1) сітуацыя, якая ўзнікае ў экалагічных сістэмах (біягеацэнозах) у выніку парушэння раўнавагі пад уздзеяннем стыхійных прыродных з’яў (паводка, вывяржэнне вулканаў, засуха, ураганы, смерчы, лясныя пажары, землетрасенні і інш.) або ў выніку ўздзеяння антрапагенных фактараў (забруджванне чалавекам атмасферы, гідрасферы, глебы, разбурэнні прыродных экасістэм і комплексаў, зарэгуляванне рэк, высяканне лясоў, неапраўданая меліярацыя і інш.).
2) Напружаны стан узаемаадносін паміж чалавекам і прыродай, які характарызуецца неадпаведнасцю прадукцыйных сіл і вытворчых адносін і рэсурсна-экалагічных магчымасцей біясферы. К.э. ўзнікаюць пры масавым знішчэнні (перапромысел) буйных жывёл («крызіс кансументаў»), масавым знішчэнні і нястачы раслінных рэсурсаў («крызіс прадуцэнтаў»), пагрозе глабальнага забруджвання біясферы («крызіс рэдуцэнтаў», якія не паспяваюць ачышчаць яе ад антрапагенных прадуктаў). К.э. можа быць прадухілены адпаведнымі прыродаахоўнымі і прыродааздараўленчымі мерапрыемствамі (рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, безадходныя тэхналогіі, арганізацыя ахоўных тэрыторый і інш.). Есць лакальныя К.э., напр., дэградацыя экасістэмы Аральскага мора, вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш. 3) У больш шырокім разуменні К.э. — фазы развіцця біясферы, у якія адбываецца якаснае абнаўленне жывога рэчыва (выміранне адных відаў і ўзнікненне другіх). К.э. бываюць таксама пры змене асяроддзя пражывання жывых істот, напр. узнікненне прамаходзячых антрапоідаў — непасрэдных продкаў чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на Пн Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 28,9 тыс.км². Нас. 1,9 млн.чал. (1996, без г. Кіеў), гарадскога 54%. Цэнтр — г.Кіеў. Найб. гарады: Белая Царква, Бравары, Фастаў, Барыспаль, Ірпень, Васількоў, Пераяслаў-Хмяльніцкі, Ягацін (г. Прыпяць і шэраг гарадоў і сельскіх населеных пунктаў на Пн К.в., якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, поўнасцю адселены).
Прырода. Паверхня раўнінная. На Пн — Палеская нізіна, на У — Прыдняпроўская нізіна, на ПдЗ — адгор’і Прыдняпроўскага ўзв. (выш. да 273 м). Карысныя выкапні: буд. матэрыялы, торф, буры вугаль. Клімат умераны кантынентальны, з мяккай зімой і цёплым летам. Сярэдняя т-растудз. на Пн -6,5 °C, на ПдЗ -5,5 °C, ліп. адпаведна 17,5 °C і 20 °C. Ападкаў 500—600 мм за год. Гал.р. Дняпро з прытокамі Прыпяць, Цецераў, Ірпень, Рось (правыя), Дзясна, Трубеж, Супой (левыя). У межах К.в. частка Кіеўскага і Канеўскага вадасховішчаў. Глебы на Пн дзярнова-падзолістыя, на Пд чарназёмы і шэрыя ападзоленыя, у далінах рэк дзярнова-глеевыя і алювіяльныя. Пад лесам каля 20% тэрыторыі. На Пн хваёвыя лясы з дамешкамі бярозы і дуба, на Пд невял. масівы шыракалістых лясоў (дуб, граб, ліпа). Па рэках Дняпро, Дзясна, Ірпень, Цецераў значныя плошчы паплавоў. Залеская і Дняпроўска-Цецераўская запаведна-паляўнічыя гаспадаркі.
Гаспадарка. К.в. характарызуецца развітой апрацоўчай прам-сцю, 3/4 якой сканцэнтраваны ў Кіеве Буйная энергетычная база (Кіеўская ЦЭЦ, ГЭС і ГАЭС, Чарнобыльская АЭС, Трыпольская ДРЭС). Машынабудаванне спецыялізуецца на вытв-сці абсталявання для хім., лёгкай і харч. прам-сці, прыбораў, вылічальных сродкаў, с.-г. машын, суднаў, быт. тэхнікі (халадзільнікі, кандыцыянеры) і інш.З-д парашковай металургіі. Хім. і нафтахім. прам-сць выпускае шыны, гумава-тэхн. і гумава-азбеставыя вырабы, хім. валокны, фарбу, быт. хімію, пластмасы. Фармацэўтычная прам-сць. Развіта лёгкая прам-сць (швейная, тэкст., трыкат., гарбарна-абутковая). На харч.прам-сць (цукр., мукамольна-крупяная, спіртавая, плодакансервавая, мяса-малочная) прыпадае 1/3 аб’ёму валавой прадукцыі вобласці. Значнага развіцця дасягнулі дрэваапрацоўка і вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Здабыча граніту. Ёсць паліграф. камбінат. Маст. промыслы (вышыўка, ткацтва). Гал. галіна сельскай гаспадаркі — земляробства Пасяўная пл. займае больш за 1,5 млн.га. Асн. збожжавыя культуры — азімая пшаніца; сеюць жыта, ячмень, авёс, кукурузу, з тэхн. культур — цукр. буракі, сланечнік, лён-даўгунец. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Пашырана садоўніцтва (пл. каля 60 тыс.га). Вял. масівы асушаных зямель. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Пчалярства. Гал. від транспарту — чыгуначны, які звязвае Кв. з гарадамі Харкаў, Днепрапятроўск, Данецк, Львоў, Адэса, Сімферопаль, Масква, Мінск і інш.Даўж. аўтадарог 10,4 тыс.км. Суднаходства па рэках Дняпро, Дзясна, Прыпяць. Курорты: Ворзель, Белая Царква, Пушча-Вадзіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЧЫ́СТКА АСЯРО́ДДЗЯ,
комплекс мерапрыемстваў па прадухіленні наступстваў забруджвання навакольнага асяроддзя ад антрапагеннага ўздзеяння. Падзяляецца на ачыстку паветра, ачыстку паверхневых і падземных водаў, глебы, біясферы і мерапрыемствы па зніжэнні антрапагеннага, шумавога і тэмпературнага забруджвання. Ачыстка паверхневых водаў прадугледжвае стварэнне сістэмы фільтрацыі, аэрацыі, абясшкоджання вады ў паверхневых крыніцах, ачыстку сцёкавых водаў, стварэнне замкнёных сістэм водазабеспячэння прадпрыемстваў, укараненне сістэм біял. ачысткі, рэканструкцыю сетак і збудаванняў сістэм водазабеспячэння. Ачыстка падземных водаў неабходная ў выпадках забруджвання гэтых водаў нітратамі, радыенуклідамі і інш. шкоднымі для здароўя чалавека рэчывамі. Пры значным перавышэнні забруджвання падземных водаў прадугледжваецца забарона іх ужывання. Ачыстка глебы патрабуецца ў выпадках перанасычэння яе мінер. ўгнаеннямі і ядахімікатамі, назапашваннем адходаў прам-сці ці жыццядзейнасці чалавека (звалкі). Выкарыстоўваюць прыёмы агратэхнікі і севазвароту, утылізацыі адходаў і інш.; у выпадках катастрафічнага яе забруджвання (напр., радыенуклідамі) неабходна радыкальная ачыстка з выдаленнем і пахаваннем паверхневых пластоў глебы і забаронай іх выкарыстання. Ачыстка біясферы прадугледжвае паніжэнне ў ёй узроўню шкодных рэчываў: новых хім. злучэнняў (ксенабіётыкі, некаторыя пестыцыды, поліхлорбіфенілы і інш.), часцінак і чужародных прадметаў (попел, сажа, пыл і інш.), а таксама шуму, радыеактыўнасці (ад ядз. выпрабаванняў, назапашванне радыеактыўных адходаў ад АЭС, пры аварыях на атамных прадпрыемствах і інш.). У выпадках забруджвання біясферы радыенуклідамі неабходна спец. пахаванне заражаных жывёльных і раслінных аб’ектаў ці абмежаванае іх выкарыстанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́РЫО (Ontario),
правінцыя на Пд Канады. Пл. 1068,6 тыс.км², нас. 10,085 млн.чал. (1991), каля 35% насельніцтва краіны. Адм. цэнтр — г. Таронта [635,4 тыс.чал., у агламерацыі Вял. Таронта 3,9 млн.чал. (1991)]; на тэр. Антарыо знаходзіцца сталіца Канады г. Атава. Буйныя гарады: Гамільтан, Уінсар, Кітчэнер з Ватэрлоо, Лондан. Найб. урбанізаваная правінцыя, гар. насельніцтва каля 82%. На б.ч.тэр. Лаўрэнційскае ўзвышша (выш. да 646 м), на Пн — нізіны Гудзонава заліва, на Пд — ч. Цэнтральных раўнін. Клімат умераны, т-растудз. ад -4 да -14 °C, ліп. 15—23 °C, ападкаў 370—1000 мм за год. Рачная сетка густая, на ПдВял. азёры, на Пн Гудзонаў заліў. Антарыо дае каля 50% прадукцыі апрацоўчай прам-сці краіны і каля 25% горназдабыўной. Асн. галіны прам-сці: чорная і каляровая металургія, аўтамабілебудаванне, нафтахім. і нафтаперапр., электратэхн., цэлюлозна-папяровая, харч. і харчасмакавая; расшыраецца прам-сць высокіх тэхналогій. Здабываюць нікель (1-е месца ў краіне), уран, жал. руды, цынк, медзь, золата, серабро і інш. Антарыо — вядучая правінцыя па вытв-сці электраэнергіі: каля 35% даюць АЭС, 34% — ГЭС, 30% — ЦЭС. Інтэнсіўная сельская гаспадарка з малочнай жывёлагадоўляй, свінагадоўляй і агародніцтвам, вырошчваюць сою, кукурузу, тытунь, садавіну і вінаград. На Пд Антарыо — самая густая ў краіне трансп. сетка, міжнар. аэрапорты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ГІН,
гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Брагінскага р-на Гомельскай вобл., на р. Брагінка. За 130 км ад Гомеля, 28 км ад чыг. ст. Хойнікі, аўтадарогамі злучаны з Хойнікамі, Камарынам, Рэчыцай, Лоевам. Знаходзіцца ў зоне ўплыву катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, адбываецца дэпапуляцыя (насельніцтва зменшылася з 5,6 тыс.ж. у 1985 да 2,0 тыс.ж. у 1995).
Узнік як дрыгавіцкі горад у зоне збліжэння дрыгавічоў, палян і севяран. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1147. У 1241 ці ў 1242, верагодна, спалены мангола-татарамі. З 1360-х г. у ВКЛ, уласнасць вял. князёў. У 15—17 ст. існаваў Брагінскі замак. У канцы 16—17 ст. належаў Вішнявецкім. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 разбураны ўрадавымі войскамі і заняпаў. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1897 у Брагіне 4,3 тыс.ж. З 1926 цэнтр Брагінскага р-на. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939 — 4,7 тыс. ж З 28.8.1941 да 23.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Брагіне і раёне 8970 чал. Дзейнічала Брагінскае патрыятычнае падполле. У 1969 — 6,7 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. прам-сці, сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму, магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАПО́ЛЛЕ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл., у вярхоўі р. Тур’я і на правабярэжжы р. Маластоўка. За 109 км ад Магілёва, 51 км ад чыг. ст. Камунары на лініі Крычаў—Унеча. Вузел аўтадарог на Чэрыкаў, Касцюковічы, Чачэрск, Слаўгарад. 5,9 тыс.ж. (1998).
Вядома з 1784 як мяст. Маластоўка Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цэнтр Краснапольскай вол. Назву атрымала ад суседняга маёнтка за 1 км ад мястэчка. У 1890 у К. 2310 ж., 412 дамоў, царква, 3 гарбарні, 9 маслабойняў, бровар, млын, аптэка, 60 крам, 4 кірмашы ў год. Належала графам Бенкендорфам. У 1898—3248 ж. З 1924 цэнтр Краснапольскага раёна Калінінскай, з 1927 — Магілёўскай акругі. З 27.9.1938 гар. пасёлак, раённы цэнтр Магілёўскай вобл. У 1939—3572 ж. З 15.8.1941 да 1.10.1943 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 1302 чал., дзейнічала Краснапольскае патрыятычнае падполле.
Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў прам-сці. 2 сярэднія і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў, Магіла ахвяр фашызму. Помнікі землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. К. знаходзіцца ў зоне, што пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). У 1996 устаноўлены помнік «Чорная быль Краснапольшчыны».
Цэнтральная плошча гарадскога пасёлка Краснаполле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАЧУ́СЕТС (Massachusetts),
штат ЗША на Пн Атлантычнага ўзбярэжжа, у Новай Англіі. Пл. 21,4 тыс.км². Нас. 6,1 млн.чал. (1997), у т. л. гарадскога каля 84%. Адм. ц., найб. горад і порт, эканам. і культ. ц. — г.Бостан. На У хвалістая Прыатлантычная нізіна, у цэнтр.ч. — плато выш. 200—300 м, парэзанае шырокай далінай р. Канектыкут, на З адгор’і Апалачаў (выш. да 1064 м). Клімат умераны акіянічны, ападкаў больш за 1000 мм за год. Каля 65% плошчы, пераважна ў гарах, займаюць хвойныя і лісцевыя лясы. М. — адзін з самых густанаселеных (шчыльн. насельніцтва каля 290 чал. на 1 км²) і эканамічна развітых штатаў. Вядучае месца належыць апрацоўчай прам-сці, асабліва разнастайнаму машынабудаванню і лёгкай прам-сці. Буйныя прадпрыемствы радыёэлектроннай прам-сці. Развіты таксама электратэхніка, вытв-сць рознага прамысл. абсталявання, суднабудаванне, тэкст., гарбарна-абутковая, хім., гумавая, папяровая, паліграф.прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 17,4 млрд.кВт∙гадз (1996). Электрастанцыі працуюць на каменным вуглі, нафце, газе. Ёсць АЭС і ГЭС. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу, спецыялізавана на вытв-сці натуральнамалочных прадуктаў, яец, агародніны, ягад. На ўзбярэжжы рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. Транспарт — аўтамаб., чыг., марскі. У М. — Гарвардскі (у Кеймбрыджы) і Кларкскі (у Вустэры) ун-ты, Масачусецкі тэхнал.ін-т. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕБРА́СКА (Nebraska),
штат у цэнтр. частцы ЗША, у бас.р. Місуры. Пл. 200,3 тыс.км². Нас. 1662,7 тыс.чал. (1998). Адм. ц. — г. Лінкальн, найб. горад Омаха. Большая ч.тэр. штата ў межах Вялікіх раўнін, на З адгор’і Скалістых гор (выш. да 1654 м). Клімат умераны, кантынентальны. Сярэднія месячныя т-ры ад -5 °C у студз. да 24 °C у ліпені. Ападкаў 450—700 мм за год. Найб. рэкі Наябрэра і Плат (прытокі р. Місуры), выкарыстоўваюцца на арашэнне. Характэрна натуральная травяністая расліннасць прэрый. У гарах на З хваёвыя лясы (пл. каля 3 тыс.км²). Індустр.-агр. штат. Здабыча нафты, буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 27,4 млрд.кВт∙гадз (1998). Працуюць ЦЭС на каменным вугалі і АЭС. Гал. галіны прам-сці: харч. (мясакансервавая, мукамольная, масларобная, цукровая), маш.-буд. (с.-г., транспартнае, выраб эл. і электроннага абсталявання), паліграф., хім. (вытв-сць угнаенняў), каляровая металургія. Больш як 2/3 кошту таварнай прадукцыі сельскай гаспадаркі дае жывёлагадоўля, пераважна мяснога кірунку. Гадуюць (1997, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 6700, свіней — 3600, авечак — 100. Птушкагадоўля (у 1997—12,1 млн. курэй, 2,3 млн. бройлераў). Вырошчваюць кукурузу, сорга, сою, сеяныя травы, пшаніцу, фасолю, авёс, бульбу, цукр. буракі. Значная частка с.-г. зямель арашаецца. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДРУ́ЖБЫ І КУЛЬТУ́РНАЙ СУ́ВЯЗІ З ЗАМЕ́ЖНЫМІ КРАІ́НАМІ,
добраахвотная грамадская арг-цыя, якая садзейнічае развіццю дружбы і супрацоўніцтва бел. народа з народамі іншых краін. Створана 7.4.1926 як Т-ва культурных сувязяў Сав. Беларусі з заграніцай. Каля вытокаў яго былі Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны, М.Чарот і інш. дзеячы бел. культуры. У 1952—58 наз.Бел.т-ва культурнай сувязі з заграніцай. Сучасная назва і статут, прынятыя 17.12.1978, пацверджаны і ўдакладнены ў кастр. 1993 на рэсп. канферэнцыі т-ва. У склад т-ва ўваходзяць грамадскія арг-цыі, творчыя саюзы, калектывы работнікаў прамысл. прадпрыемстваў, калгасаў, навуч. і навук. устаноў і інш.Асн. задачы: знаёміць грамадскасць замежных краін з набыткамі культуры бел. народа, са знешняй палітыкай Беларусі, садзейнічаць умацаванню міру, міжнар. супрацоўніцтва, папулярызаваць на Беларусі дасягненні навукі і культуры замежных краін, арганізоўваць аказанне дапамогі жыхарам Беларусі, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Аддзелы: садзеяння сац.-эканам. развіццю Беларусі і ліквідацыі вынікаў Чарнобыльскай трагедыі; па ўзаемадзеянні з замежнымі краінамі; культуры і інфармацыі; секцыі л-ры і мастацтва, работы з моладдзю і інш. У 1991 у сувязі з абвяшчэннем суверэнітэту Рэспублікі Беларусь пачата стварэнне самаст. т-ваў дружбы з асобнымі замежнымі краінамі; на 1.1.1995 створана 30 такіх т-ваў.
А.М.Ваніцкі.
Будынак Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЧЫ,
горад на Пд Пакістана, на ўзбярэжжы Аравійскага м.Адм. ц.прав. Сінд. 9,7 млн.ж. з прыгарадамі (1997). Гал.эканам. (выпускаецца каля 50% прамысл. прадукцыі краіны), фін. (месцазнаходжанне гал. айчынных і замежных банкаў), гандл. і трансп. цэнтр; марскі порт, праз які праходзіць больш за 70% знешнегандл. абароту Пакістана, база марскога рыбалоўства. Міжнар. аэрапорт. У раёне К. першая ў краіне экспартна-вытв. зона свабоднага гандлю. АЭС. Прам-сць: тэкст., маш.-буд. (суднабудаванне, эл.-тэхн., зборка матацыклаў і матаролераў), металаапр., хім., нафтахім., дрэваапр., папяровая, гумава-тэхн., цэм., шкляная, швейная, гарбарна-абутковая, харчасмакавая, у т. л. рыбаперапрацоўчая, тытунёвая. Акадэмія Кваід-і-Азам. 3 ун-ты. Нац. музей.
Засн. ў пач. 18 ст.інд. купцамі на месцы рыбацкага пасёлка. У 1843 захоплены англічанамі, стаў адм. ц.прав. Сінд, ваенна-марской базай Вялікабрытаніі. У 1947—59 сталіца Пакістана.
Стары горад з вузкімі вуліцамі, 1—2-павярховымі дамамі, кірмашамі, майстэрнямі рамеснікаў. Дзелавы цэнтр К. — гал. вуліцы Бандэр-род і Маклеад-род з пабудовамі пераважна 19—20 ст.: палац Фрырхол (1865, цяпер Нац. музей; неаготыка), будынак Вярх. суда (пач. 20 ст.; неакласіка), ун-т (засн. ў 1951, франц.арх. М.Экашар і інш.), маст. цэнтр (1960), дзяржбанк (праект 1954, італьян.арх. Дж.Л.Рычы, А.Каюм; пабудаваны ў 1961), атэль «Інтэркантыненталь» (1962, арх. У.Таблер, З.Патхан), маўзалей М.А.Джыны. За р. Лаяры прамысл. раён Сінд (забудоўваецца з 1947), гар. парк.