РАЖДЗЕ́СТВЕНСКІ Дзмітрый Сяргеевіч (7.4.1876, С.-Пецярбург — 25.6.1940),

расійскі фізік, стваральнік навуковай школы фізікаў-оптыкаў і адзін з арганізатараў сав. аптычнай прам-сці. Акад. АН СССР (1929, чл.-кар. 1925). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1900) і з 1903 працаваў у ім (з 1916 праф.). З 1918 арганізатар і дырэктар, у 1932—38 заг. аддзела Дзярж. аптычнага ін-та. Навук. працы па фіз. і інструментальнай оптыцы, атамнай фізіцы і спектраскапіі. Распрацаваў метад даследавання анамальнай дысперсіі святла («метад крукоў» Р.), выкарыстанне якога спрыяла ўстанаўленню важных заканамернасцей у атамных спектрах. Даказаў вызначальную ролю інтэрферэнцыі святла пры ўтварэнні відарысаў у мікраскопе. Выказаў ідэю выкарыстання інтэрферэнцыі ў даследаваннях фіз. з’яў.

Тв.:

Избр. труды. М.; Л., 1964.

Літ.:

Основатели советской физики. М., 1970;

Гуло Д.Д., Осиновский А.Н. Д.​С.​Рождественский. М., 1980.

А.​Л.​Болсун.

Дз.С.Раждзественскі.

т. 13, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКО́ЎСКІ Уладзімір Яўгенавіч (5.12.1900, Масква — 10.12.1987),

расійскі і бел. вучоны ў галіне хіміі цвёрдага паліва. Чл.-кар. АН Беларусі (1940), д-р хім. н. (1948), праф. (1951). Скончыў Маскоўскі ун-т (1925). З 1923 у розных н.-д. установах. У 1943—46 і 1960—63 дырэктар Ін-та торфу АН Беларусі, у 1964—69 у Калінінскім політэхн. ін-це (заг. кафедры), з 1970 у Маскоўскім філіяле Усесаюзнага НДІ тарфяной прам-сці (заг. лабараторыі). Навук. працы па хіміі і хім. тэхналогіі перапрацоўкі торфу, пытаннях паходжання цвёрдага паліва і нафты, тэорыі тэрмічнай дэструкцыі прыродных палімераў. Аўтар хім. тэорыі спякання вугалёў.

Тв.:

Химия пирогенных процессов. Мн., 1959 (разам з Ф.​Л.​Кагановіч, Я.​А.​Навічковай);

Химия и генезис торфа. М., 1978 (разам з Л.​У.​Пігулеўскай).

У.Я.Ракоўскі.

т. 13, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАШЭ́ТНІКАЎ Уладзімір Мікалаевіч (н. 6.1.1938, в. Халопенічы Глускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі і біяхіміі раслін. Акад. Нац. АН Беларусі (2000, чл.-кар. 1991). Д-р біял. н. (1987), праф. (1992). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.​А.​Ціміразева (1959). З 1966 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (з 1977 вуч. сакратар, з 1978 нам. дырэктара), з 1997 у Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі (дырэктар і заг. лабараторыі). Навук. працы па пабудове, біягенезе і функцыян. актыўнасці клетачных ядраў і пластыд расліннай клеткі, надмалекулярных нуклеапратэідных комплексах, бялках і ліпідных рэчывах пры экспрэсіі і рэканструкцыі геному раслін, прыкладных пытаннях перапрацоўкі лек. і пахучых раслін.

Тв.:

Пластиды и клеточные ядра высших растений: (Биохим. аспекты). Мн., 1982;

Клеточные ядра высших растений: состав, структура, функции. Мн., 1992.

У.М.Рашэтнікаў.

т. 13, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́МАН Алег Уладзіслававіч (н. 21.9.1925, г. Уладзівасток, Расія),

бел. вучоны ў галіне парашковай металургіі. Акад. Нац. АН Беларусі (1991, чл.-кар. 1989), д-р тэхн. н., праф. (1972). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1976). Скончыў БПІ (1948). З 1951 у БПІ, з 1972 дырэктар НДІ парашковай металургіі БПІ. У 1980—93 ген. дырэктар Бел. рэсп. навук.-вытв. аб’яднання парашковай металургіі. З 1993 саветнік Бел. дзярж. навук.-вытв. канцэрна парашковай металургіі. Навук. працы па тэорыі і практыцы прасавання і фармавання метал. парашкоў, спосабах атрымання металакерамічных вырабаў. Устанавіў з’явы, што вызначаюць заканамернасці цячэння парашковага матэрыялу пры яго фармаванні і дэфармаванні. Дзярж. прэмія Беларусі 1980. Міжнар. прэмія імя Дж.​Нэру 1992.

Тв.:

Прогрессивные способы изготовления металлокерамических изделий. Мн., 1971 (у сааўт.);

Актуальные проблемы порошковой металлургии. М., 1990 (у сааўт.).

А.У.Роман.

т. 13, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБАНЕ́НКА Барыс Рафаілавіч (29.8.1910, г. Самара, Расія — 6.5.1985),

расійскі архітэктар. Нар. архітэктар СССР (1980). Акад. Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1956) і АМ СССР (1979). Чл.-кар. Акадэміі буд-ва ГДР (1975). Д-р архітэктуры (1967). Праф. (1970). Вучыўся ў ін-тах грамадз. інжынераў (1927—31) і жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1932—34). З 1963 дырэктар Цэнтр. НДІ эксперым. праектавання жылля (Масква). Сярод работ: жылыя дамы ў С.-Пецярбургу (1932—47), Дом урада ў г. Алматы (Казахстан; 1958), забудова гарадоў Тальяці (1967), Набярэжныя Чаўны (1970, усе ў сааўт.) і інш. Работы на Беларусі: ансамбль Прывакзальнай пл. ў Мінску (1948—56), «Эскіз планіроўкі Мінска» (1944, у сааўт.). Аўтар даследавання па праблемах масавага жыллёвага буд-ва ў СССР. Дзярж. прэмія СССР 1973.

Б.​М.​Мяржанаў.

т. 13, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙНДОРФ (Reindorff) Гюнтэр-Фрыдрых (26.1.1889, С.-Пецярбург — 14.3.1974),

расійскі і эстонскі графік. Нар. маст. СССР (1969). Чл.-кар. АМ СССР (1958). Вучыўся ў Пецярбургу ў вучылішчы Штыгліца (1905—13). З 1915 працаваў у Маскве і Петраградзе. З 1920 у Эстоніі, выкладаў у Талінскім маст.-прамысл. вучылішчы (1920—41) і Маст. ін-це Эстоніі (1950—58, з 1951 праф.). У панарамных творах, для якіх характэрна каліграфічна-дасканалая прарысоўка дэталей, імкнуўся стварыць абагульнены вобраз эст. прыроды: «Будоўля судна на востраве Цютарсаар» (1926), «Яловы пень» (1938), «Вечар на востраве Вормсі» (1943), «Даліна ракі Сан» (1946), «Вечар над возерам» (1955—56), «Набліжаецца навальніца» (1959), «Фінляндыя Сібеліуса» (1962). Аўтар ілюстрацый да кніг І.​Семпера, А.​Пушкіна. Дзярж. прэмія Эстоніі 1949.

Літ.:

Бернштейн Б. Г.​Рейндорф: Графика: Альбом. М., 1981.

т. 13, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКС Уладзімір Мікалаевіч (22.4.1911, С.-Пецярбург — 17.12.1979),

расійскі і бел. геолаг, геамарфолаг і палеантолаг. Чл.-кар. АН СССР (1958). Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1933). У 1932—35 у Бел. геолагаразведачным трэсце (з 1933 Маскоўскі геолагаразведачны трэст), з 1935 у н.-д. установах па вывучэнні геалогіі Арктыкі, з 1958 у Сіб. аддзяленні АН СССР. Навук. працы па стратыграфіі чацвярцічных адкладаў Беларусі, палеагеаграфіі, стратыграфіі і тэктоніцы мезазойскіх адкладаў Арктыкі і Паўн. Сібіры. Распрацаваў падрабязную схему стратыграфічнага падзелу чацвярцічных адкладаў Беларусі і Арктыкі. Дзярж. прэмія СССР 1978.

Тв.:

К вопросу о стратиграфии ледниковых отложений Белоруссии // Тр. комиссии по изучению четвертичного периода. 1934. Т. 4, вып. 1;

Четвертичный период в Советской Арктике. 2 изд., Л.;

М., 1953;

Стратиграфия юрской и меловой систем Севера СССР. М.; Л., 1963 (у сааўт.).

т. 14, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМСО́НАЎ Уладзімір Паўлавіч (н. 10.5.1928, в. Ерахтур Касімаўскага р-на Разанскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне аграбіялогіі. Акад. Акадэміі агр. навук Беларусі (1992). Чл.-кар. Рас. акадэміі с.-г. навук (1991), д-р с.-г. н., праф. (1988). Засл. работнік сельскай гаспадаркі Беларусі (1978). Скончыў БСГА (1952). З 1965 нам. міністра сельскай гаспадаркі Беларусі. У 1974—2000 дырэктар Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па пытаннях экалогіі ў земляробстве, зніжэнні энергазатрат у с.-г. вытв-сці, тэхналогіі адаптацыйнай інтэнсіфікацыі земляробства і раслінаводства, насенняводства збожжавых культур і стварэння прамысл. насенняводства дасканалага індустрыяльна-біял. профілю. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Экалагічныя праблемы земляробства // Весці АН БССР. Сер. с.-г. навук. 1991. № 4;

Зерно Белоруссии // Земледелие. 1991. № 4;

Агроэкологические аспекты борьбы с сорной растительностью в адаптивном земледелии // Ахова раслін. 1999. № 5.

У.П.Самсонаў.

т. 14, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУ́ЛМЕ (Skulme) Ота (8.8.1889, г. Екабпілс, Латвія —22.3.1967),

латвійскі жывапісец. Нар. маст. Латвіі (1959). Чл.-кар. АМ СССР (1954). Вучыўся ў студыях Я.​Розентала ў Рызе (1906—07), Р.​Жукоўскага і К.​Юона ў Маскве (1907—08), вучылішчы Штыгліца ў С.​Пецярбургу (1909—14). У 1926—47 гал. мастак латв. Маст. т-ра імя Я.​Райніса ў Рызе, у 1944—61 рэктар Латв. АМ Пісаў у сакавітай жывапіснай манеры нацюрморты, пейзажы, жанравыя карціны («Вандроўны музыкант», 1928), творы гісторыка-рэв. тэматыкі («Паўстанне каугурцаў», 1945). Аформіў больш за 250 спектакляў у т-ры імя Райніса, у т. л. «Агонь і ноч» Райніса (1947; Дзярж. прэмія СССР 1947).

Літ.:

Лацис Р. Отто Скулме. М., 1959;

Станковая и театральная живопись О Скулме с 1920 по 1963 г.: [Каталог]. Рига, 1964.

т. 14, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВІ́НСКІ Пётр (10.7.1795, в. Кена Віленскага пав. — 30.6.1881),

расійскі астраном і педагог. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1826). Д-р філасофіі (1817), праф. (1826). Скончыў Віленскі ун-т (1815), дзе і працаваў у 1818—19 і 1823—32. У 1820—22 удасканальваў адукацыю ў Парыжы. У 1825—43 дырэктар Віленскай астранамічнай абсерваторыі. Навук. працы па назіральнай астраноміі, вывучэнні руху астэроідаў, планет і Месяца. Удзельнічаў у правядзенні астранома-геадэзічных вымярэнняў у Літве, Беларусі і Курляндыі. Аўтар падручніка «Асновы тэарэтычнай і практычнай астраноміі» (1826).

Літ.:

Библиография русской астрономической литературы 1800—1900 гг. М., 1968 (Тр. Гос. астроном. ин-та. Т. 37);

Матулайтите С.П. Астрономия в Вильнюсском университете во II половине XVIII в. — в начале XIX в. // Тр. АН Литовской ССР. Сер. А. 1969. Т. 1.

А.​І.​Болсун.

П.Славінскі.

т. 14, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)