дадатковыя знакі ў алфавіце, для больш дакладнай перадачы гукавой сістэмы мовы. Ужываюцца над і пад літарамі, радзей — побач. Надаюць літарам новае значэнне (польск. ż, ć, ś; чэш. ž, č, š), абазначаюць варыянты гукаў (франц. è, é, ê польск. ą, ę, ó), паказваюць, што літару трэба чытаць ізалявана (франц. ï) і інш. Прасадычныя Д.з. паказваюць на працягласць ці кароткасць гука, націск і яго тыпы, тоны (напр., у в’етнамскай мове). Д.з. выкарыстоўваюцца ў большасці алфавітаў на лац., кірыліцкай, араб. і інд. графічных асновах, у некаторых сістэмах транскрыпцыі і праектах міжнар. алфавіта. У слав. графіцы з’явіліся пад уплывам стараж.-грэч. пісьма. Самыя характэрныя Д.з. старабел. пісьменства — камора ( ҄ ), паерык (ⸯ), цітла ( ҃ ). У сучасным бел. алфавіце з Д.з. ўжываюцца літары «ё», «й», «ў», адмысловае графічнае значэнне мае апостраф (’).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭКТЫ́ЎНЫ ФІЛЬМ,
твор кіна- і тэлемастацтва, прысвечаны расследаванню крымінальных і інш. злачынстваў, рабоце разведчыкаў. Тэматычна звязаны з прыгодніцкім фільмам.
Першыя авантурна-дэтэктыўныя фільмы зняты ў 1910-я г. ў Францыі (серыя фільмаў рэж. Л.Фёяда пра Фантамаса, рэж В.Жасэ пра сышчыка Ніка Картэра і інш.). Сярод Д.ф. 1930—40-х г. серыялы пра сышчыкаў, фільмы-«паліцэйскія дакументы»; 1960—70-х г. — серыя фільмаў пра супершпіёна Джэймса Бонда. Сярод лепшых Д.ф. сав. кіно: «Подзвіг разведчыка», «Справа № 306», «Мёртвы сезон», «Вяртанне «Святога Лукі», «Чорны прынц», «Пятроўка 38», тэлевізійныя «Семнаццаць імгненняў вясны», «Месца сустрэчы змяніць нельга».
У бел. кіно дэтэктыўную фабулу маюць фільмы «Дзеці партызана», «Наперадзе — круты паварот», «Блакітны карбункул», «Задача з трыма невядомымі», «Дзікае паляванне караля Стаха», тэлевізійныя «Корцік», «Бронзавая птушка», «Апошняе лета дзяцінства» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЕВА́НГЕЛЛЕ ВУЧЫ́ЦЕЛЬНАЕ»,
помнік старажытнабеларускага кнігадрукавання, першае на Беларусі друкаванае евангелле. Выдадзена І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам у 1569 у Заблудаве на царк.-слав. мове. Уключае таксама творы візант., балг. і стараж.-рус. пісьменнасці, у т. л. «Слова на ўшэсце Кірылы Тураўскага». Мае прадмову, напісаную гетманам ВКЛ Р.Хадкевічам.
Надрукавана фарматам у аркуш (407 аркушаў) з выкарыстаннем паўустаўнага шрыфту маск. выдання «Апостал». У аздобе спалучаны рысы маск. і бел. кнігадрукавання: тытульны ліст, гравюры з выявай герба Хадкевіча (мяркуюць, што выканаў Мсціславец), 3 застаўкі, 6 канцовак, 2 ініцыялы, 77 ламбардаў (дробных ініцыялаў). Застаўкі выкананы ў т.зв. старадрукарскім стылі (спалучэнне адлюстраванняў акантавага ліста, кедравых шышак, граната і інш.) белымі лініямі па чорным фоне (двойчы) і чорнымі па белым. Вядома больш за 40 экзэмпляраў. «Е.в.» неаднаразова перавыдавалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКШТА́НАВА (Ільза Канстанцінаўна) (н. 31.1.1923, г. Камышын Валгаградскай вобл., Расія),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыла Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва імя Луначарскага ў Маскве (1944). Працавала ў Таганрогскім т-ры. У 1952—90 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі. З 1991 жыве ў Ізраілі. Выканаўца лірыка-драматычных і характарных роляў. Творчасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхалогію характару, тонкі лірызм. Сярод лепшых роляў у рус.драм. т-ры Беларусі: Зорына («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Вера Малахава («Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага), Зубрыч («Трывога» А.Петрашкевіча), Кардэлія («Кароль Лір» У.Шэкспіра), каралева Лізавета («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Феніса («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Алена, Ліза, Ганна («Мяшчане», «Дзеці сонца», «Варвары» М.Горкага), Катрын («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАХУЦІ́ (Абулькасім Ахмедзадэ) (31.12.1887, г. Керманшах, Іран — 16.3.1957),
таджыкскі паэт; адзін з заснавальнікаў тадж. паэзіі. Па паходжанні перс. З 1922 y СССР. Друкаваўся з 1907. Развіваў традыцыі перс. і тадж. прытчы-алегорыі (масал), уводзіў у паэзію новыя страфічныя формы, памеры, пабудаваныя на фалькл. аснове. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Дыван Лахуці» (кн. 1—2, 1938—40), «Таджыкістанскія вершы» (1940), «Узброеныя песні» (1942), «Падарунак фронту» (1944), «Покліч жыцця» (1956). Для яго паэзіі характэрна ўмоўна-алегарычная манера пісьма, спалучэнне лірызму з грамадз. і публіцыстычным пафасам. Быў знаёмы з Я.Купалам, прысвяціў яму верш і арт. «Памяці Купалы» (1942). На бел. мову паасобныя вершы Л. пераклалі П.Броўка, К.Кірэенка, Т.Кляшторны, Ю.Лявонны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАПА́РДЗІ ((Léopardi) Джакома) (29.6. 1798, г. Рэканаці, Італія — 14.6.1837),
італьянскі пісьменнік. З маленства пакутаваў ад невылечнай хваробы, што паўплывала на рамант. настраёвасць лірыкі. Песімізм яго паэзіі сугучны матывам «сусветнага жалю» Дж.Байрана. Асн. матывы — трагізм жыцця, ілюзорнасць шчасця і славы, палкая абарона свабоды. Лепшы твор — зб.філас., паліт. і інтымнай лірыкі «Песні» (1831). У патрыят. канцонах («Да Італіі», «На помнік Дантэ», абедзве 1818), філас. ідыліях («Бясконцасць», 1819) услаўляў мінулае Італіі, самаахвярнасць у імя радзімы. Аўтар сатыр. паэмы «Параліпамены Вайны мышэй і жаб» (выд. 1842), філас.-эстэт. і філал. прац («Творы на тэмы маралі», 1827; «Думкі», 1845). Перакладаў Гамера, Сіманіда, Вергілія і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Л.Баршчэўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГО́РН,
асноўная яйцаноская парода курэй. Выведзена ў Італіі ў 19 ст. скрыжаваннем італьян. белых курэй з міноркамі, іспанскімі, байцовымі і інш. пародамі, у 1852 завезена ў ЗША, дзе палепшана. Назва ад італьян.г. Ліворна (англ. Leghorn). Разнавіднасці Л. адрозніваюцца складам цела, формаю грэбеня.
Сярэдняя маса пеўняў 2,5—2,7, курэй 1,8—2 кг. Апярэнне шчыльнае, белае. Тулава падоўжанае, спіна шырокая, хвост прыўзняты, доўгі, з моцна развітымі коскамі. Грэбень лістападобны, звіслы набок. Нясуцца з 4,5—5 мес. Яйцаноскасць да 300 і больш яец за год. Маса яйца да 62 г. Не наседжваюць На Беларусі выведзены высокапрадуктыўны 3-лінейны крос Беларусь-9. Племянная работа вядзецца на Бел. занальнай доследнай станцыі па птушкагадоўлі (г. Заслаўе, Мінскі р-н) і на племптушказаводзе «Івянецкі» (Валожынскі р-н).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТРФО́РС (франц. contrefort ад contre-force процідзейная сіла) у архітэктуры, папярочная сценка, верт. выступ ці рабро для ўмацавання нясучай канструкцыі збудавання (пераважна сцяны). Прымае на сябе ціск бакавога распору ад скляпення, ціск грунту на падпорныя сценкі і г. д. Вядомы ў еўрап. архітэктуры стылю готыкі з 12 ст. (сабор у Рэймсе, Францыя; і інш.). 3 развіццём каркасна-апорнай канструкцыі збудаванняў, пры якой асн. нагрузка ад перакрыццяў перадавалася з дапамогай сістэмы падпружных арак, нервюр, аркбутанаў на калоны і апорныя часткі сцен, узніклі ўмацаваныя К. Гэта давала магчымасць патанчаць ненагружаныя часткі сцен, павялічыць пралёты і праёмы, прастору інтэр’ераў зрабіць больш свабоднай і дынамічнай. У бел. архітэктуры былі пашыраны ў 16—18 ст. Былі ступеньчатыя, трохвугольныя, пастаяннага ці пераменнага сячэння, вонкавыя ці ўнутраныя і г. д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЧКО́ЎСКІ (Ігнат Юльянавіч) (16.3.1883, Вільня — 24.1.1951),
савецкі вучоны-ўсходазнавец. Сын Ю.Ф.Крачкоўскага. Акад.АНСССР (1921), Польскай АН, правадз.чл. Арабскай АН у Дамаску, ганаровы чл. Іранскай і інш. акадэмій. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1905). У 1908—10 у навук. экспедыцыях у Сірыі і Егіпце. З 1918 праф. Петраградскага ун-та. Упершыню ў свеце пачаў сістэм. вывучэнне новай і найноўшай араб. л-ры. Працы па гісторыі, філалогіі і культуры арабаў, у т. л. «Арабская культура ў Іспаніі» (1937), «Нарысы па гісторыі рускай арабістыкі» (1950), «Уводзіны ў эфіопскую філалогію» (1955). Вывучаў рус.-араб.літ. сувязі, распрацаваў план выдання збору араб. крыніц па гісторыі народаў Усх. Еўропы, Каўказа, Сярэдняй Азіі. Даследаваў і помнікі стараж.-бел. мовы. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖМУРО́ЎСКІ (Дзмітрый Пятровіч) (н. 10.1.1918, в. Барысавічы Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1944). Д-ргіст.н. (1973), праф. (1974). У 1938—41 вучыўся ў Магілёўскім пед. ін-це. Скончыў Маскоўскі пед.ін-т (1946). У Вял.Айч. вайну на Бранскім, Калінінскім, 2-м Укр. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, Корсунь-Шаўчэнкаўскай і Яска-Кішынёўскай аперацый. Камандзір кулямётнага разліку сяржант Ж. вызначыўся ў сак. 1944 пры фарсіраванні р. Прут, паранены, не пакінуў поля бою. З 1950 на выкладчыцкай рабоце ў ВНУ Вільнюса, Масквы, Мінска. Аўтар даследаванняў па гісторыі КПСС і КПБ.
Тв.:
Организаторская работа Коммунистической партии в деревне (1918—1920 гг.). Мн., 1970;
Республика Советов: единство фронта и тыла (1918—1920 гг.). Мн., 1980;
В борьбе за Советскую власть: Деятельность большевиков в бел. деревне, 1918—1920. Мн., 1989.