скручаны ў спіраль ізаляваны праваднік, прызначаны для назапашвання магн. энергіі, раздзялення ці абмежавання эл. сігналаў рознай частаты і інш.Асн. параметры: індуктыўнасць, супраціўленне страт, дыхтоўнасць, тэмпературны каэфіцыент індуктыўнасці, уласная эл. ёмістасць.
І.ш. бываюць каркасныя і бескаркасныя, з адна- ці мнагажыльнага проваду, адна- і мнагаслойныя, з асяродкамі (магнітапровадамі) з ферамагнітных матэрыялаў і без іх, з фіксаванай і пераменнай індуктыўнасцю. Выкарыстоўваюцца ў якасці элементаў фільтраў, вагальных контураў, трансфарматараў, рэле, дроселяў, магн. узмацняльнікаў і інш. Разнавіднасць — плоскія пячатныя І.ш., а таксама абмоткі эл. машын, рамачныя і ферытавыя антэны.
Індуктыўнасці шпулі: а — цыліндрычная аднаслойная; б — мнагаслойная; в — з П-падобным асяродкам; г — узорная тараідальная; д — з цыліндрычным асяродкам; 1 — абмотка; 2 — каркас; 3 — асяродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРА́ТАР,
1) у акустыцы — прыстасаванне для павелічэння інтэнсіўнасці гуку. Бываюць факусавальныя (сферычнай, цыліндрычнай ціінш. формы) і хваляводныя (напр., у выглядзе труб пераменнага сячэння з цвёрдымі сценкамі). Выкарыстоўваюцца ў хірургічных інструментах, ультрагукавых станках, для ультрагукавой зваркі і інш. 2)У тэлеграфіі — аўтаматычная (ці паўаўтаматычная) прылада, з дапамогай якой паведамленні ад многіх малазагружаных ліній сувязі канцэнтруюць на адным (або больш) тэлегр. апараце. Дае магчымасць без змяншэння колькасці ліній сувязі рабіць тэлегр. станцыі больш кампактнымі.
3) У тэлефаніі — прылада з клавішнай камутацыяй для непасрэднай сувязі з некалькімі абанентамі мясц. сувязі або абанентамі гар.тэлеф. сетак. Дае магчымасць адначасова размаўляць з некалькімі мясц. абанентамі, далучаць іх да тэлеф. станцыі і інш. Выкарыстоўваецца для аператыўнай сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАГА́НА (Caragana),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 70 відаў. Пашыраны ва Усх. Еўропе і Азіі. Растуць у стэпах, пустынях, гарах. На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН інтрадукаваны 15 відаў і форм, з іх у зялёным буд-ве выкарыстоўваюць К. дрэвападобную, або жоўтую акацыю (C. arborescens), і кустовую дзеразу, ці чылігу (C. frutex), якія маюць шмат разнавіднасцей і форм.
Лістападныя кусты або невял. дрэвы выш. ад 20 см да 5—7 м. Лісце чаргаванае, парнаперыстаскладанае. Чаранкі і прылісткі некат. відаў відазменены ў калючкі. Кветкі двухполыя, адзіночныя або ў пучках па 2—5, жоўтыя, рэдка белыя ці ружовыя. Плод — струк, пры выспяванні растрэскваецца. Лек., меданосныя, тэхн. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМІНА́РЫЯ, марская капуста (Laminaria),
род пласціністых бурых водарасцей сям. ламінарыевых. 30 відаў. Пашыраны ў халодных акіянах і морах абодвух паўшар’яў. Сустракаецца ад паверхні да глыб. 200 м. Найб. вядомыя Л.: Гур’янавай (L. gurjanovae), пальчатарассечаная (L. digitata), паўн. (L. hyperborea), цукрыстая (L. saccharina), японская (L. japonica).
Слаявіна даўж. 0,5—50 м у выглядзе пласціны суцэльнай або рассечанай, гладкай ці маршчыністай, складкаватай, з пузырамі або без іх Прымацоўваецца да субстрату дыскападобнай падэшвай ці галінастымі рызоідамі. Размнажэнне бясполае (зааспоры) і палавое (аагамія). Каштоўны аб’ект прамысл. здабычы і штучнага развядзення з харч. мэтамі. Сыравіна для атрымання лек. сродкаў і хім. рэчываў. Выкарыстоўваецца ў тэкст. і папяровай прам-сці, ідзе на корм, угнаенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ТА (ад грэч. litotes прастата),
1) мастацкі прыём прымяншэння велічыні, сілы прадмета ці з’явы, падзеі; троп, процілеглы гіпербале. Л. выяўляе адносіны аўтара да аб’екта адлюстравання, дапамагае завастрыць увагу чытача на найб. значным, характэрным. Пашырана ў фальклоры, нар. фразеалогіі (напр., «сілы, як у камара», «каласкі, як камаровыя наскі»), можа выступаць у ролі параўнання, метафары, эпітэта. У л-ры выкарыстоўваецца для ўзмацнення вобразнасці мовы:
Неўладкаваны чалавечы дом,
Жывая кропля чорнага сусвету — Зямля мая,
Зялёнае гняздо,
Адкуль вылётваюць
І птушкі, і ракеты.
(П.Панчанка. «Зялёнае гняздо»)
Выкарыстанне Л. побач з гіпербалай стварае эфект кантрастнасці, выклікае напружанасць пачуцця.
2) Характарыстыка якога-небудзь прадмета, дзеяння ці з’явы шляхам адмаўлення процілеглага; напр., «някепскі» (замест добры), «не згаджацца» (пярэчыць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́Т (франц. maquette ад італьян. macchietta накід) у архітэктуры, аб’ёмна-прасторавае адлюстраванне будынка, арх. ансамбля, горада, якія будуюцца ці праектуюцца. Выконваецца з паперы, кардону, дрэва, пластмасы, гіпсу і інш. матэрыялаў у розных маштабах. Узнаўляе арыгінал ва ўсіх дэталях (наз. мадэллю) або набліжаны да яго. Служыць для праверкі і ўдасканалення арх. кампазіцыі. М. як адзін з метадаў распрацоўкі арх. праекта вядомы са старажытнасці. На Беларусі пашыраны ў 18—19 ст. Выкарыстоўваецца пры праектаванні ці рэканструкцыі асобных жылых і грамадскіх будынкаў, забудовы вуліц, плошчаў, мікрараёнаў, генпланаў комплексаў, гарадоў. Макетны метад найб. пашыраны ў конкурсным праектаванні і ў навуч. працэсе пры падрыхтоўцы арх. кадраў. З’яўляецца таксама важным элементам экспазіцыі музеяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАПЛАЗІ́Я (ад грэч. metaplasis пераўтварэнне),
1) ператварэнне аднаго віду тканкі ў другі ў чалавека і пазваночных жывёл. Напр., пераход плазматычнага ці цыліндрычнага эпітэлію ў чалавека ў шматслойны плоскі ў бронхах, слізістай абалонцы страўніка і інш. У хвастатых земнаводных адбываецца пры рэгенерацыі хрусталіка і сятчаткі вока. Адрозніваюць М. прамую і непрамую. Пры прамой ідзе трансфармацыя тканак без размнажэння клетак; пры непрамой — разрастаюцца маладыя клеткі. Вылучаюць 2 фазы непрамой М.: размнажэнне клетак (неапластычная фаза) і дыферэнцыроўка клетак з утварэннем новай тканкі (метапластычная фаза). Ачагі М. — перадпухлінны стан арганізма.
2) М., ці метаплазіс — перыяд росквіту ў індывід. развіцці асобіны і ў гісторыі некат. груповак арганізмаў (праяўляецца ў моцнай зменлівасці і мностве асобін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАСФЕРЭ́ЛА (Mycosphaerella),
род сумчатых грыбоў сям. мікасферэлавых. Каля 1000 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных шыротах. На Беларусі некалькі дзесяткаў відаў, большасць якіх выклікаюць плямістасці раслін, асабліва лісця. Найб. вядомыя М.: кропкападобная (M. punctiformis), малінавая (M. rubi), парэчкавая (M. ribis), смуродная (M. sentina), суніцавая (M. fragariae) і інш.
Пладовыя целы (псеўдатэцыі) дыям. 0,5—0,8 мм, шарападобныя ці пляскатыя, паглыблены ў субстрат і маюць простую адтуліну (порус). Сумкі (ад 4—6 да 70—100) цыліндрычныя або булавападобныя ў псеўдатэцыях. Сумкаспоры (па 8—16) бясколерныя ці жаўтаватыя. Найб. актыўная канідыяльная стадыя (адносіцца да грыбоў родаў септорыя і цэркаспора). Сумчатая стадыя звычайна развіваецца на адмерлых і перазімавалых рэштках раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІМ (ад грэч. mimos пераймальнік, перайманне),
1) камедыйны жанр у ант.нар. т-ры; кароткія імправізаваныя сцэнкі сатыр.цібыт. зместу з выкарыстаннем мімікі, жэстаў, акрабатыкі, танца, песні, імправізаванага тэксту. Узнік у Стараж. Грэцыі ў 5 ст. да н.э., у эліністычную эпоху (4—3 ст. да н.э.) пашырыўся на Б. Усход, у 1 ст. да н.э. вядомы ў Стараж. Рыме. Першую літ. апрацоўку атрымаў у творчасці паэта Сафрона і яго сына Ксенарха, росквіту дасягнуў у творчасці Дэцыма Лаберыя і Публілія Сіра. Паўплываў на л-ру (дыялогі Платона, ідыліі Феакрыта), сярэдневяковыя фарсы і італьян. камедыю дэль артэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНАРЭ́Т (араб., літар. маяк),
вежа каля мячэці, з якой мусульман заклікаюць да малітвы (намазу). Узводзяць каля мячэці ці ўключаюць у яе кампазіцыю. Бываюць круглыя, квадратныя, шматгранныя, са спіралепадобным пандусам, з лесвіцай звонку ці ўнутры, адрозніваюцца арх. формамі і дэкорам (узорыстая муроўка, разьба, паліваная кераміка, ажурныя балконы). У 18 ст. ў еўрап. парках будавалі павільёны, якім надавалі формы М.
На Беларусі М. уключаецца ў склад драўляных мячэцей (в. Даўбучкі Смаргонскага р-на, 18 ст.; г.п. Мір Карэліцкага р-на, 18—19 ст.; г.п. Іўе Гродзенскай вобл., 19 ст.).
С.А.Сергачоў.
Мінарэт мячэці Азхар у Каіры. 8 ст.Мінарэт аль-Мальвія мячэці Мутавакіля ў г. Самара (Ірак). 846—852.Мінарэт Кутб-Мінар у Дэлі. 11 ст.