РАНГ (ням. Rang ад франц. rang месца, рад),
ступень адрознення, чын, званне; разрад, катэгорыя, клас і інш. У большасці краін Р. ўстанаўліваюцца для служачых цывільных ведамстваў, напр., дыпламатычныя рангі. Ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў існуюць званні воінскія, якія адпавядаюць Р. (напр., у ВМФ Расіі капітан 1-га, 2-га і 3-га Р.). У ВМФ на Р. падзяляюцца караблі (гл. Карабель ваенны), у адпаведнасці з якімі вызначаецца старшынства іх камандзіраў, прававое становішча экіпажаў і нормы іх матэрыяльнага забеспячэння.
т. 13, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСА́,
атмасферныя ападкі ў выглядзе кропель вады, якія асаджаюцца пры дадатнай тэмпературы на паверхні зямлі, раслін, наземных прадметаў вечарам, ноччу ці раніцай. Утвараецца ў выніку ахаладжэння паветра і кандэнсацыі вадзяной пары на асобных паверхнях, т-ра якіх апускаецца ніжэй пункту расы ў выніку страты цяпла выпраменьваннем. Утварэнню Р. спрыяе яснае надвор’е і слабы вецер. Колькасць ападкаў пры Р. невялікая (каля 0,1—0,3 мм за ноч). На Беларусі за год бывае 80—120 сут з Р. (у крас.—ліст.).
т. 13, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКА́ТЫ,
у беларусаў чатырохколавы воз без кузава для перавозкі лесу. Пярэднія і заднія ходы з нізкімі падушкамі злучаліся рухома дышлем, на канцы восі задняга ходу насаджваліся дугі-жэрдкі (багулы, палонікі), скрыжаваныя паміж сабою канцамі. Пры пагрузцы лесу Р. разводзілі на даўжыню бярвён, паверх бярвён клалі багулы, якія служылі для трываласці ўкладкі і рэгулявання ходу на паваротах і ўхабах. У сял. гаспадарцы Р. шырока бытавалі ў канцы 19 — пач. 20 ст., пераважна на У Беларусі.
В.С.Цітоў.
т. 13, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА СТАТЫСТЫ́ЧНАЯ,
стан замкнутай макраскапічнай сістэмы, у якім сярэднія значэнні фіз. велічынь, што характарызуюць гэтую сістэму, не залежаць ад часу; адно з асн. паняццяў статыстычнай фізікі.
Р.с. не з’яўляецца раўнавагай у мех. сэнсе (у сістэме пастаянна ўзнікаюць флуктуацыі фіз. велічынь каля іх сярэдніх значэнняў). Тэорыя Р.с. апісваецца ў стат. фізіцы з дапамогай Гібса размеркавання для мікракананічнага, кананічнага ці вял. кананічнага статыстычнага ансамбля ў залежнасці ад тыпу кантактаў сістэмы з навакольным асяроддзем, якія дазваляюць ці забараняюць абмен энергіяй і часціцамі.
т. 13, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДАКО́Ў РОЎ,
класічная эразійная лагчына, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны паміж вёскамі Садовая і Смётанка Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Даўж. 1,5 км, шыр. да 200 м, глыб. 20—30 м, пл. 0,8 км². Утварылася ў выніку размыву марэннай раўніны р. Лапта за 14 тыс. гадоў. У сценках агаляюцца азёрныя адклады (магутнасць да 2,4 м) александрыйскага міжледавікоўя, якія маюць у сабе эталонны комплекс рэшткаў рэліктавых раслін (57 відаў) таго часу.
В.Ф.Вінакураў.
т. 13, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГРАДА́ЦЫЯ ГЛЕБ,
вяртанне глебаўтваральных працэсаў да папярэдняй стадыі. Напр., пад уздзеяннем асушальнай меліярацыі ў мінер. глебах працэсы забалочвання спыняюцца, іх змяняюць працэсы, якія фарміруюць аўтатрофныя глебы, але пры іх паўторным устойлівым залішнім увільгатненні зноў развіваецца забалочванне. Р.г. адбываецца на ўзараных схілавых эрадзіраваных глебах пры іх залужэнні; эрозія глебы спыняецца, урадлівасць яе аднаўляецца. Аднак некат. асушальныя мерапрыемствы і няправільнае с.-г. выкарыстанне зямель часам прыводзяць да неабарачальных працэсаў дэградацыі глебы, і ворныя землі ператвараюцца ў непрыдатныя (Р.г. не адбываецца).
т. 13, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙНСКАЯ ПАРО́ДА гусей.
Выведзена ў Германіі ў 20 ст. скрыжаваннем эмдэнскіх гусей з мясц. формамі. Пашырана паўсюдна, у т. л. на Беларусі.
Галава і шыя сярэдніх памераў, тулава кампактнае, грудзі шырокія. Апярэнне белае, дзюба і ногі аранжавыя. Маса гусакоў 6,5—6,7, гусак 5,5—6 кг. Яйцаноскасць 45—50 яец за год. Маса кожнага яйца да 175 г. Выкарыстоўваюць як бацькоўскую форму для вытв-сці мяснога маладняку, якія ў 60 сут важаць 3,7—4 кг.
М.Ц.Гарачка.
т. 13, с. 566
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФЛЕ́КС (ад лац. reflexus павернуты назад, адлюстраваны) у жывапісе і графіцы, водсвет, адлюстраванае святло і колер на якой-н. паверхні ад крыніцы святла, у т. л. неба, або суседніх прадметаў, што выклікае змены тону і колеру. Р. — з’ява ў прыродзе і здаўна вядомая мастакам (апісана Леанарда да Вінчы). Разнастайнасць Р. выявілася ў жывапісе ў 19 ст. з пачаткам работы мастакоў на адкрытым паветры і набыла сістэматычны характар у імпрэсіяністаў і творах мастакоў, якія працавалі на пленэры.
т. 14, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАНЦЫ́,
глебы засушлівых абласцей, якія на невял. глыб. (20—80 см) утрымліваюць значную колькасць соды і інш. лёгкарастваральных солей. Фарміруюцца ва ўмовах непрамыўнога воднага рэжыму або пры рассаленні саланчакоў, пераважна ў комплексе з інш. глебамі.
Характарызуюцца вязкасцю і набраканнем у вільготным стане, моцным ушчыльненнем і цвёрдасцю ў сухім, слупкаватай, прызматычнай ці глыбістай структурай ілювіяльнага гарызонту, высокай рухомасцю калоідаў, малой водапранікальнасцю, маюць 0,5—8% гумусу ў верхнім гарызонце. Пакрыты саланцовай расліннасцю. Малаўрадлівыя, патрабуюць прамыўкі, гіпсавання і ўнясення арган. угнаенняў.
т. 14, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́МА (?—658),
славянскі князь [623—658], заснавальнік першага гіст. вядомага паліт. аб’яднання зах. і ч. паўд. славян, т.зв. дзяржавы С. (тэр. сучасных Чэхіі, Маравіі, землі лужыцкіх сербаў, ч. зямель славенцаў і харватаў) з цэнтрам, верагодна, у Маравіі. Паводле франкскай хронікі Фрэдэгара (7 ст.), С. быў франкскім купцом, што аспрэчваецца многімі гісторыкамі, якія лічаць яго славянінам. Князем стаў у 623, калі ўзначаліў паўстанне славян супраць улады авараў. Пазней паспяхова ваяваў з аварамі і франкамі. Пасля смерці С. яго дзяржава распалася.
т. 14, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)