сукупнасць нормаў права, якія рэгулявалі функцыянаванне бортніцтва на Беларусі з глыбокай старажытнасці да канца 18 ст. Спачатку бортнае права было вуснае, усе віды яго парушэння разглядаліся копным судом. Асн. яго нормы без істотнай юрыд. трансфармацыі ўвайшлі поруч з афіц. прававымі актамі, што рэгулявалі бортніцтва, у Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Пры вызначэнні меры пакарання прадугледжваўся дыферэнцыраваны падыход: ненаўмыснае пашкоджанне бортнае дрэва каралася штрафам у 2 капы (120) грошай, наўмыснае — у 5-разовым памеры; злоўленых на месцы злачынства за крадзяжом мёду маглі прысудзіць і да смяротнай кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ РЭФАРМАЦЫ́ЙНЫХ СІНО́ДАЎ У ПО́ЛЬШЧЫ,
«Akta synodów różnoeierczych w Polsce», шматтомнае выданне крыніц па гісторыі Рэфармацыі ў Польшчы і ВКЛ. Выдаюцца з 1966 у Варшаве. Ахопліваюць перыяд з 1550 да канца 17 ст. Выкарыстаны ўсе кодэксы пратаколаў рэфармацыйных сінодаў, упамінанні пра сіноды ў старадруках, асобныя акты, карэспандэнцыі, рэляцыі на польск., лац., чэшскай мовах. Асвятляецца арганізац., царкоўнарэліг., ідэалаг. дзейнасць рэфармацыйных абшчын («Чэшскіх братоў», кальвіністаў, арыян), узаемаадносіны розных рэфармацыйных плыняў, палітыка вярх. улады ў адносінах да Рэфармацыі, удзел бел.-літ. дзеячаў у грамадска-паліт. жыцці Польшчы і ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕНЯВО́СТРАЎСКІ МО́ГІЛЬНІК,
могільнік канцамезаліту (канец 6 — пач. 5-га тыс. да н.э.) на в-ве Аленевым Анежскага возера (Карэлія). У 1936—38 даследавана 174 пахаванні, у якіх нябожчыкі пахаваны на спіне (118), на баку (11), скурчанымі (5) і вертыкальна (5). Знойдзена больш за 7 тыс. прадметаў, пераважна з косці і рогу: падвескі і пласцінкі (нашываліся на галаўны ўбор, шырокія паясы, адзенне і абутак), гарпуны, наканечнікі стрэл, кінжалы з крамянёвымі ўкладышамі, па-мастацку выразаныя фігуркі людзей, змей, галовы ласёў і інш.
Галава лася на рагавым стрыжні з Аленявостраўскага могільніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТЧЫНА,
1) грамадская трапеза членаў правасл.брацтваў, якія існавалі на Беларусі ў 16—18 ст. Наладжвалася ў складчыну членамі брацтва (братчыкамі) у асобныя святочныя дні.
2) Калектыўнае частаванне ў складчыну ў час святкавання сялянамі грамадскай свечкі, якую рабілі з воску, сабранага ўсімі абшчыннікамі. Свечку ставілі ў кадушку з жытам, спявалі песні з пажаданнем добрага ўраджаю, дастатку ў гаспадарцы. Хрысціянства прымеркавала братчыну да дня зімовага Міколы (6 снежня ст.ст.), які нібыта садзейнічаў добраму ўраджаю. Звычай братчыны ў бел. вёсцы бытаваў да канца 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАХМА́ГІРЫ,
шматслойнае гарадзішча і могільнік у штаце Карнатака на Пд Індыі. Раскопкі далі магчымасць прасачыць змену археал. культур і іх развіццё ў Паўд. Індыі ад эпохі неаліту (каля 2200—1000 да н.э.) да канца 1—2 ст.н.э. У ніжнім пласце знойдзены неалітычныя паліраваныя сякеры, мікраліты, ляпная кераміка, медныя і бронзавыя рэчы; у больш познім — чорна-чырвоная кераміка і т.зв. мегалітычныя пахаванні. Вывучана больш за 300 пахаванняў, шмат з іх абнесены змацаванымі паміж сабой каменнымі плітамі і звычайна абкружаны каменнай муроўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ ЦА́РСКІЯ ВАРО́ТЫ,
помнік манум.-дэкар. мастацтва канца 17 ст. Створаны для Георгіеўскай (Юр’еўскай) царквы Віцебска. Драўляныя прамавугольнай формы вароты, упрыгожаныя разьбой і паліхромнай размалёўкай, уключаюць 6 утвораных расліннымі парасткамі клеймаў — рэльефных выяў святых на зялёным фоне. У двух верхніх клеймах традыц. кампазіцыя «Благавешчанне» заменена выявамі Сімяона Столпніка і Міколы Цудатворца, у ніжніх змешчаны 4 выявы евангелістаў з разгорнутымі Евангеллямі на каленях. Позы святых свабодныя, трактоўка адзення выяўляе формы фігур.
Захоўваюцца ў Нац.маст. музеі Беларусі.
Літ.:
Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ЧЭГДА,
рака на Пн еўрапейскай ч. Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Комі і Архангельскай вобл., правы прыток Паўночнай Дзвіны. Даўж. 1130 км, пл.бас. 121 тыс.км². Пачынаецца на схілах Ціманскага кража. У вярхоўях даліна вузкая, ёсць парогі, ніжэй — шырокая; у пойме шмат праток і старыц. Гал. прытокі: Вым (справа), Сысала (злева).
Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з пачатку ліст. да канца красавіка. Сярэдні гадавы расход вады 1160 м³/с. Суднаходная да прыстані Вольдзіна (938 км). Сплаўная. На Вычэгдзе — г. Сыктыўкар, Сольвычагодск, Котлас (у вусці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСТАЕ́ЎСКІЯ,
шляхецкі род уласнага герба («Радван» зменены) у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Вядомы з канца 15 ст., жылі на Піншчыне, у 17 ст. перасяліліся на Валынь і ў Навагрудскае ваяв. Родапачынальнік — Даніла Іванавіч Ірцішчавіч, які ў 1506 атрымаў ад пінскага кн. Ф.І.Яраславіча некалькі двароў, у т. л. Дастоева (адсюль прозвішча роду). Найб. вядомыя: Пётр, маршалак пінскі (1598—99); Яраш, падстароста оўруцкі (1604); Пётр, суддзя гродскі пінскі (1627—32); Бенядзікт, падчашы пінскі (1635); Андрэй, харужы валынскі (1649). Верагодна, з гэтага роду паходзіць рус. пісьменнік Ф.М.Дастаеўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКТА́ (араб., літар. надзел),
у сярэднія вякі ўмоўнае падараванне зямельнага надзелу феадалу за ваен. ці грамадз. службу ў краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу (накшталт бенефіцыя ў Еўропе). У араб. крыніцах вядомы з канца 7 ст., найб. пашыраны ў 8—10 ст. пры Абасідах. З 9 ст. І. наз. таксама падараванне халіфам вобласці ў намесніцтва эміру, з правам збору на сваю карысць усіх ці часткі падаткаў. У імперыі Вялікіх Маголаўназ.джагір, у Асманскай імперыі — зеамет, цімар. Рост зямель І. і змяншэнне фонду дзярж. зямель — адна з прычын феад. раздробленасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМДЗІ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1592—98,
вызваленчая вайна народа Карэі супраць акупацыі краіны японцамі. Назва ад наймення 1592 года («Імдзін») у кіт.-кар. календары. У маі 1592 яп. войскі высадзіліся ў порце Пусан, захапілі сталіцу Сеул і прасунуліся далёка на Пн. Супраць акупантаў пачалася нар. вайна. Вырашальную ролю ў адпоры ворагу адыграў кар. флот пад кіраўніцтвам Лі Сунсіна, які ў 4 бітвах разграміў яп. флот. З восені 1592 партызаны і войскі Карэі пачалі наступаць і ў маі 1593 вызвалілі Сеул. Да канца 1598 яп. войскі пакінулі Карэю.