завяза́ць 1, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак., каго-што.

1. Зрабіць вузел; змацаваць, злучыць канцы чаго‑н. вузлом, бантам, пятлёй і пад. Завязаць гальштук. □ Павады завязалі на шыях [коней]. Брыль. Забойцу, хоць не ўцякаў ён і не быў страшны, пастронкам завязалі за спіну рукі. Галавач. Адной рукой і вузла не завяжаш. Прыказка. // Абматаць, абгарнуць чым‑н., змацаваўшы канцы; абвязаць. Завязаць вочы. Завязаць мех. □ Панасаву нагу прамылі, агледзелі рану, завязалі, як маглі і чым маглі. Колас. // Апрануць, павязаць што‑н., змацаваўшы канцы вузлом. Завязаць шалік. □ — Хустку завяжы, зашпіліся, — наўздагон крыкнула .. маці. Васілевіч. // Увязаць у што‑н., сцягнуўшы канцы вузлом; упакаваць. Завязаць грошы ў хустачку.

2. Устанавіць (якія‑н. узаемаадносіны, сувязі), распачаць (якія‑н. узаемныя дзеянні, размову). Завязаць знаёмства. Завязаць гаворку. □ Узвод Пазняка першы прарваўся праз абарончыя лініі ворага і завязаў бой на вуліцы. Шахавец.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Даць пачатак, утварыць (плод). Ён знае абавязак свой, Нясе пылок ад хвой да хвой, З расліны на расліну, З травіны на травіну, Каб завязалі заедзь Антонаўка і вішня. Лужанін.

•••

Свет завязаць каму — зрабіцца перашкодай, абузай, пазбавіць свабоды дзеянняў.

Язык не завяжаш — не забароніш гаварыць.

Як завязаць — а) поўна, вельмі многа; колькі ўлезла. Дзесяць мяхоў, як завязаць, насыпалі мы з ямы трошкі падапрэлага, але яшчэ добрага жыта. Сабаленка; б) колькі можна; уволю. Яму было нясоладка, набраўся страху лапавухі як завязаць. Ляўданскі.

завяза́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да завязнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схапі́ць, схаплю, схопіш, схопіць; зак., каго-што.

1. Узяць, злавіць хуткім, рэзкім рухам рук, зубоў і пад. Воўк схапіў авечку. □ Кандрат Бус, зачуўшы наезд польскай конніцы, схапіў кажух і шапку, адзеўся на хаду і кінуўся на задворкі. Колас. Боязна было зварухнуцца, думалася — гаспадар здагадаецца, што я там схаваўся, схопіць за каўнер і пачне лупцаваць. Бажко. [Вася] схапіў са сцяны бацькаву паляўнічую стрэльбу і без шапкі кінуўся на двор. Пальчэўскі. // Захапіць, злавіць як здабычу. — Унадзіўся падлюка-каршун лятаць, — паскардзіўся .. [дзед] бабцы Вікці. — Сёння зноў маладога пеўніка схапіў. Даніленка. / Пра дзеянне ветру, вады. А потым схопіць [вецер] снег шурпаты і сцебане ў шыбы ім. Свірка.

2. Сілай затрымаць каго‑н., не даючы пайсці, уцячы. Хлапчыну схапілі, выкруцілі назад рукі і адабралі гуркі. Карпаў. Да дзеда і Міколкі падскочылі салдаты, схапілі іх, звязалі рукі. .. Павялі ў склеп. Лынькоў. // Разм. Арыштаваць. — Сяргея схапілі, — дрыжачы ад узбуджэння, паведаміў [Лобік] як навіну. Навуменка. [Кірыл Іванавіч] яшчэ здолеў нейкім чынам перадаць аднаму з падпальшчыкаў, што яго збіраюцца схапіць, і такім чынам выратаваў чалавека ад смерці. Казлоў.

3. перан. Разм. Атрымаць, здабыць. Курорт яму [Мацею] падай, кватэру без чаргі, І прэмію схапіць не траціць ён надзею... Корбан. [Мікіта Мінавіч:] — А за ашуканства старога чалавека ты [Вара] ў мяне яшчэ спагнанне схопіш. Кулакоўскі. Але не заўсёды Лукашу шанцавала схапіць што. Бывалі дні, што, акрамя шчаўя, нічога больш не пападалася пад рукі. Лобан. Усе дзяўчаты вешаліся па яго [Сымона]. От і схапіла Аўдоцця шчасце. Чарнышэвіч. // Атрымаць дрэнную адзнаку на ўроку, экзамене. Схапіць двойку. // Нахапаць, узяць адкуль‑н., пераняць. [Астапчык:] — Пачопка кажа, што Павалковіч вялікі майстар кампіляцыі. Спіша, схопіць адтуль-адсюль, скампілюе і выдае за сваё. Машара.

4. Разм. Набыць, атрымаць, падчапіць (якую‑н. хваробу). [Ліда:] — Загадай .. [мужу] змоўкнуць, а то наглытаецца ветру і схопіць запаленне лёгкіх. Шамякін. — Яшчэ чаго не хапала! — фыркнула маці: — Схопіш якую-небудзь заразу і памрэш дачасна... Гарбук.

5. Разм. Раптоўна і моцна праявіцца ў каго‑н. (пра прыступ хваробы, болю). Памятаю, у той дзень бацьку нездаровілася — схапіў жывот. Дамашэвіч. На хвіліну якую Юрка ўспамінае, як яго схапілі былі дрыжыкі, калі ён, едучы з Разіна на Смыку, убачыў дым над сваёй хатай... Пташнікаў. / у безас. ужыв. Жывот схапіла. // Ахапіць раптоўна, адолець (пра пачуцці, стан і пад.). Дзядзьку схапіла злосць.

6. перан. Разм. Хутка ўспрыняць, зразумець, засвоіць. Схапіць думку субяседніка. □ Калгасныя курсанты, відаць, яшчэ сядзелі ў клубе над канспектамі, хапалі там тое, што не паспелі схапіць за дні вучобы. Шашкоў. Ты хочаш розумам схапіць, пра што зара з гарой гаворыць. Дубоўка. // Улавіць зрокам, слыхам. Часам Пятро схопіць вокам, непрыкметна ледзь павярнуўшы галаву, і кожны раз пазнае яе, Таццяну — у белым, вясельным убраны... Пестрак. Схопіць вачамі пачатак якога сказа, і ў думках самі сабой, як у той кінакарціне, адзін за адным мігцяць вабныя малюнкі. Шынклер.

7. перан. Разм. Прыкмеціўшы, раскрыць, адлюстраваць (звычайна ў творах мастацтва). На малюнку хлапчук даволі правільна схапіў прапорцыі. Асіпенка. Слова паэта імкнецца схапіць перажыванне ў момант яго працякання. Клышка.

8. Умела звязаць, абвязаць чым‑н. Схапіць валасы стужкай.

9. Спец. Змацаваць, злучыць. Схапіць бярвёны скрэпамі.

10. Спец. і разм. Застываючы, зацвердзяваючы, змацаваць, злучыць (пра якія‑н. рэчывы і пад.). Тарфяны попел схапіў, умацаваў пясок, атрымаўся рыхлы асфальт. Новікаў. // безас. Зацвярдзець, застыць (пра якое‑н. рэчыва). Бетон хутка схапіла. // Разм. Замарозіць. Лёд схапіў раку. / у безас. ужыв. Лужыны схапіла лёгкім марозікам.

11. (звычайна з адмоўем «не»). Разм. Паспець зрабіць што‑н. [Ульяна:] — А я, думаю, перабяру, а то калі будзем сеяць, дык потым усё не схопіш. Гаўрылкін. Была нядзеля. Праўда — як на заказ, і ўся вёска вываліла за Марозаву лазу схапіць і скласці ў стагі сваё сухенькае, як порах, сена. Ракітны. // Хутка арганізаваць, зрабіць што‑н. Схапіць таксі і паехаць.

•••

Схапіць бізуна — атрымаць лупцоўку.

Схапіць за руку — злавіць на гарачым учынку, на месцы злачынства.

Схапіць у абдымкі — абняць.

Трасцу схапіць — не атрымаць нічога.

Як вока схопіць гл. вока.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцягну́ць, сцягну, сцягнеш, сцягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, зняць каго‑, што‑н. адкуль‑н. Сцягнуць абрус са стала. Сцягнуць параход з мелі. □ Сцягнуўшы з пярыны прасціну, дзяўчынка выбегла на ганак, каб вытрасці яе. Гарбук. Будзік, аказаўшыся тут, як кот, падскочыў ззаду, схапіў конніка за бокі і сцягнуў яго з сядла. Колас. // Разм. З цяжкасцю або павольна зняць з сябе або з каго‑н. (звычайна пра адзенне або абутак). Хацяноўскі сеў на беразе і сцягнуў з ног гумавыя боты. Чарнышэвіч. Ніна адабрала ў Алеся шапку, сцягнула паліто. Шыцік. Іван Іванавіч зашыў рану, сцягнуў з твару марлевую павязку, выцер ёю спацелы твар. Арабей.

2. Цягнучы, перамясціць адкуль‑н. Аднаму сцягнуць з берага набраклую пласкадонку не лёгка нават у ціхую пагоду. Кірэенка. Карней Пятровіч .. успамінае, як той жа яго Пятро аднойчы прыйшоў да бацькі і прапанаваў сцягнуць гэты камень з узгорка. Даніленка.

3. Цягнучы, звалачы ў адно месца ўсё, многае. Сцягнуць галлё ў кучы.

4. Сабраць, сканцэнтраваць у адным месцы (вялікую колькасць чаго‑н.). Сцягнуць войскі. □ [Анішчук] раней жыў у Ганчароўцы, а калі сцягнулі хутары, апынуўся тут... Гурскі.

5. Разм. Украсці. Паспрабаваць сцягнуць у дзетдомаўцаў канькі ў адзіночку .. [Гвідон] баяўся. Таму падабраў сабе хаўруснікаў. Нядзведскі. Пакуль балбатлівыя сарокі без толку крычалі на ўвесь лес пра гэта, кавалачак сала сцягнула Жучка. «Полымя». // Выкрасці, зарэзаць (пра драпежнікаў). Барбоска і Трэзор на пару штодзённа сцераглі авечую атару. А гэта не якаясьці гульня — На ноч загнаць авечак у кашару, А днём глядзець, каб воўк паджары Не мог сцягнуць ніводнага ягня. Корбан.

6. Знесці што‑н. далёка. Дзеці сцягнулі кудысьці граблі. □ Тапачак паблізу не было.. — Зноў сцягнуў [сабака]! — узлавалася бабуля і пагразіла. Шыловіч.

7. Зрабіць больш вузкім, цесным, шчыльным (тое, што завязваюць, зацягваюць); зацягнуць. Сцягнуць шнуроўку. Сцягнуць пятлю.

8. чым. Туга перавязаць, звязаць што‑н., сціскаючы. Мама паківала галавою, але падвязала хусткаю каўнер паліто, апранула зверху на ўсё целагрэйку і сцягнула мяне татавым рэменем. Мыслівец. Бацька раптам абхапіў скураной папругай яго заламаныя назад рукі. Сцягнуў іх так, што ў Кандрата пачалі крывёй налівацца кісці. Караткевіч.

9. Злучыць канцы, краі чаго‑н.; ссунуць. Сцягнуць шчыльна фіранкі. □ Прывітаўшыся, перайшоў [Максім] на другі бок каня, каб сцягнуць хамут. Шамякін. Ты знаеш, што такое дождж. Ды праліўны, на сутак пяць, Калі ў руках ржавее нож, Калі ні сесці і ні ўстаць, Калі, як змеі, раўчукі Сцякаюць па спіне к зямлі, Калі не сцягнеш аплікі У набрынялым шынялі. Астрэйка. // Сабраць у складкі, зморшчыць. Твар Міхася сцягнула ўрачыстая і нейкая злосная ўсмешка. Савіцкі.

10. звычайна безас. Разм. Звесці, скурчыць (пра сутаргу). Сцягнула нагу.

11. часцей безас. Пачаць зацвердзяваць пад уздзеяннем холаду. І гразь сцягнулі нарэшце першыя прымаразкі. Брыль. Хоць дажджы і крыху сцягнула гразь, усё ж трэба глядзець пад ногі, выбіраць сушэйшае месца. Прокша.

12. безас. Зменшыцца, спасці (пра ваду). Ужо з тыдзень стаялі сіверныя, з сонцам дні, ваду сцягнула, і зямля пачала прасыхаць і была мяккаватая і як быццам цёплая. Кудравец.

13. Спец. Злучыць, змацаваць пры дапамозе чаго‑н. Сцягнуць ферму балтамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збіць, саб’ю, саб’еш, саб’е; саб’ём, саб’яце; зак., каго-што.

1. Ударам, рэзкім рухам аддзяліць што‑н. ад чаго‑н., прымусіць адваліцца, зваліцца. Збіць снег з ботаў. Збіць попел з папяросы. □ Васіль знайшоў на антонаўцы пераспелы яблык, збіў яго. Гаўрылкін. Салдат штурхнуў яго ў бок, і толькі па версе галавы перабежчыка слізгануў кулак Сяргея Карагі і збіў шапку. Колас. // Патушыць (агонь, полымя). Самалёт загарэўся. Збіць агонь пікіраваннем не ўдалося. Матрунёнак. Вось вецер пайшоў на таполі І полымя збіў з верхавін. Кірэенка.

2. Ударам, штуршком паваліць, прымусіць упасці. Збіць з ног. □ Цімошка затрымаў дух, як бы над ім узнялі булаву, каб збіць яго адным махам. Колас. // Падстрэліўшы, падбіўшы на ляту, прымусіць упасці. Збіць самалёт. Збіць птушку.

3. Ударам, рэзкім рухам ссунуць, перамясціць каго‑, што‑н. з належнага месца. Музыка не спяшаючыся сеў, закінуў нагу на нагу, збіў на левае вуха шапку-вушанку, падміргнуў Пецю і шырока расцягнуў чырвоныя мяхі тальянкі. Сіняўскі. Сімен не паспеў адказаць: хлынуўшы натоўп збіў .. [яго і Рыгора] з месца і адапхнуў на некалькі крокаў назад. Гартны. // Ссунуўшы, парушыць правільнасць чаго‑н. Збіць прыцэл. // З боем адцясніць, выбіць адкуль‑н. Збіць ворага з пазіцыі. // Прымусіць сысці з правільнага напрамку. Збіць з курсу. Збіць з дарогі. □ Толік уважліва паглядзеў наперад. — Яны тут... Глядзі, сляды пасыпаюць нечым... — Гэта каб сабаку збіць са следу, — шэптам растлумачыў Васілёк. Зуб. // Прымусіць зрабіць што‑н. насуперак сваім намерам, меркаванням. — Ужо два тыдні дыхнуць [бацька] не дае — усё ўгаворвае мяне ісці ў прымы к Іллюкевічу. Усё думае — мяне тым саб’е, што там хутар багаты. Чорны.

4. Моцна пабіць, знявечыць пабоямі. Збіць да смерці. □ Усіх сялян [казакі] моцна збілі бізунамі. □ Ягору адсеклі правую руку, каб другі раз не чапаў панскага дабра. Скрыпка. Сварыўся .. [бацька] з людзьмі, і, мусіць, аднойчы збілі яго. Лужанін.

5. Ударамі сапсаваць, зрабіць непрыгодным. Збіць лязо. Збіць падковы. // Разм. Стаптаць, знасіць (абутак). Косцік за вясну збіў бацінкі. □ Валі туфлі цесныя зрабіліся. Васілевіч. // Разм. Здзерці, абадраць скуру аб што‑н. Збіць калена. □ [У Леаніда] шчыміць барада, дзе збіў скуру. Намацаць пальцамі, — здаецца, прыгаілася. Пташнікаў.

6. Прыбіць адно да другога, змацаваць адно з другім цвікамі. Збіць дошкі. □ Румам у нас называюць тое месца, куды вывозяць зімою калоды з лесу, каб вясною збіць іх у плыты і сплаўляць па рэчцы. Колас. // Зрабіць, вырабіць што‑н., прыбіваючы адну частку да другой. Збіць стол. Збіць скрынку.

7. Дамагчыся знікнення або рэзкага памяншэння чаго‑н. Збіць тэмпературу ў хворага. // Выклікаць зніжэнне, падзенне чаго‑н. Збіць цану. // перан. Разм. Прымусіць знізіць, зменшыць праяўленне чаго‑н. Старшыня добра ведаў вось такіх, раззлаваных, якія ішлі з яўным намерам пакрычаць, пасварыцца, і ўмеў улагодзіць іх ці хаця б збіць ваяўнічы запал. Шамякін.

8. Зблытаць, прымусіць памыліцца. Не заходзячы ў хату, [Аўгіння] заскочыла да Лукаша ў клуню і накрычала на яго, што ён, не святкуе і яе збіў і ўвёў у грэх. Колас. // Выклікаць замяшанне, прымусіць разгубіцца. — Пранюхваеш? — насмешліва спытаў Сяўрук з яўным разлікам збіць ціхага чалавека, не прывыкшага выступаць. Кулакоўскі. Гэтая абыякавасць Гардзея зусім збіла Насцю. Мележ.

9. Зблытаць, змяць (валасы, шэрсць і пад.). Замест ложкаў ці нараў у бараку ўздоўж сцяны была паслана салома. Яе збілі, перацерлі на мякіну. Якімовіч. // Палажыць, паблытаць, стаптаць (аб пасевах). Летась град збіў жыта. Васілевіч.

10. Прыгатаваць што‑н., узбіваючы, узбоўтваючы. Збіць масла. Збіць мус.

11. Разм. Б’ючы, таўкучы, зрабіць што‑н. глінабітнае. Збіць печ. Збіць сцяну.

•••

Збіць гонар — прымусіць каго‑н. не задавацца.

Збіць з (правільнай) дарогі — прымусіць адступіць ад правільных думак, меркаванняў; штурхнуць на што‑н. нядобрае.

Збіць з панталыку (з толку, з тропу) — а) выклікаць замяшанне, заблытаць; б) тое, што і збіць з дарогі.

Збіць (зрэзаць) на горкі яблык — моцна пабіць, адсцябаць.

Ногі збіць — тое, што і ногі адбіць (гл. адбіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)