ІМА́ГА (ад лац. imago вобраз),
дарослая стадыя індывід. развіцця насякомых і некаторых іншых членістаногіх. У гэтай стадыі членістаногія размнажаюцца, іншы раз рассяляюцца, не ліняюць і не растуць. Працягласць стадыі І. ад некалькіх гадзін да некалькіх гадоў. Напр., у аўсяніка І. цягнецца гадзіны, у матылькоў-мяшочніц — мінуты; у жукоў (даўганосікі, чарнацелкі) 2—3 гады.
т. 7, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРАНЕГАЛО́ВЫЯ (Rhizocephala),
падатрад вусаногіх ракападобных. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў акіянах, акрамя халодных вод, ёсць прэснаводныя віды. Будова спрошчаная (адсутнічаюць кішэчнік, органы пачуццяў і выдзялення). Паразіты крабаў, крэветак, ракаў-пустэльнікаў. Аб прыналежнасці К. да ракападобных сведчыць наяўнасць у цыкле развіцця лічынкавых стадый — наўпліуса і цыпрысападобнай лічынкі (як у ракушкавых ракападобных роду Cyprus).
т. 8, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТЫВА́ЦЫЯ (ад позналац. cultivo апрацоўваю),
рыхленне (без пераварочвання) апрацаванай глебы з падразаннем пустазелля. У выніку К. паляпшаецца паветраны і водны рэжым глебы, узмацняецца дзейнасць глебавых мікраарганізмаў, забяспечваюцца лепшыя ўмовы для прарастання насення культ. раслін, іх росту і развіцця. Праводзіцца прычапнымі і навяснымі культыватарамі з рабочымі органамі розных тыпаў. Бывае суцэльнай і міжрадковай.
Л.В.Круглоў.
т. 9, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЧНА́Я СЕ́ТКА,
сукупнасць усіх рэк, што знаходзяцца ў межах якой-н. тэрыторыі; частка гідраграфічнай сеткі. Характар і структура Р.с. вызначаюцца складаным узаемадзеяннем фіз.-геагр. умоў, ад якіх залежыць велічыня і інтэнсіўнасць паступлення вады, супраціўленне глеб і грунтоў размыву. Ступень развіцця Р.с. характарызуецца каэфіцыентам яе гушчыні (суадносіны сумы даўжынь усіх рэк басейна да яго плошчы).
т. 13, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕГЕТА́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ (ад лац. segetalis які расце сярод збажыны),
расліны ў пасевах с.-г. культур, жыццёвы цыкл якіх прыстасаваны да пэўных культур і звязаны з іх цыклам развіцця. Напр., рыжак ільняны і жыцік ільняны сустракаюцца толькі ў пасевах лёну, а брыца рысавая — у пасевах рысу. Зрэдку тэрмін «С.р.» ўжываюць як сінонім пустазелля.
т. 14, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЛАНХНАПТО́З (ад грэч. splanchna вантробы + ptosis падзенне),
зрушэнне ўнутраных органаў у ніз у параўнанні з іх нармальным месцазнаходжаннем. Абумоўлены анамаліямі развіцця органаў, аслабленнем тканак і інш. Адрозніваюць С. канстытуцыянальны (залежыць ад канстытуцыі чалавека) і набыты (напр., пасля паўторнай цяжарнасці і родаў). Часцей бывае С. органаў брушной поласці, таксама лёгкіх, сэрца і інш.
т. 15, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАФРАГЕНЕ́З (ад грэч. taphros роў, яма + ...генез),
працэс утварэння буйных грабенаў ва ўмовах расцяжэння зямной кары. Адбываецца на заключнай стадыі развіцця складкавых горных збудаванняў (тафрагенная стадыя). Тэрмін прапанаваны ням. геолагам Э.Крэнкелем у 1924. Абазначае таксама працэс утварэння глыбокіх упадзін з патончанай кансалідаванай зямной карой і магутным асадкавым чахлом. Гл. таксама Рыфт.
т. 15, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫПАГЕНЕ́З (ад тып + ...генез) у біялогіі, узнікненне ў працэсе эвалюцыі новых сістэм. груп высокага рангу. Тэрмін прапанаваў ням. геолаг і палеантолаг О.Шындэвольф (1936). Паводле яго меркавання, новыя групы высокага рангу павінны былі ўзнікаць раптоўна, скачком, а не ў працэсе паступовага развіцця. Памылковая гіпотэза Т. засн. на перабольшанні значэння непаўнаты палеанталагічнага летапісу.
т. 16, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́МПЫ ЭКАНАМІ́ЧНАГА РО́СТУ,
адносіны велічыні эканам. паказчыка за дадзены перыяд да велічыні яго папярэдняга аналагічнага перыяду, узятага за базу параўнання. Вымяраюцца ў працэнтах або ў адносных велічынях (каэф. росту). Абагульненую характарыстыку інтэнсіўнасці эканам. развіцця за некалькі гадоў даюць сярэднегадавыя Т.э.р., якія разлічваюцца як сярэдняя геаметрычная з гадавых тэмпаў. Паказчыкі Т.э.р. выкарыстоўваюць пры эканам. аналізе.
т. 16, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХРАМАПЛА́СТЫ (ад храма... + грэч. plastos вылеплены, аформлены),
арганоіды (пластыды) расл. клеткі. Бываюць жоўтага, аранжавага і чырв. колеру, што абумоўлена наяўнасцю пігментаў — караціноідаў. Знаходзяцца ў клетках пладоў, пялёсткаў, у асеннім лісці, радзей у каранях (морква). Ад цытаплазмы адасоблены падвоенай мембранай, унутр. мембранная сістэма пераважна адсутнічае. На канчатковым этапе развіцця пластыд хларапласты і лейкапласты ператвараюцца ў Х.
т. 17, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)