Існаваў у 16—18 ст. у г. Быхаў. Стаяў на высокім правым беразе Дняпра, на месцы паселішча 14—15 ст. Уваходзіў у сістэму Быхаўскіх гарадскіх умацаванняў. Да 1590, калі вытрымаў напад «нізавых казакоў» М.Федаровіча, меў драўляна-земляныя ўмацаванні — кальцавы вал, драўляныя сцены ў выглядзе гародняў, вежы і ўязную браму. Тады ж гаспадар горада гетман Я.К.Хадкевіч атрымаў ад караля грамату на ўзвядзенне новага замка. Будаўніцтва яго скончылася ў 1619. Пры Л.Сапегу, да якога ў 1628 перайшоў Быхаў, зроблена бастыённая фартыфікацыя. Новы Быхаўскі замак займаў участак берага ў выглядзе няправільнага прамавугольніка памерам 77 × 100 м, з Пд, З і Пн быў абведзены равамі шырынёй да 22—27 м, па краях пляцоўкі — землянымі валамі з бастыёнамі. Да мураванай замкавай брамы, па баках якой знаходзіліся васьмігранныя 2-ярусныя цагляныя вежы, вёў драўляны мост. На восі ўезду ў замак размяшчаўся палац, справа ад яго стаяла казарма. Быхаўскі замак перажыў шмат аблог і штурмаў (гл.Быхава аблога 1654—55, Быхава абарона 1659, Быхава аблога 1660—61, Быхава аблога 1702, Быхава абарона 1707).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—18 ст. на правым беразе р. Сож. Займаў пляцоўку берагавога плато, дзе ў канцы 11—13 ст. быў дзядзінец стараж. Крычава. Комплекс умацаванняў замка складаўся з 5 вежаў, у т. л. вежы-брамы. Сцены фартыфікацыі мелі выгляд «клетей замковых» тыпу 2-ярусных гародняў. На замкавым двары былі драўляная царква св. Міколы, дом дзяржаўцы, свірны, стайні, паграбы, жылыя будынкі служак, цэйхгауз-«скрабец» для захоўвання пораху, амуніцыі і рознай зброі. К.з. перажыў аблогі ў 1507, 1508, 1514, 1535, 1633 (тройчы), 1648, 1651, 1654, 1658, 1661 і 1744. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак моцна разбураны. У час працяглай аблогі войск рус. ваявод Шарамецева і Шчарбатага знясілены гарнізон К.з. быў вымушаны здацца К.Паклонскаму. У Паўн. вайну 1700—21 замак канчаткова разбураны і адрадзіўся толькі перад 1744, калі змог вытрымаць штурмы паўстанцаў В.Вашчылы ў час Крычаўскага паўстання 1743—44. У 1778 рус.ваен. тапографы зафіксавалі замак з палісадам на вяршыні вала і амаль засыпаны роў, пасля 1780-х г. ён страціў ваен. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ШСКІ ЗА́МАК Існаваў у 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. каля в. Старая Мыш
(Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) на высокім правым беразе р. Мышанка. Квадратны ў плане (50 × 50 м) замак быў абнесены з У, Пд і З земляным валам (шыр. каля 15, выш. 3,5—4 м) і абарончым ровам (шыр. 30, глыб. да 15 м, адхоны берагоў 45°),
з Пн ахаваны дрыгвяністым берагам ракі. На земляным вале і паўн. краі замка былі драўляныя сцены з 4 вежамі па вуглах. У 1654 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пасля працяглай аблогі замак узяты рус. войскамі і спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЬЯ́НСКІ ЗА́МАККазьянская крэпасць.
Існаваў у 16 ст. на Пн ад в. Казьяны Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1563 у час Лівонскай вайны 1558—83 паводле загаду Івана Грознага як парубежная крэпасць. Планіроўку і памеры замка вызначыў мыс лукавіны р. Обаль. Будынак драўляны, трохвугольны ў плане (50 × 120 × 110 м), з трыма чацверыковымі вежамі (былі падзелены ўнутры на 3 баявыя ярусы), накрытымі 2-схільнымі дахамі па вуглах. Вежа, размешчаная ў перашыйку лукавіны ракі, мела арачны праезд, астатнія — «глухія», стаялі на паўкруглых у плане падмурках, прарэзаных круглымі байніцамі. Вежы злучаліся абарончымі сценамі (пад 2-схільным крыццём) з прамавугольнымі байніцамі ў верхняй частцы. Цэнтр. частку ўнутр. прасторы замка займала жылая забудова. Замак разбураны ў 1579 войскамі Рэчы Паспалітай, адлюстраваны на малюнку С.Пахалавіцкага (1579).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ТНАЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16 ст. на паўд.-зах. беразе воз. Сітна каля вытокаў р. Палата (Полацкі р-н Віцебскай вобл.). Пабудаваны ў 1563 з дрэва на штучнай земляной выспе, умацаванай драўлянымі канструкцыямі. Трапецападобную форму замка вызначала канфігурацыя мыса, утворанага берагам возера і лукавінай ракі. Быў умацаваны драўлянымі абарончымі сценамі-гароднямі з 4 вуглавымі чацверыковымі 3-яруснымі вежамі (на паўкруглых у плане асновах), накрытых двухсхільнымі дахамі. Праезд у замак размяшчаўся ў сцяне з боку перашыйка паміж ракой і возерам. 1-павярховая драўляная забудова размяшчалася ў цэнтры замка, свабодная прастора ўздоўж сцен прызначалася для манеўра войск. С.з. разбураны войскамі ВКЛ у 1566, потым адбудаваны і зноў знішчаны пры штурме ў час Лівонскай вайны 1558—83. Вядомы паводле малюнка С.Пахалавіцкага 1579.
Ю.А.Якімовіч.
Сітнаўскі замак. З малюнка С.Пахалавіцкага. 1579.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЗА́МАК,
старажытная крэпасць, на аснове якой узнік г.Мінск. У стараж.-рус. летапісах вядомы пад назвай «град», «горад», у актах 15—17 ст. — замак, пазней — Стары горад, Старое места, Стары замак, Замкавая гара, Замчышча. Пабудаваны ў 2-й пал. 11 ст. на правым беразе р. Свіслач пры ўпадзенні ў яе Нямігі для абароны паўд. межаў Полацкага княства. Быў абнесены валам выш. каля 8 м, на грэбені якога пастаўлены драўляныя сцены, з паўд. боку — брама тыпу вежы. Замак меў форму няправільнага прамавугольніка (даўж. ад Свіслачы да процілеглага зах. краю 300 м, шыр. 120—150 м, пл. 3 га). Абкружаны з усіх бакоў вадой, меў выгляд умацаванага вострава. Гал. вуліца замка шыр. 4 м перасякала дзядзінец з У на З, ад яе адыходзілі вузкія завулкі. Шырыня астатніх вуліц была 3 м, праезная іх частка масцілася драўлянымі насціламі. Паміж вуліцамі размяшчаліся двары гараджан. Яны ўключалі 1—2 жылыя пабудовы, хлявы, клеці, майстэрні. Двор абгароджваўся парканам з бярвён, свабодная ад забудовы плошча масцілася насцілам. У 12—13 ст. у замку было 80—82 двары і 400—500 жыхароў. Умацаванні М.з. паспяхова вытрымалі асаду войска паўд.-рус. князёў і іх саюзнікаў у 1105 (у летапісе недакладна 1104) і 1116, няўдалымі былі спробы полацкага кн. Рагвалода Барысавіча ўзяць М.з. прыступам у 1159 і 1160 у час княжацкіх міжусобіц. Доўгі час замак быў паліт., ваенным і культ. цэнтрам, рэзідэнцыяй князёў, пазней велікакняжацкіх і каралеўскіх намеснікаў. У 1506 войскі крымскага хана Махмет-Гірэя, захапіўшы горад, не здолелі авалодаць крэпасцю. У замку былі ваенны гарнізон (залога), правіянцкія крамы, дом кіеўскага мітрапаліта, уладанні кн. Астрожскага. У вежы каля замкавай брамы размяшчалася турма. У М.з. знаходзіліся цэрквы Мікалаеўская і Раства Багародзіцы. З канца 17 ст.замак стаў паступова занепадаць, да канца 18 ст. асталіся земляныя валы, зафіксаваныя на планах Мінска канца 18 — пач. 19 ст.Археал. даследаванні М.з. праводзілі ў 1945—51, 1957 В.Р.Тарасенка, у 1958—61 Э.М.Загарульскі, у 1976 Г.В.Штыхаў, у 1981—82 В.Е.Собаль і Штыхаў, у 1983—87 Штыхаў.
Заяц Ю.А. Оборонительные сооружения Менска XI—XIII вв. Мн., 1996.
Г.В.Штыхаў.
Мінскі замак. Брама 12—1-й пал. 13 ст. Рэканструкцыя Ю.А.Зайца. Забудова заходняй часткі Мінскага замка. 13 ст. Рэканструкцыя П.А.Русава. Мастак А.Зарх.Забудова заходняй часткі Мінскага замка. 13 ст. Рэканструкцыя П.А.Русава. Мастак А.Зарх.Мінскі замак. Брама 12—1-й пал. 13 ст. Рэканструкцыя Ю.А.Зайца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЙСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. у г.п. Друя Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаўся ў сутоках Друйкі і Зах. Дзвіны. У час Лівонскай вайны 1558—83 у Д.з. ў 1561 размяшчаўся конны атрад. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст.замак зведаў шматлікія аблогі і штурмы, неаднаразова быў разбураны і спалены. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адноўлены, але сваёй магутнасцю не вылучаўся. У 18 ст. паступова прыйшоў у заняпад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЦКІ ЗА́МАК.
Існаваў 14—17 ст. ў сярэдневяковым г.Друцк (каля сучаснай в. Друцк Талачынскага р-на Віцебскай вобл.). Быў абнесены высокім валам і глыбокім ровам. Звесткі пра замак ёсць у дакументах за 1544, 1545 і 1549, у «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» (1578, 1581) А.Гваньіні. Д.з. пастаянна пазначаўся на картах Еўропы за 1562, 1589, 1595 і 1613. Заняпаў, верагодна, у сярэдзіне 17 ст. У дакументах перыяду вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пра Д.з. не ўпамінаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ВЕНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. Размяшчаўся каля сутокаў рэк Дубровенка і Дняпро. Меў выгляд прамавугольніка (каля 125 × 45 м). Паводле інвентара (складзены 28.5.1545), у цэйхгаўзе замка знаходзіліся 242 адзінкі агнястрэльнай зброі, шмат інш.ваен. рыштунку. У 1535 і 1562 замак спалены рус. войскам, але хутка адноўлены. У ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 яго зноў займалі і спальвалі рус. войскі. У 1730-я г. Д.з. адноўлены і праіснаваў да 1772.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. на правым беразе Дняпра. Пабудаваны на месцы стараж. паселішча Лоева Гара мілаградскай культуры і гарадзішча 11—13 ст. Меў форму паўкруга дыяметрам каля 125 м, абведзенага земляным валам і ровам.
Замак неаднаразова разбуралі крымскія татары. Апісанне ўмацаванняў Л.з. не захавалася. На карце М.Струбіча за 1578 пазначана высокая абарончая вежа. Верагодна, тут былі традыцыйныя драўляныя вежы і сцены-гародні. Умацаванні Л.з. існавалі да далучэння Усх. Беларусі да Рас. імперыі.