ХО́ДАСЫ,

вёска ў Мсціслаўскім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Магілёў—Мсціслаў; чыг. ст. на лініі Орша—Крычаў. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 19 км на ПдЗ ад г. Мсціслаў, 84 км ад Магілёва. 2162 ж., 888 двароў (2003). Камбікормавы з-д, акц. т-вы «Райаграпрамтэхзабеспячэнне», «Райсельгасхімія», «Райпалівазбыт», сепаратарны пункт, аўтазаправачная станцыя. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі гарадзішча ранняга жал. веку і эпохі феадалізму.

т. 17, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ДЛЕР, Годлер (Hodler) Фердынанд (14.3.1853, Берн — 19.5.1918), швейцарскі жывапісец; адзін з буйнейшых мастакоў стылю мадэрн. Вучыўся ў Б.​Мена ў Жэневе (1871—76). У творчасці схіляўся да нац.-рамант. ідэі, філас. сімвалізму. Лепшыя творы (кампазіцыі на тэмы нац. гісторыі і фальклору, партрэты, пейзажы і інш.) адметныя манументальнасцю, напружанасцю дынамічнай кампазіцыі, вастрынёй лінейных рытмаў, лаканізмам: «Ноч» (1890), «Дзень» (1900), «Дрывасек» (1910), «Жэнеўскае возера», фрэска «Выступленне іенскіх студэнтаў у 1813» у Іенскім ун-це (1908).

Літ.:

Варшавский Л.Р. Ф.​Ходлер. М., 1980.

Ф.Ходлер. Дзень. 1900.

т. 17, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХОМСК,

вёска ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл., каля аднайм. вадасховішча, на аўтадарозе Драгічын—Белаазёрск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на Пн ад горада і чыг. ст. Драгічын, 128 км ад Брэста. 1155 ж., 394 двары (2003). Прадпрыемствы па разліве мінер. вады «Фрост» і перапрацоўцы бульбы (чыпсы). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Магілы ахвяр фашызму і камандзіра партыз. атрада Я.​Г.​Макарэвіча. Свята-Пакроўская царква (1990). У Х. ў 1798—1838 дзейнічала Хомская суконная фабрыка.

т. 17, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛЬНАЯ РА́ДА (ЦБШР),

бел. культурна-асветная арг-цыя ў 1919—20. Засн. ва ўмовах польскай акупацыі на базе Беларускай школьнай рады Меншчыны, а таксама рад Віленшчыны і Гродзеншчыны. Старшыня С.​Рак-Міхайлоўскі, нам. В.​Іваноўскі, А.​Смоліч, чл. прэзідыума Л.​Дзекуць-Малей, Я.​Станкевіч (кіраўнік школьнага выд-ва), сакратар У.​Чайка. Арганізоўвала бел. навуч. ўстановы і кіравала імі, стварала мясц. бел. школьныя рады, культ.-асв. гурткі і б-кі, выдавала падручнікі і навуч. дапаможнікі, распаўсюджвала бел. газеты і часопісы.

т. 17, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫНО́ВІЧ Адам Гіляры Калікставіч [25.1.1869, б. фальварак Кавалі (Кавалькі), Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 4.2 (паводле інш. звестак 26 ці 29.1.1894), бел. паэт-дэмакрат, фалькларыст. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це (1887—93). Член, кіраўнік створанага ў 1889 нелегальнага «Гуртка моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай», які аб’ядноўваў студэнтаў шэрагу пецярбургскіх ВНУ і быў звязаны з Г.​В.​Пляханавым. У 1893 арыштаваны і зняволены, відаць, у Петрапаўлаўскую крэпасць. З-за хваробы адпраўлены пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль (Смаргонскі р-н), дзе і памёр ад чорнай воспы. На фарміраванне светапогляду Гурыновіча аказалі ўплыў распаўсюджанне марксізму ў Расіі, ідэі шляхецкіх рэвалюцыянераў і рэв. народніцтва 1880-х г., у т. л. бел. групы «Гоман». Пісаў на бел., рус. і польск. мовах. У паэзіі быў паслядоўнікам Ф.​Багушэвіча (праграмны верш «Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею...»), выступаў з пазіцый рэалізму і народнасці, супраць сац., нац. і рэліг. ўціску, заклікаў да сац. барацьбы, да духоўнага абнаўлення (вершы «Перш душылі паны...», «Што ты спіш, мужычок...»). Пісаў у жанры пейзажнай («Бор», «Вясна») і элегічнай («Сцямнела на дворы і ціха кругом») лірыкі. Адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай паэзіі («Каток», «Рыбак»). На бел. мову пераклаў асобныя творы А.​Пушкіна, І.​Крылова, М.​Някрасава, А.​К.​Талстога, А.​Міцкевіча, Э.​Ажэшкі, Я.​Каспровіча, І.​Франко. У Свянцянскім пав. зрабіў шмат запісаў бел. фальклору («Зборнік беларускіх твораў...», 1893). Упершыню яго творы апубл. (з уступным артыкулам Б.​Тарашкевіча) у газ. «Беларускі звон» (1921). Частка рукапісаў спадчыны Гурыновіча зберагаецца ў БДАМ ЛІМ і Цэнтр. б-цы АН Літвы.

Тв.:

У кн.: Беларускія пісьменнікі другой паловы XIX ст., Мн., 1956;

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Гульман Р.І. Новыя архіўныя матэрыялы пра Адама Гурыновіча // Беларуская літаратура: Даслед. і публ. Мн., 1958. [Вып.] 1;

Шутовіч І. Адам Гурыновіч // Полымя. 1966. № 11;

Саламевіч Я. Адам Гурыновіч — фалькларыст // Тамсама. 1969. № 1;

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;

Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст., Мн., 1977;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Мальдзіс А. Невядомыя здымкі Адама Гурыновіча // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1983. № 4.

Р.​М.​Семашкевіч.

Адам Гурыновіч.

т. 5, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЛЬЦБУРГ (Salzburg),

горад у зах. ч. Аўстрыі, у перадгор’ях Альпаў, у даліне р. Зальцах. Адм. ц. зямлі Зальцбург. 144 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., паліграф., дрэваапр., швейная, харчовая. Ун-т (з 1622). Муз. акадэмія Моцартэум (з 1841). Штогадовы муз.-тэатр. фестываль (з 1917). Цэнтр турызму і курорт міжнар. значэння.

У 1—5 ст. н.э. на месцы З. існавала стараж.-рым. калонія Ювавум. З 739 рэзідэнцыя епіскапа (засн. каля 700), з 798 — архіепіскапа, а таксама купецкае паселішча (назва З. упершыню згадваецца ў 774). Гар. правы з 1368. Месца значных выступленняў у Сял. вайну 1524—26 (гл. ў арт. М.Гайсмайр). У 1622 засн. ун-т. У 1810—15 належаў Баварыі. У 1938—45 акупіраваны ням.-фаш. войскамі.

У 1945—55 у складзе амер. зоны акупацыі Аўстрыі.

Сярод арх. помнікаў абацтва бенедыкцінцаў (засн. каля 690): касцёл св. Пятра (12—13 ст.); комплекс раманскіх і гатычных кляштарных будынкаў (12—14 ст., у т. л. б-ка з багатымі зборамі, скарбніца, капітуляр); могільнік з катакомбамі (3 ст.) і комплексам капліц, у т. л. познагатычная капліца св. Маргарыты (1485—91); сабор (асвячоны ў 774, перабудаваны ў 1611—28 у стылі барока, арх. С.​Салары), абкружаны ансамблем з трох плошчаў з рэзідэнцыяй архіепіскапа (засн. каля 1120, перабудоўвалася ў 16—18 ст.); абацтва бенедыкцінак Нонберг: рамана-гатычны касцёл (11—12, 15 ст.) з раманскімі насценнымі размалёўкамі (сярэдзіна 12 ст.), кляштар (13—17 ст.); касцёл францысканцаў: раннегатычны неф (пач. 13 ст.), гатычны прэсбітэрый (пач. 14 ст.) са скульптурай Мадонны, познагатычная вежа (1486—94); барочныя цэрквы І.​Б.​Фішэра фон Эрлаха — Калегіяльная (1694—1707), Тройцы (1694—1702), Урсулінак (1699—1705), Шпітальная св. Іаана (1699—1704); б. стайні (1607—62) з зімовай (1662) і летняй (1693) школамі верхавой язды (у 1920—30-я г. перабудаваны ў «Дом прыроды») і будынак моцартаўскіх фестываляў «Фестшпільгаўз», арх. К.​Гольцмайстэр, Э.​Гютэр). Над старым горадам (на выш. 130 м) крэпасць Гоэнзальцбург (засн. ў 1077, перабудавана ў 1465—1519). Муз. акадэмія «Моцартэум» (1912—14, арх. Р.​Бернт). Радзіма В.​А.​Моцарта і яго дом-музей. Музей Караліны Аўгусты. Каля З. замак Гельбрун (1613—19, арх. Салары).

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Панарама Зальцбурга.

т. 6, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬ,

горад, цэнтр Лепельскага р-на Віцебскай вобл., на беразе Лепельскага воз. За 115 км на ПдЗ ад Віцебска. Канцавая станцыя чыг. Орша—Лепель, аўтадарогамі звязаны з Полацкам, Мінскам, Віцебскам, Оршай, Улай. 19,4 тыс. ж. (1998).

Паводле пісьмовых крыніц, вядомы з 1439 як вёска і маёнтак Стары Л. на востраве Лепельскага воз. У 1558—83 тут пабудаваны Лепельскі замак, побач з ім на востраве ў 1563 засн. «места Лепель». У 1580 «места» мела 300 дамоў, якія размяшчаліся на востраве і на зах. беразе возера (цяпер в. Стары Лепель). У 1586 Л.​Сапега засн. за 3 км ад «места» ў в. Белае мястэчка Белы Л., або Новы Л. (пазней Л.), куды быў перанесены гандл. цэнтр, пабудаваны замак, царква і касцёл. Належаў Сапегам. У 1772—76 Л. адм. цэнтр Полацкага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Л. у Рас. імперыі: у 1793—96 цэнтр Лепельскага павета Полацкай, з 1802 — Віцебскай губ. 5.4.1805 мястэчку Л. нададзены статус пав. горада, ён быў узяты ў казну, а жыхары пераведзены ў саслоўе мяшчан. 3.7.1812 горад захапілі франц. войскі, спалілі. У 1833 горад моцна пацярпеў ад пажару. 9.9.1852 Л. атрымаў герб «Пагоня» — у чырв. полі сярэбраны коннік. У 1864 у Л. больш за 2 тыс. ж.; 3 царквы, касцёл, капліца, 4 сінагогі, 38 мураваных і 562 драўляныя дамы, гарбарны і піваварны з-ды, 2 цагельні. У 1893 засн. метэастанцыя, у 1902 — настаўніцкая б-ка. У 1897 у Л. 6284 ж. З 1924 цэнтр Лепельскага раёна, у 1935—38 — Лепельскай акругі. З 3.7.1941 да 26.8.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. больш за 1 тыс. чал. Дзейнічалі Лепельскае патрыятычнае падполле, падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. У кастр. 1943 партызаны злучэння Віцебскай вобл. правялі Лепельскую аперацыю 1943. Горад вызвалены войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1959 у Л. 9,7, у 1970—13,1 тыс. ж.

Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай, харчовай (Лепельскі малочна-кансервавы камбінат) прамысловасці. У горадзе Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Лепельскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, чырвонаармейцаў. Помнікі: Вызвалення, сав. воінам, партызанам і падпольшчыкам. Помнік архітэктуры — касцёл св. Казіміра (2-я пал. 19 ст.).

І.​Ю.​Януш (гісторыя).

Герб Лепеля. 1852.
Лепель. Плошча Свабоды.

т. 9, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАНСІ́ (Nancy),

горад на ПнУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Мёрт і Мазель. Каля 110 тыс. ж., з прыгарадамі каля 300 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Мёрт і канале Марна—Рэйн. Эканам. цэнтр Латарынгскага індустр. раёна. Прам-сць: эл.-тэхн. і трансп. машынабудаванне, вытв-сць маст. вырабаў са шкла і фаянсу, абутковая, швейная, харчовая. 2 ун-ты.

Вядомы з 10 ст., у 11 ст. тут пабудаваны замак. У 1-й пал. 12 ст. горад стаў рэзідэнцыяй латарынгскіх герцагаў. У 1477 каля Н. адбылася бітва паміж войскамі герцага Рэнэ II Латарынгскага і бургундскага герцага Карла Смелага. У 16—18 ст. горад шмат разоў захоплівалі франц. войскі У 1736—66 у Н. знаходзілася рэзідэнцыя б. караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У 1766 канчаткова далучаны да Францыі.

Стары горад з нерэгулярнай планіроўкай размешчаны каля падножжа часткова захаванай цытадэлі. На Пд ад яго — Новы горад, забудаваны паводле рэгулярнага плана ў 17—18 ст. Абодва абнесены кальцом умацаванняў (захаваліся часткова, у т. л. гар. вароты Краф з 2 вежамі, каля 1360). Ансамбль цэнтра Н., які сфарміраваўся ў час праўлення ў Латарынгіі Станіслава Ляшчынскага, з’яўляецца прыкладам франц. горадабудаўніцтва эпохі барока (1751—66, арх. Э.​Эрэ дэ Карні). У яго ўваходзяць: плошчы Станіслава I (б. Каралеўская, 1751—55, арх. Эрэ дэ Карні) з ратушай (пач. 18 ст., арх. Ж.​Ламур), фантанам (арх. Б.​Гібаль) і статуяй Станіслава I (1831), Альянс (1756) з фантанам у стылі ракако (арх. Р.​А.​Сіфле), Кар’ер з трыумфальнай аркай (1757, арх. Ламур) і Палацам урада (1715, арх. Ж.​Бафран, усе ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Герцагскі палац (16 ст., цяпер музей). У Новым горадзе — сабор Сен-Жульен (1703—42, арх. Ж.​Бето, Ж.​Ардоуэн-Мансар, Бафран), касцёл Нотр-Дам-дэ-Бон-Секур (1738—41, Эрэ дэ Карні; пахавальні Станіслава Ляшчынскага і яго жонкі). Сярод інш. збудаванняў жылыя дамы 18 і пач. 20 ст. (стыль мадэрн; яго цэнтрам у Францыі быў Н.), атэль Матыньён (18 ст.), будынак т-ра (1755, арх. Эрэ дэ Карні), парк Пепіньер (1767, помнік К.​Ларэну, скульпт. А.​Радэн), ун-т (пач. 1960-х г., арх. П.​Нане), вышынны будынак канторы «Жофр» (1962, арх. А.​Пруве). У Н. музеі прыгожых мастацтваў, школы Нансі, гісторыі герцагства Латарынгскага і інш.

Плошча Станіслава I у Нансі. 1751—55.

т. 11, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ПРАЛЕТА́РСНХ ПІСЬМЕ́ННІКАЎ (РАПП),

літаратурная арганізацыя, якая існавала ў 1925—32. Аформілася на 1-й Усесаюзнай канферэнцыі пралет. пісьменнікаў, уваходзіла ва Усесаюзную асацыяцыю пралет. пісьменнікаў (ВАПП), створаную ў 1924 на базе Маскоўскай асацыяцыі пралет. пісьменнікаў (МАПП). Тэарэт. органам МАПП быў час. «На посту» (1923—25). Па яго назве кіраўнікі РАПП тагачасны літ. кірунак характарызавалі як напостаўскі. У сваёй дзейнасці напостаўцы дапусцілі шмат сур’ёзных памылак: камчванства, сектанцкія настроі, нігілістычныя адносіны да класічнай спадчыны, пагарда да пісьменнікаў, якія паходзілі з інтэлігенцыі, прэтэнзіі выступаць у л-ры ад імя партыі. Гэта было асуджана ў рэзалюцыі ЦК РКП(б) ад 18.6.1925 «Аб палітыцы партыі ў галіне мастацкай літаратуры».

У лют. 1926 у РАПП адбыўся раскол. Частка яго кіруючых дзеячаў (С.​Родаў, Г.​Лялевіч, І.​Вардзін, А.​Безыменскі) засталася на ранейшых пазіцыях, а большасць (Л.​Авербах, Ю.​Лібядзінскі, Дз.​Фурманаў, У.​Кіршон) прыняла рэзалюцыю ЦК РКП(б) як праграмны дакумент. Праз пэўны час у апошнюю групу ўліліся А.​Фадзееў, У.​Ярмілаў, А.​Селіваноўскі і інш. Тэарэт. органам РАПП стаў час. «На литературном посту» (1926—32).

У літ. дыскусіях канца 1920-х г. з групай «Перавал», са школай В.Пераверзева і інш. рапаўская крытыка выступала супраць прыніжэння ролі светапогляду ў маст. працэсе, аднак пры гэтым наклейвала паліт. ярлыкі, з вульгарызатарскіх пазіцый ацэньвала творчасць М.​Горкага, У.​Маякоўскага, А.​Талстога, М.​Шолахава і інш.

На 1-м Усесаюзным з’ездзе пралет. пісьменнікаў (крас. — май 1928) структура ВААПП рэарганізавана. Замест Усесаюзнай асацыяцыі створана Усесаюзнае аб’яднанне асацыяцый пралет. пісьменнікаў (ВААПП), што спрыяла пэўнаму павароту РАПП да масавага літ. руху. РАПП перагледзела некат. ранейшыя ўстаноўкі, але новай канструктыўнай праграмы не выпрацавала. Па-ранейшаму кіруючыя вярхі РАПП і іх паслядоўнікі ў асацыяцыях нац. рэспублік, у т. л. ў Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў, беспадстаўна прэтэндавалі на вядучае становішча ў л-ры, выхаваўчую работу падмянялі голым адміністраваннем, тактыкай літ. каманды. Яны насаджалі дагматызм, стваралі атмасферу падазронасці, недаверу, распальвалі варожасць паміж пісьменнікамі пралет. і непралет. паходжання, абвяшчалі паліт. лозунгі, якія дэзарыентавалі пісьменнікаў (лозунгі «адзям’яньвання», «арабочвання»). Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦК ВКП(б) «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» (23.4.1932).

Літ.:

Шешуков С. Неистовые ревнители: Из истории лит. борьбы 20-х гг. М., 1970.

М.​І.​Мушынскі.

т. 13, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКІ МАЛЫ́ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА імя М.​П.​Мусаргскага.

Адкрыты ў 1918 у будынку б. Міхайлаўскага т-ра (1833, арх. А.​Брулоў). З 1919 Дзярж. акад. т-р камічнай оперы, з 1921 — Малы петраградскі дзярж. акад. т-р, з 1926 — Дзярж. акад. Малы оперны т-р, з 1964 — Ленінградскі Малы т-р оперы і балета, з 1989 імя Мусаргскага, з 1992 сучасная назва. Напачатку ставіліся камед. спектаклі, аперэты, аднаактовыя оперы: «Птушкі пеўчыя» Ж.​Афенбаха (1918), «Цар-цясляр» А.​Лорцынга (1919), «Верцер» Ж.​Маснэ (1920), «Скупы рыцар» С.​Рахманінава, «Цыганскі барон» І.​Штрауса(1922) і інш. Пазней пастаўлены оперы «Нос» (1930) і «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» (1934) Дз.​Шастаковіча; «Ціхі Дон» (1935) і «Узнятая цаліна» (1937) І.​Дзяржынскага. З 1933 працуе і балетная трупа. Пастаўлены балеты «Светлы ручай» Шастаковіча (1935), «Каўказскі нявольнік» Б.​Асаф’ева (1938) і інш. З 1941 т-р знаходзіўся ў г. Арэнбург, дзе ў 1943 пастаўлены оперы «Кроў народа» Дзяржынскага і «Мацней за смерць» В.​Валошынава. З 1944 у Ленінградзе, працягваў прапагандаваць сучасныя творы і набыў вядомасць як т-р-эксперыментатар. Сярод пастановак: оперы «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева (1946), «Маладая гвардыя» Ю.​Мейтуса (1950), «Вірынея» С.​Сланімскага (1967), «Не толькі каханне» Р.​Шчадрына (1973) і інш. З 1981 т-р узначаліў С.​Гаўдасінскі, які лічыў гал. задачай адраджэнне ў т-ры рус. класікі. У рэпертуары гэтага часу — «Барыс Гадуноў» і «Хаваншчына» Мусаргскага, «Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага, «Залаты пеўнік» і «Казка пра цара Салтана» М.​Рымскага-Корсакава, «Марыя Сцюарт» Сланімскага, «Пётр I» Ц.​Хрэннікава; балеты «Макбет», «Баядэрка» Ш.​Калаша і інш. Уклад у развіццё т-ра ўнеслі дырыжоры С.​Самасуд, Б.​Хайкін, А.​Дзмітрыеў, Ю.​Багданаў, П.​Бубельнікаў, А.​Аніханаў, А.​Кукушкін, А.​Сітнікаў; рэжысёры М.​Смоліч, Э.​Пасынкаў, У.​Лук’янаў; балетмайстры Ф.​Лапухоў, Л.​Лаўроўскі, П.​Гусеў, І.​Бельскі, А.​Вінаградаў, М.​Баярчыкаў; хормайстары М.​Траўкін, А.​Чарноў; салісты оперы С.​Балашоў, А.​Галавін, К.​Камісарава, А.​Мадэстаў, А.​Алмазаў, Т.​Багданаў, А.​Ступальскі, С.​Шапашнікаў і інш.; балета В.​Зімін, Ю Літвіненка, Л.​Сафронава, В.​Станкевіч і інш. Салісты 1999—2001 Н.​Бірукова, Н.​Уласава, М.​Трагубовіч, С.​Акопаў, А.​Барысевіч, С.​Бурэеў, С.​Дрэйт, М.​Казанцаў, А.​Пятроў і інш.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 14, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)