самае буйное машынабудаўнічае акц.т-ва Швецыі. Засн. ў 1915 як даччына фірма па зборцы аўтамабіляў швед. падшыпнікавага канцэрна СКВ. Выпускае аўтамабілі з 1927. З 1935 самастойнае. З 1979 супрацоўнічае з франц.аўтам. кампаніяй «Рэно». Адзін з найб. у свеце вытворцаў рухавікоў для суднаў, у Зах. Еўропе — грузавых аўтамабіляў вял. грузападымальнасці, аўтобусных шасі і буд. машын. Выпускае (1992) 304 000 легкавых і 46 500 грузавых аўтамабіляў, 5700 аўтобусаў (уключаючы шасі). Вырабляе таксамаавіяц. маторы, абсталяванне для суднаў і сувязі, харч., харчасмакавую і біятэхнал. прадукцыю. Гал. цэнтры вытв-сці: Гётэбарг, Удэвала і Кальмар у Швецыі, Гент у Бельгіі, Борн (прав. Лімбург) у Нідэрландах, Галіфакс у Канадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫГО́ЦКІ (Леў Сямёнавіч) (17.11.1896, г. Орша Віцебскай вобл. — 11.6.1934),
псіхолаг. Скончыў Маскоўскі ун-т (1917). У 1919—23 жыў і працаваў у Беларусі. З 1924 у Маскоўскім ін-це эксперым. псіхалогіі, потым у заснаваным ім Ін-це дэфекталогіі. Даследаваў грамадскую, дзіцячую, пед. і клінічную псіхалогію. Крытычна прааналізаваў тагачасныя філас. і псіхал. канцэпцыі («Сэнс псіхалагічнага крызісу», рукапіс, 1926). У кн. «Гісторыя развіцця вышэйшых псіхічных функцый» (1930—31, апубл. 1960) выклаў культ.-гіст. тэорыю развіцця псіхікі. Вывучаў таксама структуру свядомасці («Мысленне і мова», 1934), якую лічыў дынамічнай сэнсавай сістэмай, што знаходзіцца ў адзінстве афектыўных, валявых і інтэлектуальных працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМАГА́ННЕў крымінальным праве,
наўмыснае злачынства, якое заключаецца ў патрабаванні перадачы маёмасці або права на яе ці выкананне якіх-небудзь дзеянняў маёмаснага характару пад пагрозай насілля над пацярпелым ці яго блізкімі, распаўсюджвання паклёпніцкіх або абвяшчэння пра яго ці яго блізкіх інш. звестак, якія гэтыя асобы жадаюць захаваць у тайне, або пашкоджання ці знішчэння іх асабістай маёмасці або чужой маёмасці, якая знаходзіцца ў іх распараджэнні ці пад аховай. У Рэспубліцы Беларусь за вымаганне прадугледжана крымін. адказнасць. Яна значна ўзмацняецца за паўторнае вымаганне, за ўчыненне вымагання групай, рэцыдывістам, з выкарыстаннем небяспечнага для жыцця і здароўя насілля або насілля, якое прывяло да буйных страт ці інш. цяжкіх вынікаў. Гл.таксамаРэкет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЯЎЛЕ́НЧЫЯ МАСТА́ЦТВЫ,
раздзел пластычных мастацтваў; аб’ядноўваюць жывапіс, скульптуру, графіку, фотамастацтва. Адлюстроўваюць рэчаіснасць у наглядных вобразах, што ўспрымаюцца зрокам. Структурная ідэнтычнасць, падабенства прадмета і яго вобраза, матэрыялізаванага ў маст. творы на палатне, кардоне або дошцы, на аркушы паперы, у камені ці метале, насценных размалёўках (манум.-дэкар. жывапіс), з’яўляецца адной з характэрных умоў рэаліст. ўзнаўлення прадметнага свету. Выяўленчыя мастацтвы маюць неабмежаваныя магчымасці глыбокага і праўдзівага адлюстравання дынамікі самых розных працэсаў грамадскага жыцця, выяўлення эстэт. сутнасці прыроднай і сац. рэчаіснасці, духоўнага свету чалавека; часам таксама могуць увасабляць вобразы, якія не існуюць у рэальнасці і створаны фантазіяй чалавека. Выяўленчае мастацтва з’яўляецца фактарам фарміравання грамадскага ўсведамлення (гл.Мастацтва); адной з формаў пазнання свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗААЧЫ́СТКА,
ачыстка прамысл. і прыродных газаў ад цвёрдых, вадкіх і газападобных прымесей. Робіцца мех., эл. і фіз.-хім. спосабамі.
Цвёрдыя і вадкія прымесі выдаляюць асаджэннем (у пылавых камерах, цыклонах), прамываннем вадой (у скруберах), фільтраваннем (праз порыстыя матэрыялы — фільтры з тканін, паперы і інш.), іанізацыяй (асаджэннем цвёрдых часцінак у эл. полі высокага напружання); газападобныя — абсорбцыяй (прамыўкай растваральнікамі ў апаратах тыпу скрубера), адсорбцыяй (з дапамогай порыстых матэрыялаў, напр., актываванага вугалю), хемасорбцыяй (паглынаннем вадкасцю або цвёрдым целам з утварэннем хім. злучэнняў), ахаладжэннем і сцісканнем (прымесі ператвараюцца ў вадкасць), акустычным спосабам, заснаваным на здольнасці цвёрдых часцінак каагуляваць пад дзеяннем гукавых ваганняў. На промыслах выкарыстоўваюць устаноўкі комплекснай падрыхтоўкі газу да транспартавання. Гл.таксамаАчыстка паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАНАПАЎНЯ́ЛЬНАЯ СТА́НЦЫЯ (ГНС),
прызначана для прыёму, захоўвання і пастаўкі спажыўцам звадкаванага газу (ЗГ). Газ захоўваецца ў наземных, падземных і ізатэрмічных рэзервуарах, балонах. Яго разліваюць у балоны і аўтацыстэрны і дастаўляюць спажыўцам, часам запраўляюць аўтамабілі, якія працуюць на ЗГ.
На ГНС робяцца таксама рэгазіфікацыя газу, змешванне пары ЗГ з паветрам або нізкакаларыйнымі газамі і падача сумесі ў гар. размеркавальныя сістэмы. ГНС мае зліўную эстакаду (ад чыг. веткі), базу захоўвання ЗГ (агульная ўмяшчальнасць рэзервуараў да 8000 м³), помпава-кампрэсарны цэх для зліву газу з чыг. цыстэрнаў і падачы яго ў цэх для разліву, камунікацыі вадкай і паравой фаз і інш. ГНС будуюць за межамі горада з падветранага боку пануючых вятроў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНА́ДЫ (ад грэч. gonaō нараджаю),
палавыя залозы, органы палавой сістэмы жывёл і чалавека, якія ўтвараюць палавыя клеткі і палавыя гармоны. У гермафрадытных арганізмаў мужчынскія (семяннікі) і жаночыя (яечнікі) ганады знаходзяцца ў адной асобіне, а ў гермафрадытных бруханогіх малюскаў ганады функцыянуюць спачатку як мужчынскія, а потым як жаночыя. У эмбрыягенезе пазваночных ганады закладваюцца ў выглядзе эпітэліяльнага ганаднага валіка з удзелам мезенхімы і канальцаў першаснай ныркі (мезанефрасу). У валік са сценкі жаўточнага мяшка мігрыруюць першасныя палавыя клеткі. Пасля агульнай стадыі першаснага іх размнажэння адбываецца палавая дыферэнцыяцыя (у жаночую або мужчынскую). Працэсы фарміравання і функцыі ганадаў рэгулююцца нерв. сістэмай, гармонамі ганадаў, а таксама ганадатропнымі гармонамі гіпофіза і эпіфіза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НКІН (Евель Мордухавіч) (26.10.1922, в. Шчадрын Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 2.5.1996),
бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1968). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1943). З 1946 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Лепшыя работы адметныя кампазіцыйнай завершанасцю, трапнай характарыстыкай вобразаў. Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Паўлінка» (1952), «Пяюць жаваранкі» (1953), «Хто смяецца апошнім» (1954, з А.Грыгар’янцам), «Нашы суседзі» (1957), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1958), «Апошні хлеб» (1963), «Крыніцы» (1965), «Я родам з дзяцінства» (1967), «Вайна пад стрэхамі» (1971), «Заўтра будзе позна» (СССР — Чэхаславакія, 1973), «Хлеб пахне порахам» (1974), тэлефільмаў «Кафедра» (1982), «Яго батальён» (1988), «Пайсці і не вярнуцца» (1989). Працаваў таксама ў галіне станковай і кніжнай графікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСЕ́НДЗІ ((Gassendi) П’ер) (22.1.1592, Шантэрсье, каля г. Дзінь, Францыя — 24.10.1655),
французскі філосаф. Займаўся таксамаастр. і матэм. даследаваннямі. Святар, праф. тэалогіі ў Дзіне (з 1613), філасофіі ў каледжы Экс-ан-Праванса (1616—23), матэматыкі ў Каралеўскім каледжы ў Парыжы (з 1645). Крытыкаваў схаластычны псеўдаарыстацелізм і вучэнне Р.Дэкарта аб прыроджаных ідэях. Адрадзіў атамістычныя ўяўленні, адстойваў ідэю матэрыяльнага адзінства свету і прынцыпы матэрыяльнага сенсуалізму ў гнасеалогіі. Лічыў, што творцам атамаў з’яўляецца Бог, а ісціна дасягаецца не толькі шляхам доказаў, заснаваных на вопыце і розуме, але і праз адкрыццё, заснаванае на боскім аўтарытэце. Этычныя погляды Гасендзі скіраваны супраць аскетычнай царк. маралі і ў многім развіваюць традыцыю Эпікура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ ТРА́НСПАРТУ,
навука, якая вывучае тэр. структуру транспарту, заканамернасці і спецыфічныя асаблівасці яго размяшчэння, ступень трансп. забяспечанасці тэрыторый. Падзяляецца на агульную, галіновую і рэгіянальную геаграфію транспарту. Агульная даследуе гіст. заканамернасці развіцця трансп. сістэм краін і раёнаў, уплыў на транспарт прыродных умоў (рэльеф, клімат, гідраграфія і інш.) і ландшафтных комплексаў, месца транспарту ў эканоміцы, трансп.-эканам. сувязі і грузапатокі, трансп. пункты і вузлы, геагр. праблемы пасаж. транспарту. Галіновая выяўляе спецыфіку тэр. арганізацыі кожнага віду транспарту (аўтамаб., чыг., рачнога, марскога, авіяц., трубаправоднага і інш.). Рэгіянальная вывучае арганізацыю сістэм узаемадзейных відаў транспарту на вызначанай тэр. (кантынент, краіна, адм.-тэр. адзінка і інш.). Выкарыстоўвае метады прасторавага аналізу, матэм. праграмаванне, а таксама параўнальны, картаграфічны і гіст.-геаграфічны.