комплекс мерапрыемстваў, праведзеных уладамі Рас. імперыі па верыфікацыі і скарачэнні шляхецкага стану (саслоўя) б.ВКЛ. Пачаўся адразу пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Шляхце было загадана падаць доказы свайго дваранства з апісаннем паходжання родаў, гербаў, з усімі пасведчаннямі і дакументамі. У час рэвізіі 1772—74 шмат чыншавай і служылай шляхты, ніжэйшыя пласты шляхецкага стану — зямяне, панцырныя баяры, путныя баяры былі запісаны ў склад сялян. Пасля выдання Даравальнай граматы дваранству 1785 аформіліся карпаратыўныя правы дваранства Рас. імперыі, дваране павінны былі быць унесены ў дваранскія радаводныя кнігі, для чаго прадстаўлялі доказы паходжання. На камісію, што праводзіла рэвізію 1816, быў ускладзены абавязак разбору правоў асоб, якія называлі сябе шляхтай. Асоб, пазбаўленых шляхецкіх правоў, запісвалі ў вольныя хлебаробы, дзяржаўныя сяляне або мяшчане. Пасля задушэння паўстання 1830—31 шляхецкае саслоўе было падзелена на дваран, спецыяльна створаныя станы аднадворцаў і грамадзян зах. губерняў. Дваранамі прызнаваліся толькі асобы, зацверджаныя ў адпаведнай годнасці Герольдыяй. Былі праведзены і новыя рэвізіі складу саслоўяў. Пасля задушэння паўстання 1863—64 уведзены новыя абмежаванні ў прынцыпах доказу і атрымання дваранства; шляхціцы, якія не даказалі дваранства, уключаліся ў склад сялян або мяшчан. У 1863 скасаваны станы аднадворцаў і грамадзян зах. губерняў; яны пераведзены ў стан сялян ці мяшчан. Гэта быў канчатковы акт юрыд. ліквідацыі шляхецкага стану б.ВКЛ, але да 1917 захаваліся некаторыя абмежаванні ў правах «былой польскай шляхты».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯНЦІ́ЦКІ (Іларыён Сямёнавіч) (7.4.1876, г. Буск Львоўскай вобл., Украіна — 18.9.1956),
украінскі філолаг-славіст, мовазнавец. Д-рслав. філалогіі (1902). Д-рфілал.н. (1941), праф. (1939). Скончыў Львоўскі ун-т (1899), Пецярб.археал.ін-т (1900). Арганізатар і дырэктар (1905—52) Львоўскага Нац. музея (Музей укр. мастацтва). Для бел. аддзела сабраў 23 слуцкія паясы, 12 кніг «Бібліі» Ф.Скарыны, бел. старадрукі, рукапісныя кнігі, граматы, акты, абразы і інш. У кн. «Адраджэнне беларускага пісьменства» (1908) даў высокую ацэнку развіццю новай бел. л-ры, у дадатку да яе змясціў забароненыя ў Расіі вершы Я.Купалы «Там» і «Што ты спіш?». Гісторыі бел. культуры і л-ры прысвяціў працу «Асновы адраджэння беларускага пісьменства» (1914), адлюстраваў гэтыя праблемы і ў кн. «Пачатак кнігадрукавання на землях Украіны 1573—1791» (1924) і інш.Кн. «Росквіт культурна-нацыянальнага жыцця Усходняй Беларусі» (1928) — першае ў Зах. Украіне даследаванне бел. л-ры.
Тв.:
Опись музея Ставропигийского института во Львове. Львов, 1908;
Лавришевское Евангелие начала XIV в. // Изв Отд.рус. яз. и словесности имп. Акад. наук. СПб., 1913. Т. 18, кн. 1;
Нариси про мову пам’яток староруського письменства XI в. // Питання слов’янського мовознавства. Львів, 1948.
Літ.:
Панізнік С. Іларыён Свянціцкі // Полымя. 1968. № 3;
Яго ж. Чатыры сцяжыны паэта // Дзень паэзіі-72. Мн., 1972;
Кабржыцкая Т., Рагойша В. Карані дружбы. Мн., 1976;
Рагойша В. «Шчырапаважаны прафесар...» // Рагойша В Напісана рукой Купалы. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІСТРА́Т (ад лац. magistratus начальнік, чыноўнік, улада),
выбарны адм. і судовы орган у гарадах Цэнтр. і Усх. Еўропы, якія мелі права на самакіраванне (магдэбургскае права або інш.). У ВКЛ уводзіліся з канца 14—15 ст. У велікакняжацкіх гарадах Беларусі і Літвы М. складаўся з гар.рады і лавы. Рада займалася справамі гар. кіравання і суда па маёмасных і цывільных справах мяшчан. Лава выконвала функцыі суда па крымінальных справах гараджан. Гал. распарадчую ўладу ў гар. абшчыне выконваў войт, які ўзначальваў войтаўскі суд або войтаўска-лаўніцкі суд. Гал. органам самакіравання была рада, якая складалася з бурмістраў і радцаў, дзейнічаў бурмістраўска-радзецкі суд. У прыватнаўладальніцкіх гарадах у склад М. ўваходзілі войт, бурмістры, радцы, лаўнікі і гар. пісар, якія засядалі разам. У 17—18 ст. ў М. часта дзесяцігоддзямі засядалі прадстаўнікі некалькіх сямей, звычайна з заможных купцоў і цэхмістраў, М. ператвараўся ў орган карпаратыўнага кіравання горадам з боку мяшчанскай алігархіі. М. на аснове магдэбургскага права праіснавалі на Беларусі да канца 18 ст. і былі скасаваны пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ўказамі Кацярыны II у 1775 (для ўсх. часткі Беларусі) і 1795 (для цэнтр. і зах. яе частак). У Расіі М. як органы саслоўнага самакіравання ўзніклі ў 1720. У 1775 пераўтвораны ў губернскія і павятовыя суды для гар. саслоўяў (мяшчанства і купецтва), існавалі і на Беларусі. Паводле Даравальнай граматы гарадам 1785 М. ўвайшлі ў сістэму гар. самакіравання, але засталіся ў асн.суд. ўстановамі. Пасля суд. рэформы 1864 паступова скасаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЁР (Castor fiber),
млекакормячая жывёла атр. грызуноў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы, дзе жыве другі від — бабёр канадскі. На Беларусі трапляецца амаль усюды. Ахоўваецца. Трымаецца старыцаў, рэк з павольным цячэннем, азёраў з багатай прыбярэжнай расліннасцю.
Даўж. цела каля 100 см, хваста да 34 см, маса да 30 кг. Тулава тоўстае, масіўнае, ногі кароткія, пяціпальцыя, заднія з плавальнымі перапонкамі. Хвост пляскаты (шыр. да 15 см), укрыты буйнымі рагавымі шчыткамі. Поўсць густая, шаўкавістая, з доўгімі восцевымі валасамі і густым пухам. Жыве сем’ямі. Добра плавае і нырае. Рые норы, будуе хаткі, запруды. Корміцца карэнішчамі травяністых раслін, карой і маладымі галінкамі лазы, асіны і інш. Нараджае 1—5 бабранят. Каштоўны: выкарыстоўваецца футра і бабровы струмень.
У мінулым важны аб’ект палявання, абмену і гандлю на Беларусі. Косці бабра выяўлены пры раскопках гарадзішчаў 6—12 ст. на тэр. рэспублікі і сумежных раёнаў Смаленшчыны. Вядомы граматы 14—16 ст., выдадзеныя манастырам і прыватным асобам на ўгоддзі з бабровымі гонамі (месцы адлову бабра) каля Полацка, Маладзечна, в. Трасцянец (Мінскі р-н), Слуцка і інш. За карыстанне гонамі насельніцтва плаціла падаткі. Статут ВКЛ 1588 забараніў лавіць баброў у чужых уладаннях, трывожыць у месцах пасялення, весці ворыва, высечку кустоў, сенакос паблізу бабровых гнёздаў. Наглядам за бабровымі гонамі і іх аховай займалася спец. катэгорыя сялян-слуг (гл.Баброўнікі). У 18 ст. бабёр — звычайны звер толькі на Бярэзіне, Прыпяці, Піне, Ясельдзе, Свіслачы. На пач. 20 ст. бабёр амаль знік, невял. паселішчы засталіся толькі ў маладаступных для чалавека мясцінах на Бярэзіне, Сажы і Нёмане. Для аднаўлення і павелічэння запасаў у 1925 створаны Бярэзінскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ЗЯМЛЯ́,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—16 ст. Землямі звычайна наз. асабліва значныя намесніцтвы, якія мелі элементы аўтаноміі, замацаваныя абласнымі прывілеямі. Намесніцтва ў Віцебску, верагодна, з моманту свайго ўтварэння (1392) атрымала ад вял.кн. Вітаўта грамату, якая гарантавала захаванне пэўных нормаў мясц. права, што ўзыходзілі да дагавораў паміж горадам і князем. Сляды такой граматы прасочваюцца ў віцебскім прывілеі вял. князя Казіміра IV (каля 1440—47, не захаваўся), які пазней быў пацверджаны вял. князямі Аляксандрам (1503) і Жыгімонтам I Старым (1509, 1547). Гэтыя прывілеі гарантавалі мясц. феадалам і мяшчанам правы, абвешчаныя шляхце цэнтр. часткі ВКЛ (Віленскаму і Трокскаму ваяв.) прывілеямі 1387, 1432, 1434, а таксама права несці гарнізонную службу толькі ў сваёй зямлі, мясцовы (замкавы) суд і непадлегласць юрысдыкцыі ўпаўнаважаных вял. князя (дзецкіх). Мясц. баяры карысталіся выключным правам па чарзе кіраваць дзярж. валасцямі, што знаходзіліся ў складзе зямлі, за выключэннем некалькіх маёнткаў, падпарадкаваных непасрэдна віцебскаму намесніку (гл.Віцебскае права). Аднак на практыцы самастойнасць Віцебскай зямлі была даволі абмежаваная. Асн. ўлада належала намесніку (ужо ў прывілеях 1503 і 1509 ён наз. ваяводам). Азярышчанская і Усвяцкая воласці пры Казіміру IV былі вылучаны з-пад кіравання мясц. баяр і ператвораны ў асобныя намесніцтвы. Відаць, самастойны намеснік быў і ў Оршы. Значныя воласці ў Віцебскай зямлі былі падараваны князям Андрэю Уладзіміравічу, Друцкім, Жылінскім, што таксама выключала іх з-пад кантролю віцебскага баярства. Пасля 1511 за Віцебскай зямлёй канчаткова замацавалася назва «ваяводства». Яе асобны статус быў афіцыйна скасаваны з прыняццем Статута ВКЛ 1566, які пашырыў на ўсю тэр.ВКЛ агульныя прававыя нормы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧЭ́РНЯЕ НАВУЧА́ННЕ,
адна з формаў навучання моладзі і дарослых без адрыву ад вытв-сці; састаўная частка сістэмы непарыўнай адукацыі; дае магчымасць працоўным набываць агульную сярэднюю, спец. сярэднюю і вышэйшую адукацыю. Прадугледжвае правядзенне выкладчыкам рэгулярных заняткаў з навуч. групамі пастаяннага складу ў зручны для навучэнцаў нерабочы час, часцей вечарам (адсюль назва тэрміна). Першыя вячэрнія агульнаадук.пач. школы ўзніклі ў 18 ст. ў Зах. Еўропе. У 20 ст. ў сувязі з пашырэннем усеагульнага школьнага навучання вячэрняе навучанне стала выкарыстоўвацца пераважна ў прафесійнай, у т. л.вышэйшай адукацыі, павышэнні кваліфікацыі, у розных відах дадатковай адукацыі (нар. ун-ты, розныя курсы і інш.). Развіццё вячэрняга навучання на Беларусі пачалося з арг-цыі нядзельных школ (19 — пач. 20 ст.), у якіх вучыліся непісьменныя і малапісьменныя дарослыя. У 1920—30-я г. вячэрняе навучанне дапамагло ліквідаваць непісьменнасць сярод насельніцтва. Ствараліся вячэрнія школы граматы для дарослых і падлеткаў, школы для дарослых, рабочыя ф-ты і інш. У 1958 устаноўлены адзіны тып вячэрняй школы — вячэрняя (зменная) агульнаадукацыйная школа. Для атрымання сярэдняй спец. адукацыі без адрыву ад вытв-сці на Беларусі існуюць вячэрнія аддзяленні і філіялы тэхнікумаў, каледжаў і інш. Для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй праз вячэрняе навучанне ў большасці ВНУ Беларусі працуюць вячэрнія аддзяленні. Змест навучання і асн. віды заняткаў у вышэйшай і сярэдняй спец. школе адзіныя для дзённай і вячэрняй формаў навучання. У 1995/96 навуч.г. на Беларусі ў вячэрніх агульнаадук. школах займалася 20,9 тыс.чал., на вячэрніх аддзяленнях сярэдніх спец.навуч. устаноў — 1,4 тыс. навучэнцаў, на вячэрніх аддзяленнях ВНУ — 2 тыс. студэнтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСО́ЛЬСТВА,
пастаяннае дыпламат. прадстаўніцтва найбольш высокага класа, якое ўзначальваецца паслом. Да функцыі П. адносяцца: прадстаўнічая функцыя (выступаць ад імя акрэдытуючай дзяржавы); абарона інтарэсаў акрэдытуючай дзяржавы і яе грамадзян; вядзенне перагавораў з урадам дзяржавы знаходжання; развіццё дружалюбных адносін паміж акрэдытуючай дзяржавай і дзяржавай знаходжання; функцыя інфармацыі свайго ўрада пра краіну знаходжання і інш.Асн. дагаворным актам, які рэгламентуе стварэнне, спыненне, функцыі і дзейнасць П., з’яўляецца Венская канвенцыя 1961 аб праве дыпламат. зносін. Унутр. структура П., устанаўленне адпаведных пасад і г.д. вызначаюцца заканадаўствам акрэдытуючай дзяржавы. Персанал П. падраздзяляецца на 3 катэгорыі: дыпламат., адм.-тэхн. і абслуговы. Назначэнне кіраўніка П. праходзіць 4 стадыі: запытанне агрэману; назначэнне на пасаду; прыбыццё ў краіну знаходжання; афіц. ўступленне на пасаду. Уступленне пасла на пасаду звязана з уручэннем ім сваіх паўнамоцтваў (даверчай граматы) органу або службовай асобе, пры якой ён акрэдытуецца. Астатнія члены П. пасля свайго назначэння і прыбыцця ў краіну знаходжання лічацца прыступіўшымі да выканання службовых абавязкаў з моманту паведамлення ад кампетэнтных улад дзяржавы знаходжання. Спыненне дзейнасці П. можа адбыцца пры спыненні дзяржавамі афіц. адносін без іх разрыву, пры разрыве дыпламат. адносін, узбр. канфлікце, знікненні аднаго з бакоў у якасці суб’екта міжнар. права, пры неканстытуцыйнай змене ўрада ў адной з падтрымліваючых адносіны краін і ў некаторых інш. выпадках. Функцыі члена дыпламат. персаналу могуць спыніцца ў сувязі з яго адкліканнем па нейкіх падставах, абвяшчэннем яго персонай нон грата, у выпадку абвяшчэння дыпламата прыватнай асобай (т. зв. дысмісл) і адмаўлення дыпламата выконваць свае функцыі (інсурэкцыя). П. і яго супрацоўнікі карыстаюцца дыпламат. імунітэтам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫХО́ДСКІЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ, парафіяльныя вучылішчы,
ніжэйшыя пачатковыя навуч. ўстановы ў межах царк.правасл. прыходаў або каталіцкіх парафій. На Беларусі сталі вынікам развіцця школ граматы пры манастырах (гл.Манастырскія школы) і кляштарах. Да 1770-х г. большасць школ на Беларусі адносілася да П.в., акрамя калегіумаў. Адукацыйная камісія ўпершыню ўвяла афіц. падзел паміж рознымі тыпамі навуч. устаноў, што існавалі ў Рэчы Паспалітай. У адпаведнасці са статутамі 1774 і 1783 планавалася адкрываць П.в. на сродкі царквы і прыватныя ахвяраванні. Настаўнікаў для П.в. рыхтавала асобная пед. семінарыя, адкрытая ў Вільні ў 1775. Аднак недахоп сродкаў прыводзіў да скарачэння колькасці П.в. (у 1777 іх было 330, 1781—276, 1782—251). Паводле статутаў 1803 і 1804 у Віленскай навучальнай акрузе П.в. лічыліся ніжэйшай ступенню сістэмы адукацыі, куды прымалі дзяцей усіх саслоўяў. Паводле статута 1807 П.в. падзяляліся на 2-класныя гарадскія і 1-класныя вясковыя. Агульная колькасць П.в. у Віленскай навуч. акрузе была ў 1804—245, 1807—298, 1811—395, 1813—211, 1819—326, 1827—265. Школьны статут 1828 абвясціў П.в. школамі для «самых нізкіх станаў», выпускнікам якіх было забаронена паступаць у павятовыя вучылішчы і гімназіі. Колькасць прадметаў абмяжоўвалася катэхізісам, чытаннем, пісьмом, лічэннем, царк. спевамі. З 1864 П.в., адкрытыя царквой, пераўтвораны ў царкоўнапрыходскія школы. З астатніх П.в. захаваліся толькі тыя, што падпарадкоўваліся Мін-ву нар. асветы. У канцы 19 — пач. 20 ст. засталося 11 двухкласных (4 гады навучання) і каля 60 аднакласных (2 гады навучання) П.в. Пасля 1917 П.в. скасаваны ў выніку рэарганізацыі сістэмы адукацыі.
Літ.:
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ЦЕБСКАЯ ДАЎНІНА́», «Витебская старина»,
зборнік дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст. Падрыхтаваў і выдаў у Віцебскай губ. друкарні бел. гісторык А.П.Сапуноў. З 6 запланаваных тамоў выдадзены 3. У 1-м т. (1883) матэрыялы пра Віцебск з 1021 па 1883: урыўкі з летапісаў, Віцебскі летапіс, інвентары горада, дагаворы, граматы віцебскіх і полацкіх князёў, стат. звесткі пра насельніцтва, законы рас. ўрада, якія датычылі горада і губерні, дакументы пра Траецкі манастыр, прывілеі Віцебску на магдэбургскае права 1597 і 1644, Віцебскае паўстанне 1623, вайну 1812 і інш. У 2-м і 3-м т. меркавалася змясціць дакументы па гісторыі Полацка і інш. гарадоў і мясцовасцей губерні. Ва ўступе да т. 4 (1885) змешчаны «Кароткі нарыс барацьбы Маскоўскай дзяржавы з Літвой і Польшчай у XIV—XVII ст.» Сапунова. У 1-й яго частцы — дакументы пра заняцце Полацка і наваколля ў 1563 войскамі рус. цара Івана IV; вызваленне Полацка і Полаччыны ў 1579 бел.-літ. і польскім войскамі на чале з каралём Стафанам Баторыем; у 2-й частцы — дакументы часоў вайны Расіі і Рэчы Паспалітай 1654—67. У т. 5 (1888) дакументы Полацкай епархіі ад яе ўзнікнення да 1772, матэрыялы пра далучэнне паўн.-ўсх. часткі Беларусі да Расіі. У пачатку тома змешчаны «Кароткі нарыс гістарычнага лёсу Полацкай епархіі ад старажытнага часу да паловы XIX ст.», дзе ёсць звесткі пра скасаванне уніяцкай царквы, далучэнне яе да рас.правасл. царквы і правядзенне Полацкага царкоўнага сабора 1839. У т. 6 меркавалася змясціць гіст. нарыс пра Віцебскую губ., дадаткі, паказальнікі. Выданне багата ілюстравана (карты, малюнкі помнікаў архітэктуры, факсіміле рэдкіх рукапісных кніг, партрэты гіст. асоб і інш.). Большасць дакументаў апублікавана ўпершыню, арыгіналы асобных з іх не зберагліся. Не ўсе дакументы надрукаваны цалкам, некаторыя дадзены ў перакладзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
та́йна1, ‑ы, ж.
1. Тое, што хаваецца, адрываецца ад іншых, што вядома не ўсім; сакрэт. Ваенная тайна. Тайна перапіскі. □ І раптам .. [Вера] поўнасцю зразумела, што Ніна не хоча раскрываць тайны, не давярае ёй, і слёзы крыўды бліснулі на вачах.Мікуліч.Усе свае дзеянні піянеры вырашылі трымаць да часу ў тайне ад дарослых.Курто.
2. Тое, што яшчэ не пазнана, неразгадана; скрытая ўнутраная сутнасць з’явы, прадмета. Тайны будовы матэрыі. Тайны палярнага ззяння. □ Перад чалавекам стаяць яшчэ мільёны неразгаданых тайн прыроды, жыцця і смерці.Лынькоў.Выгнаць тайны акіяна — Вось імкненне іх [вучоных] і план.А. Александровіч.// Тое, чым чалавек яшчэ не авалодаў. Кожную вольную хвіліну [Аляксандра Іванаўна Клімава] выкарыстоўвае для таго, каб глыбей пранікнуць у тайны драматычнага мастацтва.«Маладосць».Люба спазнала тайну граматы. Чытаць — гэта было таксама вялікай асалодай.Кудраўцаў.
та́йна2, прысл.
Скрытна ад іншых. Пакідаю я тайна пад час развітання Разам з сэрцам жывыя надзеі свае...Бачыла.Слёзы людскія, слёзы людскія!.. Тайна ліліся, адкрыта ліліся. Падалі долу гарачым дажджом.Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)