БАЗЕ́Н ((Bazaine) Ашыль Франсуа) (13.2.1811, Версаль — 23.9.1888),

ваенны дзеяч Францыі, маршал (1864). Удзельнік войнаў у Алжыры (1835), Іспаніі (1837), Крымскай вайны (1853—56), аўстра-італа-франц. вайны 1859 і Мексіканскай экспедыцыі 1862—67. У час франц.-прускай вайны 1870—71 камандаваў корпусам, Рэйнскай арміяй; у 1870 здаў крэпасць Мец, за што ў 1873 прыгавораны ваен. судом да 20 гадоў зняволення. У 1874 уцёк з турмы і астатнія гады пражыў у Іспаніі.

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛ АЛЬБЕ́РТ (Carlo Alberto; 2.10.1798, г. Турын, Італія —28.8.1849),

кароль Сардзінскага каралеўства (П’емонта) у 1831—49. З Савойскай дынастыі. У час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ўвёў у П’емонце памяркоўна-ліберальную канстытуцыю (т.зв. Альберцінскі статут 1848), абвясціў вайну Аўстрыі (гл. Аўстра-італьянская вайна 1848—49); пасля паражэнняў каля Кустоцы (25.7.1848) і Навары (23.3.1849) адрокся ад прастола на карысць сына Віктара Эмануіла II, эмігрыраваў у Партугалію, дзе і памёр.

т. 8, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РФСКАЯ ДЭКЛАРА́ЦЫЯ 1917.

Падпісана на в-ве Корфу (цяпер Керкіра, Грэцыя) 20 ліп. прэм’ер-міністрам Сербіі Н.​Пашычам і старшынёй Паўднёваславянскага камітэта А.Трумбічам. Прадугледжвала аб’яднанне пасля 1-й сусв. вайны Сербіі і паўд.-слав. зямель Аўстра-Венгрыі ў адзіную незалежную дзяржаву — Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (гл. ў арт. Югаславія) на чале з сербскай дынастыяй Карагеоргіевічаў. 11.8.1917 да К.д. далучыўся Чарнагорскі к-т нац. аб’яднання (утвораны ў сак. 1917 у Парыжы).

т. 8, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУКАВІ́НА,

гістарычная назва (з 15 ст.) тэрыторыі, якая ўключае сучасную Чарнавіцкую вобл. Украіны (Паўн. Букавіна) і вобл. Сучава ў Румыніі (Паўд. Букавіна). У 10—11 ст. у складзе Кіеўскай Русі, у 12—13 ст. у Галіцка-Валынскім княстве, з сярэдзіны 14 ст. ў Малдаўскім княстве, з 16 ст. ў Турцыі, з 1774 у Аўстра-Венгрыі. У ліст. 1918 Букавіна адышла да Румыніі. У жн. 1940 Паўн. Букавіна, асн. насельніцтва якой украінцы, уключана ў склад Украіны.

т. 3, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛКА́НСКІ САЮ́З 1912,

ваенна-паліт. саюз Балгарыі, Сербіі, Грэцыі і Чарнагорыі супраць Турцыі і Аўстра-Венгрыі. Ствараўся пры падтрымцы Расіі. Напачатку саюз заключаны паміж Сербіяй і Балгарыяй, потым да яго далучыліся Грэцыя і Чарнагорыя. Меў на мэце падзел еўрап. уладанняў Турцыі. У кастр. 1912 дзяржавы Балканскага саюзу пачалі вайну з Турцыяй і перамаглі. Спрэчкі вакол падзелу заваяваных тэрыторый выклікалі вайну паміж Балгарыяй, Сербіяй і Грэцыяй (гл. Балканскія войны 1912—13) і распад саюза летам 1913.

т. 2, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВРА́НІЦКІ (Vranický, Vranitzky, Wranizky) Павел (13.12.1756, г. Нова-Ржышэ, Чэхія — 26.9.1808), аўстра-чэшскі скрыпач, кампазітар. З 1780 скрыпач, з 1785 музік-дырэктар у капэле кн. І.​Н.​Эстэрхазі, з 1790 канцэртмайстар аркестра Венскай прыдворнай оперы. Аўтар папулярных опер-зінгшпіляў «Аберон, кароль эльфаў» (паст. 1789), «Свята басяка» (паст. 1794), «Сталяр» (1799), камічнай оперы «Добрая маці» (паст. 1795); балетаў-дывертысментаў «Збор вінаграду» (паст. 1794), «Прыгавор Парыса» (1801); кантаты, 22 сімфоній, 5 канцэртаў, камерна-інстр. твораў.

т. 4, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯНШЧЫ́К,

1) у мінулыя часы ў шэрагу армій (герм., аўстра-венг., італьян., франц., рас. і інш.) салдат (матрос), які знаходзіўся пры генерале, адмірале, афіцэру або ваен. чыноўніку ў якасці прыслугі. У Расіі Дз. з’явіліся пры цару Міхаіле Фёдаравічу і прызначаліся для выканання розных даручэнняў на адзін дзень (адсюль назва); з канца 17 ст. пастаянная прыслуга. На караблях рас. ВМФ абавязкі Дз. фактычна выконваў веставы.

2) Афіцэр світы Пятра I, які выконваў яго асобыя даручэнні.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БЛЕНЦКАЯ ЭМІГРА́ЦЫЯ,

антырэспубліканская паліт. групоўка французаў перыяду Французскай рэвалюцыі 1789—99. Знаходзілася пераважна ў г. Кобленц (Германія, адсюль назва). Гуртавалася вакол братоў Людовіка XVI — графа Праванскага і графа д’Артуа. На сродкі манархаў Вялікабрытаніі, Расіі і Швецыі ў Кобленцы фарміраваліся атрады дваран-эмігрантаў, якія склалі т.зв. «армію прынцаў» (на чале з прынцам Кандэ), што ў 1792 удзельнічала ў аўстра-прускім узбр. уварванні ў Францыю. У 1794 франц. рэсп. войскі занялі Кобленц, што паклала канец К.э.

т. 8, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГА́Н,

неафіцыйная назва 7,62-мм рэвальвера, распрацаванага ў канцы 19 ст. бельг. збройнікам Л.​Наганам. Быў на ўзбр. армій шэрагу краін (Аўстра-Венгрыі, Расіі, Швецыі і інш.). На ўзбр. Чырв. Арміі прыняты пад назвай «рэвальвер узору 1895». Меў сямізарадны барабан, які адначасова служыў патроннікам і магазінам. Прыцэльная далёкасць стральбы да 100 м, патрон рэвальверны. У СССР напярэдадні Вял. Айч. вайны заменены аўтам. пісталетам.

Да арт. Наган. 7,62-мм рэвальвер сістэмы Наган узору 1895.

т. 11, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́БСБУРГІ (Habsburger),

дынастыя, якая правіла ў Аўстрыі (1282—1918), Чэхіі і Венгрыі (1526—1918), частцы Італіі (16 ст. — 1816), у «Свяшчэннай Рым. імперыі» (пастаянна ў 1438—1806, акрамя 1742—45), Іспаніі (1516—1700), Нідэрландах. Засн., верагодна, Гунтрамам Багатым (сярэдзіна 10 ст.) з Верхняга Эльзаса. Назва ад замка Габсбург, пабудаванага каля 1020 у швейц. вобласці Ааргаў. Імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» стаў Рудольф I Габсбург (1273—91), ён замацаваў за Габсбургамі герцагства Аўстрыю і Штырыю (1282). У 1526 Габсбургі далучылі Чэхію, ч. Венгрыі, інш. тэр., сталі манархамі шматнац. дзяржавы (у 1867—1918 — Аўстра-Венгрыя). У 1556 дынастыя Габсбургаў падзялілася на 2 галіны — аўстр. і іспанскую. Панаванне ісп. Габсбургаў скончылася ў 1700, калі памёр апошні кароль Іспаніі з дынастыі Габсбургаў Карл II. Аўстр. галіна Габсбургаў абарвалася ў выніку паражэння Аўстра-Венгрыі ў 1-й сусв. вайне, уздыму нац.-вызв. і рэв. руху ў краіне. Устаноўчы сход Аўстр. рэспублікі (3.4.1919) прыняў закон аб пазбаўленні Габсбургаў усіх правоў, выгнанні іх за межы Аўстрыі і канфіскацыі ўсёй іх маёмасці. Найб. значныя прадстаўнікі: ісп. галіна — Карл V [1516—56] і Філіп II [1556—98], аўстр.Марыя Тэрэзія [1771—80], Іосіф II [1765—90], Франц Іосіф I [1848—1916].

Літ.:

Котова Е.В. Династия Габсбургов // Новая и новейшая история. 1991. № 4.

т. 4, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)