КАСМЕ́ТЫКА (ад грэч. kosmētikē майстэрства ўпрыгожваць),
комплекс гігіенічных, лячэбных і дэкар. мерапрыемстваў па падтрыманні прыгажосці цела чалавека ці ліквідацыі касметычных дэфектаў. Адрозніваюць К. ўрачэбную (кансерватыўную і хірург.) і дэкаратыўную.
Урачэбную кансерватыўную К. падзяляюць на прафілакт. (гігіенічную) і лячэбную.
Прызначэнне прафілакт. — барацьба з праявамі старэння арганізма (вяласць скуры, маршчыны). Выкарыстоўвае касметычныя сродкі (ваду, мыла, крэмы, ласьёны). Прызначэнне кансерватыўнай лячэбнай К. — знішчаць вугры, хлаазмы, лячыць ад выпадзення і тлустасці валасоў, празмернага іх росту, ачышчаць скуру твару. Ужывае фізіятэрапеўт. сродкі, вітамінныя і адбельвальныя маскі, масаж і інш.Хірург. К. аперацыйна выпраўляе набытыя або прыроджаныя дэфекты скуры, форму носа, вушэй, узроставыя заганы. Дэкаратыўная К. маскіруе недахопы скуры, валасоў, вейкаў, броваў з выкарыстаннем пудры, румян, крэмаў, фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНЫ КАРАБЕ́ЛЬ,
пілатуемы касмічны апарат. Адметная асаблівасць — наяўнасць герметычнай кабіны з сістэмай жыццезабеспячэння касманаўтаў. Адрозніваюць: караблі-спадарожнікі — для палётаў па геацэнтрычных арбітах; міжпланетныя К.к. — для палётаў да інш. нябесных цел; транспартныя — для дастаўкі касманаўтаў і грузаў на борт арбітальных станцый і вяртання іх на зямлю. Бываюць аднаразовага і шматразовага выкарыстання. К.к. мае некалькі адсекаў і забяспечаны рухальнай устаноўкай, сістэмамі навігацыі, кіравання, энергасілкавання, сувязі, аварыйнага выратавання, вяртання на Зямлю і інш. Першы ў свеце К.к., выведзены на арбіту ШСЗ, — «Усход» (12.4.1961; Ю.А.Гагарын). Здзейснены запускі інш. К.к.: y СССР — «Узыход», «Саюз», трансп. «Прагрэс»; у ЗША — «Меркурый», «Джэміні», «Апалон», «Спейс шатл». Іл.гл. да арт.Касманаўтыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАМАРФО́З [ад грэч. kata уніз + марф(а)],
рэгрэсіўныя пераўтварэнні арганізмаў, звязаныя з іх пераходам да больш простага спосабу жыцця, страта імі некат. прыстасаванняў да пэўных умоў існавання. Гэтыя пераўтварэнні з’яўляюцца асновай катагенезу — рэгрэсіўнай эвалюцыі. Тэрмін прапанаваны сав. біёлагам І.І.Шмальгаўзенам (1939).
Генет. аснова К. — намнажэнне мутацый, што вядуць да недаразвіцця органаў, якія страцілі сваё значэнне пры змене спосабу жыцця. К. характэрны для абалоннікаў, вусаногіх ракаў, імшанак, калаўротак і інш. Але ў такіх арганізмаў часам назіраюцца і прагрэсіўныя змены ў асобных сістэмах органаў. Прыватны выпадак К. — гіпамарфоз, агульнае недаразвіццё арганізма, напр.неатэнія (у аксалотля, пячорнага пратэя). Замест тэрміна «К.» часта карыстаюцца паняццем катагенез, якое падкрэслівае экалагічныя і генет. аспекты рэгрэсіўнай эвалюцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ДРАВАЯ ПАДЗЬ,
запаведнік у Расіі, у Прыморскім краі, на зах. беразе Амурскага зал. Засн. ў 1916 з мэтай аховы прыроднага комплексу ландшафтаў трацічнага і мелавога перыядаў. Пл. каля 17,9 тыс.га. Пераважны рэльеф — ступеньчатыя горныя хрыбты выш. 300—400 м. Расліннасць характэрная для Паўд. зоны хвойна-шыракалістых барэальных лясоў. Пераважаюць дубовыя, клянова-ліпавыя і мяшаныя шыракалістыя лясы. Шмат ліян. Вышэйшых раслін 817 відаў, з іх рэдкія — жалезная бяроза, ліяна арысталохія, зопнік Максімовіча, жэньшэнь. У фауне 57 відаў млекакормячых, у т. л. рэдкія — тыгр, леапард, харза, гіганцкая буразубка; 250 відаў птушак, у т. л. рэдкія качка-мандарынка, сіні салавей і інш.; паўзуны, земнаводныя. Насякомыя эндэмікі: вусач далёкаўсходні, хвастаносец Маака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ПЛЕРА ЗАКО́НЫ,
тры законы руху нябесных цел, выведзеныя І.Кеплерам на аснове звестак Ц.Браге паводле назіранняў бачнага руху планет. 1-ы К.з.: кожная планета рухаецца па эліпсе, у адным з фокусаў якога знаходзіцца Сонца. 2-і: кожная планета рухаецца ў плоскасці, якая праходзіць праз цэнтр Сонца, прычым радыус-вектар, праведзены ад Сонца да планеты, у роўныя прамежкі часу апісвае роўныя плошчы (S1=S2). 3-і: квадраты перыядаў абарачэння планет вакол Сонца адносяцца як кубы іх сярэдніх адлегласцей ад Сонца. К.з. спрыялі адкрыццю І.Ньютанам сусветнага прыцягнення закону, на аснове якога яны былі абагульнены і ўдакладнены. К.з. карыстаюцца пры знаходжанні масы планет, разліку арбіт спадарожнікаў і інш.Гл. таксама Нябесная механіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІБЕ́ЛА, Ківева, Дындымена, Ідзейская маці, Вялікая маці багоў,
фрыгійская багіня, увасабленне прадукц. сіл прыроды, чый культ у старажытнасці быў пашыраны ў М. Азіі (тут знаходзілася вобласць Фрыгія, дзе ён нарадзіўся), Грэцыі, з 204 да н.э. ў Рыме. Першапачаткова лічылася суровай уладаркай гор, лясоў і звяроў, рэгулявала іх урадлівасць. У яе гонар жрацы наладжвалі містэрыі з абрадамі, у якіх важную ролю адыгрывалі самакатаванні, абмыванне ў крыві ахвяр і самалягчанне. У Рыме яе культ зліўся з мясц. культам багіні пасеваў і жніва Опс. К. шанавалі як апякунку дабрабыту дзяржавы, якая дорыць людзям усе плады зямлі. Яе ўяўлялі ў выглядзе жанчыны з зубчастай вежападобнай каронай на галаве. Вобраз К. адлюстраваны і развіты ў творах Авідзія і Лукрэцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРГІ́ЗСКАЯ МО́ВА,
адна з цюркскіх моў. Мова кіргізаў, дзярж. мова Кыргызстана. Пашырана таксама на сумежных тэр. Узбекістана, Таджыкістана, Казахстана, Кітая, у Манголіі, Афганістане, Пакістане. У Кыргызстане вылучаюць паўн. і паўд. групы дыялектаў. У фанетыцы 8 пар кароткіх і доўгіх галосных, сярод іх пярэднія губныя «ö» і «ü»; 21 зычная фанема, у т. л. «дж», «нг»; паслядоўны сінгарманізм складу і слова. Марфалогія паслядоўна аглюцінатыўная. У лексіцы на агульнацюрк. аснове з 15—18 ст.араб. і іранскія, з 19 ст.рус. запазычанні. Літ. мова склалася ў пач. 20 ст.; пісьменства спачатку на аснове араб. алфавіта, з 1928 — лац., з 1940 — рус. графікі.
Літ.:
Грамматика киргизского литературного языка. Ч. 1. Фонетика и морфология. Фрунзе, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛАВА Фаіна Міхайлаўна (н. 29.9.1931, г. Зуеўка Кіраўскай вобл., Расія),
бел. матэматык. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1996), д-рфіз.-матэм.н. (1968), праф. (1972). Скончыла Уральскі дзярж.ун-т (1954, г. Екацярынбург). З 1967 у Ін-це матэматыкі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па аптымальным кіраванні, канструктыўных метадах аптымізацыі і іх дастасаванні. Распрацавала матэм. апарат даследавання сістэм са спазненнем на кіруемасць і назіральнасць, прынцып квазімаксімуму для дыскрэтных сістэм, універсальную форму неабходных умоў аптымальнасці для шырокага класа сістэм кіравання, канструктыўную тэорыю экстрэмальных задач, праграмныя сродкі для ЭВМ. Прэмія Савета Міністраў СССР 1986.
Тв.:
Особые оптимальные управления. М., 1973 (разам з Р.Габасавым);
Конструктивные методы оптимизации. Ч. 1—5. Мн., 1984—98 (у сааўт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛАЎ Уладзімір Андрэевіч (н. 13.2.1948, г. Маладзечна Мінскай вобл.),
бел. вучоны-біяфізік. Д-рбіял.н. (1991). Скончыў БДУ (1971). З 1980 у НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, з 1988 у Н.-д. клінічным ін-це радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі. Навук. працы па вывучэнні структуры мембран клетак, іх узаемадзеянні з вірусамі, распрацоўцы метадаў ацэнкі і дыягностыкі індывідуальных набраных доз радыяцыі, захворванняў шчытападобнай залозы.
Тв.:
Участие Na+/H+-обмена и диффузии молочной кислоты в кислотозависимом процессе раздевания вируса гриппа (у сааўт.) // Докл.АНСССР. 1989. Т. 309, № 2;
Кариометрический анализ патологических изменений фолликулярных клеток щитовидной железы (разам з Ю.П.Юшчанкам, Я.П.Дзямідчыкам) // Архив патологии. 1994. Т. 56, № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭНА́ІКА,
гістарычная вобласць на У сучаснай Лівіі. Пл. каля 700 тыс.км². На ўзбярэжжы Міжземнага м. плато Барка (выш. да 876 м). На Пд ад яго — Лівійская пустыня. Клімат трапічны, сухі, на крайняй Пн субтрапічны міжземнаморскі. Расліннасць пустынная і паўпустынная. У 7 ст. да н.э. ў прыбярэжнай паласе былі засн.грэч. гарады: гал. з іх — Кірэна. У 6—4 ст. да н.э. пад уладай Ахеменідаў, потым Аляксандра Македонскага, Пталамеяў, Стараж. Рыма, Візантыі. У 642 н.э. заваявана арабамі, у 1517 — туркамі. Пасля італа-турэцкай вайны 1911—12 часткова акупіравана італьян. войскамі, да 1928 — цалкам. З 1942 занята брыт. войскамі. У 1951—63 адна з трох правінцый Лівіі. У 1963 падзелена на 3 мухафазы.