ЧА́ВУС Пётр Рыгоравіч (н. 7.1.1939, в. Старына Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел.ваен. дзеяч. Ген.-палк. (1992). Скончыў Ташкенцкае ваен. агульнавайск. каманднае вучылішча (1960), Ваен.-паліт. акадэмію (1973), Акадэмію Генштаба (1980), вышэйшыя акад. курсы пры той жа акадэміі (1989). З 1960 на камандных і штабных пасадах у шэрагу ваен. акруг СССР, у т. л. ў БВА, а таксама ў Цэнтр. групе войск у Чэхаславакіі, у складзе сав. войск у Афганістане. У 1991 нач. Ін-та ваен. гісторыі Мін-ва абароны СССР, нач. штаба — 1-ы нам.нач. Грамадзянскай абароны СССР. Са снеж. 1991 міністр па справах абароны, у 1992—94 в.а. міністра, нам. міністра абароны Рэспублікі Беларусь. Да сак. 1995 ваен. саветнік пры СМ Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВА́РЦШЫЛЬД (Schwarzschild) Карл (9.10.1873, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 11.5.1916),
нямецкі астраном і фізік. Чл. Берлінскай АН (1912). Скончыў Мюнхенскі ун-т. З 1901 праф. Гётынгенскага ун-та і дырэктар абсерваторыі пры ун-це, з 1909 дырэктар Патсдамскай астрафіз. абсерваторыі, з 1912 праф. Берлінскага ун-та. Навук. працы па зорнай астраноміі і астрафізіцы, агульнай тэорыі адноснасці, тэорыі гравітацыі, геам. оптыцы. Заклаў асновы тэорыі зорных атмасфер і ўнутр. будовы зорак (1906). Склаў каталог фатагр. велічынь больш як 3500 зорак. Атрымаў агульныя ўраўненні зорнай статыстыкі (1910—12). Упершыню знайшоў дакладнае рашэнне ўраўнення Эйнштэйна для статыст. цэнтральна-сім. гравітацыйнага поля (1916). Прадказаў гравітацыйны калапс і вывеў формулу гравітацыйнага радыуса (Шварцшыльдаўскі радыус).
Літ.:
Амбарцумян В.А. Карл Шварцшильд // Творцы науки о звездах... Л., 1930.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІДО́РСКІ Сяргей Сяргеевіч (н. 13.3.1954, г. Гомель),
дзяржаўны дзеяч Беларусі. Д-ртэхн.н. (2003). Чл. Прэзідыума Нац.АН Беларусі (з 2003). Акад.Міжнар.інж. акадэміі (1999). Засл. работнік прам-сці Беларусі (1997). Скончыў Бел.ін-т інжынераў чыг. транспарту (1976). З 1976 на Гомельскім з-дзе радыётэхнал. аснашчэння: майстар цэха, нач. лабараторыі, аддзела, нам. дырэктара, з 1991 дырэктар завода. З 1992 ген. дырэктар навук.-вытв. аб’яднання «Ратон» (г. Гомель). У 1998—2001 нам., 1-ы нам. старшыні Гомельскага аблвыканкома. З 2001 нам., з 2002 1-ы нам., з 2003 в.а. Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. Са снеж. 2003 Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь. Асн. кірункі навук. дзейнасці: тэхналогія і перапрацоўка палімераў і кампазітаў.
Тв.:
Технология вакуумной металлизации полимерных материалов. Гомель, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РЫК Міхаіл Мікалаевіч (24.11.1899, в. Кляннік Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 11.4.1986),
бел. фізіёлаг раслін. Чл.-кар.АН Беларусі (1969), д-рбіял.н., праф. (1960). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Скончыў Горацкі с.-г.ін-т (1924). З 1929 у Ін-це біялогіі АН Беларусі (з 1931 нам., в.а. дырэктара). У 1933 арыштаваны, вызвалены ў 1947. У 1949 зноў арыштаваны, рэабілітаваны ў 1956. У 1956—58 у БСГА, з 1958 у Ін-це біялогіі, з 1961 заг. аддзела фотасінтэзу, з 1967 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (у 1967—72 дырэктар). Навук. працы па вырошчванні бульбы, капусты ва ўмовах Крайняй Поўначы, даследаванні фотасінтэзу ў бульбе і яе патрабавальнасці да вільготнасці глебы ў антагенезе, уплыву іонаў хлору і хлорзмяшчальных калійных угнаенняў на фізіял. працэсы раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АША́НЦІ, Канфедэрацыя Ашанці,
дзяржава ашанці ў Зах. Афрыцы ў канцы 17—19 ст. Сталіца — г. Кумасі. Узначальвалася асантэхене (царом), першым з якіх і заснавальнікам канфедэрацыі быў Асей Туту (п. у 1731). Каля 1800 Ашанці ахоплівала тэрыторыі сучасных Цэнтр. Ганы, часткова Кот-д’Івуар і Буркіна-Фасо. Асновай эканам. магутнасці Ашанці быў гандаль рабамі, золатам і інш. з еўрап. фартамі на Залатым Беразе. У выніку англа-ашанційскіх войнаў (1806, 1811, 1814—15, 1823—26, 1863, 1873—74, 1895—96) Ашанці страціла незалежнасць і стала брыт. пратэктаратам, хоць захавала свой унутрыпаліт. лад. Пасля няўдалага паўстання 1900 супраць англічан у складзе іх калоніі Залаты Бераг (1902—60). Першы прэзідэнт Ганы К.Нкрума пазбавіў улады апазіцыйнага яму асантэхене.
Літ.:
Попов В.А. Ашантийцы в XIX в.: Опыт этносоциол. исслед М., 1982. С. 14—25.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТКО́Ў Міхаіл Нічыпаравіч (13.11.1818, Масква — 1.8.1887),
рускі публіцыст, літ. крытык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1838), слухаў курс філасофіі у Берлінскім ун-це (1840—41). З 1845 ад’юнкт-праф. Маскоўскага ун-та, супрацоўнік час. «Московский наблюдатель» і «Отечественные записки», рэдактар-выдавец час. «Русский вестник» (1856—87). У сваіх артыкулах выступаў за адмену прыгоннага права, увядзенне ін-та міравых суддзяў, абмяркоўваў «закрытыя» раней пытанні знешняй палітыкі, свабоды слова, цэнзуры, мясц. самакіравання і інш. У час і пасля паўстання 1863—64 патрабаваў прыняцця да Польшчы жорсткіх мер, адмаўляў неабходнасць правядзення ліберальна-дэмакр. рэформ у Расіі.
Тв.:
1863 г.: Собр. статей по польскому вопросу. Вып. 1—2. М., 1887;
О самодержавии и конституции М., 1905;
О церкви. М., 1905.
Літ.:
Твардовская В.А. Идеология пореформенного самодержавия: (М.Н.Катков и его издания). М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЧЫЯР (Mečiar) Уладзімір (н. 26.7.1942, г. Зволен, Славакія),
славацкі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Вучыўся ва ун-це імя Я.А.Каменскага ў Браціславе і Вышэйшай камсамольскай школе ў Маскве. За ўдзел у апазіц. выступленнях 1968 выключаны з кампартыі (1970). Працаваў юрыстам на шкляной ф-цы. З ліст. 1989 чл. славацкага грамадз. руху «Грамадскасць супраць гвалту», пасля яго расколу ў 1991 узначаліў «Рух за дэмакр. Славакію». У 1990 міністр унутр. спраў і аховы навакольнага асяроддзя, у 1990—91 прэм’ер-міністр славацкага ўрада. Прыхільнік скасавання федэрацыі з Чэхіяй і незалежнасці Славакіі. У 1992—94 і пасля перамогі на парламенцкіх выбарах (кастр. 1994) «Руху за дэмакр. Славакію» са снеж. 1994 да вер. 1998 прэм’ер-міністр Славакіі (з 1.1.1993 суверэнная Славацкая Рэспубліка). У сак.—вер. 1998 адначасова в.а. прэзідэнта Славакіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л ЯРАСЛА́ВІЧ (1271—2.11.1318),
цвярскі князь [1285—1318], вял. князь уладзімірскі [1305—17]. У выніку працяглай барацьбы ў 1305 заняў вялікакняжацкі прастол і першым з рус. князёў стаў насіць тытул «вялікі князь усяе Русі». За паліт. ўплыў на Русі вёў упартае змаганне супраць маскоўскага кн. Юрыя Данілавіча [1303—25], які ў 1317 здолеў атрымаць ад Залатой Арды ярлык на вял. ўладзімірскае княжанне. 22.12.1317 М.Я. у бітве каля с. Барценева (40 км ад Цверы) разбіў аб’яднаныя войскі Юрыя Данілавіча і ардынскага пасла Каўгадыя (першае буйное паражэнне мангола-татар у палявым баі ў Паўн.-Усх. Русі). Быў выкліканы на суд у Арду і паводле загаду хана Узбека забіты слугамі кн. Юрыя. Кананізаваны Рус.правасл. царквой. Выява М.Я. ў шматфігурным помніку «Тысячагоддзе Расіі» ў Ноўгарадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУХАДАНО́САР II, Набу-кудуры-уцур,
цар Новававілонскага царства [605—562 да н.э.]. Сын Набапаласара. Пасля перамогі ў 605 да н.э. над егіп. войскам каля Кархемыша падпарадкаваў Сірыю і Палесціну. У 599 да н.э. рэарганізаваў армію, у 598 да н.э. здзейсніў паход у Паўн. Аравію. У 586 да н.э. захапіў Іерусалім. Ператварыў Іудзею ў вавілонскую правінцыю, вял. частку яе насельніцтва перасяліў у Вавілонію. У 575 да н.э. захапіў Тыр, чым завяршыў падпарадкаванне Вавілону Усх. Міжземнамор’я. Праўленне Н.II адзначана эканам. і культ. росквітам Вавілона. Пры ім узведзены шматлікія культавыя і грамадскія збудаванні, у т. л. вежы храма Эсагіла і славутыя вісячыя сады («сады Семіраміды»).
Літ.:
Белявский В.А. Вавилон легендарный и Вавилон исторический М., 1971;
Кленгель-Брандт Э. Вавилонская башня: Легенда и история: Пер. с нем. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́ЎСКІ Яўген Аляксандравіч (1855, г. Кобрын Брэсцкай вобл. — 1923),
расійскі астрафізік і фізік. Магістр фізікі (1903). Чл. рускіх фіз.-хім. і астранамічнага, Французскага фіз. і Харкаўскага матэм. т-ваў. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882), дзе і працаваў у фіз. лабараторыі (у 1903—04 прыват-дацэнт); адначасова выкладаў фізіку і матэматыку ў гімназіях Пецярбурга, супрацоўнічаў у рэдакцыі час. «Журнал Русского физико-химического общества». З 1904 в.а. экстраардынарнага прафесара Харкаўскага ун-та. Аўтар навук. прац «Аб складзе атмасферы сонца і планет і іх тэмпературы» (ч. 1—2, 1882—84) і «Яшчэ пра тэмпературу і склад сонца і планет» (1899), за якія ў 1903 удастоены прэміі Рус.астр.т-ва і медаля імя Мікалая II, дысертацыі «Аб знешняй цеплаправоднасці сярэбраных дратоў у вадзе» (1903).