РЫ́О-ГРА́НДЭ (Rio Grande), Рыо-Брава-дэль-Нортэ (Río Bravo dei Norte),
рака ў ЗША і Мексіцы (на працягу каля 2 тыс.км утварае мяжу паміж імі). Даўж. 2870 км, пл. басейна 570 тыс.км². Пачынаецца ў гарах Сан-Хуан (сістэма Скалістых гор), цячэ пераважна па засушлівых плато, месцамі ў вузкіх каньёнах, упадае ў Мексіканскі заліў. Буйны прыток Пекас (злева). Сцёк амаль поўнасцю разбіраецца на арашэнне. Сярэдні расход вады ў сярэднім цячэнні 570 м³/с, у вусці 15—20 м³/с. Буйныя вадасховішчы Элефант-Б’ют і Фалькон. Суднаходная на асобных участках. На Р.-Г. — гарады Альбукерке, Эль-Паса, Ларэда (ЗША), Сьюдад-Хуарэс, Нуэва-Ларэда (Мексіка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РДЭНАС, Кардэнас-і-Дэль-Рыо; (Cárdenas у de Rio) Ласара (21.5.1895, г. Хікільпан, штат Мічаакан, Мексіка — 19.10.1970), ваенны, дзярж. і паліт. дзеяч Мексікі. Дывізійны генерал (1928). Удзельнік Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. У 1928—32 губернатар штата Мічаакан, з 1931 міністр унутр. спраў, з 1933 ваен. міністр. У 1934—40 прэзідэнт Мексікі. Яго ўрад нацыяналізаваў уласнасць амер. і англа-галандскіх нафтавых кампаній, чыгункі, што належалі англа-амер. трэстам, праводзіў агр. рэформу. У 1943—45 міністр нац. абароны. З 1949 актыўны ўдзельнік Руху прыхільнікаў міру, з 1950 віцэ-старшыня Сусв. Савета Міру (з 1969 ганаровы старшыня). З 1966 член т. зв. трыбунала Расела, які займаўся расследаваннем злачынстваў ЗША у В’етнаме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІМ (ад грэч. mimos пераймальнік, перайманне),
1) камедыйны жанр у ант.нар. т-ры; кароткія імправізаваныя сцэнкі сатыр. ці быт. зместу з выкарыстаннем мімікі, жэстаў, акрабатыкі, танца, песні, імправізаванага тэксту. Узнік у Стараж. Грэцыі ў 5 ст. да н.э., у эліністычную эпоху (4—3 ст. да н.э.) пашырыўся на Б. Усход, у 1 ст. да н.э. вядомы ў Стараж. Рыме. Першую літ. апрацоўку атрымаў у творчасці паэта Сафрона і яго сына Ксенарха, росквіту дасягнуў у творчасці Дэцыма Лаберыя і Публілія Сіра. Паўплываў на л-ру (дыялогі Платона, ідыліі Феакрыта), сярэдневяковыя фарсы і італьян. камедыю дэль артэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЬЯРЭ́ЛІ (Signorelli) Лука (паміж 1445—50, г. Картона, Італія — 16.10.1523),
італьянскі мастак эпохі Адраджэння. Вучыўся ў П’ера дэла Франчэскі, зазнаў уплыў А. дэльПалаёлы і Перуджына. Працаваў у Картоне, Фларэнцыі, Ларэце, Рыме, Арвіета і інш. Творы вызначаюцца строгасцю, гераічнасцю вобразнага ладу; фрэскі ў Сіксцінскай капэле Ватыкана (1481—83), у клуатры манастыра Монтэалівета Маджорэ ў Таскане (1497), капэле Сан-Брыцыо сабора ў Арвіета (1499—1504); станковыя карціны «Мадонна на троне ў акружэнні святых» (1484), «Пан» (1488—90). Асаблівую ўвагу аддаваў выяўленню фігуры чалавека ў складаных ракурсах з падкрэсленай выразнасцю пластычнай мадэліроўкі, напружанасцю контурнага малюнка, якому ў позніх работах уласціва некат. застыласць.
Л.Сіньярэлі. Паўстанне з мёртвых. Фрэска капэлы Сан-Брыцыо сабора ў Арвіета. 1499—1504.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРЭ́ЛЕР (Strehler) Джорджа (14.8.1921, г. Трыест, Італія — 25.12.1997),
італьянскі рэжысёр. Скончыў Акадэмію аматараў драм. мастацтва ў Мілане (1940). У 1947—68, з 1972 арганізатар і кіраўнік (сумесна з П.Грасі) 1-га ў Італіі стацыянарнага драм.т-ра «Пікала-тэатр» (Мілан), у 1968—72 кіраўнік уласнай тэатр. трупы. Адрадзіў прыёмы італьян. камедыі дэль артэ, працягваў сцэн. традыцыі Б.Брэхта. Сярод пастановак: «Слуга двух гаспадароў» (1947) і «Камп’ела» (1975) К.Гальдоні, «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1955), «Трохграшовая опера» (1956), «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Швейк у другой сусветнай вайне» (1961) Брэхта, «Кароль Лір» У.Шэкспіра (1972), «Вялікая магія» Э.Дэ Філіпа (1989), «Востраў рабоў» П.Марыво (1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕРА́РСКАЯ ШКО́ЛА,
італьянская жывапісная школа эпохі Адраджэння. Цэнтрам школы, якая склалася пад уздзеяннем А.Мантэньі і П. дэла Франчэскі, часткова нідэрландскага жывапісу, быў двор герцагаў д’Эстэ ў г. Ферара. Творчасці майстроў Ф.ш., якая дасягнула росквіту ў 2-й пал. 15 ст. (К.Тура, Ф. дэльКоса і інш.), уласцівы спалучэнне познагатычных і раннерэнесансавых рысаў, вытанчаная дэкаратыўнасць і эмац. экспрэсія вобразаў, выразная напружанасць малюнка і пластычная дакладнасць форм. У пач. 16 ст. Ф.ш. наблізілася да венецыянскай школы, зазнала ўплыў рымскіх мастакоў, да сярэдзіны 16 ст. заняпала.
Да арт.Ферарская школа. А.Мантэньі. Маркіз Ладавіка з жонкай Барбарай Брандэнбургскай, дзецьмі і прыдворнымі. Фрагмент размалёвак. Камера дэльі Спозі ў Мантуі. Італія. 1471—77.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛАРЭНЦІ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,
адна з вядучых маст. школ Італіі эпохі Адраджэння. Заснавальнік — Джота ды Бандоне. У пач. 15 ст. — авангард гуманіст. мастацтва Адраджэння (Данатэла, Мазачыо, Л.Гіберці, Л. дэла Робія, А.Раселіна і інш.). Творы адметныя матэматычна дакладнай пабудовай прасторы, імкненнем да пластычна выразнай, анатамічна правільнай будовы чалавечага цела, адточанасці малюнка. Пошукі майстроў Ф.ш.ж. завяршылі Леанарда да Вінчы і Мікеланджэла, якія ўзнялі маст. здабыткі школы на якасна новы ўзровень. У канцы 15 ст. з’явіліся рысы вытанчанага дэкаратывізму і стылізацыі (А. дэльВерок’ё, С.Батычэлі). У 1530-я г. школа — адзін з цэнтраў прыдворнага і элітарнага мастацтва маньерызму (Дж.Вазары, А.Бранзіна, Я.Панторма і інш.). У 17 ст. заняпала.
Фларэнційская школа жывапісу. С.Батычэлі. Вясна. Каля 1477—78.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПІ (Lippi),
італьянскія жывапісцы эпохі Ранняга Адраджэння; прадстаўнікі фларэнційскай школы жывапісу.
Фра Філіпа Л. (каля 1406, г. Фларэнцыя, Італія — 9.10.1469). У 1421—56 быў манахам-кармелітам. Як мастак склаўся пад уплывам Мазачыо, Мазаліна, Анджэліка, Л. Манака. Працаваў у Фларэнцыі, Падуі (1434—37), Прата (1452—64, з перапынкамі), Спалета (з 1466). Яго фрэскавыя цыклы вызначаюцца вытанчанасцю лінейнага малюнка, мяккай святлоценявой лепкай формы, гармоніяй светлага, стрыманага каларыту, індывідуальнасцю і простанароднасцю вобразаў («Рэформа кармеліцкага ордэна» ў царкве Санта-Марыя дэль Карміне ў Фларэнцыі, 1432—33; «Сцэны з жыцця Іаана Хрысціцеля і св. Стэфана» ў саборы ў Прата, 1452—64). Алтарным кампазіцыям уласцівы лірычнасць, змякчэнне пластычнай трохмернасці форм складанымі, гарманічна-плаўнымі матывамі руху і святлоценявой насычанасцю каларыту («Мадонна Тарквінія», «Мадонна з немаўляці, св. Фрэдрыяна, св. Аўгусцінам і анёламі», абедзве 1437; «Каранаванне Маці Божай», 1441—47; «Дабравешчанне», 1440-я г.; «Тонда Барталіні», 1452; «Пакланенне немаўляці», канец 1450 — пач. 1460-х г.). Сярод яго вучняў С.Батычэлі.
Філіпіна Л. (каля 1457, г. Прата, Італія — 18.4.1504). Сын Фра Філіпа Л. Вучыўся ў свайго бацькі, пазней у Батычэлі. У сталы перыяд зазнаў уплывы Леанарда да Вінчы і нідэрландскіх жывапісцаў. Творчасць вызначаецца эмацыянальнай выразнасцю контурных ліній і вытанчанасцю колеравай гамы, якая падкрэсліваецца багаццем арх.-дэкар. матываў, навеяных ант. мастацтвам. Сярод твораў: фрэскі ў капэле Бранкачы ў царкве Санта-Марыя дэль Карміне (каля 1481—83) і капэле Строцы ў царкве Санта-Марыя Навела (1487—1502) у Фларэнцыі, у царкве Санта-Марыя сопра Мінерва ў Рыме (каля 1488—93), алтарныя кампазіцыі «Сцэны з жыцця Лукрэцыі» (каля 1475—80), «Мадонна на троне са святымі» (1485), «Пакланенне немаўляці Хрысту» (сярэдзіна 1480-х г.), «Пакланенне вешчуноў» (1496) і інш. У позніх работах узмацніліся рысы неспакою і манернай напружанасці.
Фра Філіпа Ліпі. Тонда Барталіні. 1452.Філіпіна Ліпі. Апостал Філіп каля храма Марса. Цуд з драконам. Фрэска ў капэле Строцы ў царкве Санта-Марыя Навела. 1487—1502.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛУБ Леў Уладзіміравіч (29.9.1904, г. Днепрапятроўск, Украіна — 26.5.1994),
бел. кінарэжысёр. Нар.арт. Беларусі (1964). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (1928). У 1939—79 на кінастудыі «Беларусьфільм». Ствараў маст. фільмы для дзяцей і юнацтва: «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959; прэміі Усесаюзнага кінафестывалю, міжнар. кінафестываляў у Мар-дэль-Плата, «Залатая пласцінка» і дыплом у Вічэнца), «Анюціна дарога» (1968), «Паланэз Агінскага» (1971; за ўсе тры Дзярж. прэмія Беларусі 1972). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі 1968 за фільмы «Дзяўчынка шукае бацьку», «Анюціна дарога», «Дзеці партызана» (1954, з М.Фігуроўскім), «Міколка-паравоз» (1957) і «Вуліца малодшага сына» (1962). Зняў стужкі «Пушчык едзе ў Прагу» (1965) і «Маленькі сяржант» (1977) (з кінастудыяй «Барандаўфільм», Чэхаславакія). Фільмы Голуба вызначаюцца веданнем дзіцячай псіхалогіі, уменнем раскрыць маст. здольнасці юных выканаўцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯ́НА (Maiano),
італьян. архітэктары і скульптары эпохі Ранняга Адраджэння; браты. Нарадзіліся ў г. Таскана (Італія):
Джуліяна да М. (1432—17.10.1490). Паслядоўнік традыцый Ф.Брунелескі, імкнуўся да складаных прасторавых вырашэнняў, дэкаратыўнасці арх. вобразаў: Палацца Спанокі ў Сіене (з 1473), сабор у Фаэнцы (1474—86), Порта Капуана ў Неапалі (1484). У тэхніцы разьбы па дрэве ці інтарсіі ствараў дэталі ўбрання цэркваў і грамадскіх будынкаў. У 1477—90 кіраваў буд-вам сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі.
Бенедзета да М. (1442—24.9.1497). Вучыўся ў брата Джуліяна. Яго творы адметныя тонкай гармоніяй, вытанчанасцю скульпт. і арх. дэталей: кафедра ў царкве Санта-Крочэ (1472—76), Палацца Строцы (з 1489, скончаны арх. Кранакам) у Фларэнцыі, тэракотавыя партрэтныя бюсты Ф.Строцы (каля 1490), А.Вані (1493) і інш.