнымі атынкаванымі карнізамі, цягамі, нішамі і інш. Да 1775 у будынку касцёла адбываліся сесіі Трыбунала — вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ. Храм існаваў да 1850.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ірацыяна́льны
(лац. irrationalis = неразумны)
1) паводле ідэалістычнай філасофіі — пазбаўлены заканамернасці, а таму недаступны для розуму, невытлумачальны;
2) мат. несуразмерны з адзінкай, а таму не здольны быць выражаны ні цэлым, ні дробным рацыянальным лікам, напр.квадратны корань з ліку 3 (і. лік).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
СЛО́НІМСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры барока ў г. Слонім Гродзенскай вобл.Засн. ў 1-й пал. 17 ст. па ініцыятыве Я.Жарскага і А. і С. Лукашэвічаў як апорны пункт сістэмы гар. абарончых збудаванняў. Касцёл пабудаваны ў 1639—45 (кіраўнік буд. работ майстар С.Тарашкевіч з Нясвіжа) па фундацыі каралеўскага сакратара А.Радвана. У 1655 згарэў, у 1671 адбудаваны. У 1861 у касцёле адбываліся патрыятычныя маніфестацыі, за што на яго быў накладзены штраф. У 1866 касцёл пераабсталяваны пад Троіцкую правасл. царкву (цяпер Троіцкі сабор). Уяўляе сабой 1-нефавы мураваны будынак з выцягнутым прэсбітэрыем, сакрысціямі і паўкруглай апсідай, 3-яруснай вежай-званіцай (1-ы ярус квадратны ў плане. умацаваны контрфорсамі, 2 верхнія — 8-гранныя, аздобленыя пілястрамі), накрытай шатровым дахам. У 1668 і 1750 да апсіды прыбудаваны 2 бакавыя квадратныя ў плане капліцы Працлаўскіх і Слізняў, завершаныя шлемападобнымі купаламі. Сцены касцёла ўмацаваны контрфорсамі, вял. аконныя праёмы з паўцыркульнымі завяршэннямі. Уваходны партал касцёла аформлены ордэрнымі элементамі: паўкалонамі, спрошчаным антаблементам, архівольтамі. Гал. і бакавы алтары ў стылі ракако 1-й пал. 18 ст. Пасля 1864 у алтары ўстаноўлены іканастас. З паўд. боку ад касцёла размяшчаецца корпус кляштара (пабудаваны ў 1749) — 2-павярховы П-падобны ў плане мураваны будынак, глухія сцены якога прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, аздоблены пілястрамі і міжпаверхавай цягай.
А.М.Кулагін, А.А.Ярашэвіч.
Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. Сучасны Троіцкі праваслаўны сабор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЫ́РНІЦА,
гаспадарчая пабудова для сушкі і захоўвання сыру. Лакальныя назвы сырнік, сырня. Былі пашыраны на Беларусі, у Літве, Польшчы пераважна ў сядзібах і фальварках 16 — пач. 20 ст. У канцы 19 ст. з’явіліся і ў некат. сял. гаспадарках, якія наладзілі вытв-сць сыроў на продаж. На Беларусі найчасцей С. рабілі драўлянымі, абавязкова 2-яруснымі. 1-ы паверх мог заставацца адкрытым, на слупах (1—12; вёскі Рудня Астравецкага, Сваятычы Ляхавіцкага р-наў), або мець памяшканне для захоўвання малочных прадуктаў (в. Боркі Дзятлаўскага р-на). Каркасная канструкцыя 2-га паверха з дошак, жэрдак, плятня дапамагала ствараць неабходныя ўмовы для добрай вентыляцыі і сушкі сыроў. Характэрны элемент С. — галерэя на 2-м паверсе, дзе пад страхой сушылі сыры (б. маёнтак Залучча, Стаўбцоўскі р-н). Галерэю рабілі на выпусках бэлек ці на слупах. Квадратны план, ярусная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя, шатровы гонтавы дах, кругавая галерэя, выразны сілуэт рабілі С. адной з цікавых пабудоў сядзібы. Ставілі С. паблізу сядзібнага дома ці ў парку. Захавалася С. 19 ст. мяшанай канструкцыі (мураваны ніжні паверх) у парку б. сядзібы ў в. Сітцы Докшыцкага р-на.
Літ.:
Сергачоў С. Сырніцы // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. №4.
С.А.Сергачоў.
Сырніца ў былым маёнтку Залучча Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. Фрагмент гравюры А.Савіцкага. 1873.Сырніца ў вёсцы Боркі Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобл.Пач. 19 ст.