ШРО́ДЫНГЕР (Schördinger) Эрвін (12.8.1887, Вена — 4.1.1961),

аўстрыйскі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі. Замежны ганаровы чл. АН СССР (1934). Скончыў Венскі ун-т (1910). У 1920—38 працаваў у розных ун-тах Еўропы. З 1941 дырэктар Ін-та вышэйшых даследаванняў у Дубліне, з 1956 праф. Венскага ун-та. Навук. працы па квантавай механіцы, матэм. фізіцы, тэорыі адноснасці, атамнай фізіцы і біяфізіцы. Распрацаваў хвалевую механіку, сфармуляваў яе асн. ўраўненне (гл. Шродынгера ўраўненне), увёў паняцце хвалевай функцыі. Даказаў эквівалентнасць хвалевай механікі і матрычнай квантавай механікі В.К.Гайзенберга. Нобелеўская прэмія 1933 (з П.А.М.Дзіракам).

Тв.:

Рус. пер. — Новые пути в физике: Статьи и речи. М., 1971;

Что такое жизнь. 2 изд. М., 1972;

Избранные труды по квантовой механике. М., 1976.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 401—403;

Клайн Б.В. поисках: Физики и квантовая теория: Пер. с англ. М., 1971. С. 192—216.

А.​І.​Болсун.

Э.Шродынгер.

т. 17, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТА́ЙНА—ГА́РДЭНБЕРГА РЭФО́РМЫ,

буржуазныя пераўтварэнні ў 1807—14 у Прусіі, здзейсненыя ўрадамі Г.Ф.К.Штайна і К.А.Гардэнберга. У 1807—11 скасавана асабістая залежнасць сялян ад землеўладальнікаў пры захаванні феад. павіннасцей за карыстанне зямлёй; дазволены продаж зямлі ўласнікамі, што дало магчымасць купляць яе замежным сялянам і гараджанам; уведзены выкуп сялянамі іх павіннасцей пры ўмове ўступкі землеўладальніку ад трэці да паловы замацаванага за селянінам зямельнага ўчастка або выплаты 25-кратнага памеру гадавых плацяжоў за яго. Гэтыя рэформы спрыялі развіццю рыначных адносін (капіталізму) у сельскай гаспадарцы пры захаванні буйнога дваранскага (юнкерскага) землеўладання і інш. феад. перажыткаў. У 1808 уведзена абмежаванае самакіраванне ў гарадах, створаны мін-вы ваен., унутр., замежных спраў, юстыцыі і фінансаў; у кожнай правінцыі ўведзена пасада обер-прэзідэнта — вышэйшага кіраўніка, што ўзмацніла бюракратычную цэнтралізацыю краіны. У 1810—11 уведзена свабода вытв. дзейнасці, якую раней стрымлівала цэхавая сістэма. Паводле ваен. рэформы 1807—14 скасаваны прывілеі дваранства на заняцце афіцэрскіх пасад, рэзка абмежаваны цялесныя пакаранні салдат, уведзена ўсеагульная воінская павіннасць (1814), створана нац. міліцыя — ландвер.

т. 17, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТРАЎХ Максім Максімавіч (23.2.1900, Масква — 3.1.1974),

расійскі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. СССР (1965). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1921. З 1929 працаваў у Т-ры імя У.​Меерхольда, у 1932—50 і з 1959 у Маскоўскім т-ры імя У.​Маякоўскага, у 1950—57 у Малым т-ры СССР. Сярод найб. значных роляў: Пабеданосікаў, Прысыпкін («Лазня», «Клоп» Маякоўскага), Кіруючая асоба («Мой сябар» М.​Пагодзіна), Рубінчык («Вуліца радасці» Н.​Зархі) і інш. Яго творчасці ўласцівы тонкі псіхалагізм, майстэрства вострай сцэн. формы, схільнасць да эксцэнтрыкі і публіцыстычнага гратэску. Паставіў спектаклі: «Лесвіца славы» Э.​Скрыба (1936), «Апошнія» М.​Горкага (1937), «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта (1960) і інш. Здымаўся ў кіно: «Чалавек з ружжом» (1938), «Змова асуджаных» (1950), «Забойства на вуліцы Дантэ» (1956), «Апавяданні пра Леніна» (1958; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах 1959) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951, Ленінская прэмія 1959.

Літ.:

Туровская М., Медведев Б. М.​М.​Штраух. М., 1952;

Шахов Г. М.​М.​Штраух. М., 1964.

т. 17, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНО́МІЯ (ад грэч. oikonomia загадванне гаспадаркай), сталовы маёнтак,

від дзярж. зямельнага ўладання ў ВКЛ для задавальнення патрэб двара манарха і прыдворнага скарбу. Вылучаны з каралеўскіх уладанняў на падставе соймавай канстытуцыі 1589 «Ардынацыя аб каралеўскіх прыбытках Вялікага княства Літоўскага». На Беларусі з 16 ст. існавалі Берасцейская эканомія, Гродзенская эканомія, Кобрынская эканомія, Магілёўская Э. (гл. ў арт. Магілёўская воласць), у 18 ст. — таксама Віцебская, Пінская і Слонімская Э.; у Літве — Аліцкая і Шавельская Э. Мелі ўласную гасп. адміністрацыю, падзяляліся на губерні, войтаўствы, ключы, лясніцтвы. Кіраваліся надворным (гаспадарскім) падскарбіем ВКЛ, які са згоды сойма мог здаваць частку Э. або яе даходы (з мыта, прапінацыі, пошты і г.д.) у заставу або пажыццёвае трыманне аселай шляхце. Для кантролю за станам Э. праводзіліся люстрацыі, у час якіх складаліся інвентары. Для павелічэння сваіх прыбыткаў каралеўскі двор імкнуўся ператвараць у Э. і інш. дзярж. ўладанні, што неаднойчы забараняў сойм. Пасля далучэння ВКЛ да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. Э. перайшлі ў царскую казну, некаторыя падараваны прыватным асобам.

т. 18, кн. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАВА́КУУМНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады, прынцып дзеяння якіх грунтуецца на эл. з’явах, што адбываюцца ў вакууме ці ў асяроддзі разрэджаных інертных газаў. Уяўляюць сабой герметычныя шкляныя, метал., керамічныя ці інш. балоны, унутры якіх створаны вакуум або знаходзяцца разрэджаныя інертныя газы (аргон, неон і інш.). Адрозніваюць газаразрадныя прылады, электронныя і безразрадныя Э.п.

У электронных Э.п. свабодныя электроны ўтвараюцца за кошт электроннай эмісіі і абумоўліваюць праходжанне току ад катода да анода. Да іх адносяць электронныя лямпы, электронна-прамянёвыя трубкі, некаторыя фотаэл. і рэнтгенаўскія прылады. У безразрадных Э.п. эл. ток працякае па правадніках, размешчаных у вакууме ці інертным газе. Да іх адносяцца барэтэры, лямпы напальвання, вакуумныя тэрмаэлементы і інш. Э.п. служаць для розных відаў пераўтварэнняў эл.-магн. энергіі (генерацыя, узмацненне, дэтэктыраванне і інш.), а таксама пераўтварэння яе ў інш. віды энергіі, напр., механічную і наадварот, камутацыі эл. ланцугоў вял. магутнасцей з дапамогай маламагутных кіроўных сігналаў, стабілізацыі току і напружання і інш.; выкарыстоўваюцца ў электра- і радыётэхніцы, рэнтгенаграфіі і інш.

А.​А.​Кураеў.

т. 18, кн. 1, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАСІ́НТЭЗ (ад электра... + сінтэз),

метад атрымання складаных неарганічных або арганічных злучэнняў з дапамогай электролізу. Характэрная асаблівасць Э. — шматстадыйнасць далучэння ці аддачы электронаў, звязаная з узнікненнем прамежкавых стабільных ці нестабільных прадуктаў. Кожнай стадыі Э. адпавядае пэўнае значэнне электроднага патэнцыялу.

Рэакцыі, што адбываюцца на катодзе, наз. рэакцыямі электрааднаўлення або электрахім. аднаўлення; адпаведна, рэакцыі на анодзе — рэакцыі электраакіслення або электрахім. акіслення. Прамежкавыя і канчатковыя прадукты могуць удзельнічаць у электрахім. рэакцыях на паверхні электродаў. Калі патрэбны прадукт узнікае на прамежкавай стадыі, то яго хутка выводзяць са сферы рэакцыі шляхам адгонкі, экстракцыі або звязвання ў злучэнне, якое не ўдзельнічае ў далейшых электрахім. пераўтварэннях. У прамысловасці Э. выкарыстоўваюць для атрымання надсернай (пероксадысернай) кіслаты і яе солей — персульфатаў, перманганату калію, двухвокісу марганцу, тэтраэтылсвінцу, розных арган. злучэнняў і інш.

Літ.:

Прикладная электрохимия. 3 изд. Л., 1974;

Фиошин М.Я., Павлов В.Н. Электролиз в неорганической химии. М., 1976;

Электрохимия органических соединений: Пер. с англ. М., 1976.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 18, кн. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСКІ́З (франц. esquisse) у выяўленчым мастацтве, папярэдні накід, маст. твор дапаможнага характару, які з’яўляецца падрыхтоўчым да больш значнай работы, фіксуе яе задуму і асн. кампазіцыйныя сродкі. Рабоце над буйным творам часта папярэднічае серыя Э., дзе распрацоўваюцца агульная структура, кампазіцыя і прасторавыя планы, колеравыя суадносіны і прапорцыі. На розных этапах работы над будучай кампазіцыяй Э. могуць мець розную псіхал., эмацыянальную, сюжэтную ўстаноўку, розныя суадносіны творчага ўяўлення і характару ўспрыняцця натуры, розную ступень завершанасці — ад накідаў да дакладна выкананых кампазіцый. Некат. Э. маюць самаст. маст. значэнне і гіст.-маст. каштоўнасць. У тэатральна-дэкарацыйным, кіна- і тэлемастацтве Э. — закончаная графічная ці жывапісная кампазіцыя з выявай прапанаванага мастаком-пастаноўшчыкам варыянта маст. афармлення тэатр. пастаноўкі, фільма, тэлеперадачы і інш. На аснове Э. ствараюцца дэкарацыі, касцюмы тэатральныя, лялькі да спектакляў і мультфільмаў і інш. Э. выкарыстоўваецца таксама ў афармленчым мастацтве (Э. выстаўкі ці музейнай экспазіцыі, інтэр’ера і інш.), у архітэктуры, у л-ры (вершы-замалёўкі, засн. на адной зрокава-нагляднай дэталі).

М.​А.​Міронаў.

т. 18, кн. 1, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮА́НЬ, Дай Юань (Вялікая Юань),

мангольская дынастыя, якая правіла ў Кітаі ў 13—14 ст. У гіст. л-ры існуюць розныя даты яе праўлення [1271 (1279 ці 1280) — 1368]. Заваяванне Кітая пачаў Чынгісхан. Яго пераемнік Угедэй у 1234 падпарадкаваў увесь Паўн. Кітай. У 1250-я г. Манг. імперыя распалася на самаст. дзяржавы; адной з іх стала дзяржава Хубілая (на ханскі прастол уступіў у 1260), у склад якой уваходзілі тэр. ўласна Манголіі і Паўн. Кітая. У 1271 Хубілай даў сваёй дынастыі кіт. назву Юань. У 1279 яго войскі знішчылі кіт. імперыю Паўд. Сун і завяршылі заваяванне Паўд. Кітая. Пасля яго пераемніка Тэмура [1295—1307] пачалася барацьба прэтэндэнтаў на прастол: за 1308—32 змянілася 8 імператараў. У час праўлення Тагон-Тэмура [1333—68] у Кітаі пачаліся нар. паўстанні; у выніку «Чырвоных войск» паўстання 1351—68 манголы былі выгнаны і ў 1368 засн. кіт. дынастыя Мін. Пасля звяржэння Ю. улада чынгісідаў заняпала і ў Манголіі; адзіная манг. дзяржава распалася на шэраг ханстваў.

т. 18, кн. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯВО́РСКІ Баляслаў Леапольдавіч (22.6.1877, г. Харкаў, Украіна —26.11.1942),

расійскі і ўкраінскі музыказнавец, піяніст, педагог, кампазітар. Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1903; кл. кампазіцыі С.Танеева, кл. фп. М.​Шышкіна), з 1938 яе прафесар. З 1906 выступаў як піяніст-саліст і ансамбліст. З 1916 праф. Кіеўскай кансерваторыі, адначасова з 1918 — Муз.-драм. ін-та, з 1917 дырэктар Кіеўскай нар. кансерваторыі; у 1921—31 выкладаў у 1-м Маскоўскім муз. тэхнікуме, адначасова працаваў у Наркамасвеце РСФСР. Рэфарматар рас. муз. адукацыі. Стваральнік тэорыі ладавага рытму, заклаў асновы вучэння пра інтанацыю. Абгрунтаваў і ўвёў шэраг тэрмінаў, якія зацвердзіліся ў музыказнаўстве. Сярод муз. твораў: опера «Вышка Кастрычніка» (паст. 1930), арк. п’еса «Тры расфарбоўкі» (1905), творы для фп., рамансы і інш. Сярод вучняў Р.Вяроўка, А.Свешнікаў і інш.

Тв.:

Статьи, воспоминания, переписка. М., 1972;

Избр. труды. Т. 1—2 (ч. 1). 2 изд. М., 1972—87.

Літ.:

Кузелина Л.А. Исполнительская эстетика Б.​Л.​Яворского. М., 2000.

Н.​В.​Сазановіч.

т. 18, кн. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУБО́ВІЧ Пётр Піліпавіч (псеўд. Л.Мельшын і інш.; 3.11.1860, с. Ісаева Наўгародскай вобл., Расія — 30.3.1911),

дзеяч рэв. руху ў Расіі, пісьменнік. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882). З 1878 супрацоўнік дэмакр. час. «Дело», «Слово», «Отечественные записки». З 1882 чл. «Народнай волі», з 1883 адзін з яе кіраўнікоў. У 1884 арыштаваны, у 1887 асуджаны на 18 гадоў катаргі, якую адбываў у Забайкаллі. З 1895 на пасяленні ў г. Курган, у 1899 атрымаў дазвол на вяртанне ў Еўрап. Расію. Супрацоўнічаў у час. «Русское богатство». Аўтар вершаў, у якіх працягваў традыцыі грамадз. лірыкі М.А.Някрасава, аўтабіягр. нарысаў аб Акатуйскай катарзе «У свеце адрынутых» (1895—98), апавяданняў, прац па гісторыі рус. л-ры і рэв. руху.

Тв.:

Шлиссельбургские мученики. СПб., 1906;

Н.​А.​Некрасов: Его жизнь и лит. деятельность. СПб., 1907;

Очерки русской поэзии. 2 изд. СПб., 1911;

Пасынки жизни: Рассказы. 4 изд. М., 1918;

Стихотворения. Л., 1960;

В мире отверженных. Т. 1—2. М.; Л., 1964.

т. 18, кн. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)