СА́ЛАШЫ (Szálasi) Ферэнц (6.1.1897, г. Кошыцы, Славакія — 12.3.1946),

венгерскі паліт. дзеяч. У 1925—35 афіцэр Ген. штаба (з 1932 маёр). У 1935 заснаваў праварадыкальную «Партыю волі нацыі» (забаронена ўладамі ў крас. 1937). У 1938—40 зняволены па абвінавачанні ў дзейнасці супраць урада М.​Хорці. З 1940 лідэр прафаш. партыі «Скрыжаваныя стрэлы» (гл. Нілашысты). Са жн. 1944 пры падтрымцы ням. фашыстаў разгарнуў падрыхтоўку да захопу ўлады, каб не дапусціць выхаду Венгрыі з 2-й сусв. вайны. З 16.10.1944 да 27.3.1945 узначальваў уладу («правадыр нацыі») на частцы тэр. Венгрыі, занятай ням.-фаш. войскамі. У 1946 нар. судом Венгрыі прыгавораны да пакарання смерцю як ваен. злачынца.

т. 14, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́МБЕРЫ (Vámbéry; сапр. Бамбергер; Bamberger) Армін Герман

(19.3.1832, Сердагелі, Венгрыя, цяпер г. Дунайска-Стрэда, Славакія — 14.9.1913),

венгерскі мовазнавец-цюрколаг, этнограф, даследчык Цэнтр. Азіі. Праф. усх. моў Будапешцкага ун-та (1865). У 1857—63 у Канстанцінопалі (Стамбул). У 1863—64 пад выглядам дэрвіша зрабіў падарожжа з Персіі (Ірана) у Хіву, Бухару, Самарканд і Герат (Афганістан). Апісанне падарожжа — важная крыніца звестак па геаграфіі, эканоміцы, гісторыі, грамадскіх адносінах, побыце і культуры народаў Сярэдняй Азіі 2-й пал. 19 ст. Вамберы пакінуў навук. працы па чагатайскай, уйгурскай, цюркска-татарскіх, угра-фінскіх і інш. мовах.

Тв.:

Рус. пер. — Моя жизнь. М., 1914.

Літ.:

Пименова Э.К. Жизнь и приключения Вамбери. Л., 1928;

Тихонов Н. Вамбери. М., 1974.

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛЕШ (Illés) Бела (22.3.1895, г. Кошыцы, Славакія — 1.5.1974),

венгерскі пісьменнік. Скончыў Будапешцкі ун-т. Удзельнік рэв. 1919 у Венгрыі, потым у эміграцыі. З 1921 у Аўстрыі, Чэхаславакіі, у 1923—45 у СССР. У 2-ю сусв. вайну служыў у Чырв. Арміі. Аўтар раманаў «Нататкі доктара Пала Утрыуша» (1917), «Ціса гарыць» (на рус. мове 1929—33, венг. — 1957), «Вяртанне радзімы» (кн. 1—3, 1952—54), трылогіі «Карпацкая рапсодыя» (на рус. мове. 1941, венг. — 1945), аповесцей, апавяданняў. Гал. тэмы твораў — рэв. рух венг. рабочых, сац. абуджэнне сялянства, падзеі 2-й сусв. вайны, лёс венг. эміграцыі.

Тв.:

Бел. пер. — Тыса гарыць: Раман. Кн. 1—3. Мн., 1932—34;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́КСАТ (Mikszáth) Кальман (16.1.1847, Склабання, Венгрыя — 28.5.1910),

венгерскі пісьменнік. Ганаровы чл. Венгерскай АН (з 1889). Скончыў Будапешцкі ун-т. Літ. поспех прынеслі зб-кі апавяд. «Землякі-славакі» (1881) і «Добрыя палаўчане» (1882), напісаныя пад уплывам рамант. прозы М.Іокаі. Аўтар рэаліст. з элементамі сатыры раманаў «Выбары ў Венгрыі» (1893—97), «Аблога Бестэрце» (1896, экранізацыя 1948), «Дзіўны шлюб» (1900, экранізацыя 1951), гіст. «Чорны горад» (1910) і інш. Яго творам уласціва спалучэнне сатыр. завостранасці, сакавітага бытапісання анекдатычных сюжэтаў з тонкім і цёплым гумарам. На бел. мову асобныя апавяданні М. пераклаў Я.​Васілёнак.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Венгерскія апавяданні. Мн., 1957;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1966—69.

т. 10, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ХАЙ-НАДЗЬ (Moholy-Nagy) Ласла (20.7.1895, Бачбаршад, Венгрыя — 24.11.1946),

венгерскі скульптар, дызайнер, фотамастак. Працаваў пераважна ў Германіі (1920—33) і ЗША (з 1937). У 1923—28 праф. «Баўгауза», у 1937 заснаваў т.зв. Новы «Баўгауз» у Чыкага. Зазнаў уплывы К.​Малевіча і Л.​Лісіцкага. У канцы 1910 — пач. 1920-х г. ствараў графічныя работы ў духу супрэматызму («На белым фоне», 1923, і інш.) і прасторавыя абстрактныя кампазіцыі («Пластыка ў нікелі», 1922, і інш.) У 1920-я г. займаўся фотамастацтвам у галіне мантажу («Мілітарызм» і інш.) і партрэта («У.​Маякоўскі» і інш.). Пазней даследаваў працэс формастварэння, выразныя магчымасці святла ў празрыстых і паўпразрыстых прасторавых канструкцыях, што знайшло практычнае выкарыстанне ў дызайне і светлавой рэкламе.

т. 10, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДЗІ, Ады (Ady) Эндрэ (22.11.1877, с. Эрміндсент, Венгрыя — 27.1.1919), венгерскі паэт, публіцыст. Вучыўся ў Дэбрэцэнскім ун-це. Першы зб. «Вершы» (1899). У зб-ках «Новыя вершы» (1906), «Кроў і золата» (1907), «Хацеў бы, каб мяне любілі» (1909), «На чале мерцвякоў» (1918), прасякнутых рэв.-рамант. сімволікай, вытокі якой у фалькл. і біблейскіх вобразах, — непрыняцце тагачаснай рэчаіснасці, душэўная драма і пакуты чалавека 20 ст., трагізм венгерскай гісторыі, пратэст супраць сусв. вайны і адначасова вера ў ачышчальную сілу дэмакр. рэвалюцыі. У вершах традыцыі класічнай венг. паэзіі цесна перапляталіся з мадэрнісцкімі павевамі. Пасмяротны зб. «Апошнія караблі» (1923). На бел. мову асобныя яго вершы перакладалі М.​Аўрамчык, М.​Калачынскі, Ю.​Свірка, Я.​Семяжон, М.​Хведаровіч.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1975;

[Стихи] // Венгерская поэзия, XX век. М., 1982.

Э.Адзі.

т. 1, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭЗ (Syringa),

род кветкавых раслін сям. маслінавых. Вядома 28 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. На Беларусі інтрадукцыйную праверку прайшлі 19 відаў, з іх 4 рэкамендаваны для зялёнага буд-ва. Найб. шырока выкарыстоўваюцца ў дэкар. садоўніцтве бэз звычайны (S. vulgaris), які мае шмат садовых формаў і сартоў (у т. л. бел. селекцыі) і бэз венгерскі (S. josikaea).

Пераважна лістападныя галінастыя кусты або невял. дрэвы. Лісце звычайна цэласнае, супраціўнае, на кароткіх чаранках Кветкі дробныя, p трубчастым вяночкам, духмяныя, рознага колеру, у густых гронкападобных суквеццях. Плод — сухая двухгнездавая каробачка. Дэкар. і тэхн. расліны, выкарыстоўваюцца ў адзіночных, групавых і лесаахоўных пасадках, на зразанне і выганку; у парфумерыі для атрымання экстракту з кветак.

Сарты бэзу беларускай селекцыі: 1 — «Лябёдачка», 2 — «Вера Харужая».

т. 3, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́РКА (Durkó) Жольт (н. 10.4.1934, г. Сегед, Венгрыя),

венгерскі кампазітар. Засл. арт. Венгрыі. Скончыў Вышэйшую муз. школу імя Ф.​Ліста ў Будапешце (1960, клас Ф.Фаркаша). Удасканальваўся ў акадэміі «Санта-Чэчылія» (1961—63). У муз. мове спалучаюцца элементы вербункаша, інтанацыі нар. плачаў з санорыкай, алеаторыкай і інш. Сярод твораў: опера «Майсей» (1977); араторыя «Надмагільнае слова» (1972); 2 кантаты; для аркестра «Эпізоды на тэму ВАСН» (1963), «Арнаменты»; «Венгерская рапсодыя» для 2 кларнетаў і аркестра (1964); Канцэрт для фп. з аркестрам (1981); «Альтаміра» для камернага хору і арк.; 2 стр. квартэты; п’есы для інструментаў сола з арк. ці камерным ансамблем. 1-я прэмія на Міжнар. трыбуне кампазітараў ЮНЕСКА (Парыж, 1975). Прэміі Венгрыі імя Ф.​Эркеля (1968), імя Б.​Бартака і Д.​Пастары (1985).

т. 6, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ДАША (Kadosa) Пал (6.9.1903, г. Левіцэ, Славакія — 1983),

венгерскі кампазітар, піяніст, педагог. Нар. арт. Венгрыі (1963). Ганаровы чл. Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1967), чл.кар. Акадэміі мастацтваў ГДР (1970). Скончыў Вышэйшую муз. школу ў Будапешце па класах кампазіцыі (клас З.Кодая) і фп. (1927), выкладаў у ёй (праф. з 1945). З 1923 выступаў як піяніст. Арганізатар 1-га Міжнар. конкурсу імя Б.​Бартака і Фестывалю музыкі ў Будапешце. У творчасці развіваў традыцыі Бартака. Сярод тв.: опера-араторыя «Дзяржаве ўласціва памыляцца» (паст. 1947), «Прыгода ў Хусце» (1951), 5 кантат; 8 сімфоній (1942—68); 7 канцэртаў для інструментаў з аркестрам, камерна-інстр. ансамблі, вак. цыклы, фп. п’есы і інш. Прэміі імя Л.​Кошута 1950, 1975 і Ф.​Эркеля 1955, 1962.

т. 7, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́НКАЧЫ [Munkácsy; сапр. Ліб

(Lieb)] Міхай (20.2.1844, г. Мукачава Закарпацкай вобл., Украіна — 1.5.1900),

венгерскі жывапісец; прадстаўнік дэмакр. рэалізму. Вучыўся ў Э.​Самашы (1862—63), з 1865 у Венскай і Мюнхенскай АМ, у 1868—69 у Дзюсельдорфе ў Л.​Кнаўса. Зазнаў уплыў майстроў дзюсельдорфскай школы жывапісу, барбізонскай школы і Г.Курбэ. Пад уздзеяннем рэв.-дэмакр. ідэй напаўняў свае шматфігурныя карціны драматызмам і сац.-крытычным пафасам: «Камера смяротніка» (1870), «Шчыпальніцы корпіі» (1871), «Начныя валацугі» (1873) і інш. Творы вызначаліся псіхал. пераканаўчасцю, напружаным кантрастам каларыту, пастознасцю жывапіснай манеры. З канца 1870-х г. пісаў пераважна рэліг. кампазіцыі, адметныя рысамі акадэмізму і салоннасці: «Хрыстос перад Пілатам» (1881), «Се чалавек» (1896) і інш.

Літ.:

Алешина Л.С. М.​Мункачи. М., 1960.

М.Мункачы. Камера смяротніка. Апошні дзень прыгаворанага да смерці. Фрагмент.

т. 11, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)