КАПЕ́ЙКА (ад скарочанай назвы манеты 16 ст. дзенга капейная, на якой была выява вершніка з кап’ём),
манета ў Вял.кн. Маскоўскім, Царстве Маскоўскім, Рас. імперыі, СССР і дапаможная грашова-лікавая адзінка ў Рас. імперыі, СССР, Рэспубліцы Беларусь.
У Маск. дзяржаве і Рас. імперыі 2-й трэці 16 — пач. 18 ст. манета зборнага наміналу ў 2 дзенгі (драцяная і на высечаных з бляхі кружках). У 17 ст. паступова выцесніла як манету дзенгу і стала асн. наміналам у складзе грашовай масы Маск. дзяржавы. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 медныя драцяныя К. пранікалі і на Беларусь. К. сустракаецца ў бел. скарбах 2-й пал. 17 ст. — пач. 18 ст. 2) У Рас. імперыі з 1720-х г. і ў СССР пасля грашовай рэформы 1924 — манета, намінал якой адпавядаў дапаможнай грашова-лікавай адзінцы ў 1/100 рубля. Па крыніцах, вядомых у пач. 18 ст. на Беларусі, пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі афіцыйна ўвайшла ў грашовае абарачэнне бел.губерняў.
3) Адзін з «наміналаў» залатых або залачоных сярэбраных драцяных «манет» для жалавання (узнагарод) войску ў Маск. дзяржаве 2-й пал. 15—17 ст., якія выконвалі функцыю ўзнагародных медалёў.
4) Адзін з наміналаў металічных вайсковых бонаў (марак) рас. арміі канца 19 — пач. 20 ст. 5) У Рас. імперыі ніжэйшы намінал недатаваных папяровых казначэйскіх марак-грошаў 1915, у 1917 — Часовага ўрада Расіі.
6) Ніжэйшы намінал бонаў з жалеза германскіх акупац. войск 1916.
7) Ніжэйшы намінал некаторых мясц. эмісій бонаў 1914—15 у Польшчы, Латвіі, Літве і часоў грамадз. вайны ў Расіі. 8) У СССР ніжэйшы намінал казначэйскіх бонаў 1924, якія часова ўжываліся з-за дэфіцыту разменнай манеты. 9) Дапаможная грашова-лікавая адзінка ў Рэспубліцы Беларусь з моманту дэнамінацыі 20.8.1994 да зняцця з абарачэння 1.3.1995 разліковага білета ў 50 К. узору 1992. 10) Манета і грашова-лікавая адзінка Расійскай Федэрацыі з 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЖА́ АСЕ́ЛАСЦІ, мяжа яўрэйскай аселасці,
частка тэр.Рас. імперыі, з якой у 1792—1917 не дазвалялася свабоднае перасяленне яўрэяў у інш. рэгіёны краіны. Першапачаткова ўводзілася з мэтай абараніць інтарэсы рас. купцоў і прадпрымальнікаў ад канкурэнцыі яўр. капіталу з зямель, што былі далучаны да Расіі ў сярэдзіне 17 — пач. 19 ст.: у выніку вайны з Рэччу Паспалітай 1654—67, трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) і войнаў з Турцыяй (1735—39, 1768—74, 1787—91, 1806—12). Ахоплівала пераважна вобласці традыц. рассялення яўрэяў на тэр.б. Рэчы Паспалітай (Беларусь, б.ч. Украіны, Літва, ч. Латвіі) і каланізаваныя яўрэямі стэпавыя раёны Паўн. Прычарнамор’я, што былі адваяваны Расіяй у туркаў і крымскіх татар (паўд. вобласці Украіны і ч. Малдовы). Падставай для ўвядзення М.а. стаў дазвол у студз. 1780 яўрэям Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў запісвацца ў гар. купецкае і мяшчанскае саслоўі. Указам ад 3.1.1792 Кацярына II забараніла яўрэям запісвацца ў купецкае саслоўе рас. гарадоў і партоў, а дазволіла мець правы «грамадзянства і мяшчанства» толькі ў межах бел. намесніцтваў і Таўрычаскай вобл. Указам ад 4.10.1794 права аселага жыхарства і купецка-мяшчанскіх заняткаў для яўрэяў дазволена ў 10 новаўтвораных губернях. 14.5.1795 яўрэям-купцам і мяшчанам забаронена перамяшчацца з губерні ў губерню. Паводле Палажэння аб яўрэях 1804 ім дазвалялася пражываць у 13 зах. губернях. У адпаведнасці з палажэннем 1835 у М.а. ўключаны 15 губерняў: Бесарабская, Валынская, Віленская, Віцебская, Гродзенская, Екацярынаслаўская, Кіеўская, Ковенская, Магілёўская, Мінская, Падольская, Палтаўская, Таўрычаская, Херсонская, Чарнігаўская. У межах М.а. яўрэям забаранялася пражываць у вёсках, а таксама ў Кіеве, Севастопалі і Ялце. У Курляндскай губ., на Каўказе, а пазней і ў Сярэдняй Азіі дазвалялася пражываць толькі «мясц. яўрэям». Абмежавальнае заканадаўства не датычыла яўрэяў, якія прымалі праваслаўе. У 1835 яўрэям дазволена па-за М.а. набываць нерухомасць (акрамя маёнткаў, населеных сялянамі), засноўваць земляробчыя калоніі і фабрыкі. З абмежавальнага заканадаўства выключаліся купцы 1-й гільдыі (указ 1859), асобы з вышэйшай (1861) і сярэдняй (1865, 1866, 1872) адукацыяй, рамеснікі, механікі, вінакуры (1865), аптэкары, дантысты, фельчары, павітухі (1879), ваеннаслужачыя па рэкруцкім наборы з сем’ямі (1860, 1867). М.а. і ўсе заканадаўчыя абмежаванні яўрэяў у грамадзянска-маёмасных правах скасаваны пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 паводле закону «Аб адмене веравызнальных і нацыянальных абмежаванняў» (2.4.1917).
Літ.:
Анищенко Е.К. Черта оседлости: (Бел. синагога в царствование Екатерины II). Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ АДДЗЕ́Л РУ́СКАГА ГЕАГРАФІ́ЧНАГА ТАВАРЫ́СТВА, Паўночна-Заходні аддзел імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства. Існаваў у 1867—1915 у Вільні як тэр. філіял Рус.геагр.т-ва. Узначальваў яго папячыцель Віленскай навуч. акругі; першы кіраўнік І.П.Карнілаў, члены — вайскоўцы, чыноўнікі, духавенства. Паводле палажэння ад 2.7.1867 павінен быў займацца вывучэннем 6 губерняўПаўн.-Зах. краю, пераважна ў галіне археаграфіі, археалогіі, этнаграфіі, статыстыкі. Меў секцыі: фіз.-матэм., этнаграфіі, археалогіі і археаграфіі, статыстыкі. Секцыя этнаграфіі выпусціла праграму па збіранні этнагр. і фалькл. матэрыялаў (паўтарала праграму Рус.геагр.т-ва без уліку нац. асаблівасцей нар. творчасці беларусаў). У выніку актывізацыі дзейнасці настаўнікаў сабраны запісы розных фалькл. жанраў, апісанні нар. календара і абрадаў, стану сельскай гаспадаркі, промыслаў, побыту і інш. Секцыя археалогіі і археаграфіі падрыхтавала і выдала шэраг апісанняў архіваў, у т. л. архіва віленскага ген.-губернатара М.В.Рапніна (1783—84). Да 1876 работа аддзела фактычна прыпынілася. У 1910 па ініцыятыве папячыцеля Віленскай навуч. акругі д-ра астраноміі Р.В.Лявіцкага віленскі губернатар Дз.М.Любімаў аднавіў дзейнасць аддзела. Яго старшынёй стаў Лявіцкі, кіраўніком спраў — Дз.І.Даўгяла; у кіраўніцтва ўвайшлі мясц. этнографы, фалькларысты, гісторыкі, археолагі, археографы, біёлагі і географы. На канец 1911 аддзел яднаў больш за 300 чал., пераважна сельскіх настаўнікаў, чыноўнікаў; створаны 4 секцыі: геаграфіі і статыстыкі, этнаграфіі і археалогіі, археаграфіі, гісторыі. У 1910—12 праведзены навук. экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі. У 1910—14 выдаваліся «Записки Северо-Западного отдела Русского географического общества». У 1910 па ініцыятыве аддзела выдадзены шэраг кніг па гісторыі Беларусі, у т. л. «Нарыс гісторыі Літоўска-Рускай дзяржавы да Люблінскай уніі ўключна» М.К.Любаўскага, «Апошняе ўз’яднанне з праваслаўнай царквой уніятаў Беларускай епархіі» Г.Шавельскага, «Гродзенская даўніна» Я.Ф.Арлоўскага (ч. 1). На працягу ўсёй гісторыі аддзела ў яго працы прымалі ўдзел гісторыкі і архівісты П.М.Бацюшкаў, Я.Ф.Галавацкі, М.І.Гарбачэўскі, Ф.М.Дабранскі, М.А.Дзмітрыеў, Ю.Ф.Крачкоўскі, М.Я.Нікіфароўскі, Е.Р.Раманаў, У.Г.Сакалоў, А.М.Семянтоўскі, І.А.Сербаў, М.М.Чуркін, П.В.Шэйн, А.М.Энгель і інш. Дзейнасць аддзела спынілася ў сувязі з акупацыяй Вільні герм. войскамі.
Літ.:
Довгяло Д.И. К истории Северо-Западного отдела: (Материалы и заметки) // Зап. Северо-Западного отд. имп. Русского географического о-ва. Вильна, 1910. Кн. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАНДАРМЕ́РЫЯ (франц. gendarmerie ад gens d’armes узброеныя людзі),
палітычная паліцыя. Як інстытут паліт. паліцыі ўпершыню ўведзена ў Францыі (1791). У Расіі ў 1792—1817 (з перапынкамі) існавала ў якасці ваен. паліцыі пры рас. арміі. З лютага 1817 набыла самаст. характар. У Пецярбургу і Маскве былі створаны жандарскія дывізіёны, а ва ўсіх губернскіх гарадах конныя жандарскія каманды. Пасля паўстання дзекабрыстаў Ж. стала сродкам барацьбы з рэв. рухам. У 1826 у Расіі існавала 59 розных па прызначэнні жандарскіх часцей і падраздзяленняў. У 1827 Ж. аб’яднана ў корпус жандараў (у 1837—67 і 1875—1917 — асобны корпус) і падпарадкавана кіраўніку Трэцяга аддзялення ў складзе імператарскай канцылярыі, які з 1839 стаў таксама начальнікам штаба корпуса Ж. У 1867 праведзена рэформа і прынята Палажэнне аб корпусе Ж., якое з нязначнымі зменамі дзейнічала да лют. 1917. Корпус Ж. ахопліваў усю імперыю і выконваў абавязкі паліт., коннай гарадской і ваен. паліцыі. Жандарскія падраздзяленні неслі абавязкі па выяўленні і расследаванні дзярж. злачынстваў, нагляду за турмамі і паліт. вязнямі, падтрыманні парадку на чыгунцы. Ж. мела права весці вышук, тайнае назіранне, рабіць вобыскі і інш. У 1880 пасля скасавання Трэцяга аддзялення Ж. ўвайшла ў падпарадкаванне Мін-ваўнутр. спраў. У 1882 створана пасада камандзіра Асобнага корпуса Ж. Ім стаў нам. міністра ўнутр. спраў, які курыраваў дэпартамент паліцыі. Бел. губернскія жандарскія ўпраўленні (Віленскае, Гродзенскае, Мінскае, Магілёўскае і Віцебскае) уваходзілі ў склад 4-й (Віленскай) жандарскай акругі. У губернскіх гарадах існавалі ўпраўленні жандарскіх штаб-афіцэраў. У буйных нас. пунктах губерняў размяшчаліся жандарскія каманды. У 1885 у 5 бел. губернях былі 24 павятовыя ўпраўленні (па 4 у Віленскай і Мінскай губ., па 5 у Гродзенскай і Магілёўскай, 6 у Віцебскай губ.), у якія ўваходзілі 24 обер- і 263 унтэр-афіцэры. У кожным губ. горадзе было гар. ўпраўленне з адпаведным штатам чыноў, пры Віленскім гар. упраўленні існавала конная каманда. На чыгунках, якія праходзілі праз тэр. Беларусі і Літвы, для падтрымкі грамадскага парадку дзейнічалі Віленскае і Мінскае чыг. жандарскія ўпраўленні. Жандарскія падраздзяленні на тэр. Беларусі прымалі ўдзел у падаўленні паўстання 1863—64, у выкрыцці рэв. гурткоў, дзеячаў рэв. руху. Ж. ліквідавана пасля Лют. рэвалюцыі 1917.
Літ.:
Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 3 изд. М., 1983;
Курлов П.Г. Гибель императорской России. М., 1992;
Новицкий В.Д. Из воспоминаний жандарма. М., 1991;
Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ГІСТАРЫ́ЧНЫ АРХІ́Ўу Санкт-Пецярбург у. Засн. ў 1925 як Ленінградскі цэнтр.гіст. архіў на базе ленінградскіх секцый Цэнтр. архіва РСФСР, створанага ў 1922 (секцыі як часткі Адзінага дзярж. архіўнага фонду ствараліся з 1918). У 1929 Маскоўскі і Ленінградскі цэнтр.гіст. архівы аб’яднаны ў Цэнтр.гіст. архіў. У 1934 на яго базе створаны 4 архівы: нар. гаспадаркі, унутр. палітыкі, культуры і побыту, з 1936 наз. цэнтральнымі. У 1941 на іх базе створаны Цэнтр.дзярж.гіст. архіў у Ленінградзе, з 1961 Цэнтр.дзярж.гіст. архіў СССР, з 1992 сучасная назва. 1367 фондаў, 6 571 911 адзінак захоўвання за 1703—1918 (асобныя дакументы з 1218 і да 1986). Захоўвае фонды вышэйшых і цэнтр. органаў дзярж. улады і кіравання Расіі з 19 ст. да 1917 (акрамя фондаў арміі, флоту і МЗС), грамадскіх арг-цый, устаноў і прыватных асоб дарэв. Расіі, у т. л.Дзярж. савета (1810—1917) і яго дэпартаментаў, Дзярж. думы (1905—17); Гал.к-та па сял. справе (1858—61), Кабінета Міністраў (1802—1906) і Савета Міністраў (1857—82, 1905—17), Кадыфікацыйнага аддзела Дзярж. савета, Аддзялення збору законаў Дзярж. канцылярыі і інш. Найбуйнейшымі з’яўляюцца комплекс фондаў з б. Архіва Урадавага Сената (1711—1917) і фонды Сінода (1721—1918); ёсць калекцыі рукапісных кніг 14 — пач. 20 ст., карт, буд. планаў і фотаздымкаў. Зберагае фонды Дзярж. кантролю, амаль усіх мін-ваў і гал. упраўленняў Рас. імперыі 19 — пач. 20 ст., падначаленых ім устаноў, у т. л.К-таЗах.губерняў 1831—48, пазаміністэрскіх і міжведамасных устаноў; дакументы прыватных акц. суполак, гандл.-прамысл. т-ваў і банкаў, чыг., параходных і страхавых кампаній, навук., культ.-асв. і маст. устаноў. Захоўвае асабістыя фонды значных дваранскіх родаў (Валконскіх, Вяземскіх, Далгарукіх, Дашкавых, Зубавых, Корфаў, Паніных, Талстых і інш.), дзярж. дзеячаў С.Ю.Вітэ, П.А.Сталыпіна і інш., гісторыкаў М.М.Карамзіна, М.П.Паўлава-Сільванскага, М.П.Пагодзіна і інш. Гісторыя правасл. і уніяцкай царквы на Беларусі адлюстравана ў фондах Сінода і Канцылярыі уніяцкіх мітрапалітаў Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі, каталіцкай царквы — Бел.-Літ. духоўнай калегіі Сінода, канцылярыі Магілёўскага рымска-каталіцкага мітрапаліта. Развіццё бел. л-ры асвятляюць дакументы пра газ. «Мужыцкая праўда», «Наша доля», «Наша ніва», «Минский листок», «Северо-Западный край», час. «Гомон», выд-ва «Грамада», пра рэв. дзейнасць А.Гурыновіча і забарону цэнзурай выданняў твораў Ф.Багушэвіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Рыпінскага, Я Купалы; пра жыццё і дзейнасць Я.Карскага. Зберагаюцца дакументы пра ахову бел. помнікаў старажытнасці, апісанні бел. гарадоў і інш.
Літ.:
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 152—157;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЖАНЦЫ,
асобы, якія пакінулі краіну свайго грамадзянства ці пастаяннага месцажыхарства ў выніку ваен. дзеянняў ці інш. надзвычайных сітуацый або ганенняў па паліт., расавых, рэліг. матывах і не атрымалі грамадзянства інш. дзяржавы. У міжнар. праве паняцце «бежанцы» ўпершыню аформлена пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, калі з набліжэннем фронту прымусова высялялася насельніцтва цэлых паветаў і губерняў.
Паводле афіцыйных (далёка не поўных) звестак, на 14.2.1917 у Расіі было 3,2 млн. бежанцаў, з іх зарэгістравана 750 680 з Гродзенскай, 164 351 з Віленскай, 161 453 з Мінскай, 51 954 з Віцебскай, 1654 з Магілёўскай губерняў. Бежанцы з Беларусі былі раскіданы па ўсёй Расіі. Найбольш іх асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губернях, у Петраградзе (100 704), Маскве (128 261). Паводле звестак Наркамата ўнутр. спраў РСФСР, на 11.5.1918 у Расіі жыло 2 292 395 бежанцаў з Беларусі, у т. л. беларусаў і рускіх 2 059 857. На працягу 1918—24 у Зах. Беларусь іх вярнулася каля 700 тыс. Першыя бежанцы на Беларусі з’явіліся восенню 1914. Пасля паражэння рус. арміі вясной — летам 1915 і з набліжэннем фронту Беларусь ператварылася ў бежанскі лагер. Бежанскі рух быў стыхійны, ніякага плана эвакуацыі не існавала. Сяляне імкнуліся застацца на сваёй зямлі, але вайскоўцы і выпраўлялі іх у бежанства. 24.7.1915 былі прызначаны Галоўнаўпаўнаважаныя па ўладкаванні бежанцаў на франтах. Беларусь увайшла ў раён дзейнасці Галоўнаўпаўнаважанага па ўладкаванні бежанцаў Паўн.-Зах. фронту. Толькі 30.8.1915 прыняты закон «Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў», пры міністру ўнутр. спраў створана Асобая нарада па ўладкаванні бежанцаў. Дабрачыннай дзейнасцю займаўся К-т яе імператарскай высокасці вял. княжны Таццяны Мікалаеўны (Таццянінскі к-т, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пераўтвораны ва Усерас.к-т дапамогі пацярпелым ад вайны). Шырокую дзейнасць разгарнулі нац. дабрачынныя арг-цыі. У крас. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое адкрыла шэраг аддзелаў на месцах. У студз. 1916 створана Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Становішча бежанцаў было надзвычай цяжкім. Высокай была іх смяротнасць. Узнікалі канфлікты з мясц. насельніцтвам. Нягледзячы на гэта, нац. свядомасць бел. бежанцаў значна вырасла. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 сярод бежанцаў дзейнічалі арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай народнай грамады. У Маскве адбыліся 2 з’езды бежанцаў-беларусаў (7—10.10 і 2—4.12.1917). Пытанне аб бежанцах разглядалася на Усебел. з’ездзе 1917 (даклад А.Цвікевіча «Бежанскае пытанне і праца бежанскай секцыі з’езда»), на ім створаны к-т па аказанні дапамогі бежанцам. Пазней вырашэннем праблем бежанцаў займалася Рада БНР. Сярод бежанцаў створаны Арэнбургскі гурток беларусаў, Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле, Беларуская вучнёўская грамада і Гурток бел.сацыяліст. моладзі ў Калузе, «Беларуская хатка» ў Арле, «Беларус» і Беларуская чыгуначная грамада ў Маскве, «Беларуская хатка» ў Петраградзе, Бел.нац. гурток у Багародзіцку Тульскай губ, Саюз беларусаў у Архангельску і інш. У 1918—19 работу сярод бежанцаў праводзілі Беларускі нацыянальны камісарыят і бел. секцыі РКП(б). У ліп. 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. У складзе Наркамата па ваен. справах РСФСР у крас. 1918 створана Цэнтр. калегія па справах палонных і бежанцаў (з мая 1919 у Наркамаце ўнутраных спраў РСФСР).
У пачатку Вял.Айч. вайны з Беларусі амаль 1,5 млн.чал. былі эвакуіраваны на ўсход (на бацькаўшчыну вярнуўся толькі кожны 3-і). У час адступлення з акупіраваных тэрыторый ням.-фаш. армія сілай зброі прымушала мясц. насельніцтва адступаць з ёй з тэрыторый, якія займала Сав. Армія. У выніку на тэр. Беларусі былі сагнаны сотні тысяч бежанцаў з Арлоўскай, Калінінскай, Пскоўскай, Смаленскай і інш. абласцей. У выніку прымусовага вывазу фашыстамі насельніцтва з захопленых тэрыторый у Германію (з Беларусі каля 380 тыс.чал.) узнікла катэгорыя перамешчаных асоб. Пагадненнямі паміж СССР, ЗША і Англіяй (лют. 1945), СССР і Францыяй (чэрв. 1945) прадугледжваліся абавязкі бакоў па аблягчэнні лёсу бежанцаў і перамешчаных асоб, садзейнічанні іх рэпатрыяцыі. З утварэннем ААН гэтыя абавязкі паводле рэзалюцый Ген. Асамблеі ад 12 лют. і 15 снеж. 1946 прымалі на сябе краіны — члены ААН, створана Міжнар.арг-цыя па справах бежанцаў (у 1951 заменена Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў). Былі прыняты міжнар. канвенцыі аб прававым статусе бежанцаў (28.6.1951) і апатрыдаў (28.9.1954), пратакол аб статусе бежанцаў (1967), у якіх дэталёва вызначаюцца і падрабязна трактуюцца правы бежанцаў. Паводле гэтых дакументаў, дзяржава, якая прымае бежанцаў, абавязана прадаставіць ім тыя ж правы, якімі карыстаюцца іншаземцы, што жывуць на яе тэрыторыі, права выбару месца жыхарства і вольнага перамяшчэння па краіне. Забараняецца высылка бежанцаў у краіны, з якіх яны прыехалі і дзе цярпелі ганенні (апошняя норма пашыраецца толькі на паліт.эмігрантаў). Бежанцы могуць быць высланы толькі ў выпадку асуджэння за ўчыненне асабліва цяжкага злачынства, якое пагражае бяспецы краіны. Прававое становішча бежанцаў рэгулюецца таксама нац. заканадаўствам, якое распрацавана ў гэтых адносінах у дзяржавах-удзельніцах канвенцыі аб статусе бежанцаў 1951. Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай гэтай канвенцыі.
З распадам СССР і ўзнікненнем міжнар. канфлікту у краінах — б. саюзных рэспубліках Беларусь стала прытулкам для новай хвалі бежанцаў. Іх колькасць павялічваецца і за кошт грамадзян Азіі і Афрыкі, якія па розных прычынах апынуліся на Беларусі і прэтэндуюць на статус бежанцаў. Усяго на Беларусь за 1992—95 прыбылі больш як 30 тыс. такіх асоб. Беларусь мае закон аб бежанцах (прыняты ў 1995). Пытаннямі бежанцаў на Беларусі займаецца спец.Дзярж. міграцыйная служба (з 1992). Дзейнічае прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў (з 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДА,
горад у Гродзенскай вобл., на р. Лідзея (бас.р. Нёман). Цэнтр Лідскага р-на. За 112 км на ПнУ ад Гродна. Вузел чыгунак на Гродна, Вільнюс, Маладзечна, Баранавічы. 99,9, тыс.ж. (1998).
Датай узнікнення Л. лічаць 1323 — пач.буд-ваЛідскага замка, вакол якога паступова вырас горад. У 15—16 ст. горад быў значным цэнтрам рамяства і гандлю, звязаны з Вільняй, Навагрудкам, Мінскам, Полацкам. У гэты час горад складаўся з рыначнай плошчы і 4 вуліц; да яго прымыкала прадмесце Зарэчча. З 1568 цэнтр Лідскага павета Віленскага ваяводства. У 1590 Л. атрымала магдэбургскае права і герб (у левай частцы шчыта выява льва на чырвоным і ў правай — 2 скрыжаваныя ключы на блакітным фоне). З 2-й пал. 17 ст. ў выніку войнаў і феад. анархіі Л. прыйшла ў заняпад, з сярэдзіны 18 ст. пачалося адраджэнне яе эканомікі. У 1756—1834 дзейнічаў Лідскі піярскі калегіум. У 1786 у Л. 514 ж. 3 1795 у Рас. імперыі, пав.цэнтр. Слонімскай (1795), Літоўскай (1797), Гродзенскай (1801) губерняў. З 1842 пав. горад Віленскай губ. У 1863 і 1873 у Л. пабудаваны піўзаводы, у 1870—80-я г. — гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвая ф-ка, крухмальны з-д. У 1884 пракладзена чыг. лінія Вільня—Лунінец, у 1907 — Маладзечна—Масты. У 1897 у Л. было 8626 ж., дваранскае і пав. двухкласнае вучылішчы, прыходскае вучылішча з жаночым аддзяленнем, яўр. школа. У 1899 адкрыта бальніца, у канцы 19 — пач. 20 ст. пушчаны чыгуналіцейны, лесапільны іінш. з-ды, развіты промысел па вырабе Лідскіх куфраў. У 1901—18 існавалі Лідскія гімназіі. У 1904 у Л. 1 тыс. дамоў (275 мураваных), 14 дробных прадпрыемстваў, 170 рамесных майстэрань, 4 бальніцы, 6 пач.навуч. устаноў. У 1921—39 у складзе Польшчы, павятовы цэнтр Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Лідскага раёна Баранавіцкай вобл., горад абл. падпарадкавання. З 27.6.1941 да 9.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў Л. і раёне загубілі 25 149 чал. Дзейнічала Лідскае патрыятычнае падполле. У 1972—49,7 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы машынабудавання (Лідскі доследны завод «Нёман», Лідскі завод сельскагаспадарчых машын, Лідскі завод электравырабаў, з-ды прыладабудаўнічы, аўтарамонтны), харчовай (Лідскі завод харчовых канцэнтратаў, Лідскі малочнакансервавы камбінат, піваварны з-д), буд. матэрыялаў (камбінат буд. матэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў), дрэваапр. прам-сці, Лідскі лакафарбавы завод, Лідская абутковая фабрыка, Лідскі краязнаўчы музей, Лідскі індустрыяльны тэхнікум. Брацкія магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, курган Бессмяротнасці і інш. Помнікі чырвонаармейцам, якія загінулі ў вер. 1920, сав. воінам і партызанам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Лідскі замак, Лідскі Крыжаўзвіжанскі касцёл, Лідскі Іосіфаўскі касцёл піяраў.
Літ.:
Лида: Ист.-экон. очерк. Мн.,1976.
І.І.Коўкель.
Герб Ліды. 1590.Ліда. Курган Бессмяротнасці.Ліда. Плошча імя 600-годдзя горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРА́РНЫЯ РЭФО́РМЫ,
пераўтварэнні сістэм землеўладання і землекарыстання. Абумоўлены патрэбамі эканам. і сац. развіцця грамадства, сял. рухам за зямлю. Пераважна маюць антыфеад. характар, паколькі ў асноўным накіраваны на ліквідацыю феад. перажыткаў у агр. сектары.
Аграрныя рэформы, праведзеныя ў шэрагу краін Зах. Еўропы ў перыяд бурж. рэвалюцый 17—19 ст., нанеслі сур’ёзны ўдар па феад. адносінах і расчысцілі шлях капіталіст. развіццю ў сельскай гаспадарцы (Вялікабрытанія, Францыя). Шырокі размах аграрныя рэформы набылі пасля 2-й сусв. вайны ў краінах Азіі і Лац. Амерыкі; іх мэта — ліквідацыя феад., патрыярхальна-радавых адносін і каланіяльнай зямельнай уласнасці. У краінах сацыяліст. арыентацыі аграрныя рэформы ажыццяўляліся рознымі метадамі, але прадугледжвалі ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і пэўныя абмежаванні прыватнага землекарыстання. У развітых капіталіст. краінах аграрныя рэформы былі накіраваны на стварэнне буйной с.-г. вытв-сці на базе дасягненняў навукова-тэхн. прагрэсу.
На Беларусі адна з першых аграрных рэформаў — валочная памера, праведзеная ў сярэдзіне 16 — 1-й пал. 17 ст. ў ВКЛ у сувязі з развіццём фальварковай гаспадаркі, вызначыла прынцыпы землекарыстання ўсяго бел. сялянства. Паводле Тызенгаўза рэформы 1765дзярж. сяляне каралеўскіх эканомій пераведзены з аброчнай павіннасці на паншчынную пры адначасовым рэгуляванні іх зямельных надзелаў. У 1830 — 50-я г. царскі ўрад ажыццявіў дзяржаўнай вёскі рэформу, у выніку якой у дзярж. маёнтках зах.губерняў ліквідаваны фальваркі, зямля раздадзена сялянам, а паншчына заменена аброкам. Інвентарная рэформа 1840—50-х гадоў вызначыла памер сял. зямельнага фонду ў прыватнаўласніцкіх маёнтках. Паводле сялянскай рэформы 1861 сяляне вызвалены ад прыгону і надзелены зямлёй. Гэта буйнейшая аграрная рэформа азначала пераход Расіі, у т. л. Беларусі, ад феадалізму да капіталізму, хоць і пасля гэтага феад. перажыткі яшчэ доўга захоўваліся. На дзярж. землях Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны праведзена дзяржаўных сялян рэформа 1867, паводле якой сяляне пераводзіліся на выкуп і далучаліся да разраду сялян-уласнікаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі і ў Літве царскі ўрад праводзіў землеўпарадкаванне вольных людзей, якія павінны былі выкупіць арандаваныя землі або адмовіцца ад карыстання імі. Аналагічны характар мела чыншавая рэформа 1886, паводле якой арандатарам-чыншавікам Беларусі, Правабярэжнай Украіны і Літвы неабходна было пацвердзіць свае правы на карыстанне зямлёй і выкупіць яе, інакш з гэтай зямлі іх зганялі. З мэтай стымулявання агр. капіталізму ў ліст. 1906 — чэрв. 1917 ажыццяўлялася сталыпінская аграрная рэформа. У Зах. Беларусі зямельная рэформа 1925 прадугледжвала выкуп за поўны кошт часткі дзярж. і памешчыцкіх зямель, садзейнічала паскарэнню хутарызацыі, насаджэнню на «крэсах усходніх» польскіх вайск. і цывільных каланістаў — асаднікаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 зямля ў Расіі, у т. л. на Беларусі, была нацыяналізавана і перададзена бядняцкім і серадняцкім гаспадаркам. Але ў час калектывізацыі яе ў сялян адабралі і перадалі ў калектыўнае карыстанне калгасам і саўгасам. Пасля распаду СССР у постсацыяліст. краінах з пач. 1990-х г. ажыццяўляюцца новыя аграрныя рэформы. Сутнасць іх у краінах Балтыі і Усх. Еўропы — ва ўмацаванні прыватнага землеўладання, у Расіі, Беларусі і інш.б.сав. рэспубліках — у стварэнні шматукладнай эканомікі ў агр. сектары (арэнда зямлі, рэарганізацыя калгасаў і саўгасаў у акц. т-вы, аграфірмы, кааператывы, стварэнне фермерскіх гаспадарак і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ З’ЕЗД КП(б)Б [VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б)]. Адбыўся 30—31.12.1918 у Смаленску. Прысутнічалі 175 дэлегатаў з рашаючым і 31 з дарадчым голасам
(паводле інш. звестак адпаведна 162 і 25) ад 17771 камуніста парт. арг-цый Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Смаленскай губ., а таксама бел.парт. арг-цый Віленскай і Чарнігаўскай губ. Падрыхтоўка асн. дакументаў да канферэнцыі вялася ў ЦК РКП(б) і Нар. камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР пад кіраўніцтвам І.В.Сталіна. Актыўны ўдзел у гэтай рабоце прымалі супрацоўнікі Беларускага нацыянальнага камісарыята, Беларускіх секцый РКП(б) З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны),
І.В.Лагун, А.Р.Чарвякоў і інш. Асноўнымі былі пытанні пра стварэнне Камуніст. партыі (бальшавікоў) Беларусі (гл.Камуністычная партыя Беларусі), бел. дзяржаўнасці і вызначэнне дзярж. межаў. Парадак дня: бягучы момант (А.Ф.Мяснікоў); даклады абл.к-та партыі (В.Г.Кнорын); аб становішчы на месцах (Мяснікоў); з месцаў ад раёнаў; арганізац. пытанні (Я.Ф. Пярно); выбары; бягучыя справы. Дэлегаты з’езда выказаліся за неабходнасць стварэння бел.сав. дзяржаўнасці. З’езд прыняў рэзалюцыю «Аб назве канферэнцыі»; канферэнцыя абвясціла сябе «I з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларускай Рэспублікі» і накіравала ў ЦК РКП(б) тэлеграму з просьбай зацвердзіць гэтае рашэнне. Адзначалася, што партыя трымае курс «на рэвалюцыю еўрапейскую, сусветную». З’езд выказаўся за канцэнтрацыю «ўсёй рэвалюцыйнай партыйнай улады ў руках яе камітэтаў. Ад гэтага — бязмежная ўлада, поўная дыктатура Цэнтральнага Камітэта ва ўсерасійскім маштабе і такая ж дыктатура на месцах абл. камітэтаў. Пры такой пастаноўцы Саветы з’яўляюцца органамі дзяржаўнай улады, выконваюць прадвызначэнні партыі, якія праводзяць у жыццё тактычную лінію партыі». У рэзалюцыі «Аб становішчы на месцах» выказвалася неабходнасць «рашучым чынам выкараняць усялякія недысцыплінаваныя паступкі ў радах партыі». Пры вырашэнні пытання пра бел. дзяржаўнасць з’езд выказаўся за абвяшчэнне былой Заходняй камуны «самастойнай Савецкай Рэспублікай Беларусі». На аснове прапаноў, распрацаваных Камісіяй (створана перад з’ездам), была прынята пастанова «Аб граніцах Беларусі». У ёй адзначалася, што асн. ядром Бел. Рэспублікі лічацца Мінская, Смаленская, Магілёўская, Віцебская і Гродзенская губ. з часткамі прылеглых да іх этнічных мясцовасцей суседніх губерняў, населеных пераважна беларусамі. У адпаведнасці з гэтым з’езд вызначыў адм.-тэр. падзел рэспублікі на 7 раёнаў — Мінскі, Смаленскі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі, Гродзенскі, Баранавіцкі, якія падзяляліся на 54 падраёны. Былі накіраваны тэлеграмы на адрас ЦК РКП(б) і СНК РСФСР з просьбай зацвердзіць рашэнні з’езда. З’езд прыняў «Палажэнне аб партыйных арганізацыях», у якім давалася схема арг-цый: ЦККП(б)Б, райкомы (губпарткомы), падрайкомы (валасныя к-ты), ячэйкі (валасныя і сельскія). Быў прыняты зварот «Да рабочых, батракоў, сялян і салдат Чырвонай Арміі Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі» з заклікамі змагацца за ўмацаванне сав. улады і перамогу рэвалюцыі ва ўсім свеце. Выбраў ЦБКП(б)Б у складзе 15 чл.: І.Я.Алібегаў, А.А.Андрэеў, Жылуновіч (Ц.Гартны), С.В.Іваноў, М.І.Калмановіч, Кнорын (сакратар ЦБ), Лагун, Мяснікоў (старшыня), Р.П.Найдзёнкаў, Р.В.Пікель, Пярно, І.І.Рэйнгольд, У.С.Селязнёў, В.З.Собалеў, В.І.Яркін.
Літ.:
Пратакол 1-га з’езда Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Мн., 1934;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. I. 1918—1927. Мн., 1983. С. 11—27.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ТАЎСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,
буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Расіі, у выніку якой скінута царскае самадзяржаўе. Выклікана рэзкім абвастрэннем сац.-эканам. і паліт. крызісу, няздольнасцю царскага ўрада пераадолець выкліканую вайной гасп. разруху. Яе асн. рухаючая сіла — буржуазія, рабочыя буйных гарадоў, асабліва Петраграда і Масквы, да якіх далучыліся дробныя ўласнікі, служачыя і інтэлігенцыя. Вырашальную ролю ў перамозе рэвалюцыі адыграў пераход на яе бок арміі і флоту.
У канцы 1916 — пач. 1917 пачалі набываць усерас. характар паліт. стачкі і дэманстрацыі рабочых. 23.2(8.3).1917 з нагоды Міжнар. свята жанчын-працаўніц (8 сак. па н.ст.) на прадпрыемствах Петраграда адбыліся мітынгі і забастоўкі (128 тыс. удзельнікаў). 24 лют. (9 сак.) у стачках удзельнічалі 214 тыс.чал. з 224 прадпрыемстваў Петраграда. 25 лют. (10 сак.) пачалася ўсеагульная паліт. стачка, якая паралізавала эканам. жыццё горада. 26 лют. (11 сак.) камандуючы Петраградскай ваен. акругай ген. С.С.Хабалаў паспрабаваў задушыць рэв. выступленні ў сталіцы. Адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з войскамі і паліцыяй. 27 лют. (12 сак.) паліт. стачка перарасла ва ўзбр. паўстанне, адбыўся пераход войск на бок рэвалюцыі. Былі захоплены масты, вакзалы, тэлеграф, гал. паштамт, найважнейшыя ўрадавыя ўстановы, разгромлены паліцэйскія ўчасткі, з турмаў вызвалены паліт. зняволеныя, пачаліся арышты царскіх міністраў. Увечары 27 лют. (12 сак.) у Таўрычаскім палацы адбылося першае пасяджэнне Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які выдаў «Загад № 1» аб увядзенні ў арміі дэмакр. прынцыпаў. У ноч на 28 лют. (13 сак.) афіцыйна абвешчана аб стварэнні Часовага камітэта Дзяржаўнай думы 1917. 2(15) сак.К-т накіраваў да цара ў Стаўку Вярх. галоўнакамандавання А.І.Гучкова і В.В.Шульгіна. У выніку перагавораў (адбываліся ў г. Пскоў) цар Мікалай II адрокся 2(15) сак. ад прастола за сябе і за малалетняга сына Аляксея на карысць брата Міхаіла Аляксандравіча; апошні 3(16) сак. таксама адмовіўся ад прастола. 2(15) сак. пленум Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, ухваліў прынятае напярэдадні выканкомам Савета рашэнне аб прадастаўленні Часоваму к-ту Дзярж. думы права сфарміраваць урад. У той жа дзень утвораны Часовы ўрад на чале з кн. Г.Я.Львовым пераважна з прадстаўнікоў акцябрыстаў і кадэтаў. Фактычна дзеючым органам ўлады для ўсёй краіны заставаўся і Петраградскі Савет, бо Часовы ўрад не мог дзейнічаць без яго падтрымкі. Такім чынам утварылася двоеўладдзе. У ноч на 1(14) сак. паўстаў Кранштат. 1(14) сак.ўзбр. паўстанне перамагло ў Маскве, дзе быў утвораны Маскоўскі Савет рабочых дэпутатаў. На працягу сакавіка рэвалюцыя перамагла па ўсёй Расіі. Да 10(23) сак. ў краіне створана 130 Саветаў. Паралельна ствараліся мясц. органы Часовага ўрада — часовыя к-ты грамадскага парадку, установы губ. і пав. камісараў.
Першыя паведамленні аб рэв. падзеях у Петраградзе паступілі ў Беларусь 28.2(13.3).1917. У Мінску, Магілёве, Гомелі прайшлі дэманстрацыі і мітынгі ў падтрымку рэвалюцыі. У ноч на 4(17) сак. ў Мінску з рабочых і салдат была ўтворана міліцыя (узначальваў М.В.Фрунзе), якая абяззброіла паліцэйскіх і жандараў. 4(17) сак. створаны першыя ў Беларусі Саветы рабочых дэпутатаў у Мінску і Гомелі. За 2 месяцы ў Беларусі створаны 37 Саветаў, з іх 28 у сакавіку: 10 Саветаў рабочых дэпутатаў, 10 Саветаў салдацкіх дэпутатаў і 8 аб’яднаных Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У межах губерняў ствараліся асобныя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў і Саветы сял. дэпутатаў (Мінская і Магілёўская губ.), у Віцебскай губ. — Савет рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. У Заходняй вобласці (утворана ў чэрв. 1917) створаны абл. Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
Адначасова ў бел. губернях ствараліся мясц. органы Часовага ўрада. У Мінску ноччу 4(17) сак. на нарадзе гласных гар. думы, прадстаўнікоў земскага і гар. саюзаў, губ. і пав. земстваў, правасл., каталіцкага і іудзейскага духавенства абраны грамадзянскі камендант горада і сфарміраваны часовы грамадскі к-т парадку. 6(19) сак. Часовы ўрад у Петраградзе зацвердзіў старшыню губ. земскай управы Б.Н.Самойленку мінскім губ. камісарам, гар. галаву Б.С.Хржанстоўскага — мінскім гар. камісарам. У Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. былі зацверджаны губ. камісары, у паветах прызначаны пав. камісары. Большасць Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў прызнала Часовы ўрад і яго мясц. органы.
У Беларусі, як і ўсюды ў б.Рас. імперыі, розныя пласты грамадства, якія ўдзельнічалі ў Л.р., мелі свае, часам супрацьлеглыя, паліт. і эканам. мэты, цэнтры паліт. прыцягнення. Сілы, што выступалі за захаванне буйной прыватнай ўласнасці, за працяг удзелу Расіі ў 1-й сусв. вайне да перамогі і наступнае яе развіццё як адзінай непадзельнай дэмакр. дзяржавы з развітой рыначнай эканомікай (буйныя прадпрымальнікі, памешчыкі, частка інтэлігенцыі) гуртаваліся вакол Часовага ўрада. Частка сярэдніх і дробных прадпрымальнікаў, інтэлігенцыі апіралася на нац. партыі і арг-цыі. Рабочыя, салдаты, сяляне былі зацікаўлены ва ўстанаўленні дэмакр. рэспублікі, выхадзе з вайны, перадачы зямлі сялянам, увядзенні 8-гадзіннага рабочага дня, яны арыентаваліся на Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў і паліт. партыі левага кірунку. Бел.нац. сілы з мэтай згуртавання сваіх радоў правялі з’езды: бел.нац. дзеячаў, салдат, афіцэраў, рабочых ваен. прадпрыемстваў Зах. фронту, сял. дэпутатаў Мінскай, Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці. Усе з’езды выказалі давер Часоваму ўраду, выбралі выканаўчыя органы для ажыццяўлення прынятых рашэнняў. Асаблівасцю Беларусі было тое, што тут, акрамя Беларускай сацыялістычнай грамады, не існавала інш. агульнабел. партый. Дзейнічалі толькі губ. арг-цыі агульнарас. партый: кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, нар. сацыялістаў, анархістаў і інш. Толькі бальшавіцкія арг-цыі стварылі адзіны кіруючы орган — Паўночна-Заходні камітэт РСДРП(б). Канчатковае вырашэнне пытання аб шляхах развіцця краіны ў абставінах рэвалюцыі залежала ад таго, на які бок стане большасць народа.
Перамога Л.р. ператварыла Расію ў самую свабодную краіну з усіх ваюючых дзяржаў і дала нар. масам магчымасць шырока карыстацца паліт. правамі. Аднак да ўлады ў Саветах і ў Часовым ўрадзе прыйшлі паліт. сілы, якія прадстаўлялі розныя пласты насельніцтва з супрацьлеглымі паліт. і эканам. інтарэсамі. Гэта абумовіла вострую паліт. барацьбу (Красавіцкі крызіс 1917, Чэрвеньскі крызіс 1917, Ліпеньскі крызіс 1917) і прамаруджванне з вырашэннем надзённых задач, што адначасова былі патрабаваннямі асн. масы насельніцтва: спыненне вайны, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сял. малазямелля, скасаванне нац. прыгнёту, пераадоленне найб. небяспечных праяў ваен. разрухі. Адбываўся паступовы пераход сімпатый найб. арганізаваных і рашуча настроеных ўдзельнікаў Л.р. (рабочых, салдат, матросаў), асабліва пасля падаўлення Карнілава мяцяжу 1917, на бок леварадыкальных паліт. партый (бальшавікоў і левых эсэраў), якія на хвалі незадаволенасці працоўных палітыкай акцябрыстаў, кадэтаў, меншавікоў і правых эсэраў падрыхтавалі і правялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917.
Кр.: Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР: Док. и материалы по истории Белоруссии. Т. 4. Мн., 1954; Отречение Николая П: Воспоминания очевидцев, док.: Репр. 2 изд. 1927 г.М., 1990; Революционное движение в Белоруссии, июнь 1907 — февраль 1917: Док. и материалы. Мн., 1987.
Літ.:
Бурджалов Э.Н. Вторая русская революция. Москва. Фронт. Периферия. М., 1971;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Деникин А.И. Очерки русской смуты. М., 1991;
Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;
Исторический опыт трех российских революций. [Кн. 2], М., 1986;
Ленін У.І. Тв.Т. 1-45. Мн., 1948—74;
Набоков В. Временное правительство: (Воспоминания). М., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;
Пушкарева И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция 1917 г. в России. М., 1982;
Саладкоў Т.Е. Бальшавікі Беларусі ў перыяд першай сусветнай вайны і другой рускай рэвалюцыі (1914 — сакавік 1917 гг.). Мн., 1957;
Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1. М., 1991;
Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;
Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963.
І.М.Ігнаценка.
Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Салдаты Заходняга фронту вітаюць звяржэнне царызму. 1917.Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Маніфестацыя рабочых і салдат у г. Маладзечна. Сакавік 1917.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Дэлегаты 1-га з’езда дэпутатаў арміі і тылу Заходняга фронту каля будынка Мінскага гарадскога тэатра. Красавік 1917.