ГРЫНЕ́ВІЧ (Клім Лазаравіч) (18.2.1912, в. Шасцёраўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 3.3.1941),
бел.паэт. Працаваў на будоўлях, карэктарам у друкарні, літсупрацоўнікам газ. «Рабочий», сакратаром рэсп.ЦК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі. З 1932 вучыўся ў Мінскім Вышэйшым пед. ін-це. У 1933 беспадстаўна рэпрэсіраваны і высланы ў Казахстан, дзе працаваў настаўнікам. Служыў у арміі. Хварэў на сухоты. Пераехаў у г. Балагое (Цвярская вобл.), дзе настаўнічаў, завочна вучыўся ў Ленінградскім пед. ін-це (1937—41). Там і памёр. Друкаваўся з 1929. Выдаў кн. паэзіі «На бераг» (1932). У лірычных вершах — хараство прыроды, любоў да Радзімы, жыццё вёскі. Некат. не пазбаўлены шчырасці, лірызму, душэўных перажыванняў, здольнасці тонка адчуваць красу прыроды.
Літ.:
Пруднікаў П. Далёкае і блізкае // Пруднікаў П. Мая магістраль. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУГА́ШАЎ (Газіз Ніязавіч) (н. 20.12.1917, г. Алматы, Казахстан),
дырыжор. Нар.арт. Казахстана (1957). Скончыў экстэрнам Алма-Ацінскую кансерваторыю (1957). У 1944—48 дырыжор, у 1956—59 гал. дырыжор, у 1969—76 дырэктар і маст. кіраўнік Каз. тэатра оперы і балета. У 1966—68 гал. дырыжор Дзярж.т-ра оперы і балета БССР, дзе кіраваў пастаноўкамі опер «Брэсцкая крэпасць» К.Малчанава і «Алеся» Я.Цікоцкага (1967), «Рыгалета» Дж.Вердзі (1968), балетаў «Альпійская балада» Я.Глебава (1967), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1968). Пад яго кіраўніцтвам зроблены запіс першай бел. тэлеоперы «Ранак» Г.Вагнера (1967). Выкладаў у Маскоўскай і Алма-Ацінскай кансерваторыях, у 1968 вёў клас опернай падрыхтоўкі ў Бел. кансерваторыі. Дзярж. прэмія Казахстана імя К.Байсеітавай 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАМБУ́Л ДЖАБА́ЕЎ (28.2.1846, Сямірэчча, Казахстан — 22.6.1945),
казахскі паэт-акын. Аўтар і выканаўца песень-жальбаў, песень-роздумаў, вершаваных прамоў, прывітальных пасланняў, гімнаў, паэм, тэматычна скіраваных на адлюстраванне нар. мар і спадзяванняў, імкненняў да лепшага жыцця («Доля бедняка», «Песня гнеўнага сэрца» і інш.), на асуджэнне сквапнасці, гультайства, крывадушнасці і інш. чалавечых заган. У ранні перыяд яго творчасці гал. месца займаў айтыс — паэтычная спрэчка акынаў. Больш позняя спадчына паэта — водгук на падзеі паліт., гасп. і культ. жыцця краіны. Паэзія вызначаецца псіхал. насычанасцю, эмацыянальнасцю, рэаліст. канкрэтнасцю вобразаў. Дзярж. прэмія СССР 1941. На бел. мову яго творы перакладалі П.Глебка, М.Танк, А.Жаўрук, А.Зарыцкі, А.Ушакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУАНЫШПА́ЕЎ (Калібек) (25.4.1893, Сарытау Каркалінскага р-на Карагандзінскай вобл., Казахстан — 7.6.1968),
казахскі акцёр; адзін з заснавальнікаў праф.каз.т-ра. Нар.арт.СССР (1959). Творчую дзейнасць пачаў як нар. комік-расказчык. З 1925 у Каз. т-ры драмы імя М.Аўэзава (Алма-Ата), адзін з яго заснавальнікаў. У сцэнічнай творчасці развіваў нар. традыцыі, ствараў вобразы, адметныя нац. каларытам: Абай («Абай» Аўэзава і Л.Собалева), Кунанбай («Абай» паводле Аўэзава; Дзярж. прэмія СССР 1952), Балуан («Ахан-Серэ і Актокты» Г.Мусрэпава) і інш. Сярод роляў класічнага рэпертуару: Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Баптыста («Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра) і інш. Аўтар (сумесна з Ш.Хусаінавым) п’есы «Шаншарлар» («Вастрасловы», паст. 1948). З 1937 здымаўся ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЦЭ́ВІЧ (дзявочае Ляўхненка) Людміла Георгіеўна
(н. 7.1.1938, с. Якаўлеўка, Казахстан),
бел. мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1974). Скончыла БДУ (1960). Працавала ў Маст. музеі Беларусі (1960—65), з 1968 у Ін-це мастацтвазнаўства этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Адначасова выкладала ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (да 1982), Мінскім харэаграфічным вучылішчы (1964—65). Даследуе манум. і манум.-дэкар. мастацтва Беларусі. Адна з аўтараў «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 3, 5—6, 1989, 1992—94).
Тв.:
Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва ў інтэр’ерах грамадскіх будынкаў Беларусі // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1969. № 4;
Роль искусства в формировании и развитии советского образа жизни. Мн., 1979 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТА́НІН (Рыгор Мікалаевіч) (4.10.1835, пас. Ямышэўскі Паўладарскай вобл., Казахстан — 30.6.1920),
расійскі географ і падарожнік, даследчык Цэнтр. Азіі. Скончыў Омскі кадэцкі корпус (1852), вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1859—62). За ўдзел у студэнцкіх хваляваннях сасланы ў Сібір. У 1863—64 прымаў удзел у экспедыцыі на воз. Зайсан і хр. Тарбагатай. У 1876—77 і 1879—80 кіраваў экспедыцыямі ў паўн.зах. Манголію і Тыву, у 1884—86 і 1892—93 — у паўн. Кітай, усх. Тыбет і Цэнтр. Манголію і ў 1899 — на Вял. Хінган. Разам з жонкай А.В.Патанінай сабраў звесткі па геаграфіі, геалогіі, эканоміцы, этнаграфіі маладаследаваных тэр.Цэнтр. Азіі. Вял. залаты медаль Рус.геагр.т-ва (1886). Яго імем наз. адзін з хрыбтоў Наньшаня і ледавік на Алтаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́РСКІ (Самуіл Хаімавіч) (29.4.1884, Гродна — 19.8.1947),
бел. гісторык. Чл.-кар.АНБССР (1936). Удзельнік рэв. руху ў 1905—07, чл. Бунда. З 1906 у эміграцыі. Пасля Лют. рэв. 1917 вярнуўся на Беларусь, у 1918 уступіў у КП(б)Б, быў ваен. камісарам у Віцебску. У 1924—33 на кіруючых пасадах у парт.-навук. установах Мінска і Масквы, з 1934 нам. дырэктара Ін-та нац. меншасцяў АН Беларусі. Аўтар прац па гісторыі рэв. руху на Беларусі. Лічыў праявай нацыяналізму святкаванне ў 1926 юбілею бел. газет «Наша доля» і «Наша ніва»; паўстанне 1863—64 характарызаваў як рэакц. памешчыцка-клерыкальнае; абвінавачваў У.Ігнатоўскага і З.Жылуновіча ў нацыяналізме. Бел.нац. рух пасля Лют. рэв. 1917 характарызаваў як шавіністычны. У 1938 арыштаваны, у 1939 сасланы ў Казахстан на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЭ́ЗАЎ (Мухтар Амарханавіч) (28.9.1897, урочышча Чынгістаў Сяміпалацінскай вобл., Казахстан — 27.6.1961),
казахскі пісьменнік і вучоны. Акад.АН Казахстана (1946). Засл. дз. нав. Казахстана (1957). Скончыў Ленінградскі ун-т (1928). У трагедыі «Енлік-Кебек» (1917, новая рэд. 1957) паказаны звычаі і норавы феад.-радавога грамадства. У яго апавяданнях, аповесцях, п’есах, нарысах адлюстравана жыццё і побыт каз. аула. Стваральнік першага нац.гіст. рамана-эпапеі «Шлях Абая», які складаецца з 2 кн.: «Абай» (т. 1—2, 1942—47; Дзярж. прэмія СССР 1949) і «Шлях Абая» (т. 1—2,1952—56; Ленінская прэмія 1959). Аўтар рамана «Племя маладое» (незавершаны; апубл. 1962). Даследаваў гісторыю каз. і кірг. л-ры, фальклор.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. М., 1973—75.
Літ.:
Каратаев М. Мухтар Ауэзов: Заметки о творчестве. Алма-Ата, 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЖАМ’Я́РАЎ (Куддус Хаджам’яравіч) (н. 21.5.1918, с. Кайназар Энбекшыказахскага р-на Алма-Ацінскай вобл., Казахстан),
казахскі кампазітар, педагог; заснавальнік уйгурскай прафес. музыкі. Нар.арт. Казахстана (1973). Нар.арт.СССР (1987). Скончыў Алма-Ацінскую кансерваторыю (1951, клас Я.Брусілоўскага), з 1953 выкладае ў ёй (у 1957—67 рэктар, з 1965 праф.). Сярод твораў: оперы «Назугум» (паст. 1956), «Залатыя горы» (з Н.Тлендыевым, 1960), «Садырасілак» (1975), балет «Чын Тамур» (1969); араторыя «Квітней, Сямірэчча» (1970); кантата «Радзіма» (1986); вак.-сімф. паэмы (1982, 1984); 5 сімфоній (1971—87), 8 сімф. паэм (1950—88); 4 канцэрты для інструментаў (1973—86) і голасу (1988) з арк.; камерна-інстр. ансамблі, хары, песні, музыка да драм. спектакляў і інш.Дзярж. прэмія СССР 1951. Дзярж. прэмія Казахстана 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКА́НАЎ (Сабіт Муканавіч) (26.4.1900, саўгас імя Муканава Паўн.-Казахстанскай вобл., Казахстан — 18.4.1973),
казахскі пісьменнік; адзін з пачынальнікаў казахскай сав. л-ры. Акад.АН Казахстана (1954). Скончыў Ін-т чырвонай прафесуры ў Маскве (1935).
Друкаваўся з 1922. У раманах «Сын бая» (1928), «Светлае каханне» (1931), «Загадкавы сцяг» (1938, у наст.выд. «Батагоз»), «Сыр-Дар’я» (1948), «Цалінныя хвалі» (1956) і інш. этапы гісторыі каз. народа. Аўтар аўтабіягр. трылогіі «Школа жыцця» (1949—62, Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1967), гіст.-біягр. рамана пра Ч.Валіханава «Метэор, які прамільгнуў» (кн. 1—2, 1967—70). Выступаў як літ.-знавец, крытык, нарысіст. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў Х.Жычка.