се́ктар, ‑а, м.
1. Частка круга, абмежаваная дугой і двума радыусамі. Плошча сектара.
2. Частка якой‑н. плошчы, абмежаваная радыяльнымі лініямі. Сектар стадыёна. □ Усё відаць: на мушцы аўтамата ўвесь сектар абстрэлу — шэрая брукаваная істужка шаша. Грамовіч.
3. Аддзел установы, арганізацыі, які мае пэўную спецыялізацыю. Сектар дыялекталогіі Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук. Бытавы сектар прафкама. □ Лаўрэнцеў узначаліў у камітэце камсамола сектар па абароне правоў моладзі. «Маладосць».
4. Частка народнай гаспадаркі, якая мае пэўныя эканамічныя і сацыяльныя адзнакі. Калгасны сектар у сельскай гаспадарцы.
5. Спец. Участак сістэмы кіравання самалёта, карабля і пад. Капітану здалося, што ён ужо на старце, выруліў на той новай машыне. У навушніках шлема-фона пачулася каманда камандзіра палка. Крануў сектар газу і пайшоў на ўзлёт. Алешка.
[Лац. sector.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фарма́цыя, ‑і, ж.
1. Пэўная ступень, стадыя ў развіцці чалавечага грамадства, якая характарызуецца ўласцівым толькі ёй спосабам вытворчасці і адпаведнай гэтаму спосабу надбудовай. Заслуга Маркса ў распрацоўцы тэорыі навуковага камунізма заключаецца ў тым, што ён даў характарыстыку асноўных рыс камуністычнага грамадства. Ён упершыню паказаў, што сацыялізм і камунізм уяўляюць сабою не розныя грамадска-эканамічныя фармацыі, а толькі дзве фазы аднаго і таго ж камуністычнага грамадства, заснаванага на адным і тым жа спосабе вытворчасці. Лушчыцкі. Калгасны лад выхаваў селяніна новай фармацыі, вывеў яго на шырокую арэну грамадскага жыцця. «Звязда».
2. Спец. Комплекс генетычна звязаных горных парод аднаго часу і спосабу ўтварэння. Юрская фармацыя.
3. Спец. Раслінныя згрупаванні, якія характарызуюцца адным або некалькімі агульна-біялагічнымі відамі.
[Лац. formatio — утварэнне, від.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
віхо́р 1 і ві́хар, ві́хру, м.
1. Імклівая кругавая плынь ветру. Наляцеў і закружыўся па шляху, уздымаючы пясок, моцны вецер-віхор. Галавач. Па галаве і па барадзе [Трахіма] нібы віхор прагуляўся. Крапіва. Як віхар, як куля, імчыцца каршун. Купала. // Узняты ветрам закручаны слуп пылу, снегу і пад. Раптам усхадзіўся вецер, узняў на дарозе віхор пылу. С. Александровіч.
2. перан.; чаго. Пра імклівае, бурнае праяўленне чаго‑н. Віхор падзей. □ З-за вялікіх вокан белага мураванага дома нечакана рвануўся віхор зыкаў скрыпкі і фартэпіяна. Чорны.
3. у знач. прысл. ві́храм. Хутка, імкліва. Імчацца віхрам. □ Машына віхрам уляцела па калгасны двор і спынілася, як укопаная. Шахавец.
віхо́р 2, ‑хра́, м.
Узнятая ўверх пасма валасоў. — Мне падабаюцца твае валасы, асабліва вось гэты непаслухмяны віхор. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэрыто́рыя, ‑і, ж.
Зямельная прастора з пэўнымі межамі. Тэрыторыя дзяржавы. Тэрыторыя калгаса. Тэрыторыя завода. □ Тэрыторыя Беларускай ССР не можа быць зменена без яе згоды. Граніцы паміж Беларускай ССР і іншымі саюзнымі рэспублікамі могуць зменьвацца па ўзаемнаму пагадненню адпаведных рэспублік, якое падлягае зацвярджэнню Саюзам ССР. Канстытуцыя БССР. // Частка якой‑н. краіны (вобласць, раён і пад.). Уражаны і здзіўлены Пракоп запыніўся, ступіўшы на тэрыторыю пасёлка, бегла акінуў поглядам калгасны двор і будынкі. Колас. Праз хвіліну бензасклад узарваўся са страшэннай сілай, раскідаўшы полымя па ўсёй тэрыторыі станцыі — на будынкі, вагоны, склады. Шамякін. На тэрыторыі Сіпаковага староства адбываліся вельмі часта розныя непажаданыя здарэнні. Лынькоў. // Вобласць пашырэння, распаўсюджання якіх‑н. з’яў. Ізаглосы .. перасякаюць .. моўную тэрыторыю ў розных напрамках, што дазваляе выдзеліць больш дробныя падгрупы ў складзе паўднёвазаходніх гаворак. Мацкевіч.
[Лац. territorium.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штаб, ‑а; мн. штабы, ‑оў; м.
1. Орган кіравання войскам у часцях, злучэннях усіх відаў узброеных сіл, а таксама асобы, якія ўваходзяць у склад гэтага органа. Здаралася, што на адным дні штаб атрада мяняў некалькі месц. Кулакоўскі. Старыцу Паходня ўяўляў — ён разы два — тры быў у ёй, палі тут адзін час стаяў штаб партызанскай брыгады. Хадкевіч. // Памяшканне, збудаванне, у якім размяшчаецца такі орган. Новы камісар палка Яфім Фамін жыў тым летам у крэпасці. Начаваў у штабе. Кухараў.
2. перан. Кіруючы орган чаго‑н. Неўзабаве гэтая невялічкая хатка на ўскраіне вёскі зрабілася штабам буйнейшай будоўлі на Беларусі. Грахоўскі. На гэтым жа сходзе было абрана і праўленне калгаса і месца, дзе павінен быць калгасны штаб. Колас.
•••
Генеральны штаб — цэнтральны орган кіравання ўзброенымі сіламі.
[Ням. Stab.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усва́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм.
1. Сватаючы, дабіцца згоды на шлюб; сасватаць. [Несцер Іпатавіч:] — Нават дзецюка самага лепшага ва ўсім Турчанскім раёне вам [Валянціна Фёдараўна] за мужа ўсватаў. Дубоўка.
2. перан. Уладкаваць каго‑н. куды‑н. — Ат, — пачуўся насмешлівы голас Лясовіча, — вы самі, Сцяпан Захаравіч, усваталі яго ў старшыні і робіце выгляд, што плачаце. Хадкевіч. Думаў я пра гэта і вечарам, калі клаўся спаць на сваім новым ложку ў хаце цёткі Антоніхі, куды мяне ўсватаў на жыхарства калгасны бухгалтар. Нядзведскі. // Схіліць каго‑н. да чаго‑н. [Усевалад:] — Баюся нават сказаць, Барыс. Вельмі ж у цяжкую справу ты мяне ўсватаў. Скрыган. // Навязаць каму‑н. што‑н. Кожнай з гэтых баб хацелася больш за ўсіх увайсці ў Аміліна давер’е, бо гэта быў тавар, які можна было ўсватаць шмат каму, і мець ад гэтага нейкі заработак. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыкры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.
1. Накрыцца, пакрыцца чым‑н. Васіль Сымонавіч прачытаў інфармацыю «З залы суда», пацікавіўся прагнозам надвор’я і ўжо збіраўся, як заўсёды, прыкрыцца газетаю і падрамаць з гадзінку. Арабей. Ліда ляжала на пасцелі, прыкрыўшыся да пояса лёгкаю дзяружкаю. Колас. Калгасны вартаўнік Максім, які сачыў за ўсім гэтым, лёг на посцілку, зверху прыкрыўся. Сабаленка. // Разм. Апрануцца збольшага. [Даміра:] — Бачыш, дзеўкі ў шаўках сядзяць. А пасля вайны прыкрыцца не было чым. Асіпенка. Не меў ён [Музыка] ні двара, Ні гароду; Толькі сярмяжку старую, — Прыкрыцца калі ў непагоду, — І жалейку жывую. Танк.
2. Засланіцца, загарадзіцца чым‑н. Увішны вадзіцель дае поўны ход назад, скіроўвае ўбок, пад мост, каб прыкрыцца ад агню. Гурскі. Насустрач выбеглі кіпарысы: «Ад нашага сонца, таварыш, прыкрыйся». Панчанка.
3. перан. Схаваць, замаскіраваць свае дзеянні, намеры. А я — паехаў, кінуў сябра, выкруціўся ад свайго дзяжурства, прымусіў Казіміра пайсці на варту, хоць чарга была мая. І чым прыкрыўся! Вельмі, маўляў, трэба пабачыць Валю, памагчы, пагаварыць з ёю. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уляце́ць, улячу, уляціш, уляціць; зак.
1. З лёту, на ляту пранікнуць, трапіць куды‑н.; заляцець унутр чаго‑н. Уляцела ластаўка ў сенцы. □ Ужо на другі дзень, калі раздавалі вячэру, у камеру Максіма ўляцеў муштук ад папяросы. Машара. У гэты момант у акон уляцела граната. Сяржант спрытна схапіў яе і кінуў назад немцам. Прокша.
2. Разм. Вельмі хутка ўвайсці, убегчы, уехаць куды‑н. Адчыніліся дзверы і ў хату не ўбегла, а ўляцела перапалоханая маці. Сачанка. Машына віхрам уляцела на калгасны двор і спынілася як укопаная. Шахавец. Калі поезд уляцеў у лес і ценем пакрыла акно, .. [спадарожнікі] абодва надоўга сціхлі. Пестрак.
3. Разм. Упасці, уваліцца ў што‑н. Уляцець у яму. Уляцець у гразь.
4. безас. каму. Разм. Папасці (за якую‑н. правіннасць). — Будзе мне за вас [хлопцаў], уляціць! — заенчыў салдат. Рамановіч. Па тым, як моцна, бразнулі дзверы і зазвінела ў сенцах вядро, Геня зразумеў, што яму ўляціць ад маці за такога сябра. Пташнікаў. // Трапіць у непрыемнае становішча. Вось спатканне, дык спатканне! У бяду ўляціш якраз. Колас.
•••
Уляцець у капейку (капеечку) — тое, што і абысціся ў капейку (капеечку) (гл. абысціся).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыбі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; заг. прыбі; зак.
1. што. Прымацаваць цвікамі што‑н. Трактарыст і калгасны музыка Данік Краўчук мерыўся прыбіць шчыток, трымаючы напагатове ва ўзнятых руках цвікі і сякеру. Дуброўскі. [Дарафей] сам зрабіў шпакоўаю і сам прыбіў яе на грушы. Даніленка.
2. што. Прыціснуць, прыгнуць да зямлі (ветрам, дажджом, градам і пад.). Кроплі [дажджу] весела сыпаліся на твар, на машыну, прыбілі пыл. Мележ. Ігліцу ў лесе дождж прыбіў. Нядзведскі.
3. каго-што. Прыгнаць, прынесці да якога‑н. месца (сілай вады і ветру). [Міхалу Сцяпанавіч у] часам здавалася, што Генадзь нечым падобны на той плывучы прадмет, які вялікая вада гушкае на хвалях, пакуль не прыб’е да берага. Сабаленка. / у безас. ужыв. Яшчэ днём я заўважыў, што за згібам ракі да берага прыбіла бервяно. Корбан. [Васіль:] — Давайце пойдзем паўз бераг, можа дзе яго [човен] прыбіла на завароце. Скрыпка.
4. каго. Разм. Пабіць; ударыць. Юрка заўважыў, што ідуць вартаўнікі, ускочыў на каня і паімчаўся, а яго таварыша вартаўнікі злавілі і прыбілі да паўсмерці. Кулакоўскі. // Забіць. Толяк змагаўся з жаданнем прыбіць тут жа на месцы ненавіднага чалавека. Чорны.
5. перан.; каго. Пазбавіць сілы, волі; вельмі моцна ўздзейнічаць. Толькі гора, вялікая сацыяльная несправядлівасць прыбіла.. [Лявона], зрабіла ўчарнелым, як зямля. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытулі́цца, ‑тулюся, ‑тулішся, ‑туліцца; зак.
1. Прыгарнуцца, прыхіліцца да каго‑, чаго‑н. з ласкай, пяшчотай. Ліда сустрэла настаўніка, паздароўкалася, абняла яго руку, прытулілася да яе, як даверлівае дзіця. Колас. Малое насупілася, недаверліва паглядзела на незнаёмага дзядзьку і прытулілася да дзеда. Дуброўскі. [Мікола] прытуліўся да мяне, і, засынаючы, я чуў ягоны шэпт і адчуваў шчасліва роднае сяброўскае цяпло. Брыль. // Шчыльна прыціснуцца, прыпасці да каго‑, чаго‑н. Адно толькі жаданне было ў Казіка: узлезці на печ, прытуліцца да яе акалелым целам. Чарнышэвіч. Прытуліўся [Мікола] лбом да шурпатай дошкі, прыжмурыў адно вока.. На срэбнай пласцінцы выціснута яго імя і прозвішча. Б. Стральцоў.
2. Знайсці сабе прытулак, прыстанішча. Калгасны жывёлавод Яшчын, у хаце якога жыве Паходня, дзе цяпер прытуліўся і я, расказваў мне неяк увечары, што толькі пры яго памяці Старыца знішчалася дашчэнту тройчы. Хадкевіч. // Прыладзіцца, прымасціцца дзе‑н. Хлопцы прытуліліся пад кустом, пакінулі на галаву плашч-палатку і пры ліхтарыку пачалі пісаць. Казлоў.
3. перан. Размясціцца дзе‑н. у зацішным месцы, пад аховай чаго‑н. Амаль у самым канцы вуліцы Карла Маркса прытулілася невялічкая хатка. С. Александровіч. [Аўтар] адразу ж зачароўвае чытача хараством роднай вёскі Пасынкі, што прытулілася над Ціхменню-ракой недзе ў Заходняй Беларусі. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)