БРА́ЦКІЯ ДРУКА́РНІ,

выдавецкія ўстановы, якія ствараліся праваслаўнымі брацтвамі на Беларусі і Украіне ў канцы 16—18 ст. Адыгралі вял. ролю ў развіцці бел. і ўкр. культуры, уздыме асветы. У іх дзейнасці выразна выявіліся сувязі бел. кнігадрукавання з выдавецкімі традыцыямі Ф.Скарыны, І.Фёдарава, П.Мсціслаўца. Існавалі Віленская брацкая друкарня (канец 16 — пач. 18 ст.), Еўінская друкарня (17 ст.), Магілёўская брацкая друкарня (17—18 ст.). Да брацкіх можна аднесці Куцеінскую друкарню (17 ст.), актыўны ўдзел у рабоце якой прымалі магілёўскія і аршанскія братчыкі, хоць прывілеі, што пацвярджалі б права на друкарню аршанскага брацтва, не выяўлены. У 1594—1608 перапынілася або аслабла дзейнасць галоўнай у тыя часы брацкай друкарні ў Львове. Пры падтрымцы брацтваў і па іх заказах працавалі друкарні С.Собаля, І.Труцэвіча, М.Вашчанкі. З канца 16 ст. да 1654 выйшла 127 выданняў, у т. л. 16 вучэбных (пераважна буквары), 12 палемічна-публіцыстычных («Кніга пра веру», «Трэнас», «Сінопсіс» і інш.), 16 панегірычных і прапаведніцкіх (казанні), 20 «Чэццяў кнігі» і інш. нелітургічных твораў. З іх больш за 70% выйшла на царк.-слав. ці бел. мове (або на царк.-слав. ў бел. рэдакцыі), 25% — на польскай. У 2-й пал. 17—18 ст. ва ўмовах абвастрэння сац.-паліт. супярэчнасцей больш ці менш сістэматычна працавала толькі брацкая друкарня ў Магілёве. Пагоршыўся вонкавы выгляд кніжнай прадукцыі, а самую вял. яе частку складала царк.-багаслоўская і літургічная л-ра. Усяго ў 16—18 ст. брацкія друкарні (разам з друкарнямі Собаля і Вашчанкі) выпусцілі каля 170 выданняў.

Літ.:

450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;

Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku. Z. 5. Wielkie Księstwo Litewskie. Wrocław;

Kraków, 1959;

Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат. Мн., 1986;

Исаевич Я.Д. Преемники первопечатника. М., 1981;

Яго ж. Роль братств в издании и распространении книг на Украине и Белоруссии (конец XVI—XVIII в.) // Книга и графика. М., 1972.

Т.​Я.​Галенчанка.

т. 3, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭ́МІЯ (грэч. Akadēmia),

назва навук., навуч., асветных, маст. устаноў і т-ваў. Слова «акадэмія» паходзіць ад імя стараж.-грэч. міфічнага героя Акадэма, у гонар якога былі названы свяшчэнныя сады, дзе Платон каля 387 да н.э. заснаваў філас. школу (гл. Акадэмія платонаўская). У сярэднявеччы ў Еўропе і ў араб. краінах узніклі акадэміі як навук. і навуч. ўстановы. У 15—16 ст. гэта назва замацавалася ў Італіі за рознымі т-вамі, якія вывучалі мову і л-ру; пазней узніклі падобныя т-вы прыродазнаўства, эксперым. метадаў даследавання. З 2-й пал. 17 ст. ствараюцца акадэміі як навук. цэнтры (Акадэміі навук): Парыжская АН (1666), АН у Берліне (1700), Пецярбургская АН (1724), Рас. Акадэмія (Пецярбург, 1783). Важнае значэнне як навук. цэнтры маюць Нац. АН ЗША, Аўстрыйская, Шведская і інш. У Вялікабрытаніі ролю АН выконвае Лонданскае каралеўскае т-ва (1662). Цэнтр. навук. ўстанова Францыі — Ін-т Францыі (аб’ядноўвае 5 нац., у т. л. Парыжскую АН).

Старэйшая на тэр. Беларусі і Літвы — Віленская акадэмія, заснаваная ў 1579 (гл. Віленскі універсітэт). У 1775—81 існавала Гродзенская мед. акадэмія, на чале якой быў франц. хірург і анатам Ж.Э.Жылібер. На базе Полацкага езуіцкага калегіума была створана Полацкая акадэмія (1812—20). У 1840 у маёнтку Горы-Горкі заснавана першая на Беларусі вышэйшая с.-г. навуч. ўстанова — Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія. У 1957—61 у Мінску існавала Акадэмія с.-г. навук БССР. Вышэйшай навук. установай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Акадэмія навук Беларусі (засн. ў 1929). У 1991 засн. Акадэмія кіравання, якая займаецца навук. і навуч. дзейнасцю, у 1992 — Акадэмія аграрных навук. У 1993 створана недзярж. вышэйшая навуч. ўстанова Акадэмія парламентарызму і прадпрымальніцтва. Статус акадэміі атрымалі некаторыя спец. ВНУ (гл. Беларуская дзяржаўная політэхнічная акадэмія, Беларуская акадэмія мастацтваў, Беларуская акадэмія музыкі, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Акадэмія міліцыі, Акадэмія фізічнага выхавання і спорту).

т. 1, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШЫЯ НАВУЧА́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ (ВНУ). Рыхтуюць спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для розных галін гаспадаркі, аховы здароўя, навукі, культуры, а таксама органаў дзярж. кіравання. Да ВНУ належаць ун-ты (у т. л. тэхн., мед., с.-г., пед.), ін-ты рознага профілю (інж., с.-г., маст. і інш.), акадэміі, кансерваторыі; у некат. краінах — каледжы, а таксама духоўныя ВНУ. Правобраз ВНУ — вышэйшыя для свайго часу філас. школы ант. перыяду, у якіх выкладанне вялося ў форме лекцый, гутарак і дыспутаў. Такую арг-цыю навучання перанялі сярэдневяковыя ун-ты, якія ўзніклі ў Зах. Еўропе ў 13 ст. У 16—17 ст. адбывалася пашырэнне спецыялізацыі ў вышэйшай школе. Пры ун-тах сталі ўзнікаць адносна самаст. навук. і практычныя школы. У 18 ст. значны ўплыў на змест і метады выкладання ў ВНУ аказалі ідэі В.​Гумбальта, рэалізаваныя ў практыцы Берлінскага універсітэта; склалася факультэцкая сістэма. У канцы 19 ст. пры ВНУ пачалі ўзнікаць н.-д. падраздзяленні. У 20 ст. факультэцкая сістэма будовы ВНУ набыла больш свабодны характар, многія ВНУ перайшлі на шматпрофільную форму арг-цыі работы аддзяленняў і кафедраў. Большасць вядучых сучасных ВНУ — гэта вучэбна-навукова-вытворчыя комплексы, якія даюць студэнтам адукацыю і магчымасць займацца навук. даследаваннямі. У большасці краін свету асноўны ўплыў на сістэму вышэйшай школы аказваюць ун-ты і ВНУ універсітэцкага статуса.

У Беларусі першай ВНУ была Віленская акадэмія (з 1579; гл. Віленскі універсітэт). З 1775 дзейнічала Гродзенская медыцынская акадэмія — першая на Беларусі ВНУ па падрыхтоўцы мед. персаналу. У 1812—20 на правах ВНУ дзейнічала Полацкая езуіцкая акадэмія. У 1848—64, 1919—25 працаваў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (гл. Горы-Горацкая земляробчая школа, Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія). Сталая сетка ВНУ на Беларусі сфарміравалася ў 1920—30-я г. (гл. раздзел Асвета ў арт. Беларусь). У 1996/97 навуч. г. на Беларусі 39 дзярж., 18 недзярж. ВНУ.

т. 4, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДУ́ШНЫ ПАДА́ТАК,

асноўны прамы падатак у Рас. імперыі ў 18—19 ст. Уведзены ў 1724. Ім абкладалася ўсё мужчынскае насельніцтва падатковых саслоўяў паводле перыяд. перапісаў. На Беларусі П.п. уведзены замест падворнага абкладання (гл. Падымнае) у канцы 18 ст. ў памеры каля 1 руб. серабром. У снеж. 1772 жыхары ўсх. Беларусі вызвалены ад П.п. на паўгода, у крас. 1793 у цэнтр. Беларусі — на 2 гады. У 1797—1807 ва ўсіх бел. губернях дзярж. падаткі браліся ў меншым памеры, але да 1811 яны збіраліся тут не асігнацыямі, а серабром, рэальны курс якога быў намнога вышэйшы. У 1863 П.п. з цэхавых рамеснікаў і мяшчан заменены падаткам на нерухомую маёмасць і да сярэдзіны 1870-х г. быў чыста сельскім падаткам. Памеры яго павялічваліся. У 1867 па рэгіёнах Рас. імперыі П.п. вагаўся ад 1,15 да 2,61 руб. з рэвізскай душы, а па 5 зах. губернях (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) — ад 1,34 да 1,85 руб. ў залежнасці ад губерні. Да дзярж. падушных збораў належалі таксама земскі падушны збор з сялян на казённыя выдаткі і грамадскі збор з дзярж. сялян, уведзены на пач. 1840-х г. У сярэдзіне 1860-х г. у Еўрап. Расіі падушныя зборы складалі каля 70% агульнай сумы прамых падаткаў. У 1870-я г. ў 5 зах. губ. П.п. дасягаў у залежнасці ад губ. 1,52—2,44 руб. з рэвізскай душы. У 1867—85 аклад падушных збораў складаў тут у сярэднім 2,8 млн. руб., або больш за ​1/3 агульнай сумы сял. збораў. Феад. характар П.п., вял. нядоімка, адмовы насельніцтва плаціць, узмацненне сял. руху прымусілі ўрад з 1887 адмяніць падушныя зборы ў еўрап. ч. краіны.

Літ.:

Троицкий С.М. Финансовая политика русского абсолютизма в XVIII в. М., 1966;

Неупокоев В.И. Государственные повинности крестьян Европейской России в конце XVIII — начале XIX в. М., 1987.

В.​П.​Панюціч, У.​А.​Сосна.

т. 11, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

1) тайная арг-цыя дваранскіх рэвалюцыянераў (пераважна афіцэраў) у 1821—26 на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны, створаная з мэтай адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772. Засн. ў маі 1821 каля Варшавы членамі арг-цыі «Нацыянальнае масонства» і велікапольскага Саюза касінераў. Дзейнасць т-ва (каля 150 чал. у 1822) вызначалася статутам. Кіруючы орган — ЦК з 7 чал. на чале з В.Лукасінскім. П.т. падзялялася на 6 тэр. правінцый (7-я прав. — армія), правінцыі — на акругі, акругі — на гміны. Правінцыя Літва (Віленская, Гродзенская, Мінская губ. і Беластоцкая вобл., кіраўнікі кн. К.​Радзівіл, І.​Вайніловіч, памешчык К.​Навамейскі, граф А.​Солтан) асн. ўвагу звяртала на прапаганду ў Літоўскім асобным корпусе і арсенал зброі ў Вільні. У маі 1822 арыштаваны кіраўнікі П.т. на чале з Лукасінскім, схільныя да правядзення ў будучым сац. рэформ; членамі ЦК сталі больш памяркоўныя (С.​Кжыжаноўскі, А.​Пліхта, В.​Гжымала). П.т. вяло перагаворы з Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў, якое пагаджалася на перадачу будучай польскай дзяржаве бел. зямель. У 1826 у сувязі са справай дзекабрыстаў т-ва выяўлена і разгромлена ўрадам. Арыштаваных ўраджэнцаў Каралеўства Польскага судзіў Польскі Сенат, які вынес ім у 1828 мяккі прыгавор, астатніх, у т. л. ураджэнцаў бел. губерняў (Ю.​Гружэўскі, І.​Завіша, Я.​Ходзька і інш.), рас. Сенат асудзіў на розныя тэрміны катаргі і ссылкі.

2) Легальная аргцыя («Патрыятычны клуб») у Варшаве ў снеж. 1830 — жн. 1831 у час паўстання 1830—31. Аб’ядноўвала радыкальную інтэлігенцыю, карысталася падтрымкай сярэдніх слаёў і гар. нізоў. Старшыня — І.Лялевель. Забаронена дыктатарам паўстання Я.​Крукоўскім за прапаганду радыкальных сац. рэформ і крытыку паўстанцкіх улад.

Літ.:

Ольшанский П.Н. Декабристы и польское национально-освободительное движение. М., 1959;

Dylągowa H. Towarzystwo patriotyczne i Sąd Sejmowy (1821—1829). Warszawa, 1970.

В.​В.​Швед.

т. 12, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭВАРЫ́Т, ксілаграфія,

гравюра па дрэве; адзін з найб. стараж. відаў пукатай гравюры, у якой адлюстраванне друкуецца з плоскай паверхні драўлянай дошкі, пакрытай фарбай. Бывае абразны (падоўжны) і тарцовы. У абразным Д. друкарская форма (клішэ) ствараецца на дошцы, распілаванай уздоўж валокнаў драўніны мяккіх парод. Лініі і плямы, што ўтвараюць малюнак, абразаюць нажом, свабодныя ад выявы месцы паглыбляюць долатам. Гэтаму віду Д. ўласцівы абагульненасць малюнка, кантрастныя суадносіны белага і чорнага колераў. Клішэ тарцовага Д. выконваюцца на брусках цвёрдых парод драўніны, распілаваных упоперак валакна. Тонкія штрыхі малюнка праразаюцца штыхелем. Спалучэнні штрыхоў даюць магчымасць ствараць тоны рознай насычанасці, што часта выкарыстоўваецца для рэпрадуцыравання жывапісных твораў і танальнага малюнка.

Д. вядомы з 6—7 ст. (Кітай), у Еўропе з’явіўся ў 14—15 ст. У 19 ст. шырока выкарыстоўваўся для друкавання ілюстрацый і рэпрадуцыравання жывапісу і малюнкаў. У 20 ст. пашыраны гал. чынам у станковай і кніжнай гравюры.

На Беларусі першыя Д. (абразныя) з’явіліся ў пач. 16 ст. ў выданнях Ф.​Скарыны («Псалтыр», «Кніга Іова», «Кніга Ісуса Сірахава», усе 1517, кн. «Выхад», 1519). Кніжны Д. дамінаваў да пач. 17 ст. Склаліся рэгіянальныя школы бел. Д. (Віленская школа гравюры, Куцеінская школа гравюры, Магілёўская школа гравюры і інш.). У кніжнай графіцы працавалі П.​Мсціславец, М. і В.​Вашчанкі, Ф.​Ангілейка і інш. У 18 ст. пашырыўся станковы Д., у т. л. народны лубок. Д. бел. старадрукаў адметны высокім узроўнем тэхнікі гравіравання і маст. якасцей. У 19 ст. Д. заняпаў. У 1-й пал. 20 ст. ў тэхніцы Д. працавалі М.​Сеўрук, І.​Гембіцкі, Я.​Мінін, С.​Юдовін, А.​Тычына, А.​Зайцаў і інш. У апошні час Д. саступіў месца інш. відам гравюры (афорт, літаграфія, лінарыт і інш.).

Т.​М.​Карэліна, В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Дрэварыт. Дачка фараона і Майсей. Гравюра з тытульнага ліста кнігі «Выхад» Ф.​Скарыны. 1519.
Да арт. Дрэварыт. М.​Сеўрук. Вяртанне з працы. 1938.
Да арт. Дрэварыт. А.​Зайцаў. Партрэт Л.​Стрыгалёва. 1983.

т. 6, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎЦО́Ў (Макар) (сапр. Касцевіч Макар Мацвеевіч; 18.8.1891, в. Баброўня Гродзенскага р-на — 1939),

дзеяч бел. нац.-вызв. руху, паэт, публіцыст, перакладчык. Скончыўшы Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910), працаваў настаўнікам на Гродзеншчыне. З 1915 у арміі. Ад салдацкага к-та 44-га армейскага корпуса Паўд.-Зах. фронту абраны дэлегатам на Усебеларускі з’езд 1917. У 1917—19 у Мінску. З 1918 чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1919 па заданні Мін-ва бел. спраў у Літоўскім урадзе стварыў бел. органы ўлады ў Сакольскім пав. Гродзенскай губ. Са снеж. 1919 уваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі. Аўтар верша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які стаў гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнік Слуцкага паўстання 1920, Першай Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). З 1921 настаўнічаў у Вільні, займаўся літ. грамадскай дзейнасцю, удзельнічаў у рабоце Беларускага навуковага таварыства. У 1926 быў арыштаваны польск. ўладамі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР з кастр. 1939 працаваў у рэдакцыі газ. «Віленская праўда». У канцы 1939 арыштаваны. Далейшы лёс невядомы. Літ. дзейнасць пачаў у 1918. Выступаў пад псеўд. Дзын-Дзылін, Звончык, Макар, Язэп Светазар, Picolo, Smreczyński; крыпт. З-ык, К.М., Кр.М., М.К. Друкаваўся ў газ. «Вольная Беларусь», «Звон», «Беларусь», «Беларуская крыніца», «Родны край», час. «Рунь», «Маланка», «Беларуская культура», «Шлях моладзі» і інш. Аўтар літаратуразнаўчых артыкулаў пра творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, У.​Жылкі, К.​Буйло, Цёткі і інш., успамінаў пра сучаснікаў, дзеячаў нац.-вызв. руху І.​Луцкевіча, А.​Астрамовіча, П.​Крачэўскага, А.​Гаруна, а таксама пра Усебел. з’езд 1917. Пераклаў на бел. мову многія творы М.​Гогаля, М.​Горкага, М.​Зошчанкі, А.​Купрына, М.​Лермантава, А.​Міцкевіча, Л.​Талстога, Г.​Сянкевіча, Т.​Шаўчэнкі і інш. Рукапісы К. часткова зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы, Цэнтр. навук. б-цы Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Гарэцкі М. Макар Краўцоў // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Вільня, 1920;

Гесь А. Макар Краўцоў пра Усебеларускі з’езд // Спадчына. 1996. № 1.

А.​М.​Гесь.

т. 8, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА ЗА МЯЖО́Й.

Станаўленне бел. школьніцтва за мяжой звязана з арганізацыяй нац.-культ. жыцця і прысутнасцю свядомай нац. інтэлігенцыі. Першыя масавыя перасяленні беларусаў (канец 19 — пач. 20 ст.) не былі адзначаны дзейнасцю бел. школ. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі ў Латвіі пры Мін-ве асветы дзейнічаў Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі, арганізацыяй і падтрымкай бел. школ займаліся т-ва «Беларуская хатка», Беларускіх вучыцялёў таварыства, працавалі бел. гімназіі ў Дзвінску, Люцыне, Рызе (прыватная), больш за 60 бел. школ у Дзвінскім, Люцынскім пав. і Рызе. У Літве справы школьніцтва вялі Мін-ва бел. спраў, Беларускі прафесіянальны вучыцельскі саюз і т-ва «Беларуская хатка» ў Вільні, Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне і інш.

Дзейнасцю бел. школ Вільні і Віленскага краю кіравала Беларуская школьная рада (да пач. 1921 было закладзена каля 200 бел. пач. школ), на аснове якой у крас. 1921 створана Таварыства беларускай школы. Працавалі Віленская беларуская гімназія, дзесяткі школ. У 1921—39 у Зах. Беларусі ў выніку палітыкі паланізацыі бел. школ амаль не засталося. З 500 школ, што існавалі тут напярэдадні польск. акупацыі, да 1936 засталося 16, у 1939 не стала ніводнай. Былі закрыты бел. гімназіі ў Клецку, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах, а Віленская рэарганізавана ў Бел. філіял польск. гімназіі.

У 2-ю сусв. вайну па розных прычынах у Германіі і Аўстрыі апынулася каля 500 тыс. беларусаў (гл. Дыяспара беларуская, Эміграцыя). У 1945—50 пры Беларускіх лагерах для перамешчаных асоб працавалі дзіцячыя сады, пач. школы, гімназіі, курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Дашкольным выхаваннем былі ахоплены дзеці ад 3 да 6 гадоў, у Зах. Германіі сады існавалі ў лагерах Ватэнштэт (1945—48), Вайдэн, Міхельсдорф, Шляйсгайм (1946), Мітэнвальд, Майнлёз, Фогенштраўс, Віндзішбергердорф, Остэргофен (1947), Гібельштат (1948), Бакнанг і Розенгайм (1949). У праграму заняткаў уваходзілі экскурсіі, гульні, спевы, дэкламаванне вершаў, чытанне і пераказ апавяданняў. Пач. школы для дзяцей 7—11 гадоў ствараліся ва ўсіх лагерах, дзе былі значныя бел. асяродкі. Першыя адкрыліся восенню 1945 у лагерах Гослар, Ватэнштэт, Рэгенсбург, працавалі яны і ў лагерах Мітэнвальд (1947—49), Віндзішбергердорф (1947—49), Міхельсдорф (1946—49), Остэргофен (1946—49), Гановер (1946—50), Бакнанг (1949—50). Выкладаліся бел. і ням. мовы, арыфметыка, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства, закон Божы, шмат увагі надавалася эстэт. і фіз. развіццю. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.​Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.​Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49). У Аўстрыі на ваен. ф-цы ў Швадорфе ў 1944 працавала школа для дзяцей. У Верхняй Аўстрыі былі 2 бел. школы — у Кірхсгайме і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701-А Рыд. У сувязі з дазволам перамешчаным асобам выбіраць месца сталага пражывання, у пач. 1950-х г. у асн. завяршыўся выезд беларусаў у інш. краіны свету. На новых месцах пасялення пры бел. грамадска-культ. цэнтрах і дамах ствараліся суботнія і нядзельныя школы. Найб. былі ў ЗША (гарады Саўт-Рывер, 1952; Нью-Брансуік, 1954; Нью-Йорк, 1954; Кліўленд, 1956; Чыкага, 1957; Нью-Джэрсі, 1954; Дэтройт, 1958), Канадзе (Таронта, 1957, 1961), Вялікабрытаніі (Лондан, 1957; Манчэстэр, 1958; Брадфард, 1963). Школы для бел. дзяцей дзейнічалі ў Вялікабрытаніі пры англіканскай царкве (1962) і Хрысц. аб’яднанні бел. работнікаў; у 1961—75 у Лондане працавала сярэдняя школа-інтэрнат імя Кірылы Тураўскага пры Бел. каталіцкай місіі. У Аўстраліі ў г. Мельбурн пры дапамозе Бел. цэнтр. к-та нядзельная школа была адчынена ў 1957, некат. час працавалі школы ў гарадах Сідней, Адэлаіда, Перт. Для падтрымкі школ пры грамадскіх арг-цыях існавалі школьныя фонды, у т. л. Бел. школьны фонд у ЗША (1956), фонд бел. падручнікаў у Канадзе (1973). Навучальную літ-ру для бел. дапаўняльных школ (чытанкі, лісткі з песнямі, нотамі, граматычныя практыкаванні і інш. школьныя канспекты) выдавалі ў Нью-Йорку Бел. выдавецкі фонд, выдавецкая суполка імя Ф.​Скарыны, бел. парафіі св. Кірылы Тураўскага, св. Ефрасінні Полацкай (Саўт-Рывер), Жыровіцкай Божай Маці (Нью-Брансуік) і інш. З 1970-х г. беларуская школа за мяжой перажывае цяжкасці, зменшылася іх колькасць, новае пакаленне беларусаў у асн. стала англамоўнае. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, працэсы адраджэння выклікалі цікавасць беларусаў да нац. традыцый, культуры, і дзейнасць школы зноў актывізавалася. Працуюць (1996): бел. ліцэі ў Гайнаўцы і імя Б.​Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім, Вілеская беларуская гімназія, бел. класы ў г. Рыга, Даўгаўпілс (Латвія), Вісагінас (Літва), нядзельныя школы для дарослых і дзяцей у Маскве, Рызе, Ташкенце, Новасібірску, Таліне, Кішынёве і інш.; у дзесятках школ Беласточчыны (Польшча) выкладаюць бел. мову як прадмет.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЖА́ АСЕ́ЛАСЦІ, мяжа яўрэйскай аселасці,

частка тэр. Рас. імперыі, з якой у 1792—1917 не дазвалялася свабоднае перасяленне яўрэяў у інш. рэгіёны краіны. Першапачаткова ўводзілася з мэтай абараніць інтарэсы рас. купцоў і прадпрымальнікаў ад канкурэнцыі яўр. капіталу з зямель, што былі далучаны да Расіі ў сярэдзіне 17 — пач. 19 ст.: у выніку вайны з Рэччу Паспалітай 1654—67, трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) і войнаў з Турцыяй (1735—39, 1768—74, 1787—91, 1806—12). Ахоплівала пераважна вобласці традыц. рассялення яўрэяў на тэр. б. Рэчы Паспалітай (Беларусь, б.ч. Украіны, Літва, ч. Латвіі) і каланізаваныя яўрэямі стэпавыя раёны Паўн. Прычарнамор’я, што былі адваяваны Расіяй у туркаў і крымскіх татар (паўд. вобласці Украіны і ч. Малдовы). Падставай для ўвядзення М.а. стаў дазвол у студз. 1780 яўрэям Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў запісвацца ў гар. купецкае і мяшчанскае саслоўі. Указам ад 3.1.1792 Кацярына II забараніла яўрэям запісвацца ў купецкае саслоўе рас. гарадоў і партоў, а дазволіла мець правы «грамадзянства і мяшчанства» толькі ў межах бел. намесніцтваў і Таўрычаскай вобл. Указам ад 4.10.1794 права аселага жыхарства і купецка-мяшчанскіх заняткаў для яўрэяў дазволена ў 10 новаўтвораных губернях. 14.5.1795 яўрэям-купцам і мяшчанам забаронена перамяшчацца з губерні ў губерню. Паводле Палажэння аб яўрэях 1804 ім дазвалялася пражываць у 13 зах. губернях. У адпаведнасці з палажэннем 1835 у М.а. ўключаны 15 губерняў: Бесарабская, Валынская, Віленская, Віцебская, Гродзенская, Екацярынаслаўская, Кіеўская, Ковенская, Магілёўская, Мінская, Падольская, Палтаўская, Таўрычаская, Херсонская, Чарнігаўская. У межах М.а. яўрэям забаранялася пражываць у вёсках, а таксама ў Кіеве, Севастопалі і Ялце. У Курляндскай губ., на Каўказе, а пазней і ў Сярэдняй Азіі дазвалялася пражываць толькі «мясц. яўрэям». Абмежавальнае заканадаўства не датычыла яўрэяў, якія прымалі праваслаўе. У 1835 яўрэям дазволена па-за М.а. набываць нерухомасць (акрамя маёнткаў, населеных сялянамі), засноўваць земляробчыя калоніі і фабрыкі. З абмежавальнага заканадаўства выключаліся купцы 1-й гільдыі (указ 1859), асобы з вышэйшай (1861) і сярэдняй (1865, 1866, 1872) адукацыяй, рамеснікі, механікі, вінакуры (1865), аптэкары, дантысты, фельчары, павітухі (1879), ваеннаслужачыя па рэкруцкім наборы з сем’ямі (1860, 1867). М.а. і ўсе заканадаўчыя абмежаванні яўрэяў у грамадзянска-маёмасных правах скасаваны пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 паводле закону «Аб адмене веравызнальных і нацыянальных абмежаванняў» (2.4.1917).

Літ.:

Анищенко Е.К. Черта оседлости: (Бел. синагога в царствование Екатерины II). Мн., 1998.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 11, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́, Беларускі экзархат,

кананічнае царк.-адм. аб’яднанне правасл. епархій у межах Беларусі. Гісторыя бел. царквы бярэ пачатак з заснавання ў 992 Полацкай епархіі. Да 13 ст. Беларускую праваслаўную царкву складалі 2 епархіі: Полацкая і Тураўская (1005), якія ўваходзілі ў Кіеўскую мітраполію. У сувязі з раздзяленнем гэтай мітраполіі на правасл. царкву ў межах Маскоўскага княства і правасл. царкву ВКЛ (Літоўская мітраполія, 1316) Полацкая, а з 1347 і Тураўская епархіі ўвайшлі ў склад апошняй. У 1459 адбылося канчатковае аддзяленне Кіеўскай (Літоўска-Наваградскай) мітраполіі ад Маскоўскай. У сярэдзіне 16 ст. ў склад Літоўска-Наваградскай мітраполіі (цэнтр у Навагрудку, потым у Вільні) уваходзіла 10 епархій: Полацкая, Тураўская з кафедрай у Пінску, Смаленская, Чарнігаўская, Галіцкая, Пярэмышльская, Холмская, Луцкая, Уладзімір-Валынская.

Вядомыя літоўска-наваградскія мітрапаліты: Грыгорый Балгарын (1458—75), Місаіл (1475—80), Сімяон (1481—88), Іона Глезна (1492—94), Макарый (1495—97), Іосіф I Балгарыновіч (1498—1501), Іона II (1503—07), Іосіф Солтан (1508—21), Іосіф III (1522—34), Макарый II (1534—55), Сільвестр (1556—67), Іона Пратасевіч (1568—77), Ілья Куча (1577—79), Анісіфар (1579—88), Міхаіл Рагоза (1589—95). Яны знаходзіліся ў кананічных і малітоўных сувязях з Усяленскім (Канстанцінопальскім) патрыярхам.

Пасля Брэсцкай уніі 1596 правасл. царква ў ВКЛ як кананічна цэлае перастала існаваць. Зноў засн. ў 1632 у Магілёве. Магілёўская (Беларуская) епархія была адзінай правасл. епархіяй у межах Беларусі да канца 18 ст. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 заснавана Мінская епархія. У 1833 адноўлена Полацкая, створаны Віленская (1840) і Гродзенская (1900) епархіі. У Брэсце, Беластоку, Слуцку, Гомелі, Коўне і Дзвінску існавалі кафедры вікарных епіскапаў. Усе епархіі ўваходзілі ў склад Грэка-рас. царквы і знаходзіліся пад юрысдыкцыяй Свяцейшага кіруючага Усерасійскага Сінода. Да пач. 1-й сусв. вайны ў 5 правасл. епархіях Беларусі былі 3552 храмы і 35 манастыроў, 3 духоўныя семінарыі. Кожная з епархій мела свае перыяд. выданні. У Зах. Беларусі, якая ў 1921 адышла да Польшчы, правасл. епархіі (Віленская, Гродзенская і Палеская) былі ў юрысдыкцыі Польскай аўтакефальнай царквы. У БССР у 1922 была ўтворана Бел. правасл. мітраполія на чале з мітрапалітам Мелхіседэкам Паеўскім (1920—27), які меў тытул «мінскі і беларускі». У складзе мітраполіі знаходзіліся Мінская, Бабруйская, Мазырская і Слуцкая епархіі. Аднак рэпрэсіўная палітыка сав. улад у адносінах да царквы (арышты, забойствы святароў, масавае закрыццё і руйнаванне храмаў і манастыроў) прыпыніла царк. жыццё. Не існавала ніводная з кананічных бел. правасл. епархій. У час акупацыі Беларусі ням. фашыстамі ў 1942 адноўлена 6 епархій: Мінская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Навагрудская і Смаленская. Беларускую праваслаўную царкву ўзначальваў мітрапаліт мінскі і ўсяе Беларусі Панцеляймон (Ражноўскі). У канцы 1941 у афіцыйных царк. дакументах упершыню была ўжыта назва «Беларуская праваслаўная царква». У час вайны Беларуская праваслаўная царква кананічна не падпарадкоўвалася ніякай іншай царкве. Спробы належным чынам аформіць яе аўтакефалію былі беспаспяховыя. Пасля вайны кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы ажыццяўлялася праз Мінска-Бел. епархію, якая ўваходзіла ў склад Маскоўскага патрыярхату Рус. правасл. царквы. Створаныя раней епархіі не аднаўляліся. Кіруючы мінскі архірэй (насіў тытул «мінскі і беларускі») ажыццяўляў кіраўніцтва непасрэдна.

Кіруючыя мінска-бел. архірэі: архіепіскап Васілій (Ратміраў, 1944—45), мітрапаліт Піцірым (Свірыдаў, 1945—58), Гурый (Ягораў, 1958—61), Антоній (Крацэвіч, 16.3—17.7.1961), архіепіскап Варлаам (Барысевіч, 1961—63), мітрапаліты Нікадзім (Ротаў, 4.8—9.10.1963), Сергій (Пятроў, 1963—65), Антоній (Мельнікаў, 1965—78), Філарэт (Вахрамееў, з 1978).

У 1957 Беларуская праваслаўная царква мела 968 храмаў, з якіх 709 былі прыходскімі, 3 манастыры, 1 духоўную семінарыю. У выніку чарговых ганенняў на царкву ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. засталося 369 царк. прыходаў і 1 манастыр; духоўная семінарыя была зачынена. У канцы 1980-х г. пачалося адраджэнне царк. жыцця. Да 1992 адноўлена 9 епархій: Полацкая, Магілёўская, Пінская, Брэсцкая, Гомельская, Навагрудская, Гродзенская, Тураўская, Віцебская. Усе ўваходзяць у Бел. экзархат. Вышэйшая заканад. і выканаўчая суд. ўлада ў экзархаце належыць Сіноду, у якім 5 кіруючых епіскапаў бел. епархій. З 1989 Сінод узначальвае мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. З 1995 у Беларускай праваслаўнай царкве 10 епархій, 918 царк. Прыходаў, 3 мужчынскія і 6 жаночых манастыроў; дзейнічаюць Мінская вышэйшая духоўная семінарыя, Мінскае духоўнае вучылішча. Бел. экзархат выдае час. «Веснік Беларускага экзархата», «Минские епархиальные ведомости», «Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце», газ. «Могилевские епархиальные ведомости», «Преображение», «Царкоўнае слова» і інш.

Літ.:

Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репр. изд. Мн., 1990);

Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. Т. 1—2. Париж, 1959 (репр. изд М., 1991);

Макарий, архиепископ Литовский и Виленский. История Русской церкви. Т. 9, кн. 4. СПб., 1879.

Г.​М.​Шэйкін.

т. 2, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)