ЭЛЕКТРАО́ПТЫКА,
раздзел оптыкі, у якім вывучаецца ўзаемадзеянне аптычнага выпрамянення з рэчывам, змешчаным у эл. поле. Дзеянне эл. поля на атамы (малекулы) прыводзіць да зруху і расшчаплення іх энергет. узроўняў. У выніку гэтага спектральныя лініі распадаюцца на шэраг кампанентаў, якія адрозніваюцца частатой і палярызацыяй (гл. Штарка з’ява); несупадзенне ліній паглынання для кампанентаў з рознай палярызацыяй святла прыводзіць да наведзенага полем дыхраізму і падвойнага праменепераламлення (гл. Кера эфект, Покельса з’ява).
Уплыў эл. поля на аптычныя ўласцівасці ізатропнай кандэнсаванай сістэмы, якая складаецца з малекул з уласным эл. дыпольным момантам ці анізатрапіяй палярызавальнасці, прыводзіць да таго, што сістэма набывае ўласцівасці аднавосевага крышталя. Гэты арыентацыйны эфект моцна выяўляецца ў вадкіх крышталях. Пры накладанні эл. поля на цвёрдыя крышталі мае месца аптычная анізатрапія, абумоўленая рознымі значэннямі сярэдніх адлегласцей паміж атамамі ўздоўж і ўпоперак поля (стрыкцыйны эфект). Рэчывы, якія мяняюць аптычныя ўласцівасці пад дзеяннем эл. поля (электрааптычныя матэрыялы), выкарыстоўваюцца для кіравання аптычным выпрамяненнем, у вадкакрышт. дысплеях і інш.
Літ.:
Келих С. Молекулярная нелинейная оптика: Пер. с англ. М., 1981;
Ярив А., Юх П. Оптические волны в кристаллах: Пер. с англ. М., 1987;
Барковский Л.М., Фурс А.Н. Операторные методы описания оптических полей в сложных средах. Мн., 2003.
М.А.Паклонскі.
т. 18, кн. 1, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)