звіць, саўю, саўеш, саўе; саўём, саўяце; зак., што.
1. Скручваючы, уючы пасмы, ніці, вырабіць што‑н. Звіць вяроўку. □ На такой гаспадарцы, як наша, зімой работы няшмат. Дроў прывезці, звіць пастронкі ці лейцы, лапці падшыць, даць каню і карове — і ўсё. Брыль. // Зрабіць, сплятаючы што‑н. Звіць вянок з кветак. // Зляпіць, збудаваць гняздо (пра птушак). Пад дахам нашага дома, у вузенькай шчыліне франтона, вераб’іная пара звіла сабе гняздо. Гарбук.
2. Зматаць у клубок; наматаць на што‑н. Звіць ніткі ў клубок.
3. Матаючы, зняць з чаго‑н.; разматаць. Звіць ніткі са шпулькі. Звіць пражу з матавіла.
•••
Звіць (сабе) гняздо — а) завесці сям’ю; уладкаваць жыццё. Часам думаю такое: Мо звіла гняздо ты з кім Пад вясковаю страхою Ці пад дахам гарадскім... Кусянкоў; б) пасяліцца, прыжыцца дзе‑н. Каліну перанеслі ў кабінет дырэктара, дзе паспеў ужо звіць сабе гняздо камендант, і палажылі на мяккую канапу. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць, ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; пр. прыдаў, ‑дала, ‑дало; заг. прыдай; зак.
1. каго-што. Дадаць да чаго‑н. дадаткова, звыш чаго‑н. У дапамогу танкістам [Сцяпан Фёдаравіч] прыдаў аўтаматчыкаў. Мележ. // што і чаго. Узмацніць, павялічыць у кім‑н. якую‑н. якасць, уласцівасць і пад. Свежая асенняя раніца прыдала бадзёрасці. Пальчэўскі. Малю й гукаю У няўхільную сінь: — З тугой адчаю Мяне не пакінь! У баі жыццёвым Адвагі прыдай, Надзеі словам Мяне прывітай. Жылка.
2. што. Надаць якую‑н. якасць, уласцівасць, стан чаму‑н. На чале груп стаялі спрактыкаваныя ў ваенных справах людзі. Яны стараліся прыдаць сваім падначаленым выпраўку і ваенны выгляд. Колас. Поўзаючы па пярыне, Юля спрабавала прыдаць ёй пышнасць. Гарбук.
3. што. Прыпісаць, надаць каму‑, чаму‑н. якое‑н. значэнне, каштоўнасць і пад.; укласці які‑н. сэнс у што‑н. Прыдаць значэнне. Не прыдаць увагі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каро́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.
1. Невялікая скрынка з кардону, дрэва, бляхі і пад., звычайна з вечкам. Папяросная каробка. □ [Сакратар абкома] адчыніў чырвоную каробку і сам прыкалоў залатую зорку. Васілевіч. [Дубаў] выцягнуў з каробкі ляльку і пасадзіў яе на калені таварышу. Гарбук. // Такая скрынка з якім‑н. таварам, наборам якіх‑н. прадметаў. Каробка цукерак. Каробка папярос. Каробка каляровых алоўкаў. // Пасудзіна рознай формы і рознага прызначэння, сплеценая з лазы, саломы і інш. Паны складаюць чамаданы, Лубкі-каробкі, дзе схаваны Паненак розныя прыпасы Для завівання, для падкрасы. Колас. Малеча і старыя.. снавалі па лесе з лазовымі каробкамі і кошыкамі. Мележ.
2. Каркас будынка. Злева і справа чарнелі папялішчы, пахіленыя і закурадымленыя каробкі, абгарэлыя дрэвы. Сіўцоў. Стаялі толькі мураваныя каробкі, апавітыя рыштаваннямі, невялікі драўляны дамок, здалёк падобны на кузню. Кулакоўскі.
3. Футляр для якога‑н. механізма. Каробка компаса. Каробка радыёпрыёмніка.
•••
Каробка скорасцей; каробка перадач — у розных машынах: механізм для змены скорасці і напрамку руху.
Магазінная каробка — прыстасаванне ў агнястрэльнай зброі, дзе змяшчаюцца патроны.
Чарапная каробка — тое, што і чэрап.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ухілі́цца, ухілюся, ухілішся, ухіліцца; зак.
1. Адхіліцца ўбок, адхіснуцца. Жаўнер, на якога замахнуўся дзед, пабялеў, як палатно, і падаўся крута ўбок, каб ухіліцца ад сякеры. Колас.
2. Звярнуць, павярнуць у якім‑н. напрамку. [Сцяпанаў:] — Вяртаючыся дамоў, я знарок ухіліўся ад курсу ў правы бок. Алешка.
3. перан. Адысці, адхіліцца ад чаго‑н. асноўнага, першапачатковага. [Клёст:] — Э, сябры мае мілыя, ды мы ж ад тэмы ўхіліліся! Вася, налівай. Зробім яшчэ па адной. Шашкоў.
4. перан. Пазбавіцца ад чаго‑н. Міхал ідзе ды йдзе ў абходы, І не ўхілішся ад шкоды: То дуб ссякуць, бярозу зваляць. Колас. Нават самаму вопытнаму драматургу вельмі цяжка ўхіліцца ад памылак «тэхнічнага» характару. Ярош.
5. перан. Адмовіцца, устрымацца ад якіх‑н. учынкаў, дзеянняў. Няхай сабе і ноч ідзе, Не ўхілюся ад сустрэчы З усім, што прыйдзе да мяне. Буйло. Мне ўхіліцца б лепш тады адразу і ад спрэчак, і ад вашых спраў. Русецкі. // Пазбегнуць прамых, адкрытых выказванняў, меркаванняў. — А хіба мы з табой адны на свеце? — спытаўся я, каб ухіліцца ад адказу. Гарбук. — Дзе ж ты быў? — спытала маці. — Ды так, хадзіў поле аглядаць, сенажаці, — ухіліўся.. [Андрэй] ад прамога адказу. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мі́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які любіць мір, згоду, не схільны да сваркі; рахманы. Мірны характар. □ Ануфрый Скірдзель чалавек працавіты, дабрачынны, мірны, сумленны. Ларчанка. Мядзведзі былі рахманыя і мірныя. В. Вольскі. // Не варожы; схільны да згоды. Часта спрачаліся Аляксандр Дзям’янавіч і дзядзька Мірон .. Але спрэчкі гэтыя былі зусім мірныя. Лынькоў.
2. Які нічым не парушаецца, поўны ўнутранага спакою. Усё навокал зіхацела блакітам і зеленню, і стаяла такая мірная цішыня. Гарбук. Мірны лірычны пейзаж: лужок, старыя дубы, бярозы, рачулка. Бядуля.
3. Які мае адносіны да міру 1 (у 2 знач.); не ваенны. Мірныя абставіны. □ За два гады .. [галоўны ўрач партызанскай брыгады] навучылася ўсяму, чаму ў звычайных мірных умовах нельга было б навучыцца і за дзесяцігоддзе. Шамякін. // Які адбываецца ў абставінах міру, які не парушаецца вайной. Мірнае будаўніцтва. □ Работай мірнай, шчаснай Заняты твой народ: Рабочы і калгаснік, Вучоны і пілот. Глебка. Вось яно і прыйшло, нарэшце, шчасце: мірная праца, каханне, сям’я. Брыль. // Які не прымае ўдзелу ў ваенных дзеяннях; цывільны. Мірныя жыхары. □ Акупанты грабілі беларускі народ, вывозілі ў Германію збожжа, жывёлу, лес, сыравіну, чынілі дзікія расправы над мірным насельніцтвам. «Весці». // Які праводзіць палітыку міру. Мірная дзяржава.
4. Звязаны з заключэннем дагавору аб міры. Мірныя перагаворы. Мірны дагавор.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свяшчэ́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўспрымаецца як святасць, прызнаецца боскім. Старажытныя грэкі любілі дэльфінаў, лічылі іх свяшчэннымі жывёламі, якія знаходзяцца пад апекай марскога бога. В. Вольскі. // Які звязаны з рэлігійным абрадам, з рэлігійным культам, які мае адносіны да набажэнства. Свяшчэнны абрад. Свяшчэнныя кнігі. Свяшчэннае абмыванне. □ [Поп:] — А што я пажартаваў словам, успомніўшы свяшчэннае пісанне, дык у царкве — я свяшчэннаслужыцель, а тут — я такі самы чалавек, як і ўсе. Чорны.
2. Які ажыццяўляецца ў інтарэсах рэлігіі, апраўдваецца рэлігіяй. Свяшчэнныя войны.
3. перан. Асабліва дарагі, запаветны, высокааўтарытэтны. [Самарскі сцяг] з’яўляецца свяшчэннай рэліквіяй. «Маладосць». Прыслухоўваўся да свяшчэннага шэлесту старонак запаветных кніг. Гарбук.
4. Высакародны, чысты, узвышаны. Словы ўспомні свяшчэннай прысягі: Жыць і памерці — за родны свой край! Глебка. Наводчык загінуў смерцю храбрых, да канца выканаўшы свой свяшчэнны абавязак перад Радзімай. «Полымя». Дзе б Радзіма мяне не паставіла, Ці варштаты, ці сшыткі рабіць, Доўг свяшчэнны мой — працу любіць: Ёсць закон, залатое ёсць правіла — У жыцці не бывае драбніц! Непачаловіч. // Такі, які вядзецца з вызваленчай мэтай (пра вайну, бой і пад.). Свяшчэнны бой. Свяшчэнная вайна.
5. Недатыкальны, непарушны. Савецкія Узброеныя Сілы зорка ахоўваюць свяшчэнныя рубяжы нашай Радзімы, стваральную працу будаўнікоў камунізма. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слых, ‑у, м.
1. Адно з пяці знешніх пачуццяў, якое дае магчымасць успрымаць гукі. Органы слыху. □ Гэты стары доктар не быў гаваркім чалавекам. Можа таму, што меў тугі слых. Машара. Невідушчы позірк.. [маці] блукае па столі, а слых пакутліва хоча ўлавіць ціхую размову ў хаце. Ракітны. Да слыху дайшло: цікаюць ходзікі — роўна, мерна. Мележ. // Здольнасць правільна ўспрымаць і аднаўляць музычныя гукі. У Надзі добры голас. Топкі музычны слых. Гарбук. — Э, браце, — забірае Змітро гармонік, — у цябе слыху няма. Жычка.
2. Вестка пра каго‑, што‑н. Не век жа пра.. [бацьку] не будзе аніякага слыху. Чорны. Гады тры слыху не было, бедавала Волька, што дачка прапала. Мыслівец. // Пагалоска. І пайшоў усюды слых, што Лявон на гэтым пустыры лён думае сеяць. Кулакоўскі.
•••
Абсалютны слых — здольнасць вызначаць абсалютную вышыню музыкальных гукаў (до, рэ, мі і г. д.).
На слых — а) толькі слухаючы (вызначаць, пазнаваць і пад. што‑н.). Сваіх, самых мне блізкіх, суседзяў Грачовых я яшчэ мала ведаю. Пакуль што ўспрымаю іх толькі на слых. Ракітны; б) па памяці, без нот (пець, іграць і пад.). Аляксандр лёгка, на слых падбіраў любую мелодыю. Васілевіч.
Ні слыху ні дыху — ніякіх вестак няма.
Ператварыцца ў слых гл. ператварыцца.
Гадаваць слых гл. радаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тра́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм.
1. Моцна, з сілай стукнуць каго‑, што‑н. або чым‑н. Трахнуў Юрка кулаком і жонку па галаве. Гарэцкі. Іван Мацвеевіч схапіў чайнік і трахнуў аб сцяну. Фарфоравыя асколкі разляцеліся ў розныя бакі. Каршукоў. Калі ж бабёр убачыць нешта падазронае, ён так трахне хвастом, што ажно пырскі разляцяцца ва ўсе бакі. Матрунёнак. [Гаспадар:] — Не выцерпеў брыгадзір, паехаў у газету, знайшоў таго карэспандэнта, дый гаворыць: «Вось як трахну табе той рукой, якой у мяне няма, дык будзеш ведаць, як трэба пісаць!» Гурскі.
2. Выстраліць па кім‑, чым‑н. І раптам, як гром з нябёс, Вартаўнік з дубальтоўкі трахнуў. Напэўна, соллю ў кагось. Караткевіч. // Забіць, застрэліць каго‑н. — І што са старастам? Трахнулі яго? — спытаў Сцёпка. Хомчанка. — То-та, я гляджу, учора мне якраз у Грозаве казалі: пана Вранеўскага трахнулі. — Як трахнулі? — Ну, як — забілі! Скрыган. // Утварыць рэзкі гук пры выстрале. Прылажыўся ён [дзед] і бахнуў, Бліснуў іскрамі агонь; Як пярун, стрэл гэты трахнуў. Колас.
3. Выпіць спіртных напіткаў. [Генька:] — Даруй мне! Сёння нядзеля. Я шкляначку трахнуў! Гарбук. // З прагнасцю з’есці што‑н. [Пятрусь:] — Вось бы сюды чыгунок бульбяных аладак, што цэлы дзень млеюць у сале ў гарачай печы, вось тут бы я трахнуў так, каб аж... Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
увіха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Хутка і спрытна рабіць што‑н., займацца чым‑н.; клапаціцца аб кім‑, чым‑н. Увіхацца каля печы. Увіхацца па гаспадарцы. □ [Раёк] усё каля дому ўвіхаўся — пчол глядзеў, у лесе сеяў, дом і сядзібу высокім парканам абносіў... Сіўцоў. Спрытна арудуючы іголкай і нажніцамі, дзяўчына ўвіхалася каля .. шыняля. Васілевіч. Над бледнай, скрыўленай ад болю маці ўвіхалася медсястра ў белым халаце. Карпаў.
2. Разм. Круціцца каля каго‑, чаго‑н.; неадступна хадзіць за кім‑н. Усцін Маркавіч .. абчышчаў рыбу. Каля яго .. увіхаўся кот. Кулакоўскі. // Увівацца, круціцца каля каго‑н., стараючыся дагадзіць чым‑н. Камар увіхаўся каля гасцей, перастаўляючы з месца на месца крэслы. Гартны. // Заляцацца, увівацца. [Наталля:] — [Ніна] расказала мне, як каля цябе ўвіхалася: у кіно вадзіла, у госці да сябе запрашала. Было гэта? Скрыган. Міровіч параіў Чароту .. увесці [у п’есу] два камічныя персанажы: бабыля Данілу і немаладую, адзінокую, але зухаватую Параску, за якой увіхаецца Даніла з надзеяй ажаніцца з ёю. Рамановіч.
3. Хутка рухацца; круціцца. Трос [мядзведзь] галавой, круціўся ва ўсе бакі, увіхаўся, а сабака грыз яго не на жарт. Бядуля. На сухой верхавінцы таполі па-ранейшаму ўвіхалася неўтаймоўная стракатая мухалоўка. Гарбук. Увіхаюцца рукі, не ведаючы стомы. [Максімка] не для Радзівілаў .. працуе, а для сябе. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дацягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.
1. Цягнучы, даставіць да якога‑н. месца; давалачы. Дацягнуць лодку да вады. // Разм. Павольна, з цяжкасцю давезці, данесці да якога‑н. месца. Пакуль Антонава кабыла дацягнула свой воз да млына, зрабілася зусім цёмна. Новікаў. // без дап. Разм. З цяжкасцю даехаць, даляцець да якога‑н. месца. Самалёт паступова зніжаўся, нягледзячы на ўсе мае намаганні трымацца набранай вышыні. Я адразу зразумеў, што нам не дацягнуць да базы. Шамякін.
2. Працягнуць, правесці, пракласці да якога‑н. месца. Дацягнуць да лесу тэлефонны провад. // перан. Давесці што‑н. пачатае да канца ці да пэўнай ступені выканання. Дацягнуць урок да канца. Дацягнуць да нормы.
3. Праспяваць да канца; дапець. Як дацягнуў запявала апошняе слова, дзесяткі галасоў, няроўных, але ўпэўненых, падхапілі песню, узнялі яе ўгору і запоўнілі песняй пустынную вуліцу. Галавач.
4. і без дап. Разм. Правесці час да якога‑н. моманту. Дацягнуць час да вячэры. □ Каб толькі дацягнуць да ночы, там можна было б знайсці дарогу дадому. Лобан. // Пражыць, праіснаваць да якога‑н. часу, падзеі; дажыць. [Бацька] даўно ўжо чакаў гэтага моманту, даўно ўжо думаў, як дацягнуць да ўраджаю. Маўр. Дажыў Макарый да сівых валос І дацягнуў аж да вайны Айчыннай. З. Астапенка.
5. Разм. Зацягнуць выкананне чаго‑н., не зрабіць што‑н. своечасова. Дацягнуць здачу экзамена да вясны. □ — Дацягнулі да апошняга... Загубілі дзяўчынку! — злаваўся Сцепанец. Гарбук.
•••
Ледзь дацягнуць ногі — з цяжкасцю дайсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)