цыклічныя арган. злучэнні, атамы якіх ствараюць адзіную спалучаную (араматычную) сістэму сувязяў. Назва ад прыемнага паху першых адкрытых такіх злучэнняў.
У вузкім сэнсе да араматычных злучэнняў адносяць толькі бензольныя злучэнні: араматычныя вуглевадароды (арэны), напр. бензол, талуол, стырол, бі-, тры- і поліцыклічныя злучэнні, пабудаваныя з бензольных ядраў, напр. нафталін, антрацэн, і іх вытворныя (галагензмяшчальныя, аміны, нітразлучэнні, фенолы і інш.). Фіз. і хім. асаблівасці араматычных злучэнняў звязаны з існаваннем у іх замкнёнай электроннай абалонкі з π-электронаў. У параўнанні з ненасычанымі злучэннямі яны больш устойлівыя, удзельнічаюць пераважна ў рэакцыях замяшчэння і захоўваюць араматычную сістэму сувязяў. У шырокім сэнсе да араматычных злучэнняў адносяць таксама гетэрацыклічныя электронныя аналагі бензолу (пірыдзін, пірол, фуран, тыяфен), небензоідныя злучэнні тыпу азуленаў, баразолу, ферацэну і інш.Асн. крыніца араматычных злучэнняў — прадукты каксавання каменнага вугалю, перапрацоўкі нафты (гл.Араматызацыя). Араматычныя злучэнні — прадукты прамысл.арган. сінтэзу (палімеры, фарбавальнікі, лекавыя сродкі, выбуховыя рэчывы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́ТУ АКСІ́ДЫ, азоту вокіслы,
злучэнні азоту з кіслародам. Адрозніваюць: геміяаксід N2O (аксід дыазоту) і монааксід NO — бясколерныя газы; сесквіяаксід N2O3 (дыазоту трыаксід) — пры звычайных умовах няўстойлівае злучэнне, пры ахаладжэнні светла-блакітная маса з tпл -102 °C; дыаксід азоту NO2 — буры газ (у вадкім і цвёрдым стане існуе яго дымер тэтрааксід дыазоту N2O4); аксід азоту N2O5 (пентаксід дыазоту) — бясколерныя лятучыя крышталі, няўстойлівыя і выбухованебяспечныя. Монааксід і дыаксід азоту парамагн. злучэнні. Аксід дыазоту і монааксід азоту — нясолеўтваральныя аксіды, сесквіяаксід утварае з вадой азоцістую кіслату, аксід азоту — азотную, тэтрааксід дыазоту — іх сумесь. Выкарыстоўваюцца пераважна NO2 як акісляльнік у вадкім ракетным паліве, пры ачыстцы нафтапрадуктаў, каталітычным акісленні арган. злучэнняў і NO — паўпрадукт у вытв-сці азотнай кіслаты. Азоту аксіды фізіялагічна актыўныя рэчывы: NO2 — «вяселячы газ» — выкарыстоўваецца для анестэзіі; NO дзейнічае на цэнтр.нерв. сістэму, у вял. канцэнтрацыях адмоўна ўплывае на формулу крыві (ГДК у паветры 0,0005 мг/л); NO2 выклікае ацёкі, зніжае крывяны ціск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБЛЕ́ННЕ,
1) адзін з асн. працэсаў пры вырабе скуры і футра. У гарбарнай прамысловасці — для надання паўфабрыкату скуры з дапамогай дубільных рэчываў пластычнасці, трываласці, устойлівасці да зносу і інш.; пры вырабе футра — для замацавання стану скур пасля пікелявання. Пры Д. ўтвараюцца хім. сувязі паміж бялком (калагенам) дэрмы або валасоў і малекуламі дубільнага рэчыва. У выніку адбываюцца неабарачальныя змены якасцей дэрмы або валасоў. Д. садзейнічае павышэнню тэмпературы зварвання паўфабрыкату, памяншэнню ўсадкі аб’ёму пры высушванні, набракання ў вадзе, павелічэнню порыстасці пасля сушкі, трываласці скуры на разрыў у набраклым стане і ўстойлівасці да ўздзеяння ферментаў і розных гідралізуючых агентаў. Д. паляпшае якасць валасоў (пругкасць, змочвальнасць і інш.).
2) У фатаграфіі — хім. апрацоўка святлоадчувальных жэлацінавых слаёў фотаматэрыялаў з мэтай павелічэння іх мех. трываласці, тэрмаўстойлівасці і памяншэння ступені іх набракання ў вадзе і водных растворах. Для гэтага ў эмульсію дадаюць неарганічныя (хрома- ці алюмакаліевыя галыны, воцатнакіслы хром) і арган. (фармалін, гліаксаль і інш.) рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫАЗАЗЛУЧЭ́ННІ,
арганічныя злучэнні, якія маюць групоўку з 2 атамаў азоту (N2 — дыазагрупа), звязаную з адной арган. астачай. Вынайдзены ням. хімікам І.П.Грысам у 1857. Паводле хім. уласцівасцей адрозніваюць Д. аліфатычныя і араматычныя.
Аліфатычныя Д. — дыазаалканы (агульная ф-ла RR′CN2; дае R, R′ — алкіл ці вадарод) раскладаюцца пры награванні, дзеянні каталізатараў, кіслот; рэагуюць з вадой, галагенамі, галагенавадародамі з вылучэннем азоту. Найпрасцейшы прадстаўнік — дыазаметан. Выкарыстоўваюць як алкіліруючыя рэагенты (гл.Алкіліраванне). Атрутныя. Араматычныя Д. маюць агульную ф-лу ArN2X, дзе Ar — арыл, X — гідраксільная група ці кіслотная астача. Найб. важныя — солі дыазонію (напр., бензолдыазонійхларыд
), бясколерныя цвёрдыя рэчывы, раскладаюцца пры награванні і мех. уздзеянні. Д. ўступаюць у рэакцыі з захаваннем дыазагрупы (напр., азаспалучэнне) і з вылучэннем азоту (абменьваюць дыазагрупу на інш.). Атрымліваюць узаемадзеяннем першасных араматычных амінаў пры т-ры 0—20 °C з азоцістай к-той (дыазатаванне). Выкарыстоўваюць у вытв-сці азафарбавальнікаў, лек. сродкаў, як святлоадчувальныя матэрыялы для вырабу фотарэзістараў і ў дыазатыпіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДААЧЫ́СТКА,
комплекс тэхнал. працэсаў, які забяспечвае давядзенне якасці вады, што паступае ў водаправодную сетку з крыніцы водазабеспячэння, да ўстаноўленых вытв. паказчыкаў. Ажыццяўляюць на водаачышчальных збудаваннях, дзе выкарыстоўваюць рэагентныя і дэзінфекцыйныя ўстаноўкі, адстойнікі, градзірні і інш.
Воды паверхневых крыніц (рэк, азёр) да падачы ў водаправод асвятляюць (выдаляюць завіслыя і калоідныя часцінкі), пазбаўляюць колеру і абеззаражваюць (знішчаюць патагенныя бактэрыі і вірусы). Для асвятлення і пазбаўлення колеру праводзяць каагуляцыю, адстойванне, фільтрацыю. Для абеззаражвання вады выкарыстоўваюць вадкі хлор, хлорную вапну ці азон. Падземныя воды пры здавальняючым хім. саставе толькі абеззаражваюць хлорам ці ультрафіялетавымі прамянямі. Для змякчэння (выдалення празмернай колькасці солей кальцыю і магнію) ваду апрацоўваюць вапнаю, содай ці прапускаюць праз іанітныя фільтры (гл.Іаніты). Аэрацыяй з далейшым фільтраваннем памяншаюць колькасць солей жалеза. Газы (серавадарод, метан, радон, вуглякіслы і інш.) выдаляюць аэрацыяй, радыеактыўныя рэчывы — дэзактывацыяй. Дэзадарацыю вады ажыццяўляюць сорбцыяй рэчываў, якія абумоўліваюць прысмак і пах, актываваным вугалем ці акісленнем азонам, дыаксідам хлору, перманганатам калію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ХВІЧ (Фёдар Адамавіч) (н. 12.4.1945, в. Грабава Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне арган. і біяарган. хіміі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1994), д-рхім.н. (1987), праф. (1991). Скончыў БДУ (1967). З 1967 у Ін-це арган. хіміі АНСССР. З 1971 у Ін-це фіз.-арган. хіміі, з 1974 у Ін-це біяарган. хіміі (у 1981—89 нам. дырэктара), з 1997 гал. вучоны сакратар Нац.АН Беларусі. Навук. працы па хіміі стэроідаў, простагландзінаў і інш. нізкамалекулярных біярэгулятараў, па стварэнні хіміка-біял. сродкаў аховы раслін (біярацыянальных пестыцыдаў) на аснове фіта- і інсектагармонаў. Прапанаваў тэарэтычна і эксперыментальна абгрунтаваную метадалогію поўнага сінтэзу і мадыфікацыі прыродных біярэгулятараў рознай хім. структуры. Сінтэзаваў шэраг злучэнняў з высокай біял. актыўнасцю, у т. л. супрацьзапаленчыя, імунатропныя, цытапратэктарныя, супрацьпухлінныя рэчывы. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Тв.:
Гетеропростаноиды: синтез и биол. активность (разам з Ф.С.Пашкоўскім, А.В.Каралёвай) // Успехи химии. 1992. Т. 61, № 2;
Брассиностероиды. Мн., 1993 (разам з У.А.Хрыпачом, У.М.Жабінскім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛІЗА́ТАРЫ,
рэчывы, якія паскараюць хім. рэакцыі ці выклікаюць іх, але не ўваходзяць у састаў прадуктаў рэакцыі. Адрозніваюць К. гамагеннага і гетэрагеннага каталізу. Тыповыя К. для гамагеннага каталізу — пратонныя і апратонныя к-ты, асновы, некат. комплексы металаў, для гетэрагеннага — металы, аксіды металаў, сульфіды і інш.Біял. К. наз.ферментамі.
У прам-сці выкарыстоўваюць К., якія маюць высокую каталітычную актыўнасць і селектыўнасць, тэрмаўстойлівасць, мех. трываласць, лёгка рэгенерыруюцца, устойлівыя да ўздзеяння каталітычных ядаў — рэчываў, што часткова ці цалкам падаўляюць каталітычную актыўнасць, а таксама маюць працяглы тэрмін выкарыстання. Асн. ўласцівасці К. фарміруюцца ў працэсе іх сінтэзу, вызначаюцца хім. саставам ці ўплывам прамотараў — рэчываў, дабаўленне якіх у К. павялічвае яго актыўнасць, селектыўнасць і ўстойлівасць. Атрымліваюць К. асаджэннем з водных раствораў солей з наступным награваннем утвораных злучэнняў, тэрмічным раскладаннем цвёрдых солей, нанясеннем актыўнага кампанента на носьбіт, механахім. і інш. метадамі.
Літ.:
Мастерс К. Гомогенный катализ переходными металлами: Пер. с англ.М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРБАНІ́ЛЫ МЕТА́ЛАЎ,
хімічныя злучэнні металаў з аксідам вугляроду CO. Найб. даследаваны карбанілы пераходных металаў VI—VIII груп перыяд. сістэмы элементаў.
Адрозніваюць аднаядзерныя з 1 атамам мешу [напр., Ni(CO)4 тэтракарбаніл нікелю] і шмат’ядзерныя з некалькімі атамамі металу ў малекуле (напр., Co2(CO)8 октакарбанілдыкобальт, Fe3(CO)12 додэкарбанілтрыжалеза]. Большасць К.м. — крышт.рэчывы лёгкалятучыя і лёгкаплаўкія [напр. Co2(CO)8. крышталі аранжавага колеру, tпл 51 °C]; Ni(CO)4 і пентакарбанілы жалеза, рутэнію і осмію — вадкасці [напр., Fe(CO)5 — жоўтая вадкасць, tкіп 103 °C, шчыльн. 1460 кг/м³]. Раствараюцца ў арган. растваральніках. Пры награванні раскладаюцца на CO і метал. Атрымліваюць узаемадзеяннем CO з металамі (жалеза, нікель, кобальт) ці з іх злучэннямі ў прысутнасці аднаўляльнікаў (напр., вадароду, магнію, рэактываў Грыньяра). Выкарыстоўваюць для атрымання звышчыстых металаў, металаарган. злучэнняў; як каталізатары шматлікіх хім. працэсаў (гідрыравання, полімерызацыі, ізамерызацыі і інш.). Высокатаксічныя; асабліва атрутныя Ni(CO)4 і Fe(CO)5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРБІ́ДЫ (ад карба... + грэч. eidos від, выгляд),
злучэнні вугляроду з металамі, а таксама крэмніем і борам.
Паводле тыпу хім. сувязі падзяляюць на іонныя (К. шчолачных і шчолачназямельных металаў, рэдказямельных элементаў, актыноідаў і алюмінію), кавалентныя (К. бору і крэмнію карбід) і металападобныя (К. пераходных металаў IV—VII груп перыяд. сістэмы элементаў, а таксама жалеза, кобальту, нікелю). Пры пакаёвай т-ры крохкія цвёрдыя рэчывы. Іонныя К. раскладаюцца вадой з вылучэннем метану, ацэтылену ці сумесі вуглевадародаў (гл.Кальцыю карбід). Кавалентныя і металападобныя К. тугаплаўкія, гарачаўстойлівыя, хімічна інертныя, маюць высокую цвёрдасць, найб. — у К. бору (гл.Бору злучэнні), крэмнію і берылію. Атрымліваюць узаемадзеяннем элементаў ці аксідаў металаў з вугляродам у вакууме або інертным асяроддзі пры высокіх т-рах; металатэрмічным спосабам — аднаўленнем аксідаў металаў магніем, кальцыем ці алюмініем у прысутнасці вугляроду. Выкарыстоўваюць для атрымання цвёрдых сплаваў (К. вальфраму WC, тытану TiC, танталу TaC і інш.), гарачаўстойлівых і гарачатрывалых кампазіцыйных матэрыялаў, як аднаўляльнікі і каталізатары ў хім. працэсах. Гл. таксама Жалезавугляродзістыя сплавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТО́ЎНІЦА (Larix),
род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халоднай і ўмеранай зонах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі інтрадукавана 13 відаў. Найб. вядомыя Л.: еўрапейская (L. decidua), сібірская (L. sibirica), японская (L. leptolepis).
Лістападныя аднадомныя дрэвы выш. 30—50 м, дыям. да 1 м. Крона конусападобная. Жывуць да 500 гадоў. Каранёвая сістэма стрыжнёвая, моцна разгалінаваная, глыбокая. Ігліца мяккая, вузкалінейная, даўж. 2—5 см, на падоўжаных парастках размешчана спіральна, на кароткіх — пучкамі па 20—50 штук, на зіму ападае. Мужчынскія і жаночыя каласкі знаходзяцца на кароткіх парастках. Цвітуць адначасова з распусканнем пупышак. Шышкі даўж. 1—5 см, яйцападобныя. Насенне крылатае. Драўніна трывалая да гніення, выкарыстоўваецца ў падводных збудаваннях (масты, плаціны, прычалы), судна- і машынабудаўніцтве, з яе атрымліваюць жывіцу, дубільныя рэчывы, воцатную к-ту, цэлюлозу і інш.Тэхн. і дэкар. расліны.
А.Д.Антанюк.
Лістоўніца сібірская: 1 — агульны выгляд (восеньская афарбоўка); 2 — галінка з жаночай і мужчынскай шышкамі; 3 — галінка з мужчынскімі шышкамі; 4 — спелая шышка.