енк, ‑у, м.

1. Жаласны стогн, выкліканы болем або вялікім горам; крык пакуты, адчаю. Дзіўна.. было чуць, калі замест вясёлых дзіцячых галасоў і смеху са школы даносіўся немы енк, галашэнне жанок. Няхай. Рыва, як падсечаная, апусцілася на зэдлік.., і доўгі працяглы енк вырваўся з яе грудзей. Лынькоў. // Гук, падобны да стогну. І міны енк, і бомбы дзікі свіст, І па Радзіме сум прайшлі даўно. Астрэйка.

2. перан. Горкая жальба, нараканне. — Гэтак жа, мусіць, цяпер жывуць і паміраюць там, адкуль даносяцца аж сюды енк і плач гаротнага народа... Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

безадка́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не нясе адказнасці ні перад кім. [Галавенька Громаву:] — Безадказны ты нейкі, папраўдзе, як малое дзіця. Лупсякоў. // Які не атрымліваецца пачуццём адказнасці. А сказаць трэба сур’ёзна і горача, каб.. [Маша] паверыла, каб зноў не палічыла гэта за легкадумны жарт, за яго [Славікаву] звычайную безадказную балбатню. Шамякін.

2. Які працуе безадмоўна, без перабояў. [Іван Іванавіч:] — Для палёту да другіх планет трэба было сканструяваць лёгкі, зручны і безадказны рухавік. Гамолка.

3. Які без пярэчання выконвае ўсе загады, распараджэнне, бездакорны, беззаганны. Бяссільная [Сымонава] злосць вылілася на Машку, яго безадказную памочніцу, і ясна стала, якая яна, гэтая злосць, горкая, дзікая і дурная. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РЭКРУ́ЦКІЯ І САЛДА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,

адзін з відаў нар. пазаабрадавай сацыяльна-быт. лірыкі. Узніклі ў 18—19 ст. пасля ўвядзення рэкруцкай павіннасці (у 1705 у Расіі, на Беларусі — пасля далучэння яе да Расіі ў канцы 18 ст.). Больш цесна, чым інш. віды і жанры бел. нар. лірыкі, звязаны з рэчаіснасцю і адлюстроўваюць рэальныя гіст. падзеі і з’явы. У іх адлюстраваны ўсе этапы набору ў рэкруты і служба ў царскім войску: развітанне з бацькамі, жонкай, нявестай, горкая доля навабранца, муштра ў царскай арміі, цяжкія паходы і трагічны лёс рэкрута. Ёсць у іх і пратэст супраць прымусовай службы і войнаў, сац. няроўнасці і несправядлівасці пры наборы. Найб. поўна бел. Р. і с.п. сабраў М.​Федароўскі.

Р. і с.п. багатыя сімволікай і псіхал. паралелізмам: многія песні пачынаюцца з апісання змрочных малюнкаў прыроды, прасякнутых прадчуваннем бяды, трагічнага лёсу героя; маці рэкрута ў вобразе зязюлі прылятае на месца прыёму і жаласна просіць забраць усё, але вярнуць дадому сына, якога чакае «салдацкімі слязьмі злітая» дарога. Смуткам прасякнуты песні пра расстанне жонкі або нявесты з каханым, асабліва тыя, дзе расказваецца пра смерць салдата. Для Р. і с.п. характэрны выразныя эпітэты («конь вараны», «воран чорны»), метафары («наступіла цёмна хмара», «зямліца стагнала»), антытэзы («лепей дома цэпам бухаць, чым у войску муштры слухаць», «лепей дома хлеб аўсяны, чым на вайне пытляваны») і інш. маст. сродкі. Як і казацкія песні, Р. і с.п. ў асноўным харавыя, шматгалосыя мужчынскія. Мелодыі і характар выканання іх вельмі разнастайны (паходныя і страявыя песні пераважна маршавыя).

Публ.: Беларускія народныя песні. Т. 2. Мн., 1960; Лірычныя песні. Мн., 1976; Беларускі фальклор: Хрэстаматыя. 4 выд. Мн., 1996.

Літ.:

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие. Мн., 1977;

Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982;

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968.

Г.​А.​Пятроўская.

т. 13, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Quid ipse sis, non quid habearis, interest

Важна, які ты на самай справе, а не за каго цябе прымаюць.

Важно, какой ты на самом деле, а не за кого тебя принимают.

бел. Чорны мак, ды смачны, белая рэдзька, ды горкая. Як цябе бачаць, так цябе пішуць. Не той харош, хто тварам прыгож, а той харош, хто на справу гож. Твар белы, а душа чорная. На ліцо ‒ яйцо, а ў сярэдзіне ‒ баўтун.

рус. Мыло серо, да моет бело. Криво дерево, да яблоки сладки. Мала метёлка, да чисто метёт. Корова черна, а молоко у неё бело. Красна ягодка, да на вкус горька. Не всяк умён, кто в красно наряжён. Чёрен мак, да вкусен, бела редька, да горька.

фр. Bois tortu fait le feu droit (Кривое дерево, да горит ровно).

англ. Clothes do not make the man (Одежда не делает человека).

нем. Ein gut Gemüt ist besser als ein gut Geblüt (Хороший нрав лучше, чем хорошее происхождение).

Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў (1993, правапіс да 2008 г.)

Макру́ха 1 ’буйміна горкая, Cardamine amara L.’ (маг., Кіс., Інстр. II). Да мокры (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑иха, які ў дадзенай функцыі пашыраны ў паўн.-усх. беларускіх і зах.-рус. гаворках (Слаўскі, SP, 1, 75). Названа паводле таго, што на сцёблах выступае пеннае рэчыва, якое выдзяляе лічынка насякомага Philaenus spumarius (Махэк, Jména, 67).

Макру́ха 2 ’зоркаўка белая, Stellaria media (L.) Vill.’ (віц., Кіс., Нас., Бяльк.), макры́ца, макрі́ца ’тс’ (гом., гродз., мін., Кіс.; Шат., Гарэц., Дэмб. 1, Рам. 8, маладз., Янк. Мат.; Жыв. сл.), макрычнік ’тс’ (барыс., Уладз.), ’лісце, націна зоркаўкі’ (Касп.), лун. мокрэз ’зоркаўка’ (Шатал.), макрэц белы, мокрэц ’тс’ (брэсц., Кіс., Янк. 2, Мат. Гом., хойн., Шатал., лельч., Нар. лекс., Жыв. сл.). Утвораны ад мокры (гл.), а мыкры́чнік — ад макры́ца. Названа паводле таго, што расліна расце ў вадзе (Махэк, Jména, 75).

Макру́ха 3 ’радоўка фіялетавая, Lepista nuda’ (уздз., Нар. словатв.). Да мокры (гл.). Суф. ‑уха (< ‑иха) надае аўгментатыўнае адценне. Матывацыя: у перыяд дажджоў грыбы становяцца мокрымі і цвітуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

bitter [ˈbɪtə] adj.

1. го́ркі;

a bitter taste го́ркі смак

2. го́ркі, паку́тлівы;

the bitter truth го́ркая пра́ўда;

bitter tears го́ркія слёзы;

a bitter lesson жо́рсткі ўро́к;

a bitter disappointment мо́цнае расчарава́нне

3. мо́цны, рэ́зкі; які́ праймае наскро́зь;

bitter cold страшэ́нны хо́лад;

a bitter wind рэ́зкі/мо́цны ве́цер

♦

a bitter pill (to swallow) (праглыну́ць) го́ркую пілю́лю;

bitter as wormwood го́ркі як палы́н

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

кры́ўда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Несправядлівыя ўчынкі, паводзіны ў дачыненні да каго‑н., якія абражаюць, засмучаюць. — А за што на мяне хто будзе злосць мець? Мне здаецца, я нікому ніколі ніякай крыўды не зрабіў. Чорны. Боль і горыч ад незаслужанай крыўды ахапілі сэрца старога, і ён, стоячы на скрыжаванні, у думках звяртаецца да сына. Хромчанка. // Пачуццё горычы, выкліканае несправядлівымі ўчынкамі, паводзінамі. Горкая крыўда падступіла да сэрца: усё пайшло на вецер. Шкраба.

•••

Быць у крыўдзе на каго гл. быць.

Кроўная крыўда — цяжкая знявага, якая глыбока кранае чалавека.

Не дацца ў крыўду каму гл. дацца.

Не даць (не папусціць) у крыўду каго гл. даць.

Не ў крыўду хай будзе сказана гл. быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́хасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан сухога (у 1, 2, 5–12 знач.). Сухасць паветра. Сухасць скуры. □ Нашых літаратараў часамі слушна папракаюць у лексічнай беднасць, у сухасці мовы. Скрыган. Пачуццёвая сухасць з’явілася тут не ад беднасці таленту. Каваленка.

2. Адсутнасць або недахоп вільгаці дзе‑н. Язэп напіўся прыгаршчамі вады; горкая сухасць у роце знікла. Асіпенка. Вылі ў паветры цеплыня, сухасць, кедравы водар з лясоў на тым баку (далёкіх, далёкіх!). Караткевіч.

3. перан. Сухое, халоднае абыходжанне з кім‑н., выраз намеранай стрыманасці. З Ігнасёвымі словамі сухасць сплыла з .. твару [дзяўчыны] і гуллівая вясёласць заіграла на шчоках. Мурашка. Нядаўнюю сухасць і дзелавітасць у камандзіра ўзвода нібы ветрам здзьмула. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жоўць 1 ’жоўта-зялёная горкая вадкасць, якую выдзяляе печань’, перан. ’злосць’. Рус. желчь, укр. жовч, палес. жовть, польск. żółć, н.-луж. žołś, žołe, в.-луж. žółć, чэш. žluč, славац. žlč ’тс’, балг. жлъч ’злосць’ уст. ’атрута’, жлъчка ’жоўць’, ’жоўцевы пузыр’, макед. жолч ’жоўць, жоўцевы пузыр’, серб.-харв. жу̑ч ’тс’, славен. žôlć ’жоўць’. Ст.-слав. злъчь, пазней таксама жлъчь, ц.-слав. жлъть ’тс’, ст.-рус. жьлчь ’тс’. Бел. поўнасцю адлюстроўвае (як і ўкр. палес., польск., н.-луж.) уплыў слова жоўты на форму слова (пачатковае ж‑ і канчатковае ‑ць замест з‑ і ‑чь). Першаснае значэнне да кантамінацыі з жоўты было, відаць, ’горыч’, што паслужыла асновай для старажытнага пераносу значэння ’злосць, раздражненне’. Захоўваючы гэта пераноснае значэнне слав. мовы, аднак кантамінавалі слова з жоўты, што прывяло і да семантычнага зруху (адлюстраванага ў першым слове слоўнікавага тлумачэння). Гл. жоўкнуць.

Жоўць 2 ’жоўтая фарба, жоўты колер’. Рус. желть, польск. рэдк. żółć, в.-луж. žołć, чэш. žluť, славац. žlť Ст.-рус. жлъть ’тс’. Утворана, як адцягнены назоўнік са значэннем апрадмечанай адзнакі на ‑ь (< *‑ĭ) ад прыметніка жоўты, відаць, яшчэ ў прасл. мове, як напрыклад, чэрнь (< *čьrnь): *žьltь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДВАРЧА́НІН (Ігнат Сымонавіч) (8.6.1895, в. Погіры Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 8.12.1937),

бел. літ.-знавец, паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Пражскі ун-т (1925) са ступенню д-ра філасофіі. З 1912 настаўнік. У 1915—17 на вайсковай службе. У 1918 сакратар культ.-асв. аддзела Бел. нац. камісарыята ў Маскве. У 1919—20 вёў культ.-асв. работу ў Дзятлаўскім пав., за што зняволены ўладамі Польшчы ў Беластоцкі канцлагер. У 1921 арганізаваў у Даўгаўпілсе бел. настаўніцкія курсы, дзе чытаў лекцыі па бел. мове і л-ры, стварыў бел. тэатр, калектыў і хор. З 1926 у Вільні. Выкладаў бел. л-ру ў бел. гімназіі. Выконваў даручэнні Цэнтр. сакратарыята Бел. сялянска-рабочай грамады. Уваходзіў у Гал. ўправу ТБШ (1926—30). У 1928 выбраны паслом у польскі сейм па спісе рабоча-сялянскага блока. У выступленнях на сейме, мітынгах абараняў сац. і нац. правы народа Зах. Беларусі. Адзін з арганізатараў, нам. старшыні рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне» (1928—30). За рэв. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны, у 1930 засуджаны на 8 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай з 1932 у Мінску Працаваў у АН БССР (у камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі). У 1933 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Дэбютаваў вершамі ў 1917. Вершы Д. публікаваліся ў час. «Наш шлях», «Прамень», «Студэнцкая думка» і інш. У іх балючы драматызм, горкая развага пра нягоды і страты свайго народа, рамантычная вера ў светлы дзень. Публіцыстыка Д. — яркая старонка барацьбы за адраджэнне нац. культуры, сац. і нац. правоў роднага народа. У 1927 выдаў у Вільні «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)», якая адыграла вял. ролю ў школьным навучанні і патрыят. выхаванні. Пад псеўд. І.​Гудок пераклаў на бел. мову паэму А.​Блока «Дванаццаць» (Вільня, 1926).

Тв.:

[Вершы] // Ростані волі. Мн., 1990;

Бел. пер. — Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве. Мн., 1991.

Літ.:

Бергман А. Ігнат Дварчанін // Беларускі каляндар 1978. Беласток, 1978;

Крывіцкі Л. (Л.​А.​Луцкевіч) Адкапаў праўду Беларусі // Беларускі каляндар, 1982. Беласток, 1982;

Міско Я. «Ласкі панскай не трэба...» // Міско Я. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983;

Наднёманскія былі. Мн., 1968. С. 72—75.

А.​М.​Пяткевіч.

І.С.Дварчанін.

т. 6, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)