Га́йворон ’жаваранак палявы, Alauda arvensis L.’ (палес., КЭС). Рус. га́йворон ’крумкач; грак’, укр. га́йворон. Зыходнае для ўсх.-слав. моў *gajьvornъ. Вельмі блізка да гэтай формы стаіць *ga‑vornъ, якое адлюстроўваецца ў польск. gawron, чэш. havran, серб.-харв. га̏вра̄н і г. д. У прасл. *ga(jь)vornъ бачаць звычайна складанае слова, у другой частцы якога *vornъ (параўн. *vornъ ’крумкач’, vorna ’варона’). Першая частка слова *ga‑, *gajь‑ не мае агульнапрынятага тлумачэння. Тут бачаць гукапераймальнае ga‑; іншыя зыходзяць са складанага слова *gavo‑vornъ (дзе першая частка адлюстроўваецца, напр., ва ўкр. га́ва ’варона’). Ёсць і спробы зыходзіць з прасл. *kavornъ (параўн. прасл. назвы птушак: *kava, *kavъka і балт.: літ. kóvarnis, лат. kuõvarnis), якое паходзіць з больш даўняга *kāvo‑vornos. Аб гэтым слове пісалі вельмі многа, але і сёння яшчэ няма канчатковай агульнапрынятай этымалогіі. Са шматлікай літ-ры параўн. Слаўскі, 1, 263–264; Бернекер, 298; Фасмер, 1, 383; Брукнер, 137; Maxэк₁, 100; Махэк₂, 163. Дарэчы, Махэк лічыць, што другая частка слова *vornъ гукапераймальнага паходжання (ён параўноўвае яе з венг. varjú ’варона’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́шаль ’раптоўныя сутаргавыя выдыхі, якія суправаджаюцца хрыпамі і шумам пры запаленні дыхальных шляхоў і інш.’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. МГ і інш.), ка́шляць ’мець прыступ кашлю; хварэць на кашаль’. Прасл. слова. Параўн. рус. ка́шель, укр. ка́шель, польск. kaszel, чэш. kašel, славац. kašeľ, серб.-харв. ка̏шаљ, славен. kášelj і г. д. Прасл. *kaš(ь)lь. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 160–161. Звяртае ўвагу тое, што не ва ўсіх слав. мовах ёсць гэта лексема. Няма яе, напр., у балг. мове. Гэта сведчыць аб старой дыялектнай дыферэнцыяцыі слав. тэрыторыі. Слова *kaš(ь)lь выводзіцца з больш даўняй формы *kāsli̯o‑, а гэта з і.-е. *kuās‑l‑i‑o‑, што ўтворана ад і.-е. кораня гукапераймальнага характару ’кашляць’. Роднаснымі формамі з’яўляюцца літ. kósti ’кашляць’, алб. kollë ’кашаль’, ст.-інд. kā́sate ’кашляць’, ст.-в.-ням. hwuosto, huosto і г. д. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 214–215; Бернекер, 1, 493; Траўтман, 119. Ад прасл. *kaš‑(ь)‑lь утвораны дзеяслоў; Трубачоў, там жа.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кле́ваць ’ледзь дыхаць, трапятацца, быць слабым’ (Жыв. сл., Нар. лекс., Сл. паўн.-зах.). Параўн. кляваць (гл.). Літ. klevoti ’тс’ (Сл. паўн.-зах., 2, 486). Лаўчутэ (Балтизмы, 67) таксама дапускае балтыйскі ўплыў, але не прыводзіць вышэй адзначанай літоўскай формы. Прыклады з дысертацыі Вяржбоўскага, на якія робіць спасылку аўтар, семантычна і фармальна далёкія. Трубачоў (Эт. сл., ІО, 28) адносіць беларускія формы да праславянскай лексікі *klevati/*klevili (sę). Аднак балгарскія і македонскія паралелі, якія ён прыводзіць, семантычна вельмі далёкія, за выключэннем макед. sä kli > vam ’мучыцца’. Больш блізкімі семантычна, але з рэканструкцыяй *kleviti sę (там жа, 18) здаюцца паралелі чэш. klevili se ’гнуцца, курчыцца’, славац. kťavieť ’калець, дубець’, якія, магчыма, да літ. kliauti̯ ’гнуць’, лат. klaut пахіляць’. Сумненні выклікае геаграфія беларускіх слоў, якія не маюць украінскіх і рускіх паралелей, а калі прыняць паралелі чэшскія і славацкія, дзіўным здаецца, што апошнія таксама не маюць паралелей сярод іншых заходнеславянскіх моў. Такая рэдкая эксклюзіўная беларуска-чэшска-славацкая ізалекса, калі яе дапусціць, павінна атрымаць спецыфічнае тлумачэнне.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зда́рыцца ’адбыцца’. Укр. уст. зда́ритися ’ўдавацца’ (Жэлях.), польск. zdarzyć się ’адбыцца’, н.-луж. zdariś se ’ўдавацца’, чэш. zdařiti se, славац. zdariť sa. Традыцыйнае тлумачэнне ад darъ < dati (Бернекер, 1, 179; Брукнер, 649; Голуб-Копечны, 434) з улікам чэш. разм. прывітання na zdar ’на шчасце, на здароўе’ выклікае семантычныя цяжкасці — перш за ўсё значэнне прэфікса, складаны шлях утварэння zdar (da‑ti > darъ > dariti > sъdariti > sъdarъ?), няпоўную вытлумачальнасць семантыкі ў цэлым. На гэта звярнуў увагу Зубаты (I, 1, 131–138), прапануючы сувязь з іншым *dar‑, якое прадстаўлена ва ўдар, ударыць (паводле Фасмера, 4, 149, да драць, гл.), што падтрымлівае Махэк₂, 110–111. Гэта, аднак, не рашае праблемы. Магчыма, трэба шукаць яе рашэння ў суадносінах з карнямі, што маюць значэнне ’тварыць’. Магчыма, zьdariti (’стварыцца’ >) ’адбыцца’ < zьdarъ ’стварэнне’ < zьdati ’тварыць’ (< ’будаваць’ < ’ляпіць’). Пра корань гл. здань. Іншае тлумачэнне праз суадноснасць з і. е. *dher‑, *dherǝ‑ ’трымаць’ (Покарны, 1, 253), прадстаўленым літ. derė́ti ’быць патрэбным’, darýti ’рабіць’, лат. derêt, darît ’тс’; семантычны ход: ’атрымацца’ > ’адбыцца’ ці ’зрабіцца’ > ’адбыцца’. Патрэбны далейшыя даследаванні.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Плюсна́ 1 ’ступня нагі чалавека’ (ТСБМ, Мядзв.; шчуч., Сл. ПЗБ; Варл.), ’ступня’ (паст., Сл. ПЗБ; стол., ЛА, 3), ’пад’ём, верх нагі’ (ТС, Ян.; брагін., ЛА, 3), плісна́ ’тс’ (ТС), плюсьня́ ’ступня’ (б.-каш., ЛА, 3). Параўн. рус. плюсна́, маск. плюсно́ ’адлегласць паміж асновай пальцаў і пятой нагі’. Да этымалогіі гл. плесна; параўн. таксама укр. плю́сно, паводле Німчука (Давньорус., 321), у выніку збліжэння з дзеясловам плюснути ’сплюснуць’, гл. плю́шчыць ’рабіць пляскатым’. Абмежаваны характар варыянта прымушае бачыць у ім арэальнае ўтварэнне. Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 4, 20) супастаўляе лексему з літ. pliū́snis ’сплясканы’, што дае падставы вывесці яе з прасл. *plʼusk‑ъna, якое можна суаднесці з літ. pliùkšti ’спадаць, ападаць’. Няпэўна.
Плюсна́ 2 ’страва з жытняй мукі буйнога памолу, азлобленая малаком’ (шчуч., З нар. сл.). Магчыма, мясцовае ўтварэнне ад дзеяслова, адпаведнага літ. pliuškénti ’пляскаць’, тады ўнутраная форма можа быць ідэнтычнай назве стравы баўтуха (ад боўтаць, гл.). Параўн. наступнае слова.
Плюсна́ 3, плю́сна ’расплюшчаныя зярняты ў муцэ’ (Варл.). Утворана ад літ. pliū́snis ’сплясканы’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сму́ніць ‘пацерці звітую вяроўку, каб зрабіць яе больш мяккай’, ‘трапаць абутак, адзежу; зношваць збрую’ (Нік. Очерки), сьму́ніць ‘церці, выціраць’, сюды ж асму́ніць ‘абсмыгаць, абцерці, абтрапаць’ (Ласт.). Параўн. рус.-ц.-слав. присмѧнѫти ‘прывянуць’, присмѧдитисѧ ‘прыгараць’. Вытворнае ад прасл. дыял. *smǫditi ‘паліць, капціць, вэндзіць’, якое лічыцца фанетычным варыянтам *svǫditi ‘тс’, суадноснага з svęděti ‘быць высушаным, знаходзіцца ў гарачыні’, што ўзыходзіць да і.-е. *(s)u̯endh‑ ‘памяншацца, убываць, вянуць’. Змена sv > sm пад уплывам слоў тыпу смала, смага (гл.). Параўн. укр. дыял. сму́дитися ‘смажыцца, пражыцца’, польск. smądzić ‘вэндзіць’, swędzić ‘свярбець’, smędzić się ‘ледзве гарэць’, в.-луж. smudźić ‘смаліць’, н.-луж. smuźiś ‘абпальваць, смаліць’, чэш. smouditi ‘паліць, капціць’, славац. smudiť ‘чадзіць, капціць’, серб.-харв. сму́дити ‘смаліць; абпальваць’, славен. smoditi ‘паліць, прыпальваць’, балг. смъдя́ ‘свярбець’, макед. смади ‘абпальваць’, роднасныя ст.-англ. swindan ‘знікаць, прападаць’, ням. schwinden ‘тс’. Гл. Глухак, 567; SEK, 4, 330; Бярнар, Бълг. изсл., 265–266; Шустар-Шэўц, 1324; ЕСУМ, 5, 330–331. Параўн. смурыжыць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ту́лькі 1, ту́лько, ту́ко ‘толькі’ (бяроз., Сл. ПЗБ; валок., ЛА, 5, Скарбы), ту͡олʼко ‘тс’ (Вруб.), ст.-бел. тулько (1553 г., ГСБМ). Да то́лькі (гл.). Мена о > у (або ў дыфтонг ці закрытае о̂) у закрытых складах магла адбывацца пад уплывам польскай мовы (Карскі 1, 117–123, асабліва с. 121). Беларускаму прыслоўю (без *‑l‑) ту́ко з абмежаваным значэннем адпавядаюць: укр. ті́ки, ті́ко, рус. то́ко, то́коли, макед. туку, балг. току́, токо ‘тс’. Сюды ж ту́лечкі ‘толечкі’ (Мат. Гом.).
Ту́лькі 2, ту́лько ‘столькі’ (пруж., Сл. ПЗБ), ту́лько, ту́лькі ‘тс’ (зах.-пал., ЛА, 5). Лексемы, аформленыя ў адпаведнасці з рэфлексамі закрытага о̂ на гэтай тэрыторыі, магчыма, працягваюць стараж.-рус. толико ‘тс’, якое ўжывалася без с‑ (што надае значэнне ‘прыблізнасці’), утвораны ад займеннікавай асновы *to шляхам дадавання да яе часціцы *li (яшчэ ў даславянскі перыяд — ESSJ SG, 2, 675 і 681), параўн. паралель з літ. tõlei ‘да таго часу, аж / пакуль’, і пашыраныя часціцай *‑ko (ужо пасля распаду праславянскага адзінства). Гл. толькі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
абне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. абнёс, ‑несла і ‑нясла, ‑нясло; заг. абнясі; зак., каго-што.
1. Пранесці што‑н. вакол чаго‑н. Свянцоным хлебам, соллю і вадой Абнесла навакол яе [каровы] тры разы. Купала.
2. Абгарадзіць, акружыць сцяною і пад. Моцны, з ацярэбленага ядлоўцу пляцень, якім Несцер абнёс сад незадоўга перад вайной, быў месцамі спалены. Кулакоўскі.
3. Абходзячы, надзяліць, абдарыць усіх, кожнага. Абнесці гасцей прысмакамі.
4. Надзяляючы чым‑н. усіх, прамінуць каго‑н. Абнесці чаркай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; заг. агледзься; зак.
1. Паглядзець вакол сябе, па баках. [Настаўнік] зняў акуляры, па прывычцы працёр іх хусцінкай, адвёў і агледзеўся навокал. Даніленка.
2. Звыкнуцца, асвойтацца з новымі абставінамі. Не паспелі агледзецца [дзеці] — дзяжурны абвясціў канец перапынку, пара было збірацца ў дарогу. Пальчэўскі.
3. Хапіцца, апамятацца; заўважыць што‑н. Пакуль людзі агледзеліся, Сымон уцёк. Бядуля. Злосная Валя ўвайшла ў Любіну кватэра, не думаючы, і толькі там агледзелася, што яе акружае. Чорны.
•••
Не паспець агледзецца, як... гл. паспець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абві́цца, абаўюся, абаўешся, абаўецца; абаўяцеся; пр. абвіўся, ‑вілася, ‑вілося; зак.
1. Абкруціцца вакол чаго‑н.; абвіць сабой што‑н. Пуга абвілася вакол задняй нагі ваўка, і я не змог яе ўтрымаць у руцэ. Ляўданскі. // Абняць, абхапіць (пра рукі). Дзіцячыя ручкі абвіліся вакол матчынай шыі.
2. Пакрыцца, абвіць сябе чым‑н. Абаўецца навокал зямля Да бляскату ў яркую зелень. Астрэйка. // Ахутацца, абвалачыся чым‑н. (дымам, туманам і пад.). Сена палыхнула агнём, і стажок абвіўся жаўтавата-сінім дымам. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)