перагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. каго-што. Прымусіць перайсці з аднаго месца на другое; перамясціць. Перагнаць табуны на лепшую пашу. □ Маёр загадаў усе плыты перагнаць у вусце рачулкі, замаскіраваць іх у чароце. Няхай. Навальніца была нядоўга, яе вельмі хутка бокам перагнаў вецер. Сачанка. // Гонячы, прымусіць перайсці, перамясціцца цераз што‑н., куды‑н. Перагнаць статак цераз чыгуначны пераезд. Перагнаць лодкі на другі бераг. □ Спачатку перагналі цераз ручаёк кароў. Следам за імі, падкасаўшы да калень, перайшоў Грыша. Пальчэўскі. // Разм. Гонячы, мінуць, прапусціць які‑н. пункт.

2. каго-што. Рухаючыся хутчэй, апярэдзіць; абагнаць. Алена падхапілася і пабегла .. Але праз некалькі крокаў яе перагналі другія партызаны. Шамякін. // перан. Дасягнуць большых поспехаў у параўнанні з кім‑н., выйсці ўперад у якіх‑н. адносінах. Надоі малака ў іх кароў пайшлі ўверх. Цяпер часта можна было чуць, як Ганна Тамашкевіч гаварыла: — Ого, Тоня, сёння ты перагнала ўсіх — сто пятнаццаць літраў маеш. Шчарбатаў.

3. што. Раскласці, расшчапіць на састаўныя часткі пры дапамозе перагонкі (у 1 знач.); зрабіць перагонку. Перагнаць нафту. Перагнаць малако. // Разм. Ачысціць перагонкай. Перагнаць спірт. // перан. Разм. Перавесці што‑н. у іншы стан, у іншыя велічыні, знакі і пад. У гэтую раніцу быў замаразак, але сонца ўзнялося высакавата, паспела прыгрэць зямлю, перагнаць шэрань на траве ў расу. Дуброўскі. [Навум:] — Ён табе і стог сена вылічыць, і капец абмерае і кілаграмы ў пуды перагоніць. Ермаловіч.

4. каго. Надта стаміць, замучыць яздой. [Бурак Ціхон да Хрысціны:] — Вось і я! Добры дзень у хату! Я даваў табе каня На вяселле к брату? Конь ледзь ногі прывалок, Каня перагнала. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смерць, гібель, пагібель, згуба, загуба, страта, скон, скананне, кананне, згіненне, звод; халэмус, каюк, капут (разм.); здыхата (разм. зняваж.); загібель, загін, гамон, кадук (абл.), упадкі (абл., мн.); магіла, канец, канцы, капец, капцы, плаха, пятля, труба (перан.) □ вечны сон, расстанне са светам

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Трап1 ’сцежка, дарога, кірунак; крок’ (Нас.; слаўг., Яшк.), укр. торопа́ ’тс’, ’кірунак слядоў’ (калі тут не другаснае поўнагалоссе), рус. трап ’сцежка’, харв. кайк. trȁp, серб. тра̑пкапец (для гародніны)’, ’каляіна’, ’яма для буракоў, бульбы’, ’роў’, дыял. ’бахчаўнік’, ’бахчавыя культуры, памідоры’, ’малады вінаграднік’, балг. трап ’каляіна’, макед. трап ’яма, роў’, ст.-слав. трапъ ’яма для лоўлі звяроў’. Прымаючы пад увагу ўкраінскі і паўднёваславянскі матэрыял, можна вывесці прасл. *torpъ ’яма, роў’; паводле Борыся (Etymologie, 214), *torpъ або *trapъ (з пытальнікам), што разглядаецца як паўднёваславянскае праславянскае дыялектнае ўтварэнне. Абаеў (Зб. Геаргіеву, 102–110) уключыў прасл. *torpъ у фрака-скіфска-славяна-балтыйскую ізаглосу, параўн. фрак. *tarpa ў тапоніме Tarpodizos > асец. tærfæ ’лагчына, нізіна, даліна’ (другая частка ў іран. daiza ’крэпасць’), афг. tarma ’балота’, літ. tárpas ’прамежак’, ’дзірка, адтуліна’, ’цясніна’, ’прадонне, прорва’, trapùs ’рыхлы, гнілы, крохкі’, tarpẽklis ’цясніна’, лат. starpa, starps ’прамежак’, ’прабел (у тэксце)’, tàrps ’чарвяк’ < ’свідравальшчык’ (Каруліс, 2, 286). Адсутнасць падобнай лексемы *torpъ (усх.-слав. тароп) на поўначы Славіі можа наводзіць на думку пра запазычанне з паўд.-слав. trap. Скок (3, 491), Фасмер (Die griechischen Lehnwörter im Serbokroatischen. Berlin, 1944, 143) дапускаюць паўднёваславянскае запазычанне з грэч. τρύπη ’яма, пастка’ (< і.-е. *trūp‑) ці з τάφρος ’яма, роў’ > τράφος ’роў, рэчышча’, ’мяжа’, ’плот з камянёў’. Параўн., аднак, трап’е, гл.

Трап2 ’сходы на караблі’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’лесвіца на страсе, каб лазіць да коміна’ (кобр., драг., жытк., Нар. сл.). Праз польскую ці рускую мовы з нідэр. trap ’лесвіца на караблі’ (Фасмер, 4, 94; SWO, 1980, 772; СИС, 516; Булыка, СІС, 472).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труба́1 ‘доўгі, пусты ў сярэдзіне, прадмет круглага сячэння’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сцяшк.), у тым ліку назвы канкрэтных прадметаў такой формы: ‘драўляны або духавы медны інструмент з раструбам на канцы’ (ТСБМ, Варл., Ян., Касп., ТС, Вруб., Пятк. 2, Сержп. Прымхі; ашм., Стан.), ‘цэментаваны абруч у калодзежы’ (Сцяц.; смарг., Сл. ПЗБ), ‘сувой палатна або скрутак іншых матэрыялаў’ (мсцісл., дзятл., Жыв. сл., Брасл. сл., Варл.; талач., клец., ЖНС; ваўк., маг., чэрык., ЛА, 4; шальч., Сл. ПЗБ), пераносна таксама ‘абжора’ (Нас., ТС; клец. Бел. дыял. 3, Сцяц.), ‘гібель, пагібель’ (ТСБМ), памянш. тру́бка, трубачка; акрамя назваў розных прыбораў і прыстасаванняў цыліндрычнай формы таксама ‘люлька’ (Бяльк.), ‘горла (дыхальнае)’ (Бяльк., Мат. Гом.), ‘калодка ў коле’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Ласт., Касп., Мат. Гом.; лаг., мёрск., в.-дзв., Шатал., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), ‘вузкая рыбацкая лодачка’ (Касп.), ‘кулёк’ (ТС), ‘месца ў сцябле, адкуль выплывае колас’ (петрык., Шатал.), ‘ражок паляўнічага; лігаўка’ (Касп., Мат., Бес.; краснап., Яшк.), ‘цвёрдая частка пяра’ (брагін., Шатал.; ст.-дар., рэч., калінк., ЛА, 1), ‘жалезны шпень з адтулінай (у калаўроце)’ (в.-дзв., Шатал.), тру́бкі ‘адросткі пер’яў пасля лінькі’ (ст.-дар., ЛА, 1), ст.-бел. труба ‘доўгі пусты ў сярэдзіне прадмет круглага сячэння’, ‘музычны інструмент’, перан. ‘выразнік ідэй’ (ГСБМ), ‘адзінка колькасці тканіны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. тру́ба, труба́ ‘доўгі пусты прадмет’, ‘капец, загібель’, ‘комін’, тру́бка ‘назва розных прадметаў, прыстасаванняў у форме трубы’, ‘сцябло злакаў’, рус. труба́ ‘дудка, кішка, вузкі рукаў з цвёрдага матэрыялу, пусты ў сярэдзіне, адкрыты з канцоў’, ‘комін’, ‘рэчышча’, ‘паветраная труба’, ‘зруб калодзежа’, рус. астрах. ‘выдзеўбаная лодка-душагубка’, ‘скрутак палатна’, ‘натоўп людзей’, польск. trąba ‘від духавога інструмента’, ‘віхравы рух паветра’, ‘хобат (слана)’, ‘комін’, ‘адмысловы скрутак ільну ці пачасся, прыгатаваны для прадзення’, каш. trǫba ‘тс’, ‘калодка ў коле’, н.-луж. tšuba ‘комін’, tšubka ‘дудка’, в.-луж. truba ‘скрутак, рулон’, ‘комін’, ‘труба (музычная)’, trubka ‘люлька’, ‘трубачка’, чэш. trouba ‘духоўка, печ’, ‘вадаправодная труба’, ‘ражок пастуха’, славац. trúba ‘музычны інструмент’, ‘ражок, дудка’, ‘духоўка’, славен. tróba ‘труба’, ‘муфта’, ‘духавы інструмент’, ‘смерч’, серб. тру́ба ‘горн’, ‘клаксон’, ‘скрутак (палатна)’, харв. trúba, trûblja ‘тс’, ‘дудка’, макед. траба ‘скрутак матэрыі’, дыял. трамба ‘духавы інструмент’, тромба ‘сувой’, балг. тръба́ ‘труба’, ‘рулон матэрыі’, ст.-слав. трѫба ‘духавы музычны інструмент, ражок’. Прасл. *trǫba з першасным значэннем ‘духавы музычны інструмент’ запазычана, відаць, са ст.-в.-ням. trumba ‘труба’, trumpa ‘барабан’, ‘духавая труба’ альбо з раманскіх моў, параўн. с.-лац. trumba ‘тс’ (Фасмер, 4, 109; Борысь, 641; Сной₂, 785). Менш верагодным з’яўляецца гукапераймальнае ўтварэнне ў славянскіх мовах незалежна ад германскіх моў (Младэнаў, 642; Мацэнаўэр, Cizí sl., 85; Скок, 3, 513). Значэнні: ‘комін’, ‘скрутак’, ‘паветраны вір’ — другасныя (Борысь, 641). Спецыфічнае значэнне захавалася ў венг. toromba ‘пук саломы’ (1463 г.) < слав. *trǫba (Хелімскі, Слав. языкозн. X, 349), што адпавядае гродз. haroch u̯jecścia u̯ try truby (Федар. 5, 701), гл. трубой. Паўднёваславянскія словы, аднак, маглі быць запазычаны з італ. tromba (Махэк₂, 653). Сюды ж трубаку́р ‘заўзяты курэц’ (Некр.), труба́ч ‘выканаўца ігры на трубе’ (Некр. і Байк.): ст.-бел. певци и трубачи близу его (Сл. Скар.), трубачы́сты ‘камінар’ (Сцяшк.), трубі́ла, трубі́ло ‘надакучлівы чалавек’ (Нас., Янк. 3.), ‘чалавек з гучным голасам’ (Юрч. Вытв.), ‘абжора’ (Нас., Юрч. Вытв.), трубі́на неадабр. ‘нягодны чалавек’ (віл., Сл. ПЗБ), тру́бі́на ‘скрутак’ (Рэг. сл. Віц.), трубкава́нне ‘ўтварэнне сцябла ў злакавых’ (ТСБМ), трубча́сты, трубкава́ты ‘які мае форму трубак’ (ТСБМ), трубі́ць ‘дзьмуць у трубу, прымушаючы яе гучаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Сержп. Прык., Яўс., Янк. 2, 3; ТС; паст., віл., Сл. ПЗБ), ‘сігналіць, гукамі падаваць сігнал’ (ТСБМ, Сцяц., ТС, Скарбы), экспр. ‘плакаць’ (Яўс., Янк. 2, Янк. 3., Кольб.), ‘голасна размаўляць’, ‘кракаць (пра качак)’ (пух., Сл. ПЗБ), трубі́ті ‘квакаць (аб жабах)’ (ДАБМ, камент., 895), ‘прагна і шмат есці’ (ТСБМ, Нас., Сцяц., Мат. Маг., Яўс., ТС, Янк. 2, Федар. 7; слонім., мёрск., Нар. лекс.), ‘піць, ссаць’ (ТС), ‘гаварыць не слухаючы’, ‘весці пустыя размовы’ (Нас., Бяльк.), ‘разносіць па людзях чуткі’ (ТСБМ, Янк. 2), трубле́ньне ‘дудзенне ў трубу’ (Юрч. Вытв.), трубы́ты ‘жэрці’ (пін., Жыв. сл.).

Труба́2 ‘хвост лісы (паляўнічы жаргон)’ (ТСБМ, Сцяшк.), рус. труба́ ‘тс’. У выніку пераносу значэння паводле падабенства. Параўн. выраз разм. трымаць хвост трубой ‘быць актыўным, быць у добрым настроі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)