ПАРАТЫ́ФЫ (ад пара... + тыф),

вострыя кішэчныя інфекцыйныя хваробы чалавека, якія выклікаюцца бактэрыямі роду сальманела. Адрозніваюць П. A і B падобныя па этыялогіі, эпідэміялогіі і клінічным праяўленням да брушнога тыфу, і C, які выяўляецца ў харч. токсікаінфекцыі і інш. формах.

Крыніца інфекцыі — хворыя на П. і бацыланосьбіты. Заражэнне праз ваду, харч. прадукты, забруджаныя бактэрыямі. Прыкметы: дрыжыкі, т-ра 40—42 °C, боль галавы, высыпка ружовага колеру на скуры жывата, грудзей, рук на 5—7-ы дзень хваробы. Бываюць формы П., падобныя да гастраэнтэрыту з моташлівасцю, ірвотай, паносамі. Ускладненні: кішэчны крывацёк, прарыўныя язвы кішэчніка, аслабленне імунітэту. Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Сальманелёзы.

т. 12, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРОДНААЧАГО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ,

група хвароб, узбуджальнікі, пераносчыкі і жывёлы-носьбіты якіх ствараюць у прыродных умовах (ачагах) устойлівыя біяцэнозы. У гэтых ачагах узбуджальнік цыркулюе сярод мясц. дзікіх жывёл, і заражэнне чалавека ці с.-г. жывёл магчыма пры іх часовым або пастаянным там знаходжанні. П.х. характарызуюцца сезоннасцю і прыналежнасцю да пэўных геагр. ландшафтаў. Вучэнне аб П.х. распрацаваў Я.​Н.​Паўлоўскі (1939). Да П.х. адносяцца: некат. бактэрыял. (бруцэлёз, лептаспіроз, лістэрылёзы, некрабактэрыёз, рожа жывёл, сібірская язва, тулярэмія) і вірусныя (чума, шаленства, яшчур) хваробы, протазаозы (лейшманіёзы, піраплазмідозы, трыпанасамозы), гельмінтозы (апістархоз, трыхінелёзы, шыстасаматозы, эхінакакозы) і інш. Вывучае П.х. геаграфія медыцынская і эпідэміялогія.

т. 13, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТЫЦЫЛЁЗ,

хвароба, якая выклікаецца недасканалымі грыбамі з роду Verticillium. Найб. часта пашкоджвае клён, ліпу, дуб, конскі каштан, ільмовыя і многія інш. дрэвавыя пароды, кусты і травяністыя расліны. Асабліва небяспечны для маладых раслін. На Беларусі адзначаны на лісцевых пародах у Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

Пры вертыцылёзе закупорваюцца сасуды дрэў, у выніку пашкоджваецца іх водапранікальная сістэма і галінкі або ўсё дрэва засыхаюць. На зрэзах пашкоджаных участкаў бурыя або аліўкавыя суцэльныя ці перарывістыя кольцы. Заражэнне адбываецца спорамі грыба праз мех. пашкоджанні ў вобласці каранёвай шыйкі і ніжняй часткі ствала, а таксама міцэліем пры кантакце хворых і здаровых каранёў. Пашырэнню хваробы спрыяе цёплае вільготнае надвор’е.

Папярочны разрэз ствала клёна, пашкоджанага вертыцылёзам.

т. 4, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТЭРЫЛЁЗ, лістэрыёз,

вострае інфекцыйнае захворванне чалавека, млекакормячых жывёл і птушак з пашкоджаннем унутр. (у т. л. лімфоідных) органаў, ц. н. с., вачэй, іншы раз плода ў жанчын (пры захворванні ў час цяжарнасці). Узбуджальнік — бактэрыя лістэрыя, якая захоўваецца ў глебе, сцёкавых водах, кармах, пыле. Заражэнне адбываецца пры кантакце з хворым (носьбітамі Л. бываюць і здаровыя людзі і жывёлы), праз ежу, аэрагенным і палавым шляхамі, пры цяжарнасці (праз плацэнту) і родах. Трансплацэнтарны Л. у нованароджаных працякае асабліва цяжка ў першыя 2—4 дні (сепсіс, задышка, сутаргі, іншы раз смерць); пры заражэнні ў час родаў хвароба выяўляецца пасля 7 дзён жыцця менінгітам, менінгаэнцэфалітам. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 9, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЯРЫ́Я (італьян. malaria ад mala aria дрэннае паветра; раней меркавалі, што хвароба выклікаецца дрэнным паветрам), перамежная трасца,

паразітарная хвароба чалавека, якую выклікаюць аднаклетачныя арганізмы — плазмодыі. Пераносчык — самка малярыйнага камара. Пашырана ў краінах Афрыкі, Азіі, Паўд. Амерыкі, існуюць ачагі ў Азербайджане, Дагестане, Таджыкістане. На Беларусі ліквідавана ў 1950-я г. Крыніца хваробы — хворы на М. чалавек ці паразітаносьбіт. Заражэнне адбываецца пры ўкусе камара. Узбуджальнік пранікае ў кроў чалавека і заносіцца ў печань, дзе размнажаецца, потым укараняецца ў эрытрацыты. Разбурэнне эрытрацытаў суправаджаецца прыступамі ліхаманкі, дрыжыкамі, павялічваюцца селязёнка, печань. Ускладненні: малярыйная кома, анемія, нырачная недастатковасць. Адрозніваюць 4 формы М., найб. цяжкая трапічная. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 10, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫТ,

інфекцыйная хвароба коней, якая характарызуецца ліхаманкай, запаленнем падсківічных лімфавузлоў і слізістых абалонак носа і глоткі. Пашыраны ўсюды, найб. у краінах з умераным і халодным кліматам. Хварэюць пераважна маладыя (да 5 гадоў) жывёлы ў халодны перыяд. Узбуджальнік — мытны стрэптакок, які перадаецца з выдзяленнямі хворых і бактэрыяносьбітаў (перахварэлых і здаровых). Заражэнне адбываецца праз страўнікава-кішачны тракт, радзей аэрагенным ці палавым шляхам. Формы цячэння: тыповая (т-ра да 41 °C, слізіста-гнойныя выдзяленні з носа, кашаль, балючае ацяканне падсківічных лімфавузлоў, іх нагнаенне і ўскрыццё), метастатычная, або ўскладненая (абсцэсы таксама ў інш. лімфавузлах, мозгу, суставах, унутр. органах), генітальная (запаляюцца палавыя органы і блізкія да іх лімфавузлы), абартыўная (лёгкая, без нагнаенняў).

т. 11, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮКА́СЛСКАЯ ХВАРО́БА, псеўдачума птушак,

высоказаразная інфекц. хвароба птушак, якая пашкоджвае пераважна ц. н. с., органы стрававання і дыхання. Выклікаецца РНК-змяшчальным вірусам з роду параміксавірусаў. Хварэюць пераважна курападобныя (часцей куры), таксама галубы, вераб’і, шпакі і некат. інш., найб. — маладняк. Крыніца інфекцыі — хворыя і вірусаносьбіты. Заражэнне праз слізістыя абалонкі вачэй, дыхальных шляхоў, страўнікава-кішачнага тракту з паветрам, кормам, вадой. Цячэнне маланкавае (без выяўленых сімптомаў), вострае, падвострае ці хранічнае. Праяўляецца прыгнечанасцю, высокай т-рай, паносам, паралічамі, запаленнем, множнымі дробнымі кровазліццямі ва ўнутр. органах і інш., птушкі часта гінуць. Апісана і ў чалавека (з катарам верхніх дыхальных шляхоў, кан’юнктывітам, ацёкам павекаў і твару).

т. 11, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСАРАПТО́З, наскурная кароста,

інвазійная хвароба жывёл, якая выклікаецца кароставымі кляшчамі з роду наскурнікаў. Хварэюць буйная і дробная раг. жывёла, коні, трусы, ласі, алені і інш. Узбуджальнікі спецыфічныя для пэўных відаў жывёл. Пашырана ўсюды, у т. л. на Беларусі.

Хвароба часцей рэгіструецца ў асенне-зімовы перыяд, у цёплы час года набывае скрытае, запаволенае цячэнне. Заражэнне адбываецца пры кантакце з хворымі жывёламі, праз прадметы догляду, подсціл і інш. Праяўляецца неспакоем, моцным свербам, жывёлы знясільваюцца, у іх выпадае поўсць, на скуры ўтвараюцца жаўтавата-чырв. вузельчыкі, напоўненыя вадкасцю. У авечак паталаг. працэсы развіваюцца ў вобласці паясніцы і спіны, у буйн. раг. жывёлы — на карку, шыі, каля кораня хваста.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭШЭРЫХІЁЗ, колібактэрыёз,

група інфекцыйных захворванняў чалавека і жывёл, якія выклікаюцца ўмоўна-патагеннымі або патагеннымі кішэчнымі палачкамі. У чалавека пашкоджваюць пераважна кішэчнік, таксама мочавывадныя і дыхальныя шляхі і інш. Часцей хварэюць дзеці (нават нованароджаныя). Крыніца інфекцыі — хворы на Э. або носьбіт патагеннай эшэрыхіі. Заражэнне фекальна-аральным шляхам пры ўжыванні заражанай ежы або вады; у бальніцах кантактным шляхам. Прыкметы: панос, ірвота, агульная інтаксікацыя. абязводжванне арганізма. Найб. цяжка Э. працякае пры заражэнні энтэрагемарагічнымі эшэрыхіямі (пры гэтай форме хваробы прыбягаюць да гемадыялізу). Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл хварэюць пераважна цяляты. парасяты. ягняты. Асн. крыніца інфекцыі — хворы і перахварэлы маладняк, а таксама дарослыя жывёлы-носьбіты ўзбуджальнікаў.

А.​А.​Астапаў.

т. 18, кн. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Übertrágung f -, -en

1) перано́с

2) перакла́д (на іншую мову)

3) трансля́цыя, перада́ча

4) заражэ́нне

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)