СА́НГА́ (Sangha, Sanga),

рака ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы і Рэспубліцы Конга (часткова па межах іх з Камерунам). Утвараецца ад сутокаў рэк Кадэі і Мамберэ, якія пачынаюцца на паўд. схілах нагор’я Камерун. Даўж. ад сутокаў каля 790 км, ад вытоку Кадэі каля 1300 км, пл. бас. каля 200 тыс. км². Асн. прытокі: Джа (справа) і Ліквала-оз-Эрб (злева). Сярэдні расход вады ад 700 м³/с у сак. да 4250 м³/с у кастр.—лістападзе. Суднаходная ад зліцця вытокаў.

т. 14, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРДЭ́ЧНЫЯ ГЛІКАЗІ́ДЫ,

арганічныя лекавыя сродкі, якія паляпшаюць работу сэрца. У прыродзе ёсць у раслінах 45 відаў (лілейных, казяльцовых, бабовых і інш), таксама ў скурным ядзе некат. рапух. Найб. пашыраны прэпараты наперстаўкі (дыгітаксін, лантазід, цэланід), ландыша (настойка, карглікон), светніку (экстракт сухі, аданізід), страфанту (страфанцін) і інш.

Павялічваюць сілу і скорасць сардэчных скарачэнняў, запавольваюць рытм, памяншаюць вянозны ціск крыві і ацёкі. Ужываюць для лячэння хранічнай або вострай сардэчнай недастатковасці, асабліва эфектыўныя пры артэрыяльнай гіпертэнзіі, клапанных пароках сэрца, атэрасклератычным кардыясклерозе.

т. 14, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РЛІО ((Serlio) Себасцьяна) (6.9.1475, г. Балоння, Італія — 1554),

італьянскі тэарэтык архітэктуры. Арх. адукацыю атрымаў у Рыме (1514—27) у Б.​Перуцы. Працаваў у гарадах Пезара, Венецыя, а таксама ў Францыі (з 1541). Пачынаў як майстар перспектыўнага жывапісу. Трактат С., прысвечаны геаметрыі, перспектыве, ант. і тагачасным пабудовам, набыў агульнаеўрап. вядомасць (у 1537—75 друкаваўся асобнымі кнігамі, якія ў венецыянскім выданні 1584 аб’яднаны пад назвай «Архітэктура») і значна паўплываў на развіццё рэнесансавага і раннекласіцыстычнага дойлідства ў Францыі, Нідэрландах і Германіі.

т. 14, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РЫЯ ў мастацтве,

шэраг твораў (больш за 3) станковага мастацтва, звязаных адзінствам задумы. Работы адной С. часцей выконваюцца ў адным стылі і маштабе. З часоў імпрэсіянізму С. — група станковых работ, звязаных адзінствам прадмета выяўлення, напр., колеравае вырашэнне, асвятленне або дынаміка прасторавага ўспрыняцця. Гэта ідэя перанята ў яп. мастакоў (К.​Утамара, К.​Хакусай і інш.). У мастацтве постмадэрнізму і сучасным, асабліва ў графіцы, папулярныя С., якія складаюцца з блізкіх варыянтаў адной тэмы. С. — больш вузкае паняцце цыкла.

т. 14, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁГУ́Н (скарочаная назва ад яп. сейі тайсёгун літаральна — вялікі палкаводзец, які падпарадкоўвае варвараў),

першапачаткова званне, якое надавалася камандуючым войскамі, што пасылаліся са стараж. сталіцы Японіі Кіёта (Хэяна) у 794—811 для заваявання народнасці эбісу (айнаў) у паўн.-ўсх. ч. в-ва Хонсю; у 1192—1867 — тытул ваен.-феад. правіцеляў Японіі, якія кіравалі ад імя імператара і паходзілі з дынастый Мінамота (1192—1333), Асікага [1335(1338)—1573], Такугава (1603—1867). Улада С. (сёгунат) скінута ў час рэвалюцыі 1867—68 (гл. Мэйдзі ісін).

т. 14, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАЙКІ́ЗМ (грэч. synoikismos ад synoikizō разам засяляю),

у старажытных дзяржавах (Грэцыі, Рыме і інш.) працэс зліцця некалькіх раней самастойных паселішчаў ці гарадоў у адзіны поліс. У выніку С. паступова ліквідавалася племянная раздробленасць, узнікалі органы цэнтр. кіравання, узмацнялася эканам. адзінства і ваен. магутнасць раней адасобленых плямён і абшчын. Найб. вядомы С. 12 абшчын Атыкі, якія аб’ядналіся пад уладай Афін (13—7 ст. да н.э.). У выніку С. плямён лацінаў, сабінаў і этрускаў узнік Стараж. Рым (6 ст. да н.э.).

т. 14, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНТЭТЫ́ЧНЫЯ КРЫШТАЛІ́,

крышталі, якія вырошчваюцца штучна ў лабараторных і заводскіх умовах. Маюць такую ж атамную будову, што і прыродныя крышталі, часта больш дасканалыя за іх паводле сваіх уласцівасцей. Аб’ёмныя і танкаплёначныя С.к. вырошчваюцца з газавай фазы, з раствораў і расплаваў (гл. Крышталізацыя, Эпітаксія). У прамысл. маштабах атрымліваюць С.к. п’еза- і сегнетаэлектрыкаў, паўправаднікоў, аптычных матэрыялаў і інш. Выкарыстоўваюцца ў якасці падложак у запамінальных прыстасаваннях, матэрыялаў для сцынтыляцыйных лічыльнікаў, штучных каштоўных камянёў і інш. Гл. таксама Сінтэз мінералаў.

т. 14, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЯГО́ВА,

вёска ў Пасецкім с/с Старадарожскага р-на Мінскай вобл., на аўтадарозе, якая злучае вёску з г. Старыя Дарогі. Цэнтр калгаса. За 22 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Старыя Дарогі, 170 км ад Мінска. 408 ж., 169 двароў (2001). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнік сав. воінам і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Мемарыяльны комплекс у гонар воінаў 121-й стралковай дывізіі.

т. 14, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІРО́ТЫ,

катэгорыя сялянскага насельніцтва ў Стараж. Русі. У 11—14 ст. С. звалі сялян-абшчыннікаў, якія не страцілі асабістай свабоды, і насельніцтва княжацкіх вотчын. У Расіі ў 14—15 ст. С. — найб. прыгнечаная катэгорыя сял. насельніцтва. У канцы 14—15 ст. тэрмін «С.» ў актах і граматах выцясняецца тэрмінам «крестьяне». У 16 — пач. 18 ст. ў зваротах да ўрада ці феадала тэрмін «С.» ўжываўся як саманазва сялян, пасадскіх людзей, стралецкіх і салдацкіх жонак, іх дзяцей і г.д.

т. 14, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРАБЕ́І (Scarabaeus),

род жукоў сям. пласцініставусых. 5—6 відаў. Пашыраны ў Паўн. Афрыцы, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, на Пд Еўропы. Найб. вядомы С. свяшчэнны (S. sacer).

Даўж. 20—40 мм. Цела шырокае, чорнае, пярэднія галёнкі і налічнік зубчастыя. Яйцы адкладваюць у грушападобныя ўтварэнні з гною, якія закопваюць у глебу (у іх развіваюцца лічынкі). Кормяцца гноем, з якога папярэдне робяць шарыкі. С. свяшчэнны даўж. 21—37 мм, выявы якога былі ў Стараж. Егіпце прадметамі культу. Іл. гл. да арт. Гнаевікі.

т. 14, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)