асобы від праваахоўнай дзейнасці ў дзяржаве па праверцы адпаведнасці законаў і інш. нарматыўных актаў канстытуцыі дадзенай дзяржавы. К.н. можа ажыццяўляцца ўсімі судамі агульнай юрысдыкцыі (ЗША, Аргенціна, Данія, Мексіка, Нарвегія, Японія), вярх. судом, які з’яўляецца вышэйшай суд. інстанцыяй (Аўстралія, Балівія, Індыя, Ірландыя, Канада, Філіпіны, Швейцарыя), спец. канстытуцыйнымі судамі, для якіх К.н. — гал. функцыя (Аўстрыя, Беларусь, ФРГ, Італія, Кіпр, Расія, Турцыя), асобым органам несуд. характару (Канстытуцыйны савет у Францыі). Аб’ектамі К.н. могуць быць звычайныя законы, папраўкі да канстытуцыі, міжнар. дагаворы, нарматыўныя акты выканаўчых органаў улады. У федэратыўных дзяржавах аб’ектам К.н. з’яўляюцца таксама пытанні размежавання кампетэнцыі паміж саюзам і суб’ектамі федэрацыі. Орган, які ажыццяўляе К.н., можа прызнаць супярэчным канстытуцыі ўвесь закон або яго частку; гэтыя нормы трацяць сваю юрыд. сілу і перастаюць ужывацца судамі і інш.дзярж. органамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́ВІЧ (Леў Яфімавіч) (20.8.1898, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 11.5.1945),
ваенны разведчык, Герой Сав. Саюза (1965), камбрыг (1938). Скончыў Вышэйшую школу штабной службы камсаставу РСЧА (1921), Ваен. акадэмію РСЧА (1924), вучыўся ў Ваен.-паветр. акадэміі імя Жукоўскага. У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. Перад 2-й сусв. вайной у некат. краінах Еўропы быў вядомы як камерсант, уладальнік камерцыйных фірм; на самай справе вёў разведку (псеўд.Эцьен, Конрад Кертнер, Старасцін). У канцы 1936 арыштаваны і італьян. асобым трыбуналам асуджаны да 12 гадоў зняволення, якое адбываў у турмах і канцлагерах. У 1943 перададзены гітлераўцам, прайшоў канцлагеры Маўтхаўзен, Мельк, Эбензе. Адзін з арганізатараў падполля, кіраўнік падп. арг-цыі ў канцлагеры Эбензе (Аўстрыя). Вызвалены 6.5.1945 амер. войскамі безнадзейна хворы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ЗЕВЫЯ КУРО́РТЫ,
курорты, дзе адным з асн.лек. фактараў з’яўляюцца гразі лячэбныя. Вытокі ў практыцы гразелячэння з часоў Стараж. Рыма і Усходу. У канцы 18 ст. гразевыя курорты з’явіліся ў многіх краінах Еўропы (Швецыя, Аўстрыя, Германія, Расія), мед. кантроль на іх пачаў уводзіцца ў 19 ст. Сучасныя гразевыя курорты спалучаюць функцыі гразевых, бальнеалагічных і кліматычных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІМІЛЯ́Н I (Maximilian; 22.3.1459, г. Вінер-Нойштат, Аўстрыя — 12.1.1519),
германскі кароль (з 1486), імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1493—1519], эрцгерцаг Аўстрыі. З дынастыі Габсбургаў. Сын і пераемнік імператара Фрыдрыха III, бацька Філіпа I Прыгожага, дзед Карла V і Фердынанда I. У выніку дынастычнага шлюбу 1477 з Марыяй Бургундскай (дачка Карла Смелага, п. ў 1482) атрымаў ва ўладанне Нідэрланды і Франш-Кантэ. Сапернічаў з франц. каралём Людовікам XI. Заснаваў войска ландскнехтаў. Пацярпеў паражэнне ў т.зв. Швабскай вайне 1499 з швейцарцамі. Дынастычнымі шлюбамі забяспечыў сваім наследнікам ісп., венгерскі і чэш. прастолы. Пачаў фактычнае аб’яднанне аўстр. уладанняў Габсбургаў і цэнтралізацыю іх кіравання, намагаўся зрабіць Германію цэнтрам універсальнай дзяржавы Габсбургаў. Быў прыхільнікам гуманізму, спрыяў мастакам, у т. л. А.Дзюрэру, і вучоным (найперш ням. гуманістам); сучаснікі называлі яго «апошнім рыцарам». Аўтар некалькіх літ.-аўтабіягр. твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКА (ням. Mark ад сярэдневерхненям. Marke мяжа, пагран. вобласць),
1) сельская абшчына ў сярэдневяковай Зах. Еўропе. Узнікла ў 5—6 ст. у стараж.германцаў. Спачатку была вольным аб’яднаннем двароў сялян, якія валодалі індывід. надзеламі зямлі (гл.Алод), а пашы, лясы і інш. зямельныя ўгоддзі былі агульнай уласнасцю. Члены М. ўдзельнічалі ў кіраванні і судаводстве. Паступова трапляла ў залежнасць ад сеньёра. Эканамічна знікла з развіццём раннекапіталіст. адносін у земляробстве.
2) У Франкскай дзяржаве 8—9 ст. і «Свяшчэннай Рым. імперыі» пагран. ўмацаваная адм. акруга на чале з маркграфам. Пры Карле Вялікім заснаваны Іспанская, Брэтонская, Фрыульская і Панонская (Аварская) М.; пры яго пераемніках на заваяваных землях славян і венграў (з канца 9 ст.) — Мейсенская, Лужыцкая, Білунгаў, Герана М. і інш. З развіццём феад. адносін многія М. сталі тэр. княствамі (напр., герцагства Аўстрыя, маркграфства Брандэнбург).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЎЛЬБЕРЧ, Маўльперч (Maulbertsch, Maulpertsch) Франц Антон (хрышчаны 8.6.1724, Лангенарген, Германія — 8.8.1796), аўстрыйскі жывапісец; найбуйнейшы прадстаўнік аўстр. барока. Вучыўся ў Венскай АМ (1741—49), з 1770 яе прафесар. Зазнаў уплывы венецыянскага жывапісу і Рэмбранта. Працаваў у Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Румыніі, Славакіі, Чэхіі. Творы вызначаюцца экспрэсіўнасцю, падкрэсленым дынамізмам кампазіцыі, насычанасцю каларыту і святлоценявой мадэліроўкі; работы позняга перыяду маюць рысы класіцызму. Майстар манум. жывапісу: фрэскі ў касцёле п’ярыстаў (1752—53) і ун-це (1756—59) у Вене, цэрквах у Інсбруку (1775—76, Аўстрыя) і ў Шумегу (1757—58), саборы ў Папе (1780—81) і епіскапскай рэзідэнцыі ў Сомбатхеі (1783, Венгрыя), капэле палаца прымаса ў Браціславе (1781) і інш. Аўтар алтарных карцін «Св. Павел» (1759), «Узняцце крыжа» (1760), «Св. Тройца» (каля 1785—86) і інш.; гравюр («Прычашчэнне апосталаў», 1765, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖАРАВА́ЦКІЯ МІ́РНЫЯ ДАГАВО́РЫ 1718.
Падпісаны ў г. Пажаравац (Сербія); завяршылі вайну Турцыі з Венецыяй (1714—18) і Аўстрыяй (1716—18). Мірны дагавор Турцыі з Аўстрыяй (21.7.1718) прадугледжваў пераход да Аўстрыі Баната, г. Тэмешвар (цяпер Тымішаара ў Румыніі) з акругай, ч.Валахіі, Паўн. Сербіі (з Бялградам), Паўн. Босніі і некаторых інш. тэрыторый, гарантыю бяспекі каталіцкага духавенства ў Асманскай імперыі, ахову хрысц. святынь у Палесціне. Межы, устаноўленыя гэтым дагаворам, былі зменены Бялградскім мірным дагаворам 1739 (Аўстрыя вярнула Турцыі землі Сербіі і Валахіі). 27.7.1718 падпісаны аўстр.-тур.гандл. дагавор, які даваў аўстр. падданым права свабоднага гандлю на тэр. Турцыі. Венецыяна-тур. дагавор (21.7.1718) пацвярджаў пераход да Турцыі захопленых ёю ў ходзе вайны зямель: п-ва Пелапанес (Марэя) у Грэцыі і шэрагу грэч. астравоў Эгейскага м. Турцыя стварала спрыяльныя ўмовы для венецыянскага гандлю ў Асманскай імперыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬТЭР ФОН ДЭР ФО́ГЕЛЬВАЙДЭ (Walther von der Vogelweide; каля 1170 — каля 1230),
нямецкі і аўстрыйскі паэт-мінезінгер. Паводле розных версій, нарадзіўся або ў Ціролі (Аўстрыя), або ў Швейцарыі, або ў Сярэдняй Германіі. Вёў жыццё вандроўнага паэта, жыў пры дварах Філіпа Швабскага, Германа Цюрынгскага, Фрыдрыха II. Пісаў лірычныя песні (у асн. пра каханне, часта з маральна-дыдактычным адценнем) і шпрухі — песні-павучанні. Насуперак традыцыі меланхалічнага мінезангу, што панавала пры Венскім двары, апяваў радасці жыцця і кахання, сцвярджаў права чалавека на зямное шчасце. Пераадольваючы схематызм мінезангу, узбагаціў яго каларытнымі жывапіснымі дэталямі і новымі матывамі (гал. гераіня верша «Каханая, хай Бог...» не высакародная дама, а простая дзяўчына са шчырым сэрцам). Упершыню ўвёў у куртуазную паэзію нар. песенныя структуры («У гаі, пад ліпкай...» — славутая песня з вясёлым нар. рэфрэнам «тандарадай» і інш.). Яго песні адметныя прастадушнасцю, дэмакратычнасцю, шчырасцю інтанацыі і вытанчанасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ГА»,
назва міжнароднага праекта і аўтам. міжпланетных станцый (АМС) для даследавання планеты Венера і Галея каметы. АМС «Вега-1» і «Вега-2», у аснову якіх пакладзена канструкцыя АМС «Венера», запушчаны адпаведна 15 і 21.12.1985.
З дапамогай АМС «Вега праведзены вымярэнні параметраў атмасферы Венеры, іх пасадачныя модулі ўзялі пробы грунту. Пасля гравітацыйнага павароту АМС праляцелі 6 і 9.3.1986 каля ядра каметы Галея на адлегласці 9 і 8,2 тыс.км адпаведна, перадалі на Зямлю больш за 1000 тэлевізійных здымкаў ядра каметы, а таксама дадзеныя хім. аналізу газавай і пылавой складальных каметы. Зроблены вымярэнні для дакладнага навядзення зах.-еўрап. АМС «Джота». У праекце ўдзельнічалі СССР, Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Германія, Польшча, ЗША, Францыя, Чэхаславакія.
Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Вега»: 1 — панэлі сонечнай батарэі; 2 — радыятар-ахаладжальнік; 3 — спускальны апарат; 4 — востранакіраваная антэна; 5 — радыятар-награвальнік; 6 — блок астраарыентацыі; 7 — пралётны апарат; 8 — аўтаматычная стабілізаваная платформа з навуковай апаратурай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ЦЭНТР Я́ДЗЕРНЫХ ДАСЛЕ́ДАВАННЯЎ (франц. Conseil Européen pour la Recherche Nucleaire; ЦЕРН),
міжнар.навук.-даследчая ўстанова 19 дзяржаў Еўропы (Аўстрыя, Вялікабрытанія, Іспанія, Італія, Францыя, ФРГ і інш.). Створана пры падтрымцы ЮНЕСКА у 1954 каля Жэневы (Швейцарыя, Францыя) для правядзення тэарэт. і эксперым. работ у галіне фізікі элементарных часціц (фізікі высокіх энергій). Мае 2 буйныя паскаральнікі элементарных часціц на сустрэчных пучках (калайдэры): супер пратонны сінхратрон на 450 ГэВ у пучку ў імпульсным рэжыме (з 1981) і вялікі электрон-пазітронны калайдэр на 90 ГэВ (з 1996). На іх базе будуецца самы буйны ў свеце паскаральнік — вялікі адронны калайдэр, разлічаны на энергію пратонаў да 5000 ГэВ у пучку (увод у дзеянне ў 2004). У распрацоўцы і стварэнні дэтэктарных сістэм для гэтага паскаральніка ўдзельнічаюць вучоныя розных н.-д. устаноў Беларусі ў адпаведнасці з дзярж. пагадненнем аб навук.-тэхн. супрацоўніцтве з ЦЕРН (1993).