этычнае вучэнне, якое сцвярджае асалоду найвышэйшым шчасцем і крытэрыем паводзін чалавека. Тэарэт. геданізм з’яўляецца разнавіднасцю натуралізму ў этыцы. У стараж. Грэцыі прадстаўніком геданізму ў этыцы быў Арыстып і яго паслядоўнікі. Найб. развіцця дасягнуў у Эпікура і наблізіўся ў яго да эўдэманізму. Геданічныя матывы сталі пашыранымі ў эпоху Адраджэння, у этычных тэорыях асветнікаў. Т.Гобс, Дж.Лок, П.Гасендзі, франц. матэрыялісты 18 ст. проціпастаўлялі геданізм рэліг.-аскетычнай маралі. Пазней прынцып геданізму знайшоў адлюстраванне ў этычнай тэорыі утылітарызму. Ідэі геданізму падзялялі філосафы амер. Дж.Сантаяна, Дз.Дрэйк, аўстр. М.Шлік і інш. У рэальным жыцці геданізм можа існаваць у форме эстэцтвуючага арыстакратызму і пагоні за пачуццёвай асалодай (гл.таксамаЭпікурэізм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Г’ЕЛЕРУ́П ((Gjellerup) Карл Адольф) (2.6.1857, Рохальтэ, Данія — 13.10.1919),
дацкі пісьменнік. Пісаў на дацкай і ням. мовах. Скончыў Капенгагенскі ун-т (1878). У першых раманах «Ідэаліст» (1878) і «Вучань германцаў» (1882) створаны вобраз маладога інтэлектуала, які перажываў, як і аўтар, крызіс веры. Аўтар драмы ў вершах «Брунхільда» (1884), драм. паэмы «Тамір» (1887), трагедыі ў прозе і вершах «Хабард і Сігне» (1888), напісанай па матывах дацкага нар. падання, а таксама сучасных драм «Герман Вандэль» (1891), «Вутэрн» (1893) і інш. З 1892 пасяліўся ў Дрэздэне і пісаў на ням. мове (раманы «Пастар Морс», 1894, «Млын», 1896). У 1890-я г. захапіўся будызмам, пад уплывам якога напісаў раманы «Пілігрым Каманіта» (1906) і «Вечныя вандроўнікі» (1910). Нобелеўская прэмія 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАТАЭНЦЭФАЛІ́ЧНЫ БАР’Е́Р,
фізіялагічны механізм, які рэгулюе абмен рэчываў паміж крывёй, спіннамазгавой вадкасцю і мозгам, ахоўвае нейроны ад антыгенаў; адзін з відаў гістагематычных бар’ераў. Паняцце ўвялі сав. фізіёлаг Л.С.Штэрн і швейц. вучоны Р.Гацье (1921). Гематаэнцэфалічны бар’ер ажыццяўляе таксама ахоўныя функцыі, перашкаджае пранікненню ў ц. н. с. некат. уведзеных у кроў чужародных рэчываў або прадуктаў парушанага абмену рэчываў. Ад пранікальнасці гематаэнцыфалічнага бар’ера залежыць стан нерв. клетак галаўнога і спіннога мозга. Праз розныя ўчасткі гематаэнцыфалічнага бар’ера з крыві ў ц. н. с. пранікаюць розныя рэчывы, неабходныя для жыўлення і дзейнасці нерв. утварэнняў. Гематаэнцыфалічны бар’ер можа перашкаджаць пранікненню ў ц. н. с. ўведзеных у кроў лекаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 3.7.1931, г. Кацельнікава, Расія),
бел. спявак (драм. барытон). Брат А.М.Генералава. Скончыў Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных у Маскве (1963). З 1966 саліст Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Сярод лепшых партый у нац. операх: Андрэй («Андрэй Касценя» М.Аладава), Кізгайла («Сівая легенда» Дз.Смольскага), Варона («Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана), Дзій («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі); у класічных — князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Аманасра («Аіда» Дж.Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), а таксама Альфіо («Сельскі гонар» П.Масканьі), Томскі («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Чалхія («Міндыя» А.Тактакішвілі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ ПА ТАРЫ́ФАХ І ГА́НДЛІ,
міжурадавае пагадненне, накіраванае на зніжэнне мытных тарыфаў, адмену нетарыфных абмежаванняў і дыскрымінацыі і інш. ў міжнар. гандлі. Падпісана ў 1947 23 краінамі. Дзейнічае з 1948. Пагадненне прадугледжвае правілы, якімі павінны кіравацца краіны — члены ў гандл. узаемаадносінах; найпершы з абавязкаў краін надаваць адзін аднаму рэжым найбольшага спрыяння. Яно займаецца таксама стандартызацыяй у сусв. гандлі, мерамі супраць дэмпінгу, субсідзіраваннем экспарту. Бюджэт Пагаднення складаецца з узносаў краін-удзельніц, пасяджэнні праводзяцца двойчы на год, рашэнні прымаюцца на прынцыпе аднагалоснасці. Дзейнасць Пагаднення аказвае пэўны ўплыў на сусв. гандаль, больш за 85% якога прыпадае на краіны-ўдзельніцы. У Пагадненні на розных умовах (напр., назіральнікі) удзельнічае каля 120 краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕПА́РД (Acinonyx Jubatus),
млекакормячае сям. кашачых, атр. драпежных. Жыве ў Афрыцы, Пярэдняй, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Трапляецца ў адкрытых месцах — гліністых пустынях, травяністых саваннах. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела 123—150 см, хваста 63—75 см, выш. ў карку каля 100 см. Афарбоўка гладкай кароткай поўсці пясочна-жоўтая з раўнамерна раскіданымі дробнымі цёмнымі плямамі. Канечнасці доўгія, тонкія, кіпцюры вял., тупыя, неўцяжныя (адзінае выключэнне ў сям.). Вушы закругленыя. Корміцца пераважна капытнымі (газелі і інш. дробныя антылопы, бараны), таксама зайцамі, грызунамі і птушкамі. Даганяючы здабычу, развівае скорасць да 110 км/гадз. У Індыі і Іране гепардаў прыручалі, дрэсіравалі і выкарыстоўвалі для палявання на антылоп. Нараджае 1—4 дзіцянят. Добра размнажаецца ў няволі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЬБЕРТАВА ПРАСТО́РА,
абагульненне эўклідавай прасторы на бясконцамерны выпадак. Уведзена ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў працах Д.Гільберта як вынік абагульнення фактаў і метадаў раскладання функцый у артаганальныя шэрагі, а таксама даследаванняў інтэгральных ураўненняў. Выкарыстоўваецца ў розных раздзелах матэматыкі, тэорыі імавернасцей, тэарэт. фізікі.
Першасна гільбертава прастора — прастора бясконцых паслядоўнасцей, напр., x = (x1, x2, ..., xn, ...) са збежным шэрагам квадратаў x12 + x22 + ... + xn2 + ... . Суму двух элементаў (вектараў) паслядоўнасцей, іх скалярны здабытак і інш. вылічваюць пакаардынатна па звычайных правілах (гл.Вектарная прастора, Вектарнае злічэнне). У больш шырокім сэнсе гільбертава прастора — лінейная прастора, для якой вызначаны скалярны здабытак. У залежнасці ад вызначэння множання элементаў на сапраўдны ці камплексны лік адрозніваюць сапраўдныя і камплексныя гільбертавы прасторы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАГАНАДЫ́ЗМ (ад гіпа... + ганады),
гіпагеніталізм, паталагічны стан чалавека, які абумоўлены зніжанай сакрэцыяй палавых гармонаў і характарызуецца слабым развіццём палавых органаў і другасных палавых прыкмет. Бывае першасны (пры паталогіі палавых органаў) і другасны (у выніку пашкоджання інш. эндакрынных залоз — гіпофіза, гіпаталамуса, шчытападобнай залозы, наднырачнікаў і інш.).
Адрозніваюць розныя клінічныя формы гіпаганадызму: эмбрыянальная — праяўляецца адсутнасцю яечак, крыптархізмам або сіндромам Клайнфелтэра (калі развіваецца ў раннім эмбрыянальным перыядзе, да 20 тыдняў, прыводзіць да гермафрадытызму); дапубертатная форма суправаджаецца фарміраваннем еўнухападобных прапорцый цела і недастатковасцю або адсутнасцю другасных палавых прыкмет; постпубертатная (у дарослым узросце) характарызуецца знікненнем другасных палавых прыкмет і парушэннем палавых функцый. Гіпаганадызм можа ўзнікаць у выніку запаленчых працэсаў у яечках, таксама з прычыны гарманальнай недастатковасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТО́РЫЯ ХВАРО́БЫ,
асноўны мед. дакумент, што складаюць на кожнага хворага, які звяртаецца ў лячэбна-прафілакт. ўстанову. Уключае пашпартную частку (прозвішча, імя, імя па бацьку, узрост, сямейнае становішча, прафесію і інш.), звесткі пра хваробы (раней перанесеныя і на гэты момант), вынікі абследавання і лячэння хворага. Змены ў стане хворага і цячэнні захворвання заносяцца ў гісторыю хваробы пры кожным наведванні хворым паліклінікі, а ў стацыянары — штодзень; у выпадку смерці прыводзіцца пратакол паталаг. ўскрыцця. Пры выпісцы ці пераводзе хворага ў інш. лячэбную ўстанову, а таксама ў выпадку смерці даецца заключэнне ўрача — эпікрыз. Гісторыя хваробы забяспечвае пераемнасць для ўрачоў у ажыццяўленні лячэбна-прафілакт. мерапрыемстваў. У неабходных выпадках з’яўляецца матэрыялам для суд.-мед. следства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНІЕ́ННЕ,
разлажэнне азотзмяшчальных арган. злучэнняў (пераважна бялкоў) мікраарганізмамі; адыгрывае значную ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе. Гніенне — складаны шматступеньчаты біяхім. працэс, які залежыць ад хім. прыроды субстрату, наяўнасці кіслароду і складу мікрафлоры. На розных этапах гніення дамінуюць спецыфічныя групы мікраарганізмаў (аэробныя, факультатыўна анаэробныя, аблігатна анаэробныя бактэрыі і некат. віды грыбоў). Пры ўдзеле пратэалітычных ферментаў мікраарганізмы расшчапляюць бялкі да амінакіслот. Дэзамінаванне і дэкарбаксіліраванне амінакіслот прыводзіць да ўтварэння аміяку, серавадароду, вуглякіслага газу, арган.к-т, амінаў і інш. злучэнняў, у т. л. атрутных рэчываў (кадаверын, путрэсцін) і з непрыемным пахам (індол, скатол, меркаптаны). Гніенне адбываецца ў глебе, вадзе, у страўнікава-кішачным тракце жывёл і чалавека (прадукты гніення абясшкоджваюцца печанню і часткова выдаляюцца ныркамі). Гл.таксамаАманіфікацыя.