ДЗЯРЖА́ЎНЫ СМЫКО́ВЫ КВАРТЭ́Т БССР.

Існаваў у 1930-я г. Створаны ў Мінску ў 1934, з 1937 у Бел. філармоніі. У складзе калектыву: А.Бяссмертны. С.​Жыў (адпаведна 1-я і 2-я скрыпкі), І.​Гуральнік (альт), М.​Арлоў (віяланчэль). Паводле хадайніцтва ЦВК БССР калектыў атрымаў у карыстанне інструменты з дзярж. калекцыі муз. інструментаў у Маскве: скрыпкі Амаці і Альбані, альт Дэразэ, віяланчэль Клоца. Выступленні адбываліся пераважна ў рабочых і чырвонаармейскіх клубах, навук. і навуч. установах рэспублікі. Аснову рэпертуару складалі творы рус. і зарубежнай класікі. Дзейнасць сталага калектыву спрыяла стварэнню бел. кампазітарамі шэрагу квартэтаў (М.​Аладаў, У.​Алоўнікаў, М.​Крошнер, П.​Падкавыраў. В.​Яфімаў і інш.).

Літ.:

Мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1976. Т. 1. С. 270.

А.​Л.​Капілаў.

т. 6, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАГУ́НЫ (франц. dragon, адз. л.),

від кавалерыі, здольнай дзейнічаць у пешым страі. З’явіліся ў 16 ст. ў Францыі (пасаджаныя на коней пехацінцы, якія спешваліся пры сустрэчы з праціўнікам). З 17 ст. драгунскія палкі існавалі ў Германіі, Польшчы, Беларусі (у складзе войска ВКЛ, да канца 18 ст.), Расіі (1631 — пач. 1918), у 18—20 ст. — у большасці еўрап. армій (належалі да цяжкай або сярэдняй кавалерыі, складалі ​1/3 усёй конніцы). У розны час мелі на ўзбраенні пісталеты, мушкеты, фузеі, карабіны, вінтоўкі, шаблі, палашы, шашкі.

Літ.:

Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994;

Грыгор’еў М. Войска ВКЛ: Ад Сасаў да Касьцюшкі, 1765—1794. Мн., 1994.

Да арт. Драгуны. Маёр коннагвардзейскага (драгунскага) палка ВКЛ у мундзіры ўзору 1792, узброены гвардзейскім палашом.

т. 6, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАСЁНАКВЕ́ТНЫЯ (Polygonales),

парадак двухдольных кветкавых раслін. Уключае 1 сям. — драсёнавыя, больш за 30 родаў, каля 800 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ў паўн. умераных паясах. На Беларусі больш за 30 дзікарослых і каля 10 інтрадукаваных відаў з 9 родаў. Найб. вядомыя роды: грэчка, драсён, рэвень, шчаўе. Сярод Д. лек., кармавыя, каштоўныя харч., дубільныя, фарбавальныя і меданосныя расліны, ёсць ядавітыя.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, паўкусты, кусты, ліяны, рэдка дрэвы (у тропіках). Сцябло галінастае, вузлаватае, каленчатае. Лісце звычайна чаргаванае, рэдка супраціўнае або кальчаковае, простае, суцэльнае ці лопасцевае, з прылісткамі, якія зрастаюцца каля асновы чаранка ў раструб. Кветкі дробныя, звычайна двухполыя, правільныя, трохчленныя, беспялёсткавыя, сабраныя ў складаныя суквецці. Плод — трохгранны арэшак. Насенне з мучністым эндаспермам.

т. 6, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЦЭ́НА (Dracaena),

род кветкавых раслін сям. драцэнавых. Каля 150 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Усх. паўшар’я. Растуць на горных схілах, у прыбярэжных вільготных лясах. На Беларусі ў аранжарэях і пакоях вырошчваюць Д. пахучую (D. fragrans), стракаталістую, дзярэмскую (D. deremensis), зеленалістую Гукера (D. hookeriana).

Шматгадовазялёныя дрэва- і кустападобныя расліны. Лісце сядзячае, падоўжана-ланцэтападобнае, скурыстае, цвёрдае, зялёнае, шэра-зялёнае або стракатае. Кветкі правільныя, двухполыя, звычайна белыя, крэмаватыя, жаўтаватыя або ружовыя, пахучыя, сабраны на верхавінках у мяцёлкі або пучкі. Плод — ягада. Цвітуць рэдка. Размнажаюць насеннем, верхавінкавымі або сцябловымі чаранкамі. Тэхн. (лаканосныя, фарбавальныя, валакністыя), лек. і дэкар. расліны. Некаторыя дрэвападобныя віды Д., у якіх з надрэзаў кары выцякае хрывава-чырв. смаляністы сок, наз. драконавым дрэвам.

Г.​У.​Вынаеў.

Драцэна дзярэмская.

т. 6, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЖЧЫЦ (Друшчыц) Васіль Данілавіч

(8.2.1886, в. Першамайская Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 20.12.1937),

бел. гісторык. Скончыў Тартускі ун-т (1911). Выкладаў гісторыю ў Вільні, Шаўляі, Рэчыцы, Бабруйску. Удзельнічаў у працы Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Бабруйску. З 1922 выкладчык, з 1927 праф. БДУ, адначасова з 1924 правадз. член Інбелкульта, з 1927 старшыня камісіі Інбелкульта па гісторыі гарадоў. З 1933 супрацоўнік Ін-та гісторыі Бел. АН, праф. кафедры гісторыі народаў СССР Літ. ін-та імя А.​І.​Герцэна (Масква). 14.1.1937 арыштаваны, 19.12.1937 асуджаны ваен. калегіяй Вярх. суда СССР да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1958. Даследаваў гісторыю Беларусі эпохі феадалізму, у т. л. магдэбургскае права ў бел. гарадах 15—18 ст., гісторыю кнігадрукавання.

В.Д.Дружчыц.

т. 6, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РВІЧ (Ісак Аронавіч) (Адольфавіч; 1860, Мінск — 1924),

удзельнік народніцкага і с.-д. руху на Беларусі і сацыяліст. руху ў ЗША, вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1891), прафесар. Скончыў Мінскую гімназію (1877). У час вучобы ў Пецярбургскім ун-це ў 1879 арыштаваны, пасля гадавога зняволення высланы ў Мінск. Удзельнічаў у стварэнні мінскай Друкарні «Чорнага перадзелу». У 1880 зноў арыштаваны і сасланы на 4 гады ў Сібір. З 1885 у Мінску. З 1889 у ЗША. Чл. Амерыканскай сацыяліст. партыі. Выдаваў у Нью-Йорку на рус. мове газ. «Прогресс», удзельнічаў у стварэнні і рэдагаванні час. «The Class Struggle» («Класавая барацьба») і «The Revolutionary Age» («Рэвалюцыйная эпоха»). Аўтар прац па перасяленчым руху сялян у Сібір, развіцці капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі.

М.​А.​Сакалова.

т. 5, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ШЧА ((Huszcza) Ян) (24.12.1917, б. фальварак Загасцінне, Міёрскі р-н Гродзенскай вобл. — 26.6.1986),

польскі пісьменнік і перакладчык. Скончыў Віленскі ун-т (1939). Працаваў настаўнікам на Дзісеншчыне, потым у Маскве; з 1945 жыў у Польшчы. Аўтар кніг паэзіі («Балада пра падарожных», 1938; «Вершы і байкі», 1969), прозы («Мястэчка над Альшанкай», 1948; «З далёкіх дарог», 1957; «Кругі», 1964, і інш.). Складальнік анталогій «Беларускія вершы» (1971), «Анталогіі беларускай паэзіі» (1978), для якіх пераклаў на польскую мову большасць вершаў. Пераклаў творы М.​Багдановіча (у зб. «Выбраныя вершы», 1974), кнігі У.​Караткевіча «Блакіт і золата дня» (1976), Я.​Брыля «Ніжнія Байдуны» (1979). У зб. эсэ «Аповесці ў чорных рамках» (1979) апісаў сваё падарожжа па Беларусі.

Тв.:

Бел. пер. — Пан Грацыян і іншыя. Мн., 1976.

А.​Л.​Верабей.

т. 5, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЙНА́ВА, Дайнова,

гістарычная вобласць на тэр. Літвы і ПнЗ Беларусі. Ахоплівала правабярэжжа Нёмана на ПнУ ад Гродна, у ніжнім цячэнні р. Мяркіс (Варэнскі р-н Літвы) і прылеглыя часткі сучасных Гродзенскага, Шчучынскага і Воранаўскага р-наў Гродзенскай вобл., адкуль дайноўцы рассяляліся на Пд і на У. Упершыню ўпамінаецца ў 1255 у грамаце (магчыма, падробленай) вял. кн. Міндоўга крыжакам. Першапачаткова займала, напэўна, тэрыторыю аднайм. зах.-балцкага (яцвяжскага) племяннога княства, якое ў 2-й пал. 13 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ і паступова было асімілявана на Пн літоўцамі, на Пд беларусамі. Для насельніцтва Д. характэрна пахаванне нябожчыкаў у каменных курганах, пазней у каменных магілах. З 15 ст. большасць тэр. Д. займала маланаселеная Дайнаўская пушча, традыц. месца паляванняў вял. кн. літоўскіх.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСА́ЕВА (Таццяна Мікалаеўна) (н. 27.7.1951, в. Знамя Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. літ.-знавец і крытык. Канд. філал. н. (1989). Скончыла БДУ (1973). Настаўнічала. З 1977 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі. Друкуецца з 1978. Даследуе бел. прозу 1920—30-х г. (П.​Галавач, Ц.​Гартны, М.​Гарэцкі, М.​Зарэцкі, Л.​Калюга, Б.​Мікуліч, К.​Чорны і інш.), сучасны літ. працэс. Укладальнік і аўтар каментарыя да 2-га і 7-га т. Збору твораў І.​Мележа ў 10 т. (1979—85), «Летапісу жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага» ў 4-м т. Збору твораў Гарэцкага ў 4 т. (1984—86).

Тв.:

Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;

Пошукі героя: 3 вопыту бел. прозы 20-х гг. Мн., 1993.

т. 6, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВА́ЦЦАЦЬ ПЯ́ТЫ З’ЕЗД КПБ.

Адбыўся 26—28.9.1961 у Мінску. Прысутнічала 675 дэлегатаў з рашаючым і 97 з дарадчым голасам ад 240 353 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: аб праекце Праграмы КПСС (Ф.​А.​Сурганаў), аб праекце Статута КПСС (П.​М.​Машэраў); справаздачы ЦК КПЗБ (К.​Т.​Мазураў), Рэвіз. камісіі КПБ (В.​Я.​Сядых); выбары ЦК КПБ і Рэвіз. камісіі КПБ. З’езд ухваліў распрацаваныя ЦК КПСС праекты Праграмы і Статута КПСС. Выбраў ЦК КПБ у складзе 125 чл. і 57 канд. у чл., Рэвіз. камісію КПБ з 35 чл.

Літ.:

Мазураў К.Т. Справаздачны даклад Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі XXV з’езду. Мн., 1961;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 5. 1956—1965. Мн., 1986.

т. 6, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)