Ту́жыць ‘туга нацягваць’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘рабіць тужэйшым’ (Юрч. Вытв.), ту́жіць: ту́жʼіцʼ самаму́ ‘цягнуць павозку самому, без дапамогі цяглавай сілы’ (лоеў., Нікан., Трансп.), параўн. самату́гам ‘тс’ (ТСБМ), ту́жацца ‘цвярдзець’ (Мат. Гом.), тужэ́ць ‘станавіцца больш тугім, шчыльным, мацнець’ (Нас., Касп., Байк. і Некр., ТС), ‘дранцвець, дубець, пруцянець’ (Ласт.), тужа́ты ‘цвярдзець (пра зерне, зямлю)’ (стол., Выг.), ту́жыння ‘зацягванне з мэтай зрабіць тужэй’ (Юрч. СНЛ), тужы́ць ‘нацягваць аснову красён’ (уздз., Сл. ПЗБ), ту́жыцца ‘намагацца, напружвацца’ (ТСБМ; зэльв., Нар. словатв.). Укр. тужі́ти, ту́житися, тужа́віти ‘налівацца (пра колас), цвярдзець, шчыльнець, загусаць’, рус. ту́житься ‘напружвацца’, в.-луж. tužić ‘звужвацца’, ‘сціскаць, ушчыльняцца’; ‘прымацоўваць, нацягваць, напружваць’, ‘прыглушаць’, польск. tężeć ‘цвярдзець’, дыял. tużyć ‘цягнуцца, схіляцца’, чэш. tužit ‘рабіць цвёрдым’, ‘крухмаліць’, ‘умацоўваць (мускулы)’, tužit se ‘намагацца, напружвацца’, ‘націскаць’, славац. tužiť ‘тс’, tužieť sa ‘падсілкоўвацца’, tužieť ‘мацнець, дужэць’, ‘загартоўвацца’. Прасл. *tǫžiti (sę) < *tǫgъ ‘напружаны, нацягнуты’ (гл. тугі), чаргуецца з прасл. *tęgti ‘цягнуць, валачыць’, ‘быць цяжкім’, што да і.-е. *t​heng​h ‘тс’ (Покарны, 1067; Борысь, 631; Сной, 769), гл. туга́, ту́жба, укр. ту́га́ ‘натуга, напружанне’, якія семантычна звязваюць дзеясловы ту́жыць і тужы́ць (гл.), што падкрэслівае іх агульнае паходжанне.

Тужы́ць ‘сумаваць, маркоціцца, журыцца’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Шат., ТС, Вушац. сл., Сл. ПЗБ), ‘пакутаваць з тугою’ (Юрч. Сін.), ‘нудзіцца, быць ахопленым сумам’, ‘гараваць, перажываць няшчасце’ (ТСБМ, ТС), ст.-бел. тужити, тужыти ‘знаходзіцца ў стане смутку’ (ГСБМ). Укр. тужи́ти, рус. тужи́ть ‘тс’, польск. дыял. tążyć ‘сумаваць (пра жывёл)’, ст.-польск. tążyć, tężyć, tużyć ‘сумаваць’ (XVI ст.), н.-луж. tužyś (se) ‘сумаваць, маркоціцца’, в.-луж. tužićзасмучаць’, ‘трывожыцца, непакоіць’, чэш. toužiti ‘тс’, славац. túžiť ‘сумаваць (па радзіме)’, ‘моцна хацець’, ‘марыць’, серб. ту́жити ‘скардзіцца’, ‘падаваць скаргу’, ‘аплакваць каго-небудзь’, макед. тужи ‘падаваць у суд’, тажи ‘сумаваць, журыцца’, балг. тъжа́ ‘тс’, ‘мець жалобу па кім-небудзь’. Прасл. *tǫžiti ўтворана ад *tǫga (гл. туга), што далей да tęgnǫti (гл. цягнуць). Паводле Шустар-Шэўца (1555), развіццё значэння ад ‘ціснуць, цягнуць уніз’ да ‘прыгнечанасць, маркота, сум’ прадстаўлена ў роднасных ст.-ірл. þung ‘цяжкі’, þungol ‘смутак, сум, клопат, гора’, літ. tingė́ti ‘ленавацца’, tìngiu ‘я вялы, неактыўны’. Фармальна блізкае літ. tũžyti(e)s ‘злавацца’ лічыцца (гл. Фрэнкель, 2, 1148) запазычаннем з беларускай мовы, а літ. tū́žti ‘набухаць, уздымацца’, į́tū́žti ‘раззлавацца’ Смачынскі (697) пакідае без этымалогіі. Памылковае сцвярджэнне аб запазычанні з рус. тужить у Сл. ПЗБ, 5, 144. Сюды ж тужлі́вы ‘смутны, журботны’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ту́жыкі ‘памінальны абед’: ту́жыкі е́сці (Шат.), тужэ́й ‘цяжэй, горш’ (пух., капыл., Сл. ПЗБ), ту́жык ‘ныцік’ (Байк. і Некр.), параўн. рус. ту́жик ‘хто заўсёды плача, скардзіцца на свой лёс’, серб. тужа̀кало ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; заг. сып; незак.

1. што. Прымушаць падаць куды‑н., паступова выпускаючы (што‑н. сыпкае ці дробнае). Сыпаць соль у кашу. Сыпаць збожжа ў мяшок. □ [Данік] сыпаў ім крошкі хлеба, і, здавалася, рыбкі ядуць. Брыль. — Сып на зямлю, я ўсё падбяру! — крычаў Мірон. Маўр. Яніна падстаўляе насоўку, і Леснічыха штосьці сыпле ёй у насоўку з паперкі. Козел. // Асыпаць. Прамоклыя наскрозь дрэвы сыпалі на бліскучы асфальт, на рабыя лужыны вялае парыжэлае лісце. Адамчык. Бічы кладуцца так рытмічна, Само гудзенне іх музычна; Снапы не ўлежаць, скачуць самі І сыплюць жыта пад бічамі. Колас.

2. што. Рабіць, узводзіць з якога‑н. сыпкага матэрыялу. Насып сыпалі высокі Па-над Днепрам сінім, Каб відаць было далёка Па ўсёй Украіне. Купала. [Загадчык клуба:] — Гэта шафёры з суседняга раёна... Дарогу тут сыпалі. Нядзведскі. // Засыпаць для захоўвання што‑н. сыпкае. Да ям з вёскі не было дарогі, да іх пад’язджалі кожны раз полем, калі вазілі ўвосень сыпаць бульбу і ездзілі даставаць вясной. Пташнікаў.

3. што, чым і без дап. Кідаць, раскідваць (што‑н. сыпкае, дробнае). Сухое вецце хвоі патрэсквала ў полымі і сыпала ўгору снапы іскраў. Лынькоў. Пілы, туга нацягнутыя ў раме, скачуць і скачуць з прысвістам, грызуць сасну і сыплюць фантанчыкам белае пілавінне. Дуброўскі. Вецер насіў па вуліцах абрыўкі газет і папер, сыпаў пяском у вочы. Навуменка. / у перан. ужыв. Зрэнкі .. [Ігналя] пачалі іскры сыпаць, як у дзікага затраўленага звера. Бядуля. / Пра частыя, дробныя гукі. Чыстым срэбрам сыплюць у празрыстых гаях пеначкі. Ігнаценка. / Пра святло сонца, месяца. Вясновае сонца сыпала на зямлю золата промняў. Сабаленка. Поўнае начное свяціла стаяла над садам і шчодра сыпала сіняе срэбра ўніз. Хомчанка.

4. Ісці, падаць (пра дробны, часты снег, дождж). Дробны дождж ціха сыпаў з цёмнага вячэрняга неба. Ваданосаў. Сыпаў снег, густы, калючы, ды мацней свістаў вецер. Алешка.

5. перан.; што, чым. Пасылаць, накіроўваць на каго‑н. у вялікай колькасці; шчодра надзяляць чым‑н.; асыпаць. Сыпаць удары. □ — Здалося нам, Што вораг сыпаў Вакол фугасам і свінцом. І. Калеснік.

6. перан.; што, чым і без дап. Разм. Гаварыць, вымаўляць што‑н. хутка, бесперапынна, адно за адным. Сыпаць лічбамі. □ [Лёнька] знарок сыпаў такімі тэхнічнымі тэрмінамі, што наўрад ці зразумеў хто яго тлумачэнні. Пянкрат. Жонка .. сыпала на .. [Тамаша] ўвесь запас лаянак, які толькі ведала. Бядуля. [Пан] увесь час сыпаў тупыя жарты і танныя досціпы. Машара. — Вечар добры, вечар зорны, дарагія мае землякі! — сыпаў .. [Язэп] ледзьве не ў рыфму. Кавалёў.

7. перан.; што. Разм. Рабіць што‑н., звязанае з частымі ўдарамі, хуткім бесперапынным рухам. Жар факстрот! Сып чарльстон На раялі ў трыццаць тон! Крапіва.

8. перан. Разм. Імкліва бегчы, ісці, ехаць. Зіма. Грудам сыплюць па вуліцы хлопчыкі. Гарэцкі. [Конюх:] — Плугі і пастронкі на возе. Там жа і пута. Запрагай і сып. Шчаслівай дарогі! Якімовіч.

9. каго-што і без дап. Разм. Выдаваць каго‑н., расказваць пра што‑н. сакрэтнае. [Гэля:] — Павел!.. Я іначай не магла... Арыштавалі Гадлеўскага з мясакамбіната. Ён сыпле ўсіх, з кім быў звязан... Навуменка. [Аляксей:] — Чуваць, што Казючок сыпле ў дэфензіве. Пестрак.

10. каго-што. Разм. Даваць прыплод у вялікай колькасці, несці яйкі і пад. [Мар’я:] — На развод — куры трэба... Вунь у мяне рабая ёсць, самая нясучая. І зімой яйкі будзе сыпаць... Паўлаў.

•••

Сыпаць бісер перад свіннямі — дарэмна гаварыць аб чым‑н. ці даказваць што‑н. таму, хто не здольны або не хоча зразумець гэта.

Сыпаць макам — а) пісаць дробнымі літарамі; б) дробна скакаць, танцаваць; в) гаварыць вельмі хутка.

Сыпаць соль на раны — рабіць каму‑н. балюча, хваляваць, засмучаць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)