ВЕНЕСУЭ́ЛА (Venezuela),

Рэспубліка Венесуэла (República de Venezuela), самая паўн. дзяржава ў Паўд. Амерыцы. На Пн абмываецца Карыбскім м. Мяжуе на З з Калумбіяй, на Пд з Бразіліяй, на У з Гаянай. Падзяляецца на 21 штат, 1 тэрыторыю, 1 федэральную (сталічную) акругу, 1 федэральнае ўладанне (72 дробныя астравы ў Карыбскім моры). Пл. 912 тыс. км², нас. 20,1 млн. чал. (1993). Сталіца — г. Каракас. Афіц. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (5 ліп.).

Дзяржаўны лад. Венесуэла — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1961. На чале дзяржавы і ўрада прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны Нац. кангрэс у складзе палаты дэпутатаў і сената. Выканаўчы орган — урад.

Прырода. Венесуэла размешчана паміж паўн. ланцугом Андаў і Гвіянскім пласкагор’ем. Берагі на У і З нізінныя, у цэнтр. ч. скалістыя. На ПнЗ высокія хрыбты Андаў: Сьера-дэ-Перыха (да 3540 м), Кардыльера-дэ-Мерыда (г. Балівар, 5007 м), якія абкружаюць тэктанічную ўпадзіну воз. Маракайба. На Пн уздоўж узбярэжжа цягнуцца Карыбскія Анды. Частку краіны паміж Андамі і Гвіянскім пласкагор’ем займае нізіна р. Арынока (Льянас-Арынока). Для Гвіянскага пласкагор’я характэрны выш. 300—500 м, асобныя астраўныя горы і хрыбты (на мяжы з Бразіліяй г. Ла-Небліна — 3014 м, на У г. Рарайма — 2772 м і інш.), сталовыя масівы. Нетры Венесуэлы багатыя нафтай і прыродным газам, жал. рудой, золатам, баксітамі, алмазамі, ёсць радовішчы вугалю, марганцавых і медных рудаў і інш. Клімат субэкватарыяльны гарачы, на ПдЗ экватарыяльны; дажджлівы сезон у крас. — верасні. Сярэднія месячныя т-ры 25—29 °C, у гарах халадней. Ападкаў 1000—2500 мм за год, ва ўпадзіне воз. Маракайба да 300 мм. Густая рачная сетка. Гал. рака — Арынока: правыя яе прытокі парожыстыя, з вадаспадамі, левыя раўнінныя. Схілы Андаў і Гвіянскага пласкагор’я ўкрыты пераважна лістападнымі лясамі. На крайнім Пд пастаянна вільготныя вечназялёныя лясы. Раўніны Арынока заняты саваннай — «льянас» (травяністыя абшары з невял. купкамі дрэў). Па ўзбярэжжы мангравыя зараснікі.

Насельніцтва. Каля 95% — венесуэльцы, народ, які ўтварыўся ад змяшання ісп. перасяленцаў з мясц. насельніцтвам — індзейцамі і неграмі-рабамі, прывезенымі з Афрыкі. У 19—20 ст. тут пасяліліся групы эмігрантаў, найб. з Паўд. Еўропы і з суседніх краін. Індзейцаў каля 200 тыс. чал., пераважна ў малаасвоеных раёнах на Пд, З, У. Паводле расавага складу метысаў 67%, белых 21%, чорных 10%, індзейцаў 2%. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 22 чал. на 1 км². Каля 80% яго жыве на Пн (ад дэльты р. Арынока да воз. Маракайба) на плошчы, якая займае 20% тэр. краіны. У гарадах жыве 92% насельніцтва (1993). Найб. гарады (тыс. ж., 1991): Каракас — 1824,9, Маракайба — 1207,5, Валенсія — 903,1, Баркісімета — 602,6, Сьюдад-Гуаяна — 542,7, Барселона — 455,3, Маракай — 354,4, Сьюдад-Балівар — 225,8, Сан-Крыстобаль — 220,7, Кумана — 212,5, Матурын — 207,4, Мерыда — 168,0.

Гісторыя. Тэр. Венесуэлы са стараж. часоў насялялі індзейскія плямёны аравакскай, карыбскай і інш. моўных сем’яў. Пасля адкрыцця Амерыкі ў 1498 Х.Калумбам іспанцы арганізоўвалі экспедыцыі для вывучэння новых зямель. Зямлю ў заліве Маракайба яны назвалі Венесуэлай — «маленькай Венецыяй». Падставай для такой назвы было тое, што свае жытлы індзейцы будавалі на пáлях. У 16 ст. іспанцы заваявалі і каланізавалі ўсю тэр. Венесуэлы. На створаных тут плантацыях цукр. трыснягу, бавоўніку, тытуню працавалі індзейцы і негры-рабы. Бязлітасная эксплуатацыя, імкненне ісп. улад затрымаць развіццё нац. эканомікі і культуры выклікалі незадаволенасць насельніцтва (паўстанні 1749, 1795, антыісп. змова 1797). Нар. паўстанне 1810 у Каракасе дало пачатак вайне за незалежнасць Венесуэлы. (гл. Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). У ліп. 1811 нац. кангрэс абвясціў 1-ю Венесуэльскую рэспубліку. Першая канстытуцыя, прынятая 21.12.1811, не прадугледжвала карэнных сац. змен на карысць шырокіх слаёў насельніцтва, таму рэспубліка страціла падтрымку насельніцтва і рэв. армія вымушана была капітуляваць (25.7.1812). Ісп. панаванне ў Венесуэле ліквідавана ў выніку доўгай вызв. вайны (разгром ісп. сіл у чэрв. 1821, канчатковы — у 1823). У 1819 Венесуэла і Новая Гранада ўтварылі рэспубліку Вялікая Калумбія. У 1830 Венесуэла аддзялілася ад яе і стала самаст. рэспублікай (першы прэзідэнт Х.​А.​Паэс). У перыяд праўлення т.зв. кансерватыўнай алігархіі (1830—48), з якой пазней вылучылася партыя унітарыстаў (буйныя землеўладальнікі, каталіцкае духавенства), аформілася ліберальная партыя, т.зв. федэралісты, падтрыманыя маладой гандл. буржуазіяй і часткай плантатараў-экспарцёраў. Праўленне лібералаў, якія правялі шэраг рэформ (адмена рабства ў 1854, прыняцце ліберальнай канстытуцыі і інш.), выклікала паўстанні кансерватараў. Іх вяртанне да ўлады (1858) стала прычынай грамадз. вайны (1859—63, скончылася перамогай лібералаў) і шматлікіх пераваротаў. У 1864—1953 краіна называлася Злучанымі Штатамі Венесуэлы. Чарговая стабілізацыя ў час праўлення ліберала А.​Гусмана Бланка (1870—89) паспрыяла значнаму эканам. і культ. развіццю краіны, пераважна за кошт замежнага капіталу. Адкрыццё ў Венесуэле радовішчаў нафты (1870-я г.) стала прычынай пагранічнага канфлікту ў 1895 з Брыт. Гаянай, у выніку якога да Вялікабрытаніі адышла значная ч. нафтаноснага раёна. Новы канфлікт узнік у 1902 у выніку заблакіравання партоў у Венесуэле Вялікабрытаніяй, Германіяй і Італіяй, якія дамагаліся вяртання доўгу (каля 20 млн. дол.). Пацвярджэнне ў 1904 міжнар. Гаагскім трыбуналам справядлівасці прэтэнзій гэтых трох дзяржаў узмацніла пазіцыі міжнар. капіталу ў Венесуэле. У выніку дзярж. перавароту 1908 усталявалася дыктатура Х.​В.​Гомеса (1909—35). У гэты перыяд у Венесуэле пачала расці роля амер. капіталу, інвеставанага пераважна ў нафтавую прам-сць.

У снеж. 1941 Венесуэла спыніла дыпламат. адносіны з дзяржавамі фаш. блоку, у лют. 1945 абвясціла вайну Германіі і Японіі. У кастр. 1945 у Венесуэле адбыўся дзярж. пераварот, які ўзначаліла партыя Дэмакр. дзеянне. У 1946 упершыню пасля 1881 адбыліся парламенцкія выбары. Новы ўрад Р.​Гальегаса (1947—48) павысіў падаткі на даходы замежных нафтавых кампаній, планаваў інш. прагрэс. мерапрыемствы. Пасля ваен. перавароту 1948 хунтай распушчаны Нац. кангрэс, адменены дэмакр. свабоды, анулявана канстытуцыя. Рэзкае ўзмацненне эканам. і паліт. залежнасці Венесуэлы ад ЗША, зніжэнне жыццёвага ўзроўню, рэпрэсіі выклікалі масавы пратэст насельніцтва. Пачатая 21.2.1958 у Каракасе ўсеагульная забастоўка перарасла ва ўзбр. паўстанне. Да ўлады прыйшла хунта на чале з В.​Ларасабалем, якая аднавіла дэмакр. свабоды, абвясціла амністыю паліт. вязням, легалізавала паліт. партыі. На прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах (снеж. 1958) перамагла партыя Дэмакр. дзеянне, яе лідэр Р.​Бетанкур стаў (лют. 1959) прэзідэнтам. 23.1.1961 прынята новая канстытуцыя, якая дзейнічае і цяпер. Але наступленне ўрада Бетанкура і наступнага прэзідэнта Р.​Леоні (1964—69) на дэмакр. сілы падарвала ўплыў партыі Дэмакр. дзеянне. На прэзідэнцкіх выбарах у снеж. 1968 перамог кандыдат Сацыял-хрысціянскай партыі Р.​Кальдэра Радрыгес, які паклаў пачатак правядзенню незалежнай эканам. палітыкі (нацыяналізацыя нафтавай і жалезаруднай прам-сці краіны, праграма сац. рэформ). З 1984 урады краіны зноў фарміравала партыя Дэмакр. дзеянне. У лют. і ліст. 1992 зроблены 2 спробы ваен. перавароту, якія выклікалі востры сац.-паліт. крызіс у краіне. 5.6.1993 Вярх. суд і сенат кангрэса Венесуэлы прынялі рашэнне аб адхіленні ад улады К.​А.​Перэса, выбранага прэзідэнтам у 1988. Прэзідэнтам краіны на перыяд да лют. 1994 быў выбраны Р.​Х.​Веласкес. З лют. 1994 прэзідэнтам краіны зноў стаў Кальдэра Радрыгес. Венесуэла — чл. ААН з 1945, чл. Руху недалучэння, Арг-цыі амер. дзяржаў і шэрагу інш. міжнар. арг-цый.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. У Венесуэле больш за 20 партый, з іх найбуйнейшыя Дэмакр. дзеянне, Сацыял-хрысц. партыя, Рух да сацыялізму і інш. Буйнейшыя прафс. аб’яднанні — Канфедэрацыя працоўных Венесуэлы, Канфедэрацыя незалежных прафсаюзаў Венесуэлы, Адзіны цэнтр працоўных Венесуэлы.

Гаспадарка. Венесуэла належыць да найб. развітых краін Лац. Амерыкі. Прам-сць да 35% валавога ўнутр. прадукту (ВУП), сельская гаспадарка — 6%. Працаздольнае насельніцтва занята ў абслуговых галінах (56%), прам-сці (28%), сельскай гаспадарцы (16%). Вядучае месца ў гасп. комплексе належыць нафтаздабыўной і нафтахім. прам-сці. Гэтыя галіны даюць 23% ВУП, 70% даходаў дзяржавы, 82% экспарту. Здабыча (млн. т, 1993): нафты 127,8, жал. руды 16,9, каменнага вугалю 3,9; золата 8033 кг. Здабываюць таксама баксіты, марганцавыя, нікелевыя, свінцова-цынкавыя руды, серабро, алмазы і інш. Асн. раёны здабычы нафты — упадзіна воз. Маракайба і паўн. ч. басейна р. Арынока. Там жа здабыча газу (мае ўнутр. значэнне). Перапрацоўка нафты ў гарадах Маракайба, Кабімас, Амуай, Пуэрта-ла-Крус, Пунта-Кардон, Каракас. Асн. цэнтры нафтахіміі — Маракайба, Валенсія, Пуэрта-Кабельё, Барселона; хім. прам-сці — Каракас, Маракайба, Сьюдад-Гуаяна. Выплаўка сталі 2,9 млн. т, алюмінію 600 тыс. т (1991). Металургічныя камбінаты ў Сьюдад-Гуаяне, Маракайба. Вытв-сць аўтамабіляў, трактароў, с.-г. машын, эл. і электроннай апаратуры ў Каракасе і Баркісімета. На р. Карані ГЭС Гуры і Макагуа, на долю якіх прыпадае ⅓ усіх энергет. магутнасцей краіны. Вытв-сць электраэнергіі 58,5 млн. кВт∙гадз (1992). Ёсць прадпрыемствы цэментнай (Маракайба, Баркісімета, Каракас), дрэваапр. (Маракайба, Пуэрта-Кабельё, Маракай), цэлюлозна-папяровай (Валенсія, Каракас, Сьюдад-Гуаяна), тэкст. (Мерыда, Сан-Крыстобаль, Баркісімета, Каракас, Барселона), гарбарна-абутковай (Каракас, Маракайба, Сан-Крыстобаль, Барселона, Валенсія), харч. і харчасмакавай, буд. матэрыялаў і інш. У сельскай гаспадарцы пануе буйное землеўладанне. Каля ¾ с.-г. плошчаў сканцэнтравана ў буйных уладальнікаў (больш за 500 га). С.-г. ўгоддзі займаюць 25% тэр. краіны, у т. л. ворыва 7%, лугі і паша 18%. Сельская гаспадарка не забяспечвае ўнутр. патрэб краіны. Асн. земляробчы раён на Пн і ПнЗ, жывёлагадоўчы — Льянас. Гал. культуры (тыс. т, 1993): кукуруза 700, рыс 645, цукр. трыснёг 6900, сорга 250, бульба 215, какава 382, бананы 1215, памідоры 200, кава, бабовыя, арахіс. Садоўніцтва (у т. л. каля 200 тыс. т апельсінаў штогод). З тэхн. культур вырошчваюць бавоўнік і сізаль. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 14,7, свіней 2,1, коз 1,65, авечак 0,5. Вытв-сць (тыс. т, 1993): ялавічыны 377, свініны 110, мяса птушкі 480. Марское і рачное рыбалоўства. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 77,8 тыс. км, у т. л. 22,8 тыс. км з цвёрдым пакрыццём і 24,7 тыс. км гравійных. Гал. аўтамагістралі: Каракас—Сьюдад-Балівар, Каракас — мяжа з Калумбіяй. Чыгунак 542 км. Суднаходства па р. Арынока і яе прытоках (12 тыс. км). Уздоўж узбярэжжа кабатажныя перавозкі. Больш за 100 марскіх і рачных портаў. Гал. парты па экспарце нафты і нафтапрадуктаў: Маракайба (грузаабарот больш за 70 млн. т штогод), Амуай (40 млн. т), Кабімас, Пуэрта-ла-Крус, Пунта-Кардон, па экспарце жал. руды — Сьюдад-Балівар (рачны порт даступны для марскіх суднаў). Гал. порт краіны па імпарце і экспарце ненафтавых тавараў — Ла-Гуайра (аванпорт Каракаса). Развіты паветр. транспарт (360 аэрапортаў і аэрадромаў). Даўж. нафтаправодаў 6370 км, газаправодаў 4010 км, нафтапрадуктаправодаў 480 км. Экспарт: нафта і нафтапрадукты, жал. руда, пракат, золата, баксіты і алюміній, бананы. Імпарт: харч. тавары, хімікаты, тавары лёгкай прам-сці, машыны і трансп. сродкі. Гал. гандл. партнёры: ЗША, краіны Зах. Еўропы, Японія. Беларусь у 1992—93 экспартавала ў Венесуэлу калійныя ўгнаенні, матацыклы, веласіпеды. Грашовая адзінка — балівар.

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Венесуэлы ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, абавязковую 9-гадовую школу (7—15 гадоў), агульнаадук. сярэднія і сярэднія спец. школы, ВНУ. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты (дзярж. і прыватныя), ін-ты і каледжы вышэйшага тыпу. Буйнейшыя ун-ты: Цэнтральны ун-т (з 1725) і каталіцкі ун-т «Андрэс Бельё» ў Каракасе, Андскі ун-т у Мерыдзе (з 1785), ун-т у Валенсіі (з 1852). Буйнейшыя б-кі: Нац. б-ка ў Каракасе (з 1833), б-ка Цэнтральнага ун-та. Музеі: Нац. пантэон, Балівара, прыгожых мастацтваў, прыродазнаўча-гіст. (усе ў Каракасе). Навук. даследаванні вядуцца ў галіновых акадэміях, ун-тах, н.-д. цэнтрах і ін-тах, навук. т-вах.

Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты: «El Universal» («Усеагульная», з 1909), «Últimas Notícias» («Апошнія паведамленні», з 1941), «El Nacional» («Нацыянальная», з 1943), «El Mundo» («Свет», з 1958). Дзейнічаюць дзярж. і прыватнае інфарм. агенцтва ІНАКК. Радыёвяшчанне з 1930. Буйнейшыя радыёстанцыі: «Радыё Насьёналь», «Радыё Каракас», «Радыё румбас», «Радыё кантынентэ». Тэлебачанне з 1952.

Літаратура. Развіваецца пераважна на ісп. мове. Літ. помнікі дакалумбавай эпохі не захаваліся. У калан. перыяд пераважалі наследаванні ісп. узорам, гіст. хронікі, у паэзіі — гангарызм (культ «чыстай формы», мудрагелістая метафарычнасць, ускладненасць сінтаксісу і вобразнасці). Абуджэнне нац. свядомасці крэолаў у 18 ст. прадвызначыла станаўленне ўласна венесуэльскай л-ры. На ідэалы асветы і незалежнасць арыентаваліся першыя паэты і драматургі, нац.-патрыят. публіцыстыка Ф.​Міранды і С.​Балівара. Неакласіцысты, якія аб’ядналіся вакол літ. час. «La Oliva» («Аліва», 1836—46), вызначалі творчую атмасферу амаль да сярэдзіны 19 ст. Іх буйнейшы прадстаўнік — А.​Бельё («Зварот да паэзіі», 1823, з няскончанай паэмы «Амерыка» — маніфест маладой л-ры; «Ода землеўладанню ў тропіках», 1826). У 1830—80-я г. ў л-ры панаваў рамантызм. Ён увабраў у сябе маст. і паліт. арыенціры краіны, якая сцвярджала сваю незалежнасць. Патрыят. і грамадз. матывы ўласцівыя паэзіі Р.​М.​Баральта (элегічная паэма «Развітанне з Айчынай», 1844), прозе Ф.​Тора (раман «Пакутнікі», 1842) і Х.​В.​Гансалеса (паэма ў прозе «Месеніяны», каля 1852). Пільная ўвага да мясц. каларыту рамантыкаў Х.​А.​Майтына, А.​Ласана, Х.​Р.​Эпеса стала зыходнай і цэнтральнай пасылкай для кастумбрыстаў (бытапісальнікаў) Д.​Мендосы, Ф. дэ Салеса Перэсы, Н.​Болета Перасы. У канцы 19 ст. з’явіліся творы, у якіх спалучаліся натуралістычныя і рэалістычныя тэндэнцыі: раманы «Пеонія» (1890) М.​В.​Рамера Гарсіі, «Страсці» (1895) Х.​Хіля Фартуля. Значнай з’явай у л-ры Венесуэлы на мяжы 19—20 ст. быў мадэрнізм. Адчувальны ў творчасці рамантыка і парнасца Х.​А.​Перэса Банальдэ (зб. вершаў «Строфы», 1877; паэма «Флор», 1883), ён у поўнай ступені сцвердзіў сябе ў паэзіі М.​Санчэса Пескеры і К.​Борхеса, у раманах — М.​Дыяса Радрыгеса, Л.​М.​Урбанехі Ачэльполя. З 1920-х г. у творчасці Урбанехі, Ачэльполя, Р.​Бланка Фамбоны (пачынаў як мадэрніст) і інш. эстэтаў намеціўся паварот да рэалізму. У наступныя гады праз паэзію постмадэрнізму (Л.​Э.​Мармаль, А.​Э.​Бланка) і прагрэсіруючы рэалізм адкрыліся новыя перспектывы асэнсавання нац. вытокаў, сац.-паліт. рэчаіснасці. Праблему «варварства і цывілізацыя» ўзнялі раманы Р.Гальегаса «Павітуха» (1925) і «Донья Барбара» (1929), крытычнае бачанне свету нажывы і дыктатуры адбілася ў кнігах Х.​Р.​Пакатэры, М.​Пікона Саласа, Р.​Дыяса Санчэса. Актуальная праблематыка, пошукі нетрадыцыйных мастацкіх рашэнняў уласцівыя творчасці А.Услара П’етры, М.Атэра Сільвы, С.​Гармендыі, Х.​В.​Абрэу, Э.​Субэра, Э.​Каламбані.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У дакаланіяльны перыяд на тэр. Венесуэлы развівалася культура індзейскіх плямён. Сярод стараж. помнікаў наскальныя размалёўкі, пахавальныя урны, статуэткі, каменныя блокі з выявамі ягуараў, кракадзілаў, сімвалаў Сонца і Месяца, размаляваная і фігурная кераміка, амулеты. Творы манум. архітэктуры індзейцаў не захаваліся. Першыя гарады, заснаваныя іспанцамі ў 16 ст., мелі прамавугольную сетку кварталаў. У калан. перыяд узводзіліся аднатыпныя збудаванні (умацаванні, храмы і жылыя дамы) з дэкар. ўпрыгожаннямі. Архітэктура вызначалася прастатой: сабор (1664—74), «Дом з жалезнымі рашоткамі» ў г. Кора, дом С.​Балівара (канец 18 ст.) у Каракасе. Пасля абвяшчэння Венесуэлы незалежнай рэспублікай (1830) і асабліва ў канцы 19 ст. буд-ва пашырылася пераважна ў Каракасе (грамадскія будынкі, шматкватэрныя дамы ў неакласічным ці неагатычным стылях. У канцы 19 — 1-й пал. 20 ст. архітэктура паслядоўна змянялася ад неакласіцызму (Нац. капітолій у Каракасе, 1872—75, арх. Л.​Урданета), неагатычнага, маўрытанскага і «каланіяльнага» стыляў да функцыяналізму (пабудовы арх. К.​Р.​Вільянуэвы 1930-х г.). З сярэдзіны 20 ст. яна характарызуецца ансамблевасцю, комплекснай забудовай жылых раёнаў, навізной арх. форм і жалезабетонных канструкцый, сінтэзам мастацтваў (арх. Вільянуэва, С.​Дамінгес, Г.​Бермудэс, Х.​М.​Галія і інш.).

Выяўленчае мастацтва калан. перыяду адметнае партрэтным жывапісам канца 18 — пач. 19 ст. (Х.​Лавера). З 1830-х г. цэнтральнай у творчасці мастакоў стала тэма вольнай радзімы, развіваюцца гіст. жывапіс (М.​Тавар-і-Тавар, А.​Мічэлена) і скульптура (М.​Гансалес, Э.​Паласіяс-і-Кавельё) патрыят. зместу; К.​Рохас ствараў жанравыя карціны. На пач. і ў сярэдзіне 19 ст. пашыраны кастумбрызм, ілюстраванне навук. прац (К.​Фернандэс, А.​Х.​Каранса). З пач. 20 ст. стаў пашырацца гіст. жанр (Ц.​Салас); у традыцыях франц. імпрэсіяністаў і П.​Сезана працавалі пейзажысты Ф.​Брант, Р.​Манастэрыяс, А.​Рэверон і інш.; творы на тэмы нар. побыту стваралі жывапісец Э.​Палеа, графік П.​А.​Гансалес, скульптар Ф.​Нарваэс. Значнае месца ў мастацтве Венесуэлы займаюць мастакі-мадэрністы, якія звяртаюцца да ўмоўна-дэкар. жывапісу, абстрактнага мастацтва, поп-арту.

Музыка. Ва ўнутр. абласцях Венесуэлы захавалася стараж. муз. культура індзейцаў, у т. л. рытуальныя танцы марэ-марэ, тура, себукан. На ўзбярэжжы пашырана афра-амер. музыка (танцы бамба, мерэнге, сангеа і інш.). Пераважае крэольская музыка, гал. месца ў якой займае харопа (аб’ядноўвае танцы, спевы, інстр. п’есы, спаборніцтвы спевакоў-імправізатараў). Асн. крэольскія інструменты — куатра (шчыпковы), гітара, арфа, ударны марака. Праф. муз. творчасць (з 18 ст.) звязана пераважна з культавай музыкай (сярод майстроў Х.​М.​Аліварэс, Х.​Ф.​Веласкес, Х.​А.​Кара дэ Баэсі). У развіццё музыкі 19 ст. значны ўклад зрабілі Ф.​Ларасабаль, Ф.​Вільёна, Т.​Карэньё, Х.​А.​Мантэра, аўтар першай нац. оперы «Вірхінія» (1873). Заснавальнік нац. кампазітарскай школы В.​Э.​Соха (арганізатар Нац. сімф. аркестра Венесуэлы, 1930). Сярод кампазітараў 20 ст. Х.​Б.​Пласа Альфонса, Х.​В.​Лекуна, Х.​А.​Кальканьё, К.​Фігерэда, А.​Саусе, Э.​Кастэльянас, А.​Лаура; у кірунку авангардызму (дадэкафонія, алеаторыка, электронная музыка, аўдыёвізуальныя сродкі) працуюць А.​Эставес, Р.​Эрнандэс Лопес, Х.​А.​Абрэу, Х.​Л.​Муньёс, А.​Х.​Ачоа, А. дэль Манака, Я.​Іаанідыс. Цэнтр муз. культуры Венесуэлы — г. Каракас.

Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва мелі драматызаваныя танцы і рытуальныя цырымоніі індзейскіх плямён Венесуэлы. Тэатры тут узніклі ў сярэдзіне 18 ст.: «Ла роса» ў Ла-Гуайры і «Калісеа» ў Каракасе (з пастаяннай трупай), дзе ставіліся п’есы нац. і еўрап. драматургаў. У 20 ст. актывізацыя тэатр. жыцця звязана са з’яўленнем жанру муз. камедыі (сайнетэ), з дзейнасцю асацыяцыі венесуэльскіх пісьменнікаў (канец 1930-х г.) і Т-ва сяброў т-ра на чале з А.​Сертадам (1940—50-я г.). У 1954 засн. Нац. школа сцэн. мастацтва. У 1960-я г. тэатр. мастацтва не адыгрывала значнай ролі ў культ. жыцці краіны, гал. ўвага аддавалася развіццю радыёвяшчання і тэлебачання, дзе выступалі пераважна замежныя гастралёры. Сярод т-раў Каракаса: «Тэатра мунісіпаль», «Тэатра насьёналь», «Паліэдра», «Атэнеа», Тэатр камедыі. У ліку драматургаў і тэатр. дзеячаў: І.​Грамка, Р.​Пінеда, А. дэ Пас-і-Матэас, К.​Ортыс, А.​Лопес, М.​Гарсія, К.​Пальма, К.​Маркес.

Кіно. Першы фільм зняты ў Венесуэле ў 1909 — кароткаметражная стужка «Карнавал у Каракасе». У 1920—30-я г. актыўна працавалі рэж. А.​Кардэра і Э.​Ансола. Першы гукавы фільм зняты ў 1937. Да канца 1940-х г. выйшлі некалькі дакумент. і хранікальных фільмаў, а таксама мастацкі — «Бабулін медальён» (рэж. Г.​Відаль). У 1948—54 у Каракасе працавала кінастудыя «Балівар-фільм». Сюжэты фільмаў былі звязаны з гіст. падзеямі ў краіне, з жыццём і дзейнасцю нац. героя 19 ст. С.​Балівара. Міжнар. вядомасць атрымаў дакумент. фільм «Арая» (1958, рэж. М.​Бенасераф). У 1966 засн. Нац. сінематэка, у 1969 — Нац. асацыяцыя кінадзеячаў Венесуэлы, у 1972 — школа-студыя «Атэнеа». Здымаюцца маст., дакумент., хранік. і рэкламныя фільмы. Сярод вядучых рэжысёраў: К. дэ ла Серда, М.​Адрэман, Д.​Арапеса, М.​Валерстэйн, М.​Карбанель, Л.​А.​Рочэ, М. дэ Педра, Р.​Чальбаўд.

Літ.:

Венесуэла: Экономика, политика, культура. М., 1967;

Художественное своеобразие литератур Латинской Америки. М., 1976;

Приглашение к диалогу. М., 1986.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, гаспадарка), І.​Л.​Лапін (літаратура).

Герб і сцяг Венесуэлы.
Да арт. Венесуэла. М.​Тавар-і-Тавар. Партрэт А.​Гусмана Бланка.
Да арт. Венесуэла. Падвеска з выявай бажаства ў выглядзе алігатара.
Да арт. Венесуэла. Размаляваная жаночая постаць. Кераміка. 500. Эль-Такуё (штат Лара).
Да арт. Венесуэла. У цэнтры Каракаса.
Да арт. Венесуэла. У гарах Кардыльера-дэ-Мерыда.

т. 4, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРУ́ (Perú),

Рэспубліка Перу (República del Perú), дзяржава ў зах. частцы Паўд. Амерыкі. На Пн мяжуе з Эквадорам і Калумбіяй, на У — з Бразіліяй, на ПдУ — з Балівіяй, на Пд — з Чылі. На З абмываецца Ціхім ак. Пл. 1284 тыс. км². Нас. 27 млн. чал. (2000). Дзярж. мовы кечуа і іспанская. Сталіца — г. Ліма. Краіна падзяляецца на 24 дэпартаменты і правінцыю Кальяо. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 ліп.).

Дзяржаўны лад. П. — прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы — прэзідэнт, які выбіраецца прамым тайным галасаваннем на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Кангрэсу Рэспублікі, які выбіраецца паводле сістэмы прапарцыянальнага прадстаўніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і ўрад на чале са старшынёй Савета міністраў.

Прырода. Паводле рэльефу тэр. П. падзяляецца на 3 часткі (Коста, Сьера, Сельва): пустынная паласа берагавых раўнін на З (шыр. да 180 км); у цэнтры магутная сістэма Перуанскіх Андаў з участкамі плато і пласкагор’яў, з вяршыняй Уаскаран (6768 м), патухлымі і дзеючымі вулканамі; на ПнУ і У зах. ч.

Амазонскай нізіны. Бываюць моцныя землетрасенні і вывяржэнні вулканаў. Змена халоднага Перуанскага (або Гумбальта) цячэння на цёплае Эль-Ніньё перыядычна (прыкладна раз у 7—10 гадоў) выклікае значныя экалагічныя і эканам. катастрофы. Карысныя выкапні: нафта, руды цынку, свінцу, серабра, кадмію, ртуці, малібдэну, вісмуту, селену, германію, жалеза і інш. На прыбярэжных астравах паклады гуана. Клімат берагавых раўнін і зах. схілаў Андаў трапічны, пустынны, амаль без ападкаў. Сярэднямесячныя т-ры 17—25 °C на Пн і 15—24 °C на Пд. Клімат горнай ч. краіны высакагорна-трапічны, больш вільготны на Пн (ападкаў да 1000 мм) і кантынентальны на Пд (ападкаў 700—800 мм за год). Сярэднія т-ры паветра ў міжгорных далінах у ліп. 5—12 °C, у студз. 9—16 °C з рэзкімі сутачнымі ваганнямі. У высакагор’і клімат больш халодны, на вяршынях (вышэй за 4—5 тыс. м) — вечныя снягі. На ўсх. схілах Андаў і ў нізінах клімат вільготны экватарыяльны (ападкаў да 3000 мм за год). Сярэднямесячныя т-ры 24—27 °C. Большая ч. рэк належыць бас. Амазонкі (Амазонка, Мараньён, Укаялі і інш.). У Ціхі ак. упадаюць кароткія малаводныя рэкі. На ПдУ ч. высакагорнага воз. Тытыкака. Расліннасць берагавых раўнін і зах. схілаў Андаў пустынная і паўпустынная (рэдкія хмызнякі і кактусы), на ўнутр. пласкагор’ях і плато — высакагорны трапічны стэп (халка) і паўпустыня (пуна). Усх. схілы Андаў і раўніны на У укрыты вільготнымі вечназялёнымі лясамі з каштоўнымі пародамі дрэў (каўчуканосы, хіннае дрэва, кока і інш.). Пад лесам і хмызнякамі 66% тэрыторыі. Жывёльны свет берагавых раўнін збеднены; на міжгорных плато — ламы (гуанака, вікунья), шмат птушак; на ўсх. раўнінах — малпы, ляніўцы, мурашкаеды, тапіры, пекары, пумы і ягуары, птушкі, паўзуны. Ціхі ак. каля берагоў П. вельмі багаты біял. рэсурсамі. У краіне 2 нац. паркі — Уаскаран (3,4 тыс. км²) і Ману (15,1 тыс. км²), уключаныя ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны, 16 рэзерватаў.

Насельніцтва. Каля 60% перуанцы, народ мяшанага іспана-індзейскага паходжання, складаюць большасць у прыбярэжных раёнах. У горных раёнах жывуць індзейцы (каля 35% нас.), на Пн і ў цэнтры — кечуа, на Пд каля воз. Тытыкака — аймара. Ёсць групы імігрантаў (японцы, кітайцы, іспанцы і інш.). У антрапалагічных адносінах мангалоідаў (індзейцы, асобныя групы перуанцаў і інш.) 45%, метысаў 37%, еўрапеоідаў 15%. Сярод вернікаў католікі (93%) і пратэстанты (5%). Натуральны прырост каля 2% за год. Сярэдняя шчыльн. 21 чал. на 1 км², у арашальных раёнах на ўзбярэжжы і ў міжгорных далінах перавышае 100 чал. на 1 км², у трапічных лясах памяншаецца да 1—5 чал. на 1 км². У горных раёнах жыве 52% нас., на ўзбярэжжы — 39%, на ўсх. раўнінах — 9%. У гарадах пражывае 71% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1999): Ліма (з прыгарадамі) — 6742,6, Арэкіпа —981,3, Кальяо — 648,2, Трухільё — 532, Чыклаё — 420, П’юра — 315. У сельскай і лясной гаспадарцы і рыбалоўстве занята 36% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 18%, у сферы паслуг — 46%.

Гісторыя. Тэр. П. заселена індзейцамі каля 20 тыс. г. назад. У 5-м тыс. да н.э. на ўзбярэжжы П. з’явіліся ачагі земляробства, пачалося прыручэнне ламы. У 2-м тыс. да н.э. ў паўн. П. ўзнікла першая вядомая мясц. цывілізацыя — чавін, якая дасягнула росквіту каля 900 да н.э. У 1-м тыс. н.э. развітыя культуры стварылі індзейцы мачыка, тыаўанака і інш. Да 13—15 ст. адносіцца росквіт дзяржавы Чыму на Пн П. з цэнтрам у г. Чан-Чан. Каля 1200 інкі на Пд П. стварылі дзяржаву Таўантынсую. У момант свайго росквіту (16 ст.) яна ўключала разам з тэр. П. сучасныя тэр. Эквадора, Балівіі, Аргенціны, Чылі з насельніцтвам ад 8 да 15 млн. чал. У 1532—36 П. заваявалі ісп. канкістадоры на чале з Ф.Пісара. У час ісп. панавання тэр. П. ўваходзіла ў склад віцэ-каралеўства П. Найб. антыісп. паўстанне індзейцаў на чале з Тупакам Амару адбылося ў 1780—81. У 1809 пачалася вайна за незалежнасць П. 28.7.1821 абвешчана незалежнасць П. у 1827 прынята першая канстытуцыя, якая абвясціла краіну рэспублікай. У выніку вайны з Чылі ў 1879—84 П. страціла багатую салетрай прав. Тарапака. Знясіленае вайной П. трапіла ў фін. залежнасць ад замежных дзяржаў, найперш ад ЗША. Становішча ў краіне значна пагоршылася ў час прэзідэнцтва А.​Б.​Легія-і-Сальседа (1919—30), які ўсталяваў сваю дыктатуру. У 1924 В.​Р.​Ая дэ ла Торэ заснаваў у выгнанні Амер. нар.-рэв. альянс (АПРА), на базе якога ўзнік папулісцкі нацыяналіст. рух — апрызм, што адлюстроўваў інтарэсы сярэдніх слаёў насельніцтва. У вер. 1930 створана Перуанская апрысцкая партыя (ПАП), якая выступала за нацыяналізацыю буйной прам-сці і роўныя правы для ўсіх грамадзян, у т. л. для індзейцаў. Пасля таго, як ПАП стала на шлях паліт. тэрору, яна была забаронена, але і ў падполлі захавала значны ўплыў у грамадстве ў 1930—40-я г. Урад Ф.​Белаундэ Тэры, які прыйшоў да ўлады ў 1963, спрабаваў ажыццявіць дэмакр. рэформы, але вымушаны быў капітуляваць перад замежнымі манаполіямі і мясц. алігархіяй. Гэта выклікала патрыят. ўздым у грамадстве, у т. л. ў арміі. У кастр. 1969 армія скінула Белаундэ Тэры, новы рэв. ўрад узначаліў ген. Х.​Веласка Альварада. Былі нацыяналізаваны некат. прадпрыемствы, якія належалі манаполіям ЗША, прыняты закон пра аграрную рэформу. Але наступны ўрад ген. Ф.​Маралеса Бермудэса (з 1975) зрабіў шэраг уступак замежнаму і мясц. капіталу і пачаў дэнацыяналізацыю.

У 1979 ваенныя перадалі ўладу цывільным дзеячам. Пры прэзідэнце Белаундэ Тэры (1980—85) працягваўся адыход ад рэформ. На прэзідэнцкіх выбарах 1985 перамог кандыдат ПАП А.​Гарсія Перэс, які намагаўся ажыццявіць праграму сац.-эканам. пераўтварэнняў, але не здолеў спыніць крызісныя з’явы — інфляцыю, беспрацоўе. Вял. праблемай стаў масавы тэрор левых экстрэмісцкіх арг-цый. У 1990 прэзідэнтам абраны незалежны кандыдат А.​Фухіморы, зноў перавыбраны ў 1995 і, у парушэнне канстытуцыі, у маі 2000. Пры ім была ажыццёўлена праграма стабілізацыі эканомікі П., значна зменшана інфляцыя, дасягнуты вял. поспехі ў барацьбе з левым экстрэмізмам. У ліст. 2000 Фухіморы, з-за абвінавачванняў яго акружэння ў сувязях з наркамафіяй, быў вымушаны адмовіцца ад прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1997.

Гаспадарка. П. — індустр.-агр. краіна. Уваходзіць у групу краін, якія развіваюцца. Сярэднеразвітая краіна Лацінскай Амерыкі. У 1990-я г. праводзіліся рэформы, у т. л. аграрныя, што садзейнічала павелічэнню замежных інвестыцый і зніжэнню інфляцыі. У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 111,8 млрд. дол., каля 4300 дол. на чалавека. 7% ВУП атрымліваюць у сельскай гаспадарцы. 37% — у прам-сці, 56% — у сферы паслуг. З галін прамысловасці найб. развіта горназдабыўная (дае каля 45% кошту экспарту). Асн. раёны здабычы — цэнтр. і паўд.-зах. ч. Андаў, буйн. радовішчы каляровых металаў Сера-дэ-Паска і Ароя. Здабыча (тыс. т, 1997): серабра 2,1, свінцу 257, цынку 865, медзі 503, волава 28, малібдэну 5, вальфраму 1,4, вісмуту 0,7, жал. руды 5000, нафты 9500; золата здабыта 65 т. Для сельскай гаспадаркі распрацоўваюцца паклады гуана. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці — харчасмакавая (цукр., мукамольная, рыбная, тытунёвая), тэкст., швейная, рыбаперапрацоўчая, металургічная, хім., цэментная, электратэхн., аўтазборачная, суднабудаўнічая. Гал. цэнтр машынабудавання і чорнай металургіі — Арэкіпа, каляровай металургіі — Іла і Ароя, нафтаперапрацоўкі — Талара. Каля пал. прадукцыі апрацоўчай прам-сці даюць Ліма, Арэкіпа і Трухільё. Рыбаперапрацоўчая галіна (штогадовы ўлоў 10—11 млн. т, каля 90% анчоўсы) займае адно з першых месцаў у свеце па вытв-сці рыбнай мукі і рыбнага тлушчу (каля 130 заводаў, асн. цэнтр Чымботэ). Вытв-сць электраэнергіі 16,2 млрд. кВт∙гадз (1996), 81% даюць ГЭС. У лясах на У нарыхтоўка каштоўнай драўніны і каўчуку. Развіты саматужныя промыслы і рамёствы (асабліва ў індзейцаў). У сельскай гаспадарцы апрацоўваецца каля 4 млн. га тэр., у т. л. арашаецца 1,3 млн. га; пад пашай і лугамі каля 27 млн. га. Захоўваецца значная агр. перанаселенасць. Каля 60% аб’ёму с.-г. вытв-сці прыпадае на дробных і сярэдніх вытворцаў, каля 40% — на латыфундыі і буйныя агр. комплексы. Раслінаводства дае 70% валавой прадукцыі галіны. Гал. экспартныя культуры (тыс. т, 1997): кава — 103, цукр. трыснёг — 6099, бавоўна (пераважна доўгавалакністая) — 202, какава, чай. Важнейшыя харч. культуры (тыс. τ): пшаніца — 121, кукуруза — 704, рыс — 1080, бульба — 1960, батат, маніёк, ячмень. Вырошчваюць арахіс і тытунь, развіты агародніцтва, бахчаводства, вінаградарства, садоўніцтва. П. — адзін з гал. незаконных вытворцаў какаіну. Жывёлагадоўля мяса-воўнавага кірунку, спецыялізуецца на развядзенні (млн. галоў, 1997): авечак — 13,1, буйн. раг. жывёлы — 4,6, свіней — 2,5, коз — 21. Гадуюць таксама лам і альпак, коней, мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—80,1 млн. курэй). Земляробства развіта на ўзбярэжжы і ў міжгорных далінах, жывёлагадоўля — у гарах і на ўчастках высакагорных плато. Транспарт аўтамаб. (60% перавозкі грузаў і 90% пасажыраў унутры краіны), чыг., марскі, унутр. водны. Даўж. аўтадарог 72,1 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 7,4 тыс. км; чыгунак 2 тыс. км, унутр. водных шляхоў (бас. Амазонкі і воз. Тытыкака) — 8,6 тыс. км; нафтаправодаў — 0,8 тыс. км. У краіне 500 тыс. легкавых і 275 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1998). Асн. аўтамагістралі — Панамерыканская шаша на ўзбярэжжы ад граніцы з Эквадорам да граніцы з Чылі, Трансандыйская шаша Ліма — Пукальпа. Адзіная чыг. сетка адсутнічае. Знешнія сувязі пераважна марскім флотам. Гал. марскія парты: Кальяо, Чымботэ, Іла, Пайта, Мальенда; рачны порт Ікітас. Развіты авіяц. транспарт. У краіне 244 аэрапорты. У 1997 экспарт склаў 6,8 млрд. дол., імпарт — 10,3 млрд. дол. П. экспартуе медзь, цынк, рыбную муку і інш. рыбапрадукты, нафту і нафтапрадукты, свінец, каву, бавоўну, цукар; імпартуе машыны, трансп. сродкі, харч. прадукты, спажывецкія тавары, чыгун і сталь, хімікаты. Гал. гандл. партнёры: ЗША (20% экспарту, 31% імпарту), Вялікабрытанія, Японія, Кітай, Германія, Калумбія, Чылі, Венесуэла. Знешні доўг 25,7 млрд. дол. (1996). Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад развітых краін і міжнар. арг-цый. Дадатковая крыніца даходаў — міжнар. турызм (у 1998 прынёс 878 млн. дол., наведала 0,9 млн. замежных турыстаў). Грашовая адзінка — соль (новы соль з 1991).

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (125 тыс. чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (78 тыс. чал.), у т. л. 77 тыс. у нац. паліцыі (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 85 тыс. чал., больш за 400 танкаў, каля 300 бронетранспарцёраў і інш. У ВПС 15 тыс. чал., больш за 100 баявых самалётаў, 23 баявыя верталёты. У ВМС 25 тыс. чал., у т. л. 3 тыс. ў марской пяхоце, 8 падводных лодак, 10 баявых караблёў, у т. л. 2 крэйсеры, 4 фрэгаты; у марской авіяцыі 7 баявых самалётаў і 13 баявых верталётаў.

Ахова здароўя. Медыцынская дапамога пераважна платная (установы сац. страхавання, прыватная ўрачэбная практыка). Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 68, жанчын 72 гады (1999). Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс. чал. Смяротнасць — 5,7 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 2%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 509 чал., урачамі — 1 на 1116 чал. Дзіцячая смяротнасць — 39 на 1 тыс. нованароджаных (1999).

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у П. больш за 600 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «El Peniano» («Перуанец», з 1825), «El Comercio» («Гандаль», з 1839), «Expreso» («Экспрэс», з 1961), «Ojo» («Оха», з 1968), «República» («Рэспубліка», з 1982). Нац. інфарм. агенцтва — Ахенсія дэ Натысіяс Андына (з 1981). Працуюць Дзярж. служба радыёвяшчання і тэлебачання П. (з 1974), урадавая служба «Радыё насьёналь дэль Перу» (з 1937). Дзейнічаюць 293 радыёстанцыі. Тэлебачанне з 1958. Трансліруюцца 6 каналаў (2 урадавыя, вядуць перадачы па пытаннях культуры і асветы).

Літаратура. Развіваецца пераважна на ісп. мове, а таксама на мовах кечуа і аймара. Помнікі дакалан. перыяду — лірычныя песні, рэліг. гімны, міфалагічныя паданні, нар. драма «Апу-Альянтай» (на кечуа, апубл. 1853). Калан. перыяд (16 — пач. 19 ст.) адзначаны гіст. хронікамі Ф.​Г.​Помы дэ Аялы, Інка Гарсіласа дэ ла Вегі, геагр. і этнагр. апісаннямі. Пад уплывам ісп. л-ры, стыляў барока і класіцызму ствараліся рэліг,філас. лірыка Д. дэ Ахеды, асветніцкая і сатыр. паэзія і проза П. дэ Перальты Барнуэва, Х. дэль Валье Каўедэса. Нац.-вызв. барацьба і атрыманне незалежнасці (1821) спрыялі ўсталяванню ў л-ры рамантызму: паэзія М.​Мельгара, К.​А.​Салаверы, паліт. проза Ф.​Касаса Флорэса, гіст. раманы Х.​А.​Лавалье. На мяжы 19—20 ст. вызначальнымі сталі «Перуанскія паданні» Р.​Пальмы (т. 1—12, 1872—1915), індыхенісцкі раман «Птушкі без гнязда» К.​Мата дэ Турнер (1889), рэаліст. паэзія і публіцыстыка М.​Гансалеса Прады. У пач. 20 ст. моўнае і канцэптуальнае абнаўленне паэзіі звязана з узнікненнем мадэрнісцкіх (Х.​С.​Чакана), постмадэрнісцкіх (А.​Вальдэламар), сімвалісцкіх (Х.​М.​Эгурэн), авангардысцкіх (Х.​Пара дэль Рыега, А.​Ідальга) плыней. Асобнае месца ў развіцці грамадскай і літ. думкі П. займае творчасць Х.​К.​Марыятэгі, паэта і празаіка С.Вальеха, стваральніка рамана пра індзейцаў-шахцёраў «Валіфрам» (1931). У 2-й пал. 20 ст. ўзмацнілася тэндэнцыя да пераемнасці і абнаўлення ў эксперыментальнай (Х.​Абрыль, Э.​А.​Вестфален) і грамадзянскай (А.​Рамуальда, Х.​Г.​Росе) паэзіі. З сац.-крытычнымі раманамі выступілі пісьменнікі-індыхеністы С.​Алегрыя, Х.М.Аргедас, М.​Скорса, крытычны пачатак пераважае ў прозе Х.​Р.​Рыбейра, паэзіі С.​Саласара Бондзі.

Наватарствам вызначаюцца паэзія М.​Адана, проза Э.​Конграйнса Марціна, М.Варгаса Льёсы, для якіх характэрны сац. крытыцызм і псіхал. глыбіня.

Архітэктура. З пач. н.э. на ўзбярэжжы Ціхага акіяна складаліся культуры раннекласавага грамадства (Наска, Мачыка, Чыму), з сярэдзіны 15 ст. — культура інкаў. З 1530-х г. развівалася культура ісп. каланізатараў. Стараж. гарады П. мелі прамавугольныя кварталы, вузкія вуліцы, крэпасці, некропалі, храмы, амфітэатры, «абсерваторыі», пахавальныя вежы, ступеньчатыя піраміды, штучныя пячоры і інш. На ўзбярэжжы пераважалі пабудовы з сырцовай цэглы з рэльефным аздабленнем звонку і размалёўкамі ўнутры, у гарах — з масіўных каменных блокаў (Мачу-Пікчу, Саксаўаман). Гарады 16 ст. з прамавугольнай сеткай вуліц, дамы мелі дворыкі-патыо, касцёлы — цагляныя гатычныя скляпенні, саборы ў стылі позняй ісп. готыкі (Куска, Ліма). У 17—18 ст. ў росквіце перуанскі варыянт барока — пабудовы простыя ў плане, з развітым арх. дэкорам (кляштар Сан-Франсіска ў Ліме). На ўзбярэжжы (Ліма, Трухільё) будынкі атынкоўвалі, пакрывалі разным арнаментам, страката расфарбоўвалі, у інтэр’ерах і дварах аздаблялі кафляй. У горных раёнах (Куска, Арэкіпа, Кахамарка) каменная архітэктура магутная, статычная, яе багаты разны дэкор спалучае матывы еўрап. мастацтва з выявамі на тэмы індзейскай міфалогіі («метыскі стыль»), У 19 ст. панавала перайманне франц. класіцызму, з 1870-х г. — еўрап. неакласіцызму і эклектызму. У пач. 20 ст. спробай адраджэння нац. традыцый стаў неакалан. стыль з дэкорам у духу перуанскага барока (арх. Р.​Маркіна, К.​Саўт), у 1920-я г. — неаперуанскі стыль (арх. М.​Пікерас Католі, Э.​Арт-Тэрэ), якія спалучалі стараж. пластыку і лаканізм з функцыян. мэтазгоднасцю. З сярэдзіны 20 ст. ўзводзяць вышынныя адм. і дзелавыя будынкі, навуч. комплексы, мікрараёны ў сучасных стылях (арх. М.​Б’янка, Э.​Сеаане Рос і інш.), рэканструююцца старыя гарады. Захоўваецца і традыц. буд-ва з адобы, каменю, трыснягу і інш. Арх. помнікі 16—18 ст. г. Куска, крэпасць і свяцілішча інкаў Мачу-Пікчу ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У 1-м тыс. да н.э. развіваліся культуры на ўзбярэжжы Ціхага ак. (Паракас, Салінар і інш.) і ў горных раёнах. З пач. н.э. на ўзбярэжжы склаліся культуры раннякласавага грамадства (Наска, Мачыка, Чыму), якія з сярэдзіны 15 ст. змяніліся культурай інкаў. З 12 ст. да н.э. вядома кераміка з манахромным, рэльефным або гравіраваным дэкорам, размалёўка фігурных ваз, шматколерная размалёўка з тонкім лінейным малюнкам, пасудзіны ў выглядзе жывёл або з партрэтнымі тварамі. Колерам, арнаментыкай вызначаліся ваўняныя і баваўняныя тканіны, дываны, плеценыя з пер’я; з золата і серабра выраблялі фігуркі, маскі, вазы, упрыгожанні. З 16 ст. існавалі маст. школы, якія зазналі ўплыў стараж. мастацтва. Побач з перайманнем еўрап. маньерызму (скульпт. і жывапісец Б.​Біты, канец 16 ст.) і барока (жывапісец А. дэ Медора, скульпт. П. дэ Нагера, 1-я пал. 17 ст.) развіваўся самабытны «метыскі стыль» (школа Куску). У рэчышчы рэалізму працаваў скульптар-індзеец Х.​Т.​Туйру Тупак. У пач. 19 ст. развіваліся жывапісны партрэт (Х.​Хіль дэ Кастра), бытавы жанр (Ф.​Ласа), кастумбрызм (Панча Ф’ера). У 20 ст. ў мастацтве П. пашырыліся тэмы нар. жыцця, адраджаліся нац. традыцыі (К.​Блас, Х.​Кадэсіда, Х.​Сабагаль і інш.). Развіваліся кубізм, экспрэсіянізм, абстрактнае мастацтва. У манумент.-дэкар. жывапісе пераважала нац.-патрыят. тэматыка (Т.​Нуньес Урэта). У нар. мастацтве спалучаюцца індзейскія і ісп. традыцыі. Вырабляюць плашчы «понча» з геам. узорам, пасудзіны «матэ» з гарбузоў з выпаленымі малюнкамі, драўляныя пасудзіны «кера» з яркай інкрустацыяй, кераміку і інш.

Літ.:

Гавриков Ю.П. Перу: от инков до наших дней. М., 1977;

История Перу с древнейших времен до конца XX в. М., 2000;

Мариатеги Х.К. Семь очерков истолкования перуанской действительности: Пер. с исп. М., 1963;

Перу: социал.-экон. и полит. развитие (1968—1980). М., 1982;

Мамонтов С.П. Испаноязычная литература стран Латинской Америки в XX в. М., 1972;

Полевой В.М. Искусство стран Латинской Америки. М., 1967;

Культура Перу. М., 1975.

І.​І.​Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.​Р.​Кошалева (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне), І.​Л.​Лапін (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Перу.
Да арт. Перу. Прыбярэжная пустыня каля г. Трухільё.
Да арт. Перу. Горад Куска.
Да арт. Перу. На пласкагор’і Перуанскіх Андаў.
Да арт. Перу. Крэпасць і свяцілішча Мачу-Пікчу.
Да арт. Перу. Кляштар Сан-Франсіска ў Ліме. Сярэдзіна 17 ст.

т. 12, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)