Ста́ўры-га́ўры ‘назва міфічных істот; сабакі міфічнага князя Боя’ (Гарэц.), стаўры́, гаўры ‘назва міфічных істот’ (Др.-Падб.), стаўроўскія дзяды, ста́ўры‑гаўры ‘чацвер велікоднага тыдня’ (Інстр. 2), ‘свята 13 верасня па ст. ст., узвіжанне божае’: “На гэтае свята пякуць для кожнага члена сям’і булачкі. «Ставры гавры (кажа гаспадар) — Гаммъ (адказваюць усе члены сям’і)»” (бягом., Яшк. Мясц.); сюды ж прозвішча Ста́вар (Бірыла, Бел. антр.). Рус. ставры́ точи́ть ‘балбатаць, малоць лухту’, серб.-харв. Stȃvra, Staver (уласнае імя). Сабалеўскі (у Фасмер, 3, 742) мяркуе, што першая частка ад грэч. στανπόσ ‘крыж’. Параўн. бел. аргат. ставер ‘крыж’ таго ж паходжання (Рам., 9). Другая частка незразумелая, магчыма, проста рыфмаваная, але, улічваючы заўвагу пра сабак, мабыць, ад гукапераймальнага гаў з канчаткам як у стаўры. Гл. яшчэ Санько, Бел. міф.₂, 488–489.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сабрацца, назбірацца, скучыцца, стоўпіцца / пеша: сысціся, насыходзіцца, пасыходзіцца / бягом: збегчыся, панабегчы; скупчыцца, згрудзіцца (разм.); зграмадзіцца (абл.); збіцца, зляцецца (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

адгарну́ць, ‑гарну, ‑гарнеш, ‑гарне; зак., што.

1. Адгрэбці, адсунуць убок. Адгарнуць жар у печцы. □ Саўка прылёг, адгарнуў ад каменя зямлю і памаленьку выкаціў яго з-пад падрубы. Колас. [Піліп Андрэевіч:] — Пад’ехалі мы.. да яго, адгарнулі траву ў лодцы, а ў .. [Сенькі] там не менш трох пудоў рыбы ляжыць. Краўчанка.

2. Адсунуць, адхіліць, адвесці ўбок. Добра было б адгарнуць з вачэй валасы, прыпусціцца да першага дрэва бягом, каб схавацца пад ім ад дажджу. Брыль. // Адагнуць, адвярнуць (пра адзежу і пад.). Кудзіш асцярожна, следам за Ігнатавай рукой, намацаў рану, адгарнуў каўнер кашулі. Галавач.

3. Разгарнуць, адкрыць (кнігу, сшытак і пад.); павярнуць з аднаго боку на другі (старонку). Хлапчук дастаў з-пад канапы брудны, патрапаны альбом, адгарнуў вокладку. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падбе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; зак.

1. да каго-чаго і без дап. Наблізіцца бягом. Ганчак паслухмяна падбег да гаспадара і, высунуўшы чырвоны язык, глядзеў разумнымі вачамі. Шамякін. Андрэй.. абняў слупок, упёрся нагамі ў зямлю і зрушыў яго. Падбеглі сяляне, выцягнулі яго і павалілі. Колас.

2. Забегчы пад што‑н. Падбегчы пад мост. Падбегчы пад арку.

3. Крыху прабегчы. Шэя трошкі падбег, узяўшыся за лейцы, потым ёмка ўскочыў на кончык восі і прысеў.. на аглабіне. Гартны. — Ну, падбяжы яшчэ! — І .. [бацька] ляснуў ляйчынаю па гладкім баку каня. Дамашэвіч.

4. Разм. Хуценька накіравацца куды‑н. Уладусь памыўся, прыадзеўся і чакаў свайго дружбака, каб разам падбегчы на суботнюю гулянку ў суседнюю вёску. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывалачы́, ‑лаку, ‑лачаш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. прывалок, ‑лакла, ‑ло; заг. прывалачы; зак., каго-што.

Валочачы, цягнучы, даставіць куды‑н. [Косцік] бягом прывалок дзве жэрдкі і па слізкім лёдзе насунуў іх танчэйшымі канцамі да Аксінні. Пальчэўскі. — Будзеш упірацца, то паклічу Рыгора і Язэпа і, далібог, прывалачом вось так, як ты цяпер ляжыш. Колас. Прывалаклі [партызаны] нават два цяжкія кулямёты. Шахавец. // Разм. Прынесці (звычайна што‑н. цяжкае, вялікае). [Чыжык] прывалок у яміну новенькі нямецкі карабін і патроны, знойдзеныя сярод забітых гітлераўцаў. Лупсякоў. Гарыдавец Шарона праз сяло Адзін дамоў на плечах прывалок. Танк. // Разм. Сілаю прывесці, прымусіць прыйсці. [Сашка:] — На чорта ён мне, твой гэты працаўнік, ты маеш з ім справы, то ідзі да яго, а чаго ты мяне сюды прывалок? Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збе́гчы, збягу, збяжыш, збяжыць; збяжым, збежыце, збягуць; заг. збяжы; зак.

1. Бягом спусціцца ўніз. Збегчы ўніз па лесвіцы. □ Сёмка збег з ганка, узлез на воз і пагнаў каня. Гартны. [Дзяўчына] азірнулася яшчэ раз і збегла з кручы да вады. Краўчанка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сцячы (пра вадкасці). Збегла ў нізіны з пагоркаў разводдзе. Танк. // перан. Знікнуць, прапасці (пра ўсмешку, чырвань і пад.). У Зеленюка збегла з твару ўсмешка, і тонкія вусны яго задрыжалі. Зарэцкі. Дрымота [у Мані] збегла адразу. Чорны.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пераліцца цераз край пры кіпенні. Малако збегла. □ [Ларыса] вярнулася ў хату паглядзець, каб не збегла што ў печы, адставіла гаршкі далей ад агню. Пальчэўскі.

4. Знікнуць тайком; уцячы. Збегчы з палону. Збегчы з турмы. □ Перад самым вяселлем, адцураўшыся бацькоў, маладая збегла з дому. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слі́зкі, ‑ая, ‑ае.

1. Гладкі, такі, на якім цяжка ўтрымацца, устаяць, або які цяжка ўтрымаць. Слізкі паркет. □ Прайшоў дожджык, дарога зрабілася ліпучая, слізкая. Маўр. [Косцік] бягом прывалок дзве жэрдкі і па слізкім лёдзе насунуў іх танчэйшымі канцамі да Аксінні. Пальчэўскі. // перан. Выкрутлівы, хітры (пра чалавека). Нейкі слізкі быў гэты чалавек. Корбан.

2. перан. Ненадзейны, небяспечны. Бадзянне ў дарогах і гэты слізкі і няпэўны шлях дробнага ашуканства, на які стаў .. [Пракоп], і неакрэсленасць яго ролі, — усё гэта ўставала, як прыкры сон. Колас. // Які мае ў сабе што‑н. няпэўнае, двухсэнсавае. І не для слоўнай акрабатыкі Я ўзяў такую тэму слізкую. Панчанка. Па застыглым твары Саладухі паўзе слізкая ўсмешка. Шамякін.

3. Пакрыты сліззю. Нават адсюль, з дарогі, можна ўбачыць слізкія каптурыкі масл[я]коў. Навуменка. Вясною вылазіць [вуж] рашуча з нары, Знаходзіць пянёчак-рагулю, Праз вузкую шчыліну пнецца-паўзе, Слізкую скуру здзірае. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слупо́к, ‑пка, м.

1. Памянш. да слуп (у 1, 2 знач.); невялікі слуп. Сціплы слупок з чырвонай зорачкай на версе гаварыў, што тут магіла. Шыцік. Пры вуліцы тырчалі два парэпаныя счарнелыя слупкі, што нейкім цудам уцалелі ад плота. Мележ.

2. Маса рэчыва, якая пабыла форму стаячага стрыжня, палачкі. Слупок ртуці. Слупок тэрмометра. □ Апусціце мармышку разоў пяць запар на дно і пастарайцеся ўзняць ёю некалькіх слупкоў муці. Матрунёнак. / Пра пастаўленыя, пакладзеныя адзін на другі невялікія прадметы. На стале .. роўнымі слупкамі ляжалі кнігі. Шамякін.

3. Калонка кароткіх радкоў у газеце, часопісе і пад., якія размешчаны адзін пад другім. Кожны дзень пасля працы [Міхалка] бягом пускаецца ў клуб, упіваецца ў газетныя слупкі... Бядуля. // Рад лічбаў, слоў, напісаныя адно пад другім. Слупок прозвішчаў. □ Сёння тата працуе недалёка ад дому. Прыйшоў паабедаць і пытаецца ў Тараскі: — Урокаў шмат задалі? — Не, тата, адну задачку і два слупкі прыкладаў. Юрэвіч.

4. У батаніцы — частка песціка паміж рыльцам і завяззю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сустрака́ць ’ісці насустрач, вітаць’ (Нас., Ласт., Яруш., Некр. і Байк., Касп., Шн. 2, Шат., Сл. ПЗБ), сюды ж сустрака́нне ’сустрэча’ (Юрч. Вытв.), параўн. рус. пск. сустрекать ’тс’, стараж.-рус. сустрѣкати ’тс’. Фанетычна да стрэць (гл.); к замест ч, параўн. сустрача́ць (Ласт., Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі), сустрэча́ць ’тс’ (ТС), тлумачыцца развіццём прасл. *tj > з наступным зацвярдзеннем, характэрным для часткі праславянскіх дыялектаў, пераважна т. зв. старажытнакрывіцкаму; гл. Нікалаеў, Балто-слав. иссл., 1988, 133–135; Залізняк, Слав. языкозн., X, 167. Параўн., аднак, аналагічнае развіццё ў т. зв. старажытнарадзімічскім рэгіёне: сустрэка́ть і сустрэча́ть ’тс’ (Растарг.), а таксама стракаць ’тс’ (гл.), што, магчыма, сведчыць пра старыя сувязі з заходнеславянскімі мовамі. Менш верагодна другаснае развіццё ч > к у выніку уніфікацыі асноў, як мяркуе Фасмер (3, 810) і іншыя, параўн. Палякоў, Slavistica Vilnensis, 1997, 190. Іванаў (Слав. языкозн., XIV, 263) бачыць тут працяг трансфармацыі t — l у k — l, параўн. соустрѣкле ’ён сустрэў’ (Пскоўскі летапіс XV ст.), што адпавядае [sustrēkal] з першапачатковага *rēt‑, адкуль сустракаць як паўднёвы працяг формы (Шавялёў, Prehistory, 371). Векслер (Гіст., 102) бачыць у беларускім слове кантактны ўплыў суседняй пскоўскай гаворкі або балцкіх моў. Сюды ж сустрэ́к: бягом к яму на сустрэк (Сержп. Прымхі) пры звычайным су́страч, укр. зу́стріч, зустрі́ч ’сустрэча’, рус. дыял. су́стреч, серб. дыял. сусрет і пад. (< *sъ‑rět‑, гл. ESSJ SG, 1, 255–256).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́рма, ту́рам, турʼю ‘гонячы’, ‘бегучы’ (Нас., Гарэц.). Дзеепрыслоўі ад туры́ць ‘гнаць’ (гл.) па ўзоры бе́гма (< бегчы), бяго́м, ры́ссю.

Турма́ ‘месца зняволення, астрог, вязніца, цямніца’, ‘знаходжанне ў зняволенні’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Касп., Ласт., Брасл. сл., Бяльк., Федар. 4; ашм., Стан., Сл. ПЗБ, Вушац. сл.), ст.-бел. турма (1377 г.) і тюрма ‘турма’ (1528 г., ГСБМ). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 35), старабеларускае слова было запазычана праз польскае пасрэдніцтва з ням. Turm, дакладней, з с.-в.-ням. turm са ст.-франц. *torn < лац. turrim В. скл., якое са ст.-грэч. τύρρις, τύρσις ‘умацаваны горад’, ‘дом з каменнымі сценамі’ (Фасмер, 4, 137), параўн. у беларускім ідышы turèm ‘вежа’, turme ‘вязніца, засценак, турма’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.). Аднак пры гэтым цяжка растлумачыць мяккае пачатковае т‑ у рэдкай старабеларускай форме, што пазней фіксуецца ў народных гаворках у выглядзе тʼурма́ (Вруб.), цюрма́ (гл.), якія, мажліва, пад уплывам рус. тюрьма́ ‘тс’. Меркаванні пра паходжанне са ст.-цюрк. *türmä ‘турма’ гл. Менгес, Language, 20, 2, 69; Арол, 4, 129. Кохман (Studia, 30) дапускае польскае пасрэдніцтва пры запазычанні з нямецкай мовы пры ўмове адаптацыі на ўсходзе (палаталізацыя), чаму пярэчаць па храналагічных прычынах Чарных (2, 277–279) і Гарбуль (246–247), спасылаючыся на больш раннія фіксацыі ў летапісных крыніцах з Пскова і Ноўгарада; параўн. і рус. арханг. турма́ (СРНГ). Сюды ж турэ́мнік ‘зняволены ў турме’, ‘астрожнік’ (Сцяшк.), турэ́мшчык ‘арыштант’ (Бел. дыял. 3).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)